РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Будоўля
        Тады мне было не сорамна ўзяць флейту i пачаць вучыцца iграць. Я набыў флейту ў чорным з матэрыi футарале i паўсюль вазiў яе з сабою. Вечарамi я на слых падбiраў мелодыi простых песень i радаваўся, калi хоць нешта атрымлiвалася.
        У той вечар я ўзняўся на вежу, выйшаў праз акно на вузкi карнiз, сеў на яго i пачаў iграць. Мне падалося, што вежа хоча нахiлiцца i скiнуць мяне, каб я праляцеў колькi дзесяткаў метраў i разбiўся аб заваленую бiтай цэглаю зямлю.
        Я сядзеў на карнiзе, а пада мною ўнiзе ляжаў засыпаны будаўнiчым смеццем двор. Пада мною было мястэчка.
        Вежа належала сабору, што стаяў на грудзе. Баракальная трохнефная базiлiка ўздымалася над мястэчкам. Дзве белыя вежы свяцiлiся ў начным небе. А мястэчка ляжала ўнiзе. Малое, бруднае, з недагледжанымi скверамi i садамi, з аднапавярховымi крамамi i нахiленымi платамi, з патрэсканым асфальтам i брэхам навязаных сабак.
        У саборы мы працавалi ўтрох: Ладак, Хведар i я. Вечарамi я сядзеў на карнiзе, а яны былi ў вежы. Яны спрачалiся штовечар, i iхнiм спрэчкам не было канца. Звычайна пачынаў Хведар:
        – Марна ўсё гэта. Мiтусня. Пыл. Дарэмнасць. Сягоння, ты бачыў, у левым нефе са скляпенняў абвалiлася больш як метр атынкоўкi. Два анёлы ўпалi на падлогу i ператварылiся ў друз, iм нават крылы не дапамаглi ўратавацца. Іх не адновiш. Мы нават не паспелi iх сфатаграфаваць, а iх ужо няма. I так паўсюль. Утрох мы не паспеем нiчога зрабiць, нават фрэскi зафiксаваць не зможам. А яны сыплюцца, падаюць i знiкаюць... Мы толькi прысутнiчаем, мы толькi саўдзельнiкi працэсу. Мы працуем вельмi марудна i не паспяваем нават прыпынiць распад. Сягоння разбiлiся анёлы, а ўчора ў цэнтральным нефе мы забiлi металёвы крук, каб замацаваць рыштаваннi, бо той, што быў забiты ў Лiзавецiну постаць, выпаў. Мы мацуем рыштаваннi, а яны згнiлi, струхнелi. Цвiкi павыязджалi з дошак, i робiцца небяспечна нават проста хадзiць, не тое што працаваць. Рыштаваннi перастаялi свой тэрмiн, яны спарахнелi. Мы ходзiм па рыштаваннях, яны хiстаюцца i рыпяць...
        Хведар высокi, чорнавалосы з рудой барадою, насiў паўвайсковы фрэнч. Гаварыў Хведар цiха i невыразна, словы злiвалiся ў манатонную плынь. Ён не рабiў акцэнтаў, не нацiскаў, не выдзяляў... Ён канстатаваў i пералiчваў. У Хведара былi вялiкiя глыбока-чорныя вочы, i ў iх увесь час нешта трапляла: мошка, парушынка, пыл...
        Я iграў на флейце i не пярэчыў Хведару. Я глядзеў з вежы на мястэчка, на комiны, цагельню, на пажарную вышку, на царкоўны купал без крыжа... Я глядзеў на зарослае бэзам, палыном i крапiвою соннае мястэчка.
        Хведару пярэчыў Ладак.
