РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аскепкі
        – Не ведаю, не думаў, – адказвае Расцiслаў.
        – Ёсць прапанова пайсцi разам, – кажа Аркадзь.
        – А хто будзе?
        – Калi i ты прыйдзеш – чацвёра.
        – Сцiплая кампанiя.
        – Сцiплая, – Аркадзь смяецца. – Толькi ёсць умова... Людмiла прасiла табе сказаць, што яна – дзяўчына.
        – Пры чым тут Новы год?
        – Яна прасiла сказаць пра гэта табе.
        – А чаму мне? Цiкава...
        – Падабаешся. Ёй, дарэчы, дваццаць гадоў.
        – Шкада, што Новы год надыдзе, нават калi яго не сустракаюць, – гаворыць Расцiслаў на поўным сур’ёзе.
        
        
* * *

        
        Людмiла непрыгожая, але па ўсiм вiдаць, што яна глядзiць за сабою i можа сябе падаць.
        
        
* * *

        
        Учацвярых яны сядзяць за часопiсным столiкам, якi спрэс застаўлены посудам. На высокiх шклянках намалёваны аўтамабiлi старых марак. Пакой, дзе сустракаецца Новы год, зусiм маленькi. Ён маленькi, бо ў суседнiм пакоi стаiць раяль, а каб паставiць раяль, трэба было павялiчыць адзiн пакой i адпаведна зменшыць другi. Нават кiтайскiя вышываныя шоўкам краявiды, што вiсяць па сценах, не дадаюць маленечкаму пакою прасторы.
        – А цi не зрабiць з Новага года вяселле, – прапаноўвае Аркадзь.
        – Горка, – кажа Ларыса.
        Расцiслаў з Людмiлаю не пярэчаць, а ўстаюць i цалуюцца.
        
        
* * *

        
        Магнiтафон прапануе танцы. Усе танцуюць у большым пакоi: Расцiслаў з Людмiлаю, Аркадзь з Ларысаю.
        
        
* * *

        
        Яны знаёмяцца на рок-сэйшане. Ідзе гала-канцэрт. Аркадзь з Расцiславам у антракце выходзяць курыць. Ідзе дробны дождж, але пасля задушлiвай, перапоўненай гукам залы iм прыемна стаяць пад дажджом.
        Побач стаяць Людмiла з Ларысаю. Дзяўчаты слухаюць глупства, што нясе дзяжурны кантралёр. Ён хоча спадабацца iм, але ў яго нiчога не атрымлiваецца.
        У Расцiслава з Аркадзем знаёмства завязваецца лёгка.
        
        
* * *

        
        Каля раяля расце фiкус у бочачцы. Раяль – гэта не фiкус, якi можа жыць у iнтэрнацкiм калiдоры, што прапах смажанай цыбуляю. Раяль патрабуе лепшага паветра. Дзiўна, але нават пыл глядзiцца на раялi дарэчы. Раяль гаворыць сам за сябе, i ў пакоi, дзе ён стаiцъ, лунае водар воску.
        
        
* * *

        
        Пасля рок-сэйшана Расцiслаў сустракаецца з Ларысаю i Людмiлаю толькi на Новы год.
        У Аркадзя адна заганная рыса ў характары: любiць дробныя грошы. Ён нiколi не адмовiцца лёгка зарабiць чырвонец. Але тыя, хто яго добра ведае, глядзяць на Аркадзеву сквапнасць як на забаўку i з вялiкiм задавальненнем прапаноўваюць невялiкiя заробкi.
        
        
* * *

        
        Калi Ларыса купляе мяса да святочнага стала, Расцiслаў ёй гаворыць, што яна выглядае чароўна. Гэта адзiны варты ўвагi камплiмент, якi змог сказаць жанчыне Расцiслаў.
        
        
* * *

        
        Ларыса працуе ў сярэдняй школе настаўнiцай матэматыкi. I ў яе ёсць "любiмчыкi". Яна саромеецца гэтага i часам скардзiцца Людмiле сама на сябе, што нiяк не можа абысцiся без "любiмчыкаў" i пачаць аднолькава ставiцца да ўсiх сваiх вучняў.
        
