РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аголеная ў тралейбусе
        Чэсь любiць метал; рэжа сталь, як паперу. Трубы i прэнты згiнаюцца ў яго руках, як васковыя свечкi ў гарачай вадзе. Ён – спецыялiст па выкананню кратаў. Чэсь, адзiны на сваiм прадпрыемстве, хто займаецца дэкаратыўнымi кратамi ад эскiзаў i чарцяжоў да зборкi на аб’ектах. Яго паважаюць, яму зайздросцяць, калi атрымлiвае заробак; яго падманваюць, яму дапамагаюць, калi закрываюць i падпiсваюць нарады. Чэсь працуе ў цэху, дзе лiставая сталь i гудзенне газазваркi нiкога не дзiвiць, а звычайны голас немагчыма пачуць. Працаваць у яго атрымлiваецца. Ён здатны рабiць i лепш, i больш, але не вытрымае фонд зарплаты, i ў планавым аддзеле зляцяць прэмii, таму робiцца столькi, колькi трэба, каб з табою вiталiся за руку, а не кiвалi, касавурачыся на падлогу цi столь.
        Знешнасць давала Чэсю шанц трапiць у кiназоркi, чые партрэты вырэзваюцца мiнiяцюрнымi нажнiцамi i развешваюцца ў дзявочых пакоях заводскiх iнтэрнатаў. I ён бы трапiў, ён нават выканаў адну ролю ў тэлеспектаклi, але перакананне, што гаварыць чужое i рабiць выгляд, быццам кiмсьцi прыдуманае – тваё ўласнае, Чэсь не здатны, i ён гэта ведае. Лепш балоны з ацэтыленам i жалеза, чым камера i манiтор, – думае Чэсь. Ягонаму характару адпавядае дэмакратычная вопратка нашага часу – джынсы, куртка i красоўкi, так можа апрануцца i дырэктар, калi едзе за горад, i грузчык з татуiроўкай на ўсю спiну, калi збiраецца ў рэстаран, i дзяўчо, як ляцiць на першае спатканне, i яшчэ немаведама хто з нас.
        
        
* * *

        
        Жджоўк-жджоўк! Шчоўкае фортка на прахадной. Чэсь аглядаецца на браму свайго прадпрыемства. Да брамы прывiнчаны дарожны знак: чырвоная палоса перакрэслiвае чорны клаксан. Дарога да метро не запаўняецца падзеямi. Шчы-дзынь. Пятакi высыпаюцца ў падсветленую металёвую шуфлядку. Паўз малочныя цылiндры свяцiльнiкаў Чэсь апускаецца на платформу. Вывучэнне лiнолеуму на вагоннай падлозе – сумны i бесперспектыўны занятак. Выходзiць з метро больш прыемна, чым спускацца туды, што б там нi казалi, а яно так. На аўтобусным прыпынку Чэсь закурвае. Адно, што суцяшае ў гадзiннай дарозе з працы, гэта – iндустрыяльныя краявiды з iх дзiўнай здольнасцю быць заўсёды новымi i цiкавымi. Перасадка на тралейбус выконваецца iмгненна. У тралейбусе не прадыхнуць. Тры прыпынкi на адной назе. Нарэшце палова пасажыраў сыходзiць. Чэсь разглядае спадарожнiкаў. Ёсць твары, на якiя сорамна глядзець, асаблiва калi iх пара – ён i яна, яшчэ горш, калi яны смяюцца. Побач з Чэсем чытае спартыўную газету руды кучаравы маладзён. "Чым жа ты займаешся, ку-ча-ра-вы? Рыбалоў-спартсмен? Рыбалоў-спартсмен!" – круцiцца ў Чэся, калi заўважаецца прыгажосць. Галантнасць i прыгажосць належаць жанчыне. Яна ў акулярах, але можна ўявiць жанчыну i без акуляраў, i без празрыстых пластыкавых клiпсаў, i без пластмасавага драпежнага манiкюру, i без манернага залатога гадзiннiка на ланцужку, i без сумкi з неабавязковымi рэкламнымi надпiсамi, без курткi пастэльных тонаў, без лёгкай сукнi... Чорныя панчохi можна пакiнуць, а можна i не пакiдаць. Мужчына не пакiдае на жанчыне панчох. Яна застаецца аголеная ў паўпустым тралейбусе... "Вы зараз будзеце сыходзiць?" – у адзiн голас пытаецца ў Чэся пара. Той саступае дарогу. "Дазвольце пазнаёмiцца. Прабачце, дазвольце, калi ласка, пазна...", – думае Чэсь, калi разам з парай сыходзiць жанчына ў чорных панчохах. На прыпынку назбiралася тралейбусаў. Чэсь бачыць, як прыгажосць знiкае за дзвярыма рыбнага магазiна. Знаёмства адкладаецца назаўсёды. Руды сыходзiць на наступным прыпынку. Бух-бух па прыступках – i Чэсь на асфальце свайго мiкрараёна. Праз падземны пераход, да гастранома, паўз яго, да кафэ "Сустрэча", паўз кафэ, да кiёска. У вiтрынах выстаўлены календары на наступны год, на календарах леташнiя летнiя краявiды. "Яшчэ вясна, а календары назапашаны наперад. Чорныя лiчбы – буднi, чырвоныя – святы i нядзелi. Чырвоных значна менш", – думае Чэсь, калi трапляе ў свой пад’езд. Дзынь-дзы-ы-ыннь. Жонка адчыняе дзверы, муж заходзiць у кватэру.
        
