РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На роварах па пяску
        Ярак і Антон ляжалі ў вялікім дзедавым ложку і перашэптваліся. Раніцай хлопцы збіраліся паехаць у грыбы, таму і ўгаварылі Антонаву бабулю пакласці іх разам. Ярак ляжаў каля сцяны пад жоўта-сінім дываном, на якім алені, два вялікіх, адзін малы, прыслухоўваліся да шапацення сіне-зялёнага намаляванага сасонніку, да плёскату бела-белай крыніцы. Іх круглыя чорныя вочы неміргаючы глядзелі на прыадчыненыя дзверы ў суседні пакой. Адтуль ціха плыла гутарка спартыўнага каментатара з чэмпіёнам. Стары, хрыплаваты рэптадуктар, які знарок не выключылі, перадаваў спартыўныя навіны. Хлопцы перасталі гаварыць, пажадаўшы адзін-аднаму добрай ночы, і заснулі. Рэпрадуктар на хвіліну змоўк, а потым пачалася музычная перадача “Для тых, хто не спіць”.
        За акном толькі зашарэла адна з апошніх жнівеньскіх раніц, калі афіцыйна-бадзёры голас дыктара павіншаваў слухачоў з новым днём. Антон як старэйшы першым устаў, выключыў рэпрадуктар і запаліў святло. У пакоі стала жоўта, а акно засінела. Не снедаючы, а толькі выпіўшы па кубку кісла-салодкага “грыба”, хлопцы пабралі кашы з прыгатаванымі з вечара сабойкамі і пайшлі ў гумно па ровары. На дварэ было халаднавата, суцішна, чулася блізкая восень. Шэра-зялёны сад яшчэ спаў за нізкім плотам, праз які звешваліся ў двор галіны парэчак. Ярак з’еў некалькі рубінавых пацерак-ягад, якія ўжо аддавалі віном. Буйныя гэтай парою бурачковыя і лімонныя вяргіні гарэлі ў садзе. Над імі свіціліся ў цёмнай зеляніне мядова-залатыя антонаўкі.
        Антон адчыніў гумно, і адтуль выскачыў чорна-руды суседскі кот.
        – А, каб цябе… Напалохаў! – прамармытаў сабе пад нос Антон. У яго быў велікаваты для трынаццацігадовага падлетка тонкі нос над “заечай” губою. Праз гэтую губу хлопцы цвялілі – называлі Зайцам. Ён саромеўся сваіх носа і губы і чакаў, не мог дачакацца, калі пачнуць расці вусы. А калі нехта пытаў пра губу, Антон, гледзячы ўбок, гаварыў, што выпадкова рассек яе сякераю. Рабы Ярак меў мянушку Мурза і быў на два гады маладзейшы за стрыечнага брата Антона. Хлопцы жылі па суседству, праз гарод, і ніякая сякера не секла Антонаву губу. Але сяброўства ёсць сяброўства, сякера дык сякера…
        У Антона быў бліскучы новенькі чорна-лакавы дарожны ровар. У Ярака рыпела лайба-дамка з тоўстымі чырвонымі шынамі. Пад коламі суха шыпеў дарожны пясок.
        Антон ужо другі месяц працаваў рознарабочым на льнозаводзе. Сягоння быў апошні дзень ягонай працы і дзень палучкі. Учора хлопцы хадзілі да брыгадзіра і прасілі, каб адпусціў Антона да абеду, а пасля абеду, маўляў, удвух адпрацуюць. Брыгадзір пасмяяўся з іх вельмі сур’ёзных твараў, але дазволіў раніцай не прыходзіць. З першай палучкі Антон прыдбаў у раймагу ровар. Ён як дарослы доўга выбіраў яго і з упэўненым выглядам разлічыўся ў касе. Потым праз усё мястэчка каціў знарок толькі крышку напампаваны ровар, каб аднагодкі зайздросна паглядалі на яго. Дома Антон доўга праціраў анучкаю нікеляваныя шчыткі і змываў з колаў пясок. Ярак трымаў руль за каштанавыя ручкі і быў сярод тых местачкоўцаў, якія зайздросцілі Антону. На завод Ярака не ўзялі, у аддзеле кадраў сказалі, што яшчэ малы, каб прыходзіў наступным летам. Так ён і застаўся са сваёй іржавай і пашарпанай лайбай, з якой час ад часу злятае ланцуг.
        Дарога была пясчаная, вільготная з ночы, пустая. Антон ехаў паперадзе, бо Ярак павінен быў глядзець за кашамі, якія прыладкаваліся на зіхатлівым металічным багажніку. У Ярака багажніка не было, ён, угнуўшы галаву, ціснуў на педалі і глядзеў на ланцуг. Паціху за мякка-ліловым даляглядам пачало ружавець неба. Цёмна-блакітны лес абступіў дарогу, схаваўшы светла-вохрыстыя далі. Прабегшы лес, дарога зноў выйшла на поле, дзе ляжаў акраец няяркага сонца.
        У хлопцаў было сваё грыбное месца – два кар’еры, з якіх даўней бралі жвір на будоўлі. Адзін з іх зарос асіннікам і крывымі нізкімі бярозамі, другі – хвойкамі, а па берагах – кустамі. Антон з Яракам мусілі злезці з ровараў, бо дарога каля хвойніку так пазаплывала пяском і пылам, што руль выкручвала з рук. Мо Ярак на сваёй дамцы і змог бы сяк-так праехаць, але Антон злез, і малодшы паслухмяна саскочыў следам. У хвойніку пахла расою і грыбніцай. Грыбоў было шмат, яны раслі вялікімі сем’ямі па бурштынава-ружовай ігліцы. Хлопцы бралі толькі баравікі, іншых тут і не было. Мо некалькі зеленаватых сыраежак бачылі ў кар’еры, калі выносілі да ровараў кош крэпкіх белых грыбоў.
