РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жывое
        На тралейбусным прыпынку я дастаў цыгарэту i закурыў.
        Калываючыся, да мяне падышоў п’янаваты дзядзька з пляскатым тварам, на якiм iртутна паблiсквалi вочкi. Ён трымаў парэпаную валiзку з дзынкнымi пляшкамi пiва. Мысы збiтых чаравiкаў пазакручвалiся i пазiралi ўгару. Пэўна, чужы быў абутак, дый большага, чым трэба, памеру. Нягеглая пастава спiтага ўшчэнт мужчыны нiбыта казала: чалавечае жыццё – нiчога не варты занятак.
        – Сынок, пачастуй цыгарэтай.
        Я вытрас з пачка цыгарэту. Ён зацiснуў яе ў цёмных губах i з асалодаю зацягнуўся.
        – Дзякуй, сынок. А ты адкуль, можа, з гэтага раёна?
        – З гэтага, – мне хацелася, каб ён хутчэй адышоў ад мяне.
        – А мяне ты ведаеш?
        – Не ведаю.
        – А Цымбалевiча аднавокага, якi рыбак прадае, ведаеш?
        – I Цымбалевiча я не ведаю.
        – Дык ты, мусiць, не мясцовы?
        Я паглядзеў праз галаву надакучлiвага, цi не iдзе мой тралейбус. Вулiца была пустэльная.
        – Ты не крыўдуй. Сапраўды, ходзяць тут розныя, цыгарэты просяць. Так i хочацца iм па галаве шваркнуць. Ну, хочацца ж мне па пысе з’ездзiць? – У дзядзькавых пытаннях пачала праяўляцца варожасць.
        – Не хочацца, – супакоiў я п’янага.
        – А то глядзi ў мяне, сынок. Я магу табе i курдупеля загнуць.
        Я змаўчаў.
        – Дык, кажаш, рыбак у цябе няма i Цымбалевiча ты не ведаеш. А каты ў цябе пад вокнамi ёсць?
        – Ёсць. Яны тут ва ўсiх пад вокнамi ёсць.
        – Правiльна, вось цяпер я табе веру, што ты наш, а не чужы. А гэтыя, што поўзаюць, ну, як iх, лiха iх дзяры... Ёсць?
        – Дзецi?
        – Не дзецi, а гэтыя... Ха-ха-ха... Дзецi! Як ты мяне. I праўда ж, дзецi поўзаюць. Значыць, дзецi ў цябе ёсць. I ў мяне ёсць, быў, не, ёсць сын такi, як ты. Дык не пра дзяцей я пытаў, а пра хамякоў. Я ж свайму сыну ў шэсцьдзесят трэцiм годзе, мы якраз з вёскi ў Мiнск перабралiся, прынёс хамяка. Мы жылi ў кватэры – шэсць дзвярэй на адну кухню. Ну ты ж разумееш, камунальная кватэра. Купiў я свайму малому хамяка ў слоiку. А ў Цымбалевiчаў быў кот. Руды, пярэсты, вочы зялёныя, а шкодны – злодзей, адным словам. Як учуў ён, што ў нас хамяк, дык i пачаў кiпцямi дзверы дзерцi. Шкрэб-шкрэб, шкрэб-шкрэб... Прагнаў я яго. А наранiцу, як толькi я дзверы адчынiў, дык ускочыла гэтая рудая падла ў пакой, слоiк перавярнула i задрала хамяка. Падпiльнаваў жа мяне гад, я i думаць не думаў, што гэты злодзей усю ноч чакацьме, пакуль дзверы адчыняцца. Схапiў я ката, занёс за сараi, там яго, гада, рыдлёўкаю i засек. Закапаў яго там жа ж, за сараямi. Во. Абы-што – хамяк з катом. А з Цымбалевiчам мы з таго часу крэўныя ворагi. I кот даўно згнiў, i хамяк, а мы дваццаць гадоў... Якiх дваццаць? Трыццаць бяры, i ўсё варагуем. Вось як, сынок. Цымбалевiч рыбак разводзiць, яму весялей, а я на пенсii i алкаголiк. Дык, кажаш, дзецi ў цябе. А колькi?
        – Двое. Сабаку просяць, а я iм кажу, вось атрымаем новую кватэру, тады i глядзецьмем.
        – Дзецi, яны жывое любяць. Скажы, сынок, а чаму яны бацькоў не любяць? Во, Цымбалевiчу родны сын вока выбiў. А спытай, за што? Драбяза. Бацька тры рублi не даў сыну на апахмелку. А мой вырас i... Жывое яны любяць...
        Падышоў тралейбус, i я пакiнуў п’янага дзядзьку з патухлай цыгарэтаю ў парэпаных губах, якiя гукнулi мне ўслед:
        – А пiва?

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.