РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адвечная песьня
 
У дванаццаці праявах
1
I. ХРЭСЬБІНЫ
        
        Вясковая ўбогая хата. Ноч. Усе сьпяць. У асінавых начоўках, аберчанае зрэбнымі пялёнкамі, ляжыць дзіцянё. Над ім зьяўляюцца цені і пяюць.
        
Ж ы ц ь ц ё 
 
Ўсясільнай рукою тварэньня
Даю яму права ісьненьня,
        На ўласнасьць ваду і зямлю,
        Душу яму такжа даю.
 
Пад ўладай сваёй будзе меці
Як ёсьць усё чыста на сьвеце;
        Ён будзе ўсіх чыста дужэй,
        Ён будзе ўсіх чыста мудрэй.
 
І рэкі, і долы, і горы
Яго будуць слухаць з пакорай;
        Там высуша, там правядзе,
        Там зрые, а там узьнясе.
 
Лясы ён аберне на поле,
Ўсялякія ўстроіць будоўлі:
        Сьвятыні пад неба зірнуць,
        Цямніцы пабелай бліснуць.
 
Так будзе ён царам прыроды,
Сам найдасканальшага роду,
        I будзе цар гэты навек
        Названьне насіць – чалавек.
 
Д о л я 
 
Яму буду я напяваці
Аб радасьці, славе, багацьці,
        Дзе шчасьця палае прасьвет,
        Як самага сонейка цьвет.
 
Ён, чуючы гэтыя песьні,
Ня раз загалосіць балесьне
        I страшнай азьвецца кляцьбой,
        Бязьсільны жыць вечна са мной.
 
I стане ганяцца за мною
Ён думкамі, сэрцам, душою, –
        Я, песьню прапеўшы, ўцяку
        Ці ў поле, ці ў лес, ці ў раку.
 
I будзе так жыць і маліцца,
Сваёю няўдачай хваліцца
       Стварэньне жыцьця – чалавек,
       Аж ляжа ў зямельку навек.
 
Б я д а 
 
Во! тутка маё панаваньне!
Са мной ён і ляжа, і ўстане.
        Вясна, лета, восень, зіма –
        Я зь ім, як царыца сама.
 
Напрасна мяне будзе гнаці:
Зь ім буду за хатай, у хаце,
        I так ён зжывецца са мной,
        Што стану яго я душой.
 
На плечы ўзвалю горб вялікі,
Абую ў лазовыя лыкі,
        Як ночай, хай блудзе па дню, –
        Прасьветласьць я выдзеру ўсю.
 
Г о л а д   і   х о л а д 
(разам)
 
Мы будзем хадзіць за ім парай,
Наводзіць балесьці і хмары,
        Душой і хацінай трасьці,
        Адвечныя казкі плясьці.
 
Хай чуе і сілен, і молад,
Як страшан і голад, і холад,
        I рыне ў магільны пясок
        Празь сьцюжу, праз хлеба кусок.
 
Х о р 
 
Гэй, спраўма над ім тут хрысьціны
Сьлязы і крыві церушынай!
        Хай будзе ні мал, ні вялік,
        Няхай носіць імя: Мужык.
        
        Дзіцянё заплакала; цені разьбягаюцца і нікнуць.
        
        
        
II. НА СЛУЖБЕ
        
        Дворны папар, лагі. Недалёка лес. Дзень хмуры; слата. Пасецца скаціна; каля яе снуе маленькі пастушок. Апратка ў яго паабрываная. Босы. У зазябнутых руках трымае бяроставую трубу. Зь лесу дарогай паказваецца кабеціна – яго матка.
        
П а с т у ш о к 
 
Ў сваёй хатцы і пры матцы
        Жыў ня жыў,
Бяда выпхнула бадзяцца,
        Ў сьвет пабрыў.
 
Кожны гоніць, папіхае,
        Свой, ня свой.
Ой ты, служба, ой, благая,
        Божа мой!
 
Ой ты, доля пустасейна!
        Рад, ня рад;
Далі кут, і той ня пэўна –
        Да Каляд.
 
Нясуць хлеба ці да хлеба
        I глядзяць:
Ведай, есьці шмат ня трэба...
        Ўзяць?.. ня ўзяць?
 
Воўк, ваўчыха за зарою
        Завядзе...
Ні прыстаньня, ні спакою,
        Ой, нідзе.
 
М а т к а 
(падыходзячы)
 
Што ня весел так, сынулька
        Мой жа ты?
Табе кланяўся татулька
        I браты.
 
Гавары ж ты мне, мой мілы,
        Родны мой,
Як там служба, як там сілы,
        Як зь ядой?
 
