РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Занатоўкі мастака
        
ЗАЧАРОЎВАЕ...

        
        
* * *

        
        Зачароўваюць хутказменлiвыя аблокi на густа-блакiтным шаўковым небе, асаблiва апошнiмi цёплымi вераснёўскiмi днямi.
        
        
* * *

        
        Паркавы вадаспад спачатку клiча... Падыходзiш, глядзiш на заслону з тонкiх струменяў, на лёгкiя пухкiя шапкi шуму, на вiрлiвыя пераплаўленнi чорнае глыбiнi... Вадаспады зачароўваюць.
        
        
* * *

        
        Люстэркi, пастаўленыя адно насупраць аднаго, зачароўваюць; яшчэ больш зачароўвае невялiкi пакой, сцены, столь i падлога якога абшыты люстэркамi. Адна, хай i вельмi вялiкая люстраная сцяна, нiколi не зачаруе.
        
        
* * *

        
        Восеньскiм ранкам, калi я хадзiў у дзiцячы сад, нашую групу вадзiлi на прагулянкi ў парк. Мы збiралi ў кiшэнi i шапкi жалуды, а кляновыя "носiкi" падкiдалi ў кастрычнiцкую сiнечу. "Носiкi", мы iх называлi верталётамi, круцячыся, апускалiся долу. А мы iх падкiдалi зноў – хто вышэй? Мяне i цяпер зачароўвае палёт кляновага верталёцiка.
        
        
        
ЛЁГКА ЗАПОМНІЦЬ...

        
        
* * *

        
        Лёгка запамiнаюцца прозвiшчы старшакласнiкаў i старшакурснiкаў. Спытаюць: з кiм ты вучыўся? I пачынаеш называць спачатку старэйшых, потым аднагодкаў i амаль нiколi не называеш малодшых.
        
        
        
ПОМНЮ З ДЗЯЦІНСТВА...

        
        
* * *

        
        Добра помню з дзяцiнства будынiну гарадскога халадзiльнiка – доўгiя высозныя сцены без вокнаў i вялiзарныя плямiны цвiлi на iх.
        
        
* * *

        
        Мамiна мацi, баба Ядзя, каляндарным лiстком падпальвала ў печы.
        
        
* * *

        
        Бацькава мацi, баба Броня, казала, каб не даваў руку старым людзям, калi яны збiраюцца памiраць. Тлумачыла тым, што чортава сiла не дае лёгкай смерцi, а праз руку можна гэтую сiлу перадаць iншаму чалавеку, што жанчыне лягчэй перадаваць хлопцу, а мужчыну лягчэй, калi руку падасць дзяўчына. Баба Броня, калi расказвала, сядзела на ложку, а я тым часам, седзячы за сталом, маляваў чырвоныя дзверы дзедавай хаты. Прайшло, можа, хвiлiн пяць, я i забыўся пра бабiны словы. А яна раптам на ўсю хату: "Прасiць будуць, а ты не давай рукi!".
        Так i запомнiлася папярэджанне.
        
        
* * *

        
        Этажэркi вымерлi.
        У нас была этажэрка з дыхтоўнымi палiчкамi, са стойкамi, састаўленымi з нiтачных катушак. Суседзi мелi этажэрку з бамбуку. Былi i лазовыя этажэркi – светлыя, з выпаленымi рыскамi арнаменту.
        Я ўжо гадоў дзесяць не сустракаў "жывой" этажэркi.
        Мэбля, як i жывёлы, вымiрае цэлымi вiдамi.
        Этажэркi вымерлi.
        
        
* * *

        
        Мой сваяк – Казiмiр Кiсель – шрот i насенне захоўваў у аднолькавых мяшэчках.
        
        
        
РОБІЦЦА НЯЁМКА...

        
        
* * *

        
        Няёмка робiцца, калi ў час размовы пазяхнеш. Дзiўна яшчэ й тое, што ў няёмкае становiшча трапляеш не толькi сам, а i ўсе прысутныя – i тыя, што гавораць, i тыя, што слухаюць, i нават тыя, што не слухаюць.
        
        
        
ПРЫЕМНА Ў РУЦЭ ТРЫМАЦЬ...

        
        
* * *

        
        Прафесiйна i таму крыху нядбайна завостраны аловак прыемна трымаць у руцэ.
        
