РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Памiж папярэднiм i наступным
        – Ара гадае! Ара гадае! – голас гучаў над пляцам.
        Вецер прыносiў на паўднёвы пляц водар марскiх хваль. Срэбнае, падобнае да вялiкай манеты сонца ўзышло над шэра-блакiтнымi гарамi.
        Мужчына сядзеў у кавярнi за белым круглым сталом. Кавярня – некалькi сталоў i гэтакiх жа эмалева-белых крэслаў, буфет i стойка – мясцiлася на другiм паверсе марпорта ў каланадзе. Буфетчыца смажыла буйное зерне кавы на электрапанiве. Ад гаркаватага паху дарагой кавы, ад ранiшняга, маладога сонца, ад марскога сакавiтага паветра, а найбольш праз тое, што ў мужчыны адпачынак, ён меў добры настрой. Мужчына не спяшаючыся пiў другую фiлiжанку густой, горкай, без цукру кавы, курыў доўгую, дарагую цыгарэту i глядзеў на пляц з веернымi пальмамi.
        – Ара гадае! Ара прарочыць лёс! – гукаў дзед у фрэнчы чыгуначнiка. На руцэ ў яго сядзеў чырвона-блакiтны, стракаты вялiкi папугай.
        Мужчына дапiў каву i перакулiў фiлiжанку на чысты сподак. У цёмна-карычневым абстрактным малюнку знайшоўся толькi жаночы профiль. Мужчына выйшаў на пляц. Трэба было шукаць прыватную кватэру цi гатэль. Быў апошнi месяц вясны. Курортны сезон яшчэ толькi пачынаўся, i таму мужчына не вельмi непакоiўся, што застанецца без кватэры.
        – Ара гадае, – побач пачуў мужчына i азiрнуўся. Дзед з папугаем глядзеў на яго.
        – Колькi каштуе шчасце? – спытаў мужчына.
        – Рубель.
        – Дорага.
        – Папугаю патрэбны арэхi, гэта сапраўды трохколерны ара, рэдкая птушка...
        – Трымай, – сказаў мужчына i аддаў новую блiскучую манету.
        – Ара, работай, ара, работай, – паўтараў дзед.
        Папугай замахаў крыламi i праз гэта выдаваў большым. Адна папугаева лапа была схоплена металiчным пярсцёнкам. Тонкi, пэўна, ад кiшэннага гадзiннiка ланцужок быў прыпаяны да пярсцёнка, а другiм сваiм канцом зачэплены за чыгуначны гузiк на форменным фрэнчы гаспадара. На плячы ў дзеда вiсела зялёная дыктавая скрынка, скручаныя ў трубкi паштоўкi стаялi ў ёй. Скручаныя паштоўкi былi падобныя на гiльзы ад паляўнiчай стрэльбы. Гаспадар перасадзiў ару з рукi на скрынку. Ара схiлiў галаву, паказаўшы жоўты чуб на патылiцы, i вялiкай, падобнай да абрыкосавай костачкi дзюбаю выцягнуў паштоўку. Быццам бы нечым здзiўленае цi чымсьцi спалоханае папугаева вока пазiрала на мужчыну.
        – А чаго ён на ланцугу?
        – Неяк уцёк. Праўда, потым вярнуўся, – адказаў гаспадар i аддаў бязважкую папяровую "гiльзу".
        Сонца згубiла срэбра – зрабiлася флуарэсцэнтным. Вецер ацiх. Пачыналася спёка. Мужчына знайшоў вольную лаўку. Цёмна-сiнi цень падаў на яе ад разлогае магнолii. Пачынаўся паўднёвы дзень, гарачы i кантрастны. "Ты спаткаеш каханне i сустрэнеш сваё шчасце, калi прыедзеш сюды другi раз", – прачытаў мужчына. На другiм баку паштоўкi быў каляровы анiлiнавы фотаздымак – гатэль i бананавае дрэва, асветленыя флуарэсцэнтным нежывым сонцам.