Ці кусочак калі ласы
        Паднясуць?
Ці ня крыўдзяць калі часам,
        Ці ня б’юць?
 
Калі ж прыйдзе тое сьвятка
        З ласкай тэй,
Не расстанешся ты з хаткай
        Са сваей?
 
П а с т у ш о к 
 
Як у служкі сходзяць леты –
        У пастуха,
Пытай, маці, птушкі гэтай –
        Канюха.
 
Запытайся гэтай хмары –
        Гэтых сьлёз,
Гэтай кветкі на папары –
        Гэтых лоз,
 
Гэтай грушы сярод поля
        I балот:
Яны ўсе аб маёй долі
        Вядуць шчот.
 
М а т к а 
 
Не хачу я іх пытаці,
        Мой сынок,
Не пацешаць яны маці,
        Сакалок.
 
Калыхала, гадавала,
        Як магла,
А цяпер што дачакала?
        Што найшла?
 
П а с т у ш о к 
 
Ня плач, маці, і ня злуйся
        На жыцьцё,
Як я ў сілачку ўбяруся,
        Змагу ўсё.
        
        Вечарэе. Пастушок гоніць скаціну дамоў. Маці, пахліпваючы, ідзе ўсьлед за ім.
        
        
        
III. ВЯСЕЛЬЛЕ
        
        Хата ў маладога. Шмат народу. Стол повен гарэлкі і ўсялякай яды. За сталом сядзяць на лавах: сват, свацьця, маладыя, закосьнік, маршалак, дружкі і прыданыя; усе вясёлыя. Музыка, гульня.
        
С в а т 
 
Вось дзе, братцы, разгуляцца!
Вось пацешыцца калі!
Хоць бярыся распраніся
Ды упрысядкі валі!
 
Звоняць чаркі, трашчаць скваркі,
Лопат, гоман, сьмех і крык.
Во! сяло дзе ходам ходзіць,
Гора дзе забыў мужык!
 
Гасьцей поўна, усё роўна,
Як дзе сходка ці кірмаш.
Ёсьць Марыся, Дамініся,
Юрка, Саўка і Тамаш.
 
Як належа, ў скрыпку рэжа
Наш музыка, наш Аўлас;
За ім сьледам, як за дзедам,
Б’е у бубен Апанас.
 
Трыльля! трыльля! вось кадрыля,
Вось лявоніха ідзе,
Валяць проста, як бы з моста,
Як ніколі, як нідзе!..
 
С в а ц ь ц я 
 
Вось забава! вось так слава
Маладому, маладой!
Усё ладам і з парадам
I пастаўлена парой.
 
Кругом шчыра, сала, сыраў –
Хоць ты сьліну палыкай,
Тоўста, густа хлеба лустаў –
А пірог! а каравай!
 
Дзеўкі з твары; як бы ў жары,
Як бы сонца касьнікі,
Ну, а мальцы – ліжы пальцы!
Вось яны! Вось дзецюкі!
 
Ненарокам, бокам-скокам,
Не гулялі так даўно.
Гоп-ля! сваце, паскакаці!
Ну вясельле! ну яно!
 
М а л а д ы 
 
Хто вясёлы, хоць і ў горы,
Таму слава, таму чэсьць.
Чым багата, рада хата,
Не жалейце піць і есьць!
(Да маладой.)
 
Ты, сястрыца, дось смуціцца,
Уздыханьне ў кут пашлі,
Еш, лябёдка, запі водкай,
Душу песьняй весялі!
 
Кончым зараз гэты галас,
Гульня пойдзе за нішто;
Зажывём мы па-сваёму,
Як ніколі, як ніхто.
 
М а л а д а я 
 
Гуляй, мілы, колькі сілы!
Не ўважай нуды маей:
Я паплачу, знамо, бачу
Чужу хату і людзей.
 
Чужа хатка, бацька, матка,
Сама тутка першы раз;
Ныюць грудзі, што то будзе?
Што чакае ў жыцьці нас?
 
Х о р 
 
Рэдкі сьмехі і пацехі,
Часты сьлёзы і бяда!
Ё часіна, ё скрыпіна –
Весяліся, грамада!
        
        Сват вылазіць з-за стала і сыпле лявоніху са свацьцяй; за ім малады з маладой і ўся дружына.
        
        
        
IV. ВЯСНА
        
        Раніца. Вясковая хата: выгляд непрытульны і ўбогі. Праз маленькае аконца прабіваецца бледнаваты бляск. Цемнавата. Мужык сядзіць на палу, зьвесіўшы ногі, курыць люльку і глыбока нешта думае. Уваходзіць Вясна: на галаве ў яе з курасьлепу і пралесак вянок, у руках разарваны ланцуг.
        
