РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аднакласнікі.Gov
1
І
        
        Перад ёй на краі стала ляжала вялікая кніга. Маладая жанчына выразна чытала ўголас, прыемны тэмбр зачароўваў, прапануючы адзінаму слухачу загадкавыя тэксты:
        “... Ягуар поўні, ягуар цемры і ягуар усмешкі пры­йшлі па маю душу ў час, калі сава апусціла крылы і, ашчэрыўшы іклы, выпусціўшы кіпцюры, кінуліся на вобраз божы – а я быў тады вобразам божым, – але поўнач скруцілася ля маіх ног, а лісце, па якім прапаўзлі дарогі, выгнулася рознакаляровымі змеямі, пахаладзіўшы маю скуру сваёй луской...”
        Прамень праектара акрэсліваў на белай сцяне кры­ху выцягнуты ў адзін бок чатырохкутнік, у межах якога змянялі адно аднаго вялізныя піраміды, напаўразбураныя храмы, рэшткі неверагодных горных дарог, планы шматузроўневых гарадоў з вышыні палёту птушкі, статычныя здымкі залатых і срэбраных упрыгожанняў, узоры старажытных пісьмёнаў, няпростыя шыфры старадаўніх календароў...
        Амаль усю прастору кабінета, падобнага на невялікую актавую залу, займаў аграмадны авальны стол. З правага боку ад экрану пільна ўглядаўся ў змены каляровых выяваў чалавек, па-дзелавому апрануты ў чорны касцюм ды белую кашулю. Толькі гальштук выглядаў крыху незвычайна – ён быў расфарбаваны складанымі ўзорамі, якія нагадвалі тыя ж індзейскія роспісы на экране. З другога боку элегантна прысела на крэсла перад экранам стыльна апранутая жанчына, вельмі падобная на знакамітую тэлевядучую галоўнага каналу краіны.
        “...Чорныя цёрліся аб мае валасы, пакуль не заснулі як жанчына каля мужчыны. Белыя ўвянчалі мой лоб. Зялёныя ахуталі ногі пер’ем вешчай птушкі. Чырвоныя прыкрылі тое, што свяшчэнней за ўсё.
        Цяпер ты правадыр! Цяпер ты правадыр!..”
        У твары мужчыны нешта змянілася. Ён па-ранейшаму глядзеў на экран, але моцна сціснуў зубы, цяжка дыхаў праз нос.
        “...Кольцы змеяў сціскалі мяне, я быў адзін, растрывожаны, няспрытны, і вось, у прыступе моцных пачуццяў, я адчуў, што пускаю карані. Было так цёмна, што рэкі біліся аб камяні гор, а за гарамі бог, падобны на звар’яцелага зубадзёра, вырываў дрэвы рукой ветру...”
        – Хопіць!!! – раптам крыкнуў мужчына.
        Ад нечаканасці жанчына ўсхапілася са свайго месца.
        – Усё! Можаш ісці! – прагучаў рэзкі загад.
        Жанчына хутка пакінула кабінет. На экране працягвалі змяняцца слайды. Чалавек, які застаўся адзін у памяшканні, абхапіў галаву рукамі і ўголас прамовіў: “Як гэта ўсё знаёма! Ягуары, змеі, дарогі, божы вобраз!.. Кожны дзень, кожную гадзіну адно і тое... Мазгі закіпаюць...”
        Ён падышоў да стала, туды, дзе ляжала кніга. Перагарнуў некалькі старонак. “І вось, я ўспамінаю”. Мігель Анхель Астурыас. Тысяча дзевяцьсот семдзесят другі год... Пачакай, гэта ж год, калі мы скончылі школу... Ці ведаў той Мігель, што праз трыццаць пяць гадоў я праз яго буду знаёміцца з вельмі дзіўнымі рэчамі... І хто ўвогуле ведаў, чым давядзецца ў будучым нам займацца! Нам! У нашых дзяржавах, што займаюць цэнтральнае месца на кантынентах, якія аддзяляе толькі акіян. Усяго толькі акіян... Хто б мог падумаць, што мы будзем вывучаць фальклор рэгіёну, дзе мае вялікі ўплыў наш добры сябра. Разбірацца ў тонкасцях культуры народу, якім кіруе сам Сонечны Ягуар. У нюансах гісторыі і культуры яго суседзяў па кантыненце... Дарэчы, ці ёсць у іх звычай сустракацца з аднакласнікамі ў першую суботу лютага? Цікава, цікава! Трэба спытацца ў Сонечнага!.. А што тычыцца нашых, ведаю, што сустракаюцца, але ж ні разу не запрасілі... Надыходзіць час вырашыць гэта пытанне. Як раз набліжаецца дата, відаць з’явіцца неабходнасць навесці пэўныя даведкі...”
