РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кальварыйскія могілкі
        У кожнага свае весялосці, прыватныя гулі і ўласныя забабоны. Адны лезуць у лазню пад Новы год і напіваюцца піва з гарэліцаю, іншыя лётаюць па крамах у пошуках нейкіх там дарункаў-падарункаў, трэція гатуюць на стол столькі, што і за тры тыдні не з’есці. Ды ці мала заняткаў у пераднавагодні тлумны дзень...
        А мяне пацягнула на могілкі. Тыдні тры я выбіраўся на Кальварыю, ды ўсё часу не ставала. А зімовыя дні, як сам разумееш, кароценькія: не паспела як след развіднець, а ўжо цямнее.
        Разгульваць па начных кладах, сярод жалезных крыжоў і мармуровых стэлаў, неяк не вельмі хацелася. I не пра страхі з пералякамі гаворка. Я люблю паразглядаць партрэты нябожчыкаў, паўзірацца ў іх вочы, паўслухоўвацца ў галасы – можа, што патрэбнае распавядуць пра будучыню нашую.
        Праўда, галасы тыя было вельмі цяжка пачуць, а ўсё з-за надвор’я. Дні са тры падаў снег, а тут і паплыло ўсё, паехала, пацякло. Снег сцукравеў, а пад ім вада стаіць свінцовая. Ідзеш між помнікаў, правальваешся ледзь не па калені ў ледзяністую жыжку, як у тую смерць. А што ёсць смерць, як не сцюдзёная каша з зямлі і вады.
        Вада сцякае па камлях стогадовых клёнаў, капае з галінаў, варушыцца і шапоча. У шалахценні, цуркатанні, плёскатах амаль немагчыма разабраць галасы кальварыйскіх душаў. Трэба ўглядацца ў вочы на партрэце, засяроджвацца, і тады можна вылучыць ціхі спеў. Спачатку ён будзе бясслоўны, хвалісты, будзе ўзнікаць і знікаць. Галоўнае – не спяшацца. Галоўнае – верыць у сваю здатнасць пачуць словы памерлых. Нарэшце ты разбярэш у гудзенні горада і шапаценні могілак першае слова...
        Вось тут перарвуся, дакладней, вярнуся назад, бо не расказаў, як выбраць патрэбную магілу і неабходны партрэт. Не ведаю, як тое робяць іншыя. Ніколі ні ў кога не пытаўся...
        Выбіранне патрэбнае магілы чымсьці нагадвае пошук на вакзале чалавека, у якога ты сабраўся спытаць пра дарогу ў невядомым горадзе. Здаецца, прасцей простага – падыходзь да першага сустрэчнага і пытайся. А вось і не так. Пра якія шляхі можна даведацца ў вясковай бабулькі ці ў п’янаватага падлетка?
        I тут яшчэ адхілюся ад простага шляху. Распавяду, як пытаюцца пра дарогу ў мяне.
        Дзе б ні быў, куды б ні ездзіў, абавязкова мяне пераймаюць самыя розныя людзі і пытаюцца пра патрэбны ім пункт. Я магу ісці з сочынскага пляжа ў адных шортах, але знойдзецца той, каму патрэбны пачак папяросаў, а ва ўсіх прыпляжных шапіках толькі цыгарэты. Ніколі я не паліў анашу, а папяросы патрэбныя моладзі менавіта для гэтага занятку. Але чамусьці я ведаю, дзе яны прадаюцца і якім карацейшым шляхам пайсці наркаману. Яшчэ больш дзіўныя рэчы адбываюцца ў Барселоне. Па-іспанску я ледзь звязваю два словы, на тры ведаў не хапае, але ў пытанні сустрэчнага я чую знаёмы назоў, прачытаны на нейкай шыльдзе, і пачынаю старанна маляваць на паперцы з нататніка дарогу. I калі а дванаццатай ночы на мінскай вуліцы гурма п’яных чыноўнікаў дастае з пытаннем, дзе знаходзіцца амбасада Украіны, я лаўлю сябе на думцы, што ніколі не быў у той амбасадзе і ва Украіне быў адзін толькі раз... Быць не быў, але ж чамусьці ведаю, на якім скрыжаванні яе пабудавалі.
        З папярэдніх назіранняў вынікае досыць простая выснова: чалавек на могільнікавым партрэце чымсьці павінен паходзіць на мяне. Я мушу пабачыць у ім...
        Ну, што ты кажаш... Крый цябе Бог!
        Знешне ён можа быць і супрацьлеглым, напрыклад – жанчынаю. I ў болыласці выпадкаў я чуў якраз іхнія галасы. Чамусьці менавіта жанчыны сярэдняга веку найлепей кантактуюць са мною.
        Стой! Ледзь не забыўся...
        Час і дзень вельмі важныя ў стасунках з памерлымі. Для мяне плённы дзень нараджэння. Напрыканцы верасня Кальварыйскія могілкі ўсцяж засыпаюцца золатам апалае лістоты. Невымоўная лірыка тоіцца ў павольным падзенні кляновага ліста. Непараўнальная свабода: жоўты лісток лунае ў глыбокай сінечы. Ён ужо нежывы, ён яшчэ не мёртвы, ён яшчэ з намі, але ўжо незалежны ад нас. Дзеці гуляюць па могілках і збіраюць залатасветлыя букеты. А я ўглядаюся, услухоўваюся, каб пачуць кожнага разу адно і тое ж слова – «жыві».

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.