        Гатэль, у якiм знайшоўся двухмесны нумар, мужчына адшукаў даволi хутка, яму пашанцавала. Ён заплацiў за абодва месцы, каб не сапсаваць доўгачаканы адпачынак выпадковымi знаёмствамi. За акном нумара зелянеў дэндрарый. Мужчына доўга глядзеў на невысокую гару, карцела ўбачыць паўлiна, што, схаваўшыся ў зелянiне, крычаў нервова-траскучым голасам. На густа-блакiтным небе смарагдавыя кiпарысы выглядалi iспанскiмi вежамi Гаўдзi. Ядлоўцавыя дрэвы i кедры былi аскетычныя i суровыя побач з далiкатнымi бананамi i лакавымi магнолiямi. На гару ездзiў па тросе цацачна-чырвоны вагончык. Экскурсiя ў дэндрарыi пачыналася на гары, i турыстаў везлi туды ў вагончыку. Нарэшце мужчына ўгледзеў крыклiвую птушку. Паўлiн быў бруднага колеру, а складзены хвост нагадваў пук iржавага дроту. Непрыемная iстота, падумаў ён, i чаму гэта яе называюць прыгожай i экзатычнай; у параўнаннi з папугаем-арай гэта проста металiчны муляж, а не паўднёвая птушка... Мужчына скiнуў кiтайскiя порткi колеру хакi i светла-шэрую кашулю з кароткiмi рукавамi. У новай вопратцы ён адчуў сябе няёмка, здавалася, што ўсе людзi, калi выйсцi з гатэля, будуць на яго глядзець. Але мужчына хутка забыў пра няёмкасць, баваўняныя кашуля i порткi падабалiся яму.
        Першы дзень на новым месцы заўсёды доўгi. Мужчына загараў на пакуль яшчэ вольным пляжы. Купаўся ў ёдзiста-салёнай вадзе спакойнага мора. Пiў каву пад стракатымi палатнянымi парасонамi, шмат з асалодаю курыў прывезеныя з дому цыгарэты. Заходзiў у магазiны. У крамах купляў зграбныя паўбутэлькi пепсi-колы з блакiтна-чырвонымi этыкеткамi i такiмi ж чырвона-блакiтнымi знакамi на зубчастых бляшках. Чытаў, схаваўшыся ад спёкi ў сiнiя паркi, англiчанiна Томаса Мора. Ён не ўспамiнаў пра сваю працу, пра дом... Ен адпачываў, не разважаючы пра мiнулае i будучае. Абедаў мужчына ў грыль-бары, еў добра падсмажанае кураня, упрыгожанае зелянiнай, i пiў белае сухое вiно. Вечарам ён пайшоў у кiнатэатр. Паказалi нудны прыбалтыйскi дэтэктыў; падзеi разгортвалiся ў пурпуровых iнтэр’ерах. Кiнатэатр быў летнi, без даху, мужчына глядзеў на чорныя вежы кiпарысаў над экранам i на нямоглы ветах над кiпарысамi. У кiнапраекцыйным святле лёталi матылi, а на экране мiльгалi iхнiя ценi. Дзень скончыўся. Доўгi першы дзень адпачынку скончыўся. За гатэльным сталом у сваiм нумары мужчына пападпiсваў паштоўкi з вiдамi горада i мора. Стомлены, ён лёг спаць. Мужчыну прыснiлася дзяцiнства – магазiн "Прырода", хвалiстыя папугаi ў клетках i марская свiнка ў дыктавай паштовай скрынцы.
        
        
* * *

        
        Размова з жанчынай – прадаўшчыцай паштовак – разбурыла знойдзены мужчынам спакой.
        – Ты зноў купляеш тыя ж самыя паштоўкi? – сказала яна.
        – Якая рознiца?
        – Падумала, што забыўся.
        – Не помню, што браў раней, але рознiцы няма. Колькi з мяне?
        Мужчына разлiчыўся i паклаў купленыя паштоўкi ў кнiгу Томаса Мора. Ён падумаў, што гэтыя прастакутныя стандартызаваныя краявiды больш адпавядаюць "Утопii", чым уклееныя шызыя iлюстрацыi. Мужчына падумаў, што трэба самому зрабiць малюнкi да Мора, трэба намаляваць горад, мора i сонца. Што ён прыедзе дадому i на вялiкiх аркушах, белых i чыстых, пачне маляваць. А потым вялiкiя малюнкi ён развесiць на сценах майстэрнi. Пачне вечарэць, i густое, поўнае водару з лiповага цвету сонечнае святло паляцiць у майстэрню праз адчынены квадрат акна. Малюнкi патаемна зазiхацяць, бо намалюе iх простым алоўкам на вялiкiм фармаце. Мужчына падманваў сябе, ведаючы, што так не будзе. Зробяцца iшыя малюнкi, а гэтых не будзе. Але ад гэтых падманных думак была радасць.
