РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аўтапартрэт з разьбітым носам
        Люблю стрыгчыся нагала. Каб нi валасiнкi не заставалася. Каб прыгожыя акуратныя вушы паўставалi ва ўсёй далiкатнай вытанчанасьцi.
        І хай шаноўныя сябры й сяброўкi не выказваюць захапленьня арыйскiм чэрапам, я, нiкога ня слухаючы, час ад часу буду стрыгчыся пад самы нуль. І не таму, што баюся аблысець цi з-за кепскiх рэдзенькiх валасоў. Не. У мяне выдатны, густы, сьветлы чуб. Валасы крышку падвiваюцца i, калi адпусьцiць па плечы, дык вакол твара будуць пакалыхвацца дзюрэраўскiя хвалiстыя кудзеры.
        Так звычайна пачынаюць маляваць фотаробат злачынцы. Спачатку валасы, потым абрыс твару, у iм акрэсьлiваюць вусны й нос, а заканчваюць вачыма дый асаблiвымi прыкметамi.
        У мяне ёсьць адметнасьць: невялiчкая, бляклая татуiроўка. Яна хаваецца ў майтках. Пад маiм пупком вырасла ружа, зусiм маленечкая сiняя кветка. Вельмi яе люблю. Сур’ёзна. Хто ня ведае, дык ня ўявiць, як балюча рабiць наколку на чульлiвым месцы. На плечуку можна спакойна выбiць сто розных плеўчатакрылых драконаў. А на самым нiзе жывата пакуль зробiш абрыс кволенькай кветачкi, ледзь не сканаеш. Боль пякельны.
        Калi на тым сьвеце чэрцi дазволяць мне працаваць у пекле, усiм грэшнiкам параблю наколкi на эрагенных зонах. Яны пакайфуюць, яны пасiнеюць ад радасьцi. Зраблю начальнiцкi твар i скажу: «Гэта вам, гады печаныя, за грахi гнюсныя, недаравальныя й сьмяротныя!»
        У мяне вельмi сур’ёзны абрыс твару, зь цяжкой нiжняй скiвiцаю. Валявы, мужны лiк з нармальна пакрыўленым носам, якi паправiлi ў бойцы. І не на спартовай пляцоўцы ў рэглямэнтаваным двубоi, а ў вулiчнай сутычцы, калi двое двуногiх ня могуць мiрна гаманiць. На цьвярозую галаву выдатна разумею, што ня трэба зьневажаць, абражаць i крыўдзiць чалавека, таго самага двуногага бязь пёраў, з пляскатымi пазногцямi. А таксама ня варта абражацца й крыўдзiцца самому. Ну каму трэба свая, а тым больш чужая крыўда зь бядотамi? Ясьней яснага – нiкому.
        Толькi розум не заўсёды бывае ў разважлiвым i памяркоўным стане, асаблiва калi ў страўнiк залiлося трыста грамаў гарэлкi. Тады, пад узьдзеяньнем вiннага духу, у маiм дасканалым чэрапе адбываюцца неверагодныя рэчы. У адно iмгненьне з добрага, сьцiплага, разумнага ператвараюся, пераўвасоблiваюся ў жорсткага, злоснага, разьюшанага бандзюгу. З разяўленага рота лiецца лаянка, сыплецца брэх, вылятаюць праклёны, а кулакi крышаць усялякiя перашкоды. Чорт ведае што творыцца. Жах!
        А нос ламаўся так... Спачатку я цiхенька выпiў у кавярнi «Брыганцiна», i не за столiкам, а стоячы ў бары. Прыняў няшмат, грамаў сто. Пiў з Уладзiмерам, былым аднакурсьнiкам па мастацкiм iнстытуце.
        У горадзе панаваў добры настрой – сонца красавiцкае прыгрэла, зiма скончылася й сышла. Можна не зашпiляць палiто, хадзiць расхрыстаным i прыставаць да дзяўчатак. Пад такi настрой першыя сто грамаў заходзяць лёгка, як шып пад скуру. І ня думаеш, што стрэмку давядзецца выкалупваць, разьдзiраючы ранку iголкаю ды пiнцэтам.
