РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ядзя
 
Апавяданне-хронiка
        У Ядвігі Александровіч укралі дачку...
        Здарылася тое ў Магілеве, у 1940 годзе. А ў горадзе на Дняпры сям’я Александровічаў апынулася прымусова. Яе выслалі з вёскі Рудзіца, што ў Койданаўскім раёне, які з ласкі Сталіна ды Пілсудскага зрабілі польскім рэгіёнам. Выслалі з-за драбязы, хоць і наважваліся выслаць сур’ёзна, і не ў беларускі абласны цэнтр, а ў галодную Расею, за Ўрал.
        Бацька Ядзі, Ян, трымаў кузню і жыў заможна. Вясковая кузня на той час, як аўтарамонтная майстэрня зараз, а можа і больш. Ну, хто такі селянін без каня? Ні ўзараць, ні пабаранаваць, ні дроў на зіму прывезці. А чаго варты непадкаваны конь? Дзяцей на падворку пакатаеш, і больш нічога з яго не возьмеш. Дык на баране ці кабане дзецям весялей пракаціцца. Хто-хто, а дачка Яна Александровіча пакаталася на конях. Ледзь не кожны дзень прыводзілі іх да кузні. Ліха іх бярэ, з гнутымі падковамі: ці адна адваліцца, ці другая пачне па зямлі ляпаць, а іх, жалязяк, на аднаго каня ажно чатыры падавай. «Добра, што не шэсць!» – жартаваў каваль Ян Александровіч. А майстра быў адмысловы, ён вам і замок можа выштукаваць, згубіш ключ – не адчыніш, і жырандолю выкаваць, і крыж з прамяністым сонцам на магіле паставіць. Нораў, праўда, меў татарскі, блісне гругановым вокам – не падлазь. Наравістасць і ўпартасць да Ядвігі перайшла; што ж тут дзіўнага, дзіця ў кузні гадавалася, бацька ёй на сняданак гусінае яйка на вуголлях у жалезнай конаўцы варыў. Але ўпартых і наравістых чамусьці паважаюць. Любілі і шанавалі каваля не толькі ў каталіцкай шляхецкай Рудзіцы, але і ў суседняй, бяднейшай, праваслаўнай вёсцы Бакінава.
        Той самай вёсачцы, з якой паходзіць род слынных спадароў Шушкевічаў. Адзін з іх на школцы мемарыяльную дошку прышрубаваў, маўляў, тут вучыўся беларускі паэт Станіслаў Шушкевіч, і ўсё такое астатняе. Дошчачка, праўда, нягеглая, на фанерцы намаляваная, толькі паэт не вінаваты, ён сумленна пісаў заяву ў Саюз пісьменнікаў, каб выдзелілі грошы на бронзавую дошку. Адмовілі паэту Станіславу. А цяпер кіраўнікі таго ж Саюза пісьменнікаў пішуць просьбу паэтаваму сыну, старшыні Вярхоўнага Савета. А Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч ім адмаўляе. І правільна робіць. Трэба ж было ў свой час павесіць бронзавую дошку ў Бакінаве. У той самай вёсцы, дзе паважалі каталікі Яна з Рудзіцы, самавітага гаспадара, які не пісаў заявы ў калгас, а жыў з кузні і невялікага надзелу зямлі. Дый колькі трэба працавітаму чалавеку, калі ў сям’і толькі трое: жонка Ганна, дачка Ядвіга і сам гаспадар? Трэба не трэба, а самы лепшы дом у Рудзіцы паставілі Александровічы. Праз добры дом і пачаліся бядоты.
        «Александровічы – кулакі! Іх трэба высяляць! Каваль эксплуатуе ў кузні хлопца, Броніка Кісяля!» – думалі і казалі мясцовыя прыхільнікі камуністычнага ладу. Толькі парабаваць Александровічаў нескладана. Але хто тады коней у тым жа калгасе падкуе? Хто бароны і плугі адладзіць? Да каго пойдзеш па замок, каб замкнуць гербавую пячатку? Прыбяжыш да дзядзькі Яна і папросіш, і ў чарзе дзень-другі пачакаеш. «Усім трэба, – ухмыльнецца ён у чорныя падкручаныя вусы. – Чым ты лепшы?» Не раскулачылі бальшавікі Александровічаў, але злосць прыхавалі.