        
* * *

        
        – Мамiн бацька ў Кiтаi жыў, – тлумачыць Людмiла Расцiславу.
        – Нiколi не бачыў карцiн, вышываных шоўкам, – паўтарае ён.
        – Мамiн бацька ведаў кiтайскую мову i чытаў старажытную паэзiю. Ён i сам складаў вершы, але, калi памёр, мамiна мацi чамусьцi схавала архiў.
        – А што ён рабiў у Кiтаi?
        – Працаваў iнжынерам. Электрастанцыю будавалi...
        – Людмiла, а ты не ведаеш, чаму ў кiтайскiх карцiн такiя доўгiя фарматы? Цi то вертыкальныя, цi то гарызантальныя, але абавязкова выцягнутыя...
        – Кiтайцы, пэўна ж, не любяць квадратаў, iм даспадобы iмперская велiч i прастора, панарамы ў некалькi даляглядаў...
        – А яўрэi? – пытае Расцiслаў.
        – Можна спытаць у Ларысы, яна – яўрэйка. Толькi не варта iх будзiць, хай спяць.
        
        
* * *

        
        Людмiла вяртаецца з ваннай. Акрамя шаўковай начной кашулi, на ёй нiчога няма. Яна гасiць святло i кладзецца побач з Расцiславам. Ён адчувае на твары прахалоду Людмiлчынай далонi.
        
        
* * *

        
        "Ён прыгожы, – думае Людмiла, – як для мужчыны, то i занадта. Можна лiчыць – мне шанцуе. А чаму мне не павiнна шанцаваць? Першы мужчына павiнен быць прыгожы... Ён мне нават падабаецца. Я не кахаю яго i не люблю. Так лепш".
        
        
* * *

        
        Людмiла ледзь стрымлiваецца, каб не спытаць, цi падабаецца Расцiславу яе начная кашуля...
        
        
* * *

        
        – Яны спяць, – шэпча Аркадзь.
        – Яна iдыётка, – шэпча Ларыса.
        – Чаму iдыётка? Не разумею...
        – Няўжо нельга было зрабiць усё нармальна?
        – А ты ўсё рабiла нармальна?
        – Я зрабiла, як усе. Спачатку сустрэчы...
        – А якая рознiца, былi сустрэчы цi будуць?
        – Спачатку павiнна быць каханне, – Ларыса садзiцца на ложку.
        – Павiнна... Зноў тваё "павiнна"... А ты кахаеш мяне? – у Аркадзевым пытаннi гучыць непрыхаванае раздражненне.
        – Не кахаю. Раней кахала, а цяпер люблю, цяпер мы разам спiм...
        
        
* * *

        
        – Спачатку ты схадзi, – кажа Людмiла, – бо я надоўга займу ванны пакой.
        – Я хутка, – пагаджаецца Расцiслаў.
        
        
* * *

        
        "Я дарэмна пiла каньяк пасля шампанскага, – думае Ларыса, – трэба пайсцi на кухню i выпiць вады. Цiкава, хто там мыецца? Ён цi яна? Так цi iнакш, давядзецца апрануцца. Як не хочацца вылазiць з-пад коўдры, але i ляжаць не хочацца. Нашто я пiла каньяк? Хапiла б i аднаго шампанскага... Добра, што толькi смажыць. Дзе падзелiся пантофлi? Як непрыемна запальваць уночы святло. Прыгожыя шклянкi. Асаблiва гэтая, з жоўтай машынай на баку. З прыгожай шклянкi i атруту пiць прыемна".
        
        
* * *

        
        – I ты не спiш? – на кухню заходзiць Людмiла.
        – Прыгожыя шклянкi... А як ты сябе адчуваеш?
        – Нармальна.
        – Калi ў цябе ўсё нармальна, я iду спаць.
        
        
* * *

        
        Ранiца. Яны ўчацвярых сядзяць за часопiсным столiкам i п’юць моцную гарбату.
        – Вон адсюль, – шэпча Людмiла, – вон адсюль...
        Астатнiя маўчаць.
        – Вон. Усе вон! – крычыць Людмiла.
        Астатнiя маўчаць. Астатнiя глядзяць на гарбату ў высокiх шклянках.
        Людмiла хапае крухмальны рог абруса i сцягвае на падлогу ўвесь посуд. Зусiм няшчасны выгляд маюць аскепкi з разнятай на кавалкi машынкаю.
        Астатнiя шклянкi ў руках прысутных.
        – Прабачце, – Людмiла пачынае збiраць пабiты посуд. Ларыса бярэцца дапамагаць.
        
        
* * *

        
        – З Новым, 1979 годам...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.