РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мамалако
        Ты – тое, што ясі. На першае жарэш – сваю маці. Можаш называць страву «мамалако», сутнасць не зменіцца. Ты пачаў з канібалізму.
        Мантэнь, калі ўсхваляў людажэрства заакіянскіх плямёнаў, не заўважыў, што канібалам з’яўляецца кожны з нас, без выняткаў. Можна за Кіплінгам выдумаць Маўглі і выкормліваць яго малаком ваўчыцы. Ці лепшае ваўчынае малако за мамалако чалавечае? Горшае! Задоўга да Маўглі ваўчыца выкарміла Ромула і Рэма, заснавальнікаў Рымскай дзяржавы. Імперыя прыдумала ваўчыцу-карміцельку. Непераможным рымлянам не падабалася, што айцы-заснавальнікі - сыны распусніцы. У Рыме прастытутак клікалі ваўчыцамі. Маці Ромула і Рэма пераўвасобілася ў жывёліну. Наколькі сабачае малако смачнейшае за людское, ніхто не задумваўся.
        У Еўропе дагэтуль не навучыліся гатаваць сабак, іх жаруць у Кітаі. Сакрэт чынскай кулінарыі – нівеліроўка смакаў. Стравы ў лонданскай кітайскай рэстарацыі маюць прэсна-саладкаваты смак. Каштаваў я знакамітага гусака па-пекінску з тонкімі, як папера, блінцамі. Пазнаць на смак гусінае мяса немагчыма. Каб настойлівы чалавек пачаў пераконваць, што я зжаваў кураня замест гусака, паверыў бы, далібог.
        Чалавек – даверлівая істота. Ён чытае ў меню назвы інгрэдыентаў і верыць, што гэта і пададуць на стол. Сляпы давер да кухараў прышчапляецца з малаком маці, пазбавіцца немагчыма.
        Цяпер – жорсткая фактура.
        Міколка, па мянушцы Крук, любіў смажанага гусака з чарнаслівам. Яшчэ Міколка меў мару і газетную выразку ў партманетцы, дзе апісвалася, як тройка маскоўскіх хуліганаў улезла ў заапарк, забіла кенгураня, падсмажыла і закусіла. Крук хацеў пакаштаваць кенгураціну. Колькі разоў ён наведваўся ў перасоўны заацырк, што табарыўся каля Камароўскага кірмашу. Кенгуру там вяліся вялікія і старыя. Каб заваліць такога, трэба шайка не ў 3, а ў 33 бандзюганы. Назбіраць галодную зграю хуліганаў Міколка не спрабаваў. Абмяжоўваўся фантастычнымі расповедамі: як б’е драўлянай дубінаю па патыліцы кенгураня, як старанна скуру здымае, як смажыць тушку, як раскладае мяса на сподзе, як упрыгожвае зелянінаю... Крук паядаў уяўнае кенгураня безліч разоў, а ў рэальнасці не паспытаў экзатычнае стравы. Зрэшты, можа, яно не смачнае, гэты кенгураня?
        Рыгор, клікуха Слон, ездзіў на зімовыя вакацыі да бацькоў у Магілёў. Адтуль у Мінск прывозіўся трохлітровы слоік, напханы мясам і тлушчам вадзяных пацукоў. Па завядзёнцы, пасля вакацыяў ладзілася баляванне. Як зараз, бачу на стале слоік з нутрыевай тушонкаю, буталь з гарэлкаю і Слана ў навюткай шапцы з пацучынага футра. Нутрыевая поўсць зіхацела, ільснілася, пералівалася ў неонавым святле. Рыгор сыта прыцмокваў пасля вячэры і пускаў з малінавых вуснаў дым таннае цыгаркі «Прыма».
        Пасля гарэлкі халоднае мяса нутрыі адрозніць ад свініны я не змог.
        Фрэдзя, паганяйла Рапуха, зрабіў самапал, каб страляць галубоў на элеватары. Птушкі, што харчаваліся зернем, выглядалі болып чым апетытна. Самапал лупіў нарэзаным дротам досыць трапна. Чатыры абшчыпаныя галубкі варыліся ў вядры на вогнішчы, каля рэчкі. Булён атрымаўся рэдзенькі, гаркаваты і пусты, а мяса жорсткім, ад костак яно адставала кепска. З мацаваным віном «Прамяністае» з’еліся тыя пташкі міру за мілую душу.
        Жорык, імя ў народзе Шаптун, шанаваў піва. Не проста бутэлечнае, а гнюснае, з аўтаматаў. Была такая аўтапаілка, куды закідаеш саўдэпаўскія капейкі, а яна нацэджвае вялым струменьчыкам паўкуфля. Жорык навярнуў два поўныя куфлі і пайшоў стометроўку здаваць. Прабег і пусціў фантан акурат на фізрука. Брыдотнае відовішча – абванітаваны спартовец і студэнт колеру свежага мерцвяка.
        Аўтаматнага піва я не паспытаў, казалі – закіслае.