        Мы выйшлi зь цемнаватай, прапахлай рыбнымi стравамi «Брыганцiны» й крочылi ў бок пляцу Перамогi i адзiн адному расказвалi пра ўласную мастакоўскую генiяльнасьць.
        Вельмi дарэчы нам трапiўся каля кавярнi «Бярозка» яшчэ адзiн генiй канцэптуальнага жывапiсу – Ігар. У краме закупiлася таннае вiно й сыр з хлебам. У Ігаравай майстэрнi вiно выпiлася, а сыр разам з хлебам зьеўся дарэшты.
        Мы паразглядалi Ігаравы палотны. Мы паразважалi пра нетры лiрычнага абстракцыянiзму й ягоную неацэнную ролю ў маскавальнай афарбоўцы вайсковай тэхнiкi. Мы паўзгадвалi вясёлыя часы мастацкага iнстытуту. Мы ап’янелi i, пахiстваючыся, выйшлi на двор.
        Я з Уладзiмерам пайшоў у адзiн бок. Сьветлабароды Ігар накiраваўся ў другi. Ігара, ён прызнаўся, чакала нявеста з ласкавым прозьвiшчам Бажок. Ігара, ён сказаў, чакала жанчына. А мяне з Уладзiмерам падпiльноўвала зусiм iншая сустрэча.
        Мы кiравалiся на тралейбусны прыпынак, а на шляху, каля таксафоннай кабiнкi, таўклiся хлопцы – два большыя й меншы. Вялiкiя навiсалi над малым, так перуновыя хмары навiсаюць над лясным спакойным азярцом. «Бiць будуць!» – сказаў я Ўладзiмеру, i той пагадзiўся.
        У п’янога мужчыны сьмеласьцi поўныя кiшэнi. І я ў шэрым расшпiленым палiтоне падляцеў да агрэсiўных асiлкаў i нагадаў, што крыўдзiць меншых, слабейшых, адзiнокiх – малапачэсны й зусiм ня рыцарскi занятак. Большыя пагадзiлiся й прапанавалi забраць на доўгую памяць меншага. Яны сыйшлi, пасьмяяўшыся на разьвiтаньне i прадэманстраваўшы ў знак прымiрэньня выдатныя, буйныя, чыстыя зубы.
        Мы ўтрох засталiся стаяць. І тут выратаваны чалавек дастаў з кiшэнi правую руку. На ёй зьзяў выдатны сталёвы кастэт з чатырохкантовымi шыпамi. «Дарма ўлезьлi, я б iм зараз морды паразрываў. Паглядзi, якая цацка! Адзiн раз шваркнеш, i на ўсё жыцьцё памятка будзе! А вы ня ў час прысунулiся». Мярзотны тварык зморшчыўся, хлопец чыхнуў.
        Я з Уладзiмерам перамiргнуўся – пара сыходзiць. Вельмi разумная была думка – пацiху дыстанцыявацца ад уладальнiка халоднай зброi. Толькi сыйсьцi не пасьпелi, хлопец учапiўся ў маё рукаво й горача зашаптаў пра ўласную злосную жонку, у якой ёсьць прыхаваная пляшка гарэлкi. Хлопец паабяцаў, што калi зойдзем да яго ў госьцi, гарэлка абавязкова выставiцца са схованкi на пачастунак.
        Жыў ён тут жа ж, на пляцы Перамогi, у доме з хлебнай крамаю. Мы ўзьнялiся на трэцi паверх. Хлопец пазванiў. За дзьвярыма пачулася асьцярожнае шапаценьне. Нехта зiрнуў у вочка i зацiх. Хлопец званiў яшчэ разы са тры. Пакуль за дзьвярыма ня ўсчалася лаянка, якую сыпала й сыпала нябачная гiстэрычка. Яна прапаноўвала як мага хутчэй сыйсьцi ад кватэры, iнакш выклiчацца мiлiцыя, i нам гарантавана затрыманьне i пятнаццаць сутак зьняволеньня. На яе лаянку хлопец адказаў такiм жа ж разьюшаным брэхам. Яны лямантавалi на ўвесь пад’езд, на ўвесь дом, на ўвесь пляц Перамогi над фашызмам. У мяне не ўзьнiкала й ценю сумненьня, што сварацца блiзкiя людзi. Родная кроў ёсьць родная кроў. Яна праявiцца, як нi хавайся за дзьвярыма.
