РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На папасе
 
Абразок з 1906 года
        Вясеньняя ноч. Непадалёк ад гасьцінца – хвойнік. Тры падарожныя зьбіраюць гальлё.
        
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
(прыносячы галіну)
 
I пуста ж, пуста ў гэтым лесе!
Нідзе галінкі не найсьці;
Вось тут абсохні і сагрэйся,
Найдзі дарогу ў беспуцьці.
 
А помню, ўсё было іначай:
Папас тут меў ты як папас;
Нічога воз гальля ня значыў,
Агонь ня зводзіўся, ня гас.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
(кідаючы сук)
 
Цьфу! Каб ты ўсё пайшло тут прахам!
Ну, і галоцяць людзі лес:
Па сук і то зь вялікім страхам
На хвойку чуць я, чуць узьлез.
 
Яшчэ паўгода, год, і будзе
Бяз бліску вогнішча начлег,
Ня раз, ня два хтось блудам зблудзе
Усякай погані на сьмех.
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
(кідаючы лазіну)
 
Вось вам дубец лазы лазою!
З карэньня выдзер як ё ўсю;
Змарыўся, змогся, чуць устою,
Каб толькі выкрасіць агню.
 
Хай блісьне полымя пад неба, –
Пара манаткі абсушыць...
Я падыду па торбу з хлебам,
А вы вазьміцесь распаліць...
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
Я рад бы славы даказаці,
Ды сваю губку замачыў.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А я свой недзе цыр затраціў, –
Даўно і люлькі не курыў.
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Ну, добра! Зараз я вярнуся, –
Запаланее мігам лом:
 
Сярнічак мне дала Кастуся,
Ў мяне яны тут з капшуком.
(Выходзіць.)
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
(к другому)
 
Садзіся, ваша, адпачынем!
Напэўна, спорна умахаў?
Дарожка – хай яна загіне:
Карэньня столькі і канаў!
 
Дух чалавеку ўпрост вымае,
Ня чуеш костачкі аднэй...
Садзіся, ваша, вось дзе з краю,
Ног зацяганых пажалей.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
О, дзякуй, дзякуй, чалавеча!
Я рад спачыну; балазе,
К таму сказаць, і акалечыў
Свой большы палец на назе.
(Садзіцца.)
 
Як неяк холадна на сьвеце,
Хоць май даўно ўжо на дварэ.
Але, але дзе наш той трэці?
Няўжо ўсё хлеб яшчэ бярэ?..
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
(падыходзячы)
 
А вось і я прыйшоў нарэшце!
Крыху задлякаўся з канём.
Агоньчык толечы разьвесьці, –
А там закусім, аддыхнём.
(Дастае запалкі.)
 
Запалім... А! вось і навука!
Што гэта значыла б такі?
Другую маем закаклюку:
Мае замоклі сернікі.
 
Ня дам нічога з імі рады;
Упацёмку трэба папасаць.
Вось не пашэнціла, дапраўды!
Ці ж думаў хто так прападаць?!
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
Э, плюнь, суседзе, на ўсё гэта, –
Каб нам такой бяды павек!
Сьцюдзёна, цёмна, ды ўсё ж лета
Ня счэз ніводзін чалавек.
 
А можа, хто яшчэ над’едзе
I зьніме гэты клопат з нас?
Дый першын я ці што, суседзе,
Ў дарозе мець такі папас...
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Мо помніш леташнюю восень;
Ўвесь сьвет быў глух, і дзік, і пуст;
Шум не сьціхае гонкіх сосен:
Здаецца, плача кожны куст.
 
Здаецца, пеклава вясельле
Ўзьнялося, круціцца, сапе;
Ні бліску зорак, ні прысельля,
Конь толькі пудзіцца, храпе.
 
