РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Латвійскі дэтэктыў
        У мяне скралi парасон. Не такая ўжо й вялiкая страта. Але са зьнiкненьнем парасона ўзьнiкла шмат непрыемнасьцяў. Яго зьнесьлi якраз тады, калi iшоў нудны дождж, а прыдбаць парасон у крамах было немагчыма, яго можна было толькi дастаць у перакупшчыкаў за суму, якая наблiжалася да майго месячнага заробку. У мяне зьнiк парасон, i першае, што прыйшло на розум, – я цэлыя чатыры тыднi параваў дарэмна. Толькi ня думайце, што я лайдак i не магу за месяц зарабiць на два парасоны. Магу. Парасон сёньня каштуе тысячу рублёў, маецца на ўвазе добры мужчынскi парасон, да якога й прырабiлi ногi. А ў пераводзе на даляры гэта будзе азначана меншай лiчбаю, прыблiзна трыццаць тры. Я знарок напiсаў трыццаць тры, гэта мой узрост, мне якраз столькi гадоў. Акрамя свайго парасона, я люблю свае кнiгi, свой Менск пад бел-чырвона-белым сьцягам, сваю котку i, самае галоўнае, – люблю сябе. І не зьбiраюся гэтага хаваць: хто ня любiць сябе, той наагул ня здольны нiкога палюбiць. А тут раптоўна па маiм самалюбстве нанесьлi нямоцны, але дакладны ўдар.
        Толькi трэба вярнуцца, i я пачну нявыдуманую крымiнальную гiсторыю безь нябожчыкаў i палiцыянтаў ад самага пачатку.
        Адпачываць люблю або ў чэрвенi, калi курорты не пасьпелi згубiць вясновую чысьцiню i сьвежасьць, або ў верасьнi, калi ўжо няма на пляжах крыклiвых дзяцей ды iх раздражнёных бацькоў. На гэты раз мне дасталася пуцёўка ў Латвiю на чэрвень. Выдатна. Люблю камфорт: гарачы душ, два пакоi, лоджыя, басэйн, корт. І гэта было абяцана, i ўсё я займеў, акрамя сонечнага надвор’я. Але тут вы памыляецеся, як i ўсе чытачы дэтэктываў: мне бяз розьнiцы, якое надвор’е, калi корт i басэйн пад надзейным дахам, а на штодзённы шпацыр можна схадзiць пад надзейным парасонам.
        І вось Латвiя – краiна чужая, паўночная, але ж напоўненая германскай мiстыкай i латгальскай цнатлiвасьцю. Латвiя вельмi алейная й жывапiсная побач з такiмi аскетычнымi суседзямi, як вiтражная даўгатварая Лiтва ды графiчная чорна-блакiтная Эстонiя. Латвiйскую жывапiснасьць я ўбачыў выпадкова: важкiя сасновыя калодкi сьвяцiлiся мядовай чырваньню на смарагдавай, насычанай вiльгацьцю траве. Я не гавару пра Рыгу, горад, дзе сышлiся ў двубоi iмпэрскiя iдэi – расейскi шавiнiзм i германскi мiлiтарызм. Яны сутыкнулiся й высеклi iскру – у мэталёвым абветраным горадзе нарадзiўся мастак, якi займаўся кiнафiкацыяй сусьвету й стварыў мантаж атракцыёнаў. У Рызе нарадзiўся Сяргей Эйзэнштэйн. Рыга не жывапiсная й не алейная, i не латыская, як не германская й не расейскаяѕ Рыга – вольны горад-брама. І мне даспадобы адпачываць пад Рыгаю ў Юрмале. Я – iстота урбанiстычная, бункерская, але ўсё ж патрэбна раз на год пашпацыраваць уздоўж мора й адчуць бязьмежнасьць прасторы, напоўнiцца тым гарызантальным плоскасным спакоем, якi можа даць адно марскi далягляд у штыль.