        Генка, другое імя Сайгак, пабачыў па тэліку мідзій. Натхніўся, назбіраў у Браслаўскім возеры ракавак-пярловіц, наварыў і запрасіў Сярожу, для сваіх Маліш, на пачастунак. Маліш прапанаваў Сайгаку каштаваць першаму. Той лыжкаю вышкраб малюска з ракаўкі і ўкінуў у рот, паганяў языком і зрабіў выгляд, што заглынуў. Маліш насамрэч каўтануў малюска. Страўнік адрэагаваў імгненна, малюск вярнуўся да звараных братоў. Тады Сайгак і свайго з-за шчакі дастаў.
        Толік, у дзіцячым садку звалі Тоўсты, казаў, што касманаўты ядуць яйкі са шкарлупінаю, каб адкіды не засмечвалі космас. Я спрачаўся, бо тата з Масквы прывёз сыр у цюбіку. На цюбіку ўладна чырванеў помнік Юрыю Даўгарукаму. Я шчыра верыў: касманаўты харчуюцца толькі з цюбікаў, а шкарлупіну не ўжываюць.
        Слава, мянушка Камандзір, распавёў, як у войску ён накарміў прусакамі маладога кухара. Той не ведаў святога абавязку выкалупліваць жамярынаў з кашы. Думаў, кожны салдат сам гадаў падастае. Давялося кухару схрумстаць поўную каробачку з-пад запалак залацістых прусакоў.
        Мы тое, што з’ядзім. Так мы створаны-сканструяваны: калі не пад’ямо, страўнікавы сок раз’ядае нас.
        Ёсць рэчы, пра якія раскажу асобна, бо яны ўзорныя ў размове пра чалавецкае харчаванне.
        Андрэй, сярод знаёмых Дэпутат, раней жыў каля чыгуначнай станцыі Таварная. Вагоны, цыстэрны-тавары-крадзеж! Каб стаць дэпутатам, красці трэба навучыцца ў маладосці. Пры нагодзе ён нанасіў вёдрамі поўную ванну віна. Піць, кажа, не піў. Сяброў частаваў. Па раёне папаўзла чутка: у Андрэя поўна віна. Народ пацягнуўся да чароўнай ванны. Адлі, нацадзі, начэрпай... Нашто табе столькі? Адліваў, цадзіў, чэрпаў, пакуль не скончылася пойла. Віно выйшла. Міф застаўся. Бяда! Прывід віннай ванны клікаў п’янтосаў да Андрэевых дзвярэй болып за год. П’яніцы зніклі з-пад дзвярэй. Міф жыве.
        Лёнік Жорсткі не меў чароўных рэчаў. Ён вызначыўся аўтаканібалізмам. Жэр сябе сам. Бесперапынна грыз пазногці. Разам з пазногцямі абгрызалася скура з пальцаў, да мяса. За далікатэс Лёнік Жорсткі вызнаваў скарынкі на драпінах і збітых каленях.
        Гісторыі пра аўтаканібалізм і вінную ванну спатрэбіліся мне, каб тлуста падкрэсліць уласны гуманізм. Не веру ў наяўнасць людажэрцаў сярод чалавекаў. Канібал – сімулякр, выдуманая хімера, плён фантазіі агрэсараў, імперскіх экспансістаў. Нашчадкі рымлянаў-заваёўнікаў разгарнулі ў планетарным маштабе казку пра Сінюю Бараду, які схарчыў сем жонак. Каб паядаць тэрыторыі, каланізатары абвінавачвалі цэлыя плямёны, народы і расы ў людажэрстве.
        Напярэдадні яўрэйскіх пагромаў чарнасоценцы распаўсюджвалі міф пра бочку з цвікамі, у якую яўрэі кідаюць хрысціянскіх немаўлятак, а іх кроў дадаюць у мацу. Па-сучаснаму – харчовыя дадаткі.
        Калі германскія войскі ўзялі ў кола Ленінград, дык па свеце папаўзлі расповеды, што блакаднікі паядаюць чалавечыну.
        Зірні ў крымінальныя хронікі Расіі: у трупаедстве абвінавачваюць татараў, кітайцаў і ўкраінцаў.
        Ненатольныя абарыгены свяжуюць і свяжуюць Джэймсаў Кукаў, Рабінзоны Крузы ратуюць і ратуюць Пятніцаў. Выратоўваючы аднаго Пятніцу, забіваюць дзесяткі, сотні, тысячы ягоных супляменнікаў, абвінаваціўшы ў людажэрстве.
        Чалавека можна падмануць. Згода. Можна чалавечыну прадаць за свініну. Толькі кухар-падманшчык - такі ж літсімулякр, як і сам канібал.
        Напрыканцы гісторыя пра сквапнасць, смагу і бяду...
        Юзік Корч, прачуўшы, што на чыгунцы з цыстэрны цячэ салярка і можна паднабраць сабе, схапіў вёдры і паляцеў разам з аднавяскоўцамі хапаць дармовае. Вёдры, поўныя смярдзючай саляры, паставіў каля хлява і пайшоў абмывацца. А тут якраз пастухі прыгналі з поля каровы. Юзікава цялушка так хацела піць, што, пабачыўшы поўныя вёдры, з якіх штовечар наталяла смагу, наглыталася паліва і здохла. Вёска захлыналася смехам, а Юзік Корч глытаў слёзы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.