РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вяртаньне ў Ерусалім
        А то ня ведаю, што па-беларуску – Мiхась. Каб ён быў беларус, назваў бы Мiхасём. А ён па мацi й па бацьку габрэй. Адпаведна – Мойша. Звычайнае, простае, усходняе iмя, ня лепшае й ня горшае за Саламона цi Саўку. З iмем Мойша ён цяпер, пэўна, стаiць перад вялiкiм габрэйскiм Богам. Так павiнна было стацца. Толькi ў Менску Мойша называў сябе Мiша. Сьцiпла, традыцыйна, зь цеплынёю, так называюць цацачных мядзьведзяў. Вочы Мiша меў цёмныя зь лiлёвым адлiвам, як у дарагой мяккай, футравай лялькi. I чалавека з такiмi добрымi вачыма не пашкадавалi, змардавалi, забiлi. Злодзеямi й бандзюгамi поўнiцца сьвет. Сын уздымае нож на бацьку за адно-адзiнае сказанае ў п’яным запале брыдкае слоўца. Мацi топiць родных дзяцей у возеры, каб наноў выйсьцi замуж. Пляменьнiк насыпае атруту ў келiх зь вiном i завалодвае спадчынаю бязьдзетнага дзядзькi. Злачынствам канца-краю не вiдаць. Лёс менскага Мiшы – толькi маленькi каменьчык, якiмi брукуецца дарога вылюдкаў у Пекла. Мiшава драма пачыналася звычайна. З рашэньня ехаць пачынаецца большасьць габрэйскiх радасьцяў i пакутаў. Мiша надумаў перабрацца ў Ерусалiм. Габрэй – ён i ёсьць габрэй. I кожны габрэй, якi ня жыў у Iзраiлi, раней цi пазьней, а запытаецца ў свайго сэрца... А цi не закрэсьлiць крыж-накрыж мiнулае i падацца ў зямлю запаветную, дзе й распачаць жыцьцё-быцьцё наноў? Вядома, i беларус сто разоў у марах перабiраецца ў Маскву, як расеец у Парыж, а амэрыканец у Лёндан. Толькi гэта iншае. Бо нi ў Лёндане, нi ў Парыжы, нi ў Маскве цябе не сустрэне Бог. Залатазубы д’ябал можа трапiцца, а ўсемагутнага не спаткаеш, гэта так надзейна, як зямля. Мiша вырашыў перабрацца ў Ерусалiм назаўсёды. Было яму якраз трыццаць тры. Бацькi памерлi. Сям’я не завялася. Праца iнжынэра на заводзе не давала пэрспэктывы. П’янкi-гулянкi абрыдлi. Як разбагацець? Мiша ня ведаў. Вось i прыняў рашэньне пераехаць на гiстарычную Радзiму. Нават квiток атрымаў i кватэру ўласную бацькоўскую прадаў, i ў натарыюса законным чынам перааформiў жылплошчу на сябрука Пашу. Тэарэтычна яму засталося пракантавацца на птушыных правах у Рэспублiцы Беларусi два тыднi. А далей: Чырвонае мора, сьцяна плачу, пуп зямлi, сталiца рэлiгiяў. Толькi тэорыя адрозьнiваецца ад практыкi тым, што малюе будучыню на падставе мiнуўшчыны. А ў Мiшыным мiнулым Люды не