РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ася Паплаўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Барыс Пятровіч: «Мне заўжды вельмі складана знайсьці назву для гатовага твора»
        Пісьменьнік, рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч у пятніцу, 19 сакавіка, прэзентуе кнігу "Плошча. Гісторыя аднаго каханьня".
        Барыс Пятровіч адказаў на некалькі пытаньняў датычна сваёй новай кнігі.
        

        
        - Спадар Барыс, чаму кніга называецца "Плошча"?
        
        - Мне заўжды вельмі складана знайсьці назву для гатовага твора. Бывае так, што твор пачынаецца ад назвы, але тое - невялікія рэчы. Бывае наадварот: твор напісаны, а назва, якая б нейкім чынам яднала і адпавядала зьместу, не прыдуманая. Мой новы твор складаецца з двух частак, што маюць свае падзагалоўкі і адпавядаюць зьместу. Частка першая называецца "Жыцьцё па-за часам, альбо сьлед стралы". Першапачаткова і сам твор называўся "Сьлед стралы", але потым я вырашыў зьмяніць назву, зрабіць яе больш канкрэтнай і больш набліжанай да тых рэальных падзей, што апісваюцца ў творы. Каб нейкім чынам зьмякчыць назву, я даў падзагаловак "Гісторыя аднаго каханьня". Гэта сапраўды гісторыя каханьня, гісторыя двух маладых людзей, якія пакахалі адзін аднаго задоўга да Плошчы, але само разьвіцьцё іх пачуцьцё атрымала менавіта на Плошчы і пасьля яе.
        
        - Чым для вас асабіста вызначаецца гэты твор сярод вашых невялікіх тэкстаў, што вы публікавалі раней?
        
        - Раней я пісаў пра рэчы, якіх не было ўвогуле, якія нараджаліся ў маёй галаве. Я адыходзіў ад рэальнага жыцьця і мне гэта падабалася - пісаць пра тое, пра што ня ведае ніхто, і, можа, нават сам я ня ведаю. Сядаючы за чысты ліст паперы, я сам ня ведаў, што за словы зьявяцца на ім... Так бы мовіць, адпускаў галаву на волю пасьля дзённай працы ў рэдакцыі, пасьля працы, якая ня дужа падабалася, якая была прымусовай у нейкім сэньсе. Я пісаў тое, пра што мне хацелася пачытаць у іншых, але іншыя не пісалі. Гэта мой першы досьвед - пісаць пра падзеі, сьведкамі якіх былі тысячы чалавек і ў кожнага зь іх засталося нейкае сваё ўражаньне, засталіся свае ўспаміны. Гэты твор - своеасаблівая стылізацыя пад дзёньнікі і ўспаміны маладых людзей: дзяўчыны і хлопца. Часам я сам, прызнацца шчыра, не падзяляю іхнія думкі. Скажам, мой герой адпачатку ставіцца вельмі скептычна да так званай апазіцыі, ён пасьміхаецца з тых, хто піша на сьценах "Жыве Беларусь!", лічыць іх гора-падпольшчыкамі... Мой герой ня любіць сучасны Менск. Я думаю, што многіх ягоныя думкі зачэпяць за жывое, за нешта балючае і таму многім гэты герой не спадабаецца. Нечым ён і мне не падабаецца, але ён такі, які ёсьць. Такіх людзей мы ўсе ведаем, мы іх бачым, сустракаем, але гэта ня значыць, што ён адпавядае мне, як некалі сказаў Флабэр: "Мадам Бавары - гэта я". Гэта зусім ня так. Гэта проста іншы чалавек.
        
        - Ці маюць дзёньнікавыя запісы, што вы прыводзіце ў творы, дакументальную аснову?
        
        - Вядома, дакументальная аснова. Асабліва другая частка. Дзёньнікі грунтуюцца на рэальных падзеях, удзельнікамі якіх былі рэальныя людзі. Апісваючы тыя падзеі ў сваім дзёньніку, мая гераіня абапіраецца на рэальныя факты, апісваючы тую рэльную Беларусь: як праходзілі выбары, як узьнік намётавы гарадок на плошчы, як ён жыў... Аб гэтым шмат людзей пісала ў газетах, у часопісах, у жывых часопісах, у Інтэрнэце. Пра гэта ёсьць фільмы, дакументальныя кнігі. Калі я пісаў твор, я зьвяраў па гэтых тэкстах падзеі, каб сапраўды твор быў праўдзівым.
        Прататыпаў ні ў хлопца, ні ў дзяўчыны няма. Гэта вобразы зборныя. Характар, я спадзяюся, атрымаўся цэльным - гэта важна. Факты іх біяграфіі альбо цалкам выдуманыя, альбо прыналежаць іншым людзям. Звычайная пісьменьніцкая праца...
        
        - Вы сказалі, што тэма плошчы ўсебакова асьветленая журналістамі, сьведкамі тых падзей, пісьменьнікамі. Ці ня лічыце вы, што сёньня тэма Плошчы ўжо не такая актуальная, як 3-4 гады таму?
        
        - Гэта сапраўды так. І мне шкада, што так адбываеца, што забываюцца тыя падзеі, бо Плошча - гэта сапраўдны подзьвіг нашае моладзі. Маладыя людзі ішлі пратэставаць, адпачатку разумеючы, што наўрадці ім удасца нешта зьмяніць. Гэта быў своеасаблівы крык адчаю, калі так можна сказаць. Вядома, яны разумелі, што, выходзячы на Плошчу, яны рызыкуюць сваёй будучыняй і сваёй кар’ерай, але ішлі на гэта. У тых варунках гэта быў сапраўдны подзьвіг! Ён павінен жыць, і колькі б пра яго ні пісалі, усё адно гэтага будзе мала, тым больш, што вы самі кажаце, што гэта ўжо забывацца стала... Усе кнігі і фільмы, што мы маем - гэта, хутчэй, дакументальныя рэчы. Я спадзяюся, што мая кніга мастацкая. Мне цікавыя былі ня столькі самі падзеі і факты, колькі стаўленьне да іх маладых людзей, тое, як яны прапускалі іх праз сваю душу. Гэта істотна. Мне адпачатку хацелася, каб гэтая кніга была не дакументальнай, а мастацкай. Можа, таму я і ня стаў яе адразу друкаваць, калі напісаў. А напісалася яна ў 2007 годзе, і тады гэтыя падзеі былі зусім блізкія. Тады, мне здаецца, яна ўспрынялася б у рэчышчы тых самых кніг, што пісаліся журналістамі адразу пасьля падзеяў. Мне хацелася, каб мая кніга засталася не як дакумент, а як мастацкая памяць, мастацкі твор.
        
        - Хто будзе выступаць на прэзентацыі кнігі?
        
        - Пакуль што сьпіс удакладняецца, але на сёньняшні дзень далі згоду Уладзімер Арлоў, Алесь Бяляцкі, Алесь Пашкевіч, Эдуард Акулін і некалькі чалавек, што жылі ў намётавым гарадку на Плошчы, а потым адбывалі стукі на Акрэсьціна.
        
        Прэзентацыя кнігі Барыса Пятровіча "Плошча. Гісторыя аднаго каханьня" адбудзецца ў пятніцу, 19 сакавіка на Сядзібе БНФ (Варвашэні, 8) у 17 00. Уваход вольны.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.