Цурком дождж льецца, як бы з луба,
Скаголіць вецер, як той зьвер,
А мы пад хвойкамі, аж люба,
Начлег спраўляем, як цяпер.
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
(прыслухоўваючыся)
 
Пастой, суседзе, нешта чую:
Як быццам фыркнуў мой гняды...
Кром нас, ніхто тут не начуе, –
Каб не набраціся бяды?
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
Сядзіце вы, а я падскочу
I кіну вокам на вазы:
Мо сена хто наскубсьці хоча, –
Вось шэльме дам дык дам лазы.
(Адыходзячы, чапляецца лапцем
за сук і валіцца.)

 
А каб цябе паляруш мучыў!
Чуць-чуць не вывернуў нагу...
На сук на самы неяк лучыў.
Ну, ўжо гатова, ўжо бягу.
(Па нейкім часе варочаецца
зь Незнаёмым.)

 
Вось вам і злодзея на рукі
На вашы гэттака здаю...
 
Нямнога меў я зь ім дакукі,
Пачуў ён сілу, знаць, маю.
У спрэчку доўгую ня ўходзіў:
Пайшоў, куды сказаў яму
 
Н е з н а ё м ы 
 
Пакінь плясці! Я вам ня злодзей,
I лаяць так няма чаму.
 
Я гэткі самы падарожны,
Як вось і вы, мае людцы;
Закінуць тое толькі можна:
Я без каня, а з коньмі вы.
 
Але, як вы, шукаў начлегу, –
Яго між вамі думаў мець,
Дый не туды, як бачу, ўехаў.
За блуд прыходзіцца жалець.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А як васпана нам пазнаці,
Што, як сюды ішоў, ня меў
Нічога злога даканаці,
Што нават думаць не пасьмеў?..
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А праўду, праўду сват гавора,
Мы тое скажам усе тры:
Куды ідзеш? Дзе быў учора?
Што ты за штука?
 
У с е   т р ы 
 
Гавары!
 
Н е з н а ё м ы 
 
На рукі гляньце з мазалямі,
Грудзям прыгледзьцеся худым,
I кій, і торба за плячамі
Найлепей скажуць аб усім.
 
З гразёй ня будзеце мяшаці,
Далей адпусьціце ісьці...
I вас чакаюць дзеткі ў хаце,
I вы бяспутнікі ў жыцьці!
 
Вось лепш асьвецім гэту кнею,
Сьвятлу з нас пэўна ўсякі рад...
Я гаварыці казкі ўмею,
I песень такжа ўмею шмат.
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
Як бачым, ты глядзіш іначай.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Відаць, ня злодзеевы род.
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А хто б падумаў? Так прастачы
I твой убор, і твой паглёд!
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
I казкі ўмее, і за песьняй,
Відаць, ня пойдзе ў кішаню.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Адно бяда, – што, хоць ты трэсьні,
Ня можам выкрасіць агню!
 
Н е з н а ё м ы 
 
Усё, усё мець зараз будзем:
Заўсёды ё ў мяне сьвятло,
I зь ім мы тут не замарудзім
Лясным падсуседзям назло.
(Запальваючы лом.)
 
Гары, гары, ламок, агнюта!
Вы, браткі, сядзьце у кружок,
I да зары да залацістай
Нас будзе слухаць сасьнячок.
 
Адкуль – ці песьняю, ці казкай –
Пачаць вам думкі весяліць?
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А ўжо, калі там ваша ласка,
То й песьню можна закаціць.
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
А посьле скажаш, дабрадзею,
Хто ты, адкуль, куды ідзеш?
Цаніць людзей і мы умеем,
Хоць маем гэткіх штораз менш.
 
Н е з н а ё м ы 
 
Ну вось і слаўна! Што больш трэба? –
Агонь, суседзяў грамада;
Навокал лес, над лесам неба,
А там – і зорак чарада.
 
Люблю я гэткія прыцуды!
Тут чалавек – як чалавек;
За думкай думка мкнецца ўсюды.
Сон не чапляецца павек.
(Пяе.)
 
        Жыў на сьвеце Лявон,
        Молад, дужы быў ён,
Толькі з воляй і доляй ня бачыўся:
        Сонны сэрцам, душой,
        Драмаў ў хаце крывой,
А выходзіў – сьлязамі сьлед значыўся.
 
