РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьнежныя грамніцы
 
Радзіме
 
*** Хаджу па нівах, па лугох азёрных...
 
*** Напэўна, шчасьце ў мяне не па ўзросту...
 
Мова
 
*** Чаму ніколі не баюся я...
 
*** Рана ўсталі маладзіцы...
 
*** Да сустрэчы...
 
*** Ты мне патрэбна, як жыцьцё, як сонца...
 
У бабулі Паланеі
 
*** Долу далонь. Дарога крутая...
 
*** Прыедзь у край мой ціхі...
 
*** – Пра атаву напомніць прасіла?..
 
Непрыручаная птушка
 
*** Хвіліны пройдуць дарагія...
 
Двое
 
*** Будуць вёсны і пралескі...
 
*** Звонка плешчуць вясной крыніцы...
 
*** «Чысьціні...
 
Сьмерць Максіма Багдановіча
 
Вясновае
 
Пісьмо ў Прылукі
 
*** Мы сустрэчы выдумалі самі...
 
*** Хто забраў мой самы сьветлы сон...
 
Верш пра бяссоньніцу
 
Чарнабрыўны
 
Памяці Міколы Сурначова
 
Пасьля наведаньня Баянскага сабора
 
Некалькі радкоў у Балгарыю
 
Славянскае застольле
 
*** Боль перасіліў немату...
 
*** Ты пакліч мяне. Пазаві...
 
*** У цішы трывожна вясной...
 
*** Дай яшчэ раз усьмешкай тваёй сагрэцца...
 
Перад дарогай
 
*** Прыплыву да цябе аднойчы...
 
У машыне
 
*** Разлука ўпала на траву...
 
*** Я хварэю дальлю сьветла-сіняй...
 
*** Упала слова, быццам мячык...
 
*** Я вырастаю ў зацішшы...
 
*** Сябе нанова адкрываю...
 
*** Зь велічыні гасьцінай...
 
*** Я дзяліць не перастану...
 
*** Праняслася дзіўна песьня...
 
Вячэрнія радкі
 
*** Там лістапады выпалі...
 
*** Іду і ў застарэлай цішыні...
 
Ля ложка хворай маці
 
*** Не шукаю гаманлівай славы...
Радзіме
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Хаджу па нівах, па лугох азёрных,
Начую летуценна ў будане
I думаю, чаму мне так прасторна?
I песьня прылятае да мяне.
 
Прыносіць мне дары свае дуброва –
То верас, то крыніцу, то грыбок.
Ўліваецца, нібы ручай, у мову
Палескі нетаропкі гаварок.
 
Зьлятае на дасьвецьці галубіным
То рыжы ліст, то жоўта-залаты.
Упалі задуменна на платы
Дасьпелыя ружовыя рабіны.
 
Хаджу па нівах, па лугох азёрных,
Начую летуценна ў будане.
Я думаю, чаму мне так прасторна?
I песьня прылятае да мяне
 
 
 
 
*  *  *
Напэўна, шчасьце ў мяне не па ўзросту.
Хістаецца ў руках чаша зь бяросты,
Чаша, поўная вясной і табой.
Многагалосаю
                                песьняю
                                                  захлынаецца бор.
Прабіваецца празь першае лісьце
Празрыстасьць думак і гукаў празрыстасьць...
Сонца высока.
                                Блізка да маю.
Сама сябе на сьвятле адчуваю.
Адчуваю калючую адзіноту,
I давер дзіцячы, і сталую цноту,
Навальніцу ўдач, крыгалом бяды,
Ля пралесак нясьмелых –
                                                        твае сьляды.
Ты адыходзіш сьвяточна і проста.
Забіраеш радасьць і сон.
Да захмяленьня пахне табою
                                                                чаша бяроставая,
У якой недапіты бярозавы сок...
 
 
 
 
Мова
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Чаму ніколі не баюся я
Апусташэньня галавы і сэрца?
 
Ёсьць у мяне зялёная
                                              зямля,
Яна магутней слабасьці і сьмерці.
Ёсьць у мяне глыбінная туга
Па далавых і ціхіх берагах.
Ёсьць у мяне на пальцах
                                                      мазалі –
Таксама ад любові да зямлі.
 
 
 
 
*  *  *
Рана ўсталі маладзіцы...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Да сустрэчы.
Да сустрэчы.
Белы вецер.
                          Сіні дзень.
Ходзіць сонца па зарэччы
Па калені у вадзе.
Над ракою дзьве вярбіны –
Дзьве журботныя сястры.
Па-над цёплай лугавінай
Ноч запальвае кастры.
Старажытных соснаў веча.
Птушак грай і сьмех людзей.
Да сустрэчы.
                            Да сустрэчы.
Сіні вецер.
                        Белы дзень.
 
