РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сага пра школу музыкі
1
        Я ні ў якім выпадку не паэт, і ні ў якім
        выпадку не музыкант. Дзесяць стагоддзяў
        таму гэта не падзялялася, і я не бачу нагоды,
        каб падзяляць гэта сёння...
Б.Г.
        
        Саксафаніст Матт Густаффсон заплюснуў вочы, паднёс інструмент да вуснаў і знерухомеў, нібыта шукаючы патрэбную хвалю, на якой павінна пачацца музыка. У свеце пражэктараў ягоная адзінокая постаць на аграмаднай сцэне выглядала загадкава і вымушала чакаць чагосці цікавага, нязвыклага, неверагоднага. Забітая цалкам зала сталічнай філармоніі ўважліва чакала. Зорка скандынаўскага фры-джазу раптам напружыўся, згарбаціўся, прысеў, і рэзка выпрастаўшыся, выдаў першы гук. Гэта не была музычная нота. Гэта быў сіп, пераходзячы ў віск. Потым сіпатыя гукі пасыпаліся бязглуздымі, неўпарадкаванымі плынямі. Яны лупілі па свядомасці, і здавалася, што галоўнай мэтай вядомага саксафаніста і яго інструмента было выдаваць любыя гукі, акрамя тых, што за доўгую гісторыю станаўлення сучаснай культуры стала прынята называць музычнымі. Ён хацеў здзівіць, хацеў паказаць нешта такое, чаго не паказвае ніхто, акрамя яго, хацеў шакіраваць, збіць са звычайнай хвалі ўспрымання музыкі. Увесь час хацелася спытацца – чаго яму не хапала ў дзяцінстве, што ён страціў ці не паспеў набыць?..
        Школа, дзе выкладаюць, адпаведна і вывучаюць, музыку, магчыма, з’яўляецца адным з найцікавейшых вынаходніцтваў чалавечага грамадства ў перадачы пэўнага досведу. На пытанне “якога менавіта?” звычайна адказваюць “культурнага”. Але ж нам да сённяшняга часу так і невядомы сапраўдныя таямніцы мелодыі, гармоніі і рытму. Як і на каго яны ўплываюць, хто і ў якой меры адчувае гэты ўплыў, а хто толькі памыляецца, думаючы, што адчувае? І самае галоўнае – якая інфармацыя перадаецца, адкуль і куды? З’яўляемся мы першапачатковымі стваральнікамі і адзінымі ды апошнімі спажыўцамі вынікаў гульні з рэзанансам гукавых хваляў, ці толькі медыумамі, што аднекуль атрымліваюць і перадаюць далей нешта такое, што закранае нас адно што на падсвядомым узроўні? Ці мелі старажытныя музыкі свае школы? Ці іхны сакральны досьвед складаўся дзякуючы бесперапыннаму руху, бясконцай дарозе, таму і звалі іх вандроўнымі? І што клікала іх у тую дарогу - прага да дзіўных прыгодаў ды неверагодных спатканняў, ці неадольнае жаданне адкрыцця, звязанае з іншымі краямі ды невядомымі культурамі?
        …Барадатыя, з пасечанымі тварамі, аграмадныя мужчыны, трымаючыя ў руках мячы, баявыя сякеры, вострыя коп’і абкружылі зусім яшчэ юнага хлопца, які з жахам прыціскаў да грудзей дзве дудкі. Адну маленькую, крыху большую за даўжыню далоні, другую вялікую, амаль на два ўласных локці. Уперад выйшаў сапраўдны волат, на галаве якога спраўна сядзеў шлем з рагамі быка. Ён увесь быў зацягнуты воўчымі скурамі.
        - Я ведаю яго. Гэта сын Густафа з Берага Арлінага Возера. Ён лічыцца скальдам, але кажуць, што галава яго крыху не ў парадку. Вельмі дзіўна іграе на сваіх дудках…
        Верагодна, у малодшым школьным узросце, медыум з мяне атрымліваўся не дужа добры, таму што правучыўшыся нейдзе з год у музычнай школе, я быў адлічаны як “неперспектыўны”. З гэтага перыяду выдатна запомніліся ўступныя экзамены, аўтарытэтная камісія чалавек з васьмі за сталом з традыцыйным графінам, а таксама стан той камісіі, блізкі да сапраўднай медытацыі. Жадаючых авалодаць музычнай практыкай ды тэорыяй, карацей кажучы, палепшыць майстэрства медыюмаў, – набілася ў маленькі калідорчык музычнай школы столькі, што было вельмі складана праціснуцца да дзвярэй прыёмнай камісіі. Хаця, здаецца, “ціснуцца” трэба было больш праз бацькоў патэнцыяльных медыюмаў. Будучы гонар музычнага мастацтва, гэта значыць мы, самыя маленькія удзельнікі ўрачыстай акцыі, па чарзе падыходзім да камісіі і барабанім па сталу, адбіваючы нескладаныя рытмы.