В я с н а 
(з рызыкай, тоненькім
голасам)
 
Ну, як дуж, мужычок?
К табе ў госьці іду.
I каб жыва, набок!
I бяду, і нуду!
 
Пра тры вочы са сну,
Марш к другому жыцьцю!
Ладзь саху, барану
І сявалку сваю!
 
Ўжо прасохла ральля,
Ўжо рунее трава,
К сабе кліча зямля –
Ты ў яе галава.
 
Табе рэчкі бурляць,
Табе кветкі цьвітуць,
Табе пушчы шумяць
I зязюлі пяюць.
 
Ды і сонца, глядзі,
Гэтак сьвеціць ня зра.
Ну ідзі! ну ідзі!
Араць, сеяць пара!
 
М у ж ы к 
(штохвіля ўздыхаючы)
 
Ўжо ўстаю, ўжо іду,
Ясна пані Вясна,
Толькі вось, на бяду,
Зерня к севу няма.
 
Трохі нешта было,
Што мне Восень дала,
Вось Зіму нанясло,
I ўсё чыста зьвяла.
 
А пасьледні мяшок
К Калядам я змалоў
Цяпер сьвіран і ток
Як хто махалам зьмёў.
 
I сам сеяць я рад,
Ды, як бачыш, з Каляд
Усё выбраў да дна.
Ой, Вясна! ой, Вясна!
 
В я с н а 
 
Што мармочаш ты там?
Няма часу чакаць, –
Табе раду я дам,
Як бяду ашукаць.
 
Асьмель трохі сябе,
Пыху з сэрца зьнімі
I насеньне к сяўбе
З магазына вазьмі.
 
Браць ня прыйдзецца шмат,
Які пудзік, другі,
Бо, як чула я, брат,
Шнур твой вельмі вузкі.
 
М у ж ы к 
 
Міла рада твая,
Ясна пані Вясна,
Дый, як сьвет пазнаў я,
Мне вядома яна.
 
Знаю я магазын,
Толькі зь ім з году ў год
Адзін выхад, адзін:
Недарод, недарод.
 
В я с н а 
 
Бог з табой! – я іду
Падаць Лету наказ;
Адно с кем: я ў гаду
Не бываю двух раз.
        
        Адыходзіць. Мужык злазіць з пала, бярэ з калка хамут і дугу, выходзіць з хаты. Сонца прыветліва заглянула ў аконца.
        
        
        
V. ЗА САХОЮ
        
        Поле. Неба яснае. У недалёкай зялёнай дуброве кукуе зязюлька. Мужык арэ. Конік, малы і худы, штомінуту прыпыняецца. Над галавой аратага пяюць жаваранкі. Гасьцінцам прыбліжаецца падарожны.
        
А р а т ы 
(ходзячы за сахой)
 
Гэй жа, баразною,
Косю мой маленькі,
Гэй жа, за сахою,
Селянін худзенькі!
 
Гэткае раздольле
На усе староны!
Выарам мы моле
У скібіны, ў загоны.
 
Зерне ў полі зложым
Жменяй спрацаванай;
Зарунейся збожжам,
Цьмяная паляна!
 
Пройдуць гэтта людзі,
Бедны і багаты.
Дзіўна, дзіўна будзе,
Што зрабіў араты?
 
Гэй жа, баразною,
Косю мой маленькі!
Гэй жа, за сахою,
Селянін худзенькі!
 
П а д а р о ж н ы 
(падбліжаючыся)
 
Гэтак зь песьняй, гэтак,
Зь верай і надзеяй
Кожны свой палетак
Хай арэ і сее!
 
Ці дождж залівае,
Ці вецер бушуе,
Птушка ані дбае,
Гнёзды ўе, будуе.
 
Не пытаў араты
Свайго шчасьця, долі.
Што дадуць зярняты,
Кінутыя ў полі.
 
Гэтак зь песьняй, гэтак,
Зь верай і надзеяй
Кожны свой палетак
Абарэ, засее!
 
А р а т ы 
(як бы сам да сябе)
 
Тупы штось нарогі,
Конь ісьці ня хоча,
Млеюць рукі, ногі,
Пыл засыпаў вочы.
 
Ліха чуць старое –
Ломіць косьці, грудзі.
Жонка, як на тое,
З полуднем марудзіць.
 
Гэй, спачыньма, косю!
Люльку закуру я,
Можа, праца посьле
Лепш памашыруе.
 
П а д а р о ж н ы 
(мінаюны аратага, кланяецца)
 
Памажы вам Божа,
Спрацаваны браце!
Выараў прыгожа, –
Толькі засяваці.
 