 
 
 
*  *  *
Ты мне патрэбна, як жыцьцё, як сонца...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
У бабулі Паланеі
Даль паднімуць, сон разьвеюць.
Разьбірай, лугі, касцоў! –
У бабулі Паланеі
Пяць асілкаў-малайцоў.
 
I ў сьпякоту і ў завею
Кліча вуліца хлапцоў –
У бабулі Паланеі
Пяць асілкаў-малайцоў.
 
Віктар, Косьця, Пеця, Дзіма,
Самы меншанькі – Назар.
...На пажоўклы фотаздымак
Пакацілася сьляза.
 
А чаму – пытаць ня сьмею.
Для бабулі сьвет ня міл –
 
У бабулі Паланеі
Пяць сыноў і пяць магіл.
 
 
 
 
*  *  *
Долу далонь. Дарога крутая...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусьліхі
I мудрыя лясы.
 
Хапае на Палесьсі
I сонца, і вады.
I што ні двор – то песьня,
Што вёска – то сады.
 
Па травах сьветла-шызых
Мы пройдзем ля ракі,
Дзе, мыючы бялізну,
Вядуць сваё жанкі.
 
I будзе песьня сьпета
Пра шчасьце і бяду,
І будзе падаць лета
Ў гульлівую ваду.
 
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы.
Тут белыя бусьліхі
I мудрыя лясы.
 
 
 
 
*  *  *
– Пра атаву напомніць прасіла?.. –
Голас дзеда цячэ ў цемнаце. –
Маладую даўно пакасілі,
А старая... Няхай пацьвіце!
Не сьпяшаюцца дужа з атавай,
Добры сёлета быў сенакос...
 
Крочым летам. Высокія травы
Пад цяжарам нахлынуўшых рос.
Зьлева – рэчка. I домік направа.
Выглядае прыветна з акна
Цётка Клава.
                            Клава – атава,
На чатыры пакоі адна.
 
Можа, ўспомніць пра нашу размову,
Па гадох, як па снох, прабяжыць.
I прывычна пагоніць карову
На атаву, што буйна шуміць.
 
Мне ж успомніцца досьвіткам сінім
Голас дзеда глухі ў цемнаце:
«Маладую даўно пакасілі,
А старая... Няхай пацьвіце!..»
 
 
 
 
Непрыручаная птушка
Мне па душы глухія пушчы,
Лістоты замець на дварэ.
Я непрыручанаю птушкай
Жыву між сполахаў і дрэў.
Каторы дзень настрой губляю
I зноў па-новаму люблю.
Бягу, гукаю, выглядаю,
Шукаю, думаю, ня сплю.
О, людзі! – Вечныя пытаньні,
Вытокі мудрасьці і зла.
Нясу ў сваё сьвятое раньне
Любоў і гнеў на паўкрыла.
Мяне ў палёце не скарылі.
А будзе што ня так – малю:
Скруціце стомленае крыльле
I кіньце ў родную ральлю.
 
 
 
 
*  *  *
Хвіліны пройдуць дарагія,
Як пышнае цьвіценьне траў.
I зьменяць дні зусім другія
Той дзень, што шчасьце абяцаў.
 
Так адплывае ўдалеч неба.
Бывай, адзіная з уцех!
Сьмяюся, калі плакаць трэба.
Журба – калі на вуснах сьмех.
 
За што, скажы, твой вобраз мілы
Насіла ў сэрцы, як магла?
I разьлюбіць – не разьлюбіла.
I зьберагчы – не зьберагла.
 
 
 
 
Двое
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Будуць вёсны і пралескі,
Будзе радасьць і туга.
Адцьвіце вясна на ўзьлеску,
Пабяжыць за сіні гай.
I хваёваю ігліцай
Адзавецца лета звон.
Толькі мне не паўтарыцца
Ні вясною, ні зімой.
 
Столькі думак самых шчырых!
Сьветлы шлях мне пажадай.
Заўтра будзе гулкі вырай
I бясхмарны небакрай.
Будзе лета з навальніцай
I вясёлка над ракой.
Толькі мне не паўтарыцца
Ані летам, ні зімой.
 
