РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Падарунак здалёк
1
         Цяжкі пакунак з прадуктамі замінаў руху, і чалавек сталага ўзросту спыніўся, каб адпачыць. Сяргей Васільевіч накіроўваўся дадому, дзе ён, былы кіраўнік аднаго з прадпрыемстваў горада, а цяпер пенсіянер са стажам, дажываў адведзены яму час у адзіноце. Жонка памерла ад цяжкай хваробы. Адзіная дачка даўно з’ехала на пастаяннае месца жыхарства за мяжу, калі выйшла замуж за нябеднага замежніка. Па чутках, яе адносіны з бацькам і раней былі не дужа добрыя. А пасля таго, як яна «звязалася з гэтым фрыцам» (магчыма, самы бяскрыўдны эпітэт, якім бацька абазначыў з’яўленне зяця), кажуць, што і ўвогуле адбыўся скандал. Ускосна гэта маглі пацвердзіць работнікі мясцовага аддзялення сувязі, якія дакладна ведалі аб наяўнасці не частых, але рэгулярных паштовак «з таго боку» і жорсткім іх ігнараванні.
         Не гледзячы, а можа быць, нават, і дзякуючы такому доўгаму адступленню, вось-вось павінен быў паказацца паварот у маленькі завулачак прыватнага сектару. У самай глыбі яго, пасярод шыкоўнага сада, асабліва прыгожага ў другой палове лета, размяшчаўся досыць вялікі і прасторны дом. І вось, пару крокаў не дайшоўшы да свайго паварота, Сяргей Васільевіч са здзіўленнем спыніўся, калі пачуў гук моцнага рухавіка. Завярнуў за вугал — і ўвогуле разгубіўся ад віду замежнага трэйлера, што стаяў каля яго брамы. Аграмадная машына, быццам дачакалася з’яўлення гаспадара — узравела рухавіком і рушыла Сяргею Васільевічу насустрач. Было чаму здзівіцца: калісьці службовая «Волга» не без цяжкасцяў трапляла ў вузкую прастору паміж агароджамі. А вось, аказваецца, што і такая змагла заехаць... Стары падаўся назад, таму што адлегласці паміж бартамі трэйлера і плотам як злева, так і справа амаль што не было. Кіроўца сядзеў у высокай кабіне, нібыта недзе на другім паверсе, і засяроджана ўглядаўся ў люстэркі задняга віду. Доўгае цела аўтафургона вельмі павольна выпаўзала з вулачкі, павярнулася да яго нязвыклымі нумарнымі знакамі і пачало няспешна аддаляцца.
         Стары расхваляваўся. Ён хутка накіраваўся да хаты. Насустрач яму з веснічак выйшаў незнаёмы мужчына сярэдніх гадоў:
         — О! Вы, напэўна, Сяргей Васільевіч! — прыгожа ўсміхаючыся, сказаў ён з ледзь заўважным акцэнтам.
         — Так. А што тут без мяне адбываецца?! — амаль што закрычаў гаспадар.
        — Вы не хвалюйцеся, калі ласка. Мы прывезлі Вам падарунак, ад вельмі блізкіх Вам людзей, які Вы, здаецца, павінны былі чакаць! Я зараз патлумачу...
         — Нічога я не чакаў!
         — Зрэшты…– тон голасу стаў ветліва-халодным, — мая справа — выканаць сваю працу. Вось тут канверт з лістом і падрабязнымі інструкцыямі…
         — Якія інструкцыі?! — працягваў абурацца стары.
         — Там усё напісана. Усяго добрага, да пабачэння.
         Незнаёмец хутка накіраваўся да трэйлера. Ляпнула дзверца, рухавік набраў абароты — і ў хуткім часе цішыня апанавала наваколле…
         Любы збой ва ўласным распарадку сталаму чалавеку даецца нялёгка. А тут такое! Дрогкімі рукамі разарваў канверт і выцягнуў ліст.
         «Нарэшце маю магчымасць перадаць табе тое, што ты, можа быць, сам не ведаючы, шмат гадоў чакаеш. Яго завуць Хатхі…»
         Хрумстанне і гучнае шорганне пачулася за спіной — збоку агарода. Сяргей Васільевіч павярнуўся і застыў, адкрыўшы рот. Перад ім узвышаўся сілуэт аграмаднага слана!