        Толькі і каваль, як той казаў, у шапку не соп. Задумаў ён на сваёй зямлі замацавацца яшчэ больш трывала. План склаў просты, але па-татарску жорсткі. Недарма ж у жылах Александровічаў цякла азіяцкая кроў. У пашпартах яны як каталікі былі запісаныя палякамі, але душу мелі тутэйшую. Што той пашпарт? Кардонка размаляваная з паперкамі праштэмпеляванымі. Толькі ведаў каваль сілу паперы, да якой прыкладаліся дзяржаўныя пячаткі. Ён і хацеў выкарыстаць папяровую моц. А шлях абраў такі: выдаць белатварую рыжую прыгожую Ядзю замуж за чырвонага афіцэра-памежніка Ўладзіміра Глобуса. Памежнік месяцы са тры як пачаў заляцацца да Ядвігі. Мяжа ляжала зусім побач з Рудзіцаю, пад Негарэлым. Да заставы ад вёскі і кіламетра не было. Вось афіцэрык і панадзіўся на вячоркі прыходзіць. Сумна ў казарме, а тут гармонік, танцы і дзяўчаты. Быў спадар Глобус хоць і невысокі, але дужы і зграбны, і адукацыю цывільную паспеў займець – фінансавы тэхнікум скончыў.
        Усю ноч бацька з дачкою прагаварылі, зачыніўшыся ў кузні. Не хацелася Ядзі ісці за праваслаўнага, дый у дадатак бальшавіка. Але сям’я – перш за ўсё. Дый афіцэр, што ні кажы, а не салдат. Вось і згулялі ў Рудзіцы сумнаватае вяселле.
        І года не мінула пасля гулянкі, а ў Ядвігі нарадзілася дачка, Ніначка, якую і ўкралі ў Магілеве...
        А пасля вяселля Ўладзімір Глобус пераехаў жыць у светлы і вялікі дом Александровічаў. Каваль жа супакоіўся, бо верыў, што ніякая паскудзіна яго з роднага дома не пагоніць. Толькі інакш лёс Александровічаў павярнуўся.
        У суседзяў Кісялёў таксама мелася грымець вяселле. Бронік, які ў кузні за памочніка хадзіў, вырашыў узяць дзяўчыну з Бакінава. І браў яе старэйшы сын Кісялёў не проста, а насуперак бацькам і Ядзі, каб адпомсціць, бо адну яе, рыжую, кахаў. А вяселле, я мяркую, – справа сур’ёзная. Да яго загадзя рыхтуюцца, похапкам не зробіш, каб не асарамаціцца. А што на вяселлі галоўнае? Маладая з маладым, госці, ну, і чарка з закускаю. Чаго-чаго, а закускі ў Рудзіцы, дзякуй Богу, хапала. Варта ж толькі згадаць рудзіцкі кіндзюк, гэта калі ў свіны сікуновы пухір набіваюць каўбаснае начынне – мяса, сэрца, дробна накрышанае сала, ныркі, часнок з кменам. А потым гэты круглы, як гарбуз, выраб падсушваецца на гарышчы. Ядуць кіндзюк на вялікае свята. Александровічы на вяселлі паставілі на стол ажно тры кіндзюкі! Але колькі з’ясі, калі запіваць не будзеш? А ў суседняй беларускай Польшчы, як на грэх, наліўка і віно таннейшыя, а гарэлка з самагонкаю каштавалі больш.
        Старэйшы з Кісялёў – Вацлаў – угаварыў старэйшага з Александровічаў – Яна – прагуляцца па лесе за мяжу. Намянялі дзядзькі гарэлкі ў жыдоўскай манапольцы. А калі вярталіся, дык сутыкнуліся лоб у лоб з бальшавіцкім памежнікам. Каб не Янаў зяцёк, Уладзімір Глобус, пасадзілі б дзядзькоў гадоў на пятнаццаць, тады якраз такія тэрміны любілі прызначаць зашпіленыя на ўсе гузікі пракуроры. Але ж недарма стары каваль думаў і маракаваў, калі дачку любую замуж выправіў. Выпусцілі памежнікі небаракаў кантрабандыстаў, але мясцовым уладам загадалі іх раскулачыць і выслаць.
