РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Барселонскі голуб
        Такой цёмнай і грукатліва-грувасткай навальніцы напрыканцы жніўня не магу і ўзгадаць. Зеляніна дрэў, ужо добра падпаленая восеньскім золатам, ажно пачарнела і закаліхавала ў халодна-пякучым ветры. Вершаліны паблісквалі ў хвосткім дажджы, гнуліся і выпростваліся, перапоўненыя абурэннямі. Прырода нібыта выказвала нязгоду надыходзячай восені. Некуды ехаць у такое надвор’е вельмі непрыемна.
        Еду, еду, стамляюся, агалодваю, ем.
        Стэйк з косткаю. Вялікі кавалак засмажанага мяса. Кроў плыла па бялюткай талерцы. Я драпежна жэр ялавічыну. Чалавек – драпежнік. Ён толькі хаваецца за ўсяеднасцю. Каты таксама любяць траву есці. Я наеўся на некалькі дзён наперад. Наталіў прагу драпежнасці, так яно праўдзівей.
        Нудотная спустошанасць наплыла на мяне. Раптоўна я зразумеў логіку самагубства. Наперадзе нічога няма, акрамя пакутаў і смерці. Ні кахання, ні задавальнення ад гушкання на арэлях, ні смаку салодкага яблыка. Мора шэрае, яблык, замоўлены на дэсерт, - прэсны, і дзіцячыя арэлі не вытрымаюць цяжару твайго непатрэбнага цела. Асаблівую маркоту выклікалі менавіта дзяўчаткі на арэлях, што гушкаліся пад рэстарацыйнымі вокнамі.
        Па абедзе я шлындаў па Барселоне. Бязмэтна. Набыў два порначасопісы, каб тэндэнцыі паглядзець. Нічога новага, не хвалюе, не натхняе на пісаніну брутальных аповедаў. Глянцавітыя сракі і морды. Вока не чапляецца. Раней парнаграфія мяне хвалявала болын. Напіўшыся кавы, вярнуўся ў гатэль.
        Жонка спіць. Сонца, толькі сем гадзін вечара, а яна сапе ў ложку. Пад рукамыйнікам, у сметніцы зелянее пустая пляшка з-пад віна. А ў тэлефоне знайшоў пытанне: «Ty dzie?» Мусіць, пасля рэстараннай ялавічыны і ёй стала маркотна. У яе яшчэ віно ёсць, а ў мяне і віна няма. Кінуў я піць. Кінуў.
        Зранку плаваў пад дажджом. Калі бегаю ў дождж, дык чаму не паплаваць? Мора амаль спакойнае, на пляжы ні душы, толькі ходзіць па пяску белы голуб, ён мяне не баіцца, ён выпрошвае хлебную скарынку. У мяне няма. Наступнай раніцай прынясу.
        Мора халоднае. Плаваю. Каб потым год цэлы ўспамінаць і цешыцца з таго, што плаваў штодня. Збіраецца на шторм. Па шэрых хвалях бягуць белыя баранчыкі. А я плыву і плыву, нібыта сабраўся выплысці з сябе.
        Чалавеку, які глядзіць на мора, на мора пад небам, на марскі далягляд, на тую нябачную рысу, дзе сканчаецца вада і пачынаецца паветра, такому не патрэбна медытацыя. Мне медытацыя не патрэбная. А пра іншых... Што мне да іншых? Што іншым да мяне?
        Пасля доўгага плавання страшэнна хочацца есці.
        У рэстарацыі над крамаю El Corte снедалі дзве неабдымныя іспанкі, маці з дачкой. У дачкі вісела пад тоўстымі вуснамі ажно тры падбароддзі, а ў маці толькі два. Яны паглынулі па свіному калену і кавалку торта. Дзядок-афіцыянт прыбраў посуд і выцер стол. Неабдымныя махі схадзілі ў буфет, і на іх чыстым стале зноўку паўстаў торт. Тут і адбылася неспадзяванка... Маладзенькая афіцыянтка несла паўз таўстух спод з брудным посудам. Гэтым сподам яна чапанула за плячо таўсценнай старой, і на кафляную падлогу пападалі бутэлькі. Шкло пырснула ва ўсе бакі. Маладзіца завыбачалася і пабегла па венік з саўком. Таўстухі пачалі аглядаць і абмацваць свае блакітна-малочныя лыткі. Старэйшая ўстала, задрала падол і паставіла ступак на крэсла. Яна не пукнула. Яна проста ўздыхнула ўсім сваім сальным целам, і ў мяне прапаў апетыт. Давялося пайсці з рэстарацыі і недалюбавацца дымна-ружовымі панарамамі Барселоны.