        У першыя тры днi майго адпачынку iшоў дождж, самы звычайны дробны прахалодны дождж. Я выходзiў два разы на дзень пад шаўкавiста-атрамантавым парасонам на доўгi шпацыр i наведваў усе, што траплялiся на вочы, кавярнi. Кава – маё слабое месца, ахiлесава пята ў маiх гурманiстычных запатрабаваньнях. Я магу есьцi амаль усё, што нi паставяць на стол эўрапейскiя кухары, магу абмежавацца й нават выкрасьлiць на колькi тыдняў са свайго рацыёну алькаголь, але не ўяўляю сябе бяз кубачка моцнай, хай сабе й адносна добрай, кавы. Кавярнi ў Юрмале на кожным кроку, яны розныя, а шукаеш самую лепшую. Я не палiтык, якi зь дзьвюх непрыемнасьцяў выбiрае найменшую, я пазьбягаю непрыемнасьцяў, i калi ў кавярнi патыхае смажаным падгарэлым тлушчам або прадаюць гарэлку замест бальзаму й каньяку, сыходжу адразу, нават не спыняюся каля стойкi. У кавярнi са шматабяцальным назовам «Арабiка» пахла каньяком i каваю, гэта дастатковы мiнiмум, каб скласьцi парасон i паставiць яго ў кут. Памылка. Зразумела, на кожным курорце злодзей сядзiць побач са злодзеем, п’е каву. Калi нехта адпачывае, нехта павiнен працаваць.
        Зрэшты, зладзейства – ня праца й не адпачынак, зладзейства – асалода. Паверце майму нешматлiкаму вопыту. Па сваёй прыродзе я злодзей, самы натуральны, ад нараджэньня. Я злодзей па сваёй сутнасьцi, бо падчас зладзейства атрымлiваю эратычную асалоду. Крадзяжамi я займаўся раней, цяпер не займаюся, знайшоў iншае месца для ўкладаньня сваёй патэнцыi, а ў юнацтве я краў. Мне цяжка, паверце, мне сапраўды сорамна прызнавацца ў дробных, але такiх гiдкiх грахах. Краў я паштоўкi, толькi паштоўкi. Заходзiў у кнiгарнi, наблiжаўся да вiтрыны, выбiраў пачак якасных рэпрадукцыяў iѕ Не ўцякаў, не засоўваў у кiшэнь, не хаваў у папку, а трымаў у руцэ i шукаў вачыма прадаўшчыцу. Позiркi сустракалiся – самы адказны момант. Я адчуваў, як адзначалася розьнiца полаў, натуральным чынам адчуваў кайф i ў дадатак разумеў, што жанчына па другi бок прылаўка таксама перапоўнена эратычным пачуцьцём. Ад яе нават пачынаў сыходзiць вельмi спэцыфiчны, нi з чым не параўнальны, ледзь чутны пах – водар жанчыны. Я ўспрымаў гэты павеў як знак, павольна паварочваўся да ахвяры сьпiнаю й зносiў з крамы неаплачаныя паштоўкi. У адной i той жа краме я нiколi не парушаў спакою двойчы. Мае ўчынкi былi мiстычным актам разбурэньня цнатлiвасьцi, i я адчуваў, што другi раз цуд не адбудзецца, мой мэтад непаўторны, яго нельга множыць. Я зьбiраў паштоўкi з рэпрадукцыямi жывапiсу, з захапленьнем разглядаў маленькiх папяровых Тыцыянаў i Вэрмэраў. І, здавалася, маiм крымiнальным подзьвiгам ня будзе канца, а калекцыя будзе павялiчвацца й пашырацца. Але аднойчы ў Менск прывезьлi зь Нямеччыны палотны старых майстроў. Арыгiналы Батычэлi, Джарджонэ, Вэрмэра разьвесiлi па залях у музэi. І каля невялiкага палатна Джарджонэ «Сон Вэнэры» я зразумеў, што нiколi ў жыцьцi ў мяне ня хопiць таленту ўкрасьцi гэтае палатно, а паштоўкi – пыл, сьмецьце, дрэнь. Больш я нiколi нiчога не зьбiраў. І цяпер люта не люблю ўсiх калекцыянэраў, яны бяздарныя, яны здатныя грэбсьцi толькi пад сябе. А вось пра злодзеяў так не скажу, iх шкадую, бо разумею ўсю сiлу пачуцьцяў, усю iх вастрыню падчас зьдзяйсьненьня амаральных задум. І таму ў сьвеце раскрываецца толькi кожнае чацьвертае злачынства. Сярод злодзеяў больш таленавiтых людзей, чым у клане дэтэктываў. Вельмi сумны факт, калi зiрнуць з боку праваахоўных органаў. І застаецца адно супакоiцца, а лепшае супакаеньне – шпацыр пад парасонам i кава з каньяком.
