РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Расейская кунсткамера
 
Занатоўкi, эсэ i лiтаратурныя партрэты
ПЕРШЫ ПАКОЙ
ДРУГІ ПАКОЙ
ТРЭЦІ ПАКОЙ
ЧАЦВЁРТЫ ПАКОЙ
ПЕРШЫ ПАКОЙ
ПЕРШЫ ПАКОЙ
        
Аненскi
        
        Некалi эсэiст Леў Аненскi працаваў у каланiяльным (азначэнне Паршчыкава) часопiсе «Дружба народов». Каб ведаць народы не толькi па тэкстах, ён шмат ездзiў па СССР i прыдумаў досыць унiверсальную сiстэму формулаў. Хто як кормiць гасцей? Рускi: «Ты еш, еш. Ну, што ты не ясi? Выпi i закусвай». Беларус: «Мацi, пастаў госцю на стол i пайшлi, хай чалавек паесць».
        
        
Ахмадулiна
        
        Ахмадулiна – бляклы цень Ахматавай.
        
        
Баргузiн
        
        Нацыянальная палiтыка Расейскай iмперыi вызначалася выключным цынiзмам. Пачытаўшы расейскiя падручнiкi гiсторыi, можна лёгка ў гэтым пераканацца. Захопнiцкiя войны, на думку расейскiх настаўнiкаў, вялiся выключна ў iнтарэсах заваяваных народаў, якiм Расея несла культуру i асвету. Якую культуру расейскi заваёўнiк мог прынесцi ў Лiтву цi Фiняндыю ў 1940-м, у Вугоршчыну ў 1956-м, у Чэхiю ў 1968-м? Нiякай. Усё, што тычыцца нацыянальнага пытання, у расейскiх навучальных установах падаецца блытана, цьмяна i непраўдзiва. А таму не раз i не два я чуў на розных тэлевiктарынах адно i тое ж пытанне: «Хто такi або што такое баргузiн?» І расейскi чалавек «нiчтоже сумняшеся» адказваў, што гэта чалавек баргузiнскай нацыянальнасцi. І рэч не ў пытаннi пра вецер баргузiн, якi развявае ветразь над Байкалам. А ў адказе, якi паўтараецца з вiктарыны ў вiктарыну i якi ёсць заканамерным вынiкам расейскай нацыянальнай палiтыкi, згодна з якой ёсць вялiкiя нацыi, а ёсць народнасцi трэцяга гатунку, пра якiя i ведаць няварта.
        
        
Бруд
        
        Сын Мiкола з’ездзiў на дзень у Маскву. «Яны там усе брудныя, галодныя, злыя», – пра масквiчоў. А я ўжо i не заўважаю гэтага, прывык, пэўна. Мiколавы ўражаннi пераказаў Сашы Дынько. А яна кажа, што i сапраўды брудныя, галодныя, злыя.
        
        
Бунiн
        
        З расейскiх лiтаратараў ХХ стагоддзя самы ясны i зразумелы для мяне – Іван Бунiн. А тое, што Аляксандр Блок напiсаў, нiбыта ў Бунiна ёсць толькi адзiн варты згадкi вершык «Хрыстос», пад увагу не бяру. Блок, як вядома, выключны лiрык, а Бунiн – лiтаратар. Ягоная дзённiкавая кнiжка «Окаянные дни» нарэшце паказала ўсяму свету, наколькi жахлiвы, хаатычны, бессэнсоўны рускi бунт. Толькi не верш «Хрыстос», якi я вывучаў на памяць у юнацтве, а эратычныя апавяданнi са зборнiка «Цёмныя прысады» выклiкаюць у мяне захапленне. Многiя называлi i называюць Бунiна парнаграфiстам. Але калi Бунiн парнограф, дык тады эротыкi ў рускай лiтаратуры не iснуе наогул.
        
        
Вазнясенскi
        
        Пад Барселонаю, у Сiчазе падчас карнавалу, у натоўпе я апынуўся побач з паэтам Андрэем Вазнясенскiм. Той глядзеў у вiтрыну i гаварыў да старой кабеты: «Сорак баксаў. Паглядзi… Гэтая драбяза каштуе сорак баксаў!!!»
        
        
Высоцкi
        
        Нiколi не любiў i не палюблю песнi Уладзiмiра Высоцкага, але процьму ягоных твораў ведаю напамяць. Высоцкi – яскравы феномен масавае свядомасцi, якi жыве ў нас незалежна ад нашага жадання.
        
        
Галяўкiн i Хармс
        
        Галяўкiн-Халяўкiн. Ёсць у расейцаў i такi мастак-апавядальнiк, як Вiктар Галяўкiн. Каб Хармс не верыў у Бога, каб Хармс любiў дзяцей, каб Хармс не ладзiў фiласофскiх дыспутаў, быў бы ён Галяўкiным – добрым, цiхiм i малацiкавым.
        
        
Горкi i Цютчаў
        
        Пралетарскi лiтаратар Максiм Горкi напiсаў такi радок: «Вар’яцтву смелых пяём мы песню!» У гэтых словах – уся непрасветленасць Расеi, якую, на думку паэта-цэнзара – Хведара Цютчава, «розумам не зразумець, аршынам агульным не памераць».
        
        
Дастаеўскi
        
        У сваiх «Словах пiгмея» Акутавага Руноскэ напiсаў пра Фёдара Мiхайлавiча наступнае: «Раманы Дастаеўскага поўняцца карыкатурнымi вобразамi. Праўда, большасць з iх прымушае маркоцiцца i самога д’ябла». Японцу вобразы Дастаеўскага падалiся карыкатурнымi, насамрэч жа выродлiвасць у Дастаеўскага рэалiстычная, звычайная расейская.
        
        
Дастаеўскi
        
        Чорны рэалiст Дастаеўскi хварэў на азарт. Але не шанцавала Хведару Мiхайлавiчу, i ў швейцарскiм казiно ён прайграў 2000 рублёў золатам. Спехам пазычыў грошы на дарогу i ўцёк у Санкт-Пецярбург. Доўг расейскага лiтаратара i дагэтуль не сплочаны. Не любяць расейцы вяртаць грошы. Браць любяць, красцi любяць, а вяртаць – не.
        