        – Ты купляеш тыя ж паштоўкi, – ён зноў пачуў голас жанчыны. Звычайныя словы разбурылi знойдзены спакой.
        Паснедаўшы ў таннай сталовай i вырашыўшы больш не наведваць гэты металiчна-дыктавы ангар, у якiм стаяў моцны пах дэзiнфекцыйных хiмiкатаў, мужчына пайшоў на платны пляж. Пляж быў амаль пусты, чыста падмецены i цiхi. Рады драўляных лежакоў пад складзенымi парасонамi нагадвалi незвычайны стадыён. Некалькi хлопцаў у чырвоных, нацягнутых на плаўкi, трусах ныралi з хвалярэза ў шкляную глыбiню. Ныральшчыкi смяялiся, папiхалi адзiн другога, давалi нырца, проста падалi ў ваду i зноў узлазiлi на бетонны аброслы водарасцямi i дробнымi вострымi ракавiнамi хвалярэз. Адзiн з хлопцаў падышоў да мужчыны i папрасiў закурыць. Мужчына даў цыгарэту. Хлопец папрасiў яшчэ адну, але мужчына больш не даў. Хлопцы сядзелi на хвалярэзе i курылi, перадаючы адзiн другому цыгарэту. Мужчыну было добра вiдаць, што ў iх аднолькавыя трусы – чырвоныя з шаўковымi зялёнымi лампасамi. Такая ж сакавiта-зялёная шаўковая блузка была на прадаўшчыцы паштовак, падумаў мужчына, i яму зрабiлася няўтульна з таго, што, лежачы на пляжы, ён думае пра незнаёмую прывабную жанчыну. Ён паспрабаваў думаць пра iншае – малюнкi на вялiкiх аркушах, праца, такая, што забываеш пра час, дом... I чым больш яму хацелася забыць жанчыну, тым больш выразна ён разумеў, што не можа гэтага зрабiць. Вечарам, седзячы ў кавярнi, мужчына вырашыў запрасiць прадаўшчыцу ў бар.
        У гасцiнiчным нумары мужчына доўга ляжаў, не могучы заснуць. Ён перабыў на сонцы. Яго калацiла – гарачыня пералiвалася ў халадэчу. Да плячэй не дакрануцца. Выратавала таблетка анальгiну i дзве цыгарэты, выкураныя ўзапар. Прачнуўся ён позна i доўга слухаў, як напружана рыпеў трос, як вуркатаў вагончык з экскурсантамi. На пляж у гэты дзень мужчына рашыў не хадзiць.
        
        
* * *

        
        – Добрай ранiцы, – павiтаўся мужчына.
        – А я думала, што ты пакрыўдзiўся. Толькi якая зараз ранiца?
        – Каму дзень, каму ранiца. – Ён паглядзеў на дагледжаныя рукi, якiя трымалi бляшанку з дробнымi грашыма, падумаў, што трэба запрасiць жанчыну ў бар, i сказаў:
        – Мне патрэбна паштоўка – бананавае дрэва i гатэль.
        – Бананавае дрэва... Пачакай. Здаецца, у мяне iх купiлi оптам.
        – А хто, ты не памятаеш?
        – Дзед у чыгуначным фрэнчы. Ёсць у нас такi. З’явiўся ў горадзе на пачатку красавiка. Ты яго, пэўна, бачыў. Папугай у яго стракаты, яркi... Ара гадае! Ара гадае! Ара прарочыць лёс! Каля марпорта. Бачыў?
        – Бачыў. Каля марпорта, на пляцы. – Мужчына, каб хоць як падтрымаць гутарку, спытаў: – Чаму ён купiў менавiта гэтую паштоўку, а не вiд прывакзальнай плошчы, напрыклад?
        – Не ведаю. А ты, як разумею, ужо знайшоў свой лёс?
        – Так.
        – I што, калi не сакрэт, цябе чакае?
        – Мяне чакае шчасце i каханне, калi зноў прыеду сюды.
        – Ты прыедзеш... – сказала яна.