        Трэба ж было бальшавікам некага і некалі раскулачыць у Рудзіцы, калі паўсюль тое дурное коціцца. У Александровічаў забралі кузню і дом, а ў Кісялёў – хату ды сталярню. Ляснулася вяселле! Гаспадароў вывезлі ў таварным вагоне ажно ў Архангельскую вобласць, а сем’і, дзякуючы намаганням афіцэра Глобуса, пакінулі ўсё ж у Беларусі.
        Ядзя ўладкавалася на магілеўскую швачную фабрыку і сказала, што Глобусавай нагі больш не будзе ў яе хаце. А Ўладзімір не паверыў і ўсімі праўдамі і няпраўдамі дамогся пераводу на службу ў магілеўскі банк. Толькі Ядвіга сапраўды не пусціла свайго мужа на парог. «Бацьку майго адправіў у архангельскі лес, а сам да мяне прывалокся. Стаіць і не пачырванее. Сораму ў цябе няма і не будзе...» – «Пра дачку падумай», – спрабаваў пярэчыць Уладзімір, але ўсе ягоныя пярэчанні скончыліся грукатам дзвярэй.
        Вось таму і падумала Ядзя пра Глобуса, як прапала дачка Ніначка, і паляцела ў банк, і ўсчыніла такі лямант, што, пэўна ж, увесь Магілеў чуў. Ядвіга крычала, што ўсе вайскоўцы – нелюдзі, што Божачка іх пакарае – маланкамі спаліць і громам паб’е, а калі ёй дачку не вернуць, яна возьме сякеру і пасячэ афіцэра Ўладзіміра Глобуса на дробную драбніцу. Банкаўскія кабеткі ледзь супакоілі раз’ятраную жанчыну, ледзь угаварылі глытнуць хоць бы кроплю вады. Збляднелы Глобус бажыўся дрыжачым голасам: «Не краў я дачкі. Далібог не краў. Маці да мяне прыязджала з Жыліхава. Тыдзень пажыла... Толькі нашто ёй тваё дзіця?» – «Яна! Яна дзіця звезла!» – захлынулася здагадкаю Ядзя, узрадаваўшыся, што хоць нешта праяснілася.
        Толькі на чыгуначны вакзал яна спазнілася, цягнік на Менск з гадзіну як ад’ехаў. Але ж маці за сваё дзіця ні ў якай бойцы не адступіцца. І таму ў Менску Ядзя чакала цягніка на пероне. А даехала яна ў сталіцу на спадарожных...
        О, гэтыя спадарожныя машыны! Колькі разоў яны выратоўвалі нас!
        А ў свой час дапамагалі яны і сем’ям Александровічаў і Кісялёў.
        Увосень 1941 года, калі ўсе канчаткова зразумелі: распачатая вайна бальшавікоў з фашыстамі зацягнецца надоўга, і было зусім няясна, хто выйдзе з калатнечы ў пераможцы, ці то немцы, ці то расейцы, – вось тады каваль Ян і сталяр Вацлаў уцяклі з Архангельскай вобласці і дабраліся на спадарожных машынах да сваякоў у горад на Дняпры. Маскалі спрабавалі ўтрымаць Магілеў, але ўрэшце туды прыйшлі германцы. Фронт пасунуўся далей, а Кісель з Александровічамі знайшлі пабіты грузавічок, адрамантавалі, пакідалі ў кузаў транты і рушылі на захад. Грузавічок, што працаваў не на бензіне, а на драўляных цурках, ледзь дапыхкаў да Менскага раёна, і кацёл трэснуў, заглух назаўсёды. Дзе пешкі, дзе на падводзе, а дзе на спадарожных дабіраліся сем’і ў сваю ціхую Рудзіцу. І дабраліся на радасць аднавяскоўцам, што больш як два гады пакутавалі без каваля і сталяра.
        Новыя ўладары свету вярнулі Александровічам і кузню, у якой так ніхто і не распаліў горн без гаспадара, і зямлю, і дом, дзе камсамольчыкі паспелі зладзіць клуб – знеслі перагародкі і паставілі ў покуце сцэну. Сыплючы лаянку ў доўгія падкручаныя вусы, рахманы каваль раскідаў камсамольскую сцэну, парабіў наноў перагародкі, адрамантаваў сёе-тое з мэблі, паставіў новыя замкі, і сям’я зажыла ціха-мірна і працавіта.