        
Даўлатаў
        
        Тое, што Расея брудная i засмечаная, ведаюць усе. Але чаму так? Вось вам прыклад: «Выносiў я аднаго разу бачок са смеццем. Змерз. Вывернуў яго метры за тры ад памыйкi. Хвiлiн праз пятнаццаць да нас увалiўся дворнiк. Учынiў гвалт. Высветлiлася, што ён па смеццю лёгка вызначае жыльцоў i нумар кватэры…» Гэты запiс зрабiў расейскi iнтэлiгент Сяргей Даўлатаў. Што казаць пра iншых жыльцоў Расеi?
        
        
Дугiн
        
        У анатацыi да двухтомнiка Дугiна «Расейская рэч» напiсана, што ён найбуйнейшы расейскi мысляр сучаснасцi. Трэба пачытаць. Пачытаў: «Хай бурацца сэрцы i стогнуць пад нашай пятою блiзляжашчыя народы». Нiцшэ! Нi больш нi менш. Толькi няма вакол Расеi «блiзляжашчых», бо ўсе ўжо «блiзстаяшчыя». Яшчэ… Калi ў Нiцшэ ў цэнтры сусвету звышчалавек – бялявая бестыя, дык у Дугiна – смярдзючы труп расейскага салдата.
        
        
Ерафееў
        
        Вiктар Ерафееў (не блытаць з Венечкам) – лiткрытык, i, як кожнаму лiткрэтыну, яму ведама, пра што трэба пiсаць у белетрыстычных творах. Ён папiсвае, я пачытваю… «Расея гарыць ад фармальнай рэлiгiйнасцi». Трапна. «Цi хачу я, каб Расея распалася на кавалкi? Каб Татарыя адлучылася ад Мардовii? Каб Волга высахла? Каб сутарга прайшла па Сiбiры? Каб скончыўся балаган? Хачу! Хачу!»І я не супраць, i я хачу. «Расейскi народ чымсьцi ўразлiва не ўнiкальны. Ён падобны да iншых архаiчных народаў Азii, Лацiнскай Амерыкi, Афрыкi сваёй наблiжанасцю да жывёльнага свету». Люблю жывёл. Расейскi народ не ўнiкальны, але i ад цнатлiвай прыроды далёкi. «Што стане з Расеяй, калi яна закоцiцца? Што рабiць з гэтым вялiзным гнiлым трупам? Прысыпаць гашанай вапнаю». Можна вапнаю. Лепей зямлёю. «Трэба аддзялiць расейцаў ад Расеi. Расеягаўнiсцейшая за расейцаў». Ну, няпраўда. Расейцы гаўнюкi яшчэ тыя. Яны i ў Амерыцы гаўнюкi, i ў Францыi. «Расейцы – самыя сапраўдныя паразiты». Вядома! Хто супраць? «Расейцам не трэба даваць занадта многа адукацыi. Дастаткова царкоўнапрыходскiх школак. Не трэба выпускаць за мяжу. Свалата мусiць сядзець дома». Не трэба дык не трэба, але свалата мусiць сядзець у турме. Зрэшты, яна там i сядзiць. Расея заўсёды была турмою народаў, у тым лiку i расейскага. «Расея мяне загрызла канчаткова. Божа, як надакучыла! Яна сера па нагах. Яна сера. Мы серам». Засранцы, лепш не скажаш. «У Расеi можна пражыць толькi на хлуснi, не вылучаючы гуманiстычную хлусню iнтэлегенцыi». Праўда, чыстая праўда, як праўда i тое, што Расея «гiстарычна «нячэсная» краiна». «Краiна вечнага рамонту. Тутака ўсё так падгнiло, не паспеўшы саспець, што, за што нi вазьмiся, каб зрабiць рамонт, трэба пачынаць спачатку, а лепш за ўсё i зусiм не пачынаць». І гэта пра Расею-мацi. А вось i кантрапункт: «Я люблю расейцаў. Я вельмi люблю расейцаў. Проста як Ясенiн».
        
        
Еўтушэнка
        
        Калi ў расейскую паэзiю прыйшло пакаленне мэтамэтафарыстаў – Жданаў, Паршчыкаў, Яроменка – Яўген Еўтушэнка, вялiкi знаўца кан’юнктуры, вырашыў прымазацца да новых зорак i прыйшоў весцi паэтычную вечарыну. Ён досыць маляўнiча прадставiў Яроменку i даў яму слова, але Сашка слова не ўзяў i нават з крэсла не ўстаў. Ён гучна на ўсю залу сказаў: «Хадзi сюды, я табе ўрэжу!» Еўтушэнка ўцёк.
        
