РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ася Паплаўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Уладзімер Арлоў: «Уяўляеце, які я быў натхнёны? Я ведаў у нечым больш, чым Караткевіч!..»
        Калі пачынаеш размову пра сучасную беларускую літаратуру ў асяроддзі, якое дачынення да яе не мае, то, бадай, адзіным пісьменнікам, імя й творы якога прыгадваюць адразу, з’яўляецца Уладзімер Арлоў… З ім, мусіць, жадае пагаварыць кожны журналіст, які мае хоць якое-небудзь дачыненне да літаратуры. Цяпер я як ніхто іншы іх разумею: Уладзімер Аляксеевіч вельмі жывы, цікавы чалавек. Гутарыць з ім – суцэльнае задавальненне. Седзячы на ўтульнай канапе ў кватэры пісьменніка, мы пагаварылі пра Уладзіміра Караткевіча, Станіслава Аўгуста Панятоўскага, цэнзуру, тэлебачанне…
        

        
        – Вы лічыце сябе пераемнікам якой-небудзь літаратурнай традыцыі?
        
        – Я, магчыма, як і большасць беларускіх літаратараў, лічу сябе пераемнікам ці, дакладней, прадаўжальнікам, нацыянальнай літаратурнай традыцыі.
        У студэнцкія гады мы з сябрамі адкрывалі для сябе не проста беларускую літаратуру, а па сутнасці, краіну. Мы пачыналі разумець, што наша радзіма – гэта не дом і не вуліца, не Севецкі Саюз, як тады спявалася ў адной песенцы. Адбывалася гэта дзякуючы найперш творам Уладзімірі Караткевіча. Цікава, што скончыўшы школу, я нават не ведаў, што ў нас ёсць такі пісьменнік, як Караткевіч – не пашанцавала з настаўніцац беларускай мовы і літараутры… У пэўны час, калі я займаўся яшчэ самвыдатам, калі пісаліся першыя вершы, першыя празаічныя практыкаванні, Караткевіч, можна сказаць, быў Богам для мяне, як і для майго невялікага літаратурнага асяроддзя.
        Потым прыйшло адкрыццё Васіля Быкава як другой велізарнай велічыні на небасхіле беларускай літаратуры. Прычым адкрыў я яго як нацыянальнага пісьменнікі пасля з’яўлення “Знаку бяды”. І прыйшло ўсведамленне таго, што гэтыя два пісьменнікі ўзаемна дапаўняюць адзін аднога, бо Караткевіч адкрываў, можна сказаць, душу беларуса, гісторыю краіны самім беларусам, а Быкаў не менш таленавіта рабіў гэта для ўсяго свету. Гэтыя пісьменнікі найбольш паўплывалі на мяне.
        Калі казаць пра паэзію, то… Я не хачу сказаць, што яны былі маімі настаўнікамі, зусім не, але яны паўплывалі сваімі талентамі, сваімі кнігамі, сваімі адметнымі творамі. Гэта Рыгор Барадулін і крыху пазней Алесь Разанаў. Безумоўна, сярод паэтаў, у магічным полі ўплыву якіх я знаходзіўся, быў Уладзімір Караткевіч. Дастаткова сказаць, што ягоны зборнік вершаў «Мая Іліяда» я ў студэнцкія гады цалкам вывучыў на памяць...
        
        – Вы былі знаёмыя з Караткевічам?
        
