РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ёсьць кнігі, прачытаныя ў маленстве
        У кожнае кнiгарнi свой непаўторны дух, свае адмысловыя правiлы, свае таямнiцы, ня кажучы пра гандлярак, касiраў, вiтрыны, залi, столь i падлогу. Па менскiх кнiгарнях я вандрую больш за дваццаць пяць гадоў i не магу наталiць цiкаўнасьцi да розных выданьняў, да кнiжак, альбомаў, часопiсаў i каталёгаў. Пэўна, я – бiблiяман. І часовыя перапынкi ў маiх паходах па букiнiстах – здараецца, месяцамi не наведваюся ў кнiгарнi i не купляю i нават не чытаю нiчога – толькi запэўнiваюць у невылечнасьцi, хай сабе i ня самай жахлiвай, але ж манii. Нават карцiны i малюнкi я не люблю так, як кнiжкi, а здаецца, павiнна было быць наадварот, бо колькi сябе памятаю – маляваў з радасьцю, а пiсаць не любiў. Усе пiсьмовыя заданьнi ў школе выконваў празь сiлу, а ў пачатковых клясах плакаў над сшыткамi, бо рука, замест рысак, кружочкаў, лiтараў, выводзiла дрыжачыя крэмзалi. І зь дзiвам глядзеў я на бацькаў збор аўтаручак, пёраў, бутэлечак з атрамантам. Бацька – пiсьменьнiк. У яго буйны добры почырк, ён гадзiнамi пiша за сталом, ён можа пiсаць паўсюль: у лесе, у полi, каля рэчкi, у дзедавай вясковай хаце з глiняным токам замест падлогi. Пiсаць як бацька я так i не навучыўся. Малюю лiтары, а не пiшу. А ўласна малюнкi мяне раздражняюць, нават свае, зробленыя толькi што. Якая абмежаванасьць – гадзiну маляваць тое, пра што можна напiсаць за хвiлiну. Але гэта – рацыянальная выснова, а рука ўсё ж малюе. Душа ня любiць загадаў, асаблiва прагматычных, яе стыхiя – жывапiс i музыка. І, можа, таму я кiнуў заняткi мастацтвам i займаюся лiтаратураю. Пэўна, таму вандрую па менскiх кнiгарнях, букiнiстах i не магу абмiнуць нiводнага кiёска, дзе за шклом сьвецяцца кнiгi. Калi i як пачалося? Цяжка вызначыць, бо мама – бiблiятэкарка, а бацька – лiтаратар. Выходзiць, што яшчэ да нараджэньня я быў сярод кнiжак. На першых дзiцячых фотакартках маё крэсла зь дзiркаю пад гаршчок стаiць каля этажэркi з бацькавай бiблiятэкаю. І на крэньчыках можна разабраць прозьвiшчы беларускiх клясыкаў: Чорны, Чарот, Багдановiч, Купала. Сярод iх – стракаты двухтомнiк Пятра Глебкi, адзнака часу, 60 ты год. Тады й пачалiся кнiжныя вандроўкi. Бацька заходзiў у кнiгарнi i выбiраў, разглядаў, гартаў розныя томiкi, а я назiраў за iм, капрызiўся. У дзяцiнстве быў румзаю, мог заплакаць на ўсю кнiгарню, як зрабiў у Маскоўскiм букiнiсьце, што i цяпер стаiць на горцы, за цёмным помнiкам друкару Івану Фёдараву. Бацька так доўга ня мог наважыцца заплацiць за першае выданьне рамана Івана Бунiна «Вёска», што я сапрэў у зiмовым палiтончыку i зарумзаў. Бацька ўсё ж прыдбаў свайго ўлюбёнага Бунiна, i мы выйшлi на вясновае паветра i накiравалiся ў «Дзiцячы сьвет», дзе