        Па свой спакой я й зайшоў у «Арабiку» й сеў на высакаватае крэсла за вялiкую стойку. Стойка цёмная дзераўляная й чыстая, яна вялiкiм паўколам займала амаль увесь пакой, сьцены якога былi шчыльна абабiтыя чырвонай тканiнаю. Вузкiя акенцы сьвяцiлiся цёпла-аранжавымi геамэтрычнымi вiтражамi. Бармэн i афiцыянтка рухалiся хуценька, не раўнуючы, як iльвы ў вальеры. За стойкаю, пры сьцяне, узвышалася этажэрка, састаўленая з дыхтоўных арачак, на ёй на круглых сподках залацiлiся ватрушкi. Бутэлькi з каньяком абступiлi споды, як вежы замкавы пляц. Са столi, забранай сьветлым паркалем, зьвiсалi на чорных ланцужках стылiзаваныя пад сэцэсiю сучасныя сакавiта-жоўтыя лiхтары. Карацей, стыль – курортны кiч, i я, каб не псаваць настрою, разгарнуў часопiс. Другая памылка. І нiякiх апраўданьняў. Паставiць парасон, сесьцi да яго сьпiнаю й чытаць часопiс – натуральная правакацыя, сапраўднае спакушэньне. Чалавек бачыць гаспадара, якi заняты чытаньнем сумнеўнага выданьня па псыхалёгii, «Аlter ego», бачыць выдатны парасон, такую патрэбную ў хмурнай Латвii рэч.
        А я пiў каву бяз цукру й чытаў «Сацыяльна-псыхалягiчныя камэнтары да партрэту латыскай сям’i», праглядаў не безь цiкаўнасьцi станоўчыя рысы латыскага характару. Любоў да працы. Настойлiвасьць. Грунтоўнасьць. Сэнтымэнтальнасьць. Не разумею, чаму станоўчыя. Вернасьць лёсу й народу. Зазначаў я й не без задавальненьня (што з сабой зробiш – задавальненьне заўсёды зьяўляецца паперадзе рацыянальнага i разумнага) адмоўныя рысы. Зайздрасьць. Эгаiзм. У складальнiкаў таблiцы выйшла памылка, эгаiзм – станоўчая якасьць. Выхваленьне. Пасiўнасьць. Няўважлiвасьцьѕ Я радаваўся, i не з-за таго, што ў латышоў столькi адмоўных рысаў, а таму, што параўноўваў iх зь беларусамi. Мы ня горшыя, а толькi iншыя. Але радаваўся я дарэмна, бо, перагарнуўшы старонку, зiрнуў у кут i ня ўбачыў любiмага парасона з блiскучай скураной рукаяцьцю, ад якога застаўся адно чахол у маёй кiшэнi.
        Першае, што я зрабiў – кiнуўся на вулiцу. Я стаяў на ганку кавярнi й глядзеў на мiнакоў. Дождж памацнеў. Па абодвух баках праспэкту Дубулты рухалася безьлiч розных парасонаў: стракатых, жаночых, чорных, сiнiх, мужчынскiх, празрыстых, дзiцячыхѕ Майго не было. Стаяць без парасона пад дажджом ня мела сэнсу. Я вярнуўся ў кавярню й сеў на сваё высокае крэсла. Бармэн запытальна паглядзеў на мяне. Я сказаў, што ў мяне скралi парасон. Ён пацiснуў плячыма й прамармытаў нешта накшталт таго, што яму няма калi глядзець за чужымi парасонамi.
