РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заазер’е
        Памяці маёй заўчасна памершай маці Александрыны Рыгораўны
        
Прадчуваньне
        
Было прадчуваньне бяды.
 
Спачатку амаль няўлоўнае,
няўлоўнае і няроўнае.
Шчыміла тады-сяды,
было прадчуваньне бяды.
 
Быў сам. Быў сын. Была ты.
Было прадчуваньне бяды.
 
Было трыццаць тры гады,
было прадчуваньне бяды.
 
Былі вятры, халады,
было прадчуваньне бяды.
 
Плылі па рэках ільды,
было прадчуваньне бяды.
 
Цьвілі, адцьвіталі сады,
было прадчуваньне бяды.
 
Зязюля лічыла гады,
было прадчуваньне бяды.
 
Было прадчуваньне бяды.
Як ты жывеш, матуля?
Чые ты лічыш гады,
шэрая зязюля?
 
Быў дома гады ў рады,
было прадчуваньне бяды.
 
Было прадчуваньне бяды,
было прадчуваньне няшчасьця.
Недзе, ў прасторы і часе,
яна ўжо ішла сюды.
 
Было прадчуваньне бяды,
яе жалезнай пяты.
Было прадчуваньне бяды.
Быў блізкі час катастрофы.
Пісаліся тады
гэтыя вось строфы:
        
        
Мы жывём, каб вяртацца...
        
Мы жывём,
                    каб вяртацца
час ад часу туды,
дзе мінула юнацтва,
дзе маленства сьляды.
Мы жывём,
                    каб вяртацца.
I лепшага шляху няма.
Мы жывём,
                     каб вітацца:
«Мама! Дзень добры, ма!»
Ну, а раптам напасьце,
бяда ў той хаціне старой!
Ну, а раптам няшчасьце –
і маці ў зямлі сырой!
Мы жывём,
                    каб вяртацца.
А куды тады вернешся ты?
З кім так будзеш вітацца,
як тады, да бяды?
        
        
Тэлеграма
        
Сьпеў бяды горкі ўраджай.
I – прыйшла тэлеграма:
«Прыязджай
просіць мама».
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        
        
За лесам – Залесьсе...
        
За лесам – Залесьсе...
«Скажы мне, мама,
а што за Залесьсем?»
«Ня знаю таксама».
За лесам – Залесьсе.
Там сумна, нявесела.
За лугам – Залужжа.
Далёка дужа.
За мохам – Замошша.
Прайсьці няможна.
А ў Заазер’е –
                        дарога верная.
«Там музыка грае,
там – вечарынка.
Хадзем, дарагая
Александрынка...»
 
За лесам – Залесьсе.
Адтуль дзьме прадвесьне.
За лугам – Залужжа.
Адтуль ідзе сьцюжа.
Адтуль ідзе сьцюжа,
адтуль дзьме сівер.
А сонца ўзыходзіць
над возерам сінім.
З-пад Заазер’я
ўзыходзіла сонца,
сьвяціла ў матчына
аконца.
Гуляла, іскрылася
сонца над возерам.
Маці глядзела
сьветлым позіркам...
За возерам сінім –
                               Заазер’е.
Помню вечар адзін,
як цяпер, я.
Маці, пакінуўшы
свае грады,
прысела стомлена
каля хаты.
Рукі паклала
на калені.
Глядзіць за возера
ў задуменьні.
Туман над возерам
плавае шэры.
Матчына думка
ў Заазер’і.
Над возерам зорка,
як сьпелае зерне.
Маці глядзіць
у Заазер’е.
Ці то ўспамінае,
ці то прадчувае,
ці проста стамілася
і спачывае.
        