набылi мне значок – герб гораду Масква. А ў 68 годзе мама зрабiла мне агаламшальны падарунак, зь яе зарплатаю ў 120 рублёў, быў куплены сапраўдны фалiянт, альбом «Пётр Канчалоўскi», з паўаголеным смуглявым падлогацёрам на супэрвокладцы. Альбом каштаваў ажно 8 рублёў. А прадавала яго старэнькая гандлярка. Яе стол з кнiгамi стаяў чамусьцi ў гастраноме. Фалiянт яна абгарнула ў танюткi цэляфан, у якi звычайна загортваюць гвазьдзiкi i цюльпаны. Стол стаяў насупраць мяснога аддзела, i чаму мама замест мяса набыла альбом Канчалоўскага? І цяпер – загадка. Вось якi падарунак я атрымаў на сваё дзесяцiгодзьдзе. Выдатны, дарэчы, бо i цяпер люблю расейскi кубiзм – Лянтулава, Машкова, Ларывонава i ўвесь «Бубновы валет», i Пятра Канчалоўскага з клясычным нацюрмортам «Сухiя фарбы». А бацька любiць Івана Бунiна i Вiнцэнта Ван Гога. Адна з бацькавых аўтабiяграфiяў так i пачынаецца: «Каб я меў шчыры талент Ван Гога, я б намаляваў сваю вёскуѕ» Да альбома расейскага кубiста ў нашай сям’i была толькi адна кнiга па мастацтву: Ван Гог «Лiсты». А трапiла яна да нас вось як.
        Мацi i тата дамовiлiся зрабiць бацькавай маме, бабе Бронi, падарунак – сандалi. Тата ўзяў 5 рублёў на самыя просьценькiя сандалi, у якiх хадзiлi тады ледзь ня ўсе дзецi дый вясковыя кабеты. Замест падарунку бацька прынёс лiсты Ван Гога з каляровымi рэпрадукцыямi. Бацька перажываў, казаў, што сам не разумее, як так магло здарыцца. А я быў настолькi ўражаны карцiнамi, што дагэтуль толькi пералiк вангогаўскiх палотнаў выклiкае захапленьне. Крэсла Ван Гога. Рэстаран «Сiрэна». Едакi бульбы – самая беларуская карцiна ва ўсiм сьвеце. Ткач – у бабы Бронi былi амаль такiя ж кросны. Тата Тангi. 14 лiпеня ў Парыжы. Зграя варон па-над хлебным полем – калi перачытваю адну зь лепшых бацькавых навэл «Кароль Нябожа», згадваецца гэтае драматычнае палатно. Краявiд у Авэры пасьля дажджу – рыхтык мястэчка Койданава. Вясновы сад. Куст – пад такiмi вось кустамi бэзу грабуць пясок беларускiя куры. Нацюрморт з цыбуляю – яго спрабаваў скапiяваць. Вельмi ўжо спадабаўся ружовы томiк з надпiсам DE LA SANTE. Але з капiяваньня выйшлi адны непрыемнасьцi. Ня ведаю як, толькi кнiжка Ван Гога ўпэцкалася ў тлусты бурачковы краплак. Плямiна была на форзацы. Бацька ўбачыў, сварыўся. Казаць яму, што ня я зрабiў, – марная справа. Цяпер кнiга ў мяне. Часам перачытваю, гартаю, згадваюѕ А краплакавую плямiну я палюбiў. Яна ў самым цэнтры форзаца, на згiне, там, дзе пад паперу падклейваюць марлю, за 27 гадоў фактура марлi праступiла праз форзацную паперу i плямiна набыла выгляд жывапiсу. Вядома, што не вангогаўскага. Лесьвiца ў Авэры. Чырвоны вiнаграднiк у Арлi. Партрэт старэйшага наглядчыка лякарнi ў Сан-Рэмi. Дарога з кiпарысамiѕ І так да канца, а потым спачатку.