        Не люблю такiх бармэнаў – нiзенькi з прылiзанымi валосiкамi й тонкiмi вусамi цырульнiка, якому шанцуе. Такiя мужчыны носяць чаравiкi на высокiх абцасах, робяць манiкюр, пакутуюць на комплекс Напалеона й iмкнуцца спадабацца ўсiм асобам жаночага полу. У свае вольныя днi яны сядзяць у рэстаранах, прагульваюць не зусiм сумленна заробленыя грошы й перажываюць, што ня сталi вялiкiмi людзьмi. Яны нiколi не адмовяцца ад хабару й ад магчымасьцi незаўважна ўзяць чужое. Такiя бармэны не даважваюць, не дадаюць роўна столькi, каб чужы не заўважыў, а свой не пакрыўдзiўся. Такiх тыпаў поўна на курортах, у рэстаранах, барах, кавярнях, басэйнах i цырульнях. Бармэн з «Арабiкi» наагул ня выклiкаў бы ў мяне цiкавасьцi, каб не зьнiкненьне парасона. Я нават мог бы зазначыць, што бармэны-мужчыны ў шмат разоў лепшыя, чым жанчыны. Ён спрытнейшы, робiць усё больш артыстычна, нават таленавiта, але й крадзе незаўважна. І калi ён занёс парасон у падсобнае памяшканьне, дык забраць будзе вельмi цяжка.
        Зьнесьцi маю рэч у падсобку магла й афiцыянтка – плюгкая кабета з пляскатым тварам, на якiм бялеў плястыравы крыжык. Цi то нехта ўдарыў пад вока, цi то ўскочыў якi струп, i яго схавалi пад плястыр? Такiх жанчын звычайна называюць не па iмю й не па прозьвiшчы, а па бацьку – Іванаўна, Пятроўна, Сiдараўнаѕ У яе славянскiм паходжаньнi сумневаў не было. Шырокi твар з носам-бульбiнаю, маруднасьць у рухах, адсутнасьць ветлiвасьцi й глыбока-глыбока схаваная душа бутлегера. У такiх цётак п’яныя мужчыны пытаюцца пра гарэлку ды вiно, i ў iх амаль заўсёды знаходзiцца апошняя пляшка за падвойны кошт. Калi для прафэсii бутлегера адшукаць самую адпаведную нацыянальнасьць, дык, напэўна ж, гэта будзе расеец. І мяне заўсёды дзiвiла, што ў амэрыканскiх фiльмах пра часы вялiкага эканамiчнага крызысу трыццатых гадоў усе бутлегеры былi падобныя да расейцаў ня вопраткаю й нават ня тварамi, а бясконцым жаданьнем выпiць самому ды напаiць усiх астатнiх. Калi кошт майго парасона з канвэртаванай валюты перавесьцi ў саракаградусную вадкасьць, атрымаецца лiтар, а то й паўтара. Так што афiцыянтка магла зрабiць рызыкоўны крок.
        І калi я задаў сабе звычайнае ў такiх умовах пытаньне – хто ўкраў? – дык адразу й зразумеў, што кожны, хто сядзеў са мной за стойкай i пiў каву, мог бы гэта зрабiць. Так заўсёды, зробiць адзiн, а падазраеш многiх.
        Мне дапамог часопiс «Alter ego»: калi я праглядаў таблiцы з рысамi латыскага характару, дык раз-пораз паглядаў на прысутных i спрабаваў разгледзець гэтыя рысы на iхных тварах.
        Праваруч ад мяне, у слаба асьветленым кутку, сядзела пара латыскiх гiпi ў зношаных джынсовых марынарках, паабчапляных самымi неверагоднымi значкамi ад вялiкiх плястмасавых пацыфiкаў да рабiнавых партрэцiкаў Ленiна й алюмiневых зорачак. У прыхiльнiкаў вольнай любовi былi доўгiя й бляклыя твары, падобныя да кветак, што вырасьлi ў ценю саборнай вежы. Іх вочы былi шырока расплюшчаныя й мелi вельмi слабую рэакцыю на праявы навакольнага сьвету. Я мог бы паспрачацца, што не прайшло й гадзiны, як гэтая парачка выпалiла апошнюю папяросу з марыхуанай. Гiпi мелi вельмi iнтэрнацыянальны выгляд са сваiмi доўгiмi валасамi, перахопленымi на патылiцах скуранымi раменьчыкамi, замаўлялi каву яны па-латыску. Як сыйшлi гiпi, я ня бачыў, таму выключыць iх са сьпiсу падазроных ня мог.
