 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Сьцені
Ліра-паэма
|
1 Падышла і моўчкі села, прытулілася да цела. Ад цяпла і тонкіх ліній загарэўся ў сэрцы сіні аганёк... Пакратаў вусны і нясьмела словам луснуў. Няпрыкметнае такое, не давала супакою... Я зірнуў у зоры-вочы, на аблічча – твар дзявочы, на вясёлкі броў і веек, грудзі – белыя лілеі, хараство і крылы-рукі і адчуў цяжкія мукі...
|
2 Нацямочку з хаты выйшаў – спакусіла чараўніца, каб да сонца зь белых вішань росаў першаму напіцца і прыслухацца да мовы траў і зор у небе чыстым, зьвіць у сподзіў адмысловы слоў адборныя маністы, акрапіць валогай сіні некранёнай вуснаў смагі, каб вятры не замясілі чысьціні шальмоўствам магаў, каб яна (мы каштавалі абяцанкі жоўтай скрухі) разгарнула дум крышчалі па-над посьніцаю духу.
|
3 ’Шчэ драмалі струны ветру, і сады усьцяж маўчалі, толькі ўжо зямныя нетры адмыкаліся ключамі... Рассыпаўся звон іскрысты глыбіні на роснай стыні. Шэлест лісьцяў цымбалістых выплываў у стройным стылі зь цішыні і нікнуў дзесьці ў ніцях польнасьці рудое. Далікатна скроні песьціў шоўк сьвітальны сырадою, напаўняў душу да сыці, грудзі... Вылучыўшы змогу, цалаваўся, змыўшы прыцем, з хмаркай месячык двухрогі.
|
4 Золак выцадзіў з-за пушчы полуд медзіва на стрэхі, цяжка раніцы расплюшчыць сум прытоптанага сьмеху. Ён тугі, як глыбы, глейкі, нібы месівішча гліны... Распластаўся раптам нейкі над зямлёю сьвет савіны. І маўчала чараўніца – макаў цьвет, кары мігценьне, каля пнёў бярозак ніцых лбамі стукаліся цені, ад касьцей сухога хрусту варушыліся узвышшы... Напаілі смагу вуснаў кроплі сьлёз ізь белых вішань... Боль і прыкрасьць насалоды – лепш зубамі камень грызьці. Мрояў пешчаныя роды запякліся каля выйсьця.
|
5 Палажыў на горб уласны клунак крыўды – хай трымае. Залатыя сонца пасмы засланіла сьцень жывая... Задаволеная, села і таўчэцца каля клямкі, быццам зьвер які ля цела аблюбованае самкі. І вартуе сьцены хаты, часта дзівіцца у вокны, ці жывы йшчэ дзень расьпяты на шпянёх вуглоў вільготных. Прыціскае, непакорны, да грудзей расьпяцьце крыжа. І яна ад злосьці чорнай языкамі шыбы ліжа, чырванее, стрэміць ікры, іклы шчэлепамі шчэміць... Адчуваць мне вельмі прыкра блізіню свайго зьнішчэньня.
|
6 Я стаю і моцна зябну, прытуляюся да шульля. Вецер вецьцем кволых яблынь лашчыць зрэбную кашулю. Вось яе, адзінай толькі, не напнуць на плечы сука, бо у нітцы кажнай столкі талісман жыцьця усукан. Маці сеяла й мачыла сінявокі лён пад кручай, губку-ж выткала дзяўчына і пашыла ў дзень заручын. На грудзёх, над сэрцам самым, васілёк і колас жыта, колас доўгімі вусамі крэсьліць шлях неперажыты... І шчыміць мой горб уласны, і жыве, і дажывае... Залатыя сонца пасмы засланіла сьцень жывая.
|
7 Сонца хіліцца да спаду, ля гумён гусьцее вечар. Праплылі над цьветам саду хмар залочаныя плечы і счарнелі. Сьцігашалы абліліся чэрняй змроку. Цені – збродныя шакалы – нюхам трапілі на крокі і паўзуць, каб дух украсьці, па сьлядох на жыр спакусны, сьліняць хіб чырвонай масьці, хмелем скрыўленыя вусны, пазяхаюць, гладзяць ікры і ад рогату лажацца. Адчуваць надзвычай прыкра блізіню сям’і хіжацкай... Ноч вятрамі ашукала сьцігачоў... У пругкай позе казытала цень шакала пусьцінёй ікласты позях.
|
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|