РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Скрыні
        Вечарэла. У пустым двары сядзеў на дашчанай скрыні адзінаццацігадовы Саўка Кныш і еў крамяную моркву. Да яго падышоў старэйшы на год Міцька Суцкі, выцяў нагою па скрыні і сказаў:
        – Значыцца, моркву трушчыш?!
        – Хочаш? – малодшы працягнуў старэйшаму пакусаную моркву.
        – Сам еш абгрызкі. Цэлай няма?
        – Адна была. Я ж не ведаў, што і ты захочаш…
        – Не ведаў? – Міцькава далонь узнялася над Кнышавай тонкай шыяю, – зараз даведаешся.
        Саўка перастаў храбусцець і ўцягнуў галаву ў плечы.
        – Баішся, гад?! Як шастаць па чужых гародах, дык смелы, а цяпер ён баіцца, – старэйшы лёгка ўдарыў кулаком па віхрастай патыліцы малодшага.
        – Не краў я, з дому прынёс, – запярэчыў пакрыўджаны Кныш.
        – Так мы табе і паверылі. Ідзі і мне прынясі, пачысціць і памыць не забудзься, і каб хутка: адна нага – тут, другая – там.
        Саўка дажаваў крохкую моркву і паведаміў:
        – Морквы больш няма, я апошнюю браў.
        – Значыцца, няма… А што ёсць?
        – Толькі бульба засталася, больш нічога.
        Суцкі глянуў на пунсовыя шыбы, у якіх адбівалася вечаровае сонца і загадаў:
        – Прыцягнеш бульбы. Вогнішча будзем класці.
        Кныш пабег да дзевяціпавярховіка і знік у пад’ездзе. Міцька шырока ўзмахнуў рукамі, падскочыў і апусціўся дзвюма нагамі на скрыню. Тая з вострым трэскам праламалася. Калі Саўка з бульбаю ў газетным кульку вярнуўся, Суцкі ўжо цалкам даламаў скрыню і чакаў, рукі ў кішэнях, каля раскіданых на зямлі трэсак і дошак.
        Вогнішча хлопцы расклалі за гаражамі, каля заводскага паркана.
        – Дроў мала, – сказаў большы, калі лёгкія палымяныя языкі пачалі аблізваць сухое дзерава.
        – Ага, мала, не хопіць, каб спячы бульбу, – пагадзіўся меншы.
        – Палезеш на завод, перакінеш праз паркан некалькі скрынь.
        – Чаму я? Я па бульбу хадзіў.
        – Твая бульба, мае запалкі.
        – Я на заваод не палезу, лезь сам.
        – Што? Па шыі захацеў? Даўно не білі?
        – Яшчэ светла зусім. Як я палезу? – Саўка тыкнуў пальцам у неба, дзе мігацелі першыя бляклыя зоркі.
        – Пачакай-пачакай, пакуль сабаку спусцяць і пражэктар уключаць. Калі збіраешся лезці, то трэба зараз.
        Кныш шпурнуў у полымя трэску, якой парадкаваў вогнішча і пайшоў да паркана. Праз вузкую шчыліну хлопец агледзеў заводскі корпус з цёмнымі мёртвымі вокнамі і шырокі пляц, застаўлены скрынямі, такімі самымі, як яны палілі.
        – Чаго стаў? Лезь! Няма там нікога, – ўпэўнены голас старэйшага падштурхнуў Саўку.
        Ён падскочыў і ўчапіўся рукамі за колкі край дашчанага паркана. Паспрабаваў закінуць нагу, але не здолеў і павіс на руках. Здзеклівы смех Суцкага ўдарыў па худых Кнышавых плячах, і той праз хвілю конна сядзеў на паркане. Пляц быў пусты і ціхі. Хлопец саскочыў на запыленую траву і ўгнуўшыся, крадком пайшоў да састаўленых у сцяну скрынь. Раптам недзе за цагляным корпусам джыгануў ланцугом па дроце і забрахаў вялікі сабака. Хлопец падбег да скрынь, прысеў, стаіўся і стаў прыслухоўвацца. Сабака сціх; толькі пазвоньваў, відаць, задоўгі ланцуг. Пад густым пацямнелым небам манатонна гудзеў горад. З роўнага гуду набліжаліся і аддаляліся галасы тралейбусных і машынных рухавікоў. Хлопец счакаў, потым нячутна і акуратна, быццам яны шкляныя, ўзяў дзве пустыя скрыні і рушыў да паркана, за якім віўся ўгору светла-сівы дымок. Скрыні адна за адной узляцелі і пападалі на зямлю. Праз імгненне каля іх ужо стаяў задаволены Саўка Кныш.