        
        
ІІ
        
        Старыя сябры сустрэліся за шлагбаумам вялікага будынку аўтамайстэрні і хутка пакрочылі да службовай аўтастаянкі. Бычок адчыніў дзверцу свайго старэнькага “Форда”. Яго таварыш уладкаваўся на пасажырскім сядзенні.
        – За тваёй будзем заязджаць? – спытаўся ён у кіроўцы.
        – Не. Баіцца, што я магу перабраць спіртнога. Сказала, што сама прыйдзе.
        У хуткім часе яны заехалі ў невялічкі ўтульны дворык перад двухпавярховым будынкам з чырвонай цэглы. Запаркаваліся побач з новенькай BMW і накіраваліся да галоўнага ўваходу.
        – Родная школа... Знешне амаль што нічога не змянілася за столькі гадоў, – сказаў Бычок.
        – Гэта толькі знешне, – не пагадзіўся сябра.
        Мужчыны зайшлі ў файе, павіталіся з чалавекам у форме ахоўніка, які сустракаў усіх на ўваходзе, і спрабаваў завязаць размову з кожным. Відаць, яму было ужо амаль невыносна сядзець на сваім абрыдлым службовым месцы. Сябры пажартавалі з гаварлівым вартаўніком і накіраваліся да актавай залы. Людзей назбіралася не шмат. Намеснік дырэктара ды дзве малодзенькія настаўніцы завіхаліся перад трыбунай на сцэне з апошнімі прыгатаваннямі да ўрачыстай часткі.
        Невялікімі групамі па зале размеркаваліся выпускнікі розных гадоў. У кожнай з кампаніяў знаходзіліся прыгожа апранутыя дзяўчаты ці жанчыны, якіх была большасць. Мужчынаў было значна менш. Акрамя выпускнікоў у цывільным прысутнічалі іхнія аднагодкі ў ваеннай форме, ці ў марскіх кіцелях, ці ў форме праваахоўных органаў, а таксама прадстаўнікі іншых “мужных” прафесіяў (службы выратавання, пажарнай службы) – у самых розных рангах і званнях.
        На сцэну павольна паднялася жанчына сталага ўзросту. Былы класны кіраўнік класа, у якім калісьці вучыліся Бычок і яго сябра. Яшчэ ў вельмі далёкія часы за ёй замацавалася мянушка “Пані Ванда”, і яна сама ўсё жыццё падтрымлівала гэткі свой псеўданім. Кажуць, што бацька ў яе быў аднекуль з усходняй Еўропы, ці то чэх, ці то паляк. Яна нават размаўляла з ледзь заўважным замежным акцэнтам.
        Пані Ванда сказала, што ёй вельмі прыемна бачыць усіх зноў разам. Што з большасцю вучняў свайго выпуску яна сутыкаецца амаль што кожны дзень. Што выраслі яны сапраўднымі людзьмі. “Але аб адным з вас я хачу сказаць асобна, – прамовіла Пані Ванда, – Яго сёння тут няма, ды і быць не можа – справы аграмаднай важнасці займаюць яго. Вы ўсе зразумелі, пра каго я гавару. Мне вельмі прыемна, я ганаруся, што з майго класу выйшаў такі чалавек. Упэўнена, што ў яго выхаванне і я зрабіла немалы ўнёсак...” Пані Ванда была сумленным правінцыйным педагогам. Па вечарах глядзела навіны і сумавала па часах сваёй былой працы.