        Ён не зразумеў, пытанне гэта цi сцвярджэнне, i сказаў:
        – Лепш не чакаць другога разу, а сустрэцца сёння ўвечары.
        – Я не супраць.
        – На жаль, не ведаю горада. Марпорт, пляж i аўтавакзал...
        – Можна каля марпорта.
        – У восем чакаю. Там добрая кавярня.
        
        
* * *

        
        На пляж ён не хадзiў. Вясна на поўднi канчалася, i вось-вось павiнны былi закрасаваць магнолii. Мужчына падумаў, што дома толькi пачынаецца вясна i на дарожных адхонах па леташняй шорсткай траве з’яўляецца мяккая зелянiна. Ён iшоў па горадзе, думаючы пра вясну i жанчыну ў шаўковай блузцы, i яму зажадалася сесцi ў любы, першы, што трапiцца, аўтобус i паехаць абы-куды. Трапiўся двухсалонны "Ікарус", але мужчыну не пашанцавала. Аўтобус спынiўся на прывакзальнай плошчы. Вадзiцель у сапсаваны мiкрафон аб’явiў, што чыгуначны вакзал – гэта апошнi прыпынак, i папрасiў пасажыраў выйсцi. Мужчына зайшоў у прыгарадныя касы i ўзяў бiлет на электрычку. Да адпраўлення яшчэ заставалася колькi хвiлiн. Ён вярнуўся на прывакзальную плошчу, каб разгледзець вежу з гадзiннiкам. Вежа траплялася на кожнай другой паштоўцы. Стромкая, чатырохкантовая, пад тонкiм высозным шпiлем, з круглым гадзiннiкам, вежа была сiмвалам горада. На глыбока-чорным цыферблаце памiж арабскiмi лiчбамi блiшчэлi латунныя знакi задыяка. Мужчына знайшоў свой знак – Вагi. Вагi былi памiж дзевяткай i дзесяткай. Не супадае, падумаў ён, мой любiмы час пачынаецца недзе ў сем вечара, а заканчваецца не ў дзесяць, а прыкладна ў восем. Мужчына пачаў разглядаць другiя знакi, але пара была iсцi на электрычку, i ён запомнiў, акрамя свайго, знак Скарпiёна. Скарпiён быў падобны на павука з хвастом. Электрычка ляцела над пляжамi i прыбоем. У вагоне было блакiтна i хiстка ад мора, святла i руху. Мужчына не ведаў, куды i нашто ён едзе, але яму падабалася глядзець на жывую стужку прыбою, на паўпустыя пляжы, на кандовыя хваляломы... На станцыi, дзе ён сышоў, пахла свежым хлебам. За стойкаю ў прывакзальным буфеце двое армян у модных нясвежых кашулях пiлi пiва з вялiкiх шкляных куфляў. У буфеце, акрамя пiва i бутэрбродаў з сырам, нiчога не было. Мужчына ўзяў бутэрброд. Хрумсткая скарынка яшчэ цёплага хлеба з сырам i маслам нагадала мужчыну яго дзяцiнства i чэргi па хлеб. Пiва мужчына не пiў. Ад пiва ў яго пачынала балець галава. Мужчыну захацелася выпiць паўшклянкi белага вiнаграднага вiна, але вiна ў буфеце не было. У прыстанцыйным кiёску яму трапiлася на вочы паштоўка з бананавым дрэвам. Ён купiў дзве i падумаў, што яны зусiм не патрэбны яму. У кiяскёркi мужчына спытаў, цi можна за гадзiну зайсцi ў лес; тая сказала, што можна, i растлумачыла, як iсцi. Невялiкае паўднёвае мястэчка пахла сераю i марскою соллю. Зеленкаваты пыл ляжаў на прыдарожнай траве. Сцежка стромка пачала ўздымацца на гару. Iсцi было цяжка. Незнаёмы, хай сабе i светлы, лес насцярожваў. Глiнiстую зямлю засцiлала вялiзнымi плоймамi леташняе лiсце. Белыя, што крэйда, камянi выступалi з-пад лiсця i здавалiся кавалкамi святла. Мужчына падняў адзiн гладкi, але не слiзкi камень. Было прыемна адчуваць у руцэ важкасць i цеплыню прыдарожнага каменя. У вiльготна-цёмнай ямцы, дзе толькi што ляжаў камень, заварушыўся чорны, нiбыта выпацканы машынным алеем, скарпiён. Гiдлiвасць апякла мужчыну. Ён вярнуўся на станцыю. У горад мужчына даехаў аўтобусам. Лежачы ў нумары, ён чытаў Мора. Думкi блыталiся, забывалiся папярэднiя абзацы, логiка ўцякала, сэнс расцярушваўся... Ён адклаў кнiжку i пачаў рабiць спробы ўспомнiць жанчыну. Успамiны былi падобны на замаруджаны, блага зманцiраваны тэлефiльм. Складны столiк з паштоўкамi пад веернымi пальмамi. Побач – маладая жанчына. Торс, вылеплены блузкаю, спаднiцай i ветрам. Пальцы пералiчваюць пачак паштовак. На паштоўках бананавае дрэва i гатэль. Жаночыя вусны шэпчуць лiчбы. Адсутнасць макiяжу. Блакiтна-зялёнае вока. У iм – мужчына i свет... Мужчына адчуў, што засынае. Каб не заснуць, ён прыняў душ i апрануў свежую кашулю.
