РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Друйскі чорт
        Мястэчка Друя, як і болыпасць нашых паселішчаў, было, ёсць і будзе неахайным і расхрыстаным. Неўпарадкаванасць добра відаць з другога берага Дзвіны. Калі на рыпучым пароме перапаўзці праз рэчку і паглядзець, дык адразу кінецца ў вочы распуснасць беларускай прыроды, натапыранасць дрэваў і нашаторанасць шыферных дахаў. Нават касцельная званіца скасабочаная, не кажучы пра ўчарнелую закінутую царкву. I як бы непрыязна ні выглядаў твар маёй Айчыны з еўрапейскага нізкага берага, я ўсё адно безальтэрнатыўна люблю яе. Захапляюся Друяю з мурзатымі цыганкамі, распаўнелымі яўрэямі ў трэснутых на спіне камізэльках, з беларускай зладзюжнай дзятвою, з непатрэбна шырокім пляцам, паабапал якога насыпана смярдзючых крамак... Люблю Друю з могілкамі на пагорках, нібыта мёртвыя дзяды мусяць быць вышэй за жывых унукаў.
        А палюбіў я Друю ў далёкай маладосці, калі карцела дапасці да вытокаў славянства, выкапаць рыдлёўкаю нешта сакральнае з нетраў Радзімы. Тады і патрапіў з археалагічнай экспедыцыяй на поўнач Беларусі, у вёску Пруднікі. Каля самых Пруднікаў узвышалася старадаўняе гарадзішча, на якім людзі правекавалі ні многа ні мала – тры тысячы гадоў. Самае месца шукаць ісціну. I мы поркаліся ў тлуста-чорнай яміне, выцягвалі на свет Божы косткі і камяні, што бачылі чалавека яшчэ да нараджэння Хрыстовага. Мы б так і правошкаліся ў трохметровай яміне-раскопе ўсё лета, каб у Прудніках была крама. Ну, патрэбны ж нам брусок гаспадарчага мыла, каб перад вячэраю клейкую зямлю з рук пазмываць. А бліжэйшая крама якраз у Друі, на беразе голага пляца. Таму пасярод тыдня, у чацвер, каб магазіны дакладна працавалі, мы выправіліся па пакупкі.
        У Прудніках хаты не замыкаліся, замкі адсутнічалі як з’ява. Усе ўсіх ведалі, пэўна, на працягу тых самых трох тысячагоддзяў. Красці ў саміх сябе не выпадае. Чужыя ў Пруднікі не даходзяць. Не замыкаюцца дзверы на замкі – так, калком прыткнуць, каб дурны сабака ці ласы кот у сенцы не ўскочыў, і пайшлі. Таму, калі мы папрасілі ровары, нам сказалі проста ўзяць і, галоўнае, увечары на месца паставіць, каб гаспадыням было на чым на ферму паехаць. Мы і ў думках не трымалі ровары ў час не вярнуць. Вядома, паставім, дзе ўзялі. I пакацілі.
        Ехаць было не так далёка, кіламетраў з пятнаццаць па пясчанай, добра ўбітай і высушанай жнівеньскім сонцам дарозе. Выбраліся ўтрох: Радзім – вялікі знаўца каменнага веку і найноўшых бардэляў, Сцёпка – паэт-самавук і чарцёжнік-прафесіянал, і я – малодшы ў кумпаніі, а таму на горшым ровары. Праз кожныя пару кіламетраў, як толькі перціся на гару, у мяне злятаў ланцуг, даводзілася правіць. Ні бяды. У Друю кацілася-ляцелася лёгка, з ветрыкам, з бэзавымі надзеямі на нешта дзівоснае. Нібыта ў маленькай крамцы набудзецца за рубель флакон радасці. А прыдбаліся бутэлькі з бурачкова-цемрашальскаю бурдою, якую мясцовыя вісусы ахрысцілі вінцом.
        З віном у кішэнях мы завіталі ў сталоўку, дзе балявалі пад гармонік з бубнам жалезназубыя цыганы. Заядаючы палынова-горкае вінцо смажаным, але ўсё адно ёлкім, салам з яйкамі, мы неяк хутка ўпіліся. Але горшым было тое, што, раз’юраным спірытусовымі выпарэннямі, маім спадарожнікам і сабутэльнікам замануліся паспытаць цыганскай любові. А мне, як маладому байцу, давялося пільнаваць ровары з наладаванымі, ледзь падняць, рэчмяхамі. I чаго толькі не было ў мяхах: і свіная тушонка, і какава «Залаты ярлык», і зубная паста «Памарын», і папяросы «Беламор-канал»... I мыла, а як жа ж, мелася. Толькі не ў друйскіх крамках тое багацце прыдбалася. Яго яшчэ ўвесну прывёз прадбачлівы Радзім і прыхаваў у таўшчэзнага краяведа пад распіску. Ён нам кансервы з пограба і падаставаў.