        
        
ІІІ
        
        Чалавек у генеральскіх пагонах спытаўся: “Можна ўвайсці?” Вайсковец паклаў чорную скураную тэчку на стол, за якім у багата ўбраным фатэлі сядзеў гаспадар кабінета. Выява была добрая, але гук месцамі знікаў. Аднак магчыма было разабраць амаль усё, што гаварылася:
        – Дадзеныя па сустрэчы аднакласнікаў выпуску тысяча дзевяцьсот семдзесят другога году, – пачаў даклад генерал. – Школа нумар адзін. Населены пункт 34-Альфа з квадрату К. Дванаццаць чалавек, прозвішчы дадаюцца. Ёсць дамова пасля афіцыйнай часткі ў школьнай актавай зале працягнуць сустрэчу ў прыватным доме па адрасе Астурыаса 6...
        – Астурыаса?! – здзівіўся чалавек у фатэлі.
        – Так, Астурыаса, новая вуліца, будынак нумар шэсць, – пацвердзіў генерал.
        – Зноў Астурыас. Адкуль зваліўся на маю галаву гэты Астурыас?.. – прамармытаў сабе пад нос чалавек за сталом.
        – Прабачце? – выцягнуўся ваенны, спрабуючы разабраць словы суразмоўцы.
        – Які план транспарціроўкі? – раптам спытаўся той, праігнараваўшы пытанне генерала.
        – Тры верталёты. Група падтрымкі на двух першых высаджваецца з паветра для праверкі і зачысткі тэрыторыі. Потым пасадка галоўнай машыны. Мясцовасць дазваляе. Участак дзве тысячы квадратных метраў, без дрэваў. Суседнія будынкі далёка. Некаторыя з іх пустуюць, вуліца яшчэ толькі забудоўваецца. Дакладна адсочана пры дапамозе спадарожнікавай сувязі. Новыя тэхналогіі дазваляюць нават якасць грунту дэталёва даследваць. Таму абсалютна ўсё пад кантролем. Пасля высадкі верталёты адлятаюць на запасны аэрадром і чакаюць сігналу па рацыі...
        Пайшлі гукавыя перашкоджанні, выява на маніторы то знікала, то зноў з’яўлялася, але праз некалькі секундаў усё наладзілася.
        – Як нашы госці сябе адчуваюць? – спытаўся у наступны момант гаспадар кабінета.
        – Вы маеце на ўвазе замежнае спецпадраздзяленне Anheles Nocturnos, якое тры дні таму прыбыло ў вашае распараджэнне?
        Генерал не ведаў чаму, але зразумеў, што выклікаў непадробную цікавасць свайго суразмоўцы.
        – Як ты назваў падраздзяленне? – пасля паўзы пераспытаў той.
        – Anheles Nocturnos. Начныя Анёлы.
        – Добра, можаш ісці...
        Калі за генералам зачыніліся дзверы, якасць выяваў зноў сапсавалася, але гук быў добры і можна было дакладна пачуць наступныя словы: “Нікому давяраць нельга! Астурыас, “анхелес”... Ці не шмат супадзенняў?”
        
        
ІV
        
        “Вось жа Сябра-Арэх! Сапраўдны Арэх З Чырвонай Галавою! Ацэола, правадыр сіменолаў, ёшкін кот! Вінету, сын Інчучуна, што б табе добра было! – нягучна разважаў сам з сабой Бычок, трымаючыся адной рукой за сцяну гаража. – Вось жа Чынганчгук мясцовы. Не проста Вялікі – Аграмадны Змей... Кецалькоатль, каб ты здароў быў... Я буду за кіроўцу (у сэнсе ён)... А ты, Бычок, можаш крышку выпіць! Змей, сапраўдны Змей! Добра ж ведае, што я не магу выпіць “крышку”...”
        Бычок паспрабаваў адарвацца ад сцяны і зрабіць крок у бок. Не надта атрымалася. Ён моцна пахіснуўся і зноў абапёрся рукамі на сцяну. Пад нагамі пахрустваў снег, але рукі не мёрзлі... Дзіўна – здаецца, у галаве шуміць не дужа моцна, а вось ногі не слухаюцца зусім!
        “Добра, пастаю яшчэ трохі. Свежае паветра зробіць сваю справу. Хутка працверазею. А з іншага боку, што – не маю права? Ну выпіў лішняга, хапануў гэтай тэкілы мясцовай, дык я ж тут гаспадар! Мой дом, мая машына, мой гараж... Дарэчы, чамусьці ў маім гаражы дзверы не зачыненыя з боку двара...”
