РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кроплi дажджу ў Парыжы
        Вымыты дажджом і выстуджаны ветрам, як самалётная сталь перад узлётам. Так Парыж выглядаў па дарозе з аэрапорта.
        Пасяліліся мы з дачкой у маленечкім гатэлі. Рассоўванне прасторы з дапамогаю люстраных паверхняў – вельмі парыжскі архітэктурны прыём.
        «Чакаю на вуліцы», – кажу Ядзі.
        Жанчына просіць запальнічку. Такая мілая. Дачка выходзіць з гатэлю. Жанчына мне не падабаецца, вядома, не падабаецца адразу і назусім.
        Паўтарагадзінная прабежка – шпацыр па вільготных і сонечных вуліцах. Бляск такі, што вымывае і высляпляе думкі і рэагаванні. Лёгкі водар ільнянога алею, што разліваецца па вуліцы, нагадвае мне пра жывапіс, хлеб і прамінулую маладосць.
        Ядзя фатаграфуе чырвоную браму. Ядзя выбірае абутак Ядзя прымервае куртку. Ядзя – любімая дачка.
        «Парыж – успамін пра культуру, пра імперыю, пра мастацтва, пра веліч...» «Успамін?» – перапытвала дачка. Не адказаў. Завярнуў у кітайскі рэстаран.
        Ядзя набрала крэветак і з’есці не змагла. Так яны, ружовабокія, і засталіся плаваць у шчыльнай алейнай поліўцы. Перанатоленасць – недаедзеныя крэветкі.
        «Пайшлі ў музей Пампіду?» «Пшлі».
        Кіламетровыя чэргі ў Меку найсУчаснага мастацтва. Побач пусты сабор. Готыка, святло вітражоў. Чаго-чаго, а мастацтва ў ім болын. Піплам трэба чарга. Бог сведка, ш патрэбна не мастацтва, а чарга па мастацтва.
        Мы маўчым у саборы.
        У падобных збудаваннях выспявала мара пра хмарачосы. Да нас падышоў чалавек з плеценай талеркаю для ахвяраванняў, і я кінуў 50 цэнтаў на рэстаўрацыю гатычна-хмарачоснай думкі.
        Цень пташкі імкліва перакрэсліў алтарны вітраж і нагадаў пра святы дух, пра прысутнасць Бога тут і цяпер.
        «Ты бачыла цень пташкі?» «Нельга сфатаграфаваць», – заўважыла Ядзя.
        Намерваўся сказаць ёй: «Каштоўнасці з калоній прыйшлі ў Парыж разам з гаспадарамі, мурынамі і арабамі. Нельга выпампаваць нафту і не атрымаць у суседзі жыхароў пустэльні. Нелыа выграбсці алмазы і не пусціць у краіну афрыканцаў. Прыродныя каштоўнасці немагчыма спажываць без гаспадароў зямлі, з якой бяруцца даброты. Парыж перанасычаны чужымі каштоўнасцямі і эмігрантамі. Гэта гняце. Узнікае жаданне вярнуць усё назад: афрыканцаў у Афрыку, арабаў на бераг Ніла, палякаў пад Варшаву. Разумею, немагчыма. Хочацца дамоў. Ад настальгіі паміралі ў Парыжы. Паэты паміралі, афіцыянты заставаліся жыць». Не гавару, як і такое: «У антыкварах старэе беспрытульная веліч, парэшткі французскай імперыі. Золата тускнее, канапы скасабочваюцца, карціны чарнеюць. Хранцыя правальваецца ў пазамінулае стагоддзе, правальваецца з храбусценнем хранцузскіх батонаў».
        Гладкае аранжавае неба, што можа... Нічога не можа. I каб неба без нічога, каб пустое... I не важна, дзе ты. У Парыжы ўтульней пад такім небам. А можа, і не ў Парыжы... Калі ўжо ўбачылася такое неба ў Парыжы, значыць, лёс – убачыць маё-сваё неба і над Парыжам.