        – А ты баяўся, – лежачы ля вогнішча сказаў Міцька Суцкі.
        За чырвоным корпусам зайшоўся густым брэхам устрывожаны сабака.
        Хлопцы хутка паразломлівалі скрыні і пакідалі дошкі ў вогнішча. Полымя прагна з’ядала сухое дзерава.
        – Клёва, – сказаў адзін з хлопцаў.
        – Нішцяк, – сказаў другі.
        Неба пацяжэла. Паярчэлі буйныя зоркі. Белым нежывым святлом засвяціўся над заводскім пляцам пражэктар, замацаваны на чорным слупе. У жылых карпусах пацяплелі жоўтыя вокны з цукровымі драбочкамі лямпаў. Спушчаны на ноч сабака падбег да паркана і два разы нямоцна гаўкнуў на хлопцаў, на вогнішча, на горад, а потым, не атрымаўшы адказу, вярнуўся да сваёй, пакрытай руберойдам будкі.
        Сцямнела.
        – Будзем закідаць? – спытаўся малодшы.
        – Давай, працуй, – дазволіў старэйшы.
        Саўка адсунуў дошкаю вогнішча, пакідаў шурпатыя бульбіны ў гарачы сыпучы прысак і загарнуў іх вуглямі. Полымя ачахла, толькі зрэдку дрыжалі на чорным дзераве блакітныя вострыя язычкі.
        – Та-а-ак, крадзеныя скрыні палім! – на гаражы, на фоне чарнільнага неба стаяў у зыркім пражэктарным святле трынаццацігадовы Ванька Тамілін.
        – Бульбу пячом, – паправіў Кныш.
        Суцкі ударыў яго кулаком у бок.
        – Што? Што я такога сказаў? – ускінуўся той і адбегся да паркана.
        – Та-а-ак, – Тамілін злез з гаража і падышоў да ачахлага вогнішча, – хацеў бульбы мне не даць?
        Міцька маўчаў і глядзеў на крывяныя вуглі.
        – Так? Я ў цябе пытаю, герой, – Ванька па-сяброўску паклаў руку на Міцькава плячо.
        – Малы, хадзі сюды, не бойся.
        Кныш падышоў да хлопцаў.
        – Сажы, ён цябе біў? Не бойся, гавары.
        Суцкі скінуў чужую руку са свайго пляча і ўстаў.
        – Біў! – злосна і ўпэўнена вымавіў самы меншы.
        Тамілін спрытна схапіў Міцькава запясце і вывернуў яму руку. Той застагнаў, але не вымавіў ні слова.
        – Трэба цябе, гад, пакараць, каб ведаў, як малых біць, а старэйшым бульбы не даваць. Малы, падыдзі і дай гэтаму гаду па галаве, – загадаў самы старэйшы.
        – Толькі паспрабуй, шчанюк, – варожа прашаптаў Суцкі.
        – На! – Саўка падскочыў і з усяе моцы ўдарыў кулаком у скронь. – Можа, яшчэ даць?
        Міцька паспрабаваў вырвацца, але Тамілін прыціснуў заламаную руку да лапаткі.
        – Пусці-і-і…
        – Ну што, будзеш біць малых? – мядовым голасам праспяваў Ванька.
        – Будзеш біць малых? – праскавытаў Кныш і высалапіў язык.
        – Не буду! Пусці! Баліць!
        Тамілін крыху паслабіў заламаную руку, Суцкі вырваўся і пабег у цемру.
        – У-гу-гу-гу-гу-у-у, – услед уцекачу пусціў самы старэйшы.
        – Ага-га-га-га-га-а-а, – дадаў самы малы.
        На заводзе азваўся вартавы сабака.