        Бычок паспрабаваў дацягнуцца да прыадчыненых металічных дзвярэй. Даўжыні рукі не хапіла, а зрабіць крок ён не наважыўся. Махнуў рукой, маўляў, потым зачыню... Недзе далёка ў небе пачуўся гук авіацыйнага рухавіка. Ці падалося, ці на самой справе ён набліжаўся? Колькі яшчэ часу гаспадар прастаяў побач з уласным гаражом невядома, ды толькі калі наступны раз падняў галаву, у адзін момант працверазеў.
        Проста з цемры начнога неба на яго ўласны участак, адзін за адным бязгучна прызямляліся парашутысты! Тут не тое, што працверазець – пасівець можна!
        Зразумела, што адразу Бычок падумаў пра якасць той самай “тэкілы”. Галюцынагенны эфект, ды ўсё такое. Але ў наступны момант штосьці зашапацела над гаражом, за сцяной пачуўся глухі ўдар і кавалак парашутнага шоўку спачатку апусціўся на галаву гаспадара, а потым хуценька пацягнуўся дагары. Нехта сцягваў парашут з другога боку будынку.
        Пад гэты шум Бычок нарэшце хуценька зрабіў крок да ўваходу ў гараж і спрытна зачыніў за сабой дзверы. Зразумела, што машыны там не было – на ёй зараз Сябра-Арэх паехаў з аднакласніцамі ў краму па прадукты і спіртное. Але на месцы быў веласіпед. Бычок пахваліў сябе за тое, што вельмі ўчасна змазаў петлі брамы і дрыжачымі рукамі бязгучна адчыніў адну створку...
        Чалавек на другім баку гаража вельмі хутка сцягваў купал парашута. Белы маскіровачны халат, галава нічым не пакрытая. Доўгія чорныя валасы моцна сцягнутыя за патыліцай, а на ўзроўні ілба галаву абхопвала тасёмка з бісеру, на якой боўталася вялікае пяро. У адным вуху быў замацаваны невялікі навушнік, а на ўзроўні вуснаў знаходзілася дужка з амаль нябачным мікрафонам. На поясе ў парашутыста вісеў вялікі нож у скураных ножнах, на грудзях кароткі аўтамат. Дзейнічаў ён спрытна, але на некалькі секунд замарудзіўся, калі тканіна зачапілася за нейкую жалезіну, што тырчэла з-пад даху. Калі ўзброены чалавек закончваў свае дзеянні з парашутам, яму падалося, што недзе сзаду зарыпеў снег. Ён рэзка азірнуўся. Парыў моцнага ветру скінуў з даху жменю снегу проста на яго чорныя валасы. Можа і падалося...
        
        
V
        
        У новым доме Бычка госці адчувалі сябе вельмі камфортна. Месца хапала ўсім свабодна размясціцца, усе выгоды ў наяўнасці: вялікая кухня, гасцёўня, шмат іншых пакояў. Арэх ужо прывёз прадукты і некалькі рознакалібровых бутэлек.
        На прасторнай кухні прыгожая жанчына раскладала ежу па талерках. Відаць па ўсім, настрой у яе быў не дужа добры. Гэта пра яе размаўлялі сябры па дарозе ў школу. Арэх хутка з’явіўся, каб паставіць на стол бутэлькі. Потым падышоў бліжэй да жанчыны: “Не хвалюйся, Вікторыя, ён праз пяць хвілінаў будзе ў парадку!” Яна выцягнула доўгімі прыгожымі пальцамі цыгарэту з пачка “Мальбара” прыкурыла ад запальнічкі “Zippo”, працягнутай да яе. Сумна ўсміхнулася і сказала: “Добра. Чакаем пяць хвілінаў...”
        У гэты самы момант уваходныя дзверы расчыніліся і раптам, як у нейкім дурным сне, увесь дом запоўніўся ўзброенымі людзьмі ў белых маскхалатах. Яны хуценька праверылі ўсе пакоі і далі зразумець, каб усе сабраліся ў зале. Музыка сціхла, госці ў шокавым стане стаялі нерухомыя. Было толькі чуваць шорханне вайсковага абутку па падлозе, ды кароткія каманды на замежнай мове. Ува ўсіх вайскоўцаў чорныя густыя валасы былі прыхвачаныя тасёмкамі, з якіх тырчэлі па адным ці па два пяры, у вушах кожнага з іх былі навушнікі радыёперадатчыкаў ды дужкі мікрафонаў каля вуснаў. У цэнтр пакою выйшаў той самы парашутыст, што прызямліўся побач з гаражом і з вельмі моцным акцэнтам патлумачыў, што зараз у памяшканні адбудзецца сустрэча з адказнай асобай дзяржаўнага ўзроўню.