        Поруч з гiпi займалi стойку два старыя латышы. Яны пiлi толькi каньяк i, пэўна, успамiналi сваё марское мiнулае, бо адзiн зь iх меў вялiкiя бакенбарды, а ў другога на левай руцэ сiнеў вытатуяваны якар. Са станоўчых рыс, што падавалiся ў псыхалягiчным часопiсе, iм больш за ўсё адпавядала трываласьць. Але й iх можна было западозрыць. Адкуль у сучасных пэнсiянэраў грошы на каньяк, калi паўсюль толькi й гавораць, што ўсе старыя людзi пасьля павелiчэньня цэн апынулiся за рысаю беднасьцi?
        Памiж мной i пэнсiянэрамi сядзела пяцiдзесяцiгадовая дробненькая жанчынка ў таннай паркалёвай сукенцы. Ёсьць такi тыпаж латыскiх жанчын, якiх я называю «Агаты». Вонкава яны нагадваюць эмансыпаваных прыхiльнiц ханжаскiх ангельскiх нораваў вiктарыянскай эпохi, вядомых сярод стваральнiкаў выдуманых прыватных дэтэктываў. Але зазвычай латыскiя Агаты працуюць у гатэлях прыбiральшчыцамi цi пакаёўкамi, зьбiраюць i здаюць парожнiя пляшкi, што застаюцца ў нумарах пасьля адпачыньнiкаў. А на заробленыя грошы дазваляюць сабе трыццаць грамаў каньяку, пiрожнае й падвойную каву бяз цукру. Такiя клянуць маральную дэградацыю моладзi й сэксуальную распуснасьць, а калi нiхто ня бачыць, яны засоўваюць ва ўласную валiзку забытую адпачыньнiкам кашулю. Мой чорны, у сваiм аскетызьме нечым ангельскi, парасон мог спадабацца такой Агаце.
        Леваруч ад мяне маладая цяжарная жанчына кармiла марозiвам белатварага хлопчыка. Ён еў марудна, i жанчына, было чуваць з iнтанацыi, прысьпешвала дзiця. У старым мэдычным часопiсе я аднойчы прачытаў вялiкi артыкул пра клептаманiю, цэлы разьдзел там прысьвячаўся цяжарным жанчынам. Дасьледчык пераканаўча й са шматлiкiмi прыкладамi даводзiў, што многiя жанчыны падчас цяжарнасьцi дазваляюць сабе браць чужое. Цяжарныя жанчыны параўноўвалiся з птушкамi, якiя будуюць гняздо. Атрымлiвалася, што й безабаронная мацi з хлопчыкам, хай i несьвядома, але ж магла зьнесьцi з кавярнi парасон.
        За цяжарнай жанчынаю смакавалi марозiва дзьве пастэльныя дзяўчыны. У асяродзьдзi латыскiх школьнiц старэйшых клясаў вельмi распаўсюджаны такi тыпаж. Яны апранаюцца ў шырокiя спаднiцы й сукенкi далiкатных пастэльных колераў: папярова-ружовы, сьветла-бэзавы, лёгка-салатны, пяшчотна-жоўты. Яны робяць ледзь заўважны макiяж, а завушнiцы й бранзалеты носяць пераважна лёгкiя й мацiцовыя. Такiя дзяўчыны да шаленства любяць усё мучное, салодкае, крэмавае, яечнае. І могуць зьядаць неверагодную колькасьць печыва, марозiва, чакалядак i цукерак. Яны ведаюць усе бары й кавярнi, усе кулiнарыi й гастраномы, усе назовы тартоў, булачак, ватрушак i пернiкаў. У такiх пастэльных дзяўчат шырокiя, як у замужнiх кабет, сьпiны й выразна азначана другое падбародзьдзе. Іх сьветлыя паўночныя вочкi затуманены гурманным кайфам, а цэнтар нэрвовай дзейнасьцi ў iх знаходзiцца крыху вышэй глыбокага пупка, у нетрах натамлёнага страўнiка. Мой парасон яўна не пасаваў бы да строяў такiх дзяўчынак, але нават на адну порцыю марозiва патрэбныя грошы.