        Атмасфера мерапрыемства чамусьці засталася ў памяці нейкай напружанай і нервовай. Амаль што ўсе дзеці ўпершыню сутыкнуліся з такім “выпрабаваннем”, таму некаторыя, не разумеючы, што ад іх жадаюць, перадаюць не зусім рытм, а нейдзе і дынаміку. Зараз я стаўлюся да гэтага менш за ўсё з іроніяй - дзеці на такіх “экзаменах” не выстуквалі патрэбны рытм зусім не з-за таго, што не чулі яго, а магчыма з-за таго, што, напрыклад, адчувалі сябе няёмка, ці не жадалі нешта паказваць перад кімсці, хто ім не спадабаўся. Шмат з тых, хто ў свой час атрымаў адзнаку “незадавальняюча”, на самой справе маглі валодаць і выдатным слыхам, і цудоўным пачуццём рытму. Памятаю, што майму школьнаму сябру на прыёме ў музычную школу не пашанцавала. Ён не прайшоў выпрабаванне рытмам, засяродзіўшыся на тым, чым менавіта гэты рытм адбівалі. У будучым ён скончыў тэхнічную ВНУ, і стаў неблагім інжынерам.
        … Другі вялізны вікінг з капной рудых валос і рудай барадой наблізіўся да хлопца і павольна вымавіў: “Ну, калі ты скальд, пакажы, як ты на сваіх дудках распавядзеш пра нашу сустрэчу…” Хлопчык стаяў, апусціўшы ўніз галаву. Ён цяжка дыхаў – ці то ад страху, ці то ад хвалявання. Адчувалася, што ён вельмі напружаны, але ніякіх рухаў рабіць не спяшаўся. Руды вікінг павысіў голас: “Ну, ты будзеш нам іграць ці не?!” Хлопчык раптам адскочыў у бок. Шырока расставіў ногі, заплюшчыў вочы і нерухома стаяў некалькі імгненняў. Потым, не расплюшчваючы вачэй, паднёс маленькую дудку да вуснаў, і зноў стаяў, нібыта чакаючы патрэбнага моманту, каб зайграць. Ён згарбаціўся, уцягнуў галаву ў плечы, і чакаў, чакаў, гіпнатызуючы сваім чаканнем і ўсіх астатніх. Як не сачылі за ім ваяры-вікінгі, але ж першы гук заставіў іх літаральна адхіснуцца, калі хлапец нечакана моцна і пранзальна віскнуў з дапамогай свайго інструмента. Ад напругі юны музыка пачырванеў. Ён зрабіў паўзу, набраў поўныя лёгкія паветра, і зноў выдаў рэзкі, вельмі моцны і высокі гук. Ён працягваў выдзьмуваць гэтыя трывожныя, зусім немеладычныя гукі, падаў на калені, усхватваўся, куляўся цераз галаву. Ён увайшоў у нейкі незразумелы экстаз і дудзеў хвіліну, дудзеў другую, дудзеў трэццяю, чацвёртую, пятую… Руды вікінг таксама пачырванеў і напружыўся, нават неяк ненатуральна надзьмуўся, нібыта разам з хлопцам і яму вельмі цяжка даваліся гэтыя крыклівыя, вельмі трывожныя, занадта нервовыя гукі…
        Мне здавалася, што першы настаўнік па спецыяльнасці мяне адразу неўзлюбіў. Можа быць, таму, што з-за баяна мяне было дрэнна відаць? Ці за тое, што адчуваў сябе вінаватым, што не ўмею на ім іграць? А гэты вялізны чалавек любіў канкрэтыку. “Цягні мацней!” крычаў ён, падыхаючы перагарам, і ператвараўся ў маіх вачах у сапраўднага Змея Гарынавіча з казак, выпуск якіх наладзіла савецкае выдавецтва “Дзіцячая літаратура”. Я ж, як ні намагаўся, усё ня мог ператварыцца у Іллю Мурамца з тых жа сказак, каб спрачацца са Змеем Гарынавічам. Таму з усёй моцы цягнуў мех і выдаваў гукі больш падобныя на нягромкае ржанне каня вядомага багатыра. Чым, напэўна, вельмі раздражняў Гарынавіча (на самой справе настаўніка звалі Леанід Восіпавіч, і ўсё насельніцтва мястэчка ведала яго па мянушцы “Уцёсаў”).
        Леанід Восіпавіч, расхваляваўшыся, што я не дужа добра імітую голас багатырскага каня, выходзіў у суседні кабінет, дзе яго калега выкладаў акардэон. За перагародкай з фанеры, што замяняла сцяну, яны нядоўга абмяркоўвалі некаторыя вытворчыя пытанні, прычым, амаль заўсёды быў чутны ціхенькі звон бутэлечкі аб шкляначку. Ведаеце тост за мелагучнасць беларускай мовы? …“Ці лілі, ці не лілі? Ці лілі, ці не лілі?”… Чамусьці ўсё, што адбывалася ў той час з маім настаўнікам зараз асацыіруецца ў мяне з гэтым выдатным беларускім музычным тостам. Калі настаўнік вяртаўся, то дыхаць было ўжо ўвогуле праблематычна, таму што з роту ў яго вылятаў амаль што сапраўдны агонь, які, здавалася, выпальваў увесь кісларод вакол Леаніда Гарынавіча і яго колішняй ахвяры.