        
Другая тэлеграма
        
Высьпеў бяды горкі ўраджай.
Стукнулі ў дзьверы.
                                  Ідзі страчай.
– Вам тэлеграма...
«Памёрла мама».
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        
        
Успамін
        
За лесам – Залесьсе...
«Скажы мне, мама,
а што за Залесьсем?»
«Ня знаю таксама».
Яна ня знала –
                         які ён, сьвет.
Такі, як у Яе аконцы,
або вялікі, або бясконцы...
Яна ня знала кніг і газэт.
Яна ня знала вялікіх дарог.
Хаця і выхадзіла нямала.
Толькі раз у жыцьці пакідала
вёску родную, родны парог.
Гэта было, калі яна
аднойчы прыехала ў госьці...
...Дзень, другі яна пабыла.
Засумавала, бачу, штосьці.
«Мама, добра ў нас ці не?
Мама, ты, можа, нездарова?»
«Бачыла сёньня іх у сьне.
Як яны там безь мяне –
тата, хата і карова?..»
I заплакала яна.
Пакаціліся сьлёзы-гарошыны.
«Адпусьціце, людзі харошыя,
ня будзе мне спакою і сна...»
I суцішалі мы яе,
і сьмяяліся, і ўгаворвалі.
Яна на нас глядзела дакорліва:
«Ды адпусьціце ж вы мяне».
        
        
Ад вёскі да могілак – паўвярсты...
        
Ад вёскі да могілак –
                                     паўвярсты.
Ад вёскі да могілак –
                                     доўгія вёрсты.
Ад вёскі да могілак –
                                    шлях няпросты.
Гараць за сьпіною тваёю масты.
Ня вернецца маці.
                              Ня прыйдзеш ты
да маці. Між вамі
                              чарнее бяздоньне.
Астыне роднае ваша гняздоў’е...
Ад вёскі да могілак –
                                    з паўвярсты.
Ад вёскі да могілак –
                                    шлях далёкі,
доўгія вёрсты,
                        трудныя крокі.
Як ты пасьпееш да цемнаты?
Цябе падганяе звычай стары.
Трэба пасьпець да захаду сонца.
А шлях гэты цягнецца бясконца.
I ты ўсё ідзеш.
                          Ад зары да зары.
I ты ўсё глытаеш той горкі камяк,
і ты ўсё глытаеш камяк той саляны,
і ты ўсё ідзеш за тымі санямі.
Днямі ідзеш.
                      I ня дойдзеш ніяк.
Ідзеш і ня знаеш, ці дойдзеш ты.
Чапляюцца ногі, губляюцца крокі.
Ад вёскі да могілак –
                                     шлях далёкі.
Ад вёскі да могілак –
                                     паўвярсты.
        