        
        
* * *

        
        Вечарэла. Мужчына i жанчына сядзелi за белым сталом у кавярнi марпорта. Высока над пiрсам стаяў скрылiк маладзiка.
        – Паштоўку з бананавым дрэвам я сабе набыў.
        – Нашто яна табе? – жанчына глядзела на маладзiк.
        – Вырашыў даведацца, чаму дзед з папугаем прадае менавiта гэтую паштоўку.
        – Даведаўся?
        – Так.
        – I чаму?
        – Таму, што бананы тут не выспяваюць.
        – Пры чым тут бананы? Яны не выспяваюць, бо не хапае цяпла...
        – I шчасця тут няма, бо яму не хапае цяпла, – перабiў яе мужчына. – Ён табе абяцае. Разумееш?! Ён табе абяцае шчасце i каханне ў наступны раз, калi ты зноў прыедзеш сюды. За абяцанне ты плацiш грошы. Другiя табе нават не абяцаюць кахання. А ён тым i адрознiваецца, што абяцае. Праз год ара зноў будзе сядзець навязаны, зноў будзе гадаць i прарочыць, толькi ў другiм горадзе...
        – Глупства, – спынiла яго жанчына.
        – Чаму?
        – Глупства, вось i ўсё. Гэты хабёл з папугаем не такi разумны, як ты думаеш.
        – Можа, i так, але гэты хабёл знайшоў, як пяцiкапеечныя паштоўкi прадаваць за рубель.
        – Гэта знайшоў не ён.
        – А хто?
        – Не ведаю. Спытай лепш у мора. I давай не будзем пра папугая, пра папугаяў. Усе яны папугаi.
        – Добра, не будзем. Зрэшты, мы пра iх i не гаворым. Мы гаворым пра каханне, якога няма.
        – Нашто ты купляў у яго паштоўку?
        – Каб зразумець, як працуе сiстэма.
        – Зразумеў?
        – Зразумеў.
        – I цябе больш не цiкавяць паштоўкi?
        – Не цiкавяць.
        – Шкада. Я страцiла клiента. Не крыўдуй. Калi цэлы дзень прастаiш за прылаўкам, усе людзi ператвараюцца ў клiентаў. Непрыемна, але гэта так. Не будзем больш гаварыць пра паштоўкi.
        – Згода, – сказаў мужчына. Ён устаў i падышоў да буфетнай стойкi. Буфетчыца сварылася з дзябёлай эстонкай. Буфетчыца не дала рэшты i пераконвала эстонку, што, маўляў, налiла больш соку. Эстонка патрабавала вярнуць грошы i даць кнiгу скаргаў. Буфетчыца вярнула рэшту. Інцыдэнт скончыўся. Мужчына заказаў дзве кавы i вярнуўся за стол.
        – У мяне заўтра вольны дзень, можна куды-небудзь паехаць, – сказала жанчына.
        – Я тут нiчога не ведаю.
        – Ёсць неблагi пляж, толькi туды трэба плыць на катэры.
        – Можна i на катэры.
        – А калi будзе дождж?
        – Дажджу не будзе.
        – А калi ён усё ж такi будзе?
