РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніна Шклярава
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Насуперак вятрам і змроку
        Мова ў гэтай дзяўчыны шапаткая, пявучая, родная… Чысцюткая і празрыстая, як крыніца. І піша, і думае, і гаворыць Ганна па-беларуску. Гэтым і выдзялялася з самага пачатку сярод студыйцаў школы “Малады літаратар”.
        
         …На спіне шнары, то ад крылаў.
         Я ведаю: табе баліць.
        
        Можна пазайздросціць духоўнай цнатлівасці гераіні яе вершаў. Ёй дадзена чуць і бачыць тое, міма чаго мы звычайна праходзім, не звяртаючы ўвагі: шчэбет сінічы, рытм цягніка, танец дажджу, зорка,як свечка ў зацемку…
        
         …На кубку нябачны слядок пацалунку
         Пакінуць і дзьмухнуць лянотна на свечку.
         І не змагчы адмахнуцца ад думкі,
         Што ноч і адліга ўжо цягнуцца вечнасць.
        
        Не можа адмахнуцца яна і ад скрушнай думкі пра мову:
        
         Распляжылі. Патрушчылі.
         Знявечылі. Забыліся.
         Аскепкі неўміручыя
         Усё-ткі зліцца сіляцца.
         Пакуль не могуць. Множацца
         І ў сэрцы колюць дзідамі.
         Аж покуль дыхаць можацца,
         Не забывай радзімую.
        
        Такіх пранікнёных і глыбокіх радкоў пра мову мне чытаць не даводзілася… тут сапраўды адчуваецца — баліць. І шнары ад крылаў праглядваюць… Таму і верыш усяму, пра што аўтар нам распавядае. Умее гэта рабіць Ганна Новік вобразна, маляўніча, пераканана:
        
         Вазьмі асадку і пішы
         Насуперак вятрам і змроку.
         Ты не адзін ў імгле глыбокай,
         Вазьмі асадку і пішы.
        
        Пажадаем аўтару гэтых радкоў шчаслівай зоркі над звілістай сцежкай, што вядзе яе ў Літаратуру.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.