        Яшчэ скажу, што Александровічы і Кісялі перад самай вайной паспелі парадніцца. Ядвіга, калі ганяла банкіра Глобуса, ужо мела намер пайсці за Броніка Кісяля. Вяселля не рабілі, Бронік незаўважна перайшоў жыць да Ядзі, і ў іх нарадзіўся Віцечка, толькі вось пражыло дзіця адно месяц і памерла ад запалення лёгкіх. Бронік сам зрабіў труну і занёс пад пахаю на могілкі.
        А праз які тыдзень у Ядвігі ўкралі дачку. І звезла яе афіцэрава маці, бо, як тлумачыла яна на менскім пероне раз’юшанай нявестцы: «Ты ж, Ядзечка, жанчына зусім маладая. Знайшла сабе роўнага мужчыну і жыві з ім. А дзеці ў вас яшчэ знойдуцца. Жыццё наперадзе. А ўнучку я і сама выгадую. Ёй у нашым Жыліхаве лепей будзе, чым у вашым Магілеве. Яна ж толькі замінаць будзе. Аддай Ніну мне...» Не аддала Ядвіга дачкі Ніны, вярнулася з ёю ў Магілеў, а там новая бяда чакае: Броніка забралі ў бальшавіцкае войска і пагналі на Фінскі фронт.
        І хай каму будзе за дзіва, але скажу, што праз сем месяцаў, ужо ў Рудзіцы, Ядвіга падаравала Ніне другога брата – Антона. З двума дзецьмі на руках Ядвіга перабралася ў Койданава, дзе на былым жыдоўскім пляцы Кісялі паставілі дом.
        Жыдоў немцы выбілі, дамы абрабавалі і спалілі, і засталіся на ўскрайку мястэчка нічыйныя сады і гароды. Кісялям у якасці кампенсацыі за «жыдоўска-бальшавіцкі, як пісаў беларускі фашыст Ганько, тэрор» немцы прапанавалі абгарэлы сад разам з падмуркам, бо іхную сталярню камуністы збяёдалі, а хату разабралі і распрадалі на дровы. «Каб яны ўчадзелі з тых дроў», – казала Маня, жонка старэйшага Кісяля. Можа, яе праклёны і даляцелі з Магілева ў Койданава, бо жыдоў і камуністаў немцы пачалі страляць у першы дзень, як толькі прыйшлі.
        Пэўна, жыды ведалі, як абыходзіцца немец з іхнымі суродзічамі ў Польшчы, і вось знайшоўся адзін хлопчык, вось і зняў ён са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу, залез на гарышча і праз маленькае акенца пальнуў у афіцэра вялікай і непераможнай Германіі. Стрэліў, трапіў і забіў вайскоўца, які вёў у Койданава цэлы атрад узброеных шарагоўцаў. Полымя тады ўсю вуліцу і выкаціла. Хлопчыка разам з сям’ёю і суседзямі пастралялі. І засталіся на ўскрайку мястэчка чорныя пляцы, якія немцы пачалі раздаваць сялянам з навакольных вёсак.
        Прыблізна тое самае здарылася і ў Рудзіцы. Польскі партызан забіў, засек шабляю койданаўскага паліцыянта, які прыйшоў да сваякоў на хрэсьбіны. Рудзіцкія сяляне, зразумеўшы, чым гэты інцыдэнт скончыцца, уцяклі: хто ў блізкі лес, хто ў Койданава да сваякоў, а хто і ў Бакінава да знаёмых. У вёсцы пазаставаліся толькі старыя. І калі нараніцу фашысты ачапілі вёску, дык па ўсіх хатах назбіралі толькі дзевяць мужчын дый кабет з дзецьмі чалавек дваццаць. Старэйшаму Александровічу, які не захацеў кінуць кузню, пашанцавала... У абозе, што прыйшоў у Рудзіцу з немцамі, знайшоўся знаёмы мужчына – каваля Яна ведалі далёка. Мужчына і рызыкнуў сказаць кавалю, каб той сеў на ягоны воз, нібыта і ён абознік. Толькі не ўседзеў Ян Александровіч на возе, калі немцы пачалі страляць у аднавяскоўцаў, ускочыў, крычаць пачаў, што няма сярод людзей польскіх партызанаў, лаяўся, нават біцца да салдат кінуўся. Збілі старога каваля, зацягнулі ў гумно, дзе на гнілой саломе ўжо ляжалі пастраляныя мужчыны, зачынілі гумно і падпалілі. Ян апрытомнеў, спрабаваў ратавацца, зашыўся пад нябожчыкаў, пад гнілую салому... Ён і не згарэў, ён задыхнуўся ў куродыме. Пахавалі яго разам з астатнімі пакутнікамі на могілках, у брацкай магіле, на беразе цёмнай ад торфу рэчкі Рудзіцы. Пасля пажару вёска адбудавалася толькі напалову, большасць сем’яў перабралася ў Койданава на жыдоўскія гароды, чаго-чаго, а іх у мястэчку яшчэ хапала.