        
* * *

        
        На кухнi многа белага. Белы стол, белая плiта, белы халадзiльнiк... Кафлю з празрыстым шэрым малюнкам таксама можна назваць белай. Чыста i светла на кухнi.
        Жонка i муж сядзяць за сталом, перад iмi талеркi з рысам.
        – Такое адчуванне, што жыву ў гумовым пакоi, а ўсе мае спробы вызвалiцца – толькi марныя ўдары ў тоўстую чорную гуму. Добра яшчэ, калi чую грукат за сцяной, а то глухата... Цi варта жыць? Цi трэба намагацца, калi не жыццё, а iснаванне ў гумовым пакоi? – пачынае гаворку муж.
        – Сапраўды, гумовы смурод, якiм набрыняла рэчаiснасць. Скрозь гумовы смурод. Вар’яцтва i самагубства здаюцца ратункамi. Жыць не хочацца, – працягвае гаворку жонка.
        – Можа, паспрабуем жыць наноў? Пераедзем у другi горад. Не спадабаецца – паедзем у мястэчка, куды-небудзь да мора, на поўдзень. Я ўладкуюся на пляж выратавальнiкам, цi на маяк, цi на лодачную станцыю вартаўнiком. Ты забудзеш сваю лабараторыю i радыяцыю. Я выкiну з галавы камандзiроўкi i краты. Будзем хадзiць да мора i сядзець на пяску i глядзець на прыбой. Цi пойдзем у парк, дзе можна ноччу пад лiхтаром стаяць каля белай скульптуры i чытаць. Недзе павiнна знайсцiся гармонiя, суладнасць памiж светам i намi. Можа, паспрабаваць?
        – Знаёмая казала, што на ўзбярэжжы ноч пераначаваць можна толькi за тры рублi, i то калi папярэдне, за месяц цi за два, дамовiшся.
        – Дамаўляйся i едзь. Табе трэба адпачыць, а то дацягнем, як мiнулым летам, да восенi, i нi ты, нi я не адпачнём.
        – Так i зраблю. Паеду на Балтыку, там не так горача, як на поўднi. Не пераношу спёкi. Гэты пот, пот, пот...
        На халадзiльнiку спiць малы чырвоны тэлевiзар. На шкафчыку маўчаць магнiтафон i транзiстар. Памiж iмi на стосе часопiсаў i газет свецiцца залатою тлустасцю бутэлька са сланечнiкавым алеем.
        – Паедзеш адна?
        – Ты ж не зможаш?!
        – Знойдзеш знаёмую. Дый з грашыма туга. Нашто куплялi прыёмнiк з магнiтафонам i яшчэ тэлевiзар, калi не глядзiм i не слухаем?
        – Давай прадамо, – прапаноўвае жонка.