        
Зялёнка
        
        У расейскiх салдатаў на чачэнскай вайне ёсць выраз «пайшла зялёнка», тож бо зазелянелi горныя лясы, i не вiдаць, як змяняюць дыслакацыю iсламскiя баевiкi. Супраць гэтага выразу выступiў рэжысёр маскоўскага тэатра «На Таганцы» Любiмаў. Ён расказваў пра цудоўную пару года – вясну, пра паэтычнасць часу, калi на галiнках распускаюцца пупышкi i ўзнiкаюць першыя пяшчотныя пялёсткiлiсточкаў. «А тут, б-дзь, зялёнка пайшла! Якая зялёнка? Хiба так можна? Нейкi жах!» – абураўся тэатральны генерал. Сапраўды жах. Паводле звестак ангельцаў, у Ічкерыi на кожнага iчкерыйца прыпадае федэральны вайсковец. Неразумная прапорцыя, калi слова розум можна стасаваць да ваеннай сiтуацыi. Але называць вайною тое, што дзеецца на Каўказе, я не магу. Там iдзе бойка, паганая звалка ў п’яным чадзе i наркатычным дурмане. «Работалi на гранатах, а потым нажамi i зубамi», – так распавядае малады федэрал пра лясны, у зялёнцы, бой. Хiба гэта вайна, калi людзi грызуць людзей? Для мяне ў каўказскiх падзеях ёсць яшчэ адна драматычная акалiчнасць: я не магу стаць нi на адзiн з бакоў канфлiкту. Я не прымаю варбарства, у якiм жылi i жывуць чачэнцы, з рабамi, з публiчнымi расстрэламi, з рэлiгiйным фанатызмам. Я не разумею федэралаў, якiя вырашылi за ўсякую цану вырваць перамогу на Каўказе. Я не ўспрымаю пафасу культурнага генерала Любiмава, якi не разумее, што выраз «зялёнка пайшла» мае шмат сэнсаў. І ёсць не толькi зялёнка пяшчотных лiсточкаў, а ёсць i тая, што прадаецца ў аптэках. Яе нельга выпiць, як медыцынскi спiрт. І ёй вельмi добра апрацоўваць раны на скуры. Разам з зялёнкаю на гарах пайшла зялёнка па расейскай i чачэнскай скуры. І дзякаваць Богу, што ёсць аптэчная зялёнка, якая выдатна гоiць раны.
        
        
Іванаў
        
        Карцiна-монстр Аляксандра Іванава «З’яўленне Хрыста да народу», напiсаная для храма Хрыста-Збаўцы ў Маскве, каштавала iмператарскаму бюджэту дзесяць тысячаў рублёў – грошы велiзарныя па тым часе. Іванаў пакрыўдзiўся, бо за другую карцiну-монстра «Медны змiй» пэндзля акадэмiка Брунi цар выклаў на дваццаць тысячаў болей. Я пагаджаюся з ацэнкай iмператара. Брунi прагматычна абраў, кажучы сучаснай моваю, чыста галiвудскi шлях – намаляваў карцiну-катастрофу з фантастычнымi элементамi. Падобныя катастрофы ў мастацтве заўсёды карыстаюцца попытам у гледача. «Дзявяты вал» Айвазяна, «Апошнi дзень Пампеi» Брулова i «Медны змiй» Брунi хоць бы палохалi гледачоў. А што «З’яўленне», на якiм няма нiякага з’яўлення, а ёсць апранутая асоба мужчынскага полу, якая нiбыта iдзе да паўапранутых асобаў мужчынскага полу, застыглых у ненатуральных гiпсавых позах? Сумна. Не кранае.
        
        
Іскандэр
        
        У доме творчасцi Фазiлю Іскандэру дастаўся нумар без тэлевiзара. Усчаўся вэрхал. Заўгас прытарабанiў з дому ўласны тэлевiзар. Вёз ён яго ў дзiцячай калясцы.
        
        
Ключэўскi
        
        Можна сказаць: руская мова i французская мова. Можна сказаць: французскi розум, але пра рускi так не скажаш. Рускi дух, русская кемлiвасць, руская хiтрасць… Толькi не розум. Рабiць такiя заявы досыць небяспечна, таму знаходжу сабе падтрымку ў выказваннi гiсторыка Ключэўскага: разумны рускi – гэта дурань, набiты чужымiдумкамi.
        
        
Купрын
        
        Расейскi белетрыст Аляксандр Купрын, якога нiяк не папракнеш у суб’ектыўнасцi цi нелюбовi да Расеi, у нарысе «Крышку Фiнляндыi» апiсвае карцiну ў найсапраўднейшым расейскiм жанры: «Памятаю, гадоў пяць таму мне давялося з пiсьменнiкамi Бунiным i Фёдаравым прыехаць на адзiн дзень у Іматру. Назад мы вярталiся позна ўночы. Аб адзiнаццатай цягнiк спынiўся на станцыi Антрэа, i мы выйшлi перакусiць (далей Купрын апiсвае фiнскiя прысмакi i тое, што расейскiя сэрцы былi агаломшаны ежаю. – А.Г.).
        А калi мы вярталiся ў вагон, нас чакала цудоўная карцiнка ў сапраўды расейскiм жанры.
        Справа ў тым, што з намi ехалi два падрадчыкi па каменных работах. Усiм вядомы гэты тып кулака з Мiшчэўскага ўезда Калужскай губернi: шырокая, сальная, скуластая чырвоная морда, рыжыя валасы, што вiюцца з-пад картуза, рэдзенькая барадзёнка, лядачы погляд, вера ў Бога на пяцiалтынны, гарачы патрыятызм i нянавiсць да ўсяго нерасейскага – адным словам, добра знаёмы сапраўды расейскi твар.
        Трэ было паслухаць, як яны здзеквалiся з бедных фiнаў!
        – Вось дурнi дык дурнi. Бо такiя балваны, чорт iх ведае! Ды я, калi падлiчыць, на тры рублi i сем грывен з’еў у iх, у шэльмаў… (а плацiў за шведскi стол толькi адзiн рубель з драбязой. – А.Г.) Эх, навалач! Мала iх б’юць, сукiных сыноў! Адно слова – чухонцы.
        А другi падхапiў, душачыся ад смеху:
        – А я… знарок шклянку кокнуў, а потым узяў i ў рыбiну плюнуў…
        – Так iх i трэба, свалату!
        У гэтай сапраўды расейскай карцiне больш за ўсё мяне засмучае тое, што апляваную рыбiну з’елi Купрын з Бунiным i Фёдаравым.
        
        
Ленiн
        
        Якiм нiкчэмным, спарахнелым, маразматычным выглядае сягоння расейскi iмперыялiзм. Расейскiя палiтыкi ездзяць па так званым «блiзкiм замежжы» i ўгаворваюць чыноўнiкаў розных рангаў прывесцi свае народы назад у iмперыю. У iх знаходзiцца толькi адзiн аргумент: мы ж столькi гадоў пражылi разам у адной дзяржаве. Сапраўды пражылi, але не разам, а побач, бо шлюб быў гвалтоўны. А пакiнуць гэтую «турму народаў, як трапна азначыў правадыр сусветнага пралетарыяту Ульянаў-Ленiн, хацелi ўсе народнасцi, нацыянальнасцi, народы i нацыi. Яны жадалi выйсцi з Расеi з таго самага iмгнення, як апынулiся ў ёй. Расейскiя iмперыялiсты ўсё яшчэ вераць у сваё адраджэнне. Дарма.
        
