 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Свята
|
Баба Ядзя пякла бліны. Ярак сядзеў за сталом і глядзеў у печ на зыркае полымя. На стале стаяў кубачак малака і сподак з мёдам. – Снедай, – сказала баба ўнуку. Ярак прачнуўся рана. Яму хацелася, каб хутчэй мінуў дзень і надышоў вечар, бо вечарам Ярака павядуць на ёлку, і Дзед Мароз абавязкова дасць падарунак. Есці Яраку не хацелася, але спрачацца з бабаю хлопец не стаў. – Смачна? – спытала баба. Унук кіўнуў. – Мо варэння да бліноў даць? – Якога? – спытаў Ярак. – Ёсць агрэст і чарніцы… – Не хочацца варэння. – Тады еш мёд. – Я ем. Драўлянай лыжкай баба наліла белага цеста на чорную патэльню. – А што мне Дзед Мароз падорыць? – Нешта смачнае, адказала баба Ядзя. – А дзе ён жыве? – У лесе, у яго там хата ёсць. – А чаму мы той хаты не бачылі, калі ў чарніцы хадзілі? – Дык ён жа не ў нашым лесе жыве, а ў далёкім. – У тым лесе, што за Мінскам пачынаецца? – Не, ён на поўначы ў вялікім лесе жыве. А пад Новы год Дзед Мароз прыходзіць з падарункамі і кладзе іх пад ёлку. А тым, у каго няма ёлкі ці цацкі на ёлцы непрыгожыя, тым Дзед Мароз не прыносіць падарункаў. – А ў нас ёлка прыгожая? – занепакоіўся Ярак. – Так, у нас прыгожая, – супакоіла яго баба Ядзя. За акном у ранішняй сінечы чарнеў сад. На шыбах танчылі аранжавыя адбіткі полымя. – Можа, яшчэ блін з’ясі? – Не, я пад’еў. – Тады ідзі гуляй. * * * Далёка-далёка, у ядлаўцовым лесе, на беразе возера жыве Дзед Мароз. Цэлае лета ён спіць. Прачынаецца Дзед Мароз толькі тады, калі возера замерзне. Ён дастае з куфра свой вялікі мех з падарункамі і збіраецца ў дарогу. Дзед Мароз апранае чырвоны кажух, чырвоныя рукавіцы і чырвоную шапку: гэта каб мы пазналі яго. Дарога ў Дзеда Мароза доўгая і цяжкая. У яго надта вялікі мех – сіні ў белыя зоры, а ў меху надта многа падарункаў, але ён ідзе, бо мы чакаем яго. * * * Ярак любіў жыць у бабы Ядзі і дзеда Броніка. І страшэнна не любіў вяртацца з мястэчка ў Мінск да бацькоў. Аднаго разу, калі па яго прыехала маці, Ярак ціхенька ўцёк, залез па драбінах на гарышча, схаваўся і заснуў каля коміна на старых радзюжках. Гукалі хлопца, шукалі, а знайшоўшы, замест таго, каб добра адлупцаваць, яго шкадавалі. У той дзень у Мінск Ярак з маці ехаў начным цягніком. Пазней дзед Бронік любіў згадаць пра Яракавы хованкі за комінам, а як згадваў, нязлосна смяяўся, і Ярак смяяўся разам з дзедам. Дзед Бронік працаваў шафёрам у пажарнай і часам браў унука з сабою ў гараж. А там дазваляў пасядзець за рулём у чырвонай машыне і надзець жоўтую каску. А што можа быць лепш за пажарную каску? * * * Дзед Мароз ідзе праз лясы і балоты, праз горы і палі… Ён ідзе да дзяцей і дарослых, да ўсіх тых, хто чакае яго. Ён нясе падарункі хлопчыкам і дзяўчынкам, ён нясе радасць тым, хто верыць у яго. Дзед Мароз ідзе, не спыняецца, бо дарога далёкая-далёкая, і яму ніяк нельга спазняцца. Ён павінен прыйсці на Новы год. * * * – Можна я да Толіка схаджу? – спытаў Ярак. – Пагуляй дома, – сказала баба Ядзя. – А Толік гаворыць, што сапраўднага Дзеда Мароза няма, што гэта дзядзькі пераапранаюцца і бараду з ваты прыклейваюць… – От, гэты твой Толік, больш за ўсіх ён ведае. Падмануў ён цябе, а ты паверыў. – Я не паверыў, а ён кажа, што я сам на ёлцы ўбачу. – Гэта твой Толік ад зайздрасці так гаворыць, бо яго ў пажарную на ёлку не запрасілі. * * * Дзеда Мароза чакаюць, і не проста чакаюць, усе рыхтуюцца да сустрэчы. У кватэрах і залах, у палацах і хатах, у парках і на пляцах ставяцца ёлкі. Зоры і шары, лямпачкі і цацкі, маністы кветак і сцяжкі, цукеркі і хлапушкі ўпрыгожваюць тыя