        – А можа, мне на ўсход з’ездзiць? Папрацаваць з год у лесанарыхтоўчай брыгадзе, зарабiць колькi тысяч, а потым вольным пабыць, работы пашукаць, каб без камандзiровак. Цi лепей на вялiкую будоўлю на поўнач, дзе перспектыва i маштаб. А пасля купiм дом i сад. Не. Сад я сам пасаджу. Нi градаў, нi кветнiкаў, нi кустоўя не будзе, толькi трава i яблынi з пабеленымi стваламi. Дом таксама белым пафарбуем, а дзверы i аконныя рамы – блакiтныя. Плот вакол сада зробiм кратаваным i сiнiм, а сцежкi i двор тоўчанай цэглай засыплем i бардзюр з цэглы выкладзем. Сярод яблынь абавязкова некалькi антонавак прышчэпiм. Якi водар у вераснёўскiх антонавак! Цуд, мёд, а не яблык – наш "антон". А ўзiмку сад прыгожы, графiчны, як мае краты ў светлым iнтэр’еры. За садам майстэрню паставiм. Невялiкiя заказы можна i дома рабiць. А вечарам будзем чытаць. Я, калi заходжу ў бiблiятэку, часам страх адчуваю, робiцца жахлiва, што не паспею прачытаць столькi кнiжак. А вось ад таго, што магнiтафонных стужак не праслухаю цi вiдэакасет не пагляжу, страху няма. Стэлажы пад кнiгi я зраблю сам i абавязкова са шклом, каб пыл не псаваў паперу. Можа, мне паехаць?
        – Едзь. Толькi не дзеля заробку. З’ездзi, адпачнi...
        – Адпачнi! Адпачнi!! Адпачнi!!!
        Муж бярэ бутэльку з алеем i разбiвае аб газавую плiту.
        Жаўтлявыя рагi паўзуць па слiзкiм пластыку шкафчыка i дзвярах халадзiльнiка. На столi, нiбыта зоры на небе, праяўляюцца крапкi алею, якi вокамгненна знiшчае чысцiню кухнi. Аскепкi шкла асыпаюцца на лiнолеум. Выбух узарванай бутэлькi застаецца на слыху.
        Муж i жонка прыбiраюць на кухнi, шаруюць, выцiраюць, мыюць, падмятаюць, зграбаюць... Нарэшце муж перакульвае вядро над адкiдной шуфлядай смеццеправода, i вольнае шкло грукацiць у вертыкальным жалезным тунелi.
        – Цяпер чыста. Мне лягчэй. Мне добра. Мне весела. Нервы! А цяпер мне спакойна, нiбыта я вырваўся з гумовага пакоя, – гаворыць муж, калi хавае парожняе вядро ў шкафчык пад адшараванай ракавiнай.
        – Разумею, кажу глупства, але ты наступным разам як-небудзь папярэджвай мяне, а то я спалохалася. Можа, павячэраем? – мякка пытае жонка.
        – Давай вячэраць, – муж садзiцца за стол.
        
