РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вольнасць і брацтва, генерал!..
        Чалавек нараджаецца двойчы: першы раз – фізічна, другі раз – духоўна. Другі раз яго нараджае час. «Эпоха мае патрэбу ў волатах, эпоха нараджае іх…»
        Той волат, пра якога пойдзе гутарка, быў народжаны сваёй эпохай. І калі прырода дала яму магутнае атлетычнае здароўе, калі фізічна ён быў, як сведчаць сучаснікі, складзены, як Апалон, то эпоха, са свайго боку, не пашкадавала для яго магутнага духу. Адно адпавядала другому. Эпоха знала, на каго рабіць стаўку, і яна не памылілася: выбраннік аказаўся вартым яе. Ён ніколі не траціў прысутнасці духу. Хоць быў не з тых, хто стаіць у баку ад вялікага жыцця, ад барацьбы, хто пазбягае выпрабаванняў і небяспек. У такім разе лёгка не траціць прысутнасць духу. Не, ён быў «чалавекам дзеяння». Так яго назваў Маркс. І ў сваёй «споведзі», у сваіх адказах на анкету дачок Маркса, сказаў, што вышэй за ўсе вартасці цэніць у мужчыне актыўнасць, што ўяўляе шчасце як палымянае пекла і што любімы занятак для яго – ісці супраць ветру. Гэта было сказана ў 1872 годзе. А раней, у 1863 годзе, ён сказаў сваім таварышам па паўстанні: «Узяўшы ў рукі зброю, мы павінны перамагчы, а калі хто-небудзь прымусіць нас яе скласці, то толькі разам з жыццём».
        Нязменная прысутнасць духу, вялікая сіла волі – яго вызначальная якасць.
        Другая яго характэрная рыса – гарманічнасць, шматграннасць. Ён быў не проста актыўным, дзейным чалавекам, але і чалавекам яснага практычнага розуму, чалавекам, які ведае, што ён робіць, ведае сваю справу. Ён быў не толькі рашучы, але і быў, па словах жонкі Маркса, «геніяльнай галавой і сумленнейшым чалавекам». Ён быў не толькі храбрым, але і быў чалавекам, які, па словах аднаго камунара, «выконвае свой абавязак». Ён быў мудрым у маладосці і маладым у старасці. Ён праявіў як бліжэйшы паплечнік Каліноўскага – у свае дваццаць сем гадоў – цуды мудрасці, распарадчасці і рэвалюцыйна-ваеннай дзелавітасці. Ён разумеў, што нельга прыцягнуць сялян на бок паўстання, не надзяляючы іх зямлёй і не гаворачы з імі на іх мове, зарэкамендаваў сябе адразу як тонкі палітык. І ён у той жа час умеў смела павесці ў атаку касінераў (г. зн. паўстанцаў, узброеных косамі), а ў адступленні разгарнуць са сваімі коннікамі выдатную тыральерскую лінію. А ў старым узросце ён заставаўся рамантыкам і паэтам і марыў пра тое, «як ён, выздаравеўшы, сядзе на каня і, праязджаючы праз Германію, дакажа цудоўным нямецкім грэтхен, што можа атрымліваць перамогі не толькі над ворагам».
        Дэмакрат, – як ён гаварыў сам пра сябе, – па перакананні, па духу і па крыві, па сваім мінулым, па сваёй дзейнасці, ён разумеў мову беларускага мужыка і французскага пралетарыя, і ў той жа час ён знаходзіў агульную мову са сваімі вялікімі сучаснікамі. Ён любіў жыццё, але яшчэ больш ён любіў людзей, яшчэ больш любіў праўду і свабоду. І ён быў другам усіх сяброў народа і чалавецтва і быў ворагам усіх ворагаў роду чалавечага.
        Ён мог жыць у нястачы, аскетычна адмаўляючы сабе ў самым неабходным, і ў той жа час, калі ў яго з’яўляліся сродкі, ён мог быць надзвычай шчодрым, жыццярадасным і мог гасцінна частаваць сваіх сяброў, жартуючы: «Трэба ўсё самае лепшае з’есці і выпіць, каб нічога буржуям не засталося».
