РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У вёсцы
Lumen coeli, sancta rosa!  
*#Сьветач мысьлі, сьвятая ружа! (лац.)
А. Пушкін
 
Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці,
І душы мацярэй нас могуць чараваці;
Вышэйшая краса – ў іх зьлітнасьці жывой!
Артысты-маляры схіляліся прад ёй,
Жадаючы зьявіць цераз свае халсьціны
Пачуцьці мацеры у вобліку дзяўчыны.
Красы тэй сымбалем, Маць-Дзева, стала ты, -
І глянулі твае з-пад пэнзаляў чэрты.
З таёмным трэпетам на іх я пазіраю,
А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю.
Мінулае сваё прыпамінаю я!
Між цёмных абразкоў прайшоўшага жыцьця
Шукаю сквапна штось трывожнаю душою,
І здараньне адно ўстае перада мною.
        
*

Калісьці летняю рабочаю парой
Празь вёску я ішоў. Панураю чаргой
3 абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты
Стаялі – шэрыя, струхлеўшыя; як латы,
Віднеліся ў сьцянах сьляпыя вокны іх,
І аж чарнелася салома стрэх гнілых.
Ўсё руйнавалася, старэла, адмірала
І мала што вакол хоць трохі аздабляла
Вясковую нуду; мак яркія цьвяткі
Рознакалёрныя, як тыя матылькі,
У градах высыпаў і цешыў імі душу,
Ды можна йшчэ было там-сям пабачыць грушу,
Крывую, старую, вось толькі і ўсяго.
І да таго ж зь людзей ня відна нікаго,–
Яны на полі ўсе; не мільканець спадніца,
Ня пройдзе зь вёдрамі па воду маладзіца,
Ня ўгледзіш белую магерку мужыка,
Ў паветры не памкне іржаньне жэрэбка
І песьня сумная не паліецца звонка...
Што ж дзіўнага, калі, раптоўна крык дзяцёнка
Пачуўшы, дрогнуў я і аглядзеўся. Ах!
Я спудзіў хлопчыка; на руках і нагах
Ён, бедненькі, папоўз па траўцы ля сьцяжынкі,
Да нянькі траплячы – так год васьмі дзяўчынкі.
І вось, дабраўшыся, ў падолак разам к ей
З трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй;
І, як схіляецца ад ветра верх бярозкі,
Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, сьлёзкі
Сьціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач – зусім як быццам маць,
І саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацяры ды з воблікам дзяўчыны –
Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,
Здавалася, была аж да краёў паўна
Якойсь шырокаю, радзімаю красою,
I, помню, я на міг пахарашэў душою.
А можа, не краса была ў дзяўчынцы той, –
Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой, –
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі
Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі.
        
*

Страніца лепшая ў штодзёньніку жыцьця!
Зноў зь ціхай радасьцю цябе чытаю я.
Хай шмат чаго <ўжо> с тых гадоў крыніца змыла
У памяці маёй, хай той дзяўчынкі мілай
Ўжо воблік губіцца у цёмнай глыбіне, –
Я веру, ў цяжкі час ён гляне на мяне.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.