        Ладак насiў фуфайку. У касцёле было сыра i халодна, i Ладака выратоўвала шэрая i цяжкая фуфайка. Ладак спрачаўся:
        – Мы працягваем пачатае. Не мы распачалi будоўлю, не мы скончым яе. Да нас пабудавалi, да нас зрабiлi некалькi рапарацый, да нас паставiлi i гэтыя рыштаваннi. Мы толькi ўмацоўваем. Мы зробiм, колькi зможам. Пасля нас прыйдуць наступнiкi i будуць працягваць зробленае папярэднiкамi. Частка збудаванага згiне, але большасць застанецца. Два анёлы разбiлiся, астатнiя засталiся. Частка знiкне, i гэта непазбежна, але мы працуем дзеля цэлага, дзеля вялiкага, а не дзеля кавалка...
        У спрэчках я не падтрымлiваў нi Ладака, нi Хведара, бо не ведаў, на чый бок стаць. Я сядзеў на карнiзе, пад зорамi, i вучыўся iграць на флейце. Сваёй прысутнасцю я аб’ядноўваў Ладакаў iдэалiзм i Хведараў матэрыялiстычны песiмiзм. Хведар працягваў:
        – Рыштаваннi трэба разабраць i паставiць новыя. Трэба заказаць стацыянарныя, жалезныя. Калi мы не зробiм гэтага, мы пазабiваемся, ходзячы па струхнелых дошках... Але адкажы мне: дзеля чаго мы распачалi гэтую працу? Папярэднiкi прыйшлi ў абрабаваны, закiнуты сабор i паставiлi рыштаваннi, а потым кiнулi працу. Дошкi i бярвеннi згнiлi. Цяпер прыйшлi мы. Дзеля чаго? Дзеля таго, каб паставiць новыя рыштаваннi i сысцi? Мы прыйшлi, каб пайсцi. Нам здавалася, што мы адновiм сабор. Але гэтак мы думалi ў сталiцы. А тут – правiнцыя, абыякавая да нас i да сабора. Я пераканаўся, што сабор нiколi не належаў гэтаму закiнутаму мястэчку. Увесь час, на працягу чатырох стагоддзяў, нехта прыязджаў са сталiцы i падтрымлiваў сабор. А мястэчка было здатнае толькi нiшчыць. Выбiвалiся шыбы, выломлiвалiся рамы, узрывалася падлога, здымалiся дзверы, рабаваўся алтар, разбiваўся арган... Праўда, потым уставiлi вокны i навесiлi дзверы, каб захоўваць у саборы ўгнаенне. Местачкоўцы i сягоння салiлi б у саборы агуркi цi захоўвалi ўгнаеннi, каб не папярэднiкi, што прыйшлi i выгналi iх. У сутарэннях соль з’ела сцены на паўтары цаглiны...
        – Спынiся, я скажу, – упэўнена пачаў Ладак, – сягоння ў скверы я сустрэў жанчыну. Яна спынiла мяне i загаварыла. Яна казала так. Вы з тых будаўнiкоў, што працуюць у нашым саборы. Яна так i сказала – нашым саборы, не ў царкве цi ў касцёле, а ў саборы. Вы аднаўляеце яго, i я хачу вас папрасiць застацца ў мястэчку, пакуль не скончыце рапарацыю. Вам не варта вяртацца ў сталiцу. Там шмат будаўнiкоў, i вас там нiхто не ведае, а тут вас ведаюць i любяць усе. Вы iдзяце вулiцаю, i ўсе гавораць услед, што пайшоў чалавек, якi будуе сабор. А тыя, што былi ў саборы да вас, з’ехалi, кiнулi пачатае... Мы глядзелi на вежы i чакалi, мы спадзявалiся, што будаўнiкi вернуцца. Але замест iх прыехалi вы. Дык няўжо i вы не зробiце працы да канца?
        Хведар засмяяўся. Ён смяяўся нядобрым сухiм смехам, а потым загаварыў роўна i спакойна, быццам не было нiякага смеху:
        – Яны чакалi i спадзявалiся?! Як жа ж, чакалi. Яны абдзiралi цынк з саборнага даху i крылi iм свае лазнi. Яны кралi вапну i цэглу i будавалi хлявы. Усё, што падрыхтавалi нашыя папярэднiкi, яны цягнулi i прадавалi. А твая сустрэча з жанчынай – выключэнне. Да нас прыходзяць, з намi гавораць. Але хто? Хто з намi загаворвае i нам спачувае? Адзiнкi. Убогiя i слабыя. Іх адрынула мястэчка, i яны iдуць да нас. Іх лiчаць ненармальнымi, дзiвакамi. На iх нельга спадзявацца, яны не могуць супрацьстаяць тым, хто разбураў...