        Каля кававаркi задуменна глядзеў у столь малады чалавек у акулярах з тоўстымi шкельцамi. Задуменнасьць такога кшталту зьяўляецца на тварах студэнтаў, якiя пасьля выцягваньня экзамэнацыйнага бiлета зразумелi, што ня ведаюць адказаў нi на адно з трох пытаньняў. Гэтыя студэнты вучацца ў вышэйшых установах па восем-дзесяць гадоў, замест патрэбных пяцi. Яны любяць разважаць на модныя тэмы, ня ведаючы прадмету. Але яны маюць такi прыстойны, я б сказаў, самы iдэальны студэнцкi выгляд, што адмiнiстрацыя не наважваецца iх выключыць без правоў на аднаўленьне. І студэнт-другагоднiк ходзiць бясконца ў акадэмiчныя адпачынкi, пераздае па шэсьць разоў iспыты, пакуль канчаткова не абрыдне выкладчыкам i тыя не напiшуць у залiкоўцы «здавальняюча». А ў вольны ад вучобы час такi студэнт любiць наведаць курорт. Фiнансы ў студэнта абмежаваныя, i нiчога дзiўнага, што час ад часу яго бачаць за дробным крадзяжом.
        Крадзёж парасона – безумоўна, дробная, але крымiнальная справа.
        Вось я й абмаляваў дванаццаць падазроных асобаў, якiя сыйшлi з кавярнi й маглi забраць мой парасон. Прабачце, адна зь якiх магла забраць мой парасон.
        Усе назiраньнi й высновы, падазрэньнi й меркаваньнi я перабраў вельмi хутка. Значна хутчэй, чым вы прачыталi, а тым больш – хутчэй, чымсьцi я цяпер запiсаў. Я не стэнограф i аддаю перавагу звычайнай чарнiльнай асадцы й лiнаванай паперы, але тады была iншая сытуацыя.
        Заставацца ў кавярнi ня мела сэнсу. Калi бармэн або афiцыянтка i скралi парасон, дык вынесуць яго толькi пасьля працы. І я вырашыў: абавязкова падыйсьцi й падпiльнаваць, як яны выйдуць увечары са сваёй «Арабiкi». З гэтай думкаю i выйшаў на дождж. Шпаркай хадою я накiраваўся на чыгуначную станцыю «Дубулты». А раптам хто з наведнiкаў сеў чакаць электрычку й на хвiлiнку забыўся, што трымае ў руцэ крадзеную рэч? І я ўзрадаваўся, калi пабачыў сутулыя сьпiны латыскiх гiпi, што абняўшыся сядзелi на лаўцы пад станцыйным навесам. Крадком я абышоў станцыю й расчараваўся – парасона ў гiпi не было. Хлопец зь дзяўчынаю самааддана цалавалiся. На ўсялякi выпадак зайшоў у станцыйны будынак, дзе каля акенца касы адлiчвала грошы за квiткi цяжарная жанчына, яе хлопчык стаяў побач. Парасона не было. І чым больш я ўсьведамляў незваротнасьць страты, тым больш хацелася знайсьцi й вярнуць парасон. Дождж пачаў ацiхаць, i я накiраваўся да кнiгарнi. Я iшоў пад iмжычкаю й зайздросьцiў усiм, хто меў хоць нейкi парасон. Мой швэдар набрыняў, нагавiцы пацямнелi, валасы налiплi на лоб.
        Зазiрнуў я i ў хлебную краму, дзе пабачыў тых самых пастэльных дзяўчынак, яны куплялi вялiкiя пернiкi ў выглядзе котак i сабачак. Дзяўчынкi ў сьветлых сукенках, самi таго ня ведаючы, пакiнулi кола падазроных.
        Каля прамтаварнай яткi я ўбачыў сiвую латышку, якую завочна ахрысьцiў Агатаю. Яна пiльна разглядала вiтрыну з пральнымi сродкамi. Мыла было складзена ў акуратную пiрамiдку, на якой стаяла акуратная шыльдачка «Падчас пакупак, калi ласка, паказвайце вiзытоўку». Яшчэ абдумваўся малапрыемны факт, што безь вiзытоўкi не змагу набыць нават брусок мыла, каб мець чыстыя рукi за сталом, як убачыў свой парасон.