        Аж вось чуе Лявон
        З усіх клікі старон,
Што ён дурань, жыве па-быдлячаму,
        Ды сам тут зразумеў,
        Што дум сьветлых ня меў,
Што падобен быў дрэву хадзячаму.
 
        Зварухнуўся Лявон,
        Як вада, як агонь,
Пазнаў сілу ў сабе небывалую;
        Ўжо бяда – не бяда,
        Ўжо нуда – не нуда,
Запеў песьні свае разудалыя.
 
        Зямля стогне, дрыжыць,
        Як пяе, як крычыць,
Як прасьвету сабе дамагаецца;
        Аж ад песень такіх
        Страх напаў на другіх,
I вось чорная моц падымаецца.
 
        I пайшло ўсё ўверх дном.
        Сьвісты, енкі кругом,
Груганы на здабычу зьлятаюцца:
        Шчасьце даць бедаку
        Ня ўсім шло на руку, –
Не ў руку, што Лявон прачыхаецца.
 
        Дарма сілен Лявон,
        І адважны так ён, –
На падмогу дарма ён надзеецца:
        Галаву у баю
        Даў за праўду сваю, –
Толькі памятка – насып віднеецца.
 
        Ляжыць, дрэмле Лявон,
        На грудзях вырас клён;
Калі ж вецер на сьвеце расходзіцца,
        Шуміць шумна той клён:
        Яшчэ ўстане Лявон –
Гэй, Лявоны у нас не пазводзяцца!
(Перастаўшы пяяць.)
 
Вось і канец вам песьні-байцы,
Ці ў ёй панятна толькі ўсё?..
Калі ня так што – выбачайце,
Даконча ваша вам жыцьцё.
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
О, песьню важную такую
Ня пойме толькі гліны ком...
Цяпер няхай жа мы пачуем
Штось трохі аб жыцьці тваём.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А я крыху гальля падбаўлю.
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Я памагу табе крыху.
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
Аброці коням я папраўлю.
        
        Адыходзяць усе тры.
        
Н е з н а ё м ы 
(услед падарожным)
 
Я адпачыну на маху.
(Адзін.)
 
О люд мой, лапатны, патульны,
За што цябе я так люблю?
За што твой гоман неразгульны
І думкі ўсе твае лаўлю?
 
Ты лёг мне каменем на сэрцы,
Які не ў сілах зваліць я...
Што тут пачаці ў паняверцы?
Жыві ў жыцьці і без жыцьця.
 
Ідзеш, брыдзеш, а на дарозе –
То косьць, то камень, то бадыль;
У брата станеш на парозе,
А ён табе... О Божа, крый!..
 
Нясі ў мяцеліцы, ў разводзьдзі,
Свайго цярпеньня нясі крыж.
Калі ж праглянеш ты, народзе, –
Арліным лётам узьляціш?
 
Пасьцель пуховую пасьцелеш
Сваім замучаным дзяцям,
Нясьмелых песьняю асьмеліш,
Якой сягоньня бедзен сам?..
 
Як страшна збуджаным хадзіці
Між наспаў, зломаных крыжоў!
У мокры пень агонь красіці,
Склікаць аплучаных дружкоў...
 
Так цяжка, цяжка, дзе ні глянеш, –
Касою крыўды хоць касі!
Калі ж, народзе, ты устанеш
I сонцу голас падасі?
 
П а д а р о ж н ы я 
(падыходзячы)
 
А вось і мы! Цяпер зноў сядзем...
 
Н е з н а ё м ы 
 
Цяпер зноў сядзем... ну, і што ж?
Ага! гісторыю на зладзім, –
Адточым востра ўсё, як нож;
А можа, трапім ёю ў грудзі,
У грудзі зь дзерава людзей...?
 
П а д а р о ж н ы я 
 
Што ты? Ці ж мы такія людзі?
Жартуеш хіба, дабрадзей!
 
