РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Тарасова доля
        Памяці Тараса Шаўчэнкі
        
I
        
Ходзіць гоман па Ўкраіне
          У сьвяточных шатах...
Гаманіць Дняпро са стэпам
          Аб вялікім сьвяту.
 
Тую долю, што калісьці
          Тарас напрарочыў, –
Тую долю чуюць вушы,
          Бачаць ясны вочы.
 
Тая воля, на якую
          Тарас спадзяваўся,
Загуляла ў буйным стэпе,
          Сонцам абвілася.
 
Тое шчасьце, аб якім так
          Тарас вечна марыў,
У народзе на свабодзе
          З Крамля гаспадарыць.
 
Добрым словам памінае
          Вялікага сына
Украіна маладая,
          Вольная Ўкраіна.
        
        
II
        
Як раджала яго маці, –
          Не сьвяцілі зоры,
Зубы скаліла няволя,
          Хахатала гора.
 
Песень радасных, вясёлых
          Над яго калыскай
Не сьпявалі маладухі
          Ні здалёк, ні зблізку,
 
А як вырас, як падняўся,
          На свае стаў ногі,
Сьледам – паншчына, батрацтва,
          Панскія парогі.
 
Крукам гнуўся перад панам,
          Уздыхаў нясьмела,
Катавалі батагамі
          Юнацкае цела.
 
Энгельгарты, Энгельгарты!
          Ўжо вам не паўстаці, –
Адамсьціла Украіна
          За дзяцей і маці.
        
        
III
        
А было ў тыя часіны
          Цёмна, бы ў магіле,
Людзі гінулі, як мухі,
          Ці, як здань, блудзілі.
 
Ні сьвятла таго, ні ўсьмешкі
          Хоць бы на хвіліну, –
Ночка хутала Ўкраіну,
          Ці ж толькі Ўкраіну?!
 
І скрыпелі, і бразджэлі
          Ланцугі наўкола,
Панства людам гандлявала,
          Як нямой жывёлай.
 
Прадавала і мяняла,
          Ў карты прайгравала,
Крыві, сьлёзам канца-меры
          Бядняцтва ня знала.
 
Гэткай катаргі і мукі
          Пяром не апішаш.
Прамінула. Толькі думку
          Успамін калыша.
        
        
IV
        
Нарадзіўся на сьвет белы
          І Тарас у путах,
А нялёгка, ой, браточкі,
          Змалку быць закутым!
 
Я таксама нарадзіўся
          Ў ланцугах пад царам.
Спапяліў бы ту часіну,
          Каб я мог, пажарам!
 
Прайшлі годы. Тарас вырас,
          Як таполя ў полі.
Выкуплялі добры людзі
          Тараса зь няволі.
 
Як браў грошы пан вяльможны
          Рукою паганай,
Кроў блішчэла на дукатах,
          Кроў людзей скаваных.
 
Кроў скаваных бацькі, маці,
          Скованага сына,
Кроў блішчэла на дукатах
          Скутае Ўкраіны.
        
        
V
        
Па гасьцінцы беларускім,
          Ў Пецярбург з Варшавы,
За карэтаю за панскай
          Пхнецца хлопец жвавы.
 
Гэта йдзе Тарас-нявольнік,
          Служка ясьне-пана,
Пан у золаце. Ён бедны,
          Босы, абарваны.
 
Беларускія бярозы
          Абапал гасьцінца
Калыхалі думкі шумам
          Хлапчуку-ўкраінцу.
 
Бор шумеў яму над вухам,
          Булькалі крыніцы, –
Маладому, дасьціпному
          Было чым дзівіцца.
 
Бачыў ўбогія хаціны,
          Крытыя саломай,
Людзей бачыў паднявольных,
          Што і ў сябе дома.
        
        
VI
        
Чаму ў сэрцы беларускім
          Песьня Тарасова
Адгукнулася, запела
          Зразумелым словам?
 
Чаму вецер з Украіны
          З думкаю крылатай
Далятаў да Беларусі
          І шумеў над хатай?
 
Бо йшла доля беларуса
          З доляй украінца
Адналькова – ў поце, ў сьлёзах,
          Церневым гасьцінцам.
 
Бо згіналі адналькова,
          Змалку да скананьня,
Шыі ў ёрмах і чакалі
          Яснага сьвітаньня.
 
Як жылося, як вялося,
          Як марнелі сілы,
Таму сьведкай там і тутка
          Курганы, магілы.
        
        
VII
        
Пакахаў Тарас дзяўчынку
          У дзяцінстве, рана,
І да самае да сьмерці
          Не забыў Аксаны.
 
Разам пасьвілі чужыя
          Сьвіньні ды авечкі,
Разам бегалі ўдагонку
          Босыя да рэчкі.
 
Колькі высьнілі абое,
          Думак нагадалі, –
Гэта знае стэп шырокі
          Ды Дняпровы хвалі.
 
Сэрца меў Тарас такое,
          Што любіць умела,
Вочы меў, што ўмелі плакаць
          Па мілай век цэлы.
 
Тараса пагнаў з сабой пан
          З роднае краіны,
А Аксана шукаць хлеба
          Пабрыла ў чужыну.
        
        
VIII
        
Хто б падумаў, здагадаўся,
          Што ў такіх аковах
Быў Тарас багаты скарбам,
          Скарбам адмысловым.
 
Ні цары, ні іхні слугі,
          Ні паны, ні каты
Не маглі забраць, украсьці
          Гэты скарб багаты.
 