        – Паплывём на падводнай лодцы, – сказаў мужчына.
        
        
* * *

        
        Дажджу не было. "Ракета" на падводных крылах, абагнуўшы пiрс з маяком, выйшла ў мора. Мужчына курыў на верхняй палубе. Жанчына стаяла побач. Па дарозе яны сустрэлi такую ж самую "ракету" на падводных крылах, што iшла ў процiлеглым кiрунку. Жанчына памахала рукою, i нейкi чалавек у белай кашулi памахаў у адказ. "Ракета" прышвартавалася да драўлянага прычала. Акрамя мужчыны i жанчыны, на гэтай станцыi нiхто не сышоў.
        – Звычайна на гэтай станцыi "ракета" не спыняецца, але яна ёсць па маршруту, i я папрасiла, каб прычалiлi, – сказала жанчына. Мужчына прачытаў на дашчанай блакiтнай будцы, што стаяла на беразе каля прычала, шыльду: "Станцыя Востраў".
        – Гэта сапраўды востраў? – спытаў ён.
        – Гэта не востраў, гэта гара. Рэчка разыходзiцца на два рукавы, i атрымлiваецца, што вакол гары вада. У горад мы вернемся на электрычцы.
        – Цудоўная станцыя Востраў, – сказаў мужчына.
        – I мне падабаецца, мы сюды ездзiлi з аднакурснiкамi. Была поўня, i мы купалiся. Ведаеш, якi цуд плаваць ноччу, калi над морам поўня! Шкада, што зараз ранiца i няма поўнi...
        – Учора быў толькi маладзiк. I добра, што зараз ранiца i няма тваiх аднакурснiкаў.
        – Можа, i так, – пагадзiлася жанчына.
        Яны iшлi каля самай вады па вiльготным жвiры. Потым паднялiся на гару i пайшлi праз платанавы лес. Сонца вялiкiмi дрогкiмi плямiнамi ляжала на зямлi. Ствалы i галiны ў платанаў былi плямiстыя, што маскхалаты. Мужчына падумаў, што, нават калi iдзе дождж, платаны выдаюць асветленымi сонцам. Пляж, на якi прыйшлi мужчына i жанчына, быў невялiкi. Яго нiхто не прыбiраў. На светлым пяску ляжалi карчы i бярвеннi побач з сухiмi водарасцямi, выкiнутымi хваляй i высушанымi жорсткiмi касымi промнямi.
        – У гэтага пляжа ёсць адна загана, – жанчына сказала хутчэй сабе, чым мужчыну.
        – Якая?
        – Часам у гэтую бухту мора прыносiць нафту. Яе амаль не вiдаць.
        Жанчына зайшла ў ваду. Зiхоткая, што срэбра, вада пасыпалася з яе далоняў.
        – Здаецца, нафты няма.
        Мужчына не распранаючыся лёг на гарачы пясок. Ён любiў глядзець на сонца, заплюшчыўшы вочы. Жанчына падышла i села побач.
        – Як ты ставiшся да нудысцкiх пляжаў? – спытаў мужчына.
        – Нармальна. А ты?
        – Калi малюеш аголеную, гэта здаецца нармальным, але распрануцца самому – iншая рэч. Цяжка пераадолець сорам.
        – Яго трэба пераадолець адзiн раз.
        – Жанчынам лягчэй.
        – Аднолькава.
        – Жанчынам лягчэй. Ведаю па натуршчыках. Нават калi ў майстэрнi адны мужчыны, не кожны пагодзiцца пазiраваць аголеным.
        – А чаму?
        – Не ведаю. Ёсць такi факт. Высновы не мая спецыяльнасць.
        – Ты саромеешся мяне? – спытала жанчына.
        – Не, – адказаў ён, не расплюшчваючы вачэй. Жанчына распранулася i зайшла ў белую хвалю. Мужчына, не адкрываючы вачэй, ляжаў на пяску. Ён любiў глядзець на сонца, заплюшчыўшы вочы, калi прыемная чырвань ператвараецца ў зялёныя зоры, што плывуць i плывуць прад вачыма. Яго супакойвала кiнетыка прыроды, падпарадкаваная рытму сэрца. Жанчына выйшла з мора. Яе смуглае прыгожае цела, аблiтае сонечнасцю, свяцiлася.