        Рэха пакацілася па мікрараёне, па пустых, засаджаных тонкімі дрэўцамі, дварах, паміж дзевяціпавярховікаў, над пляскатымі дахамі гаражоў і кіёскаў…
        Ванька ўзяў з зямлі трэску, выкаціў з вуглёў на пясок чорную бульбіну, пакідаў яе з далоні на далонь, пахукаў, разламаў і пакаштаваў.
        – Сырая, гадаўка, – кінуў ён у бок Саўкі. – Не дапяклася. Давядзецца па дровы ісці.
        – Сабака там ненавязаны. Мне дадому трэба, – пачаў прасіцца Кныш.
        – А хто цябе на завод гоніць? Ідзі да гастранома і там у двары пашукай.
        – Далёка.
        – А ты бягом, будзе бліжэй, – ухмыльнуўся Тамілін.
        Саўка пабег паўз асветленыя заднія сцены прыватных гаражоў, на якіх агрэсіўнымі зігзагамі былі панапісваны назвы рок-гуртоў – “Магістрат”, “Бонда”, “Мроя”, “7 герц”… Футбольная каманда “Дынама” Мінск таксама карысталася вялікім поспехам у аматараў сценапісу, якія не шкадавалі нітрафарбы з аэразольных балонаў, каб упрыгожыць іржавыя сцены.
        За гастраномам у сятчастай загарадцы стаялі пластыкавыя і металёвыя скрыні, драўляных не было. Хлопец пастаяў, паглядзеў на непатрэбныя рознакаляровыя скрыні і ўспомніў, што ўранку бачыў, як каля газетнага кіёска вясковая кабета з чырвонымі вялікімі рукамі прадавала часнок. Белыя вянкі часнаку ляжалі на чыстай жоўценькай дашчанай скрыні. Хлопец пабег праз цёмныя двары да кіёска. Скрыня сапраўды стаяла на тым самым месцы, дзе была раніцай.
        Засопшыся, са светлай скрыняй у руцэ Кныш спыніўся каля вогнішча. Са здзіўленнем ён глядзеў, як Тамілін нетаропка са смакам есць бульбу, як паблісквае драбочкамі чырвані растрыбушанае вогнішча, як скачуць палымяныя язычкі па абгарэлай з аднаго канца дошцы… Саўка шпурнуў у цемру да паркана прынесеную скрыню, падняў абгарэлую дошку і пачаў шукаць у прыску і вуголлі бульбу. З попелу выграбаліся адны чорныя лупіны.
        – Дарэмна шукаеш. Колькі той бульбы было? На дваіх, каб наесціся, усё роўна не хапала. А пакаштаваць я табе пакінуў самую вялікую, дарэчы, – Ванька дастаў з-за спіны чорную бульбіну і кінуў Кнышу.
        Той злавіў бульбіну.
        – А можа, ты не хочаш?
        Меншы не адказаў, ён працягваў разграбаць дошкаю вуглі і прысак.
        – Ты што, язык праглынуў? Давай сюды бульбу.
        – Не дам.
        – Што ты сказаў?– старэйшы ўстаў з зямлі.
        Малодшы ўскочыў, адбегся да гаражоў і стаў спінаю да халоднай сцяны. Пражэктар ярка асвятляў сцяты тварок Саўкі і выстаўленую вострым абгарэлым канцом дошку. За Кнышам на стакатай сцяне стаяў густы чорны цень. Тамілін павольна рушыў да меншага.
        – Стаяць! – бліснулі Кнышавы рэдкія зубы. – Вочы павыбіваю, па-вы-паль-ва-ю!
        Саўка вышэй ускінуў настаўленую ў варожы твар каструбаватую дошку. На самым вастрыі ўспыхнуў і згас сіні агенчык. Ванька плюнуў на вогнішча і пашыбаваў уздоўж цёмнага паркана з яркімі пісягамі шчылін. Па другі бок паркана бег і брахаў сабака.
        Кныш пачакаў, пакуль сціх у цемры брэх, знайшоў кінутую скрыню, пазграбаў яшчэ дзе-нідзе чырвоныя вуглі, накідаў на іх трэсак і раздзьмуў полымя. Саўка з’еў бульбіну разам з чорнаю прыгаркаю, што рыпела на зубах. Зыркія языкі ахапілі новае дзерава, асвяцілі хлапечую постаць і кінулі на гаражную сцяну вялікі цень. Хлопец трымаў рукі над вогнішчам.
        Схаладала.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.