        Пахаваўшы бацьку, Ядзя два доўгія, як дарога з Магілева, гады чакала Броніка. А каб неяк пракарміць дзяцей, пачала браць замовы на шытво. Мусіць, у тыя часы яна і паліць пачала; хаваючыся, яна курыла мужчынскія папяросы, а дым выпускала ў печ. Паліла яна толькі з раніцы, дзве-тры папяросы ўзапар, пакуль гатавалася сняданне. Гэтая звычка застанецца ў яе да самае смерці. І ў свае сорак і ў пяцьдзесят Ядвіга будзе ўставаць на золку, раней за ўсіх, і нашча выпальваць пару-тройку доўгіх папярос. А Бронік, які ніколі ў жыцці не закурыць, так і не даведаецца, што ягоная Ядзя купляла кожную нядзелю пачак папярос.
        Так і Ніна не даведаецца ад маці, што сталася з яе бацькам Уладзімірам Глобусам. Значна пазней, калі ўжо ў васьмідзесятых гадах Ніна Глобус, прозвішча яна так і не зменіць, нават выйшаўшы замуж, паедзе ў Жыліхава і дазнаецца, што Ўладзімір Глобус прайшоў дзве вайны, фінскую і германскую, вярнуўся ў сваё мястэчка, дзе да самай смерці – а памёр ён у 1961-м – працаваў загадчыкам пашпартнага аддзялення. Ніна і ў думках не папракне сваю маці за тое, што ніколі не расказвала пра бацьку, хоць з айчымам Бронікам адносіны складуцца ў яе несалодкія.
        А тады, калі Бронік быў на фронце, а Ядвіга адна гадавала дзяцей, Ніна любіла сядзець каля швачнае машынкі і сачыць, як плыве пад іголкаю тканіна. Шыла Ядзя майстравіта, хутка і грошы брала невялікія. Праўда, што да шытва, дык у Койданаве і да германскай вайны і пасля працавала вялікая швачная фабрыка. Але замоваў у Ядвігі ўсё адно хапала. Вайна, дзе ты накупішся апранах? Вось і перакройвалі, перашывалі, пераніцоўвалі па два-тры разы адны і тыя ж рэчы.
        Утульны, ціхі строкат швачнай машынкі «Зінгер» я помню, пад яго так добра засыналася на печы з дзедам Бронікам, які клаўся мяне малога прысыпаць, а сам засынаў імгненна і пасопваў, а то і хроп. А машынка фуркатала, замірала, а потым ізноў набірала абароты. Шпарка-шпарка круцілася яе срабрыстае колца.
        Так, і сапраўды не сказаў...
        Ядвіга – мая родная баба, а Бронік – айчым маёй маці Ніны, дачкі таго афіцэра-памежніка, які ратаваў і не выратаваў сям’ю Александровічаў ад раскулачвання і высылкі.