        – Тут дзiўны пясок, – сказала яна.
        – На iм можна бясконца маляваць, – сказаў мужчына i адкрыў вочы, – а хвалi будуць змываць малюнкi. Ты будзеш пазiраваць, а я – маляваць, а хвалi будуць змываць малюнкi. Гэта цудоўна, калi малюнкi не застаюцца. Ты разумееш, гэта тое, што трэба – працаваць, ведаючы, што твае творы нiхто не пабачыць, толькi ты адзiн. А мора будзе выносiць прысуд тваiм малюнкам...
        – Прабач, я не разумею.
        – Гэта проста. Мы памiраем, i хваля смерцi змывае нас i нашы сляды, як марская хваля знiшчае малюнак на пяску. Кожны ведае, што знiкне. I рана цi позна знiкне памяць аб iм, але ён спадзяецца на цуд, на рай, на памяць iншых людзей... Спадзяецца на заўтра. А я – не, не спадзяюся на заўтра. Я не веру папугаю, не веру паштоўкам, не веру сонцу над морам. Я веру, што каханне тут, зараз, i я веру, што кахаю цябе...
        Мужчына стаяў на пяску каля мора. Хвалi кацiлiся на бераг i вярталiся ў мора. Жанчына стаяла спiнаю да зямлi, а мужчына – спiнаю да мора. I было сонца. I быў дзень. I быў вецер. Ён маляваў на пяску. А хваля змывала малюнак. Ён маляваў аголеную жанчыну. А хваля не пакiдала i следу. Ён маляваў хутка i не паспяваў. А хваля паспявала. Ён рабiў некалькi лiнiй, i малюнак знiкаў. I ён зразумеў, што не трэба маляваць жанчыну, што яе для яго няма, што ёсць толькi ён i сонца, ён i мора. I ён пачаў маляваць сонца, мора i горад. I зноў не паспяваў. I ён зразумеў, што не трэба маляваць мора, i сонца, i горад, што ён паспее напiсаць на пяску, у прасторы памiж папярэднiм i наступным, толькi адно слова.
        Вертыкаль, птушка кранае дзюбаю вертыкаль – лiтара К.Птушка iмкнецца ўзляцець, гарызанталь перакрэслiвае крылы – лiтара А.Дзве вертыкалi i агульная дыяганаль – лiтара И.Круг, вертыкаль – лiтара Ф.Кропка над И.
        Мужчына паспяваў.
        Ён паспяваў напiсаць слова.
        Слова ў прасторы памiж папярэднiм i наступным. Кайф. Хваля. Кайф. Хваля. Кайф. Хваля. Кайф...
        Потым было звычайнае – быў мужчына i была жанчына, была блiзкасць i сонца, i мора, i вецер...
        – Ты маляваў мяне? – спытала жанчына.
        – Так.
        – Малюнкi былi добрыя?
        – Так.
        – Яны былi падобныя на мяне?
        – Так, – сказаў мужчына.
        Вечарэла. Да электрычкi яны iшлi праз платанавы лес. Светлая зелянiна платанаў трымала ў сабе дзённае святло. У электрычцы яны не гаварылi. На прывакзальнай плошчы мужчына спынiўся i, разглядаючы вежавы гадзiннiк, спытаў:
        – Якое тваё сузор’е?
        – Скарпiён.
        – Не люблю скарпiёнаў.
        – I я iх не люблю, але ж гэта толькi назва, выпадковая назва сузор’я, а не зоркi. Да зор назва не мае нiякага дачынення.
        – Цiкавы адказ.
        – Я гэта прачытала ў нейкiм часопiсе.
        – У якiм?
        – Не памятаю, помню, там былi фотаздымкi з замежнымi модамi.
        
        
* * *

        
        Ранiцай у кавярнi да мужчыны за стол падсеў незнаёмы, кава была гарачая, i ён нязграбна трымаў фiлiжанку ў двух пальцах.
        – Добрая кава, – сказаў незнаёмы.
        Мужчына ў адказ кiўнуў.
        – Ведаеш кавярню "Тры магнолii"?
        Мужчына iзноў кiўнуў у адказ.
        – Там няблага каву гатуюць. А больш у гэтым горадзе добрай кавы не знойдзеш.
