РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Імя ў летапісе
У пошуках мінулага
Ад аўтара
Рагвалодаў род. Рагвалод, Рагнеда
«Акаянны». Святаполк
Аднаўленне незалежнасці. Брачыслаў Ізяславіч
Вешчая душа. Усяслаў Брачыславіч
Няспраўджаныя надзеі. Глеб Менскі
У часы міжусобіц. Рагвалод-Васіль
За два стагоддзі да Грунвальда. Уладзімір Полацкі
Падманлівая веліч. Міндоўг
Наваградскі князь. Войшалк
З пакалення рускага. Трайдзень
Сны аб Радзіме. Даўмонт
Меч і слава. Давыд Гарадзенскі
У ПОШУКАХ МІНУЛАГА
У пошуках мінулага
        
        Чытач з зацікаўленнем разгортвае гэтую кнігу: пра каго, што і як напісана?
        Тыя, хто чытаў нарысы Віктара Чаропкі (Вітаўт – яго літаратурнае імя) у часопісах «Крыніца», «Спадчына», а таксама ў газетах, зболыпага ведаюць, што і як ён пісаў. Мне ж давялося не толькі чытаць, а і рэдагаваць нарысы В. Чаропкі – як тыя, што друкаваліся ў «Крыніцы», гэтак і тыя, што ўпершыню друкуюцца тут, у гэтай кнізе.
        Насамперш хацелася б адзначыць, што В. Чаропка не мае гістарычнай адукацыі. У вачах вучонага сноба гэта ці не самы буйны недахоп аўтара. Але вось дзіва: ніхто з прафесійных гісторыкаў ніколі ані словам не папракнуў В. Чаропку за недакладнасці, за непрафесійнасць. Прынамсі я, рэдактар аддзела ў часопісе «Крыніца», такіх папрокаў не чуў і не чытаў.
        Тут хацелася б прынагодна паразважаць аб прафесіяналах ды аматарах.
        У нядаўнія часы прафесіянал, нават самы сумленны, быў абмежаваны рамкамі сістэмы. Існаваў афіцыйны погляд на тыя ці іншыя гістарычныя факты, з’явы, працэсы. Пераадолець стэрэатыпы маглі толькі самыя адважныя людзі, але й яны былі абмежаваныя. Скажам, калі доктар гісторыі Анатоль Грыцкевіч разглядаў, насуперак афіцыйнай тэорыі, Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае як беларуска-літоўскую дзяржаву і сваю выснову падмацоўваў фактамі, ніхто не забараняў яму выказваць «крамольную» думку. Але апублікаваць сваё даследаванне А. Грыцкевіч не мог: часопісы знаходзіліся пад пільным наглядам ахоўнікаў афіцыёзу. Выдаць кніжку ці брашуру таксама было нельга, бо выдавецтва не магло ўзяць рукапіс у вытворчасць без адпаведнай паперкі з Інстытута гісторыі АН БССР ці з кафедры гісторыі БССР Белдзяржуніверсітэта імя У. I. Леніна. Вучоным (не толькі А. Грыцкевічу) даводзілася працаваць паводле планаў, узгодненых у аддзеле навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ, бо трэба жыць, карміць сям’ю. Свабодаю думкі і слова яны маглі пакарыстацца хіба што на пасяджэннях кафедраў ці вучоных саветаў.
        Іншая справа – аматар. У яго іншая праца, іншая крыніца сродкаў існавання. Псторыя – ягонае хобі, захапленне, любоў. Аматарам быў Уладзімір Караткевіч. Аматарамі з’яўляюцца Мікола Ермаловіч і Кастусь Тарасаў. Яны маглі пакарыстацца мастацкім словам, маглі пісаць «у шуфляду».
        Сістэма помсціць чалавеку. Не будзем тут згадваць усе нападкі афіцыйных гісторыкаў і крытыкаў на У. Караткевіча або К. Тарасава: гэта было даўнавата. У 1992 годзе паўстала пытанне аб вылучэнні кандыдатуры М. Ермаловіча на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Ніводная кафедра, ніводзін акадэмічны інстытут не палічылі аўтара «Старажытнай Беларусі» годным прэміі ў галіне навукі. Дзяржаўную прэмію Міколу Іванавічу прысудзілі за тую ж «Старажытную Беларусь» ды за кнігу «Па слядах аднаго міфа» як за творы публіцыстычныя.
        Зрэшты, М. Ермаловіч не адзін такі даследчык. Згадаем хоць бы вядомага крытыка і літаратуразнаўцу Рыгора Бярозкіна. Я чытаў ці мала кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый са спасылкамі на аўтарытэт Рыгора Саламонавіча, але добра памятаю, што на працу ў акадэмічны Інстытут літаратуры яму нельга было ўладкавацца з аднае прычыны – не меў вучонай ступені.