        
Лермантаў
        
        Ёсць у расейцаў устойлiвае словазлучэнне руская лазня. Пра тую лазню напiсана безлiч прозы з вершамi вялiкiмi Талстымi, наздымана кiнасцэнаў рознымi Мiхалковымi, панамалёвана карцiнаў усялякiмi Кустодзiевымi. Руская лазня – аб’ект культавы ў расейскай свядомасцi, без усялякiх перабольшанняў. Таму рускi чалавек мусiць любiць сваю лазню i хадзiць чысты. А тут не так, лазню ён любiць, а ходзiць брудны. Адна знаёмая неяк мiж iншым сказала пра свайго мужа: чытаць ён мала чытае, а кнiжкi любiць. Дык вось любiмы паэт рускага народа напiсаў у адной са сваiх кнiжак такiя словы: «Бывай, нямытая Расея, краiна панства i рабоў…» Вельмi слушна заўважыў М.Ю.Лермантаў пра нямытасць сваiх суайчыннiкаў, якiя калi i сходзяць у лазню, дык пасля панапiваюцца i ў гразi выкачаюцца.
        
        
Лiмонаў
        
        Порнабелетрыст Эдзiк Лiмонаў – чалавек сквапны. Каб узяць у яго iнтэрв’ю, журналiстцы Лiсiцкай давялося паабяцаць яму мегафон. Эдзiку на мiтынгу трэба выступаць, а мегафона няма. Лiсiцкая, дзеўка абароцiстая, дастала мегафон. Толькi ён, гад, не працаваў. Дзве гадзiны рамантавалi i не далi рады. Нарцысiст Лiмонаў даў iнтэрв’ю бясплатна. Слабак.
        
        
Малевiч
        
        Калi што i прызнаецца ў свеце з расейскага выяўленчага мастацтва, дык гэта авангард дзясятых – пачатку трыццатых гадоў ХХ стагоддзя. Палотны Кандзiнскага, Татлiна, Родчанкi выстаўленыя ў найлепшых галерэях свету. Яны бясспрэчна вартыя самага пiльнага вывучэння, найгрунтоўнейшых даследаванняў i ўрачыстых шанаванняў. Расейскi рэвалюцыйны авангард канцэнтруецца ў адной найвыбiтнейшай асобе Казiмiра Малевiча. Чытаючы ягоныя лiсты, я знайшоў той факт, што Малевiч, пераправiўшы большасць сваiх твораў у Нямеччыну, прасiў напрамiлы Бог не вяртаць iх у Расею. Таму робiцца зразумелым, чаму найлепшы збор твораў супрэматыста Малевiча знаходзiцца ў Галандыi. Казiмiр Малевiч быў празорцам. Не верыў, што ў Расеi ўсталюецца цывiлiзаванае грамадства. Лiзаблюды, што яшчэ ўчора вылiзвалi партрэцiкi цароў, пачалi старанна вылiзваць морды ленiнаў, варашылавых i сталiнаў. Традыцыя працягваецца: учорашнiя атэiсты малююць царкоўныя абразы. У адрозненне ад бесхрыбетных хамелеонаў, Малевiч быў наскрозь iдэалагiзаваны адной вялiкай iдэяю абнаўлення свету, а свет Расеi застаўся нязменны – нi чорны, нi белы, нi чырвоны, а балотнага колеру.
        
        
Мартынаў i Дантэс
        
        Лермантаў i Пушкiн загiнулi на дуэлях. Пушкiна смяротна паранiў Дантэс, а Лермантава застрэлiў Мартынаў. Факты. Мартынаў пражыў доўгае жыццё i рабiў некалькi спробаў напiсаць тлумачэнне фатальнай падзеi. Пачынаў ён нiбыта са шкадавання, а потым рабiўся злы. Тэксты не скончаныя, абрываюцца нечакана. З гэтага вынiкае, што, калi б Лермантаў выжыў i зноў назваў Мартынава мартышкай, той зноў бы страляў у крыўдзiцеля. Дантэс, наколькi вядома, не пакiнуў нiякiх пакаянняў, забiў «светач рускай паэзii» i забiў. І што асаблiва засмучае ў праявах немiласэрнага лёсу: нi Мартынава, нi Дантэса нельга параўнаць з легендарным Сальеры, якi так мiфалагiчна атруцiў Моцарта. А тут – пошлая бытавуха i дзiцячыя крыўды. І Лермантаў, i Пушкiн загiнулi бяздарна, а доказы гэтага – Мартынаў i Дантэс.
        
        
Мiхалкоў
        
        Кiнарэжысёр Мiкiта Мiхалкоў прыехаў у Беларускi тэатральна-мастацкi iнстытут з выступленнем. Кiнуў палiтон на крэсла ў рэктараце, зайшоў у залу i, хутка прайшоўшы мiж радоў, заскочыў на сцэну. Скачок узрадаваў. А вось развагi пра генiяльнасць мастака Фядотава мяне расчаравалi. Зрэшты, кiнафiльм «Абломаў», пабудаваны на варыяцыях палотнаў Фядотава, на мой погляд – адна з лепшых прац Мiхалкова. Генiяльнасць ганчароўскага, чыста рускага вобраза – памешчыка Абломава выцягнула з пасрэднасцi Фядотава i Мiхалкова. Што нi кажы, а сцэнар у кiно – аснова асноваў.
        
        
Паршчыкаў
        
        Паэт Аляксей Паршчыкаў напiсаў радок: «Мора – гэта звалка веласiпедных рулёў». Нечаканае параўнанне. І цяпер, гледзячы на мора, што пачынае хвалявацца, я бачу гэтую блiскучую звалку рулёў.
        