        
* * *

        
        Кi-гi, кi-гi, кi-гi!.. Электрабудзiльнiк падае голас.
        Гарката зубной пасты застаецца да першага глытка кавы. Кухонны гадзiннiк толькi тое i робiць, што нагадвае пра спазненне. Спружына ў дзвярах пад’езда рыпiць пранiзлiва i жаласна. Йi-i-i. На прыпынку цямнее натоўп. Твары сонныя i злосныя. Тралейбусы падыходзяць адзiн за адным. Усё разлiчваецца да драбнiц – крок управа цi ўлева, i ты не апынешся насупраць дзвярэй, i ты не паспееш заняць месца, а будзеш стаяць, i цябе пачнуць папiхаць з прабачэннямi i моўчкi. Чэсь уладкоўваецца ля акна. Доўгiя, ажно ў два тралейбусныя прыпынкi, заводскiя карпусы цягнуцца за шклом. Ранiцай у тралейбусах не жартуюць, а сварацца, жартуюць вечарам, да якога яшчэ далёка. Чэсь не слухае сваркi, ён сядзiць, ён едзе на работу, ён чытае падрыхтаваныя звечара газетныя ранiшнiя навiны. Перасадка зацягваецца – перапоўненыя аўтобусы не спыняюцца. Вымушаны перакур. Недапалак разам з навiнамi ляцiць у сметнiцу. Дзяжурны пятак знiкае ў шчылiне. Непрыемнае адчуванне, што аўтамат у метро не спрацуе, з’есць пятак i ўдарыць па каленях чорнымi загародкамi. Гумовыя парэнчы i прыступкi эскалатара паўзуць не сiнхронна, гэта абнадзейвае, што век робатаў яшчэ не скора. У вагоне насупраць Чэся сядзяць студэнткi i чытаюць адзiн на дзвюх канспект. Чэсь сыходзiць разам са студэнткамi. Пасажыры накiроўваюцца пад арку. Чэсь падыходзiць да калоны i прыхiнаецца спiнай да мармуру.
        
        
* * *

        
        Ён узляцеў у метро. Спачатку прыйшло адчуванне, што ён можа ўзняцца над запалiраванай мiльёнамi падэшваў цэментавай платформай. Ён паспрабаваў адарвацца ад плоскасцi, i ў яго атрымалася. Мужчына ўзлятаў марудна, цяжка i незаўважна для людзей. Ён узняўся пад самую столь, раскiнуў рукi i... Завiс паралельна пабеленым панелям. Цела не чулася лёгкiм, наадварот, яно нiбы налiлося волавам. Здатнасць пераадольваць прыцягненне далася праз пакутлiвую страту пластычнасцi, праз халодны страх пераўвасаблення. Шоргат, бразгат, грукi, шэпты злiлiся ў манатонны гул, ацiхлi, знiклi. Колеры пашарэлi, выцвiлi. Запанаваў дальтанiзм. Электрычкi прыбывалi i адыходзiлi. Пасажыры запаўнялi вагоны i спяшалiся да эскалатараў. Нiхто не спыняўся, усе беглi, iшлi, спяшалiся. Нават i тыя, што чакалi на платформе, спяшалiся: хутчэй-хутчэй працягваць свой рух па гарызанталi. Мужчына сачыў мiтусню з абыякавым спакоем на твары. Ён быў вышэй. Яму захацелася ўзняцца яшчэ вышэй, працяць панелi i жвiр, працяць глебу i асфальт i ўзлятаць. Ён дакрануўся да столi, на далонi засталася пабелка. Пад тонкiм пластом мелу быў непрабiвальны бетон. Мужчына апусцiўся долу, на тое самае месца, з якога ўзлятаў, i назаўсёды, ён упэўнены, згубiў, страцiў, знiшчыў сваю здольнасць уздымацца, сваю сiлу пераадольваць прыцягненне. Была радасць, што ён лётаў, хай у метро, хай толькi раз за жыццё, але ён узняўся.
        
        
* * *

        
        Мармур прыемна халодзiць спiну i супакойвае. Чэсь разглядае свае рукi – рукi працоўнага чалавека. З метро, праз другiя скразнякi, праз падземны пераход, паўз рабочую сталоўку i кулiнарыю, паўз малочны бар, мiма каруселяў i пясочнiцы, да прахадной. Клаксан на дарожным знаку падбухторвае выгукнуць на ўсю моц дзiцячае "Бi-бi-бi-i-i!". Паказваецца пропуск. Фортка шчоўкае за спiнай. Работа пачынаецца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.