Знаць, жывеш шчасьліва,
Маеш хату, поле...
Дзе ж мой дом? дзе ніва?
Доля ж мая, доля!
(Ідзе далей )
 
А р а т ы 
 
Ён ідзе і плача,
Я плачу парою...
Эй, ты, небарача,
А дзе шчасьце тое?
        
        Выпрагае каня. Жонка ў спарышах прыносіць полудзень.
        
        
        
VІ. ЛЕТА
        
        Поле. У далі кругом чарнеюцца лясы. На ўзьмежку пад дзікай грушай сядзіць, задумаўшыся, Мужык, напроці яго вёска, далей гасьцінец і двор, акружаны прысадамі і садамі. Налева залітая паводкай сенажаць, направа абсеяныя шнуры; ярыну ўсю пакрывае сьвірэпка, жыта напал з гірсой і званцом пагерсана градам. З усходу на небе падымаецца хмара – чуваць гром. К Мужыку падыходзіць Лета, трымаючы ў адной руцэ серп, а ў другой касу.
        
Л е т а 
 
Што задумаўся так, Мужычок?
Варта глянуць крыху весялей!
На! касу, малаток і брусок,
I сярпок на! для жонкі тваей!
 
Званцом шастае ўжо сенажаць,
Цецярэе жытцо і ячмень;
Час на гвалт і касіці, і жаць:
Не на тое настаў Пятроў дзень.
 
Час такі: ад зары да зары...
Калі ўздумаеш сілы жалець,
Дачакаешься гэткай пары,
Што прыпомніць табе гэта клець,
 
Што прыпомняць і дзеткі твае,
I скацінка прыпомніць твая,
А Зіма ж запяе, запяе,
Хоць памры – ні жыцьця, ні пуцьця!
 
Бяры ж, на! што табе я даю;
Спадкі мне адказала Вясна.
Ідзі працу зьбіраці сваю,
Сваё дзела даводзь да канца!
 
М у ж ы к 
(водзячы блуднымі вачыма)
 
Што? куды ты мне кажаш ісьці,
Лета яснае, жаць і касіць?
Лёгка песьні такія вясьці,
Але спробуй на дзеле пажыць.
 
Свой лажок я падчысьціў вясной;
Сеяў шнур – у доўг даў магазын, –
Цяпер, глянь! луг занесен вадой,
Колас, глянь! ці ёсьць цэлы адзін.
 
Еў, ня еў, ці адзет, не адзет,
Да ўсяго я ахвотны ў людзей;
З маёй сілаю лічыцца сьвет,
Чым жа, чым я на ніве сваей?
 
Не ўзьнімаецца к працы рука:
Апрацівела гора, жыцьцё.
Эх ты, доля-бяда мужыка,
Ой ты, Лета, ой, Лета маё!
 
Л е т а 
 
I ня стыдна ж табе век-вяком,
Хоць і дуж, як той дуб векавы,
Вясьці гутарку ўсё са плачом,
Ніжэй гнуцца павялай травы!
 
Нараканьнем ня зможаш бяды,
Хоць дзень, ночь наракай, небарак:
Шчасьце ходзіць гады у рады,
Абмінаючы вёску ўсяляк.
 
Вось, як ведаеш, я ў цябе госьць,
Не драмлі ж, як пад лавай тапор,
Заработкі ў дварэ, чула, ёсьць,
Шнур зьбірай свой ды жыва у двор!
 
М у ж ы к 
 
Двор я знаю даўно, ой, даўно!
З году ў год я там сілу ўсю ўпёк;
Калі ж гляну, выходзіць адно:
Пуста хата, сьвіронак і ток.
 
Вынімала мне паншчына дух,
Зжыў яе – думаў, воля дасьць хлеб,
I ці зьвёў, ці ня зьвёў той ланцуг,
Як за паншчынай, бедзен і сьлеп.
 
Л е т а 
 
I паехаў жа, братка ты мой...
Невялікі, знаць, толк выйдзе ў нас:
На касу, серп – ваюй хоць зь бядой!
Іду Восені выслаць наказ.
        
        Кідае касу і серп Мужыку пад ногі і адыходзіць. Мужык вострыць касу, прабуе на ўзьмежку і, мінаючы вёску, ідзе ў двор. Бура пачынаецца на добрае; бліскае маланка; штораз мацьней грыміць гром. Б’е пярун. Пасыпаўся дождж з градам.
        