        Чалавека, які з’явіўся на парозе, усе добра ведалі па тэлерэпартажах с замежных самітаў, прэс-канферэнцыяў міжнароднага ўзроўню, кожнадзённых тэленавінаў ды адказных і важных нарадаў кіраўніцтва дзяржавы на розных каналах тэлебачання. Апрануты ён быў ва ўсё чорнае. Здавалася, што паліто, касцюм, туфлі ільсніліся ад зграбнай якасці. Толькі палоска ідэальна белай кашулі знаходзілася ў кантрасце з астатнім адзеннем, выглядаючы з-за каўняра паліто, ды кавалачак гальштука, размаляванага незвычайнымі складанымі ўзорамі, тырчэў пад кадыком. Успрымаць гэтага чалавека ў рэальнасці было вельмі дзіўна і нязвыкла.
        “Добры вечар, аднакласнікі”, – уразіла землякоў першая фраза. Дакладней не сама фраза, а тэмбр голасу, які ўсе даўно ўжо прызвычаіліся кожную раніцу чуць па радыё. Але ж не так вось проста, не побач з сабой!
        “Афіцэр, – звярнулася важная персона да тога вайскоўца, што мог размаўляць без перакладчыка, – загадайце сваім людзям пачакаць на вуліцы, у памяшканні пакіньце аднаго ці двух чалавек, як палічыце патрэбным. Самі заставайцеся са мной...”
        Прагучаў загад на замежнай мове. За некалькі секунд вайскоўцы арганізавана, амаль бясшумна пакінулі пакой. Двое засталіся стаяць спінай да дзвярэй. Насупраць нерухома стаялі аднакласнікі, якія ад нечаканасці падзеяў, што разгортваліся на іх вачах, не маглі вымавіць ні слова.
        “Ну цяпер, ужо дакладна – добры вечар!” – паспрабаваў фальшыва-вясёлым голасам зняць занадта напружаную сітуацыю важны госць.
        “До-обры ве-ечар...” – хорам, як у малодшых класах, няўпэўнена прагулі ў адказ аднакласнікі, нязводзячы вачэй з важнага субяседніка. Тому падалося, што ён ужо цалкам завалодаў сітуацыяй. Пацёр далонню аб далонь і сабраўся быў нешта сказаць, але раптам чамусьці азірнуўся на двух сваіх ахоўнікаў – старэйшага афіцэра, на нагах якога былі вайсковыя чаравікі з вялізным пратэктарам і яго падначаленага, абутага ў сапраўдныя індзейскія макасіны. Вайскоўцы таксама паглядзелі адзін на аднаго. Усім падалося, што звонку даляцеў нейкі шум і чыйсьці далёкі голас абарваўся, нібыта яго рэзка перапынілі.
        У наступны момант дзверы рэзка расчыніліся, і ў пакой уварвалася група людзей у адзенні самых розных пакрояў і колераў. Двое ахоўнікаў не паспелі зрэагаваць належным чынам, і ў наступны момант яны ўжо ляжалі на падлозе побач з асобай у чорным адзенні. Апошняму увогуле не пашанцавала – яго прыціснулі тварам да падлогі. Рознакаляровы гальштук з дзіўнымі ўзорамі выбіўся з-пад адзення і на ім апынуўся індзейскі макасін, што зваліўся з нагі ахоўніка падчас кароткай бойкі.
        Аднакласнікі зноў нерухома стаялі, як акамянелыя. З белымі тварамі, з шырока раскрытымі вачамі, у стане блізкім да страты прытомнасці. Услед за людзьмі ў ваеннай, марской, правахоўнай, пажарнай ды іншай форме ў пакой забег ахоўнік са школы. За ім у праёме дзвярэй паказаўся перапужаны твар Бычка. Ахоўнік, відаць шкадуючы, што спазніўся, і што яму не давялося нікога скруціць, падбег да распасцёртага чалавека ў чорным і рэзка рвануў яго за каўнер паліто.