        
* * *

        
        Толькi што знойдзеную ў археалагiчным шурфе касцяную шахматную фiгуру прыемна паказваць, узважваючы на далонi.
        
        
* * *

        
        Прыемна ў руцэ трымаць пясочны гадзiннiк; здаецца, пакладзi ты яго на бок – i спынiцца час.
        
        
* * *

        
        Добра выдадзены, нiкiм не прачытаны асобнiк кнiгi твайго любiмага пiсьменнiка прыемна ў руцэ трымаць, прыемна пагартаць старонкi i прачытаць адзiн-два сказы.
        
        
        
МЕСЦЫ, ДЗЕ ЛЮБЛЮ БЫВАЦЬ...

        
        
* * *

        
        Нiкуды не збiраючыся ехаць, люблю прыйсцi на вакзал i пашукаць людзей, што прыйшлi сюды не сустракаць i не ехаць, а паглядзець, як гэта робяць iншыя.
        
        
* * *

        
        Дом хутка знясуць. У такiх, асуджаных на знiшчэнне, дамах з выламанымi дзвярыма i павыбiванымi шыбамi адчуваеш, як скразнякi выносяць чалавечы дух. Цяжка сцвярджаць, што люблю бываць у такiх вось дамах, дакладней будзе – не магу абмiнуць.
        
        
* * *

        
        Люблю наведваць закiнуты стадыён. Брама павалiлася i, лежачы ў плыткай калюжыне, iржавее. Асфальт на сцежках патрэскаўся. Трыбуны i поле пазарасталi высокай травою. На прыступках зелянеюць купiны моху. Спакой...
        
        
* * *

        
        Люблю ўздымацца на вежы.
        
        
* * *

        
        Цiкава наведаць галоўпаштамт. Сядзеш за мармуровы заплямлены атрамантам стол, возьмеш простую асадку з пашкоджаным рознымi почыркамi пяром, падсунеш да сябе шкляную атрамантку i зробiш выгляд, што ты, як усе, запаўняеш бланк.
        Любоў да вакзалаў i паштамтаў засталася ад часоў, калi наведваў мастацкую вучэльню i пасля заняткаў з папкаю i мяккiм алоўкам хадзiў па горадзе i рабiў накiды.
        
        
        
ПРЫЕМНА ДАКРАНУЦЦА...

        
        
* * *

        
        Стаiш у пустым музейным пакоi перад незашклёнай карцiнаю. Прыемна дакрануцца да палатна – пераканацца, што яно сапраўды ёсць.
        
        
* * *

        
        Цэлы дзень атынкоўваў сцяну. Нарэшце праца скончана, але няма задавальнення – не атрымалася тое, што хацеў. Прыехаў дадому, напусцiў поўную ванную блакiтна-празрыстай вады. Трэба паглядзець, цi не занадта гарачая. Асцярожна дакранешся, а яна якраз такая, як i павiнна быць. Апускаеш руку глыбей у чыстую вадкасць... Вельмi прыемна.
        
        
        
УВАСАБЛЯЮЦЬ ЧЫСЦІНЮ...

        
        
* * *

        
        Састаўленыя з гiпсавых шматграннiкаў (па-беларуску лепш казаць – шматкантнiкаў), конусаў, цылiндраў, тораў, шароў i белых крухмальных драпiровак нацюрморты (па-беларуску лепш казаць – рэчавiкi) выклiкаюць адчуванне гармонii i ўвасабляюць чысцiню.
        
        
* * *

        
        Ад рулона льнянога палатна павявае прахалодаю летняга ранку, i гэта для мяне – увасабленне чысцiнi.
        
        
* * *

        
        Красавiк. Снег сышоў. На адхонах чыгункi гарыць падпаленая дзецьмi леташняя трава. Дым незаўважна злiваецца з лёгкай смугою. У прыбраных садах хлопчыкi кладуць вогнiшчы.
        Назаву ўсё гэта вясновым ачышчэннем.
        
        
        
МІЖВОЛІ ЗВЯРТАЕШ УВАГУ...

        
        
* * *

        
        Мiжволi звяртаеш увагу на нумар кiнабiлета. Усё роўна цi ён 8591992, цi 2991958 – рознiцы ну анiякай, а ўвагу звяртаеш.
        
        
* * *

        
        Мiжволi звяртаеш увагу на флуарэсцэнтныя махеравыя шапкi, якiя любяць насiць жанчыны з гарадскiх ускраiн.
        
