РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Спаць, спаць, спаць...
        Мой мiлы таварыш, мой лё
        Вазьмi ты з сабою мяне
        Я, ведай, вялiкi ўжо хло
        І ўмею ўжо лётаць у сьне
Янка Купала i Цiшын Ігар
        
        Колькi сябе памятаю, лётаю ў сьне. Лётаю па-рознаму... Проста ўздымаюся й лячу над вулiцаю, над дрэвамi й мiнакамi. Нiхто не зьдзiўляецца. Мяне ня бачаць. І невядома чаму ня бачаць, бо я сам сябе цудоўна бачу й выдатна адчуваю. А яшчэ лётаю ў касьцёле. У саборы, што на пляцы Незалежнасьцi, я чамусьцi маленечкi, памерам з двухтыднёвае кацяня. Узьлятаю да вiтражнай ружы й сяджу на ёй, музыку слухаю. А бываю ў снах вялiкi-вялiкi, як воблака, такое празрыстае й ледзь бачнае. У форме воблака я завiсаю над Сьвiслаччу, ад мосту на праспэкце Скарыны аж да каменнай альтанкi каля вайсковага штабу. Нечакана пераўвасабляюся ў чорную кропачку й магу заляцець у любую шчылiну. Але найлюбiмай формаю для палётаў у снах была й застаецца срэбная стужачка з фальгi. Стужка лётае кепска, бязмэтна, але вельмi па-сьвяточнаму.
        Лётаць я пачынаю, калi мне кепска сьпiцца.
        І ёсьць шмат месцаў на сьвеце, дзе сны мае трывожныя. Вось у Каiры ўсе ночы спаў кепска. А калi пад ранiцу засынаў, дык муадзiны зь мiнарэтаў якраз тады й пачыналi свае сьпевы малiтоўныя. Кепска спаў i ў Тбiлiсi. Жыў на праспэкце Руставэлi. Была гарачыня. Вокны наросхрыст. Вулiца гула i ўдзень, i ўночы. І гэтая грузiнская манера крычаць на ўсё горла не давала выспацца. І ў Маскве сплю зусiм кепска. Масква сьпiць мала i другiм не дае паспаць. І дзе я толькi нi спаў у Маскве! І ў гатэлях, i ў iнтэрнатах, i ў мастакоўскiх майстэрнях, i ў сяброўскiх кватэрах – паўсюль не высыпаўся. Пра вакзалы й казаць няма чаго. Толькi заплюшчыш вочы на Беларускiм чыгуначным, мiлiцыянт ужо тут. «Спаць на вакзале забараняецца! Будзеш спаць, выганю на дождж!» І выганяў, гa@дзiна. Даводзiлася спускацца ў мэтро, сядаць у цягнiк, якi ходзiць па кальцавой, i спаць у вагоне седзячы. Дзе-дзе, а ў цягнiку я нiколi добра ня спаў. Наколькi я люблю вакзалы, настолькi не люблю цягнiкi. Нехта храпе. Нехта ходзiць. Нехта дух псуе. І абавязкова плача дзiця. Спаць немагчыма. Вiсiш, гойдаешся памiж сном i яваю ўсю дарогу. Пасьля прыезду я доўга-доўга мыюся й потым гадзiнку-другую ляжу ў сваiм ложку, адпачываю ад вагонных паўсноў. Ня спiцца мне i ў правiнцыйных гатэльчыках. Нi ў Амсьцiславе, нi ў Браславе, нi ў Лагойску выспацца я ня мог. Вельмi кепска спалася мне i ў мсьцiслаўскiм iнтэрнаце для дзяцей з кепскiм слыхам. Наагул у iнтэрнатах спаць кепска. І ў касьцёле, калi жыў там адзiн, спаў трывожна. Касьцёл – ня месца для сну. Мяркую, i ў манастырах такiм, як я, сьпiцца кепска.
        Цiкава было б паспаць на 76 м паверсе Нью-Ёрскага хмарачосу. Як сьпяць у горадзе, якi нiколi ня сьпiць? Пад Парыскiм мостам таксама было б цiкава паглядзець сон. Але што казаць пра тое, чаго ня зьведаў. Пусты занятак.