        «Табе падабаецца неба?» «Неба як неба. Парыж – прыемны гарадок, але я люблю Лондан», – у Ядзі прапаў настрой, зламаўся фотаапарат; а ў мяне настрой быў.
        Вечная тэма сабачага гаўна на парыжскіх ходніках, не хацелася ўступаць. Але і лайно сабачае не сапсавала настрой.
        Настрой упаў, калі Ядзя наступнай раніцаю адмовілася ісці ў Луўр.
        Мурын у метро пазяхаў. Нядзеля. Хацелася спаць, я ехаў у Луўр адзін, Ядзя накіравалася ў музей Усходу, да Буды. Мурын сваім цукрова-заразным пазяханнем усю маю ўзнёсласць вярнуў у грукатлівую будзённасць. ён зняў чаравік. Адзін. Шэрая шкарпэтка.
        Спакваля нядзельнасць перамагла.
        Гіпапатам блю. Блакітны, блю, гіпапатам. Ну і ну, у Луўры гіпапатам з Егіпту, блю, каменны, цяжкенькі, ажно скрасці карціць, блю. Любуюся, не налюбуюся, блю.
        У Луўры мармуровае святло і прахалоднае золата.
        Так і чакаў: крэслы і сталы, выштукаваныя ў стылі ракако, вось-вось ператворацца ў аленяў і паскачуць па паркеце, па кілімах на волю...
        Ложак караля выглядаў непрыстойна, бо падобны да тэатральнай дэкарацыі. Болып за тое – ён нагадваў алтар у саборы сярэднестатыстычных памераў, дзе замест гатовага чалавека ідзе працэс стварэння богачалавека. Зрэшты, яны сябе лічылі паўбагамі. Народ не дараваў каралям памылкі. Хаця і народ абмыліўся, убачыўшы ў голай дупе караля ззянне сонца.
        Леанарда – адра... адранаеЛ!
        Разглядаючы нататнікі Леанарда, пераканаўся: памер малюнка не мае аніякага значэння для мастацтва. Ддя музея мае: чым меншы – тым лягчэй захоўваць.
        Кінулася ў вочы гермафрадытычнасць леанардаўскіх вобразаў. Яны проста людзі? Проста чалавекі? Ці проста Бог, калі ёсць Бог?
        Нататкі Леанарда – адзіныя кнігі на ўвесь Луўр, У невымяральнай экспазіцыі. Дастаткова!
        Кнігі трэба выдаваць невялікія, дакладна – маленькія.
        Менавіта ў Луўры захацелася дадаць у славянскую міфалогію пару-тройку монстраў, запазычыць у сярэднявечных франкаў і перамаляваць на свой капыл. Ну чаму ў нас няма Капыльніка, які ўсё чыста спрашчае, пакідаючы чалавеку адно вока, адно вуха і адну руку?
        З тысяч кніг у кнігарні я выбраў мініяцюры пра Эдэм, бо заўважыў, што Адам і Ева ўвесь час там снедаюць, як я з жонкаю.
        Сняданак на траве – рай.
        Вячэра, нават таемная, блізкая да пекла.
        Кніга – канцэнтрат разумовай дабрадзейнасці-зладзейнасці. Добра відаць: каталог выставы больш прадуманы за выставу. Каталог музея Пампіду больш кампактны і ёмісты за музей. Час каталогаў, анталогіі і хрэстаматый? Пэўна.
        Разглядаючы ў кнізе віхрасты партрэт Ван Гога, думаў пра ўбоства мастакоў-малшвальнікаў. Ну ні фіга яны не падобныя ні да Ван Гога, ні да Гагена, ні да саміх сябе.
        Хацелася б, каб Ядзя была падобная да мяне. Каб яна любіла Луўр. Каб шанавала мае каштоўнасці. Расхацелася, калі Ядзя папрасілася ўзняцца на Эйфелеву вежу, каб фатаграфаваць панарамы.