        Я пазнаў бы яго сярод тысячы чорных парасонаў, бо зрабiў метку – наматаў белы матузок на адну са сьпiцаў, а тут ён велiчна ўзвышаўся над жаночымi стракатымi мацерчатымi грыбамi, якiя й парасонамi назваць цяжка, не пакрыўдзiўшы гонар майго абаронцы ад дажджу. Пад парасонам iшоў, пакульгваючы, той, на каго я менш за ўсё нагаворваў, калi даваў характарыстыкi. Скураное дзяржальна сьцiскала рука з вытатуяваным якарам. Пэнсiянэр не сьпяшаўся, i хворая нага не замiнала ўцёкам, ён быў упэўнены ў сабе. І я разгубiўся.
        Пасярод вулiцы адзiн чалавек падыходзiць да другога й пачынае вырываць з рук парасон? А калi злодзей скажа, што гэта ягоны парасон, а мяне ён i ведаць ня ведае? А мае тлумачэньнi пра белы матузок проста сьмеху вартыя.
        Я крочыў па калюгах пад дажджом за кульгавым злодзеем, а ён спакойна, ва ўсялякiм разе, з выгляду, iшоў пад маiм парасонам. Ён спынiўся каля кавярнi «Сарма», склаў парасон i наважыўся пераступiць парог. І ў гэтае iмгненьне я кiнуўся да яго. Усё атрымалася само па сабе, я ня думаў, што й як зраблю. Выхапiў зь ягоных татуяваных рук свой парасон, а ў расчырванелы ад каньяку твар вельмi выразна, вылучаючы кожнае слова асобна й расстаўляючы дакладныя нацiскi, прагаварыў:
        – Ты выпадкова ўзяў мой парасон!!!
        Злодзей яўна не чакаў такога напорыстага нахабства з боку ахвяры, але праз iмгненьне ўся вулiца напоўнiлася ягонай лаянкаю. Вакол нас iмгненна сабраўся натоўп. Злодзей размахваў кавенькаю й крычаў, што нiбыта я ў яго адабраў парасон, што я – бандыт, руская сьвiньня, акупант, што такiх трэба гнаць з Латвii, што ў незалежнай Латыскай Рэспублiцы не было злодзеяўѕ
        КАНФЛIКТ НАБЫВАЎ ВЕЛЬМI НЕБЯСЬПЕЧНЫ ДЛЯ МЯНЕ ХАРАКТАР, ДАСТАТКОВА МНЕ БЫЛО ЎБАЧЫЦЬ АГРЭСIЎНЫЯ, НАПОЎНЕНЫЯ ЗЛОСЬЦЮ ВОЧЫ МАЛАДОГА РУДАВУСАГА ЛАТЫША, КАБ ЗРАЗУМЕЦЬ, ШТО ВЫБРАЦЦА З ГЭТАЙ ВОСТРАЙ СЫТУАЦЫI БУДЗЕ ЦЯЖКА. І КАЛI МАЯ ЎПЭЎНЕНАСЬЦЬ У ТЫМ, ШТО Я З ГОНАРАМ ВЫЙДУ З КАНФЛIКТУ, ПАЧАЛА РАСТАВАЦЬ, ЯК КАВАЛАК МАСЛА НА ГАРАЧАЙ ПАНIВЕ, ЗГАДАЎСЯ ПАРАСОННЫ ЧАХОЛ. ЧОРНЫ, ШАЛЁСТКI, ЁН ЛЯЖАЎ У КIШЭНI. ПАД ВАРОЖЫМI ПОЗIРКАМI Я ВЫЦЯГНУЎ ЧАХОЛ I ЎЗЬНЯЎ ЯГО, НЕ РАЎНУЮЧЫ ЯК НЕЗАЛЕЖНIЦКI БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ БЕЛАРУСI.
        Злодзей змоўк, разгубiўся, а я раскрыў вялiкi, але зручны й лёгкi, свой дарагi й любiмы парасон дый рушыў прэч.
        Ва ўсёй дэтэктыўнай гiсторыi мяне, шчыра кажучы, абурае толькi адна акалiчнасьць. Няўжо людзi не адчуваюць, ня бачаць, не разумеюць таго, што ў мяне нельга красьцi рэчы? Калi ты зьбiраешся ўзяць чужое, трэба ведаць свае магчымасьцi, разумець: якая справа атрымаецца, а якая – не. Вось я, напрыклад, ня стаў выносiць з музэю карцiну мастака эпохi Адраджэньня Джарджонэ «Сон Вэнэры».

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.