РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Дудзіцкі
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Перад бурай
 
Урывак з аповесьці «Голас крыві»
         Выехаўшы з двара, Палікар заўважыў, што ня відаць на калёсах торбачкі з полуднем. Можа-б, ён і не заўважыў, можа, і безь яго абышлося-б, каб ня сусед Лукаш са сваёю засьцярогаю:
         – На ўвесь дзень хіба? У полудзень-жа, чуў я, будуць гэтыя самыя... каб іх ногі не насілі...
         – Буду бачыць, надвор’е ўжо надта добрае, а канюшына адцьвітаць пачынае, – адказаў Палікар. А пазьней, зірнуўшы на калёсы, дадаў: – Не пашанцуе, відаць, забыўся от... Кажуць-жа, што за дурною галавою нагам небалазе...
         – Палікар, – гукнула, даганяючы, Тэкля, – што ты сабе думаеш, ня еўшы будзеш, ці што? І няма таго дня, каб не забыўся чаго...
         – Э, балазе маеш зачэпку. Гады ў рады трапіцца, а ты – «няма таго дня»... Сама ведаеш, чым галовы нашыя цяпер заняты, – узяў з жончыных рук торбачку і паклаў яе на ахапак сьвежае канюшыны. – А ў хату ўсё-ж зайсьціся трэба: табака на вакне засталася, – глыбока ўздыхнуўшы паветра, неяк глуха, напэўна, згадваючы нешта далёкае, прагаварыў Палікар.
         – Я-ж кажу...
         – Чуў ужо, чуў, – перабіў жончыну гаворку, – клопат вялікі: у Бога днёў многа, управімся, калі жывы будзем, і памерці не памру, калі адзін раз і бяз хлеба да вечара пабуду, – лагодна пераконваў Тэклю. – А табе кажу: ячмень не перастояў, не сьпяшайся; пабудзь сягоньня каля хаты й ад Віктара не адлучайся на́даўга, бачыш, што яму, беднаму, нездаровіцца, гарачка якая. Заўтра жаць пачнеш, і Алеся тым часам зь места вернецца – будзе на каго й хлапца пакінуць, і хату... – Часіну памаўчаўшы, Палікар сказаў: – Можа часам трапіцца што-якое, наказаць, глядзі, не забудзься...
         – З Богам, даражэнькі, спору табе ў працы! Накажу, калі што-якое.
         Каб ня гэты полудзень, Тэкля, напэўна, была-б ужо каля ячменю й ці мала-б выжала. Зборы ў яе невялікія: яна яшчэ зь вечара, перад тым, як спаць лажыцца, думае пра заўтрашні дзень і рэчы ўсе спрытоніць напашэве, а гэтым разам, як на тое, Палікар зблытаў сваёю памяцьцю дзённы разрахунак – ізноў думай, каб дзень не прапаў дарэмна, і ня то што дзень (ого, у Тэклі не прападзе ён), а каб і адна часіна на глум не пайшла, не змарнавалася бяз працы. Яна ня ведала пакуль такога выпадку ў сваім жыцьці, а асабліва ад таго часу, калі пабралася з Палікарам, каб разьмінуцца калі, як кажуць, улегцы з днём, насалоды ягонае не адчуўшы. Ніхто, бывала, першым расы не абаб’е за ёю. Што не, то не. За траіх вырабіць. Гэта ня Прузына Нюхаўка: бібікаў біць ня будзе, бяз хлеба седзячы.
         – Мамка, – азваўся, войкаючы, Віктар, – перастала балець галоўка, я пайду з вамі.
         – Ня можна, сынок, ты яшчэ хворанькі. А я-ж нікуды ня йду, ля хаты буду. Хутка й Алеська прыйдзе, лекаў прынясе табе. Вып’еш, паправішся, вазьму тады й цябе, і Алеську, будзеце снапкі насіць, васількоў нарвіцё. Заўтра будзе цёпленька-цёпленька, і птушачкі засьпяваюць. Засьні, Віцік, засьні, я не забаўлюся...
         «Што-ж гэта я сабе думаю? Ужо нець якая пара́, а я таройкаюся, тупаючы ў хаце, – спалохана падумала Тэкля. – Не забаўлюся, Віцік»...
         Узяла серп і хуценька выйшла з хаты. У гэтую часіну ўзьле́цела на плот чорная курыца (тая, што мелася быць куранятніцай, але Тэкля перадумала й пасадзіла іншую, белую кашлатку) і, як пявун, засьпявала:
         – Кука-рэку!
         – Акыш! Ліхенька на тваю галаву, яшчэ чаго не ставала...
         Курыца зьляцела з плоту, схавалася пад шырокім густым лісьцем лопуху, і Тэкля адчула, што нешта моцна кальнула ў сэрца. Цяпер яна й сама ня ведала, з чаго пачаць і за што ўзяцца. Думала-такі зажаць ячмень, а тут на табе – і рукі пацяжэлі, цела адолела нязнаная дагэтуль мляўкасьць. Палікарыха абаперлася на вароты, прыжмурыла вочы, і зь ейных вуснаў зьляцеў лёгкі скрыгат зубоў: хацелася прыдушыць тупы боль сэрца й забыцца на раптоўную слабасьць цела, хацелася ўхапіцца за адну якую-небудзь думку, забыцца пра свой гаспадарскі клопат і пра ўсё чутае. Раптам згадала вобраз нябожчыцы-маці і ейныя словы: «Свайго не абыдзеш і не аб’едзеш», але й гэтая згадка мільганула стралою й зьнікла ў мешаніне густога наплыву думак. А думкі ня спыняліся: ішлі ды йшлі, нібы даючы месца новым і больш вартым увагі.
         Тэкля чула адно, як падалі на росную мураву гумна першыя ігрушы-скарасьпелкі, чула вясёлы шчэбет птушак у сакавітым зяленіве гумна й другім наваратам прыкры голас чорнае курыцы:
         – Кука-рэку!
        