        Выпаліў я цыгарэту на вежы і жонцы патэлефанаваў, бо ў цябе не адказваў тэлефон.
        Званкі з Парыжа дамоў – снабізм? Усё яшчэ так. Заўтра будзе банальнасцю і звычайнасцю, а сёння - дэманстрацыя ягамосці. Заўтра не буду званіць з Парыжа ў Мінск. Заўтра – умоўнасць. Учора, здаецца, тое было ўчора, з Парыжа званіў мне тата, званок запомніўся на ўсё жыццё. Званок прасвідраваў дзірку ў жалезнай заслоне паміж Захадам і Усходам. Учора званок з Парыжа быў дысідэнцтвам.
        Сягоння дысідэнцтва – хаванне думак ад дзяцей? Дысідэнцтва – пачуццё сораму.
        Парыжскі дождж – стан душы, сум і празрыстасць, цярплівасць і спакой, утульнасць і жаданне затрымацца ў кавярні за каваю і назіраць за парадам парасонаў. А яшчэ – жаданне перабіраць вобразы, што сарамліва схаваў ад дачкі.
        Некаму завялікае шчасце – піць каву ў парыжскай кавярні, для нас – звычайнае. Не намагаюся я чытаць Вальтэра ў арыгінале, з мяне дастаткова і таго, што разумею размову шумлівых наведнікаў, якія распавядаюць па-польску показкі пра жаночыя дупы. Намагаюся прымусіць дачку чытаць Вальтэра па-французску і не хачу, каб яна ўслухоўвалася ў дурнаватыя жарты.
        Ядзя чытае па-фанцузску Экзюперы пра маленькага прынца.
        Я заняты сваім...
        Парыжскай эротыцы не стае вільгаці і цялеснасці. Яна высушаная, выпетраная, выпендронная, аблітая туалетнай вадою з моцным спірта-спірытычным пахам. Яна шорсткая і дробязная. Дух маркіза дэ Сада лунае над Парыжам. Мне ён надакучыў.
        Думаеш, у Парыжы ўсе жанчыны Жанны? Не, тут Жулі, Рэгіны, Франсуазы, Заразы, Лахудры і Паразы, але ўсе яны д’Арк. Дакладна. Я бачыў аркі іх ног, паміж якімі свеціцца ружовая лямпачка спакусы.
        Кіч, як цукеркі, з’ядае герояў, трафарэціць, абсмоктвае і выплёўвае ў танныя крамы. Пасля ўслаўленняў герояў чакае яркая нікчэмнасць, а потым канчатковае зніштажэнне. Калі зніштожаць Жанну д’Арк?
        Прыгожа... Не так. Яркая лесбіянка, якая варыла нам каву, пайшла да тоўсценькай, нязграбнай і вульгарнай афіцыянткі і пачала гладзіць яе спачатку па таліі, а потым і па дупе. Непрыгожая крутнула клубамі, непрыгожая мае ўладу над прыгажуняй. Хай ненадоўга. Што надоўга? Цяжарнасць? Напэўна, лесбіянкі пакутуюць падчас цяжарнасці каханых.
        Жанчына ў парыку, у мужчыны лысіна. Нічога іх не ўратоўвае – ні весялосць, ні ўсмешкі, поўныя рукатворных зубоў, ні адзежа з модных крам і ўпрыгожанні з золата, ні Парыж Яны старыя і лысыя.
        Дождж скончыўся. Мы вярнуліся ў гатэль.
        Непрыехмна робіцца, калі ў гатэлі нагадваюць, што ў нас застаўся адзін дзень. Нібыта мы не ведаем пра гэты адзін дзень.
        З-за гадкага нагадвання спаў кепска.
        Нарэшце самалёт. Заплюшчыў вочы і даглядаў сны, не дагледжаныя ў Парыжы, – пра маленькага прынца і Ядзю.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.