        Хведар гаварыў. Ладак слухаў. А я iграў. Я спрабаваў скласцi мелодыю, я чуў яе i мог нават праспяваць, але не мог сыграць яе на флейце. Я не саромеўся свайго няўмення. Я не саромеўся насiць кунтуш, якi мне падарылi ў тэатры. Я дапамагаў там хутчэй зрабiць дэкарацыi. Знаёмыя папрасiлi. А ў тэатры iшло спiсанне. Кунтуш трапiў да мяне. Ён быў цёплы, i ў саборы можна было хадзiць у iм i не мерзнуць.
        Хведар з Ладакам спрачалiся штовечар, пакуль Ладак не захварэў. Спачатку яго бiў траскучы кашаль, кашаль сухi, як мех з-пад цэменту, сухi, як наждачная папера. А потым пачалося запаленне лёгкiх. Ладак цэлымi днямi ляжаў у ложку, i ў яго была гарачка. Аднойчы Ладак страцiў прытомнасць. Ён устаў з ложка, зрабiў крок i ўпаў. Мы не ведаем, колькi Ладак праляжаў без прытомнасцi на цэментавай падлозе. Хведар пайшоў у бытоўку па запалкi i знайшоў Ладака на падлозе ў адной кашулi. Мы выклiкалi "хуткую", i Ладака забралi ў бальнiцу. У местачковай бальнiцы Ладак прабыў тры днi, бо зрабiлася горш i яго павезлi ў горад.
        Хведару не было з кiм спрачацца. Я не пярэчыў яму, а ён не любiў гаварыць, калi нiхто не пярэчыць. Надвячоркам я сядзеў на карнiзе i граў на флейце. А Хведар пачаў хадзiць у рэстаран i выпiваць. Ён пазнаёмiўся з афiцыянткаю i не начаваў у саборы. Недзе праз месяц, як Ладака забралi ў бальнiцу, Хведар зламаў руку. Ён iшоў надвячоркам у рэстаран. Сабор стаяў на грудзе, i да рэстарана трэба было спускацца па вузкай сцежцы. Хведар аступiўся i зламаў правую руку. Ён з’ехаў, i я застаўся ў саборы адзiн.
        Я застаўся ў вялiкiм трохнефным баракальным саборы памiж трухлявых рыпучых рыштаванняў. Я працягваў распачатую працу, апранаў процiвагаз i палiваў фрэскi "акамяняльнiкам". Цягаў па рыштаваннях цяжкiя балоны. А на вежы гарэла святло. Я не гасiў лямпу на вежы, i яна гарэла i ўдзень i ўночы. Бо я вырашыў: калi перагарыць лямпа, я з’еду. Лямпа згарэла. Я зняў кунтуш i павесiў яго на дроце высока, пасярод сабора. Мой кунтуш нагадваў чалавека.
        Цяпер я саромеюся iграць на флейце. Я хаджу ў шэрым палiто i ў шэрай кепцы, каб не вылучацца з натоўпу.
        Неяк я заехаў у тое мястэчка. Я быў у сваiм непрыкметным палiто, i мяне нiхто не пазнаў, бо яшчэ я не нашу доўгiх, як раней, валасоў. Я вырашыў паабедаць у рэстаране, дзе i спытаў у швейцара пра афiцыянтку, да якой хадзiў Хведар. Швейцар сказаў, што яе даўно няма, бо ёй не пашанцавала. Яна захварэла на пранцы i з’ехала. А яшчэ той швейцар сказаў, што людзi баяцца заходзiць у сабор, нават побач з саборам людзi баяцца хадзiць, бо ў саборы мастак павесiўся.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.