        Ён меў, па словах Энгельса, «упарты і хваравіта горды характар», ён быў суровым рыгарыстам і ў той жа час, асабліва ў адносінах са сваімі таварышамі-аднадумцамі, праяўляў незвычайную чуласць, сардэчнасць і далікатнасць.
        Яго двойчы прыгаворвалі да пакарання смерцю. Першы раз гэта зрабіў Мураўёў-вешальнік, другі раз – версальскі суд. У студзені 1864 года ён быў цяжка паранены ў сутычцы з царскімі казакамі і застаўся жыць толькі таму, што карнікі палічылі яго мёртвым. У 1865 годзе ён стаў у Парыжы ахвярай эпідэміі воспы, якая тады панавала ў Еўропе, і выжыў дзякуючы толькі той жа стойкасці духу (ён адмовіўся легчы ў перапоўненую бальніцу, дзе паміралі, як мухі, і змагаўся з хваробай дома ў ложку, харчуючыся адным цёплым чаем). Калі ён жыў у эміграцыі, на яго быў арганізаваны бандыцкі налёт. Але ён вытрымаў і гэтае выпрабаванне. І ён памёр тады, калі прыйшоў яго смяротны час, ва ўзросце 72 гадоў. Ён заўсёды пакідаў апошнім поле бою, прыкрываючы баявых таварышаў. І жыццё ён пакідаў, як поле бою, адным з самых апошніх, выканаўшы да канца свой салдацкі і грамадзянскі абавязак.
        Так, ён двойчы цярпеў паражэнне, у 1863 і ў 1871 гадах, дакладней, паўстанні, у якіх ён прымаў удзел, цярпелі паражэнні, але пераможаным ён сябе не лічыў і такім сапраўды не быў. Ён мог паўтарыць словы свайго саратніка па парыжскіх барыкадах, камунара Дэлеклюза, які сказаў: «Паражэнне ў сто разоў лепш, чым бяздзейнасць; нават пакуты лепш за пошлы дабрабыт, бескарыснае існаванне».
        Хто ён такі – гэты волат з племя Атланта і Праметэя? Няцяжка здагадацца, што гутарка ідзе аб нашым слаўным земляку Валерыю Урублеўскім1, генерале Парыжскай камуны.
        Пра Урублеўскага ўжо шмат напісана. На жаль, мы, беларусы, не ўнеслі ў гэтую справу належную лепту, і тут вінаваты як гісторыкі, так і літаратары. Я асабіста, прынамсі, адчуваю такую «запазычанасць» і ўвасабленне вобраза Урублеўскага разглядаю як адну з сваіх важнейшых творчых задач. Не ведаю, у якой форме выльецца тэма, як яе ўдасца вырашыць. Але яна мяне захапіла, і я працую над ёю, збіраю матэрыял. У дадзеным жа выпадку я проста хачу нагадаць пра дзейнасць Валерыя Урублеўскага ў дні Парыжскай камуны.
        Сто гадоў назад, 29 сакавіка 1871 года, «Афіцыйная газета» Парыжскай камуны пісала: «Усякі палітычны рух, які не носіць у сабе самім новай плённай і творчай ідэі або, валодаючы такой ідэяй, не вылучае тут жа людзей, здольных праводзіць і адстойваць яе, асуджаны на вартую жалю няўдачу, хаця б ён і пачаўся з бліскучага трыумфу і дэманстрацыі сілы.
        Людзі глыбокай думкі і рашучых дзеянняў аказаліся гатовымі ў першыя ж дні 1789 года. У стыхійны, бязладны рух яны ўдыхнулі жыццё, свядомасць і думку. Яны зрабілі гэты рух чалавечны, асэнсаваны, так сказаць, філасофскі, і за некалькі месяцаў натоўп, які кіраваўся інстынктам, ператварыўся ў вялікі, свядомы народ, народ рэвалюцыі.
        Якраз так жа і рэвалюцыя 18 сакавіка не мае недахопу ў Сакратах, успрыемніках ідэй».