        
* * *

        
        Жалезабетонны плот, сама надзейнасць, i раптам дзiрка ў iм. Мiжволi спынiшся i зазiрнеш.
        
        
        
САНЛІВАСЦЬ...

        
        
* * *

        
        Чакаеш аўтобуса на правiнцыйным вакзале. Перад вачыма ляжыць залiты белаватым сонечным святлом пыльны пляц. Усе тэрмiны прайшлi, а аўтобуса няма, i робiцца ўсё роўна – прыйдзе ён зараз, цi праз гадзiну, цi праз тры... Пачынаеш засынаць i спiш самым невыносным дзённым сном у пякельную гарачыню.
        Наогул, правiнцыя з яе маруднымi рытмамi выклiкае санлiвасць, зразумела, калi ты – сталiчны чалавек.
        
        
        
НА ШТО ЦЯЖКА ГЛЯДЗЕЦЬ...

        
        
* * *

        
        Цяжка глядзець на доўгi байкавы бальнiчны халат колеру какавы з малаком.
        
        
* * *

        
        На чыгуначнай станцыi ў Негарэлым стаiць больш як сотня цягнiкоў. Яны ўжо ведаюць пра смяротны прысуд i чакаюць за нiзкiм сятчастым плотам у тупiку, калi iм дадуць магчымасць сказаць сваё астатняе слова.
        
        
* * *

        
        Цяжка глядзець на мармуровы бюст з адбiтым, а потым прыклееным носам.
        
        
* * *

        
        На ўласную працу, зробленую толькi дзеля заробку, глядзець цяжка.
        
        
* * *

        
        Насупраць мяне ў электрычцы сеў мужчына. Замест левай кiсцi ў яго з рукава тырчаў пратэз. Мужчына гладзiў чорныя скураныя пальцы правай рукою.
        
        
* * *

        
        Цяжка глядзець на чалавека, якi заносiць у тралейбус вялiкi жалобны вянок.
        
        
        
ВІДОВІШЧЫ, ЯКІЯ СПЫНЯЮЦЬ...

        
        
* * *

        
        Сметнiцы за могiлкамi завалены пахавальнымi вянкамi. Выцвiлыя, пакамечаныя папяровыя кветкi. Прапарафiненая кардонная дубовая лiстота. Пякуча-чырвоныя ад iржы драцяныя каркасы. Пасiвелыя збэрсаныя стужкi з лускою бронзавых i срэбных надпiсаў. Атрыбутыка жалобы спыняе мяне.
        
        
        
ПРЫЕМНА ГЛЯДЗЕЦЬ...

        
        
* * *

        
        Прыемна глядзець з высокага прыгорка на цень воблака, як ён плаўна рухаецца па полi.
        
        
* * *

        
        З хiсткае кладкi, перакiнутай праз плыткую крынiчную рэчку, прыемна панаглядаць за гульнёю верхаводак.
        
        
        
КАЛІ АДЧУВАЕШ АДЗІНОТУ...

        
        
* * *

        
        Робiш роспiс. Доўга не можаш зразумець, чаму так цяжка даецца, так марудна рухаецца наперад праца. I раптам бачыш, што перад вачыма не намаляваны сад, а сцяна. Цяжка i самотна стаяць тварам да сцяны, нават калi малюеш сад.
        
        
        
ПАЧУЦЦІ, ЯКІХ ІМКНУСЯ ПАЗБЯГАЦЬ...

        
        
Азарт

        
        У электрычцы ад няма чаго рабiць назiраю за гульнёю ў карты. Пасажыры добра ведаюць, што азартныя гульнi забараняюцца ў вагонах i тамбурах, але многiя гуляюць.
        Насупраць мяне двое мужчын рэжуцца ў "дурня". Адзiн з iх маўклiвы, другi гаваркi i ўвесь час жартуе i смяецца, словамi дапамагае сабе, хоча голасам надаць карце большую вагу.
        – А тваю сямёрку мы дзесяткай. А тваю дзесятку мы валетам завалiм, каб яна нам тут свет не засцiла. Ну а валета мы казырнай шасцёркаю заложым. Вось так. Ёсць? Няма? Ну, то й добра...
        Я не супраць гульнi ў карты, дамiно цi косцi, калi гульня мастацкая i той, хто гуляе са мною, седзячы насупраць, разумее сэнс гульнi. Насупраць – гэта не значыць супраць у мастацкай гульнi, як у спартыўнай i азартнай, дзе гульня спачатку ператвараецца ў спрэчку, а потым у сварку, бывае, нават i ў бойку, бо пачуццё азарту разбурае правiлы, скасоўвае дамоўленасць.
        