        Які ўсё ж прадказальны чалавек са сваімі рэстарацыямі і прыбіральнямі.
         Заскокваю ў прыбіральню, а там жанчына. Маладая, вабная, крыху паўнаватая, але гэта з-за сіняй формы, напэўна. Аформленая ў форму красуля бялюткай анучкай працірае люстэрка над рукамыйнікам. Пшыкне-пырскне на шкло белай пенкаю з балоніка і трэ, трэ, трэ... Мне трэба іншае трэ справіць. А люстэрка недацёртае якраз насупраць пісуараў. Стаў я і гляджу на сябе ў чыста вымытым шкле. Прыбірачка на мяне позіркі чарнавокія кідае. Ну не буду ж я пад гэтымі зіркамі чэлес даставаць?! I трываць моцы маёй нямашака. Там бы памёр, каб не хлопчык шасцігадовы. Забягае хлапчанё, дастае пісюн і сікае, спакойна, натуральна, як дарослы і самастойны чалавек. Тады і я, нібыта малы хлопчык, дастаю чэлес і цуру. Мне шэсць, мне сорам за чэлес свій перад жанчынамі невядомы. Палёгку я адчуў і расслабіўся зарана, бо замком скурку чапануў, не моцна так ціскануў, але ж пеканула і забалела, а ўсё з-за бабы-нахабніцы.
        Акрамя рэстарацыяў з прыбіральнямі ў нас яшчэ ёсць святы.
        11 верасня – Дзень незалежнасці Каталоніі пачаўся ў мяне з канфлікту. Раніцай на пляжы ляжалі і сядзелі на пяску абкураныя і п’яныя хлопцы з дзеўкамі. Калі я з жонкай заплыў у мора і развярнуўся, каб вяртацца, дык пабачыў, што каля нашых рэчаў бегае хлопец, загорнуты ў мой белы гатэльны ручнік. Я паспрабаваў крыкнуць, але голас мой патануў у грукаце хваляў. Давялося грэбсці як хутчэй, бо хлопец аддаў мой ручнік сабутэльнікам і зноўку пабег да нашых рэчаў. Я вырашыў адразу напасці на кумпанію. Іх было тры хлопцы і дзеўка. Вылез я з вады і да іх. Падыходжу, яны скамянелі, вочы крутлыя. Я ж крычу: «Дай сюды ручнік!» Вырываю ручнік, а ён і не мой зусім, падобны, а не мой. Шпурнуў я ім іх анучу і пайшоў да сваіх рэчаў. Каля маіх пантофляў стаіць бутэлька віскі 0,75 «Балантайс», мой любімы напой. Хлопец мне прапаноўвае выпіць за незалежнасць Каталоніі. Толькі вочы ў хлопца на патыліцы, такі ён п’яны. Ну, пасля забірання ручніка мне толькі выпіць застаецца а сёмай раніцы. Адмовіўся я піць і хлопца прагнаў. Тут і жонка голая з мора вылезла: «Што яны хацелі?» - «Незалежнасць Каталоніі адзначыць!»
        Уночы зноўку ляскатала навальніца. Праз кожныя тры імгаенні горы, неба і мора абліваліся блакітам маланкавага святла. Спалася цяжка. Я хроп. Жонка двойчы будзіла мяне, каб павярнуўся са спіны на бок Ранак выдаўся прахалодна-сонечны, з вераснёвай яснасцю ў паветры. Мы пабеглі на мора. На пустынным, яшчэ не прыбраным пляжы ў цёмным пяскуляжала вялікая медуза. Яе памеры ўражвалі; мутнавата-шкляныя шчупальцы былі таўшчынёю з мужчынскія пальцы. Вакол сферычнага цела ішла хвалістая цёмна-фіялетавая паска. Паўжывую масу жонка паклала на ласгы, падсунуўшы іх пад медузу, і занесла ў хвалі. «Можа, выжыве», – са спадзевам сказала жонка, вярнуўшыся з мора. Мы пайшлі далей, за скалы, дзе доўга плавалі аголеныя ў ранішняй, а таму спакойнай вадзе. Вяртаючыся, мы не пабачылі медузы-гаргоны. Пэўна, ачомалася. А я падумаў, што сустрэцца ў моры з гэтай выратаванай гаргонаю я б не хацеў.