        Вярнуліся Радзім са Сцёпкам пад вечар. Цямнець пачало. Я лаюся, пра не вернутыя ровары нагадваю, а яны лыбяцца і задаволенасцю ільсняцца. Пагыркаліся мы і выправіліся да сваёй роднай яміны. Ланцуг мой болей не спадаў, бо калі гара траплялася, трэба было злазіць і ровар з харчамі котма каціць. Выкацілі мы свае велікі на нейкае там скрыжаванне, яшчэ з Друі не выехаўшы, і пасварыліся. Бо кожны паказваў іншы напрамак. Я – проста, Радзім – налева, Сцёпка – направа. Каб у нас быў чацвёрты, ён бы агітаваў ехаць назад, да краязнаўцы, і быў бы самы разумны. Папёрлі леваруч. Радзім, як ні круці, старэйшы.
        Праз гадзіну спыніліся. Сцямнеяа так, што відаць было толькі зоркі на небе. А яшчэ гразь. Пакуль мы застольнічалі, паспела праляцець навальніца з залеваю. Дарога раскісла, раз’ехалася ўшыркі і была непазнавальнай і не нашай. Мы ледзь не кінуліся біцца на галоўнага, які мусіў прызнаць памылку. У знак прымірэння ён прапанаваў выпіць. I яны выпілі, захрумстваючы пойла печывам. Ая піць не мог, не лезла болей. Мы паехалі назад, але колькі ні ціснулі на педалі, Друя не з’яўлялася. Бывала, што на даляглядзе міргатаў нейкі кволенькі агеньчык, але што нам самотнае акенца. Мы паварочвалі, паўзлі, разварочваліся, лезлі на гару, спускаліся, міналі лес, перасякалі палі... I нідзе нікога не было. Дарога. Ноч. Неба.
        Нарэшце я, як адзіны працверазелы, сказаў, што мяне ўсцешыць і адзінокі агеньчык. Як толькі ён з’явіцца, я кіну ровар і напрасткі пашыбую да яго. Ну, не павымерлі ж людзі ўвадначассе. I хто мяне за язык цягнуў, бо за лесам якраз і ўспыхнула цёплае святло. Ну, ідзі, давай, пад’юджвалі мае мілыя ў п’янстве таварышы. А мы ровар твой папільнуем, каб хто не звёў. Злы на сябе, я палез праз канаву на поле. Ішоў і мацюкаўся, каб не так страшна было. З мацюком на языку і ўвайшоў у калгасны кароўнік Вартаўнік, пабачыўшы мяне, сказаў, што я за тыдзень не адмыюся і не адшаруюся – такі ўфэнданы. Але кароўнік быў пруднікаўскі, родны, светлы...
        Радзім са Сцёпкам і вартаўніком на радасцях распілі пляшку сівой самагонкі, пакуль я абмываўся з-пад шланга сам і змываў пясок з ровара.
        – Гэта вас чорт вадзіў! Ён! Закручваў вам галовы, вы кругамі ехалі. Чорт, чорт, – паўтараў вісклівы вартаўнік.
        Давялося паверыць у чорта, бо калі мы выйшлі з кароўніка, ні Радзімавага, ні Сцёпкавага ровараў не было. Зніклі, як праваліліся пад зямдю, разам з ласункамі ды кансервамі. Дзе дакладна пакідаліся велікі, мае чортавы таварышы згадаць не маглі, абсмаленая самагнётам памяць не варушылася. Тут недзе... Недзе тут, ці там... Чорт яго ведае... Вартаўнік скокнуў за ліхтаром. Няпэўны прамень выхапіў з цемрадзі ручку руля, якая вытыркалася са смярдзючай лужыны свінога калу. «Стой, там глыбока!» – асцярог Сцёпку пільны вартаўнік
        – Мы па цвёрдаму ішлі, у гной не ўступалі, - Радзім шчыра дзівіўся.
        – А яго скарынкаю зацягнула. Вы па скарынцы і прайшлі. Ровары кінулі, скарынку прарвалі, іх і засмактала.
        Так вось друйскі чорт нас не толькі пакруціў, а і трэць харчоў у гаой увэдзгаў. Толькі тушонку яшчэ можна было выкарыстаць, а «Памарын» і «Залаты ярлык» давялося выкідаць разам з батонамі
        I ўсё адно, я люблю Друю з шырокай Двіною, з жоўтай касцёльнай званіцаю, з пошумам бярэзін на могілках, з вясёлымі цыганскімі спевамі, з яснавокай дзятвою і чортам, чортам, чортам!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.