        …Вялізны чалавек з рудой барадой і раскудлачанай шавялюрай тога ж колеру спрытна насіўся па паляне і паміж бліжэйшымі дрэвамі. Ён раз’юшана крычаў: “Шчанюк! Я цябе навучу, як паважаць старэйшых! Ты, напэўна, хацеў мяне абразіць! Клянуся Одзінам, у цябе гэта не атрымаецца!..” Але той, каго ён так прагнуў дагнаць быў маладзейшы, спрытнейшы, нашмат больш лёгкі. Да таго ж маладому хлопцу, які прыціскаў да грудзей свае дудкі, дадаваў моцы страх апынуцца ў руках раз’юшанага варвара. Астатнія вікінгі са смехам назіралі гэтую пагоню і толькі выкрыквалі: “Ды пакінь ты яго, Дацкая Галава! Мы ж табе казалі, што гэта сын Густафа, вельмі дзіўны скальд! Ты ж сам і напрасіўся на яго музыку!..”
        Апісваючы ў такіх фарбах свайго першага музычнага настаўніка, я карыстаюся зараз, ўсё ж, дзіцячымі ўражаннямі. Нікуды не дзець пэўны перыяд “вогнепаклонства” майго выкладчыка, але ўвогуле гэты чалавек быў нядрэнным спецыялістам, зусім не апошнім у нашай музычнай школе. Які, да таго ж, у свой час, у сярэдзіне 60-х гадоў, гэтую школу (разам з калегам па суседняму кабінету) ўласнаручна пабудаваў. Пазней мяне яшчэ вельмі ўразіў той факт, што ў сваёй працоўнай кніжцы Леанід Восіпавіч меў толькі адзін запіс: ён быў прыняты на працу пасля заканчэння музычнага вучылішча, а праз сорак з нечым гадоў зволены ў сувязі з выхадам на пенсію. Для мяне, з маімі дзясяткамі працоўных запісаў з розных гарадоў і з самых разнастайных арганізацый, гэта быў узорна-паказальны выпадак.
        Вяртаючыся да адноснай храналогіі, калі праз гадоў пятнаццаць пасля сумнага досьведу абучэння на баяне, я ўладкаваўся на працу ў тую ж школу выкладаць гітару, мы сябравалі з Леанідам Восіпавічам, і я часта заходзіў да яго ў кабінет. На яго пытанні “Як жа такое здарылася?”, я заўсёды адказваў: “Не турбуйцеся, Леанід Восіпавіч, гэта не той выпадак, калі здарылася нешта жудаснае...”
        …Матт Густаффсон утрымліваў увагу залы больш за гадзіну. Так, былі тыя, што зыходзілі – дзесятка з два чалавек не здолелі праслухаць да канца вельмі спецыфічную праграму зоркі сусветнага фры-джаза. Напрыклад, бабуля, якая прывяла на сапраўдны джазавы канцэрт унука-саксафаніста гадоў дзесяці, усяго пакрытага вяснушкамі, патрапіла ў крыху няемкае становішча. Калі зала заціхла ў чаканні першага твору, маленькі хлопчык, зразумела, таксама чакаў свайго адкрыцця. Але калі спадар Густаффсон выдаў першыя гукі і заціх, набіраючыся моцы, каб зайграць далей, хлопчык міжволі, цалкам шчыра, на ўсю залу сказаў: “Бабуля, дык ён жа іграць не ўмее…” Бабулю такое адкрыццё не надта ўражвала, яна ўпарта спрабавала разабрацца з гэтым пытаннем яшчэ хвілін пятнаццаць-дваццаць. Але яе нервовая сістэма больш вытрымаць не магла – яны з унукам пакінулі залу.
        У вяснушчатага хлопчыка, які стараўся не адставаць ад бабулі, увесь час было нейкае дзіўнае адчуванне. Ён даганяў яе і спрабаваў зазірнуць у вочы. Але бабуля (якая, дарэчы ўяўлялала сабой высокую прыгожую жанчыну, рудавалосую, скандынаўскага тыпу – яе продкі былі аднекуль з Даніі) упэўнена крочыла да аўтамабільнай стаянкі, і, здавалася, не звяртала на ўнука ўвагі. А хлопчыку так карцела пагаварыць з ёй на тэму сустрэчы з дзіўным саксафаністам. Але ён ніяк не мог сфармуляваць свае думкі наконт таго, што даўным даўно, значна болей часу таму, чым ён жыве на гэтым свеце, нешта падобнае на сустрэчу з такім самым дзіўным музыкам ужо аднойчы адбывалася…

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.