        Убачыўшы твар таго, каго ён так безцырымонна падхапіў, ахоўнік збялеў ад жаху, але сваю ахвяру так і не здагадаўся выпусціць з рук. Бычок, які апынуўся побач і ўбачыў знакаміты профіль пад рукамі ахоўніка, міжволі выкрыкнуў: “Дык гэта ж..!” Раптам змоўк і азірнуўся па баках, нібыта шукаючы падтрымкі ў аднакласнікаў. Як у падцверджанне яго здагадкі, адна з аднакласніц не вытрымала і з ціхім стогнам павалілася на падлогу. Над ёй з гучным шэптам нахіліліся жанчыны, а Бычок пабег на кухню па ваду.
        Калі адзін з землякоў у пагонах падпалкоўніка зразумеў, што адбываецца, ён адштурхнуў школьнага ахоўніка, скінуў макасін з гальштука і хуценька дапамог падняцца чалавеку ў чорным. Абтрос пыл з яго шыкоўнага паліто, са штаноў і нават з туфляў, выцягнуўся ва весь рост, прыклаў руку да галавы без галаўнога ўбора і адрапартаваў: “Падпалкоўнік Міхуль. Аперацыя па Вашым вызваленні завершана!” Той, каму дакладалі, рукой пацёр шчаку, на якой адбіўся вугал паркетнай дошкі, паглядзеў нібыта скрозь палкоўніка і задумліва прамовіў: “Міхуль, кажаш? Вось табе і поўны камплект, Міхуль... Анхелес... Астурыас...”
        
        
VI
        
        Бычок стаяў на ўласнай кухні і чакаў, калі закіпіць вада ў імбрычку. Галава гула, нібыта пасля пахмелля, хоць апошніх некалькі дзён Бычок не тое што выпіваць, нават думаць не мог пра алкаголь. Ён толькі што вярнуўся з пракуратуры, дзе некалькі гадзінаў запар, у асобным пакоі даваў паказанні незнаёмаму чалавеку ў цывільным пра тое, што адбылося ў суботу папярэдняга тыдня. Чалавек вельмі дзіўна сябе паводзіў. Ён не крычаў, не злаваўся, не напускаў на сябе строгі выгляд. Наадварот, размаўляў спакойна, інтэлігентна, жартаваў. Яго цікавіла ўсё – і як Бычок “перабраў”, і як ён стаяў каля гаража, а потым заўважыў парашутыстаў. Па пяць разоў перапытваў пра акалічнасці кшталту, як спадар Бычок ціха і не заўважна здолеў на веласіпедзе выехаць з гаражу на вуліцу? Потым пытаўся, як так хутка можна было па зімовай небяспечнай дарозе даехаць да школы? Як яму ўдалося сабраць па класах цэлы баявы атрад? Хто гэтыя людзі? Хто з землякоў Бычка прымаў удзел у баявых дзеяннях і дзе? Хто служыць ці служыў за мяжой, у каго якія званні і пасады, узнагароды? Хто кіраваў аперацыяй па абяззброенню замежнага спецпадраздзялення, якое парушыла інструкцыі і ў поўным складзе грэлася вакол вогнішча на спадарскім агародзе? Усе адказы запісваліся на дыктафон. Ад гэтых пытанняў і адказаў моцна забалела галава і чалавек у цывільным адпусціў Бычка дадому.