        У той светлай плеядзе «людзей глыбокай думкі і рашучых дзеянняў» займае дастойнае месца і наш зямляк, адзін з лепшых ваенных кіраўнікоў Парыжскай камуны Валерый Урублеўскі.
        Удзел Урублеўскага ў падзеях вялікай рэвалюцыі быў, як мы бачылі, не выпадковым. Рыцар ідэі, «дэмакрат па перакананні, па духу і па крыві», ужо вопытны паўстанцкі камандзір, В. Урублеўскі рашуча становіцца ў рады камунараў. Ведаючы яго мінулае і яго погляды, кіраўнікі Камуны давяраюць яму важны ваенны пост. Спачатку яго прызначаюць генералам і начальнікам кавалерыі на левым беразе Сены, а потым – камандуючым левым флангам. На пасяджэнні Камуны ад 1 мая адзін з яе членаў заяўляе: «Генерал Урублеўскі знайшоў усе фарты пакінутымі на волю лёсу; зараз яны могуць абараняцца». Праз два дні, 3 мая, камандуючы левым флангам Урублеўскі паведамляе ваеннаму дэлегату ў сваім дакладзе аб становішчы на паўднёвым фронце: «Грамадзянін міністр! Настойваючы на атрыманні падмацаванняў як артылерыяй, так і пяхотай і кавалерыяй, я меў намер не толькі працягваць абарону, каб захаваць свае пазіцыі, але і перайсці ва ўдалы момант у наступленне.
        Я з радасцю канстатую, што ўсюды пачынае аднаўляцца парадак, што спынілася п’янства і ў рады нацыянальных гвардзейцаў паступова ўкараняецца дысцыпліна. Словам, чым больш я разбіраюся ў гэтым, тым больш прыходжу да пераканання, што ўсё зло і дэзарганізацыя ў радах грамадзянскай міліцыі мелі сваёй прычынай няздатнасць начальнікаў, іхнія дрэнныя прыклады і нярэдка іх дробныя інтрыгі».
        Камуна ліквідавала армію як адвечны сродак падаўлення і дэспатызму. Армія была заменена нацыянальнай гвардыяй, якую складаюць усе грамадзяне, здольныя насіць зброю, і якая грунтуецца на свядомай дысцыпліне і дэмакратычнай роўнасці. Урублеўскі гэта бачыць і разумее, яму імпануюць такія салдаты, і ён у сваю чаргу імпануе ім, яны пранікаюцца да яго павагай і даверам. Яны ведаюць, што ён адмовіўся ад генеральскага жалавання і згадзіўся ўзяць толькі каня, што ён не пасяліўся ў Елісейскім палацы, адказаўшы, што «месца генерала – толькі сярод салдат».
        Невыпадковым быў прыход Урублеўскага ў рады камунараў, невыпадковай была тая вялікая роля, якую ён адыгрывае ў абароне Парыжа. Ён ведае, за што ён змагаецца, ведае, як трэба змагацца. Удзельнікі Камуны і потым яе гісторыкі, Дзюбрэйль і Лісагарэ, даюць самую высокую ацэнку палкаводчай дзейнасці Урублеўскага.
        «Адзіны поспех, – расказвае Лісагарэ, – абарона мела на Бют-О-Кай. Тут, дзякуючы энергіі Урублеўскага, абарона пе- райшла ў паступленне…» І далей: «Версальцы не асмельваліся праследаваць Урублеўскага».