        Дарога з кiпарысамi ў горадзе Сочы, на Чорным моры. Менавiта там я прачытаў першую важкую кнiгу ад пачатку i да канца. Гэта быў травень 69 га. Чытаў на пляжы, у парку, пад кiпарысамi, пад платанамiѕ Сьвет амэрыканскiх iндзейцаў. Змаганьне за незалежнасьць. Майн Рыд. Прачытаўшы кнiгу, я завёў сшытак, куды пачаў запiсваць усё прачытанае. Той сшытак згубiўся, а вось другi застаўся. У iм я распачаў першае апавяданьне. А пачыналася яно з малюнка: прэрыя, кактусы, на даляглядзе – коньнiкi. Пачынаў, як i Майн Рыд, з апiсаньня прэрыi. Нiчога добрага не атрымлiвалася. Цiкава адно тое, што разумеў: ня здатны я апiсаць прэрыю. А ўсё астатняе, мне здавалася, ня вартае апiсаньня. Нашто пiсаць тое, чаго не чытаюць? «Тата, чаму ты ня пiшаш пра прыгоды?» Бацька сьмяяўся, казаў: «Вырасьцеш i сам напiшаш». А празаiк Іван Пташнiкаў, перастрэўшы ў пад’езьдзе, пытаўся: «Валодзя, якiх ты ведаеш пiсьменьнiкаў?» Я гаварыў навучанае бацькам: «Вас». Ён радаваўся i пытаў: «А яшчэ?» – «Тату i дзядзьку Караткевiча». Пташнiкаў рабiў сур’ёзны твар, якi робiць цяпер у рэдакцыi, калi разважае пра мае сумнаватыя навэлы: «А Стральцова Мiшу ведаеш?» – «Ведаю». – «Малайчына, бяжы». Я бег паўз Стральцоўскую, поўную дзяўчат, кватэру на двор, дзе гулялi ў iндзейцаў Дзеружынскi, Махнач, Яўменаў, Алешка i Бабачкiн. Раману пра iндзейцаў я так i не напiсаў. І проста раману ня склаў.
        Я амаль i не чытаю раманаў. Для мяне само слова «раман» мае пэўнае матэрыяльнае ўвасабленьне. На гарышчы дзедавай хаты побач з кроснамi стаяў куфар з кнiгамi. Там сабралiся школьныя падручнiкi, па якiх вучылiся i мой тата, i два ягоныя браты. Альгебры, фiзыкi, геамэтрыi са скарабачанымi хвалiстымi старонкамi. Сярод падручнiкаў я знайшоў раман Аляксандра Дзюма «Праз дваццаць гадоў». Кнiгу ў 53 м годзе падаравалi бацькаваму брату, дзядзьку Саву, за перамогу ў спаборнiцтвах па валейболу. На шмуцтытуле сiнеў надпiс i чарнела круглая пячатка Вiцебскага пэдагагiчнага iнстытуту. Я праглынуў кнiгу за тыдзень. Палацы, мушкецёры, Мазарынi i ўсё астатняе, такое ўсiм вядомае, зрэшты, ня ўсiм. Мой дзед Валодзя чытаў вельмi марудна i толькi па-беларуску, i толькi «рускiмi» лiтарамi. У свае семдзесят, адпрацаваўшы жыцьцё грузчыкам, ён пайшоў вартаўнiком iѕ стаў чытаць. А чытаў ён выключна падручнiкi за першыя клясы. А вось баба Броня чытала толькi «лацiнскiмi» лiтарамi i толькi каталiцкiя малiтоўнiкi. Малiтоўнiкi цяпер у бацькi, а дзедавы падручнiкi, пэўна ж, на гарышчы пустой нiчыйнай хаты. Недзе там, каля кроснаў, у куфры i важкi том Дзюма, якi мне згадваецца пры слове «раман». Як пры слове «Дзюма» я згадваю нябожчыка паэта Яўгена Крупеньку, якi ўпарта казаў – Дзю@ма. І колькi нi папраўлялi, нi тлумачылi, нi насьмiхалiся, Крупенька ўсё адно казаў: «Дзю@ма!» Зямля iм пухам.
        Пасьля трыццацi я пачаў перачытваць кнiгi, што меў у маленстве. Мяне ўжо менш i менш цiкавiць iх зьмест. Я адшукваю мiж старонак страчаны час, шукаю зазоры, празь якiя можна вярнуцца ў маленства.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.