         Сяргей Васільевіч нейкі час прастаяў нерухома, потым асцярожна паварушыў рукой. Слон ляніва працягваў жаваць і не звяртаў на яго ўвагі. Сяргей Васільевіч асцярожна рушыў да вугла хаты. Слон толькі зрэдку патрасаў неверагодных памераў вушамі. Стары прыхіліўся да сцяны і аддыхаўся. «Здаецца, я разумею, аб якім падарунку ідзе гаворка… Толькі без панікі».
         Грунтоўна патаптаўшы бульбу, слон аблюбаваў доўгі ўчастак з капустай. Паспрабаваў і моркву. Да канца дня Сяргей Васільевіч нават навучыўся пераганяць жывёліну з месца на месца. Выратавальная ідэя мільганула ў галаве атрымальніка незвычайнага падарунка, і ён паспрабаваў выгнаць свой гіганцкі набытак у вулачку. Але слон спыніўся каля яблыні, што расла на пачатку агарода, зацікавіўся яе пладамі– і больш не зрушыў ні на метр. За гэтым заняткам і засталі дзве несуразмерныя фігуры прыцемкі, што хутка згусціліся вакол.
         За кухонным сталом, пад нізкай лямпай, што свяціла жоўтым святлом, у невясёлым роздуме гаспадар узгадваў падзеі дня. Нечакана магутны глухі стук скалануў сцены хаты. «Спаць заваліўся напэўна… Заўтра зраніцы паспрабую пайсці ў камунгас… Ці куды тут лепей звяртацца?.»
         Ён узяў у рукі канверт і выцягнуў ліст, які не дачытаў днём: «Памятаеш, табе гэтая ідэя прыйшла першы раз, калі мне было восем гадоў…». Восем гадоў? Што яна можа памятаць пра той час?! Раптам чамусьці ўзгадаліся стосы малюнкаў. З кожным днём іх рабілася ўсё больш і больш. Потым слёзы, плач, дзіцячая крыўда і пагрозы. Аднак пазіцыя «галавы» сямейства — адзіная правільная і непахісная: «Ні ў якую мастацкую школу ты не пойдзеш! Паперу можаш і так псаваць, нечага губляць час на пустое. У спецыялізаваны клас замежнай мовы яшчэ куды не ішло, а глупства сваё выкінь з галавы, найшла занятак — карцінкі маляваць…».
         Дзяўчынка залівалася слязамі:
         — Вось вырасту, а ты будзеш стары, і папросіш падарыць што-небудзь…
         — Так, так! Папрашу, каб ты падарыла мне слана! — з’едліва здзекваўся бацька. Яму раптам стала вельмі смешна ад уласнага жарту. Нават настрой палепшыўся, і дзіцячы плач ужо не раздражняў.
         — Добра. Размова скончана…
         Сяргей Васільевіч прачнуўся каля шасці. Адчуваў сябе не вельмі хораша: доўга не мог заснуць. Адчыніў дзверы на кухню, зірнуў у вакно: з сада зазірала ў хату і пляскала гіганцкімі вушамі вялізная галава. «Згінь, нячысцік!» — сіпла вымавіў уладальнік падарунка…
        
        
         Маладой дзяўчыне ў дыспетчарскай камунгаса Сяргей Васільевіч не стаў нічога тлумачыць. «Да дырэктара зараз не варта ісці…» — падумаў стары і накіраваўся да дзвярэй з надпісам «Галоўны інжынер». Гаспадар кабінета размаўляў па тэлефоне і рукой паказаў наведвальніку, куды прысесці. Скончыў размову, павітаўся, спытаўся пра мэту візіта.
         — Разумееце, праблема такая… — Сяргей Васільевіч зрабіў паўзу, — па нейкай недарэчнасці да мяне ў агарод трапіў слон.
         — У сэнсе…– перапытаў галоўны інжынер.