было. Не iснавала той Люды са смарагдавымi вачыма, той, якая аформiць кватэру на Пашу. Мiша пра яе ведаць ня мог. Бо гэта Паша прывёў Мiшу да Люды ў дзяржаўную натарыяльную кантору. I той жа вясёлы Паша запрасiў Люду павячэраць у рэстарацыi з нагоды набыцьця неблагой кватэры. За рэстаранным столiкам Паша прапанаваў увесьцi ў Беларусi новае дзяржаўнае сьвята: провады габрэя ў Iзраiль. Люда й Мiша асаблiва не пярэчылi. Сьвята провадаў Мiшы, хай сабе i не на дзяржаўным узроўнi, але ж атрымалася цёплым. З рэстарацыi выйшлi задаволеныя. А ў таксоўцы асьмялелы Паша прапанаваў Людмiле пераехаць у сталiцу габрэйскай краiны, разам зь Мiшам, канечне. Людмiла не адмовiлася. Ёй было трыццаць пяць. Будзённасьць надакучыла. На самым сподзе душы зырка пералiвалiся агеньчыкi бесьсьмяротнага жаданьня зьменаў. Iзраiль выглядаў узьнёсла, рамантычна, зманлiва. Мiша ўспрыняў размову iнакш: увэртура да адной-адзiнай ночы. Наранiцу ён, п’ючы гарбату, прыйшоў да думкi, што жанчыны, лепшай за Мiлу, не бывае. Дапiўшы другi кубак цэйлёнскага напою, Мiша прапанаваў Мiле руку, сэрца й ерусалiмскае сонца. Тая ўзяла ўсё, акрамя апошняга. У Iзраiль маладая сям’я не патрапiла. I ўсё празь нейкую драбязу, праз шнурочак лiчбаў, праз дату на блянку. Канторскiя дзяўчаткi, узяўшы немалы хабар, выпiсалi Мiле фальшывае пасьведчаньне аб нараджэньнi. Яны перапiсалi ў габрэйку ня толькi Мiлу, а й абодвух яе бацькоў. Хабарнiцы не забылiся паставiць на блянку, што ён не сапраўдны, а паўторны, i дату выдачы паўторнага пасьведчаньня яны адсунулi ў савецкую мiнуўшчыну, у цiхi 1983 год. Вядомая iсьцiна: чым дакумэнт старэйшы, тым больш выглядае на сапраўдны. Толькi дасьцiпны, уедлiвы, абсыпаны рабацiньнем чыноўнiк iзраiльскай амбасады заўважыў дробненькую неадпаведнасьць. Блянк, на якiм выпiсвалася пасьведчаньне, быў аддрукаваны ў 1990 годзе. Брама ў Iзраiль зачынiлася ня толькi для Мiлы. Ну нашто ты хацеў увесьцi ў зман вялiкi габрэйскi народ? Папытаецца ў Мiшы рабы амбасаднiк. Дзеля чаго? Дзеля адной беларусачкi? Мiша ледзь не заплакаў. Што ён разумее? Што яны разумеюць? Мiша абураўся, нэрваваўся, курыў безь перапынку й пiў каньяк. Мiша апынуўся ў пастцы. Нi кватэры. Нi працы. Нi надзеяў. Адно-адзiнае, што было – Мiла. Найлепшая з жанчын. З кватэраю. З грашыма. З працаю ў дзяржаўнай установе. I што мог вырашыць Мiша? Ясна. Давялося займацца кватэрным бiзнэсам.