        Як вядома, апошні ваенны дэлегат Камуны Дэлеклюз2 прапанаваў Урублеўскаму за некалькі гадзін да трагічнай развязкі ўзяць на сябе галоўнае камандаванне. І той з уласцівай яму яснасцю погляду і цвёрдасцю духу спытаўся: «Ці ёсць у вас хоць некалькі тысяч рашучых чалавек?» – «Самае большае – некалькі сотняў», – адказаў Дэлеклюз. У такіх умовах Урублеўскі не мог прыняць на сябе камандаванне і працягваў змагацца як просты салдат. І змагаўся да апошняй магчымасці…
        Ідуць паломнікі да парыжскіх могілак Пэр-Лашэз, да той сцяны, дзе версальскія каты расстрэльвалі камунараў і пад якой спачывае прах нашага слаўнага земляка. І я таксама раблю сваё паломніцтва, выходжу з аўтобуса ў мястэчку Жалудок, дзе прайшло дзяцінства Урублеўскага. Аўтобус спыняецца якраз на той самай плошчы, якую ўспамінае біёграф знакамітага генерала. Ва ўсе бакі ад плошчы разбягаюцца вуліцы, і на адной з іх я чытаю: «Імя Урублеўскага». Праходжу, туды і назад, па гэтай вуліцы, перасякаю плошчу, выходжу на супрацьлеглую вуліцу. Па правы бок ад яе віднеецца школа, насустрач мне ідзе хлопчык у вялікай, не па росту, цёмна-сіняй шапцы. На шапцы – эмблема лесніка… Можа, і ляснічы Антоній Урублеўскі насіў падобную шапку і даваў пахадзіць у ёй свайму малодшаму, свайму Валерыю? Ах, як паслядоўна працягваецца жыццё – і ў сваёй галоўнай сутнасці, і ў сваіх знешніх праявах!
        Заходжу ў школу. Дырэктар вядзе мяне ў школьны музей. Тут ёсць і куток, прысвечаны Валерыю Урублеўскаму. Фотапартрэт 1864 года, дзе Урублеўскі зняты ў форме паўстанцкага палкоўніка. Пад партрэтам – фотакопія афішы, якая аб’яўляе парыжанам аб тым, што пад кіраўніцтвам генерала Урублеўскага ствараецца кавалерыя, і запрашае добраахвотнікаў запісвацца…
        На той жа вуліцы, крыху далей, знаходзіцца касцёл. У касцельным архіве знаходжу, з дапамогай самога пана пробашча, кнігу – спіс насельніцтва Жалудоцкай парафіі за 1843 год. На адной з яе старонак каліграфічным почыркам касцельнага пісара выведзена:
        Двор Жалудок.
        Антоній Урублеўскі, скарбнік, 48 год, жонка Разалія (з Юроўскіх), 31 год, дачка Аляксандра, 8 год, сын Станіслаў, 7 год, сын Валерыян, 5 год.
        Значыць, так яно і ёсць. Цяпер я не толькі пераконваюся яшчэ раз у тым, што было вядома з прачытанага. Цяпер я яшчэ ведаю, кім працаваў у апошнія гады свайго жыцця старэйшы Урублеўскі (працу ляснічага ён чамусьці змяніў на пасаду скарбніка, магчыма, гэта было павышэнне, а магчыма, ён не мог больш працаваць ляснічым па стану здароўя, бо неўзабаве ж памёр). І цяпер я ведаю, дзе жыў з сям’ёй Антоній Урублеўскі. Не на той вуліцы, што названа імем яго сына, а ў другім канцы мястэчка.
        Туды вядзе з плошчы другая вуліца, якая зараз называецца Камуністычнай, а тады называлася Дворнай, бо вяла ў панскі двор. У Двары, дзе зараз размяшчаецца мясцовы калгас, яшчэ захаваўся палац, захаваліся рэшткі сядзібы, што ад графа Тызенгаўза перайшла потым да князя Сапегі, а ад апошняга – да паноў Чацвярцінскіх… Недзе тут, думаю, у якім-небудзь флігелі, якога ўжо няма, і жыў скарбнік Урублеўскі. Потым я доўга шукаю яго магілу на так званых парафіяльных могілках. Потым іду на Жалудзянку, дзе знаходжу сляды колішніх млыноў – магчыма, тых самых, на якія бегаў некалі глядзець са сваім братам Стасікам юны Валерый… Потым гавару пра Урублеўскага з работнікамі гарадской бібліятэкі, з настаўнікамі, са старшынёй калгаса, сустракаюся вечарам са школьнікамі і расказваю ім пра іх вялікага земляка. Лепшай тэмы для такой сустрэчы і не знойдзеш… З усімі, з кім я сустракаюся, мы робімся «братамі ва Урублеўскім». Я думаў, што прабуду ў Жалудку два-тры дні, а прабыў больш як тыдзень, і зусім не спяшаўся яго пакідаць, і насіў у сабе такое пачуццё, нібы я выконваю вельмі важную, патрэбную не толькі мне самому, але і людзям, не толькі майму сёння, але і нашаму мінуламу, місію.