 
 
 
*  *  *
Звонка плешчуць вясной крыніцы...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
«Чысьціні...
Адкрыцьця...
Дабраты...»
Голас продка прарос зь нематы.
Захлынаюцца ў гуле вякоў
Тайна гукаў і музыка слоў.
Чысьціні...
Адкрыцьця...
Хараства...
Нам яшчэ з гэтых слоў вырастаць.
Адчужэньне,
I здрада,
I страх
Паляваньне вядуць давідна.
Палымнелі на смольных кастрах
Адкрыцьцё,
Дабрата,
Чысьціня.
Праз глухія стагоддзі жыцьця –
Чысьціні,
Дабраты,
Адкрыцьця.
«Адкрыцьця!
Дабраты,
Чысьціні!..»
Паўтараюць ля ног камяні...
 
 
 
 
Сьмерць Максіма Багдановіча
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Вясновае
Горкі пах палыну,
Не зап’еш, не засьнеш.
Забягу, загляну,
Як і чым ты жывеш.
 
Водар сьвята ў лясах,
Адступаецца сьнег.
Знаю, гэта вясна
Разбудзіла мяне.
 
I канчаецца сон
Бесклапотных начэй.
Маладых маіх дзён
Звоніць першы ручэй.
 
 
 
 
Пісьмо ў Прылукі
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Мы сустрэчы выдумалі самі...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Хто забраў мой самы сьветлы сон,
Што цяпер ня сьпіцца мне начамі?
Распусьціла жнівень валасоў
Над вачыма,
                            поўнымі адчаю.
Помніла імя ня так даўно...
 
Вецер ціха зачыніў акно...
 
 
 
 
Верш пра бяссоньніцу
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Чарнабрыўны
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Памяці Міколы Сурначова
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Пасьля наведаньня Баянскага сабора
Табе ў вяках наканавана
Узвысіць слаўную зямлю.
Люблю багоў тваіх, Баяна!
I грэшнікаў тваіх люблю!
З бародамі і без барод,
Жанатыя і халастыя,
На гулкіх вуліцах Сафіі
Яны жывуць каторы год!
Нібы вясноваму сьвітаньню,
Гасьцям далёкім кожны рад.
I я ў адказ на запытаньне
Кажу балгарам «хубав град!»,
Букетам з руж і
                                  васількоў
Ясьнеюць словы блізкіх моў.
Сафія летняя ў гуморы:
Увіты лозамі парог.
I галава яе сабора –
Над лябірынтамі дарог.
Багі ня хочуць знаць тугі,
Багі завуць на пірагі.
I сёньня у начной Сафіі
Яны з гасьцямі заадно
Запаляць сьвечкі несьвятыя
I вып’юць даўняе віно.
 
 
 
 
Некалькі радкоў у Балгарыю
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Славянскае застольле
Б’ю чалом, зялёны краю,
Дзе ў славянства ад душы
З рук у рукі адплываюць
Перавозчыкі-каўшы.
Разматаўся ручнікамі
Ўсіх дарог маіх клубок,
I цяпер я разам з вамі
У калядны вечарок.
Вось і гукі уваскрэсьлі.
Не Бэтховэн і ня Бах –
Зацьвітаюць буйна песьні
У сялянак на губах...
Ад таго і я, напэўна,
Летуценная, пішу,
Што глыбока вашы песьні
Мне запалі у душу.
 
 
 
 
*  *  *
Боль перасіліў немату,
I яркіх фарбаў мне ня шкода,
Бо і сама я, як прырода,
То ападаю, то цьвіту.
 
Яшчэ зямлі мяне вучыць
Любві штоночна і штодзённа.
I верш цячэ па целе сонным
I новай музыкай гучыць!
Сьвятлом і цішаю сагрэта,
Перабіраю валасы.
Ва мне зімы,
                            вясны,
                                          і лета,
I лістападаў галасы
Зьвіняць, гудуць наперабой
I нараджаюцца нанова.
Я прачынаюся вяснова,
Нібы загон перад сяўбой...
 
 
 
 
*  *  *
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё зь любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцьця шырокай.
Пачынаецца ўсё зь любві –
Першы посьпех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
І зьмяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё зь любві –
Нават нéнавісьць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё зь любві.
А інакш і жыць немагчыма.
 
 
 
 
*  *  *
У цішы трывожна вясной...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Дай яшчэ раз усьмешкай тваёй сагрэцца...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Перад дарогай
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Прыплыву да цябе аднойчы...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
У машыне
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Разлука ўпала на траву
Апошняй пазалотаю.
Пакуль жывеш – і я жыву
Сьвятлом і адзінотаю.
 