        Лепей раскажу пра свае асноўныя сны. Яны паўтараюцца з году ў год. Нiякай лёгiкi ў iх паўторах я не адсочваў. Можа яе й няма. Але ж сны гэтыя плывуць i плывуць разам са мною праз усё жыцьцё. Вось сяджу я на дне акопу й чакаю, калi скончыцца артпадрыхтоўка. На мне вайсковая форма без апазнавальных знакаў. Вiдавочна, што я салдат. У мяне карабiн. Ідзе дождж. У акопе сыра й халодна. Закончылi страляць гарматы. Пачалася атака. Трэба выбiрацца з акопу й бегчы на ўсход. А я сяджу, гляджу ў шэрае неба й думаю: iсьцi цi не iсьцi? Так i сяджу, так i прачынаюся. Сон гэты ўпершыню я пабачыў гадоў у 10–12. У сьне мой узрост быў i застаецца дагэтуль нязьменны, у акопе я вечна дваццацiгадовы салдат, стрыжаны пад нуль, з чырвонымi ад холаду рукамi. Я вельмi не хацеў, каб сон спраўджваўся, а таму i ў войска не пайшоў. Вядома, сон – толькi адна з сотнi прычынаў, каб не iсьцi ў чужынскае войска, але й такая акалiчнасьць мелася. Пра беларускае войска ў 10 гадоў яшчэ ўсур’ёз я ня дбаў. Думаў пра iншае, пра пераадоленьне страху вышынi. Ня так i проста ўзьлезьцi на дзесяцiмэтровую вышку й скокнуць у басэйн. Узлазiў i скакаў. А сон пра вышку мне сьнiцца такi. Лезу на высачэзную, мэтраў 50, вышку з дошак. Вышка стаiць на пустцы каля вiнзаводу, што насупраць Кальварыйскiх могiлак. Лезу на самую верхатуру, а там вецер. Вышка хiстаецца, нахiляецца, пачынае падаць, i я падаю-падаю й прахоплiваюся. Ня ведаю, колькi разоў я сядзеў у акопе й падаў з вышкi, як не змагу пералiчыць колькасьць iнтымных сустрэчаў з настаўнiцай гiсторыi. Была ў мяне такая вясёлая настаўнiца ў чырвонай спаднiцы й чырвоным пiнжаку. Валасы яна выбельвала, пазногцi й вусны фарбавала ў найчырванейшыя адценьнi, а яе чырвоныя чаравiчкi мелi высачэзныя абцасы. Я ня вельмi любiў сваю настаўнiцу ў рэальнасьцi, а ў сьне чамусьцi абагаўляў. Яна запрашала да сябе ў госьцi, распраналася, распранала мяне. Мы любiлiся. У яе была поўная, акруглая, рэмбрантаўска-рубэнсаўская пастава Данаi. Настаўнiца гiсторыi пераўвасаблялася ў настаўнiцу эротыкi. Вядомы ўсiм i нават прэсны сюжэт пра закаханасьць вучня ў настаўнiцу. Але гэта мой сон, i мне ён дарагi. Пэўна, кожны спрабуе закрычаць у сьне, а голасу няма, хоча пабегчы, а ногi не бягуць. І такога мне сьнiцца багата. Каго гэтымi снамi зьдзiвiш. А вось падзеньнем у рэчку можа i зьдзiўлю. Бываюць у жыцьцi моманты, калi лёс адбiваецца ў сьне дакладна, як у люстэрку. Ішоў я па кладачцы праз рэчку. Кладка – два бервяны, а замест парэнчаў – дрот, нацягнуты з аднаго боку. Стаяла позьняя восень з холадам i дажджом. Бярвеньнi былi сьлiзкiя, як гa@ды. І ногi паехалi. І ўчапiўся я ў дрот. А дрот выгнуўся. І я ў ботах i фуфайцы бухнуўся ў глыбокую й каламутную лiстападаўскую ваду. Выплыць выплыў i да дзедавай хаты бягом прыскакаў, i нават не захварэў, але з таго часу мне сьнiцца й сьнiцца гэтае лiстападаўскае падзеньне. Падобнае адбылося i з аўтакатастрофаю. Адзiн раз я перакулiўся на машыне, а ў снах зрабiў тое самае разоў сто.
        Сны, сны, яны наплываюць i сплываюць. Я бачыў iх безьлiч. І дасьць Бог, яшчэ пабачу. Бывае, мне захочацца сасьнiць нешта страшнае, я кладуся на левы бок i бачу жахi, а на правым баку сьнiцца адно добрае. Таму ў дзiцячым садку мяне прывучылi спаць на правым баку. І большасьць жыцьця я спаў на правым баку. Выхавацелькi былi мудрыя кабеты.