Н е з н а ё м ы 
 
О, не, крый Божа! Ось зьняўцёку
Зьляцела слоўца зь языка...
Так штосьці ў сэрцы мне нялёгка,
Ну, і паднесла бедака...
 
Хто я і скуль – для вас цікава;
О, невялікі гэта цуд:
Радзіўся, рос, ляцеў за славай,
Ляцеў, ажно спыніўся тут.
 
Убачыў дзень я ў сельскай хаце;
Бацькі у беднасьці жылі:
Канёк, кароўка – ўсё багацьце,
Ды гоняў двойчы – ўсёй зямлі.
 
Чытаць, пісаць крыху наўчылі,
Але ня выўчылі зусім;
Сам з часам кніжны лад асіліў –
I толк у ім даваў другім.
 
I мёд салодкі, і атруту
Суліць страніца стала мне;
Я думкі ёю ўсе апутаў:
Ня знаў – наяве я ці ў сьне.
 
Цямноты ўсю паняў няздарнасьць,
Я сілу знаньня ўсю паняў;
Свайго жыцьця я бачыў марнасьць,
Аж на сябе я рукі ўзьняў.
 
Але ня суджана было мне
Душой бяз часу загавець,
I сам ня знаю ўжо сягоньня –
Жалець таго ці не жалець.
 
Ішлі гадочкі за гадамі.
Я ў сілу рос і ў розум рос,
Дый не расьце пацеха з намі,
Як там ні жалімся на лёс.
 
Штораз зваднейшыя ўсё леты,
Штораз цяжэй на грош і хлеб.
Пайсці у сьвет – бацькі мне сьветам,
А хата мне – астрожны склеп.
 
Сьмяецца неба непагодай,
Шыбець скаціну нейкі звод,
Зямліца дзеліцца няўродай,
За годам выплаканы год.
 
Аж бацьку гора з ног зваліла, –
Пайшоў на той сьвет без пары;
У год капай зноў тры магілы:
Зьлёг брат і дзьве зьляглі сястры.
 
Пайшло няшчасьце за няшчасьцем;
Я кут пакінуць мусіў свой...
Дзе ступіш – сьмешкі ды напасьці,
Хоць налажы ты галавой.
 
Пазнаў куткоў чужых сьцюдзёнасьць,
Нагайку службы я пазнаў,
Усьлед мая шла беспрытоннасьць,
Зь ёй вецер песьні напяваў.
 
А думкі рваліся да сонца,
Туды – да ціхіх добрых зор,
Да волі, шчаснасьці бясконца
З пустынных ніў з гаротных гор.
 
Ліў нейкі мне таемны голас
Праявы дзіўныя ў душу;
Іх чуў як чуе сонца колас,
I думаў – зло сваё скрышу.
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Іду... Куды ісьці сягоньня?
Адной няма, а шмат дарог...
Адлогам родныя сьпяць гоні,
Іржа на вышках есьць нарог.
 
На траме ўверчана анучай
Ляжыць няклёплена каса;
На сьцежках мох расьце калючы,
На ім – чырвоная раса.
 
Руцэ народнай набіваюць
Плугі чужыя мазалі,
Чужыя коні папасаюць
На абязволенай зямлі.
 
Йдуць песьні, казкі ў дамавіну,
Якія дзед сьпяваў, складаў;
Свае жалейкі люд закінуў, –
Чужым сьвісьцёлкам месца даў.
 
Узносіць пасынкам пакорным
Бяда цямнічныя муры,
I сеткі путае праворна,
I ладзіць здрадна хаўтуры.
 
Адно чуваць, як быццам штосьці,
З-пад сонных наспаў, з-за мяжы,
Дзе дрэмлюць прадзедавы косьці,
Дзе час варочае крыжы, –
 
Штось варушыцца у бязьсільлі,
Ці ж бы там быў жывых папас?..
Няўжо нябожчыкаў зьмянілі,
Няўжо нябожчык кожны з нас?..
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Але ўжо блізка і сьвітаньне;
Пара ўзьнімацца ўжо, пара!
Пакуль к нам зь неба сонца гляне,
Жджэ не адна мяне гара.
 