        Такія парадоксы савецкай сістэмы. Фарадзей, паводле савецкіх парадкаў, не змог бы стаць нават малодшым супрацоўнікам: не меў універсітэцкай адукацыі. Мала, што ён адкрыў нейкія там законы... Праўда, бывалі выключэнні. Згадаем хоць бы «акадэміка» Трафіма Лысенку. Згадаем некаторых вучоных мужоў з АН БССР. Людзі ведалі, што трэба сістэме.
        Ды вернемся да гэтае кнігі, да яе аўтара – В. Чаропкі.
        Да беларускае гісторыі яго далучыў Уладзімір Караткевіч. Не буду тут гаварыць аб значэнні творчасці Уладзіміра Сямёнавіча дзеля падтрымання кволага агеньчыка беларускага нацыянальнага духу ў 60–70-ыя гады. 3 кніг У. Караткевіча чытачы даведаліся, што ў гэтай старане колісь было жыццё, надта ж адменнае ад жыцця ў Расіі, выявілася, што тут была свая дзяржава, таксама адметная ад дзяржавы расійскай. Яшчэ адным штуршком да пазнання нашай мінуўшчыны з’явілася кніга Кастуся Тарасава «Память о легендах», з нагоды выхаду якое на старонках «Коммуниста Белоруссии» гневам распаліўся афіцыйны доктар гісторыі Адам Залескі (праз два гады ён будзе вучыць М. Ермаловіча, як трэба пісаць пра старажытны Полацк).
        В. Чаропка пачаў сістэматычна вывучаць гісторыю Бацькаўшчыны ў той час, калі ледзь не кожны год паміралі правадыры КПСС. Сістэма пастарэла, знямогла – і маральна, і фізічна. Праўда, было спадзяванне, што яе ўдасца перабудаваць, ачалавечыць. Болын-менш малады і жвавы генсек КПСС, які тузаўся паміж артадаксальным камунізмам і сацыял-дэмакратыяй, заявіў, што ў СССР мала сацыялізму (адсюль лозунг «Больш сацыялізму!»), заявіў аб сацыялістычным плюралізме. Вось у гэты час грамадства проста захварэла на гісторыю – нядаўнюю і старажытную. Маладзёжныя суполкі, што раслі, як грыбы («Талака», «Паходня», «Узгор’е» і да т. п.), гістарычную тэматыку і праблематыку паставілі ў цэнтр увагі. Як бачым, пра В. Чаропку, пакарыстаўшыся старою тэрміналогіяй, можна сказаць, што ён – тыповы прадстаўнік свайго пакалення і прадукт свайго часу.
        Малады аматар гісторыі пачаў смела: адразу напісаў раман. Калі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» мне прапанавалі адрэцэнзаваць гэты твор, я з зацікаўленнем узяўся за працу і... «зарэзаў» той раман на корані. У ім была надта смелая фантазія (да прыкладу, Францішак Скарына і Мікола Гусоўскі разам бяруць удзел у ваенным паходзе), але не праглядвалася ўменне аўтара працаваць са словам – мая рука стамлялася выпраўляць агрэхі.
        Вось так, пазнаёміўшыся з творам В. Чаропкі, я пазнаёміўся і з аўтарам. Ён не дзьмуўся на мяне. Ен працаваў – у чытальні Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь). Я сам бачыў яго над тамамі хронік, летапісаў, даследаванняў, хрэстаматый, энцыклапедый. А потым убачыў на сваім рэдактарскім стале першыя нарысы – пра Андрэя Полацкага, Даўмонта, Міхайлу Глінскага, іншых славутых людзей, герояў і негерояў, мужных і мудрых, заблуканых і аблудлівых. Як рэдактар, я радаваўся, што ў тэкстах паменела памылак, недакладнасцей, агрэхаў. Радаваўся і з тае прычыны, што аўтар пачаў глыбока «капаць» – параўноўваць крыніцы, аналізаваць іх і каментарыі да іх. Выявілася, што мы на шмат якіх людзей нашай мінуўшчыны глядзім аднолькава. Супала наша думка пра тое, што Міндоўг быў у Наваградку наёмным князем, а не валадаром, што Святаполк Тураўскі, якога Усходняя царква абзывае Акаянным, сам стаў ахвярай Яраслава Мудрага, што Яраслаў, а не Святаполк, забіў свайго брата Барыса...