        Калi жонка дзяржаўны натарыюс – грэх не займацца жыльлём, асаблiва ў Менску. Мiша пачаў з нуля. Ён заглыбiўся ў вывучэньне рэклямных абвестак у газэтах. Ён тэлефанаваў дваццаць чатыры гадзiны ў суткi й яшчэ столькi ды яшчэ столькi ж ён абыходзiў выстаўленыя на продаж аб’екты. Мiша вывучаў на памяць менскае кватэрнае нутро. Ён ведаў памеры кладовак на Чырвонай i вышыню столi ў Малiнаўцы. Ён мог запрапанаваць сьцiплую кватэру ва Ўруччы й амаль любую на праспэкце Скарыны. Складаецца ўражаньне: Мiша ведае ня толькi асноўных кватэраздымшчыкаў, а i ўсiх суседнiх сабак i котак. За год Мiша напрацаваў досыць значны капiтал, якi складалi сем кватэр у розных кутках сталiцы, i мянушку – кватэрны Сакрат. Ён выклiкаў давер. А ў такой iнтымнай справе, як жытло, даверлiвыя ўзаемаадносiны – першая неабходнасьць. Мiша адзiн кантраляваў ледзь ня ўсе кватэры габрэяў, што вырашылi пакiнуць Беларусь. Але, напэўна, у гэтым i была фатальная памылка. Нельга адному зьесьцi вядро сьвiнога булёну. Або абжарэшся, або ён недаедзены скiсьне. Мiша працаваў адзiн, давяраючы сакрэты толькi Мiле. Нават шэсьць зь сямi кватэраў былi аформлены на яе. Высокi, густоўна апрануты, Мiша любiў пахвалiць жонку. I Мiла ў кампанii не забывалася добрым словам сказаць пра мужа. Мiша саромеўся, хаваў вочы... Хто з нас не любiў мяккiх, футравых, брунатных мядзьведзяў? I якi халодны жах аблiваў сэрца, калi з падранае лялькi пачынала сыпацца пiлавiньне, вылазiлi габлюшкi й анучы з ватаю? Сьлёзам не было канца-краю. Пра сьмерць Мiшы ўсе даведалiся праз знаёмых, чутак, якiя брудна-зялёнымi, атрутнымi, сьлiзкiмi зьмеямi выпаўзалi зь мiлiцыi. Нiхто асаблiва не пашкадаваў Мiшу. На пахаваньнi таксама народу не было. Мiшу за дзяржаўны кошт спалiлi ў крэматорыi. Зусiм маладзенькi сьледчы вырашыў закрыць справу адным махам. А справа выглядала так... Мiшу з процьмаю нажавых ранаў знайшлi мёртвым на ўласнай кухнi... Вакно было расчынена наросхрыст. А пад iм ляжала на асфальце непрытомная, ледзь жывая Мiла. Сьледчы быў перакананы, што яна ня сёньня, дык заўтра сканае. Дактары мелi такую ж думку. А яшчэ мiлiцыянт верыў, што Мiла зарэзала п’янога Мiшу, а сама выкiнулася з вакна, на чацьвертым паверсе. Горад паверыў у сямейную драму. Шмат хто ведаў, як мог Мiша загуляць, як мог пайсьцi у запой. Ведалi й пра Мiлiн мужчынскi характар. Магла Мiла зарэзаць Мiшу? Магла яна яго прыраўнаваць? Сьведкi, адказваючы на другое пытаньне, мэханiчна адказвалi на першае. Мiла ледзь ня месяц прабыла ў коме, а потым зьнянацку вярнулася да яснага розуму й расказала пра здарэньне... Увечары прыйшлi да iх госьцi. Двое мужчынаў нiбыта зьбiралiся купляць празь Мiшу дом у раёне Камсамольскага возера. Нечакана для Мiлы й Мiшы мужчыны пачалi пагражаць i патрабаваць грошы. Мiша не стрываў i пачаў бойку. Сiлы былi ня роўныя. Не дапамог i схоплены са стала доўгi, вузкалёзны хлебны нож. Адабраным у гаспадара нажом бандыты яго й зарэзалi. А зьбiтую, непрытомную Мiлу выкiнулi ў вакно. Апошняе, што памятала Мiла з таго вечара, гэта як нечым цяжкiм яе ўдарылi ў скронь. Сьледчаму, дый ня толькi яму, зрабiлася нiякавата ад такога павароту. Яшчэ горай усiм стала, калi празь дзень Мiла адышла да Мiшы. Забойцаў, як здараецца ў жыцьцi, нiхто не знайшоў. Як ты знойдзеш, калi вядома толькi: адзiн большы, а другi меншы. Так забойцы й ходзяць па Беларусi. А Мiша, напэўна, у Iзраiлi. Мусiць, i Мiла недзе разам зь iм у Ерусалiме. Богу не патрэбна пасьведчаньне аб нараджэньнi. Ён прымае ўсiх.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.