        Нарэшце імбрычак засвістаў. У пакой зайшла Вікторыя з пачкам “Мальбара” ў руках. Моўчкі закурыла цыгарэту, узяла пульт ад тэлевізара, што паказваў нейкія навіны, але без гуку. Як толькі гук з’явіўся, дыктар, нібыта па замове, вылажыў для сваіх гледачоў інфармацыю: “...з гэтай заакіянскай экзатычнай краінай зараз склаліся дастаткова напружаныя дыпламатычныя адносіны. Справа ў тым, што спецпадраздзяленне “Анхелес накцюрнас” выконвала на тэрыторыі нашай краіны адказнае даручэнне дзяржаўнага ўзроўню. Але не справілася са сваімі абавязкамі і было тэрмінова, спецрэйсам выслана за межы краіны. Так здарылася, што двое вайскоўцаў з гэтага падраздзялення нелегальна засталіся на нашай тэрыторыі. Нашыя дыпламатычныя апаненты хвалююцца за жыццё сваіх грамадзянаў і патрабуюць тэрмінова выдаць двух удзельнікаў “Анхелес накцюрнас”, месца знаходжання якіх пакуль што не ўстаноўленае. Усіх, хто можа даць дакладную інфармацыю па гэтай тэме просім звяртацца да нас у рэдакцыю, да кіраўніцтва мясцовых адміністрацыяў, у органы аховы правапарадку. Вось фотаробат з выявамі гэтых людзей. Іхнія асобыя прыкметы – доўгія чорныя валасы, завязаныя ззаду ў хвост, у тасёмцы на галаве можа тырчэць пяро. Апранутыя ў белыя маскхалаты, на нагах індзейскія макасіны...” Вікторыя выключыла гук і спыталася:
        – Слухай, скажы шчыра, што вы з імі зрабілі?
        – Ты што... – папярхнуўся гарбатай Бычок, – ты што кажаш?! Калі іх усіх скруцілі і абяззброілі нашыя хлопцы, гэтыя двое незаўважна перарэзалі вяроўкі і зніклі, як скрозь зямлю праваліліся! Ты не разумееш, гэта ж індзейцы! Ды яны ў цябе пад носам замаскіруюцца так, што ты на яго наступіш і не заўважыш!
        – І на колькі часу ты нас цяпер пакінеш?
        – У сэнсе? – не зразумеў Бычок.
        – Ну ты ж цяпер лічы што асуджаны?
        – Што ты такое пляцеш? – раздражнёна пачаў гаварыць гаспадар, – Суда ніякага не было. Са мной нармальна размаўлялі, нічым не пагражалі... Ну, узялі падпіску аб нявыездзе. Дык гэта ж нічога не значыць!..
        Вікторыя адвярнулася, і Бычок не заўважыў слёз, што выступілі на яе вачах. Яна накіравала пульт на тэлевізар і пераключыла на іншую праграму. Гэта аказаўся мясцовы тэлеканал, дзе малады журналіст з сур’ёзным выглядам распавядаў пра важныя справы: “... цяпер былая вуліца Астурыаса ў нашым мястэчку будзе называцца вуліцай Усходніх Пераможцаў. А ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку прадастаўляецца нашаму земляку, генералу Міхулю, які не так даўно быў прызначаны на пасаду міністра абароны нашай краіны...”
        Генерал у навюткай форме павярнуўся да камеры:
        “Немалаважна ў любой справе выпрацаваць правільную тактыку і стратэгію! А галоўнае – падбор кадраў... – генерал раптам хутка нахіліўся да камеры і загадкава прамовіў: – Вялікі шлях не мае брамы, тысячы дарог вядуць да яго. Той, хто пройдзе праз гэтую заставу, будзе жыць вольна – адзін у цэлым свеце...” Генерал шматзначна падміргнуў з экрану. Камера пераехала крыху ўбок. Па яго левай руцэ, у роўным баявым парадку, выстраіліся коннікі. Іхнія доўгія дзіды глядзелі ў неба. Невялікія круглыя шчыты закрывалі корпус кожнага з іх. З-за спіны ва ўсіх выглядалі калчаны з лукамі і камплектамі баявых стрэлаў. Востраверхія шлемы былі ўпрыгожаныя пухкімі хвастамі драпежных жывёлаў. На скуластых вузкавокіх тварах не было ніякіх эмоцыяў. Да вуха кожнага з ваяроў з-пад скураной адзежы цягнуўся правадочак навушніка, а на ўзроўні вуснаў трымалася маленькая дужка мікрафона. Быццам падкрэсліваючы рэальнасць таго, што адбывалася, пачуўся трэск радыёперадатчыка, потым прагучала незразумелая кароткая фраза. Старэйшы з коннікаў нягучна адказаў. Чамусьці падалося, што на старажытнай мангольскай мове.
        На фоне гэтай уражвальнай карціны голас генерала дадаў: “Той, хто зразумее ісціну першага радка, зразумее ісціну апошняга радка. Першы радок, апошні радок. Ці не адно гэта і тое ж?..”

Крыніца: http://dziejaslou.by/inter/dzeja/dzeja.nsf/htmlpage/nies44?OpenDocument
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.