        
Прышвiн
        
        Раздражняе расейская самасць. Мы самыя вялiкiя, мы самыя няшчасныя. Мы ўтапiлi самы вялiкi падводны човен, у нас згарэла самая высокая вежа, у нас самыя жорсткiя тэрарысты… З любой трагедыi робiцца выключная з’ява. Суцэльны самападман пануе ў расейскай свядомасцi. Нават у расейскiм часопiсе «Плэйбой», прэзентуючы пiсьменнiка Мамлеева, пiшуць, што ён вялiкi расейскi пiсьменнiк. Такое светаўспрыманне немiнуча вядзе да трагедыi, да расчаравання. Самасць асляпляе расейцаў. І нават разумны i далiкатны лiтаратар Мiхаiл Прышвiн пiша: «…няма ў свеце больш варбарскага абыходжання з жывёламi, са сродкамi працы, з зямлёю, чым у нас». Можна дадаць i чалавека, не памылiмся. Але ж галоўнае: «няма ў свеце» i «больш». Дурная самасць, што вядзе да новых i новых ахвяраў.
        
        
Пушкiн
        
        Па-руску пiсаў Пушкiн, а яшчэ па-руску напiсалася безлiч даносаў у царскую ахранку, у ЧК, у НКВД, у КГБ, даносаў, па якiх тварылiся судзiлiшчы i людзi прыгаворвалiся да расстрэлаў. Канцылярыя ў савецкiх канцлагерах таксама вялася на так званай «вялiкай i магутнай» мове. Загады на вынiшчэнне цэлых народаў прамаўлялiся па-руску, з рознымi нямецкiмi i грузiнскiмi акцэнтамi, але ж па-руску. Дык што такое жменька выдатных лiтаратараў, кшталту Пушкiна, у параўнаннi з плоймаю катаў, садыстаў, пачвараў, якiя рыкалi, верашчалi, плявузгалi па-руску? Дробны вынятак. Рускамоўных генiяў цяпер я не бачу. А даносы па-ранейшаму пiшуцца ў ФСБ i МУС.
        
        
Расейская кнiга-1
        
        Пераважная большасць людзей, задзейнiчаных у расейскiм кнiжным бiзнесе, – нярускiя. Як сказаў адзiн мой калега габрэй, так склалася гiстарычна. Пагаджаюся. Першую рускую бiблiю надрукаваў беларус Скарына, першыя рускiя тлумачальныя i этымалагiчныя слоўнiкi зрабалi немцы Фасмэр з Далем, нават заснавальнiк сучаснай лiтаратурнай рускай мовы Пушкiн па бацьку эфiоп. Як склалася, так пайшло i так iдзе. Асноўныя капiталаўкладаннi на расейскiм кнiжным рынку належаць немцам i габрэям, а вось большасць белетрыстыкi пiшацца беларусамi.
        
        
Расейская кнiга-2
        
        Куды б я нi паехаў, абавязкова заходжу ў кнiгарнi. Гэта звычка з дзяцiнства. Добрая, скажу табе, завядзёнка. Пастаiш каля палiчак з кнiгамi, нешта пагартаеш, нешта пачытаеш, набудзеш. Так вось воляю лёсу i стаў я лiтаратарам i кнiгавыдаўцом. Калi лiтаратар я беларускi, дык кнiгавыдавец расейскi, бо выдаю кнiгi на расейскай мове. І за расейскую кнiгу нейкiм чынам перажываю. Мяне вельмi насцярожыў той факт, што ва ўсiх замежных крамах расейскiмi кнiгамi гандлююць iнвалiды. У вiленскай «Русской книге» цябе сустрэне зморшчаны чорнагаловы карузлiк з драўляным голасам; у Празе расейскую кнiгу прапануе аднарукi аматар тэалагiчных дыспутаў; а ў Карлавых Варах гандляр наогул катаецца ў краме iнвалiднаю каляскай з кудлатым сабачкам на руках. Зрэшты, кнiжная крама – прытулак не надта прыгожых людзей. Прыгажуны i прыгажунi наведваюць усялякiя iншыя крамы – аўтамабiльныя, ювелiрныя, моднага адзення. А ў кнiгарнях шукаюць прытулку людзi самотныя, рамантычныя, крышку бажаволкi.
        
        
Расейская мова-1
        
        З расейскiм празаiкам Святазарам Барчанкам я сядзеў за адным рэстаранным сталом у доме творчасцi ў Пiцундзе. З жонкаю мы дэманстрацыйна перагаворвалiся па-беларуску. «А вам не сорамна гаварыць за сталом на мове, якой астатнiя не разумеюць?» – паспрабаваў упiкнуць нас Святазар. «А вам не сорамна, што ўсе смяротныя прысуды ЧК, НКВД i КГБ пiсалiся па-расейску?» Два днi мы не гаварылi. Потым замiрылiся, i Святазар расказаў, як ягоны дзед даў прытулак сям’i Івана Бунiна ў крывавым 1917 г. Пазней я знайшоў у бунiнскiм дзённiку запiс: «Каля шлагбаума кола рассыпалася. Да Яльца пешкi – цяжка! Жахлiва! Спыняць, могуць забiць… Прытулiлi нас Барчанкi. Увечары (зноў удар!) (Успамiны перарываюцца гукамi гарматных стрэлаў, якiя чуваць было, калi рабiлiся запiсы ў дзённiку. – А.Г.) у нас госцi, я гаварыў лiшняе, – выпiў. 24-га прабылi ў Яльцы. Адсюль чуткi пра пагромы маёнткаў. Вл. См. усё Аненскае разграмiлi. Паляць хлеб, скацiну, свiней смажаць i п’юць самагонку (зноў!)». У знак прымiрэння Святазар пераклаў на сапраўдную расейскую мову маю аповесць «Смерць-мужчына».
        