        Наогул я не хачу ніякіх паўтораў, але не магу пазбавіцца ад пачуцця другаснасці, паўторнасці, неарыгінальнасці падзеяў. Навокал – бачанае-перабачанае, чутае-перачутае, каштаванае-перакаштаванае... Таму за шчасце выглядае пакута, а з радасці шчэрыцца злосць і агрэсія. Ты не заўважаеш: побач з кнігаю пра анёлаў прадаецца фаліянт пра чарцей? А я заўважаю.
        У кнігарнях мяне паглынаюць карцінкі. Гадзінамі разглядаю фотаальбомы, рэпрадукцыі, малюнкі... А тэксты... Не ведаю моў. З-за гэтага Барселона адцаляецца ад мяне. З кожным маім прыездам яна ўсё далей і далей. Рыса паміж мной і Барнаю ўсё больш тлустая, больш чорная, больш глыбокая. Я спасцігаю сваё неразуменне, і не толькі горада, а свету наогул.
        Побач з кнігарняю дзяўчынка гадоў дзесяці фатаграфуецца каля фантана. Яна закінула рукі за галаву так, нібыта дэманструе прыўзнятыя цыцкі. А цыцак тых яшчэ і намёку нямашака. Дзяўчынка выставіла наперад надзьмуты жывот, быццам бы сабралася спакусіць сваім лабком рыцара, а яе рыцар, пэўна ж, толькі праз гадоў пяць пачне галіць бараду. А хутчэй за ўсё ён не будзе рыцарам. ён будзе простым каталонцам.
        Каталонскі мужчына можа сядзець у рэстарацыі, заклаўшы нагу на нагу так, каб зручна было пачэсваць голую пяту ды выкалупліваць бруд з-пад пазногцяў на той высока пакладзенай назе. Беларусу цяжка такое зрабіць нават у Каталоніі, бо неяк вельмі ўжо нязвычна. Мы ў рэстарацыях і кавярнях прызвычаіліся абутымі сядзець. Не скажу, што нашыя мужчыны больш выхаваныя за каталонцаў. Наш лёгка можа плюнуць смаўжом смаркача на падлогу кавярні, але прылюдна шкрэбці пяты не будзе.
        Славяне, што стала жывуць у Іспаніі, называюць тутэйшых аленямі. Сапраўды ёсць нешта грацыёзнае ў рухах барселонцаў, ёсць і палахлівасць у чорных вачах. Цікава, ці называюць яны нас мядзведзямі? Ці, можа, зубрамі?
        У электрычцы «Барселона-Віланова» побач са мною прыселі два геі з Сергіева Пасада, што пад Масквою. Іх маскоўскі говар не мог не прымусіць мяне слухаць. Толькі я не паказаў ім, што разумею гаворку, бо вельмі цікава слухаць людзей, якія маюць стоадсоткавую ўпэўненасць, што ніхто навокал ні слова не разумее. Геі доўга і падрабязна абмяркоўвалі прывабнасці маладога каталонца, што сядзеў насупраць мяне. Той відавочна адчуваў юрлівасць, скіраваную наўпрост на яго, але не здагадваўся, як яго маюць прылюдна і па-ўсялякаму. Абмяркоўваць мае вабноты і заганы геі не сталі. Пашанцавала, бо я б не вытрымаў. За тое ім дзякуй. Адзін пачаў выхваляцца сваім знаёмствам з нейкім берлінцам. «Ён падышоў да мяне на пляжы і сказаў, што яму надакучыла шукаць фрэндаў у цёмных пакоях. Сапраўды, гэта так трапна. Нам усім даводзіцца заводзіць знаёмствы ў барах і клубах, у паўцемры, уночы... А потым мы дзівімся выгляду пачвары, з якой любіліся...» Назіранні ў электрычцы цікавыя тым, што маюць механічны, а не лагічны канчатак. Я выйшаў.