        У снах тоiцца свая невычарпальная мудрасьць. Свая таямнiца сьмерцi й жыцьця. У мяне сны зьвязалiся са сьмерцю з самага маленства й самым непасрэдным чынам. Як i ўсе малыя дзецi, я мусiў спаць пасярод дня. А спаць удзень не любiў. Хто зь дзяцей любiць спаць удзень? А пазьбегнуць гэтага койданаўскае дзiця магло толькi пры пэўных акалiчнасьцях, калi некага хавалi, i труну несьлi паўз твой дом – спаць не дазвалялася. А таму, як толькi баба Ядзя казала: «Валодзя, iдзi спаць!», я ляцеў на двор, выбягаў на сярэдзiну вулiцы Другой Ленiнскай i глядзеў, цi не нясуць нябожчыка. Вулiца нашая роўная, i вiдаць ажно да паловы Койданава. І якая была радасьць убачыць далёка-далёка пахавальнае шэсьце! Калi шэсьця не было, я пачынаў услухоўвацца: можа дзе на бакавой вулiцы грае пахавальны марш? Цiшыня расчароўвала. Я iшоў, клаўся, але працягваў услухоўвацца й думаць пра сьмерць. Я баяўся заснуць летаргiчным сном, баяўся прачнуцца ў труне. Тым больш, што мой першы ўспамiн пра прачынаньне зьнiтоўваўся з падзеньнем.
        Я прачнуўся ў сваiм дзiцячым жалезным ложку. Пакой стаяў пусты. Я паспрабаваў вылезьцi з ложка, пералез праз парэнчы, паляцеў унiз, зачапiўся нагою за тыя парэнчы й бразнуўся галавою аб жалезную раму ложка. Скуру на лобе моцна расьсек. Палiлася кроў. Я заплакаў, закрычаў. Аднекуль з варэльнi прыбегла мацi. Мяне супакоiла, галаву забiнтавала. Часам я думаю, што маё вечнае падзеньне з дашчанай вежы – гэта нiшто iншае, як своеасаблiвы адбiтак таго дзiцячага падзеньня з ложка. Але гэта толькi думкi – рацыянальныя, апавядальныя, яны вельмi плыткiя ў параўнаньнi з глыбiнямi сноў.
        Галоўнае – добра выспацца й ня помнiць сноў. І ёсьць сытуацыi, калi сьпiцца добра. Пасьля доўгага падарожжа выдатна засынаю. Бывае, выкурваю дарагую цыгару й моцна сплю. Пасьля тактоўнай пагулянкi, калi безь перабораў, сьпiцца добра, але прачынаюся кепска. А вось пазаймаўшыся сэксам – i сплю класна, i прачынаюся з цудоўнымi настроямi. Яшчэ люблю прабегчыся ў парку ўздоўж Сьвiслачы, а калi не хапае сiлы, проста пашпацыраваць увечары сярод сонных клёнаў i дубоў. Прагулянкi стамляюць i супакойваюць. Авiцэна раiў тым, хто ня можа заснуць, пераплыць рэчку Тыгр два разы, а потым выпiць чырвонага вiна. Слушна раiў Абу Алi Ібн Сiна. Толькi вiна я ня п’ю, а вада ў Сьвiслачы i брудная, i халодная, так што пакуль стае сiлы, буду бегаць, каб крапчэй спалася.