        – Курыць будзеш? – мужчына паклаў на стол пачак цыгарэт.
        – Не, я не куру.
        Каля буфетнай стойкi стаялi i перагаворвалiся дзве маладыя масквiчкi. Незнаёмы паглядзеў на загарэлых жанчын i сказаў:
        – З жанчынамi тут блага. Рэстаран. Таксi. Грошы. А без гэтага нi адна не згодзiцца з табою пайсцi. Блага тут з жанчынамi. А адкуль у мяне тыя грошы, ну, адкуль яны наогул бяруцца ў гэтых "чорных"? Блага тут з жанчынамi.
        – Блага, – сказаў мужчына.
        Незнаёмы дапiў каву i выйшаў з кавярнi. За стол да мужчыны селi дзве загарэлыя масквiчкi.
        – Прабачце, у вас ёсць запалкi? – спытала першая.
        Мужчына паставiў на стол французскую запальнiчку. Жанчыны закурылi.
        – Ты ведаеш, колькi каштуе паштоўка ў гэтага папугая? – спытала першая.
        – Колькi? – перапытала другая.
        – Два рублi.
        – I ты купiла?
        – Сорам сказаць. Не вытрывала. Купiла.
        – I што?
        – "Вас чакае каханне" было напiсана на паштоўцы.
        – I ўсё?
        – Усё.
        – За два рублi можна было i больш напiсаць... Мужчына выйшаў з кавярнi i накiраваўся да кiёска сваёй знаёмай жанчыны. Ён iшоў па вулiцы, якая пахла смажаным тлушчам i гарачым алеем. Пачаўся курортны сезон.
        – Як iдзе твой гандаль? – спытаў мужчына.
        – Нiшто, – адказала яна.
        – Я заўтра ад’язджаю. Пакiну табе сонца, мора i вецер.
        – А я не люблю пляж, не люблю мора.
        – Чаму?
        – Рэдка туды хаджу. Адкладаю на заўтра, а заўтра так i застаецца заўтра.
        – Разумею. Я вырашыў зрабiць падарунак, – ён паклаў на слiзкiя паштоўкi "Утопiю" Томаса Мора.
        – Мне яна не патрэбна...
        Да кiёска падышоў стары чалавек у белых шортах i белай кашулi з кароткiмi рукавамi. Нос у чалавека быў заклеены белай паперай.
        – У вас ёсць канверты "авiя"? – спытаў ён.
        – Ёсць.
        – Мне адзiн.
        – Калi ласка.
        – А чаму ён такi пакамечаны?
        – Ен трапiў сюды выпадкова. Я гандлюю паштоўкамi. Канверт у мяне адзiн.
        – Мне не патрэбен пакамечаны канверт.
        – А ў мяне другога, на жаль, няма. Купiце на пошце. Тут побач.
        – Пакамечаны мне не патрэбен. Колькi каштуе гэтая кнiга, цi яна таксама трапiла сюды вьпадкова? – нервова спытаў чалавек з заклееным носам.
        – Два рублi, – апярэдзiў жанчыну мужчына.
        Чалавек паклаў на паштоўкi два металiчныя рублi i пайшоў у бок пошты.
        – Нашто ты прадаў яму кнiгу? – спытала жанчына.
        – Яна мне на патрэбна, як i табе.
        – Мне падалося, што гэты ў шортах ненармальны.
        – Чаму?
        – Цяпер без рознiцы – "авiя" цi не, а па-другое, нешта ў iм... Я не ведаю, як сказаць. Карацей, ненармальны.
        – А мне наадварот здаецца, што ён самы нармальны. Толькi ягонае шчасце папугай ара выцягнуў у канверце "авiя".
        – Ты так думаеш?
        – А што застаецца думаць? I наогул – нашто думаць, калi ара гадае?! – спрабаваў жартаваць мужчына. Яму захацелася хутчэй вярнуцца дадому.
        
        
* * *

        
        Мужчына даляцеў нармальна. Дома, не здымаючы нават капелюша, ён падышоў да кнiжнай палiцы i, пагартаўшы пяты том "Жыцця жывёл", прачытаў: "Трохколерны ара вымер на пачатку XX стагоддзя. Жыў гэты папугай на..."
        – Шкада, – сказаў мужчына намаляванаму папугаю i паўтарыў: – Шкада...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.