        З бабай Ядзяй і дзедам Бронікам я гуляў у даміно і шашкі. Нашую Ядвігу навучыў гуляць у шашкі ксёндз Кастравіцкі ў прыкасцельнай школцы, якую два гады наведвала яна яшчэ дзяўчынкаю. Той самы Кастравіцкі, што даводзіўся далёкім сваяком найвялікшага паэта дваццатага стагоддзя Гіёма Апалінэра, Апалінарыя Кастравіцкага. У мяне ў альбоме захоўваецца фотакартка 20-х гадоў. Дзяўчаткі ў святочных крухмальных строях, а пасярод іх галубінага гурту ўзвышаецца спадар ксёндз у чорнай сутане з бялюткім каўнерыкам. Кастравіцкі ўсміхаецца, склаўшы рукі з маленечкім малітоўнікам на грудзях. Ён жа яшчэ не ведае пра ўласную хуткую і гвалтоўную смерць, пра тое, што ў ягоным акуратным касцёле зробяць клуб і камсамольцы па суботах будуць ладзіць танцы са скокамі, не раўнуючы, як у доме каваля Александровіча. А можа, ягоны чысты і малады твар асвяціла ўсмешка, бо спадар ксёндз здагадваецца, што клуб пераробяць у музычную школу, дзе будуць займацца ўнукі ягоных прыбраных у лепшае навучэнак? Ці ён упэўнены, што музычную школку перавядуць у іншае месца, а ў касцёле ізноў загучыць слова Божае. І там пачнуць хрысціць праўнучак ягоных дзяўчатак? Так ці інакш, толькі ксёндз Кастравіцкі ўсміхаецца... А ў маленькай Ядвігі твар сур’ёзны, засмучаны і крышачку змазаны, а таму і самы жывы на фотаздымку. Той здымак не каляровы, ён зеленкаваты і брунатны, патрэсканы, з надламанымі ражкамі, таму хто не ведае, той і не ўбачыць залацісты колер Ядвізіных хвалістых валасоў, бялюткую святлынь яе твару з васільковымі вачыма, а тым больш не заўважыць лёгкіх і такіх цнатлівых рабацінак, што прымушаюць юнакоў да бяспамяцтва кахаць дзяўчат. Зрэшты, я не веру ў праўду фотаздымкаў і не люблю апошні партрэт маёй бабы Ядзі, дзе праз яе ўсмешку відаць залаты ўстаўны зуб. Я не памятаю, каб у Ядвігі былі не свае зубы. А можа, я не хачу помніць?
        Я дакладна не хачу помніць, што ў даваенным пашпарце Ядвіга, як і ўсе Александровічы, была запісаная полькаю. Так, пэўна ж, полькамі былі і ўсе дзяўчаткі ў прыкасцельнай школцы, і ўсе яны марылі стаць каралеўнамі. Яны ж не ведалі, што за бальшавікамі на Койданаўшчыну прыйдуць немцы, што ад польскага раёна не застанецца ані знаку, ані следу, а мужчыны і хлопцы паміж палякамі, немцамі і расейцамі шукацьмуць іншы шлях, свой – беларускі. Вось тады будуць спаленыя ці выкінутыя на сметнік пашпарты, у якіх беларусы былі запісаныя палякамі толькі таму, што хадзілі ў касцёл. А калі які дасціпны археолаг ці краязнаўца захоча знайсці даваенны пашпарт Ядвігі Александровіч, дык хай узброіцца рыдлёўкаю ды паедзе ў вёску Рудзіцу, а там распытае, дзе стаяў дом каваля Яна. Добрыя людзі пакажуць, дый падмурак, зарослы дзірваном, яшчэ захаваўся. Калі ж добра пакапаць за былым гародам, можна і знайсці, а можна і выкапаць камяк пракаветнага чалавечага гною, бо якраз жа там і стаяла чысценькая шпакоўня прыбіральні. Што зробіш? Правільна ў Рудзіцы казалі: «Дзе высока – там і нізка, дзе далёка – там і блізка».
        Пашпарты перарабляліся не толькі за немцамі і палякамі, перапісвалі дакументы і расейскія бальшавікі. Вось і Броніку ў войску перарабілі прозвішча з Кісель на Кісялёў, бо ў тамбоўскім шпіталі тамтэйшы разумнік сказаў: «Не бывае ў рускіх такіх прозвішчаў, я напішу табе нармальнае рускае прозвішча. Браніслаў Вацлававіч Кісялёў! Гучыць? Га?». Бронік тады нічога не адказаў, яму было кепска, балела сцягно і балеў жывот. Разрыўная куля з нямецкага кулямёта трапіла ў нагу, прашыла наскрозь і разарвалася ў нізе жывата. Паўгода праляжаў Бронік на спіне ў тамбоўскім шпіталі, а калі ледзь жывы выпісваўся, яму было ўсё адно, кім памерці – Кісялём ці Кісялёвым.
