РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паэма мора
1
        
Што будзем рабіць з табой, мая змора?
                                                                  Да мора!
Адкуль жураўліная гэта пакора?
                                                        Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
                                                             Да мора!
Лета прайшло, а другое ня скора...
                                                           Да мора!
Сябры і сям’яне, ня трэба дакору!
                                                          Да мора!
Як быццам там іншыя шчасьце і гора...
                                                                  Да мора!
        
        
2
        
Выйду на бераг рана,
маленна скажу у цішы:
«Павей, абвей, марана,
марана, мой твар асьвяжы.
 
Другія павевы і ветры
па ім пакідалі свой сьлед.
Абвей, каб зноў быў сьветлы,
быў сьвежы шмат зім і лет.
 
Марана, я чую твой подых,
лёгкі, як дотык у сьне...»
Марана ідзе па водах
і ў твар ціха вее мне.
        
        
3
        
Шумела мора за акном...
Яно было спакойным зранку,
ды зашумела перад сном –
як быццам пела калыханку:
«Сьпі, чалавеча, сьпі, засьні.
Ты сьпіш заўсёды ноччу цёмнай,
пасьля штодзённай мітусьні,
пасьля сваёй турботы дзённай.
А мне – шумець,
                             і я шумлю,
насуперак усякім зморам.
Мне – кідаць хвалю на зямлю,
мне – кідаць выклік ціхім зорам.
Сьпі, чалавеча, сьпі, засьні.
Ты тут часовы,
                          чалавеча.
Аднойчы ты засьнеш зусім.
А мне – шумець,
                            шумець мне вечна.
Шумець і ноччу мне і днём,
шумець зімою мне і летам».
Шумела мора за акном.
Спаў моцна чалавек, і гэты
чалавек – быў я...
        
        
4
        
Якое было яно?
(Хаця не сказалі «мора»,
ды ясна было ўсё адно,
што мы пра мора гаворым.)
 
Якое мора было?
Не гуло, не раўло
яно раз’юшаным зьверам,
зыбалася ў рытме мерным –
                                                было міласэрным.
 
Якое мора было?
На гэты раз не гняло,
змрочна не бушавала,
ня гнала цёмнага вала –
                                         мілавала.
 
Якое мора было?
Зьзяла, як серабро.
Хвалі ня дыбіла,
гальку не драбіла –
                                 любіла.
 
Якое мора было?
Шчодра дарыла цяпло,
горача уздыхала,
на ўлоньні сваім калыхала –
                                                кахала.
        
        
4
        
Наіўны, я думаў:
                             ты толькі мая.
Уласьнік, я думаў,
                             што ты мая ўласнасьць.
Ды мора і сонца
                             унесьлі тут яснасьць,
з морам і сонцам дзялю цябе я.
Ты ў мора пайшла,
                                і насустрач табе
яно закіпае пяшчотай любоўнай.
Яно цябе любіць і мераю поўнай
усю сваю страсьць табе аддае.
Я не магу адвесьці вачэй.
Жанчына і мора!
                            Дзьве вольных стыхіі!
Хвалі марскія і грудзі тугія,
белая пена ля белых плячэй!
З той белізны нараджаюцца чайкі.
На белых тых чаек гляджу я ў адчаі.
Бога марского я малю,
прасіць яго ў адчаі мушу:
«Вярні мне любую маю,
вярні каханую на сушу».
Нарэшце дайшла малітва мая.
Ты з мора выходзіш –
                                     уся салёная,
вочы твае,
                  як мора,
                                зялёныя.
«У мора ўлюбёная»,– думаю я.
Насустрач іду я
                           і выгляд раблю,
нібы ня знаю ніякага мора,
нібы ня знаю ніякага гора,
нібы спакойна, разумна люблю.
Выгляд раблю,
                          што я не Атэла,
спакойна кажу табе: «Адпачні».
Твая галава на маім плячы.
Ды бачу: ты сонцу даверыла цела,
працягваеш рукі насустрач яму,
сонцу любімаму свайму!
Жанчына і сонца!
                              Хіба вас падзеліш?
Хай сьвеціцца дзень ваш!
А быў бы, як сонца, я малады,
быў бы, як мора, я пяшчотны,
лашчыў бы так твае плечы і шчокі,
што ў сонца адбіў бы цябе назаўжды...
Наіўны, я веру, што можна адбіць,
што можна набыць, прысвоіць стыхію,
зрабіць рабыняю багіню.
Стыхію можна толькі любіць,
багіню можна толькі любіць!
Нельга адбіць,
                        набыць,
                                      купіць –
толькі любіць,
                         толькі любіць!
Гора мне, ўласьніку, гора,
                                            о мора!..
        
        
6
        
Шчасьлівы ты быў
                                 і быў нешчасьлівы...
Прылівы-адлівы, адлівы-прылівы.
Цьвярозы разьлік
                              і жывыя парывы...
Прылівы-адлівы, адлівы-прылівы.
Надзея, твае зелянеюць зноў нівы...
                                                             Прылівы-адлівы.
Прыходзім-адходзім,
                                    наш поступ імклівы...
                                                                         Адлівы-прылівы.
«I будзеце зноў вы,
                                раз ёсьць, раз былі вы...»
                                                                           Прылівы-адлівы.
«Зноў шэпт паўтарыцца,
                                          гарачы, гуллівы...»
Прылівы-адлівы, адлівы-прылівы.
        