        
Расейская мова-2
        
        Недалюблiваю расейскую мову, а тых, хто яе насаджае гвалтам, не слухаю. Не пашанцавала мне з настаўнiцамi вялiкай i магутнай. Усе, як адна, яе не ведалi. Першая, Казачка, не мела вышэйшай адукацыi – ну што тут казаць. Другая, Серафiма, адукацыю мела, але вучнi яе не паважалi настолькi, што трымалi дзверы i не пускалi ў клас. Серафiма плакала, iстэрычна верашчала i скардзiлася дырэктару… Якая мова?! Трэцяя, Карэлка, блыталася ў мужчынскiм i жаночым родзе. Ён прыйшла, яна прыйшоў… Дысцыплiна на ўроках была жалезная, а расейскага слова не было. Чацвёртая, Татарка, прыйшла да нас адразу пасля iнстытута i спрабавала сябраваць. Знайшла сяброў. Выперлi яе са школы за прафнепрыдатнасць. Пятая, Старая Дзева з беларусаў, тое-сёе выправiла ў маёй адукацыi: да школьных выпускных iспытаў я вывучыў усе патрэбныя правiлы, але атрымаў «4», бо прапускаю лiтары, калi пiшу. Так яна патлумачыла занiжаны бал. Апошняя, шостая – Мянчучка з габрэяў – запомнiлася сваiм садызмам. У яе былi дзве адзнакi – «1» i «4». Неяк я ўсё ж атрымаў залiк, а колькi людзей пагублялi з-за непатрэбнай прынцыповасцi гады жыцця – не пералiчыць. Такi парадокс: нелюбоў да расейскай мовы мне прышчапiлi кепскiя настаўнiцы.
        Праўда, пазнаёмiўся я з настаўнiцай расейскай мовы ў Тбiлiсi. Яна рабiла па 40 памылак у дыктоўцы для 4 класа. Дык мае яшчэ не з горшых: хоць чытаць-пiсаць навучылi.
        
        
Рэйн
        
        Пiцерскi паэт Яўген Рэйн, сябра Язэпа Бродскага i вучань Ганны Ахматавай, аднойчы сярод ночы, калi мы чыталi вершы i пiлi «рускую», сказаў: «Не пiшы нацыяналiстычную паэзiю, i ўсё складзецца добра». Паслухаў я Рэйна i перайшоў на прозу.
        
        
Рэпiн
        
        Кiнематаграфiст Мiкiта Мiхалкоў , разважаючы пра жывапiс, не падумаўшы, ляпнуў: творчасць Іллi Рэпiна такая ж папулярная ў Расеi , як творчасць Рафаэля ў Італii. Мяркую, сам Рэпiн вельмi здзiвiўся б такому мядзведжаму i чыста расейскаму камплiменту. Папулярнасць мастакоў iталiйскага Адраджэння пераўзыходзiць вядомасць астатнiх на некалькi парадкаў, i Расея, дзякаваць Богу, не вынятак з правiлаў. Пэўна, з-за такiх недарэк-лiслiўцаў, як Мiхалкоў, Рэпiн на схiле гадоў назаўсёды пакiнуў Расею i пасялiўся ў Фiнляндыi – «прытулку ўбогага чухонца», як яе называў А. Пушкiн. Ёсць, праўда, i iншая, больш важкая прычына эмiграцыi Іллi Яфiмавiча. Пра яе так напiсаў Уладзiмiр Маякоўскi: «І Рэпiн, i Бродскi (меўся на ўвазе мастак, а не паэт. – А.Г.), i Урубель верылi толькi ў рубель». Вядома, фiнскую марку тады яшчэ толькi-толькi ўвялi, але ў Расеi на той час хлеб па картачках давалi, так што Рэпiн меў рацыю, калi рублёвую веру змянiў на марачную.
        
        
Савiцкi
        
        Чытаючы раман «Тэма без варыяцыяў» Дзмiтрыя Савiцкага, падумаў, што ў свеце iснуе iнтэрнацыянальная эмiгранцкая лiтаратура. Асаблiва тут вызначылася ХХ стагоддзе: Аляксей Талстой, Аляксандр Купрын, Джэймс Джойс, Генры Мiлер i безлiч iншых. Салжанiцын У сваiм опусе «Як абсталяваць Расею» Салжанiцын назваў рэспублiкi Сярэдняй Азii расейскiм падчарэўем. Калi пайсцi ў параўнаннях за публiцыстам, можна Уладзiвасток ахрысцiць заднепраходнай адтулiнай, а Камчатку хвастом, якi з-за энергетычнага крызiсу пачаў адмярзаць. Тое, што Масква – сэрца Расеi, вядома i без Салжанiцына… Як i большасць «абустройшчыкаў» Расеi манiлаўскага ўзору, Салжанiцын пражыў жыццё за мяжою Радзiмы. І вярнуўшыся, не забывае чужую старонку, што кормiць, поiць i апранае. Таму васьмiдзесяцiгоддзе Салжанiцын святкаваў на тэрыторыi шведскай амбасады, а не ў Мураме цi Суздалi. І ясна чаму. Не «абвустроiлi» яшчэ Расею, не збудавалi, як тыя шведы, сацыялiзм з чалавечым тварам. І апошняе, што варта сказаць пра творчасць Салжанiцына… Усе ягоныя жахi разам узятыя – нiшто ў параўнаннi з «Запiскамi з мёртвага дома» Хведара Дастаеўскага. Гэта Дастаеўскаму шведы далi Нобелеўскую прэмiю, а атрымаў яе Салжанiцын.
        
        
Салтыкоў-Шчадрын i Бунiн
        
        Існуе показка, што нiбыта расейскi цар спытаў у Салтыкова-Шчадрына, як адным словам абмаляваць усю Расею. «Крадуць!» – адказаў сатырык. Падобнае апiсвае Іван Бунiн у сваiх дзённiках: «Быў на млыне. Размова з Андрэем Сiманавым. З ягоных слоў, уся наша вёска злодзей на злодзеi!» Каб жа толькi вёска крала. А крадуць у Расеi i ў горадзе, i ў маскоўскiм Крамлi.
        