        
        
VІI. КАСЬБА І ЖНІВО
        
        Сенажаць і поле, што каля грушы. Гарачыня стаіць нязносная. Мужык, расхрыстаўшыся, косіць. Жонка ў адной кашулі жне; пры ёй на козлах, абвешаных пасьцілкай, вісіць у начоўках дзіцянё; двое меншых поўзае ўсьлед за маткай.
        
М у ж ы к 
(абціраючы потрукавом)
 
Эх, труды, труды
        Непазбытыя!
Эх, каса, каса,
        Потам зьлітая!
 
І калі ж з табой
        Мы, сталёвая,
Здабываць пайдзём
        Шчасьце новае?
 
Век зьвініш, сьвішчыш,
        Адкляпаная,
Век плыве сьляза
        Неўніманая.
 
Там гудзе віхор,
        Лес хістаецца;
Там пяе касец,
        Пацяшаецца.
 
Эх, труды, труды
        Непазбытыя!
Эх, каса, каса,
        Потам зьлітая!
 
Ж о н к а 
(абкручваючы нагу,
параненую аржоньнем)
 
Не палі агнём
        Гэтак, сонейка!
Не калі мне ног
        Так, аржонейка!
 
Трудна сьпіну гнуць
        Спрацаваную,
Каласы зьбіраць
        Паваляныя.
 
Дабрыцом-сьцяной
        Не пахвалішся,
Кроў і пот ліеш,
        Заліваешся.
 
Ўсюды Бог гасьціў
        З сваёй ласкаю,
Толькі крыў, мінуў
        Ніву хамскую.
 
М у ж ы к 
 
Ужо каса мая
        Прытупілася:
Не бярэ сіўца,
        Замарылася.
 
Пакляпаць пайду
        Там на межачцы
I бруском зьвяду,
        Як належыцца.
 
Дый ў ход зноў пушчу
        Пад песьнь сьлёзную,
Хай зноў бачыць сьвет
        Сілу грозную.
 
Ж о н к а 
(выцягваючы стрэмку з пальца)
 
Дзіцянё у казлах
        Адзываецца;
Пагляджу пайду,
        Як там маецца.
 
Ох, каб так шнурок
        Свой счырыкалі!
Ўжо за пашу у двор
        Адбыць клікалі.
 
М у ж ы к   і   Ж о н к а 
(разам)
 
I жыцьцё ж, жыцьцё
        Беспрасьветнае!
Ці ня лепей ты,
        Апраметная!
        
        Мужык садзіцца кляпаць касу, а жонка ідзе к козлам і корміць грудзёй дзіцянё.
        
        
        
VIІI. ВОСЕНЬ
        
        Досьвітак. Ток. Бледна курыцца на сьцяне газоўка. Мужык малоціць. Цэп гудзе. Яму, глуха заводзячы, падцінае вецер. Дзьверы адчыняюцца, уваходзіць Восень. У адной руцэ трымае пук усялякіх павялых зёлак, у другой – пусты мех.
        
В о с е н ь 
 
Я усюды хадзіла,
Я усюды была,
Як дзе што урадзіла,
Я рахунак вяла.
 
I к табе во зайшлася
Паглядзець, запытаць,
Як ты жыў, як спраўляўся,
Што відаць, што чуваць?
 
Вясна, Лета блудзілі
Па ўсёй чыста зямлі;
Ці ж пароўні дзялілі,
Роўна ўроду нясьлі?
 
Цябе з краю да краю
Было ўсюды ўдаволь:
Даказаў дзіваў, знаю,
Твой і пот, і мазоль.
 
Дык як з кормам? як жыта?
Двор то мае чым жыць:
Сенам пуня набіта,
З дабром ток аж трашчыць.
 
М у ж ы к 
 
Восень, ясная пані,
Глянь! я лгаць не хачу –
Да паўзімкі ня стане,
Як лічу, не лічу.
 
Няма штосьці ўмалоту,
Ды і што малаціць?
Копкі дзьве акалоту,
Грэчкі з возік ляжыць.
 
З копку яркі, ячменю,
Трохі сена, аўса...
Вось і хлеб, і насеньне,
I за труд плата ўся!
 
Пры стале ж сядзе спора
Спажываці дары
Жонка, дзетак сямёра
Ды татуля стары.
 
В о с е н ь 
 
Праўду вашэць гамоне:
Бог ня вельмі ўспамог,
Але ты не сягоньня
Так устаў, так і лёг.
 
Вось і сёлета трэба
Дацягнуць да канца,
Прыкупі з пудзік хлеба
Да пазыч з воз сянца.
 
Пудзік хлеба зь мякінай,
Груцы, бобу крыху,
Якой бульбы асьміну –
Ці ж ня дось мужыку?
 