        – Мы былі знаёмыя, але на адлегласці. Некалькі разоў размаўлялі з ім па тэлефоне, ён прыслаў мне водгук на адно з першых маіх больш-менш удалых апавяданняў, якое ўжо належыла больш да літаратуры, чым проста да практыкаванняў, – апавяданне “Добры дзень, мая Шыпшына”. Дзякуючы такому, можа быць, незаслужана натхнёнаму водгуку Караткевіча, я і сваю першую кніжку назваў “Добры дзень, мая Шыпшына”. Караткевіч мне ў гэтым водгуку шмат чаго напісаў. Магчыма, у яго была такая метода: даваць авансы маладым літаратарам (смяецца). Там быў такі момант: мае героі ўначы сядзелі на беразе сажалкі і глядзелі на сузор’і гарлачыкаў. Караткевіч мне напісаў: “Валодзя, у мяне ёсць толькі адна заўвага да вашага апавядання: мне здаецца, што жоўныя гарлачыкі, як і белая лілея, на ноч свае кветкі закрываюць. Праверце”. (Смяецца) А я ведаў, што не, бо апавяданне было аўтабіяграфічнае. Уяўляеце, які я быў натхнёны? Я ведаў у нечым больш, чым Караткевіч!..
        Караткевіч жыў побач з Адамам Глобусам. Тады Глобус жыў шчэ з бацькамі. Я некалькі разоў нават спыняўся ў яго. Аднойчы быў пісьменніцкі з’езд, я ночыў якраз у Адамчыкаў і мы дамовіліся, што Глобус абавязкова мяне пазнаёміць з Караткевічам. Гэта ўсё адкладалася, адкладалася і ўрэшце я прыехаў у Менск, калі ўжо запланаванае было знаёмства. Валодзя, ён жа Адам Глобус, пазваніў да Караткевіча, і высветлілася, што якраз напарэдадні Караткевіч паехаў з сябрамі на Палессе. Сталася так, што гэта была ягоная апошняя вандроўка…
        Потым я не раз бываў у яго кватэры, калі яна ўжо страціла свайго гаспадара. На вялікае шчасце, дзякуючы сястры Караткевіча, Наталлі Сямёнаўне, дух Уладзіміра Сямёнавіча там застаўся. Па сутнасці, яна мемарыялізавала пакой, дзе пісаў Караткевіч. Там і яго бібліятэка, і стол, і нават яго камізэлька, накінутая на крэсла, у якім ён сядзеў, цацкі ягоныя, якія ён называў сваімі дзецьмі, бо дзяцей яму не даў Бог… Доўгі час пасля смерці Караткевіча мы змагаліся за тое, каб там быў створаны музей, але ўлады на ўсе нашыя звароты адказвалі адно: музеі належаць толькі народным пісьменнікам. А паколькі Караткевіч не быў народным, значыць, музея не будзе. Тады мы спрабавалі ініцыяваць пасмяротнае прысваенне звання “народны” і лісты нашыя падпісвалі вельмі вядомыя людзі, нашыя літаратары. Я памятаю, калі мы былі ў Маскве, на семінары маладых літаратараў, першым свой подпіс паставіў Алесь Адамовіч. Праўда ён сказаў: “Валодзя, нічога ў вас не атрымаецца. Я падпісваюся, аде ўлада на гэта ніколі не пойдзе”.
        Будзем цешыцца з таго, што захаваўся кабінет, і туды можна трапіць на экскурсію. На жаль, ужо ў лепшым свеце Наталля Сямёнаўна, але зараз там жыве пляменніца пісьменніка, і я спадзяюся, што яна таксама захоўвае дзядзькаў пакой.
        
        – Чаму вы абралі менавіта гістарычную прозу?
        
        – Я не толькі гістарычную прозу абраў, хаця сапраўды значная частка маіх кніг прысвечаная гістарычнай тэме. Можа быць таму, што я нарадзіўся ў Полацку, таму што радзільня была побач з Сафійскім саборам, таму што ўлюбёнымі гульнямі былі пошукі падземных хадоў і старажытных скарбаў. Я абсалютна ўпэўнены, што ў XXI стагоддзі полацкія лабірынты, апетыя Вацлавым Ластоўскім у яго аднайменнай аповесці, яшчэ падораць сенсацыйныя адкрыццм нашым гісторыкам. Можа быць, сапраўды здзейсняцца літаратурныя прароцтвы Ластоўскага пра тое, што бібліятэка Сафійскага сабора схаваная пад Полацкам, можа быць, там знойдуцца кнігі, пісаныя рукой самой Ефрасінні, можа быць, там знойдзецца і полацкі летапіс. А Сяржук Сокалаў-Воюш перакананы, што і арыгінал крыжа Ефрасінні Полацкай знаходзіцца там, у сутарэннях. Я думаю, гэта былі знакі лёсу: горад нараджэння, месца нараджэння. Думаю, невыпадкова і Вольга Іпатава піша на гістарычную тэму, бо нарадзілася не дзя-небудзь, а ў Міры і нават нейкі час жыла ў тых старажытных мурах, бо пасля вайны там жыло цэлае мястэчка, спаленае немцамі.
        
        – У вас ёсць любімы перыяд у гісторыі Беларусі?
        