ёлкі. На самае пачэснае месца пад ёлкаю ставяць маленькія скульптуры Дзеда Мароза, каб вялікі Дзед Мароз убачыў ёлку і даведаўся, хто яго чакае, і паклаў каля скульптуры падарунак. * * * Баба Ядзя і Ярак ішлі пасярэдзіне вуліцы, як ходзяць вечарам па мястэчку. З чорнага неба церушыўся іскрысты сняжок. За платамі ў прысадах ляжалі на снезе цёплыя квадраты хатняга святла. У вокнах паблісквалі цацкамі прыбраныя ёлкі. Гаспадары напальвалі на ноч грубкі, і над комінамі ўздымаліся пухкія дымныя слупы. Снег парыпваў пад Яракавымі валёнкамі. Баба прыспешвала ўнука. Пажарная свяцілася вялікім, ад столі да зямлі, акном. Было відно вялікую ёлку і дзяцей у яркіх касцюмчыках. Адна маленькая дзяўчынка ў блакітнай сукенцы стаяла на высокім зэдліку і, пэўна ж, чытала верш. На ганку бабу з унукам перапыніў дзед Бронік: – Не сюды, пойдзем спачатку ў гараж. – А што такое? – занепакоілася баба Ядзя. – Мы Дзеда Мароза не знайшлі. Спыталі ўсіх, каго толькі ведалі, усе касцюмы занятыя. Мы тут з мужчынамі пагаварылі і вырашылі, што Дзедам Марозам будзе наш Ярак. Пайдзем у гараж. У гаражы насупраць брам-дзвярэй стаялі пажарныя машыны. Пры сцяне пабілсквалі металёвыя шафы, у якіх, Ярак ведаў, ляжалі на паліцах пажарныя касцюмы і каскі. Дзед Бронік адчыніў шафу і дастаў плечыкі, на якіх вісеў маленькі чырвоны, з белай аблямоўкаю кажушок. – У школе пазычылі. Яны нейкі спектакль ставілі, дзе быў Стары і Новы год. Стары год усё аддаваў Новаму. Вось і засталіся кажух і шапка, – тлумачыў дзед Бронік. – Давай, Ярачак, пераапранайся. Дзеці чакаюць. * * * У навагоднюю ноч, калі ўсе людзі засынаюць пасля карнавалаў, Дзед Мароз разносіць падарункі. Ёлак многа, а людзей, што чакаюць падарункі, яшчэ больш. Ён ідзе ад ёлкі да ёлкі, і калі не спаць, то можна пачуць, як стукае па вуліцы ягоны ядлаўцовы кій, як парыпвае снег пад ягонымі валёнкамі. * * * Зусім маленькі Дзед Мароз зайшоў у светлы, па-святочнаму прыбраны пакой. Дзеці і дарослыя сцішыліся. – Гэта я, Дзед Мароз, падарункі вам прынёс, – зусім ціха сказаў ён і пачаў, не зняўшы рукавіц, развязваць вялікі мех. – Ёлка запаліся, ёлка запаліся, – зашаптаў з кутка жаночы голас. Маленькі Дзед Мароз пачуў шэпт, пакінуў, так і не развязаўшы, мех з падарункаі, падышоў да ёлкі, узлез на зэдлік і ціха сказаў: – Святло згасіся, ёлка запаліся. Святло ў пакоі патухла, і на ёлцы запаліліся рознакаляровыя шарыкі і кветкі. Дзеці і дарослыя запляскалі ў ладкі. – Будзем танцаваць, – сказаў гучны жаночы голас з кутка. Зайграў акардэон. Дзеці ўзяліся за рукі і пачалі вадізць карагод. Яны вадзілі карагод і паглядалі на маленькага Дзеда Мароза, які развязваў, не зняўшы рукавіц, свой сіні, у белыя зоры мех. Падарункі былі для ўсіх аднолькавыя: папяровая скрыначка з цукеркамі і апельсінамі ды сіні пластмасавы дэльфін. Калі ў мяшку засталася толькі адна скрыначка з цукеркамі і адзін дэльфін, маленькі Дзед Мароз сказаў: – Да пабачэння, я прыйду да вас праз год. Чакайце. * * * Дзед Мароз так стамляецца за навагодняе свята, што вярнуўшыся ў сваю хату, спіць цэлае лета. Ён адпачывае, каб парз год зноў узяць свой вялікі мех і ісці да нас. Каб несці нам падарункі, бо мы чакаем яго і любім, бо мы спадзяёмся на яго… І ён прыходзіць. Мы чакаем яго, і ён прыходзіць. Так было адвеку і так будзе. * * * – А Толіку мы не скажам, што на ёлцы не было Дзеда Мароза. – Добра-добра, не скажам, – пагаджалася з Яракам баба Ядзя. – Толькі ён не паверыць. – Паверыць … – Ты мне раскажаш казку? – Раскажу. Толькі ты не гавары больш на холадзе.
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|