РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іна Севярын
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Алесь Аркуш: «Я найперш паэт...»
 
Інтэрв’ю з паэтам, эсэістам, выдаўцом, заснавальнікам літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” Алесем Аркушам.
        Прывітанне, з вамі праграма “Літаратурная гасцёўня”, і я яе вядучая, Іна Севярын. У нашай гасцёўні працягваем знаёміць слухачоў “Твайго стылю” з сучаснымі літаратарамі. Добрыя вершы і цікавыя размовы пра літаратуру і жыццё. Шчыра запрашаем!
        

        
         Рэчка сунецца няспынна
         Як у дрэве жыўны сок.
         Човен лісьцікам з галіны
         Ціха ляжа на пясок.
        
        – Сённяшнім госцем літаратурнай гасцёўні стаў беларускі паэт, эсэіст, выдавец, заснавальнік літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” – Алесь Аркуш.
        Спадар Алесь аўтар каля дзесяці зборнікаў паэзіі і трох зборнікаў эсэістыкі, акрамя гэтага, з’яўляецца аўтарам тэксту гімна Полацка і песень такіх гуртоў як “Мясцовы час”, “Ріма”.
        Сам аўтар свой першы верш узгадаць не можа. Аднак па ўспамінах братоў, гэта была дзіцячая песьня на вядомы матыў.
        Вартасныя творы паэт пачаў пісаць падчас вучобы ў Жодзінскім тэхнікуме. Першыя вершы былі па-расейску, якія друкаваліся ў маскоўскіх часопісах.
        Дзякуючы знаёмству з хлапцамі, якія займаліся літаратурай і пісалі па-беларуску, у Алеся пачалі з’яўляцца беларускамоўныя творы.

        
        – Да гэтага мне здавалася, што па-беларуску немагчыма пісаць мадэрную літаратуру. Мне здавалася, што беларуская мова – архаічная, і яна хутчэй прыдатная да нейкіх «Дажынак», для нейкіх фальклёрных рэчаў.
        
        – Алесь Аркуш уваходзіў у таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Аднак пасля далучэння таварыства да саюза пісьменнікаў, Алесь вырашыў заснаваць уласную літаратурную арганізацыю “Таварыства вольных літаратараў”.
        
        – Пасля сканчэння наргаса я пераехаў у Полацак, і калі ўжо “Тутэйшыя” практычна перасталі існаваць, таму што большасць іх лідэраў уступіла ў Саюз Пісьменнікаў, і ідэя гэтая уся ляснулася, то мы проста з маімі сябрамі, з маімі аднадумцамі вырашылі, што мусім стварыць нейкую іншую літаратурную арганізацыю, альтэрнатыўную тагачаснаму Саюзу Пісьменнікаў на глебе нашай ідэалогіі – гэта нонканфармізм і рэгіяналізм.
        
        – Таварыства займалася арганізацыяй міжнародных літаратурных канферэнцый, выданнем альманаху “Ксэракс Беларускі”, а пазней “Калоссе”. На ўстановачным паседжанні арганізацыі было вырашана заснаваць літаратурную прэмію “Гліняны Вялес”.
        
        – Вялес – гэта бог са славянскага язычніцкага пантэона, які апякаваўся таксама людзьмі культуры.
        
        – “Гліняны Вялес” выдаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кніжку, якая можа быць выдадзена і па-за межамі краіны. Экспертная рада галасуе за адну кнігу з шорт-ліста, пасля чаго большасцю галасоў і вылучаецца лаўрэат.
        
         Рыба губляе луску –
         Сталь дамагаецца цела.
         Па мэталёвым пяску
         Рыба зьнямогла ляцела.
        
         Чуеш – як скрыгат расьце,
         Воды стаўбурацца ў гудзе?
         Безьліч сьмяротных асьцей
         Рэчцы патрапілі ў грудзі.
        
         Бачыш – хвалюецца сталь,
         Срэбныя воды ўскіпаюць?
         Чайка і хлопчык-вудаль
         Марна ратунку гукаюць.
        
        – Алесь працуе ў розных накірунках літаратуры. На пытанне, што яму бліжэй, адказвае наступнае:
        
        – Я так думаю, што я переважна паэт, найперш – паэт, і тое што мной напісана, самае лепшае – ў жанры паэзіі. Але паэзія такі досыць капрызны жанр.
        
        – На дадзены момант аўтар працуе над завяршэннем рамана “Палімпсэст”. Раман, твор-прысвячэнне сябрам і іх няздзейсненым марам. Пра ўласна раман, Алесь распавядае так:
        
        – Раман “Палімпсэст” я спрабую напісаць у такім нязвыклым жанры. Я яго называю – «лапікавы жанр». Ён як бы з такіх кавалачкаў зроблены, і нават у самой назве рамана будзе напісана, што гэта раман успамінаў, сноў і лістоў. Падзеі ў рамане адбываюцца напрыканцы 70-х – пачатку 80-х гадоў, гэта час маёй маладосці. Твор часткова пабудаваны на рэальных падзеях, часткова гэта прыдуманыя падзеі, і тое што тут прысутнічаюць сны, то гэта стварае атмасферу нерэальнасці.
        
        – На гэтым я з вамі развітваюся, а вашай увазе прапаную верш Алеся Аркуша “Табе”. Да новых сустрэч у літаратурнай гасцёўні “Твайго стылю”. У якасці музычнага афармлення выкарыстаны музычны твор гурта “Манетны двор”.
        
         Я ахвяра твайго гіпнатычнага сну,
         Твае жахі цікуюць за мной.
         Дыягенам пабачыў прыблуду-вайну,
         Крылы мёртва вісяць за сьпіной.
        
         Я раблю толькі тое, што мушу рабіць,
         Раўнавага – як прывід вясны.
         Гіпнатычна казаць, гіпнатычна любіць,
         Адчуваць чарназём баразны.
        
         Два жаданьні – адно мне прымусам дано,
         Не пазбыцца яго аніяк.
         У кілішках статычна чакае віно –
         Ці адбудзецца змоўніцкі знак.
        
         Я ахвяра – і споведзь мая, як пчала,
         Абавязак і праца – штодзень.
         Гіпнатычная хваля мяне ўзьняла,
         Як бярно, як мэталь, як камень.
        
        Паводле аўдыёзапісу "Гарадзенскія гісторыі" з сайта:
        http://t-styl.info/by/109/news/7407/Aлесь-Аркуш-Я-найперш-паэт.htm


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.