РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Дудзіцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Маіх уяў ружовых ранак
        
1

Ад болю ўсё яшчэ гудзе
разгневанае цела краю...
Жыве яно – не памірае:
употайкі цяпло грудзей
ягоных сьпеліць травы поля,
і як ні смаж іх, ні палі,
праз скібы чорныя ральлі
яны зірнуць-такі на волю,
крамянай сьвежасьцю вясны
умыюцца. Расой валогі
спалошча мораку цьвілога
зара усходу сьлед квасны,
і усьміхнецца поле хатам,
і як ні смаж іх, ні мары,
убачаць зноў гаспадары
сваіх клапотаў плён багаты.
        
2

І часам тым у шчыт такі
напоўняць плёнам лёхі спрату.
За найдарожшыя караты
ён не прадасца. Ветракі
за рупасьць мелівам заплацяць,
і як ні смаж яго, ні праж,
сьвяжуткіх печываў ікра –
адзнака моцы і багацьця –
цалюткі дзень і дзень пры дні
да новых жніў, да касавіцы
ня выйдзе з хаты, са стальніцы
ні у бацькоў, ні у радні.
Запас, маўляў, бяды ня чыніць...
І як спусьціцца і ня мець
у сьвірнах збожжа таго медзь?
А ну-ж і дзьверы хто адчыніць...
        
3

І хмелем паху пульхны хлеб
змацуе пах акрас і варыў.
І сонца спогаднае хмары –
асеньніх днёў жалобны крэп –
спатоліць, даўшы волю спору.
І як ні смаж іх, ні чарні,
праб’юцца спору карані
у грунт зямлі, зьнябыўшы морак,
напояць сочывам руды
асьмяглы, глейкі мякіш глебы,
і зашумяць у сінь, у неба
шыракалістыя сады,
налітыя крамяным воскам...
І як ні смаж іх, ні пячы,
яны – найлепшы супачын
гаспадару – тубыльцу вёскі.
        
4

Здабыткаў новых, сьветлых дзён –
пладоў уцешнай, рупнай працы,
за што сам край ішоў змагацца,
чаму сам край быў так жадзён,
не прыдаверыць край нікому,
і як ні смаж яго, ні крой,
пары тэй бачу сяньня скрой
і ўжо выразна чую гоман
вялікай прышласьці. Яна
і не далёка ўжо, а блізка,
хоць морак ейную калыску
і затуляе ад відна.
І дзень той сэрцу будзе дораг.
І як ні смаж яго, ні гні,
не прыгібае больш ані
да рук сваіх спакусны вораг.
        
5

І не спаружыцца з красы
краіны зводнік чалавека:
лугоў краса, гаі і рэкі,
вазёры думныя, лясы –
найдаражэйшы скарб прыроды...
І як ні смаж яго, ні плюшч,
а ён бы той балотны плюшч,
расьціме й жыць для насалоды,
але-ж ня зьверу, а людству,
бо зьвер, як быў, і будзе зьверам...
І я ня дам ніколі веры,
што мор надыдзе хараству!
Усё, жыве і жыць што мусіць,
што сьпеліць зорная асець,
на хвалях прышласьць прынясе
для несьмяротнай Беларусі!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.