        На зваротным шляху я звяртаўся, натуральна, у думках да свайго героя. «Мой генерал, – гаварыў я яму, – я наведаў тваю радзіму, я хадзіў па тваіх слядах, пакланіўся твайму дзяцінству і аддаў даніну пашаны праху твайго бацькі. І я яшчэ лепш зразумеў веліч твайго жыццёвага подзвігу, яшчэ больш адчуў значэнне памяці пра цябе. Як гэта вы віталіся ў дні Парыжскай камуны? Вітанне і роўнасць? Брацтва і роўнасць? Дазволь і мне так звярнуцца да цябе: «Вітанне і брацтва, мой генерал! Вольнасць і брацтва!»
        Пастскрыптум. Блукаючы па вулачках Жалудка, я зразумеў: гэты гарадок павінен быць вядомым, сюды павінен пралегчы турысцкі маршрут. Але школьнага музейчыка для гэтага недастаткова, памяць Валерыя Урублеўскага павінна быць увекавечана належным чынам: тут павінен быць помнік, музей і г. д. Я гаварыў пра гэта і ў школе, і са старшынёй пасялковага Савета, і з сакратаром Шчучынскага райкама партыі. На днях я атрымаў ад яго пісьмо, у якім паведамляецца: «У сувязі з гістарычнай датай, 100-годдзем з дня перамогі пралетарскай рэвалюцыі ў Парыжы, райкам партыі і райвыканкам хадайнічаюць перад Гродзенскім абкамам партыі і аблвыканкамам аб увекавечанні памяці віднага рэвалюцыйнага дзеяча пралетарскай рэвалюцыі ў Парыжы, генерала Парыжскай камуны Валерыя Урублеўскага. Мяркуецца ўстанавіць яго бюст у г. п. Жалудок і прысвоіць Жалудоцкай сярэдняй школе імя Валерыя Урублеўскага…»
        Такому пісьму можна толькі парадавацца, што я, зрэшты, і зрабіў. Але я хацеў бы дадаць у сувязі з ім яшчэ некалькі слоў. Беларускі народ можа ганарыцца Валерыем Урублеўскім і можа лічыць яго сваім сынам з такім жа правам, з якім гэта робіць суседні польскі народ. Бо Урублеўскі не толькі нарадзіўся на беларускай зямлі і не толькі правёў тут свае дзіцячыя гады. Як вядома, ён тут пачынаў і сваю службу пасля сканчэння Пецярбургскага ляснога інстытута. Тут ён атрымаў сваё першае баявое хрышчэнне, змагаючыся «за нашу і вашу вольнасць» побач з Каліноўскім. Ён ведаў добра беларускую мову, і не толькі ведаў і мог гаварыць на ёй, але і пісаў на ёй як адзін з аўтараў «Мужыцкай праўды». Будучы ў эміграцыі, ён пастаянна падтрымліваў сувязь з радзімай. Захавалася запіска Урублеўскага да яго цёткі Эміліі Урублеўскай, якую ён напісаў у Лондане восенню 1871 года і ў якой просіць перадаць яго новы адрас маці, што жыла, як вядома, у вёсцы Явар недалёка ад Слоніма. Звязваўся ён з Беларуссю і Літвой пры дапамозе іншых эмігрантаў. За мяжой ён сустракаўся з гродзенцам Лаўровым3, з магіляўчанінам Судзілоўскім4 і, магчыма, бачыўся з Трусавым5… Словам, першая любоў яго сэрца належала Беларусі. І мы павінны выказаць належным чынам свой гонар за яго і сваю пашану да яго памяці.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.