        – Не, Ася, у мяне няма такога якога-небудзь аднаго перыяду. Мяне цікавяць розныя перыяды і розныя асобы. Часам у мяне пытаюцца, якая асоба вас найбольш цікавіць, з якой вы б хацелі сустрэцца? Я вельмі шмат з кім хацеў бы сустрэцца, калі была б такая магчымасць. Я калісьці пачаў фантастычную аповесць “Прадаецца машына часу”. Яна няскончаная, але там была такая ідэя: сустрэчы з тым, з кім хацелася б пабачыцца. Там такі атрымліваўся даволі доўгі спіс, у якім былі, напрыклад, асобы з часоў Полацкага княства. Я свядома не збіраўся з самымі вядомыммі асобамі сустракацца, мне хацела сустрэцца з Лазарам Богшам ці з Іаанам, якія працавалі ў тыя чыса ў Полацку, стваралі свае шэдэўры.
        Калі казаць пра эпоху Вялікага Княства Літоўскага, то мне хацелася сустрэцца, напрыклад, з Іванам Нямірам, які кіраваў полацкай харугвай у Грунвальдскай бітве.
        Калі казаць пра апошні перыяд існавання радзімы нашых продкаў ВКЛ, то мяне, бузумоўна, вабіць асоба вялікага князя і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Вось з ім я, відаць, з усім нашых манархаў, хацеў бы сустрэцца найбольш. Мяне ўражвае яго трагічны лёс. Яго жыццё, яго каханне да Кацярыны II, калі яна яшчэ не была расейскай імператрыцай вартае не аднаго раману… Мала хто ведае, што ў іх нарадзілася дзіця, праўда, яно малое памерла. Яны сапраўды не маглі жыць адно без аднаго. Потым лёс склаўся так, што Кацярына дапамагла Станіславу ўзысці на трон у Рэчы Паспалітай, потым сама й пазбавіла яго гэтага трону, знішчыла ягоную дзяржаву, а трон, дарэчы, загадала перавезці ў Пецярбург і паставіць у сваёй прыбіральні: прыстасавала яго пад унітаз. Такі фінал іх кахання атрымаўся. Дакладней, фіналам было тое, што на гэтым троне яе і разбіў паралюш у 1796 годзе.
        
        – З вашай кнігай “Ордэн Белай мышы” звязана некалькі цікавых гісторый…
        
        – З “Ордэнам Белай Мышы” атрымалася так. Кніжка ў папяровым фармайце выйшла ў 2003 годзе. Як ні дзіўна, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, зь якога мяне 1998 годзе звольнілі з унікальнай фармулёўкай: “Уволить за выпуск исторической и другой сомнительной литературы”. Я да апошняга моманту не верыў, што гэта кніга выйдзе. Тым не менш, яна з’явілася з мінімальнымі цэнзурнымі праўкамі. Па сутнасці, у тэкст цэнзура не ўлезла: мне ўдалося адстоіць тыя моманты, да якіх чапляліся. А прыдзіраліся, у прынцыпе, да чаго заўгодная.
        Напрыклад, у апавяданні “Маша і мядзведзі” белыя мядзведзі з’елі ў звярынцы дзяўчынку Машу. Нейкі чыноўнік з Міністэрства інфармацыі праз рэдактарку гэтай кнігі перадаў пытанне: чаму менавіта расейскую дзяўчынку з’елі мядзведзі, а не якую-небудзь іншую? Не трэба думаць, што гэта нейкае крыважэрнае апавяданне, яно напісанае ў даволі іранічным стылі, прысвечанае праблеме рэінкарнацыі і гэтак далей (смяецца). І мне трэба было адказаць праз рэдактара – сам гэты чалавек, куратар маёй кнігі, заставаўся невядомым, мы мелі зносіны праз радактарку. Я даваў тлумачэнні, яна запісвала, а потым яму насіла, паказвала. Я патлумачыў гэтай спадарыні Іне, што тут няма ніякага падтэксту, што, яны з’елі расейскую дзяўчынку Машу, бо ў нашых шыротах яны сустракаюцца значна часцей, чым грузінскія, каўказскія… Яна так перадала, і гэта прайшло.
        Яшчэ была такая сітуацыя ў апавяданні “Ордэн Белай Мышы”, ці ў апавяданні-казцы, як яго часта называюць: кароль сядзіць за сталом з пісьменнікам, якога хоча гэтым ордэнам узнагародзіць, і расказвае яму, што калісьці ягоныя продкі даўнія разбілі арду вялікага князя Івана Іванавіча. Пасля ў іх з’явілася фамільная страва на іх стале ў гонар той перамогі. Мяне запыталіся: чаму Івана Іванавіча? Што тут за намёкі? Я падумаў: ну ўсё, пачаліся прычэпкі, кніга не выйдзе, відаць. Іна, кажу, перадайце, што я гатовы зрабіць замест Івана Іванавіча Вавана Ваванавіча, і гэта, як ні дзіўна, прайшло. Так што ў кнізе вы можаце пабачыць вялікага князя Вавана Ваванавіча. Тады якраз Пуцін быў абраны прэзідэнтам у Расеі (смяецца).
        Кніга, тым не менш, выйшла, але разгарэўся скандал. Тэкст цэнзураваць не ўдалося – цэнзуравалі ілюстацыі, што належалі таленавітай руцэ Аляксея Марачкіна. Да “Ордэна Белай Мышы” на слуцтытуле быў намаляваны персанаж з вусікамі кароткімі… У апошні момант прыбег чыноўнік у рэдакцыю “Мастацкай літаратуры” з крыкам (прабачце, Ася, я цытую, як гэта было): “Нам і так за кнігу Арлова яйца адкруцяць! А тут яшчэ Марачкін намаляваў Лукашэнку і мужыка з яйцамі!” Гаворка шла яшчэ пра адну ілюстрацыю, дзе Марачкін падкрэсліў мужчынскія полавыя прыкметы. У выніку, малюнкі гэтыя без згоды аўтара змянілі: вусы падкруцілі, зрабілі, як ў Дон-Кіхота, а гэтаму мужыку, як яны выказаліся, “з яйцамі”, гэтую самую частку адрэзалі.
        Тады мне сказалі, што мяне не будуць друкаваць у гэтым выдавецтве 10 гадоў. Але гэтае апавяданне набыло жыццё, незалежнае ад аўтара: газета “Известия” напісала пра яго матэрыял пад назвай “Цензура отрезала органы”, яго пераклалі на чэскую, польскую, украінскую мовы…
        