А была яго багацьцем,
          Скарбам небывалым,
Была песьня, што з-пад сэрца
          На сьвет вылятала.
 
Не танула песьня ў моры,
          Ў агні не гарэла,
Закаваць ня мог у путы
          Сатрап азьвярэлы.
 
Маляваў ён і малюнкі,
          Ды, як сіл ні траціў,
Не ўдалося у няволі
          Шчасьце змаляваці.
        
        
IX
        
І ня сьпіцца, і ня сьніцца
          Тарасу на сьвеце,
Дзе ні гляне, – скрозь няволя,
          Плача маці, дзеці.
 
Украіна пад панамі,
          Пад жандарам-царам
Сіратою стогне, гіне
          Ў жудкіх думах, марах.
 
Вешаць ляхаў, з плеч скідаці
          Царскія галовы! –
Зашумела па Ўкраіне
          Песьня Тарасова.
 
Усю крыўду, катаваньне,
          Што душыла грудзі,
Выліваў ён на паперы,
          Каб ведалі людзі.
 
Заклікаў да лепшай долі,
          Долі і свабоды,
Клікаў шчасьце, клікаў сонца
          Для свайго народа.
        
        
X
        
Пайшло слова Тарасова
          Горда, непакорна, –
Знайшла водклік яго песьня
          У людзей прыгонных.
 
Людзі вочы праціралі,
          Выглядалі волі.
– Тарас праўду нам сьпявае, –
          Сьпявай жа, брат, болей!
 
А цара, яго прыдворню,
          А паноў крывавых
Агарнуў страх ад такое
          Бунтарскае зьявы.
 
Думу думалі, як лепей
          Тараса караці,
Ці на полі, на кургане,
          Ці ў бацькавай хаце.
 
І каралі яго карай,
          Каб нямым зрабіўся,
Каб складаці свае песьні
          Навек адвучыўся.
        
        
XI
        
Ой, шлях катаржны, нялёгкі,
          Вытаптаны горам,
Косцьмі людскімі усланы,
          Вымыты сьлёз морам!
 
Павяла па ім, халодным,
          Тарасова доля
Цераз пушчы, цераз нэтры,
          Праз пустое поле.
 
Адзінока. Гукнуць спробуй –
          Не пачуеш рэха,
Толькі зьвер падчас завые
          Ашалелым сьмехам.
 
Ой, загнаў цябе, Тарасе,
          Подлы цар-душыцель!
У труну злажыў жывога,
          Каб ня думаў жыці.
 
Тарасовы гора, мукі
          Камень толькі бача,
Ды шумлівы вецер чуе,
          Як гаротны плача.
        
        
XII
        
Крэпасьць Орская – астрогам
          Ды з царскім указам,
За пяро каб і за пэндзаль
          Ня браўся ні разу.
 
Каб ня браўся і ня думаў
          Дум сваіх крамольных.
Во якую панёс кару
          Пясьняр паднявольны!
 
А сны сьняцца аб радзіме,
          Аб стэпе мурожным, –
Маляваў бы хоць крывёю, –
          І крывёй ня можна.
 
Думкі лезуць, выліваў бы
          Думкі на паперы,
І нявінную паперу
          Адабралі зьверы.
 
Чахне, сохне, адарваны
          Ад роднае нівы,
Пад салдацкай царскай палкай,
          Тарас нешчасьлівы.
        
        
XIII
        
Такой кары акаяннай
          Не жадай нікому!
Павяртаў Тарас зь няволі
          Ў няволю дадому.
 
Зьела царскае караньне
          Тарасову сілу, –
Менш глядзеў ужо на неба,
          Болей на магілу.
 
Адно песень, песень гулкіх
          Не забыў складаці,
Не забыў у песьнях-думках
          Украіну-маці.
 
Мо пісаў бы свае думы
          Ён крывёй і далей,
Але з жылаў яго каты
          Кроў павыпівалі.
 
Ласа высмакталі гады
          Яго кроў з-пад сэрца.
Хай жа памяць гэтай крыўды
          Навек застанецца!
        
        
XIV
        
І памёр Тарас. Няволя
          З горам даканалі.
Зашумелі сумна-сумна
          Дняпровыя хвалі.
 
Паплылі Дняпровы хвалі
          Ажно ў сіне мора.
Хай гавораць хвалі сьвету
          Аб вялікім горы.
 
І заплакала Ўкраіна, –
          Плакала нямала, –
Як хавала свайго сына,
          Песьняра хавала.
 
Насып сыпалі высокі
          Па-над Днепрам сінім,
Каб відаць было далёка
          Па ўсёй Украіне.
 
Сьпіць Тарас, адпачывае
          Ў вёсны і прадвесьні,
Ня сьпіць толькі між людзямі,
          Ня сьпіць яго песьня.
        
        
XV
        
Гэй, Тарас, каб ты збудзіўся,
          Каб устаў з магілы,
Ды зірнуў ты на Ўкраіну,
          Песьняру наш мілы!
 
Ой, пабачыў бы ты дзівы
          На стэпу шырокім!
Новай песьняй прывітаў бы
          Дняпро сінявокі.
 
На тваёй зямлі квяцістай
          Сонца ясна сьвеціць,
Не згібаюць плеч у ёрмах
          Бацька, маці, дзеці.
 
Ройным роем гаспадараць
          Сабе самі людзі.
Будаўніцтва йдзе такое, –
          Нібы цуд па цудзе!
 
Ані сьлёз тых, ані гора,
          Ні цара, ні пана!
Эх, Кабзар, каб ты збудзіўся,
          На Ўкраіну глянуў!..

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.