        Ну іх на хуй, гэтых каталонцаў і беларускіх мужыкоў.
        Пільна ўглядаюся ў целы, у рухі, у вочы, у паводзіны маладых дзяўчат на пляжы. Углядаюся з таемным спадзяваннем, што яны, вось гэтая, ці мо тая, а можа і вунь-вунь тая, народзяць нам лепшага за мяне, за цябе, за нас усіх... Не, не народзяць лепшага. Вырадзіцца чарговы ці пазачарговы крыклівы вырадак. А спадзевы, а надзеі, ну а як жа без іх?
        Углядаюся...
        Вобразы ракаўкі, валюты, спіралі пераследуюць мяне ў Каталоніі на кожным кроку. Тут нават вецер закручваецца ў спіраль. А мне хочацца выпрастацца, раскінуць рукі і ператварыцца ў крыж.
        Глядзець на чысты крыж цяжка. Геаметрычная чысціня патрабуе разумовага напружвання. Таму і абвязваюць крыжы ручнікамі, аздабляюць вянкамі, упрыгожваюць кветкамі. Таму мне на строгі сучасны крыж так і хочацца пачапіць гальштук. Выгляд чыстага крыжа выклікае пачуццё сораму. Нібыта не на крыж ты глядзіш, а на чужое аголенае цела, на цнатлівае цела, на цела, на якое глядзець нельга.
        Сонца за аблокамі, высокімі і доўгімі, як пёры балівійскага папугая. На пляжы пуста. Самотны пацук, пабачыўшы мяне, уцёк у пячору пад скалой. На змену пацуку прыляцеў галубок, белы, як дзіцячая душа. Ён прасіў у мяне зярнятка, ці семачку, ці... А я зусім забыўся пра яго і нічога не захапіў. Думаю толькі пра сябе, каб прыйсці на пляж першым і купацца-плаваць аднаму ў вялікім моры.
        Эх, закрэсліць бы, перакрэсліць сваё мінулае жыццё ды наноў пачаць, з чыстага аркуша. Такі тэзіс быў для мяне заўсёды актуальны. Апошнім часам зрабілася цяжэй выбіраць прыярытэты, замарудзіўся аналіз падзеяў, запаволілася маё жыццё... А я ўсё крэслю і крэслю, усё пачынаю наноў і еду ў далёкі свет. Іду, плыву...
        Так люблю плаваць, што, дарваўшыся, наплаваўся так, ажно панадрываліся мезенцы на нагах, скура глыбока патрэскалася і баліць.
        У электрычцы «Віланова-Барселона» хлопец на суседнім крэсле заснуў і ссунуўся на мяне. Няўтульна, нязручна, а пабудзіць хлопца шкада. У падобнай няёмкасці ды нязручнасці і праходзіць нашае свядомае жыццё. У несвядомым ты лёгка адкідаеш прэч усялякую перашкоду, а свядомасць якраз і перашкаджае жыць лёгка. Электрычка тарганулася, хлапчына прахапіўся, адсунуўся ад мяне як найдалей, але прабачэння не папрасіў. А ці трэба гэтыя прабачэнні, яны ж гэтаксама замінаюць жыць лёгка.
        Вярнуўшыся ў гатэль, я заснуў.