* * *

        
         Буланы ішоў цяжкай ступою, і Палікар не падганяў яго. Нават ніякае ўвагі не зварачаў на язду й пра касьбу, здавалася, забыўся. Нельга сказаць, каб напамінак Лукаша пра «гэтых самых», пра «гасьцей» занепакоіў чалавека. Усе Гарбы чулі й ведалі пра гэта, і яно ўжо ня было навіною. Хто-ж, як не Палікар, прынёс першую вестку людзям? На свае вочы перад гэтым бачыў, як у Вішнёўцы кароў за рогі выводзілі нейкія людзі ў скуранках, а бабы покатам качаліся й валасы на сабе ірвалі. Цяжка сказаць, што спрычынілася да абыякавасьці дагэтуль вельмі руплівага й самага гаспадарлівага ў Гарбах чалавека: ці адчуваньне страху, ці сьведамае разуменьне нямінучае сьмерці бацькаўскага гнязда? А можа, гэта быў той цяжкі стан раўнавагі, страшэнны стан душы, калі чалавек аднолькава прыймае й страх, і радасную надзею, і шчасьце й няшчасьце, і, стаўшы перад воблікам сьмерці, усьміхаецца й разважліва гаворыць: а ты не такая ўжо й страшная, як табе думаецца, і ня радуйся вельмі...Можа, само жыцьцё ёсьць самай страшнай зьявай у сьвеце? Чалавек-жа й раджаецца, і жыве дзеля таго толькі, каб памерці...
         Палікар апынуўся ва ўладзе думак і ўспамінаў. Ён не заўважыў, як хутка даехаў і да Белага балота. І толькі тады, калі хвалі ветру данесьлі да ягоных вушэй гукі пастуховай жалейкі, страпянуўся і ўбачыў, як высока паднялося сонца і што на торбачцы з полуднем курэла, выпаўшы з рук, ягоная, унасьледаваная ад бацькі люлька.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.