М у ж ы к 
 
Ну і рада, ой рада!
Дакупіць, дакупіць!..
Дзе ж капейка у "гада"?
Дзе яго скарб ляжыць?
 
На насеньне, на страву
Трос вясной кішанёй,
Летам штраф за "патраву";
Воласьць не за гарой.
 
В о с е н ь 
 
Як гляджу, ўсё находжу
Недастаткі адны,
Будзь здароў! Я адходжу
Да суседкі Зімы.
        
        Выходзіць. На дварэ вецер вые штораз мацьней. Каплі сьцюдзёнага давджу шлёпаюць аб гнілыя сьцены. Мужык набірае ў рэзгіны вязку саломы і ідзе даваць скаціне. Дзьверы са скрыпам зачыняюцца.
        
        
        
IX. СЬВЯТА
        
        Хата, што і вясной. На стале ляжыць стус зачаных бліноў. На палку ляжаць двое хворых дзяцей; другія босыя і ў адных кашулёнках коўзаюць каля маткі па хаце. На печы крэкча бацька стары. Мужык сядзіць на лаве і пад нос мармоча.
        
М у ж ы к 
 
Ну, ламака, ну, хамула!
        Ці ж стагнаць ня годзе?
Што мінула, то мінула,
        Болей не прыходзіць.
 
Пёкся, пёкся вясну, лета,
        Аж толькі дзяржыся,
А цяпер спачынь за гэта
        Ды павесяліся.
 
Трохі жонка хваравіта,
        Трохі хворы дзеці,
Выпі чарку! ну і квіта!
        На што там глядзеці?
 
Юрку варта бы да школы,
        З гора, пасылаці!
Ня шлі: будзе, як ты, голы,
        Хай сядзіць у хаце...
 
Насьці трэба чаравікі,
        Кажушок Сымонку,
Ну, на гэта час вялікі...
        Пара ж і ў карчомку!
 
Ж о н к а 
 
Што ты там бурчыш пад носам?
        Скрабеш каля вуха?
I ўдаеш паглядам косым
        Вялікага зуха?
 
"Пагуляці... да карчомкі..."
        Вось дык малайчына!
А дзе лапці ў тваёй жонкі?
        Дзе дровы, лучына?
 
Трэба новае карыта,
        Каптан Зосі трэба,
Просіць фельчара Мікіта –
        Ўжо ня есьць і хлеба.
 
Не табе спачыць, хамуле,
        Не табе сьпяваці,
Не да сьмеху, не да гуляў,
        Калі бяда ў хаце.
 
С т а р а с т а 
(уваходзіць, трохі падпіўшы, зь нейкай
сьмешнай важнасьцю і строгасьцю)
 
Вось і трапіў к вам нарэшце...
        Ну рыхтуйся, братка!
Кішанёй мусіш патрэсьці:
        Трэба нам падаткаў.
 
Трэба чыншу, трэба "пені" –
        Быў прыказ з павету,
Каб за тыдзень непраменьне
        Ўнесьці дробязь гэту.
 
Дык спраўляйся ж і то лоўка!
        Бо ня жыць і ў хатцы,
I з апраткай, і з кароўкай
        Прыйдзецца расстацца.
 
М а г а з ы н ь н і к 
(уваходзіць таксама п’янаваты)
 
Пахвалёны вам, суседзе!
        Як дуж, як здароўе?
Ўжо і зімка да нас едзе –
        За даўгом прыйшоў я.
 
Аўса бочку, чвэрць ячменю,
        Са дзьве чвэрці жыта
Аддаць мусіш непраменьне –
        Тады будзе квіта.
 
М у ж ы к 
 
Ну і што? і больш нічога?..
        I дакуль так будзе?
Ані сэрца, ані Бога...
        Ну жыцьцё, ну людзі!
        
        Хватае за шапку і ўцякае са сваёй хаты. Жонка ўцірае хусткай сьлёзы. Стараста і магазыньнік высоўваюцца на двор.
        
        
        
X. ЗІМА
        
        Лес. Унізе на дрэвах вісіць кругом шэрань. Мужык у палатаным кажуху, у лямцовай шапцы стаіць па калені ў сьнезе і сячэ таўстую хвойку. Здаля прыбліжаецца Зіма. У яе ў адной руцэ кавадла і молат, у другой жмут жалезных путаў. Як ідзе, молат ударае аб кавадла, а ланцугі бразгаюць.
        
З і м а 
 
Як жыў, як дуж, як маешся?
Ці жыці не дакучыла?
Усюды я шатаюся
I да цябе во лучыла.
 
Кандалікамі звонячы,
Іду к табе – ўсясільная,
На долю тваю помнячы,
Іду к табе – магільная.
 