        У тлумачэнні сноў ёсць паэзія. Толькі сон, які мне прыбачыўся, падаецца малапаэтычным. Бачылася мне пасяджэнне беларускіх пісьменнікаў. Быў там абстрыжаны пад бабра Рыгорка. Ён і вёў рэй. Літаратары засядалі ў новенькім драўляным доме за даўжэзным дашчаным сталом. Дом быў светлы, чысцюткі ды здарова пах жывіцаю. Сярод літаратараў я заўважыў тату. Прысутнасць бацькі-нябожчыка мяне моцна ўстрывожыла. Я гучна-нахабна паклікаў яго і прапанаваў выйсці на двор. «Тата, мы ж дамаўляліся, што ты не будзеш піць з гэтымі нікчэмнасцямі!» Тата паслухаў мяне. На зялёным падворку я пачаў казаць, што ён не павінен сядзець з гэтымі зайздроснікамі ды няздарамі, што ён лепшы і варты больш шаноўнай і паважнай кумпаніі. Тата стаў нейкім занадта маладым і знябожаным па-хлапечы. Нібыта не ён старэйшы, а я. У руцэ ён сціскаў дзве галандскія люлькі. Падчас маіх нараканняў ён пасмоктваў то адну, то другую. Але дыму не было. Так робяць зацятыя курцы, што кінулі паліць. I тутака тату пачало ванітаваць. Ён ішоў па акуратна пакошанай траве, і з яго лілося залацістае вінаграднае віно. Калі віно сканчалася, тата зноўку пасмоктваў люлькі, пасля чаго згінаўся напалам, і з яго лілася празрыстая і духмяная вадкасць. Я спрабаваў растлумачыць яму, што не трэба пасмоктваць гэтыя люлькі, на што чуў: «Ты не разумееш, Валодзя, так трэба!!!» Прачнуўся я з мёртвымі настроямі і даў сабе слова ў першым жа барселонскім касцёле запаліць свечку і памаліцца за спакой татавай душы.
        Свечку ў касцёле я набыў. Хадзіў у цёмнай прахалодзе і выбіраў – пад якім абразом ці скульптураю паставіць. Хрысты выглядалі спакутаванымі, а таму і не міласэрнымі. Панны Марыі ўсю пяшчоту і ўвагу скіроўвалі на сваіх маленечкіх немаўлятак. Таму выбраў я сцэну, дзе валхвы нясуць падарункі Божай Маці ці Божаму Сыну. У добразычлівасці валхвоў мне ўбачылася нешта маё асабістае. Тое, што і словамі не надта вытлумачыш, тое, што складае сутнасць маёй веры. Запаліў я свечку, паставіў і сказаў: «Тата, хай супакоіцца душа твая».
        Татава душа супакоілася, мая – не.
        Прысніў я ўласную магілу на Кальварыі. Як жа яна мне не спадабалася! Бог ты мой! Каменная тумба нейкага блякла-балотнага колеру была зроблена са штучнага каменя. Фалынывасць была ва ўсім. На фота, прымацаваным да тумбы і забраным у крывы залаты авал, я быў пераапрануты ў парадную форму савецкага салдата. Асаблівае абурэнне ў мяне выклікала фуражка з чырвонай зоркаю ды чорна-лакавым брылём. Твар мой на тым партрэціку быў таксама нейкі блякла-зеленкаваты, нейкі выцвілы колер хакі прысутнічаў і на ім. Сваю незадаволенасць афармленнем маёй магілы я выказаў ксяндзу Уладзіславу, што стаяў побач з тумбаю ў атачэнні сівагаловых бабцяў. Ён паспрабаваў супакоіць мяне: маўляў, мяне пераапранулі ў салдацкую форму, каб ніхто не здагадаўся пра маё каталіцтва. «Я ж праваслаўны! I хто гэта здагадаўся аздабляць надмагілле салдацкімі значкамі? I чаму яны ўсе трэцяй ступені? Ды хоць бы і першай... Я ж ненавіджу ўсе гэтыя значкі, ордэны і фуражкі!..» Нават пасля смерці я захаваю ў сабе нянавісць да салдатчыны, вось што я адчуў у гэтым сне напоўніцу.
        Хоць гэта застанецца нязменным.
        Вецер з мора наляцеў на Барселону. Я быў на бульвары Рамбла, калі ён сваім магутным подыхам падзьмуў на горад. О, як прыгожа ляцелі малюнкі хіжых бульварных мастачкоў, як жывапісна пераварочваліся парасоны кавярняў, як грукатліва перакульваліся вазы абразальнікаў кветак, як уцякалі блядзі і злодзеі, прадаўцы ліпучага марозіва ды наглядчыкі птушак у клетках. Ляцела ўсё чыста – людзі, рэчы... Усё зробленае чалавекам ператварылася ў непатрэбнае смецце. Мяне ахапіла радасць, сапраўдная радасць ад гэтай моцы марскога ветру, які вяртаў мне чысціню. Барселона зрабілася бліскуча-чыстай ад праліўнога дажджу. Я радаваўся і не мог нарадавацца.
        I раптам – званок.