        Раптам брахуны сьцiхлi. І я так зьдзiвiўся цiшынi, што ня думаючы спытаўся: «Што ты за чалавек, калi цябе не пускаюць ва ўласную кватэру?» «Паўтары!» – запатрабаваў крыкун з кастэтам. А мне было пляваць на зброю, на ганарыстасьць i на гiстэрычку за дзьвярыма, таму пытаньне паўтарылася. У п’янога мужчыны сьмеласьцi поўныя закарвашы. Хлопец спакойненька прапанаваў пабiцца ў двары. Яму было наканавана пабiцца. І я дарма адстойваў маральнасьць каля аблушчаных таксафонаў. Каб ведаў, дзе ўпадзеш, дык падсьцялiў бы паралёну. А так – давялося выходзiць у начны двор i змагацца.
        Уладзiмер спрабаваў нас мiрыць. Ён станавiўся памiж намi, але своечасова зразумеў: двое дурняў перамогуць аднаго разумнага. Уладзiмер адыйшоў у цемру й закурыў.
        Няпушчаны дамоў паскуднiк прапанаваў ударыць яго па мордзе. Я ня з тых, каго падоўгу ўгаворваюць. Я шаснуў правай пад левае вока. Ён упаў. Ускочыў. Выхапiў кастэт. І пайшоў на мяне, нiбыта ня ведаў, што трупну ў пысу. Яму давялося зноў уставаць i пачынаць бойку. Толькi маё трываньне, мой добры настрой, мае чалавекалюбскiя намеры выветрылiся, як клубы тытунёвага дыму з альтанкi ў ветраны вечар. Я зьбiў паскуднiка з ног. Я прыцiснуў каленам да асфальту руку з кастэтам i кулаком растоўк азьвярэлы тварок. А потым устаў i пайшоў празь цiхi двор у бок парку культуры i адпачынку iмя Горкага.
        «Мянты!» – дагнаў мяне Ўладзiмераў вокрык. Раптоўны страх шылам працяў нутро, нават сiнiя пялёсткi ледзь не абляцелi з таемнай вытатуяванай ружачкi. Разьвярнуўшыся на сто восемдзесят, я пабег. Ляцеў, ледзь кранаючыся зямлi, перамяшчаўся ў прасторы велiзарнымi скачкамi. Адно з прызямленьняў трапiлася якраз каля нерухомага цела. Я зачапiўся за паскуднiка. Упаў на рукi й садраў скуру з далоняў. Рукi трапiлi на вадасьцёкавы люк, а вось тварам я рэзнуўся аб высокую броўку. Нос развалiўся, разьлезся й размазаўся па твары, як печаны яблык. Давялося згрэбсьцi ў жменю тое, што было арыйскiм носам, i спытаць Уладзiмера, выплёўваючы кроў: «Што рабiць?» Той прытупнуў на адным месцы так, нiбыта да сьмерцi хацеў у прыбiральню. З захлёбiстых рэплiк вынiкала адно – трэба ўцякаць.
        Зь цёмнага двара мы выскачылi на сьветлы пляц Перамогi ў другой сусьветнай вайне, прагарцавалi мiма газавай гарэлкi вечнага агню й пабеглi да таксовачнага прыпынку, дзе гула вялiкая чарга прагнаных з рэстарацыi веселуноў.
        Тут сiлы й пакiнулi мяне. Душа вылецела зь цела. Яна зь цiкавасьцю назiрала, як я ў залiтым крывёю палiтоне пахiстваючыся падыйшоў да сьметнiцы й прысеў. Душа, пэўна, дзеля шкадобы вярнулася.
        Жахлiва забалеў раскроены нос.