        Ён вярнуўся ў Койданава і яшчэ з год хварэў. Але Ядзя ўсё ж выхадзіла яго. На сняданак і на вячэру ставілася на стол талерка з кіслым малаком, і Бронікаў жывот збольшага загаіўся. Працаваць Бронік Кісялёў уладкаваўся шафёрам у пажарную каманду, жыў ён памяркоўна, даглядаў сад, бульбу на гародзе садзіў, ездзіў на матацыкле ў ягады і ў грыбы... І якая розніца, з якім прозвішчам гуляць па лесе? Але, аказваецца, розніца ёсць, бо ягонаму сыну Антону сказалі ў раённым аддзяленні міліцыі, што не выдадуць пашпарт на прозвішча Кісель, бо бацька ў яго запісаны Кісялёў, дый невядома, ці яго гэта бацька. Бронік, дзякуй Богу, быў чалавекам з гумарам, таму і не вельмі каб заперажываў. Ён распісаўся з Ядвігаю па другім разе, а свайго роднага сына ўсынавіў. «Каб жыдамі былі, дык і радаваліся б, а так – адно пасмяяліся», – сказаў Бронік замест тоста на несапраўдным вяселлі, наліваючы поўную, як вока, чарачку Ядвізе. Што да нацыянальнасці, дык яе ў Тамбове не змянілі, расейскі разумнік, як і большасць маскалёў, верыў, што рускі і беларус – тое самае.
        А вось Ядзя заўсёды шкадавала свайго дзявочага прозвішча, як не падабалася ёй прозвішча афіцэра-памежніка – Глобус, так недалюблівала і звычайнага Кісель, ёй хацелася быць Александровіч, але што зробіш, калі муж Кісель. Гэтае прозвішча Антон і замовіў высекчы на сціплай мармуровай дошчачцы, што замацавалі на Ядзіным помніку ў 1969 годзе.
        Мала было светлых дзён у жыцці Ядвігі, і смерць яе напаткала цяжкая, хвароба на рак ссушыла, зжаўціла яе ўсю.
        Выпісалі Ядзю з бальніцы хутка, каб памірала дома, сярод сваіх, а не на казённым мулкім і рыпучым ложку. Яна пажыла ў сваім доме пасля бальніцы толькі чатыры дні. Праўда, не ляжала, хадзіла аж да апошняе хвіліны і розум мела ясны...
        А вось Бронік перад смерцю пачаў адыходзіць ад памяці, не пазнаваў нікога і гаварыць зусім не мог. А пачалася ягоная хвароба на пахаванні Ядвігі. Бронік плакаў ціха і няспынна, ён і за жалобным сталом нічога сказаць не змог, устаў, пастаяў, закрыў твар кулаком з пакамечанаю змакрэлай хусткаю і сеў, так і не вымавіўшы ніводнага слова на самую доўгую дарогу сваёй любай жонцы. Смерць Ядзі змяніла Броніка да непазнавальнасці, з рахманага жартаўніка ён, нібыта ваўкалак, перакінуўся ў маркотнага нелюдзіма.
        І калі я наведваўся да яго ў Койданава, рабілася горка і крыўдна за недасканалы свет, які дазваляе, каб такое рабілася з чалавекам.
        «У мяне дупа лёгкая, а галава цяжкая, таму і плаваць не магу. Як зайду ў рэчку, на глыбокае месца, так дупа плыве, а галава тоне, на дно цягне», – ажно не верылася, што Бронік мог такое распавядаць, гэты самотны чалавек з няголеным, сівым, апухлым тварам і чырвонымі, не раўнуючы, як у белага труса, вачыма. Той Бронік, які любіў адкроіць добры скрыль кіндзюка ды кульнуць пад яго стограмоўку гарэлкі, а назаўтра, сёрбаючы лёгкай алюмініевай лыжкаю малако, адпусціць жарцік пра якіх фігурыстаў, што круціліся на шарым экране маленькага тэлевізара: «Яны ж, гэтыя хлопцы з дзеўкамі, не проста на лёдзе круцяцца. Яны прымерваюцца...» – «Бронік, дзеці тут», – папракала Ядзя. «А што дзеці?! Хай ведаюць. Хіба яны інакш зробленыя?»
        А пасля жончынага пахавання весялосць так і не вярнулася да Броніка. Яго панеслі на могілкі праз два гады пасля Ядзі.
        Але я думаю, што памерлі яны ў адзін дзень. У тую свежую ад лёгкага ветрыку ліпеньскую раніцу, калі змучаная хваробаю Ядвіга прылегла на канапу, па спінцы якой крочылі ў невядомую далеч вышнураваныя па росце мармуровыя сланы.
        Крухмальная фіранка трымцела ў расчыненым акне, яна запрашала душу пакінуць стомленае цела.
        «Буду чакаць цябе, Бронік...»
        І ён пахаваў яе ў блакітнай труне і галубовай сукенцы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.