        Затэлефанаваў мне паэт Міхась. Спытаўся, як можна пахавацца на Кальварыйскіх могілках. «Каму?» – «Дзецям!» – «Якім дзецям? Кажы, што здарылася...» - «У Янкі Брыля жонка памерла». Я растлумачыў каму народны пісьменнік Брыль мусіць тэлефанаваць, каб далі месца на Кальварыі. «А ты дзе? Бо такое адчуванне, што ты на караблі некуды плывеш». – «У Барселоне я. На гары».
        Давялося завітаць у касцёл і запаліць яшчэ адну свечку.
        Вецер супакоіўся.
        Каля самага касцёла на бульвары Рамбла артыст выдаваў сябе за секс-бомбу. Ён махаў з боку ў бок здаравеннымі цыцкамі і пакручваў неабдымнай надзьмутай дупаю. Дзве рускія блядзі ў бардэльнай расфарбоўцы фатаграфаваліся каля секс-бомбы. «Класныя кадры выйдуць!» – запэўнівала адна блядзюга другую. «Не выйдуць у вас кадры! Ніхуя ў вас не выйдзе!» Сапсаваў я настрой блядзюгам і праз гэта знайшоў палёгку.
        Раніцай каля мора жонка фатаграфавала мяне з голубам.
        Белы, акуратны, непалахлівы галубок прылятае на пляж штораніцы. Жонка прыносіць яму хлеб. Я карміў голуба прынесеным хлебам, жонка нас фатаграфавала. Метафізіка: мора, скалы, пташка і аголены мужчына. Менавіта белы голуб ствараў райскі настрой у бяздушным краявідзе.
        Жонцы было замала ранішняй ідылічнасці. Мы паехалі працягваць здымкі ў гатычныя кварталы Барселоны. Хутка, пэўна ад спёкі, настрой пакінуў мяне. Здараецца. Не манекен я і не натуршчык. Я мастак і фатаграфавацца без артыстычных настрояў не магу.
        «Мо ты кашулю здымеш?» Яна спытала, а мяне перамкнула. «Можа, табе тут гуй паказаць? Десяць гадоў сярод смярдзючых засцаных і засраных трушчобаў я крыўлю твар, высалапліваю язык, згінаюся, выгінаюся, завязваюся ў вузлы... А ты за гэты час не прыдумала мне новай ролі. Я зноў і зноў ператвараюся ў гатычную хімеру. Заябала!!!»
        Паўгадзіны мы прахадзілі моўчкі, а потым разбегліся ў розныя бакі, каб сустрэцца толькі ўвечары. Мы сустрэліся ў акулярнай краме, дзе мне мусілі замяніць шкло. Я знарок спазніўся.
        «Я купіла табе падарунак!» – «Не трэба мне ніякіх падарункаў!» У жонкі каля ног стаяла вялікая скрынка. «Я купіла табе голуба!» – «На чорта мне голуб?!» - «Ты яго выпусціш каля мора!»
        Гандлярка сказала, што яны не паспелі выразаць шкло і давядзецца зайсці праз паўгадзіны. Кампутар чамусьці адмаўляўся рэзаць патрэбную форму. Жонка паспрабавала пакінуць скрынку з голубам у краме. Яна выпіла свайго чырвонага сухога больш чым трэба. Я ўзяў пад паху скрынку з голубам і выехаў з крамы на эскалатары. Куды гэтага голуба несці? На бульвар Рамбла. Там яго радзіма. Там яму будзе добра.
        На бульвары Рамбла вечна-вясёлая плынь задаволеных людзей. Ад гэтай радасці чужой і сам весялееш.
        На бульвары я даў жонцы скрынку. «Выпускай!» Жонка выпусціла пташку. Тая зрабіла невялікі круг у паветры і села каля жончыных ног.
        Такі голуб не лятае. Ён толькі гуляе па садзе. Так нам растлумачыў гандляр пташкамі, якому жонка вярнула ягонага безнадзейна-белакрылага прыгажуна.
        «У цябе хутка дзень нараджэння. Мне хацелася падараваць табе белага галубка...» – «Падаравала!»
        Мы вярнуліся ў акулярную краму, і першае, што я пабачыў праз новыя шкельцы, – сваю кашулю, абасраную голубам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.