        Падыйшла таксоўка. Уладзiмер у двух словах распавёў чарзе, што нас пабiлi бандыты, а цяпер за намi гонiцца мiлiцыя. Народ зразумеў. Народ у роўнай ступенi ня любiць i тых, хто парушае парадак, i тых, хто наводзiць. Таксоўшчык паставiўся да маёй разьбiтай морды са спачуваньнем i даў газэту «Зьвязда», каб кроў ня капала на сядзеньнi. «Мне ж яшчэ цэлую ноч катацца!» Яго можна зразумець.
        Усiх можна зразумець.
        І маю жонку варта зразумець, яна крычала й парывалася выклiкаць дактароў. Уладзiмера трэба зразумець, ён нават не заходзiў у кватэру й зьехаў дамоў на той самай таксоўцы, на якой прыехаў. Суседку таксама пажадана зразумець, старую пабiтую хваробамi й бяссоньнем, яна грукала ў сьцяну, маўляў, гадзiна ночы i паводзьце сябе прыстойна цi хоць бы цiха. Усё зразумела.
        А я, дарэчы, паводзiў сябе цiха, мiрна. Памыў халоднай вадою галаву разам з тварам i разваленым носам. Потым як мог, так i зьляпiў пальцамi родны, гарачы, змучаны нос. Тое, што атрымалася, замазаў сьлiнаю з чорным мумiём, а наверх начапiў плястырную стужку.
        Ламаньне носа запамiнаецца на ўсё астатняе жыцьцё.
        Асаблiва помнiцца ранiца. Пахмельнага сындрому не было, галава не балела, не хiстала й пiва не хацелася. Было значна горш. Я памiраў ад жаху, бо набраў у галаву дурных думак. І адкуль толькi ўзялося перакананьне, што паскуднiк са сталёвым кастэтам здох. Што, б’ючы, не заўважыў, як забiў, як забраў жыцьцё ў чалавека. Чорныя ўяўленьнi абступiлi сьвядомасьць, як варожае войска, што закальцоўвае горад у аблогу. Я пацiху шалеў i звар’яцеў бы канчаткова, каб не затэлефанаваў мiлiцыянту Паўлу. «А, як хвост прыцiсьне, так да палiцыянтаў прыпаўзе!» Я згодны быў слухаць i горшае, каб толькi прасьвятлiць наступствы начнога здарэньня.
        «Трупаў з раёну пляцу Перамогi ў моргах не зарэгiстравалi. Скаргаў на бандытаў, што дэбашырылi каля хлебнай крамы, нiхто не пiсаў». Я сядзеў на падлозе, слухаў Паўлаў голас i кайфаваў.
        «Як мала чалавеку трэба для задавальненьня!» – сказаў я тады люстэрку, зь якога пазiрала бяскроўная, мучнiстая маска з бэзавымi мяшкамi пад вачыма.
        Палiтон вельмi лёгка адмыўся. Я апрануўся й пайшоў гуляць па горадзе. Засунуў рукi ў кiшэнi i шпацыраваў. Я быў найшчасьлiвейшым зь людзей. Сiняя ружачка распусьцiла ўсе свае пялёсткi, лiсточкi й шыпы. Сустрэчныя ўсьмiхалiся. Мой выгляд сьмяшыў i ўвадначасьсе выклiкаў спачуваньне. І я, канечне, не пайшоў да доктара, каб ня чуць дурных пытаньняў... «А хто гэта Вас так апрацаваў? А цi ня хочаце напiсаць заяву ў праваахоўныя ворганы?» І на працу, у свае родныя камiсiйныя крамы, не пайшоў.
        І не маляваў шыльдачак. «Не аформленае», «Прададзенае», «М» i «Ж».
        Прагуляў дзень навылёт i не шкадую. А на вечную памяць пра шчасьлiвы вясновы настрой застаўся шнар на крываватым носе.
        Вось так пацiху намаляваўся аўтапартрэт. Звычайная, шэранькая, можна сказаць, зьнешнасьць. Колер маiх сьветлых вачэй таксама шэра-блакiтны. Але я не саромеюся ўласнай зьнешнасьцi.
        Мастак Ігар аднойчы сказаў, што ў мяне вельмi паэтычная хада. Толькi гэта няпраўда, бо крок у мяне цяжкi, самаўпэўнены, мiлiцыянцкi. Калi iду, дык здалёк вiдаць, што дарогi не саступлю.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.