Над цэлай над старонкаю
Я паняй разгасьцілася;
Мой сьнег ляжыць пялёнкаю,
Ў мой лёд рака пакрылася.
 
Гуляю я з марозамі,
Гуляю я са сьцюжамі,
Сьмяюся я над сьлёзамі
I ўсіх, і ўсё я дужаю.
 
Кінь выгляд акалелага,
Прысядзь во на калодачцы!
Крапчэй ты сьвету цэлага,
Ну, што? Каб нам паходацца?
 
М у ж ы к 
 
Ой, Зімка, пані ясная!
Ня варта наругаціся,
Прытыкі кінь напрасныя:
З кім тут за плечы браціся?
 
Я зь сілаю разлучаны:
Ў палях, лугах загінута...
Няўдачамі замучаны,
Пацехамі пакінуты.
 
Рукою чуць пакратаю;
Ня муч жа абарванага!
Пад футры йдзі багатыя,
Ў палацы мураваныя!
 
Сям’я мая галодная,
Хаціна мая хіліцца.
Ідзі, Зіма нягодная!
Ня дуж з табою сіліцца.
 
З і м а 
 
Ня дам ніколі веры я
Тваёй брахні ап’янчанай,
Што гора цябе мерае, мо
Што сьлёзамі ты няньчаны.
 
Каму ж тут хвойкі валяцца
Рукою мазалістаю?
I шуркі каму ставяцца
На пасеку на чыстую?
 
Ці ж хата з хвойкі зваленай
Ня грэта, не пастаўлена?
Ці ж пасека ня сеяна,
Сахой тваёй абнесена?
 
М у ж ы к 
 
Туды, ў краі далёкія,
Як дні мінуць кароткія,
Сасоначкі высокія
Плывуць ракой-паводкаю.
 
Гасьцінцамі, дарогамі
У горад шуркі цягнуцца, –
Не за маймі парогамі
Скарб пасечны хаваецца.
 
З і м а 
 
Табе жыцьцё, знаць, сьцелецца,
Як бы сама нуда тая;
Пашлю ўдабаў мяцеліцу,
Няхай зь бядой рассватае.
        
        Адыходзіць. Пачынаецца мяцеліца. Цямнее. Хвойка, падсечаная, з трэскам і грукам валіцца і забівае Мужыка. Стада згаладалых ваўкоў прыбліжаецца к нябожчыку. Лес стогне.
        
        
        
XI. ХАЎТУРЫ
        
        Хата. Насупроць дзьвярэй у белай дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раскідае палок, бярэ дошкі зь яго і робіць века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябожчыку. Жонка галосіць прыгаварвае. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазіць зь печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласьліва вые вецер.
        
Ж о н к а 
 
Амой ты сакалочак!
А мой ты каралёчак!
Ляжыш, ня ўстанеш болей...
О доля ж мая, доля!
 
Бяз часу сьмерць-магіла
Жыцьцё тваё скасіла;
Ў няшчасную гадзіну
Сіротачак пакінуў.
 
Сіроткі ўсе малыя,
I есьць ня маюць тыя,
I дроў няма палена,
I ў пуні няма сена.
 
Як жыў, як ты сьвет бачыў,
Усё ж было іначай,
Ці ў полі ты... ці ў людзі..
Што з намі цяпер будзе?
 
Нашто на сьвет раджацца,
Хто мае зь ім расстацца,
I горкі жаль кідаці
Ўдаве, бацькам, дзіцяці...
 
Б а ц ь к а 
(уціраючы няўзнак сьлёзы)
 
Дзяржыць бяда старога,
Хаваюць маладога;
Забрала дамавіна
Ня бацьку, але сына.
 
Ня месца мне у хаце:
Ня дуж я працаваці;
Пры кім дажыць тут веку
Няшчаснаму калеку?
 
Вазьму я хіба ўнука,
Ці ў сьвет ісьці навука? –
Пайдзём ад хат да хаты
I к бедным і к багатым.
 
Зьбірай, стары, хатомкі,
I зрыўкі, і атопкі:
I жыва з хаты роднай
На сівер на нязводны!
(Выцягвае з-за печы
лахманы і атопкі.)

 
С т а л я р 
(кончыўшы века да труны)
 
Як згаварыці слова,
I века ўжо гатова,
Закрыць дамоўку можна,
Падходзь прашчацца кожны.
 
Падходзь, чужы і хатні,
Заглянуць раз астатні
Вось на таго, што дзетак
Бяз часу кінуў гэтак.
 
Ня кепскім быў суседам:
Шоў прадзедаўскім сьледам,
Ня крыўдзячы нікога;
Цярпеў сам крыўдаў многа.
 