I вам пара вазы ўжо ладзіць,
К дарозе коні рыхтаваць:
Раней лепш стануць у парадзе,
Чым на папасе пераспаць.
Цяпер каторы з вас пасудзіш
Мяне за злодзея свайго?
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
Ты не тутэйшы, мусіць, будзеш
Або і горай ад яго?
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Цікава, вельмі ўжо цікава
Ўся гэта гутарка твая,
Але такую меці славу
Не пахваліўся б, браце, я.
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Так з кута ў кут век вандраваці,
Як мне здаецца – без патрэб...
Ці ж то ня лепш сядзець у хаце
І у спакоі есьці хлеб?
 
Н е з н а ё м ы 
 
Э, што!.. Бывайце, людзі, жывы!
Дзе толькі торба і мой кій?..
Гэй, сыпма далей, там на нівы,
Хоць гром грымі, хоць віхар вый!
 
Яшчэ спаткаемся калісьці –
За год, за колькі мо гадкоў,
Як зьвянуць сёлетнія лісьці,
Як прыйдзе Радаўніца зноў.
(Адыходзіць, напяваючы.)
 
Жыў на свьеце Лявон
Молад, дужы быў ён...
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
I дзіўны ж гэты чалавечак!
Чаго ён хоча ад другіх?
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Ці ж мала ёсьць такіх авечак?
Ат, толькі сьмех глядзець на іх!
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А я скажу вам, ягамосьці:
Сыходзіць з поля маладзец;
Злавіў там з кніжак штось чагосьці,
Ну, і вар’юецца ў канец.
        
        Чуваць конскі топат.
        
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
А гэта што зноў за праява:
Каго нячысьцік нясе так?
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Бадай, запутаная справа, –
Вун, вун – адзін, другі яздак.
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Сюды на вогнішча к нам едуць,
А зь імі – нейкі важны чын.
 
1 - ы   я з д а к 
(шыбка пад’язджаючы)
 
Ці не маглі вы бачыць, ведаць –
Сюдой вандроўнік шоў адзін?
 
П а д а р о ж н ы я 
 
Не, не, паночкі! мы ня знаем,
Мы тут начуем толькі ўтрох,
I зараз самі ад’язджаем:
На рынак ладзімся, на торг.
 
2 - і   я з д а к 
 
Паедзем далей, тут нічога
Нам не паказвае на сьлед.
 
3 - і   я з д а к 
(да падарожных)
 
А як вы бачылі б такога, –
Злавіць, зьвязаць – і на чым сьвет!
(Ад’язджаюць.)
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
Чакайце толькі, покуль буду
Нагу яму я падстаўляць,
Каб чуць раней, а ўжо бяз труду
Маглі б гуртом бяднягу ўзяць.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А шкода, шкода было б хлопца!
Такі ж ён нейкі чараўнік...
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Ні думаць! Як мы – рос у вёсцы,
Як мы – такі ён сам мужык.
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
Зайдзі ка мне – я даў бы хлеба.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Апраткі б я не пажалеў.
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
Каб начаваць была патрэба, –
Папас найлепшы ў мяне б меў.
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
Сапраўды, так гавора важна.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А ўжо ж ганяюць нездарма!
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
I песьню так пяе працяжна!..
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
Душу, здаецца, рве яна.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А ці ты помніш усю чыста?
 
1 - ы   п а д а р о ж н ы 
 
Пачатак помню я увесь.
 
2 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А я – сяродак галасісты.
 
3 - і   п а д а р о ж н ы 
 
А мне канец у вушы ўлез.
(Разыходзяцца, напяваючы.)
 
Жыў на сьвеце Лявон,
Молад, дужы быў ён –
Толькі з воляй і доляй ня бачыўся...
        
        А як вы бачылі б такога,

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.