        
Памінкі
        
Пахавалі Яе.
                      Памінаем Яе.
                                             Ўспамінаем Яе.
Той адвечны абрад –
                                     чалавечаму гору апора.
Без абраду таго –
                              як змаглі б
                                                 мы пачуцьці сабраць свае?
Без абраду таго –
                              як змаглі б
                                                сваё выказаць гора.
Без абраду таго –
                              ці сабраліся б
                                                      так вось наўрад
амаль вёскай усёю,
                                 вясковай усёю сябрынай...
Дзякуй,
             добры абрад,
                                   мой старэйшы,
                                                            мудрэйшы мой брат!
Ты сягоньня патрэбны
                                      быў мне асабліва.
Пахавалі Яе.
                     Памінаем Яе.
                                            За сталамі сядзім.
Кашу, клёцкі ядзім.
                                 Чары горкім віном напаўняем.
Мы чамусьці у вочы
                                   адзін аднаму не глядзім.
Аддаём Ёй належнае.
                                     Добрым словам Яе памінаем.
Памінаем Яе.
                       За сталамі ідзе гамана.
Памінаем Яе.
                       Схамянаемся ўсе ад рыданьня:
«А яна ж магла жыць.
                                     Маладая ж была Яна.
У зямельку сырую
                               пайшла Яна маладая.
За якія грахі –
                         у зямельцы сырой ляжыць?
За якія грахі яна сьмерцю такой пакарана?..»
Памінаем Яе.
                       Ўспамінаем Яе.
                                                 А Яна магла б жыць.
А Яна магла б быць,
                                   не памерці так рана.
Памінаем Яе.
                      А Яна магла б жыць,
                                                         старшыня,
каб ня ведала крыўд і абраз,
                                                каб жыла болей шчасна.
Бо Яна была з тых,
                                 хто ў жыцьці не кране птушаня.
Бо Яна была з тых,
                                каго крыўдзяць, як птушку,
                                                                               часта.
Памінаем Яе.
                      А Яна магла б жыць,
                                                         наш сусед.
А Яна магла б жыць,
                                    дарагія мае сяльчане,
калі б болей прыязным
                                        быў вясковы ваш сьвет,
каб часьцей вы Яе
             чалавечай павагай
                                                                         страчалі.
Памінаем Яе.
                       А Яна магла б жыць,
                                                          сват і брат,
калі б мы, дарагая радня,
                                          даражылі Ёй болей,
каб Яе, дарагая сям’я,
                                     мы любілі на добры лад,
так, як любім сябе, –
                                    не было той любові.
Пахавалі Яе.
                      Памінаем Яе.
                                              А Яна б жыць магла.
Памінаем Яе.
                        Чары горкім віном напаўняем.
За сьцяною – зімовая ноч.
                                            За сьцяною – імгла.
I Яна ў той імгле.
                              За ўпакой Яе п’ем.
                                                              Памінаем.
        
        
Назаўтра раніцай
        
Ціха карова ў хлеве мычыць.
Ціха карова ў хлеве рыкае.
Мычаньне жаласна гучыць.
Гэта яна Яе чакае.
Знае Яе і чакае Яе.
Ёй была доена, поена,
                                     кормлена.
Голас Яна не падае.
Чуе бяду душа каровіна.
I гэта мычаньне, гэты рык –
душы яе, каровінай, крык.
Карова жаласна мычыць.
Яна мычыць.
                       А хата маўчыць.
Сьцены маўчаць.
                            Цені маўчаць.
Маўчаць куткі ўсе і закуткі.
Маўчаць Яе зьвязкі,
                                  Яе скруткі.
Коўдры і посьцілкі маўчаць.
Столь маўчыць,
                           стол маўчыць.
Маўчаць Яе клункі і пакункі.
Маўчаць Яе даўнія пакупкі.
Вузельчык на цьвіку маўчыць.
Падушкі маўчаць.
                               Катушкі маўчаць.
Маўчыць клубочак Яе нітак.
На кожнай рэчы –
                                маўчаньня пячаць,
асірацеласьці адбітак.
Рэч маўчыць.
                       Печ маўчыць.
Печ безь Яе астывае – стыне.
Вось-вось заенчыць, закрычыць:
«Дзе Яна?! Дзе Гаспадыня?!»
Печ маўчыць.
                       Хата маўчыць.
Яна безь Яе – быццам пустыня.
Вось-вось заенчыць, закрычыць:
«Дзе Яна?! Дзе Гаспадыня?!»
Хата маўчыць.
                         Рэчы маўчаць.
На сьценах і рэчах –
                                   маўчаньня пячаць.
На сьценах і рэчах –
                                   адбітак страху;
баяцца яны,
                    што пойдзе ўсё прахам...
Сьцены маўчаць.
                             Рэчы маўчаць.
Яны ня могуць закрычаць.
        