         — Я зараз паспрабую ўсё патлумачыць, — спешна пачаў «дзіўны стары», як падумаў пра яго суразмоўца.
         Сяргей Васільевіч пераказаў гісторыю з «фурай».
         — Пачакайце, пачакайце, — азадачаны кіраўнік імкнуўся адшукаць логіку ў словах старога, — і што, яны выгрузілі Вам гэтага слана на агарод і з’ехалі?
         — Менавіта так! — узрадаваўся Сяргей Васільевіч зацікаўленасці свайго суразмоўцы.
         «Некалькі месяцаў таму прыходзіў спецыяліст па пад’ёме царквы з дна возера... Таго ўдалося закадзіраваць. Яшчэ аднаго з тыдзень таму забралі адразу адсюль у псіхіятрычную клініку. Патрабаваў дастаць дзядзю, які патануў у танку пасярод балота ў вайну. Шалёны быў, будаўнічая брыгада ледзь скруціла, а па гэтым, бачыш ты, і не сказаць: выглядае, здаецца, нармальна…»
         — Ваша прозвішча, імя, імя па бацьку. Дакладны адрас...
        
        
         У той дзень старому давялося пабываць у розных установах: у ветлячэбніцы, санэпідэмстанцыі, у аддзеле экалогіі райвыканкама, у лясгасе. Ён вельмі стаміўся ад бясконцых аповедаў пра гэтага «праклятага слана», ад рэакцыі тых, хто яго слухаў: спачатку яго прынімалі за вар’ята, потым шкадавалі, абяцалі дапамагчы, а за спінай смяяліся…
         Увечары Сяргей Васільевіч ехаў дадому і таемна спадзяваўся, што за час яго адсутнасці з ім магло што-небудзь здарыцца, Пярун забяры гэтага Хатхі… Але, калі зайшоў на двор, зразумеў — усё засталося па-ранейшаму. Гаспадар здалёк кінуў тужлівы позірк туды, дзе яшчэ ўчора расла капуста, і няспешна пацягнуўся дадому.
         На кухні наліў сабе кілішак каньяку. На вочы зноў трапіў ліст з канверта, які так і валяўся на стале. Разгарнуў пакамечаную паперу, начапіў акуляры — і адразу ж напароўся на фразу: «…табе вельмі спадабаўся твой новы жарт, і ты стаў карыстацца ім увесь час. Больш за ўсё я ненавідзела цябе ў тыя хвіліны, калі ты «вастрыў» наконт слана…».
         …Ёй было гадоў дванаццаць-трынаццаць, яна прасіла купіць гітару, звычайную танную акустычную гітару. Але ў святле ідэалагічных райкамаўскіх рэкамендацыяў аб «прарошчванні расткоў сапраўднай пралетарскай культуры ў сучаснай моладзі» ён не мог дапусціць, каб яго адзіная дачка «сыйшла ў падваротні». Не гледзячы на ўсе забароны, дачка сама знайшла недзе старэнькую шасціструнку і старанна вывучала на ёй акорды. Ён употай лаяў сябе за тое, што «прагледзеў» такі важны выхаваўчы момант і ўвесь час наладжваў сцэны, напіраючы на тое, каб дачка больш не вярталася да гэтага «агіднага брынькання»…
         Аднойчы, калі бацька знаходзіўся ў добрым настроі, дачка паспрабавала завесці размову аб электрагітары. Здаецца, перад сваім шаснаццацігоддзем… Пасля скандалу, які адбыўся пасля гэтай размовы, яна сыйшла з дому. Вярталася і знікала яшчэ шмат разоў...
