РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Telecaster
1
        Праз дваццаць год пасля апошняй вайны ў вёсцы Прыбар яшчэ не было электрычнасці. Тагачаснае кіраўніцтва дзяржавы вызначыла агульны тэрмін “неперспектыўныя” у адносінах да невялікіх пасяленняў, і Прыбар апынуўся ў гэтай непаспяховай катэгорыі. Ня гледзячы на гэта (дзякуючы гэтаму), вёска стаяла сабе на беразе Дняпра, жыла ў поўнай гармоніі з акружаючым асяроддзем, ды ў адпаведнасці з набытым у папярэдніх стагоддзях досведам выжывання.
        Бацьку, пасля заканчэння лесагаспадарчага факультэту, па размеркаванні накіравалі ў прыбарскае лясніцтва. Яго маладая жонка, то бок мая маці, да таго, як нарадзіла мяне, ўладкавалася на працу ў вясковую краму. Тэрмін пасляродавага адпачынку быў не больш за два месяцы. Далей можна было не працаваць, але і дапамогі ніякай не прадугледжвалася.
        Маці зноў пачала гандляваць у краме праз пару месяцаў пасля родаў. У вечары кожнага дня працягвала прадаваць прама з хаты, куды забірала тавар з працы. Хата стаяла недалёка ад крамы. Тавар быў вядома які – хлеб ды гарэлка.
        Напэўна ўжо на трэццім месяцы жыцця я дакладна спазнаў, што такое сапраўдны прыдняпроўскі блюз. Адна са звычайных карцінак таго часу: да мамы ў краму заходзіць вусаты, барадаты дзед. “Галя! Іду міма вашай хаты, чую малеча моцна крычыць! Я зайшоў у пакой, пагайдаў, паразмаўляў з ім… Але ўсё роўна крычыць!..” Мама вешае на дзверы крамы аркушык з настальгічным для кожнага савецкага чалавека надпісам “Буду праз 15 хвілін” і бяжыць мяне карміць.
        Адзіны чорна-белы фотаздымак тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят пятага года захаваў наступны момант: на драўляным ганку вясковай хаты мама трымае мяне на руках. Яна ў прыгожай сукенцы. Лёгкая хустачка, завязаная сзаду, ахоплівае галаву. Мы жмурымся ад сонца. Магчыма, нядаўна прайшоў дождж, таму што босыя маміны ногі па шчыкалатку ў гразі. Праз дваццаць гадоў пасля апошняй вайны ў вёсцы Прыбар не было яшчэ і дарог…
        Бацька быў першым чалавекам у вёсцы, хто набыў тэлевізар. Калі праблема бездарожжа сяк-так вырашалася, і тэлевізар усё ж патрапіў дадому, то без электрычнасці абыйсціся было не магчыма. Адзіным выйсцем стаў перасоўны электрарухавік, які тата заводзіў, як мага далей ад хаты, каб ён не заглушаў гук тэлеэфіра. За першыя дні тэлесеансаў у бацькоўскай хаце перабывала ўся вёска. Невядома, наколькі тата тады ўсведамляў, што стаў сваеасаблівым распаўсюджвальнікам тэлехваляў у сваім рэгіёне. Хутчэй за ўсё не завастраў на азначаным моманце ўвагі. У тыя часы, дарэчы, гэта была вельмі папулярная тэма, сапраўдная мода ў галіне найноўшых тэхналогій – магчымасць перадачы інфармацыі з дапамогай тэле- і радыёхваляў вакол зямнога шара, у стратасферы, у космасе. Ідэя захватвала думкі звычайных людзей, простых будаўнікоў вялікай сацыялістычнай будучыні краіны саветаў.
        Хаця, шчыра кажучы, мода гэта датычылася і ўсяго астатняга свету, і гадоў за дзесяць да вышэй узгаданых падзей, у супрацьлеглым лагеры міравой палітыкі, нават па геаграфічным размяшчэнні, амерыканец Ліо Фэндэр зарэгістраваў назву аднаго са сваіх вынаходніцтваў: электрагітары з цэльным корпусам “Fender Telecaster”. Крыху раней ён спрабаваў зарэгістраваць для гэтага інструмента брэнд “Broadcaster” (што азначае “той, хто распаўсюджвае радыёхвалі”), але вядомая фірма па вытворчасці барабанаў ужо запатэнтавала такую назву і адсудзіла сваё права яе выкарыстоўваць. Таму, суадносна з нарастаючай папулярнасцю тэлебачання, наступным крокам у распрацоўцы брэнда Ліо Фэндэр вырашыў выкарыстаць назву новай ступені інфармацыйных тэхналогій - “Telecaster”. Што адпавядае словаспалучэнню “той, хто распаўсюджвае тэлехвалі”. Пазней гэты вядомы канструктар электрагітар прыдумаў назву “Stratocaster” для сваёй наступнай распрацоўкі.
        Як дзіўна ўсё пераплятаецца ў гэтым свеце – значна пазней я адыграў шмат блюзавых канцэртаў менавіта на “стратах”. А бацька ўжо ў сталым узросце ўспамінаў, што далучыўся да сапраўднай таямніцы перадачы і прыёму тэлехваляў на вялікія адлегласці, калі наладзіў сваеасаблівы фізіка-бія-тэхнічны ланцужок: крыніца энэргіі – прыймач тэлехваляў – аператар, кіраўнік працэсу. Лічы, сапраўдны “тэлекасцер”.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.