        
Зайздрасць

        
        Убачыў дагледжаныя рукi студэнта, параўнаў са сваiмi, перапэцканымi ў фарбу, i пазайздросцiў.
        
        
        
ЗДЗІЎЛЯЮЦЬ...

        
        
* * *

        
        Здзiўленне – сустрэча з дзiвам.
        
        
* * *

        
        Мяне здзiвiлi памеры тэатральнай люстры. Глядзеў на яе з балкона, i мiжволi ўзнiкла пытанне: якая ж патрэбна лесвiца, каб замянiць лямпачкi ў гэтым фантане з бронзы i крышталю, якi, здаецца, вось-вось абрынецца ў партэр? Адказ, надзiва просты, знайшоўся толькi пасля антракту – люстру апускаюць на ланцугу.
        
        
* * *

        
        Незнаёмая жанчына здзiвiла мяне надзвычайным знешнiм падабенствам да маёй мацi. Дзiўна, што прырода так жорстка жартуе з магчымасцi адрознiваць адно ад аднаго. Аднаго разу я нават бачыў "самога сябе". Я... Ён... не ведаю, як пiсаць, таму пакiну сказ без дзейнiка... iшоў па другiм баку вулiцы, у супрацьлеглым кiрунку. Я адрознiваўся тым, што заўважыў на той момант, як... назаву яго – iншы... на той момант, як iншы не бачыў мяне.
        
        
        
ПРЫЕМНА...

        
        
* * *

        
        Прыемна вярнуцца дадому i павячэраць з мацi, хай гэта будзе шклянка малака з хлебам.
        
        
* * *

        
        Прыемна, калi прымаеш без слоў.
        
        
* * *

        
        Лета звiнiць тонкiм шклом страказiных крылаў. Ад спёкi ратуюць ветрык i рухомыя ценi соснаў, што зусiм блiзка падышлi да хуткай рэчкi. Іду па вузкай стужцы белага пяску, каля самай вады. Што можа быць прыемней, як перайсцi ўброд крынiчную рэчку ў гарачы лiпеньскi дзень? Заходжу ў ваду. Даходжу да сярэдзiны i спыняюся....
        Успомнiлася мая лодачка з сасновай кары. Лодачку я тачыў аб асфальт, пакiдаў на шурпатым панцыры сцежак пiсягi цаглянага колеру. З лодачкай я клаўся спаць. Лодачка ратавала мяне ад розных бедаў у школьным лагеры.
        ...Хуткая халодная вада бруiцца каля маiх каленяў. Вяртаюся на той бераг, з якога прыйшоў.
        
        
        
КРЫЎДНА...

        
        
* * *

        
        Крыўдна робiцца не ў час падману, а ў момант, калi ты даведаўся пра падман.
        
        
* * *

        
        Адпачываў з сябрам. Цэлы месяц давялося насiць на руцэ гадзiннiк, бо сябар забыў свой гадзiннiк дома.
        Непрыемна ў час адпачынку насiць гадзiннiк. Час i ягоная матэрыяльная абалонка – гадзiннiкi – прыдуманыя чалавецтвам кайданы, якiмi кожны з нас прыкуты да грамадства.
        Адпачынак скончыўся. Мы ехалi ў аўтобусе ў аэрапорт. Сябар дастаў з кiшэнi свой "забыты" гадзiннiк, завёў яго i спытаў: "Колькi часу?".
        
        
        
ЖАЛЬ...

        
        
* * *

        
        Без пачуцця жалю нельга зрабiць сапраўдны падарунак.
        
        
* * *

        
        Мацi захоўвала падушачку для iголак, якую я пашыў яшчэ ў дзiцячым садзе. Аднойчы я ўбачыў падушачку ў руках сваёй дачкi. Ёй так падабалася стракатая падушачка, што забраць яе не адважыўся. Дачка гуляла з падушачкай некалькi дзён, пакуль на вулiцы не згубiла яе.
        
        
        
СУПАКОЙВАЕ...

        
        
* * *

        
        Вастрэнне простых алоўкаў мяне супакойвае.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.