         Яна паступіла на адзін з гуманітарных факультэтаў сталічнага ўніверсітэта. Ён палічыў, што — насуперак бацьку. І аніяк не суадносіў паступленне ва ўніверсітэт з захапленнем дачкі стварэннем тэкстаў і напісаннем песен. Хаця і ведаў аб яе стасунках з «патлатымі» музыкантамі, а таксама пра тое, што яна, нібыта, спявае ў нейкай «камандзе» (і не ведаў аб шалёнай папулярнасці яе каманды ў сталіцы, ды пра тое, што ў іншых гарадах яе запісы перапісваліся з касеты на касету, як сапраўдныя рарытэты). Неўзабаве з ім «у неафіцыйных абставінах» сустрэўся чалавек з вядомага камітэта і давярыцельна, па-свойску, параіў прыняць захады ў адносінах да дачкі. Але бацька занадта доўга думаў — дачку адлічылі з універсітэта. Пасля чаго яна ўвогуле надоўга знікла (але ж да хворай маці рэгулярна тэлефанавала, прыязджала да яе ў бальніцу, а калі-небудзь і на хвіліначку дадому). На той час бацька выйшаў на пенсію. Але працягваў займаць пасаду... Памерла маці. На пахаванні побач з дачкой увесь час быў нейкі нямецкі прадзюсар. З бацькам размовы не атрымалася. У хуткім часе дачка з’ехала ў Нямеччыну, дзе досыць паспяхова для эмігранткі працягвала займацца музыкай і запісвала альбомы на ангельскай і нямецкай мовах…
        
        
         Тым часам чуткі пра слана, які жыве ў старога на агародзе, разнесліся па ўсім раёне. Быццам выпадкова ў двор да Сяргея Васільевіча спрабавалі зазірнуць зусім незнаёмыя людзі. А што казаць пра дзяцей? Яны акупавалі ўсю бліжэйшую тэрыторыю і з самага ранку не давалі спакою гаспадару. Сяргей Васільевіч намагаўся іх ганяць, але дзейнічала гэта не надта эфектыўна. Нечакана на падмогу змучанаму старому прыйшла яго сталая суседка Клаўдзія Пятроўна:
         — Васіліч! І трэба табе ваяваць з гэтай ардой? Грошы з іх трэба браць, і ўсё будзе нармальна!
         Стары толькі адмахнуўся:
         — Пра што ты гаворыш, Пятроўна! Яшчэ не хапала мне толькі цыркам заняцца…
         Але Пятроўна сама наладзіла справу і стала браць з хлапцоў сімвалічную плату за ўваход. Да вялікага задавальнення дзяцей, слон, як аказалася, умеў станавіцца на адно калена, і хлапчукі з лёгкасцю ўзбіраліся яму на спіну. Увечары Пятроўна зайшла на кухню, дзе сядзеў яе вельмі сумны сусед, і высыпала на стол ладную суму дробнымі купюрамі.
         — Прыбрацца тут трэба было б… — аглядзелася жанчына вакол.
         — Ды, гары яно ўсё гарам… — прабурчэў стары.
         — Не сумуй, Васіліч, я табе дапамагу!..
        
        
         Развязка ў гэтай гісторыі — таксама нечаканая. Аднойчы раніцай слон перастаў есці і праляжаў цэлы дзень. Пятроўна не падпускала да яго нікога з дзяцей. Наступным днём слон таксама не падняўся: ляжаў і цяжка дыхаў. А
        ноччу памёр…
         Пятроўна ўвесь час дапамагала гаспадару наводзіць парадак у двары і ў хаце. Дайшоўшы ўвечары да ўборкі на кухні, яна выпадкова вымела скамечаны канверт. Ад вялікай цікавасці начапіла не свае акуляры і прачытала: «…Для мяне
        арганізавалі гастролі ў Варшаве, Вільні, Кіеве і Менску. Я папрасіла менэджэраў вылучыць час на паездку да бацькі. Я паслала табе тры лісты, але ты не адказаў. Я вельмі раззлавалася! У Менску, у заапарку, я выкупіла старога слана. Зрабіць гэта было вельмі проста: былыя гаспадары ледзь звадзілі канцы з канцамі і з задавальненнем пазбавіліся ад аднаго з сур’ёзных пунктаў сваіх расходаў. Я дасылаю яго табе ў гонар тваёй таўстаскурасці... Але ж як бы там ні было, ведай: я ніколі не забываюся пра цябе і, напэўна, вельмі цябе люблю. Твая дачка Алена».
         Пятроўна паціснула плячыма, пакруціла паперу ў руках і кінула ў сметніцу…

Крыніца: http://lit-bel.org/assets/files/litbel_luty_2012.pdf
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.