        
7
        
Гэта было учора
ці пазаўчора было:
пагода пайшла за мора,
за горы сонца пайшло.
Як быццам былі яны ў змове,
мора з горнай градой,
як быццам стала ўзмор’е
ахвяраю змовы той.
Ці быццам бы нас пакаралі,
нас з марнасьцю нашай людской...
Сонца было за гарамі,
пагода – за дальлю марской.
Занылі песімісты,
як у вялікай бядзе:
«Дзе ты – дзень прамяністы?
Яснае сонца, ты дзе?»
А ў аптыміста бадзёра
сьвяцілася чало:
«Пагода пайшла за мора,
сонца за горы пайшло».
Плач ахапіў узмор’е:
«Адкуль пагоду чакаць?
З мора чакаць надвор’я,
што ветра ў полі шукаць!»
«Зусім не чакаць яшчэ горай, –
гучаў аптымістаў хор. –
Прыйдзе пагода з мора,
узыдзе сонца з-за гор!»
Я моўчкі выходзіў на бераг.
Ясна было толькі мне,
што можна ў пагоду верыць,
а ў непагоду – не.
Яшчэ сам сабе адзначыў:
«Ня бачу сур’ёзных нагод
для вельмі вялікага плачу,
для вельмі бадзёрых нот.
Тым болей не нагода –
непагодны час,
тым болей што пагода
не залежыць ад нас.
Што ад нас залежыць,
дык гэта – быць сабой,
захаваць сьвежасьць
надзеі сваёй людской».
        
        I тут я ўступаў у палеміку з адным нашым вялікім сучасьнікам, вядомым вучоным, які сказаў: «Калі гутарка ідзе пра пагоду або гульню ў латарэю, то тут надзея не паможа... А калі мець на ўвазе палітыку, узаемаадносіны людзей, то тут мы павінны спадзявацца. Калі ў чалавека ёсьць надзея, то ён паводзіць сябе так, каб гэту надзею ажыцьцявіць». Я адказваў: «Нават калі гутарка ідзе пра пагоду, надзея мае сэнс. I ў такім выпадку чалавек, які ня траціць надзеі, застаецца ўсё адно ў выйгрышы – зь ім была і застаецца надзея, ён багацейшы за таго, у каго яе няма, і яму ёсьць чым падзяліцца зь іншымі...»
        
        
8
        
Цярпеньня, прашу я, цярпеньня!
Яшчэ пачакаем ледзь-ледзь.
Тут нечага і глядзець.
Што ўбачыш у гэтай пене,
у гэтай вось каламуці,
у месіве гэтым густым?..
Давайце яшчэ пабудзем,
яшчэ крыху пастаім.
Бачыце: вецер сьціхае,
бура ідзе на спад,
а разам зь ёю назад
уся каламуць сьцякае.
Яна на дно асядзе.
I мы, скрозь чысты слой,
у люстранай гладзі
убачым зноў воблік свой.
Убачым у ёй адвячорак,
воблакаў белых сувой,
убачым адбітак зорак
і вечнасьці самой.
Давайце пачакаем...
        
        
9
        
Нехта сьпявае, як вешчы баян,
сьпеў той разьліўся ў паветры:
«...I ўсё гэта ў мора, і ўсё ў акіян,
і ўсё ў акіян сусьветны».
Зыходзім, хто чым, мы:
                                         рыба – ікрой,
хмара – вадой дажджавою,
мы з табой – потам,
                                    сьлязамі,
                                                   крывёй,
праяваю іншай жывою.
Зыходзім, сьцякаем, як сокі палян,
і ўсё ў той абсяг запаведны –
і ўсё ў акіян, і ў акіян,
і ўсё ў акіян сусьветны.
 
Жыцьцё пачалося зь яго глыбінь.
I ў памяць аб тым мінулым
ён патрабуе ахвяр і любві
сваім уладарным гулам.
 
На беразе помнік былым баям,
ветрам ня раз апеты.
Лілася тут кроў... I ўсё ў акіян,
і ўсё ў акіян сусьветны.
 
Ты плачаш, дзяўчынка?
                                          Праходзяць, як зман,
паўднёвыя стрэчы і леты.
Цякуць твае сьлёзы... I ўсё ў акіян,
I ўсё ў акіян сусьветны.
        
        
10
        
З сваімі прылівамі і адлівамі,
з сваімі штылямі і штормамі
мора вучыла нас быць шчасьлівымі,
мора вучыла нас быць задорнымі.
 
З сваімі адценьнямі і сьветаценямі,
З тайнай чароўнай у ціхім пошуме
мора вучыла нас быць летуценнымі,
мора вучыла нас быць прыгожымі.
 
З сваімі ўсходамі і заходамі,
з зорамі, што адбіваліся ўвечары,
мора вучыла яшчэ нас быць гордымі,
мора вучыла яшчэ нас быць вечнымі.
 
Мора, абдымкі твае шырокія
на разьвітаньне прымаю адчайна я.
Мора, удзячны табе за ўрокі я,
за прыклады сьветлыя і павучальныя.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.