М е н ш ы   с ы н 
(цалуючы нябожчыка ў руку –
да маткі)
 
Чаму, скажы, матуля,
Прыбраны так татуля
Ляжыць у гэтай скрыні
Такі халодны, сіні?
 
Б о л ь ш ы   с ы н о к 
 
Ня лезь ты без патрэбы:
Душа ўжо таткі ў небе.
Ня ўстане і налета;
Памёр ён, значыць, гэта.
        
        Дзеці адступаюцца; падыходзяць прашчацца другія. Сталяр забівае векам дамоўку. Суседзі бяруць нябожчыка на плечы і выносяць з хаты.
        
Х о р 
 
Рай сьветлы, бесканечны
На судзе астатэчным
Дай, Божа, ўсім загнаным
На векі векаў. Аман!
        
        Жонка і дзеці галосяць. Бацька, абвешаны торбамі, забірае ўнука і ідзе ў сьвет. Хата застаецца пустая. Чутны званы. Выюць сабакі.
        
        
        
XII. НА МОГІЛКАХ
        
        Цёмная ноч перад Узьвіжаньнем. Могілкі. Лётаюць совы і кажаны. На паваленым крыжы сядзіць цень Мужыка.
        
Ц е н ь   М у ж ы к а 
 
Што насып размыла жвіровы?
        Што спаць мне ў зямлі не дае?
Чаго кажаны тут і совы
        Зьляцелісь на косьці мае?
 
Прэч, гадзіны, сьліўні, рапухі!
        Хоць згіньце ў праметнай на дне.
Благія і добрыя, духі,
        Прыблізьцеся жыва ка мне.
 
Так спаць неахвота век цэлы;
        Мне хочацца ведаць, пачуць,
Што чутна на сьвеце на белым?
        Патомкі мае як жывуць?
 
Ці досыць ім хлеба, да хлеба,
        Як добра ім плаціць зямля?
Ці ласкі ад сьвету, ад неба
        Ня маюць, як некалі я?
 
Ці песьні пяюць, ці, як мухі,
        Ў цянётах гніюць павука?
I ўсё гаварыце мне, духі,
        Што зроблена для мужыка.
        
        Зьлятаюцца тыя ж самыя духі, што пры хрэсьбінах. Верцяцца каля Мужыка і папераменна пяюць.
        
Б я д а 
 
Мы скажам табе ўсё з ахвотай,
        Па сьмерці тваёй што зайшло:
Ня зломлены к шчасьцю вароты,
        Сьлязы не ўбыло, – прыбыло.
 
Г о л а д 
 
Ўсьміхаюцца пусткай папары,
        Урода ня йдзе, як ня йшла.
Па небе за хмараю хмара
        Плыве і плыве, як плыла.
 
Х о л а д 
 
Хаціна згнівае у плесьні,
        Хаўтурны ня зводзіцца звон,
Пад дзікія ветравы песьні
        Пракляцьця разносіцца стон.
 
X о р а м 
 
Завалены сьцежкі к прасьвету
        Крыжамі бясчасных магіл,
А брат твой, мужык, без прывету
        Ва ўсім гэтым чахне бязь сіл.
 
Д о л я 
 
Табе яшчэ ведаць цікава,
        Што стала з сынамі тваймі?
З усякай вялося ім славай,
        Усяк ім жылося зь людзьмі.
 
Адзін, як і ты, шнур пахае,
        Карчомкай душу весяліць,
Другога чужына змагае,
        А варта пры трэцім стаіць.
 
Чацьвёрты у зьдзеку загінуў,
        За праўду, за крыўду сваю,
Руку адсек пяты машынай
        I торбаю корміць сям’ю.
 
Ж ы ц ь ц ё 
 
Ну, што? Як старонка, як дзеткі,
        Як што між людзьмі, ці зьвярмі?
Я лоўка расставіла сеткі!
        Папробуй расплутай вазьмі!
 
Я сілам цямрычным у рукі
        Няпраўд пустазельле дало,
Хай сеюць зьнішчэньне і мукі,
        Хай корча ўсіх змога і зло.
 
Ц е н ь   М у ж ы к а 
 
Ня міла мне слухаць, ня міла
        Зь зямлі маёй гэткі прывет.
Раскрыйся нанова, магіла:
        Страшней цябе людзі і сьвет.
        
        Магіла раскрываецца. Чутна запяяў недзе певень. Духі разьлятаюцца. Нікне цень Мужыка. Перагукваюцца з зайцамі совы. У паветры лапочуць крыльлямі кажаны і начніцы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.