        Чым болын В. Чаропка працаваў з кнігамі, чым больш пісаў, тым больш відавочным станавілася, што з гэтых нарысаў складзецца кніга. Кніга аб постацях нашай мінуўшчыны. Ад Рагвалода да Жыгімонта Старога. Я, здаецца, прачытаў усё з гэтае кнігі ў першым варыянце. Магу засведчыць: іншы раз, калі нарыс быў ужо адрэдагаваны, В. Чаропка прыходзіў да мяне і казаў, што ў той ці іншай кнізе вычытаў пра свайго героя вось гэта і гэта, а вось гэта – сумнеўнае. Каторы раз пацвярджалася ісціна: ніхто ўсёй гісторыі (нават такой невялікай краіны, як Беларусь) не ведае на поўніцу.
        Нарысы В. Чаропкі можна назваць гістарычнымі, а можна – літаратурнымі. Зрэшты, добрыя гісторыкі, як правіла, добрыя літаратары. Для гістарычнага нарыса важна ўсё: і напоўненасць фактамі, і гістарычныя асацыяцыі, і кампазіцыя, і стыль. Не скажу, што В. Чаропка дасканала валодае тэхнікай гэтага жанру. Я сам паказваў яму, што ў нарысе пра Казіміра Ягайлавіча трэба падумаць пра кампазіцыю. Казаў, што не трэба пераносіць сучасныя назвы на мінуўшчыну, бо атрымліваецца, што Давыд Гарадзенскі або Віцень – беларусы ў сучасным разуменні гэтага слова. Тут ужо трошкі ад міфатворчасці... Але ж ёсць права Аўтара пісаць так, як ён лічыць патрэбным. Не ў назвах справа, сказаў мне адзін маладзён, справа ў фактах: і Віцень, і Давыд, і Кейстут, і Альгерд баранілі нашу Бацькаўшчыну, а наша Бацькаўшчына – Беларусь. Што ж, ён мае рацыю.
        Факт – аснова гістарычнага твора. Факты бываюць выгадныя і не. Усё залежыць ад таго, што вы хочаце напісаць. Нябожчык Лаўрэнцій Абецэдарскі паказваў Міхайлу Глінскага як абаронцу праваслаўя і ледзь як не змагара за вызваленне беларускага народа. У нарысе В. Чаропкі перад намі паўстае вельмі супярэчлівая постаць. I герой Клецкай бітвы, і здраднік. Ён вызваліў пад Клецкам нашых продкаў, забраных у татарскі палон, ён жа аддаў у рукі маскоўскага цара Смаленск... Усё больш складана.
        Гісторык, як і пісьменнік, павінен прымушаць чытача думаць пра агульначалавечае: што ёсць дабро і што ёсць зло, у якіх адносінах знаходзяцца палітыка і мараль. Каб прымусіць чытача задумацца, трэба ведаць факты, шмат фактаў, ведаць час, у які жыў герой, ужыцца ў той час, у вобраз героя. Мне думаецца, што чытач упершыню атрымае кнігу, у якой пра дзеячаў нашай мінуўшчыны сабрана самая багатая сума фактаў. I ў гэтым каштоўнасць кнігі В. Чаропкі. Яшчэ адна каштоўнасць яе ў тым, што наша гісторыя паказваецца праз жыццё і лёс людзей, праз іх учынкі. У беларускай савецкай гістарычнай навуцы было наадварот: імёны канкрэтных людзей усплывалі толькі ў сувязі з тымі гістарычнымі падзеямі, працэсамі, якія асвятляў аўтар. Гісторыя была дэперсаналізаваная. Чалавеку ж заўсёды цікавей чытаць пра чалавека.
        Наогул кажучы, В. Чаропку пашанцавала. Ён пачаў сваю працу ў спрыяльны час. У час, калі няма афіцыйнай гістарычнай навукі, калі няма ідэалагічнай цэнзуры, калі адчыніліся сховішчы і спраты, калі можна згадваць імёны, раней забароненыя, калі можна разам з аднадумцамі заснаваць свой часопіс (Віктар рэдагуе «Хрысьціянскую думку»). Згадзіцеся, выдаць кнігу ў 32 гады не кожнаму шанцавала. Мікола Ермаловіч чакаў свайго часу чвэрць стагоддзя, і толькі калі яму было пад семдзесят,выдаў «Па слядах аднаго міфа». А да таго часу з рук у рукі перадавалі рукапіс даследавання.
        Кніга В. Чаропкі выходзіць у спрыяльны час. Цяпер выдаць кнігу параўнальна лёгка. Але ж і заваяваць свайго чытача трэба. Як паставіцца да гэтае кнігі адукаваны, дасведчаны ў гісторыі Беларусі чытач? Хочацца, каб зборнік нарысаў пра слаўных людзей нашай мінуўшчыны прынёс добрую славу яго аўтару.
        
        Анатоль СІДАРЭВІЧ

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.