        
Сарокiн
        
        Вiця Ерафееў назваў Вову Сарокiна «гаўнавозкай». Крытык меў рацыю. Сарокiн любiць гаўно, пiша пра гаўно. Капрафагiя – асноўны матыў сракiнскай творчасцi. Хто да мяне назваў Сарокiна Сракiным – неiстотна, бо трапна. Варта спытаць Вову, цi тоне гаўно. Адказ мусiць быць такi: гаўно тоне. Вова ж майстар нечаканых канцовак.
        
        
Талстой
        
        Пра адлучэнне Льва Талстога ад расейскай праваслаўнай царквы я даведаўся ў Ленiнградзе, у музеi рэлiгii i атэiзму, якi месцiўся ў памяшканнi Казанскага сабора. На сценапiсе палымнела пекла, у агнявой геене сядзелi сумныя Талстой з Лермантавым. Ідыятызм карцiнкi я i зараз не стаўлю пад сумнеў. Гонар расейскай культуры i нацыi – Талстой, любiмы паэт Расеi – Лермантаў на загад невядомых паўдуркаў намаляваныя сярод чартоў. Прыклад расейскага праваслаўнага цемрашальства. Сумна, што сёння пачаўся новы этап дзiкунства. Адзiн мой знаёмы журналiст, схаваўшы партбiлет, распачаў праваслаўную кар’еру. Сустрэлiся мы выпадкова ў букiнiстычнай краме. Новы праваслаўны прытарабанiў здаваць на камiсiю зборы твораў Талстога i Лермантава. «А што ты зробiш, калi нiхто не купiць?» – «Занясу на сметнiк».
        
        
Талстой
        
        Янка Брыль – талстовец i лiтаратар – пiсаў пра iдыятызм вясковага жыцця. У мяне iдыятызм жыцця на вёсцы асацыюецца хутчэй з жыццём Талстога, чым з жыццём селянiна. Васiль Восiпавiч Ключэўскi пра таго ж Талстога сказаў так: «Талстой – позняя пародыя на старажытнарасейскага бажаволка, якi соваўся гарадскiмi вулiцамi голы i не саромеўся».
        
        
Троцкi
        
        Бацька чырвонага тэрору Леў Троцкi дэталёва апiсаў сваё жыццё-быццё ў маскоўскiм Крамлi. Уразiла не тое, што бальшавiкi расстралялi царскую сям’ю, а што, расстраляўшы, спакойна жэрлi з царскага посуду, i прыслужвалi iм за сталом царскiя лёкаi.
        Я не цярплю аднаразовага посуду, але i з чужых, нават рэстаранных, талерак есцi не люблю. Каб можна было хадзiць у госцi з уласным сталовым прыборам, я б хадзiў.
        
        
Трубяцкой
        
        Расейскi эмiгрант князь Мiкалай Трубяцкой у 20-х гадах ХХ ст. фармуляваў дактрыну новага шляху Расеi. Ён пiсаў: «Камунiзм на самой справе з’яўляецца скажоным варыянтам еўрапеiзму ў яго разбурэннях духоўных асноваў i нацыянальнай унiкальнасцi расейскага грамадства, у распаўсюджваннi ў iм матэрыялiстычных крытэраў, якiя фактычна кiруюць у Еўропе i Амерыцы…»
        Вiдавочны маразм Трубяцкога пацвердзiла гiсторыя, калi камунiзм дайшоў да Азii i выявiўся ва ўчынках Мао, Хо Шы Мiна i асаблiва крывава ў дзеяннях Пол Пота, паслядоўнiкi якога матыкамi трушчылi чарапы сваiх бацькоў.
        «Наша задача – стварыць цалкам новую культуру, нашу ўласную культуру, якая не будзе падобнай да еўрапейскай цывiлiзацыi… Калi Расея перастане быць скажоным адбiткам еўрапейскай цывiлiзацыi… Калi яна зноў стане сама сабою: Расеяю-Еўразiяю, свядомай спадкаемнiцаю i носьбiтам вялiкай спадчыны Чынгiсхана».
        Маразм на маразме. Якая цалкам новая культура? Чаму не трэба быць падобным да цывiлiзацыi? Кiм можа быць Расея, акрамя як Расеяю? Чаму за ўзор бярэцца спадчына Чынгiсхана, а не прыклад Аляксандра Македонскага, якi хоць крышку ў Арыстоцеля вучыўся i рэальна аб’яднаў Еўропу з Азiяй?
        І няхай бы глупствы князя-выгнаннiка засталiся на пажоўклай паперы. Дык не. Расея намагаецца аб’яднаць Беларусь з Таджыкiстанам, Ічкерыяй i Карэлiяй i стварыць гэтую хiмерычную Расею-Еўразiю. Кроў, вайна i жабрацтва народа – вось вынiк намаганняў.
        Расеi, каб захавацца як Расеi, трэба зрабiцца Масковiяй, еўрапейскай дзяржавай, iнакш яе з’есць мусульманская Азiя, Чынгiсхан адродзiцца, i расейцы зноў будуць сплочваць падаткi вялiкаму манголу.
        
        
Тургенеў
        
        У дзённiку братоў Ганкураў Іван Тургенеў названы «мiлым варбарам». З «барбарам» я згодны цалкам, а вось «мiлы» – чыста французская галантарыя. Тургенеў не мiлы i не друг, а барбар з бабскiм тварам, хворы на iмперскую iдэалогiю.
        