        Па-над далёкім густа-сінім лесам сонца стаяла ўжо высакавата, было гадзін каля дзесяці. Яраку не хацелася цягнуцца ў другі кар’ер па бабкі і падасінавікі. Але, пакуль яны снедалі, Антон угаварыў брата. Схаваўшы за кусты ровар і грыбы, яны пайшлі праз поле па шапаткім іржышчы ў асіннік. Другі кар’ер быў глыбейшы, на дне стаяла цёмная і гнілая вада. Грыбы раслі пад сакавітай папараццю. Трэба было хадзіць ледзь не на кукішках, каб убачыць падасінавіка ці бабку. Антон збіраў у кош, Ярак – у шапку. Знайшоўшы падасінавік, Ярак нагнуўся і ўбачыў, як у траве пругка раскруцілася і ўзняла галаву гадзюка. Хлопчык закрычаў:
        – Змяя, змяя, Антак! – І пабег з кар’ера на поле. Ён бег, не чуючы ног, не чуючы ржышча і не бачачы, што шапкі ўжо няма. Калі Ярак дабег да хвойніку і азірнуўся, Антон толькі выходзіў на поле.
        Вяртаючыся, Антон зноў ехаў паперадзе і вёз два амаль поўныя кашы грыбоў. Наверсе ляжалі лепшыя баравікі, адзін з іх, калі кола наскочыла на камень, упаў на брудна-жоўты пясок. Ярак, хоць Антон загадаў спыняцца і падбіраць, не спыніўся, а наехаў сваёй тоўстай шынаю на маладзенькі баравічок, паказаўшы клятчастай Антонавай спіне язык. Яму здавалася, што так ён адпомсціў кар’еру, які напалохаў яго змяёю.
        За абедам хлопцы даелі хлеб, што застаўся ад сабоек. Калі хлеб пабудзе ў дарозе і вернецца дадому, людзі завуць яго “заечым”. Ярак еў і думаў, чаму хлеб і Антонаву губу аднолькава называюць? Яму здалася вельмі смешнай думка, што ў Антонавым садзе растуць антонаўкі, але ён, паглядзеўшы на старэйшага брата, не засмяяўся, хоць і хацелася. Над сталом пералічваў дасягненні ў сельскай гаспадарцы чырвоны рэпрадуктар з чорным выключальнікам. Антону думалася пра тое, як ён з другой палучкі будзе купляць прыёмнік. Праз адчыненыя ў спальню дзверы на хлопцаў глядзелі са сцяны тры ганарыстыя алені.
        Калі браты прыйшлі на завод, брыгадзір даў ім па новай рыдлёўцы з ярка-зялёным дзяржаннем і сказаў, каб ішлі сеяць жвір. Антон працаваў моўчкі і зацята – сеяў, шпурляючы рыдлёўку за рыдлёўкай на ржавае сіта, з якога сыпаліся яму пад ногі каменьчыкі. Ярак вяла насыпаў прасеянае на насілкі. Мужчыны ў светла-шэрых кепках насілі жвір да бетонамяшалкі. Яраку здавалася, што сляпучае сонца стаіць якраз над галавой і знарок пячэ яму ў цемя. Ён памяняўся з Антонам і адразу зразумеў, што дарма, але мяняцца назад было няёмка. Завод амаль пабудавалі, і недзе напачатку верасня адбудзецца адкрыццё. Слізка-блакітныя машыны пачалі ўжо вазіць праз мястэчка цёмна-залатыя прычэпы лёну, губляючы па дарозе снапы. У Антонавым гумне ляжалі ў кутку два такія снапы, на іх і прыходзіў спаць палахлівы суседскі кот. Жанчыны ў камбінезонах падмяталі пляц, і лёгкі цэментовы пыл стаяў над усім заводам. Ярак кашляў ад пылу. Нарэшце бетонамяшалка спынілася і мужчыны пайшлі ў бухгалтэрыю па грошы. Пабег, кінуўшы ў жвір рыдлёўку, і Антон. Ярак занёс рыдлёўкі ў бытоўку, сеў пад новы, толькі што складзены з белай, як цукровай, сілікатнай цэглы плот, ад якога цягнула прахалодаю. Хлопец разглядаў свае зялёныя ад рыдлёўкі далоні і сам не заўважыў, як заснуў. Пабудзіў яго брыгадзір. Ён сказаў:
        – Антак цябе не знайшоў. Дахаты пабег. Так што даганяй, брат, даганяй…
        Калі Ярак адчыніў дзверы Антонавай хаты, той вячэраў, слухаючы ўключаны на ўсю моц рэпрадуктар. Перадавалі футбол, якраз нехта некаму забіў гол, і звар’яцела-абрадаваны Антон стукаў кулаком па стале. Убачыўшы Ярака, устаў, падышоў да карычнева-лакавай дзедавай шафы, з рыпам адчыніў яе, дастаў з-пад бялізны рубель і працягнуў брату.
        У гэты дзень і Антон, і Ярак рана леглі спаць. Кожны спаў у сваёй хаце, і кожны сніў свой сон. Антону прысніўся рубель, Яраку – гадзюка. Суседскі кот ізноў спаў на лёне ў Антонавым гумне. Толькі алені, высока трымаючы чорныя рогі, услухоўваліся ў цемру намаляванага дэкаратыўнага лесу.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.