        
Вясною
        
Мама, ідзе вясна.
Ідзе вясна-ясна,
ідзе вясна-сьвятла.
З выраю птушкі вяртаюцца,
птушкі дамоў зьлятаюцца,
да нашага жытла.
Ранішняй парой
яны прылятуць віць гнёзды
да нашай хаты старой,
да нашай старой бярозы.
Будуць пець, шчабятаць
на дрэвах, бэзе і тыне.
Будуць цябе пытаць:
«Дзе Яна, Гаспадыня?
На досьвітку, на зары
з намі Яна прачыналася,
праца Яе пачыналася.
Хадзіла Яна па двары.
Мы гнёзды вілі свае.
Яна ля свайго хадзіла.
Дзе Гаспадыня, хаціна?
Чаму не відаць Яе?..»
Мама, ідзе вясна...
Будуць прыходзіць вёсны,
будуць збаўляць ад сна.
Будуць птушкі віць гнёзды.
Мама, вясна ідзе...
Будуць прыходзіць вёсны.
Градкі твае і барозны
будуць чакаць цябе.
Ды ты ня прыйдзеш, не.
Хто іх дагледзіць, засее?
Хто вырве пустазельле?
Травой зарастуць па вясне.
Травой парастуць веснавой
градкі твае, твае лешкі,
сьляды твае, твае сьцежкі, –
густой маладой травой.
Мама, вясна ідзе...
        
        
Фантазія
        
Твае ў мяне бровы, твой лоб і нос.
Твой неспакой.
                          I, пэўна, твой лёс.
Я трудна жыву.
                           Памру я рана.
Прыйду да цябе.
                             Ты будзеш рада.
«Сыночак, сынок! –
                                   усклікнеш ты
з сваёй апраметнай цемнаты. –
Ну вось і сустрэліся мы з табою,
ну вось і прыйшоў ты да мяне.
А я ўсё ўглядаюся з тугою,
а я ўсё бачу цябе ў сьне...»
I раптам усё ты зразумееш.
I раптам ускрыкнеш ты:
                                          «Не! Не!
Зарана прыйшоў ты да мяне!
Зарана, сынок! Яшчэ пасьпееш!..
Сыночак, падумай харашэнька!
Сыночак, чаго табе з намі ляжаць!..»
I будуць ад матчынага галашэньня
сьцены сьвету таго дрыжаць.
        
        
Нэкралёг
        
Пасьля хваробы,
                            цяжкой і працяглай
(Шмат дзён
                    аднаго прасіла: «Піць»,
адно паўтаралі вусны засьмяглыя.
Ледзь-ледзь трымцела
                                      жыцьця Яе ніць.
Калі памірала, ня быў зь Ёй я.
Таму яшчэ больш балюча і крыўдна),
памерла Яна, маці мая.
Для вёскі –
                       цётка Александрына.
Пасады розныя займала.
На розных пастах была Яна.
Ля печы стаяла, мыла, лён мяла,
сена сушыла, роды прымала,
сеяла, шыла...
                        Хіба гэта мала?
Працавала
зь відна да цямна.
Быў вечны той кругаварот.
Па сумяшчальніцтву даглядала
калгаснае поле
                          і свой агарод.
Словам, займала пасад нямала.
Словам, пасада была адна –
працавала
зь відна да цямна.
Яе незвычайныя справы і дзеяньні?
Такіх на рахунку Яе не было.
Затое можа пацьвердзіць сяло:
быў подзьвігам
                          кожны белы дзень Яе.
Ня мела ўрадавых узнагарод.
Ды што Ёй граматы ганаровыя!
Былі б толькі дзеці Яе здаровыя,
ды быў бы ураджайны год.
Мэдалі таксама Ёй не давалі.
Ёй не давалі арданы.
Навошта Ёй былі яны.
Абы не было толькі вайны.
Абы пісалі пісьмы сыны
ды сена хапіла да вясны.
Яна і ня думала і пра мэдалі.
Якія выносілі Ёй падзякі?
Ня ведаю, як наконт падзяк,
а вось няўдзячнасьці ўсякай
Яна пабачыла. Гэта так...
Хай будзе лёгкай Табе зямля,
Працаўніца, Гаспадыня,
Маці! Родная маці мая.
Для вёскі –
                    цётка Александрына.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.