        
Хармсiха
        
        Марына з роду князёў Трубяцкiх з 1934 па 1942 г. была жонкаю самага экстравагантнага расейскага лiтаратара Данiiла Хармса. Ва ўспамiнах яна кажа: «Нi за якiя грошы, нi за што, што б мне нi далi – каштоўныя пярсцёнкi, дыяменты – нiколi ў жыццi я не буду глядзець на Расею!» Так вось знявагамi давялi чалавека да нянавiсцi да Радзiмы. Гэтымi словамi яна скончыла ўспамiны. А вышэй яна напiсала i такое: «Мяне i яшчэ трох-чатырох маладых паклалi на печы. Я хутка сагрэлася. І раптам я пабачыла котку! Няз’едзеную котку! Я як загарлаю: «Трымайце яе! Таварышы, хапайце яе!» – i зляцела з печы. Я кiнулася за коткай, каб яе злавiць. Але яна, дзякуй Богу, уцякла». Котку Марына лавiла, выбраўшыся з блакаднага Ленiнграду, дзе за талерку супу з сабачыны аддала Друскiну ўсе рукапiсы мужа. Свайго Данi, якi баяўся толькi аднаго на свеце – што яго забяруць у войска i прымусяць забiваць людзей, якi iмiтаваў псiхiчную хваробу, якога па даносе арыштавалi i замарылi голадам у турме. А Марына вырвалася з блакады, а пасля i з Расеi. Ёй пашанцавала.
        
        
Чэхаў
        
        Гумар i сарказм Антона Чэхава падштурхнулi мяне да пытання: а цi не чэх Антон Паўлавiч?
        І сапраўды, Чэхаў блiжэйшы да Чапэка з Гашакам, чым да Бунiна з Талстым. І каб Чэхаў напiсаў раман, гэта быў бы хутчэй «Бравы салдат Швейк», чым «Вайна i мiр». І калi нехта напiша зноў, што А.П.Чэхаў – вялiкi расейскi пiсьменнiк, я не паверу. Чэхаў – выключны пiсьменнiк, еўрапейскi пiсьменнiк, сапраўдны апавядальнiк, як i Чапэк з Гашакам. Чэхаў нармальны, а не вялiкi. А нармальнасць – тое асноўнае, чаго не ставала Расеi нi ў ХІХ, нi ў ХХ стагоддзях.
        
        
Шолахаў
        
        Выдатны нiгiлiст Луi-Фердынанд Сэлiн у сваiм рамане «З замка ў замак» абурыўся: «…Вось калi б я быў якi-небудзь Влас… Влас Прохрохроффф… з Крыжопалю-на-Доне… Крыжопаль-на-Доне – гэта вам не Курбвуа-на-Сене!.. Вось тады Нобелеўская прэмiя была б у мяне ў кiшэнi… Але ж я тутэйшы i нават не сэфард!.. Такiя, як я, нiкому не патрэбныя!.. Іх трэба знiштажаць!.. Каб не назалялi!..» Абураўся Сэлiн. І меў права, бо Шолахаў, Салжанiцын – Власы Прох-рох-рохарафы горшыя за яго, а ўзнагароды атрымалi. Шолахаў атрымаў за антыiнтэлектуальны, грувасткi i не чытэльны раман пра Дон. Шолахаў i Ленiнскую прэмiю атрымаў, i Сталiнскую – «яму пашанцавала нарадзiцца ў Крыжопалi».
        
        
Што рабiць з трупам?
        
        ХІХ стагоддзе прайшло ў расейскай культуры пад пытальнiкам, пастаўленым пасля сказа «што рабiць». «Што рабiць?» – пытаўся Чарнышэўскi ў сваiм рамане «Што рабiць?» Герой Ганчарова лайдак Абломаў таксама шукаў адказу на невырашальнае для расейцаў пытанне. Хоць яшчэ ў школе усiх без вынятку вучаць: адказ знаходзiцца ў пытаннi. Трэба рабiць. Працаваць трэба, рабiць работу. Але для расейца гэта не адказ. У iх уся работа робiцца «на шчупакова казанне». Калi не шчупак, дык залатая рыбка пераробiць усю чыста работу. Нават Уладзiмiр Ульянаў (Ленiн), якi вучыўся на выдатна, напiсаў кнiжку з назваю «Што рабiць». А ў ХХ стагоддзi расейцы знайшлi сабе работу, i назва той рабоце – вайна. Яны так i кажуць з тэлеэкранаў: «У Чачэнii нашы салдаты робяць сваю работу». І яны там нарабiлi, i не толькi там… Яны наработалi i падчас расейска- японскай, i на першай iмперыялiстычнай, i на савецка-фiнскай, i ў Другую сусветную… Яны – расейскiя мужыкi – «рабiлi сваю работу», i ў вынiку ўзнiкла асноўнае пытанне расейскай iнтэлегенцыi ХХ стагоддзя: «Што рабiць з трупам?». І не рытарычнае гэта пытанне, не абстрактнае, яно актуальнае, сакральнае, рэальнае. Уся Расея засцеленая трупамi, i не нябожчыкамi, што адышлi ў лепшы свет паводле звычайных законаў прыроды. Расея заслана трупамi ахвяраў. Ахвяры войнаў, ахвяры канцэнтрацыйных лагераў, ахвяры белага, чырвонага i зялёнага тэрору засцiлаюць Расею. Расейцы забiлi свайго цара i праз 80 гадоў не змаглi яго нават пахаваць па-людску. А ў цэнтры расейскай сталiцы, на Краснай плошчы ў Маскве ляжыць труп самога Ленiна (Уладзiмiра Ульянава), якi нiбыта ведаў, што рабiць. А расейцы зноў не могуць знайсцi адказ. А ён да банальнасцi просты: труп трэба закапаць. Нябожчыкаў неабходна хаваць, а не трымаць у лядоўнях па 10 гадоў. І першага, каго трэба пакласцi ў зямлю, гэта Ленiна.
        
        
Яроменка
        
        Аляксандр Яроменка напiсаў кнiжачку вясёлых вершаў, сабраў калекцыю мастацкiх вырабаў з расейскiх турмаў i знiк. Дзе? Што робiць? Цi жыве? Зрэшты, не ў тым сутнасць. Калi чытаю Сашкавы санеты, пераконваюся: Нобелеўскую прэмiю можна даваць толькi за вершы. Каб хоць неяк кампенсаваць тое, што яе не даюць мастакам i рэжысёрам. Ну сапраўды, чаму Сянкевiч i Шолахаў лаўрэаты, а Пiкаса i Бунюэль – не?

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.