        Ёсьць месцы, дзе мне заўсёды добра спалася. У Вiльнi сплю, як сурок, цi як мядзьведзь, як локiс, карацей. У Тайляндзе, на беразе Сiямскага мора, у ценю ад пальмаў сьпiцца, як у раi. У белым крымскiм дамку ля сiняе бухты я выдатна засынаў. У дзяцiнстве любiў спаць на печы. Аднаго разу ўзiмку правалiўся пад лёд. Дамоў iсьцi баяўся, прывалокся да сваячкi, цёткi Камiлi. Яна загнала мяне на печ. Якi глыбокi быў сон на той цёплай печы! Дзiўна, але мне заўсёды хораша спалася ў аўтобусах «Менск–Мсьцiслаўе» i «Мсьцiслаўе–Менск». Так хораша сьпiцца i на нудысцкiм пляжы ў скалах пад Барсэлёнаю. Але яшчэ лепш ранiцаю пасьля сэксу заснуць у iнтэрнацкiм пакоi на вузкiм ложку з жанчынаю. Усе сыйшлi. Цiха. А ты сьпiш, i жанчына твая пахне сьвежым цёплым малаком. А як цудоўна было засынаць з мамiнай рукою на падушцы! Усе жахi-сполахi зьнiкалi, я трымаў мамiну руку каля шчакi й засынаў найсаладзейшым сном у жыцьцi. А цяпер люблю спаць у сваiм ложку з жонкаю. Нездарма ж мацi з бацькам падаравалi мне на вясельле канапу ды шафу. Простыя рэчы, але калi перабiраю ў памяцi падарункi, лепшага не згадаю. Перад сном люблю пачытаць. Хоць старонку, хоць тры радкi, але абавязкова чытаю. У маёй спачывальнi тысячы кнiг. Без чытанкi не магу заснуць.
        Калi ўжо пайшла гутарка пра ложкi, дык на якiх толькi лежбiшчах не даводзiлася засынаць... Калi мы жылi на восьмым паверсе насупраць Кальварыйскiх могiлак, я любiў улетку пераначаваць на гаўбцы. А ў Койданаве ў цёплыя ночы мы ставiлi ў садзе палатку й спалi ў ёй з Толiкам Кiсялём. А вось з Жэнiкам Хвастовiчам мы пераначавалi ў лясным будане. Нашая пятая кляса пайшла ў паход. І мы пайшлi. Яны ў адзiн бок, а мы ў другi. Яны на возера Пцiч, а мы ў Трасьцянец. Пайшоў дождж. Яны вярнулiся, а мы засталiся, зрабiлi будан i пракалацiлiся ў iм цэлую ноч. Дома нас адлупiлi бацькi. Усё дзяцiнства я рабiў нейкiя штабы, капаў зямлянкi ў лесе, абсталёўваў схроны на гарышчах i ў сутарэньнях. Найлепшы схрон быў у койданаўскiм сараi. Я нацягаў туды снапоў лёну i, лежачы на iх, чытаў казкi «Тысяча i адна ноч». Чытаў-чытаў i засынаў, i сьнiлiся мне гарэмы. Дзiўна, але ў Каiры й на Чырвоным моры гарэмы мне ня сьнiлiся, хоць ложкi былi добрыя й штовечар у рэстарацыi жанчыны выплясвалi танец жывата. Канечне, у класных гатэлях класныя ложкi, i ў iх класна сьпiцца i ў Амстэрдаме, i ў Бангкоку. Асаблiва пасьля трохгадзiнных экскурсiяў па кварталах з чырвонымi й ружовымi лiхтарамi.
        Перад тым, як заснуць, я люблю згадваць эратычныя экскурсii. А хто ня любiць? Ты? Ня веру. Як не паверу, што ёсьць людзi, якiя ня лётаюць у снах. Гэта не зусiм людзi, як для мяне. Палёт у сьне – лiрыка, пра лiрыку проста неабходна думаць перад сном, як i пра дзяцiнства. А вось пiсаць вершы ўночы ў ложку ня варта. Напiшаш нешта накшталт: «Калi я сплю, я – незалежны, безабаронны, калi сплю...» А далей не складаецца, i заснуць ня можаш. Разважаеш пра залежнасьць, пра сваё рабства i ўрэшце ўстаеш, каб выпiць вады й супакоiцца.
        Шмат што ў гэтым жыцьцi не дае мне заснуць. Бывае, забудуся зачынiць у ванным пакоi свайго любiмага ката Чарлiка. Ён, гад, прыходзiць цiхенька й кладзецца на мае ногi. Такой мяккай гiраю навальваецца, i даводзiцца ўставаць i зачыняць яго, каб спаў на сваiм месцы. Кожны мусiць спаць на ўласным месцы, каб iншым не замiнаць. І што можа быць горш за тое, калi адна жывая iстота не дае спакойна спаць другой цеплакроўнай, i нават халаднакроўнай iстоце? Канечне, рацыянальнасьць нашага быцьця – у нейкай ступенi бяссоньне, а таму пра пакуты бяссоньня хай пiшуць iншыя. А я iду спаць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.