У добры шлях! У добры час!
Трывога адкалосіцца.
Сьмяесься ты –
                                  і я ў адказ,
Хоць сьмех на сьлёзы просіцца.
 
Журбу на лісьце раскладу
(Хай зь ветрам разьлятаецца),
Пакуль ідзеш – і я іду,
I шлях мой не канчаецца.
 
I хай зьлятае на траву
Разлука пазалотаю.
Пакуль жывеш – і я жыву
Любоўю і пяшчотаю.
 
 
 
 
*  *  *
Я хварэю дальлю сьветла-сіняй...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Упала слова, быццам мячык...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Я вырастаю ў зацішшы...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Сябе нанова адкрываю.
Выношу з шуму свой пратэст –
Пустых размоў не пераймаю.
Ёсьць у маўчаньні іншы зьмест.
 
Ёсьць у маўчаньні гнеў, і згода,
I глыбіня, і вышыня.
Ёсьць у маўчаньні асалода
Яшчэ няпройдзенага дня.
 
Свае ў маўчаньні ёсьць граніцы,
Свая бяда, свае масты.
Ёсьць у маўчаньні таямніца
Ад мудрасьці да прастаты.
 
 
 
 
*  *  *
Зь велічыні гасьцінай...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Я дзяліць не перастану...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Праняслася дзіўна песьня...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Вячэрнія радкі
Забыць на момант дробязі
                                                          і гора,
I сьвет чытаць нанова, па складах,
I ў непагадзь шукаць сабе надвор’я
У музыцы,
                      у людзях,
                                          у радках.
Зьліюся непадзельна з мовай ночы
Далей ад чутак і перасьцярог,
Аж цемната пакуль ня выесьць вочы
I першы промень выдаць не захоча
Па-здрадніцку – ад галавы да ног.
Ну, а пакуль дыктуе сябра-вечар
Мне лініі няўлоўных часам рыс.
I вобраз нада мной ужо трапеча
Адноўлена, нібы вясновы ліст.
Сама ў сябе як сьлед яшчэ ня веру.
Ды словы распускаюцца, як мак.
I падае на белую паперу
Насьпеўшай думкі старажытны знак.
 
 
 
 
*  *  *
Там лістапады выпалі,
Там выплылі плыты
I зоры воду выпілі
З азёраў залатых.
 
I зноў лячу дадому я,
I ўжо на схіле дня
Мне штось даўно вядомае
Сьпявае цішыня.
 
I адчуваю вечнае
У мове нематы –
Зьвіняць лугі надрэчныя,
Шапочуць чараты.
 
Як нейкі дар, як пошліну
Лаўлю наперабой
Тугі лісты апошнія
Асеньняй галавой.
 
 
 
 
*  *  *
Іду і ў застарэлай цішыні...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Ля ложка хворай маці
Ты ляжыш не на ложку,
                                                    а ў жытневым полі.
Мама!
Так мне рукі твае не балелі ніколі.
То пасланы ў пакоі ня ходнікі –
                                                                      саматканыя сьцежкі-дарогі.
Мама!
Так ніколі твае не балелі мне  ногі.
 
Я прыйшла, як заўжды, цішынёю тваёю сагрэцца.
Мама!
Так ніколі тваё не шчымела мне сэрца.
I ружовіцца дзень.
I жыты ўжо чакаюць за хатай,
А табой за паўвека так многа жытоў перажата!..
 
Ты на ложку ляжыш,
А здаецца, што ў сонечным полі.
Мама!
Так ніколі твая не балела мне доля.
Ты на ложку ляжыш.
                                              I прыціхла за хатай дуброва.
Мама!
Так ніколі, як сёньня,
                                              Тваё
                                              Не балела мне слова.
 
 
 
 
*  *  *
Не шукаю гаманлівай славы
I вучуся сьціпласьці ў кабет.
Для мяне з лугоў надрэчных травы
Лепшы ў сьвеце вынесьлі букет.
 
Сонца зачапілася за стрэхі,
Акрапіла мёдам верасы...
«Я люблю-ю!» – панесла
                                                        ўдалеч рэха.
«Я люблю-ю!» – азваліся лясы.
 
«Я люблю-ю!» – пацьвердзілі дубровы,
Сьветлыя, як лебедзя крыло.
I для песьні падказала словы
Роднае палескае сяло.
 
У грудзёх прачнулася натхненьне.
I дыханьне заняло.
                                          «Люблю-ю!»
I  душа, як чуйнае карэньне,
Зноў адчула родную зямлю...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.