        – Як вы ставіцеся да працэсу пераходу літарутры з віртуальную прастору?
        
        – Я станоўча стаўлюся, бо гэта заваёва новай прасторы.
        
        – Многія пісьменнікі маюць свій уласны блог, дзе выкладаюць тэксты, абмяркоўваюць пэўныя праблемы й рэаліі з чытычамі… А вы да ЖЖ так і не дайшлі…
        
        – Я не ведаю, ці дайду да яго, але ўжо дайшоў да ўласнага сайту (www.arlou.org), хаця ён яшчэ далёкі ад ідэалу. У прынцыпе, з большасцю маіх твораў можна пазнаёміцца альбо непасрэдна праз гэты сайт, альбо знайсці спасылкі на творы ў Сеціве. Можа быць, таму яшчэ я не завёў сабе ЖЖ, што мне хапае карэспандэнцыі ў яе звычайнай форме. Я проста, напэўна, не змог бы так сябе камфортна пачуваць, бо я чалавек адказны… У мяне неяк быў форум, і я пачуваў неабходнасць адказаць кожнаму ўдзельніку, але на гэта проста фізічна не стае часу.
        
        – Некалькі месяцаў таму па БТ йшла перадача “Жарсці па культуры”, тэмай якой была “Сучасная беларуская проза” і размова зайшла пра тое, што не стае піяру, хаця я казала пра тое, што досыць піяру. Той жа слэм, як адна з найбольш цікавфыхз форм. Тыя ж бясконцыя вечарыны… Як вы лічаце?
        
        – Калі вы ўжо загаварылі пра беларускае тэлебачанне, то, вядома, яно магло б адыграць сваю ролю ў гэтым. Наколькі мне вядома, як былі зачыненыя рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання на нашых тэлеканалах у свой час, так іх і не аднавілі. Па сутнасці, няма параграм, якія б знаёмілі з навінкамі менавіта нацыянальнай літараутры. Малюецца на экране нейкі чалавек, я не ведаю, хто ён, за якія заслугі ён вядзе гэтую праграму, знаёмства з літарутрнымі навінкамі, баюся, што ніякіх заслуг ў яго няма, мяркуючы па тых кнігах, якія ён рэкламуе. Гэта кнігі расейскіх выдавецтваў, вельмі часта вельмі сумніўнай якасці, альбо тыя кнігі, якія не патрабуюць рэкламы: Каэлья там ці яшчэ што-небудзь, што ў любой кнігарні пабачыш, як толькі туды зойдзеш. Мне вельмі не хапае на тэлебачанні тых праграм, якія піярылі нашу літаратуру.
        Хоця й гучаць час ад часу галасы скептыкаў, што нашай літарутра нецікавая, што нічога не ствараецца, але… Можа, гэтам скептыкам яна й нецікавая, але летась выйшла трохтомная анталогія беларускай літаратуры па-польску, анталогія па-літоўску, за апошнія гады выйшла анталогія сучаснага беларускага апавядання па-польску, па-чэску, рыхтуецца на італьянскай мове анталогія сучаснай беларускай прозы… Дарэчы, чэскі часопіс “Plav”, які спецыялізуецца на замежнай літаратуры, цэлы нумар прысвяціў летась беларускай літаратуры, і ў рэдактар у сваім артыкуле напісаў, што на іх думку, беларуская літаратура цяпер адна з найцікавейшых у Еўропе, і таму, маўляў, мы прысвячаем ёй асобны выпуск нашага выдання…

Крыніца: http://asia-paplausk.livejournal.com/68928.html#cutid1/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.