РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лікантроп
        Ствалы высокіх карабельных соснаў – зверху бурштынавыя ад сонца, а пачынаючы з сярэдзіны цёмныя, быццам пастарэлыя – і ля самай зямлі кантрастна да юнай пяшчотнай скуры вяршыні пакрыты сівым змрочным мохам. Нават пры невялікім ветры дрэвы пагойдваюцца, сутыкаючыся шырока раскінутым голлем.Таму, хто глядзіць на іх з акна маёнтка Варгуны, здаецца, што сосны ідуць проста на яго, нязграбныя і адначасова страшныя, ідуць на нягнуткіх сваіх нагах, нахіляючыся з боку на бок, і вось-вось праб’юць тонкае шкло, упраўленае ў свінцовыя рамы, жорсткім, як дзіды, голлем...
        Але чалавек у маёнтку расчыняе акно тонкай рукой у пярсцёнках і крычыць, перагінаючыся ўніз з вышыні трэцяга паверха:
        – Грынь! Сёння палявання не будзе! Замкні сабак! І не выпускай, пакуль не скажу...
        Унізе адклікаюцца грубым незадаволеным голасам:
        – Як сабе хочаш, пане...
        Сабачы абураны віскат сціхае.
        Чалавек рэзка адыходзіць ад акна, захінае на грудзях аксамітны халат, быццам ад холаду, і ўсё ходзіць па пакоі, і стогне, і горка пасмейваецца, і не зачыняе вакно... Ізноў, ну чаму ізноў... Божа мой, Божа літасцівы...
        
        
        Багата, нязвыкла багата жывуць у гэтай вёсцы мужыкі. Хаты крытыя не саломай, не гонтаю – ладнай манастыр-скай дахоўкаю, стрэхі – «у закот», і ў кожным двары – буслянка... Пан паручнік аглядаецца і назірае свой панылы атрад – дзесяць натомленых жандараў на запырсканых гразёю конях... Прынамсі, дарогі тут такія ж, як і ў Расеі. Але – не Расея... Ліцвіны, беларусы, цёмны, забабонны люд. Яны хаваюць у каморах драўляных каталіцкіх святых і ў «чырвоныя» дні мажуць іх вусны мёдам. За праваслаўнымі абразамі ў іх схаваны пук святаянніку, сабранага на паганскае Купалле, і абавязкова вісіць вянок часнаку – ад нячыстай сілы. А пад вянцом кожнай хаты, які скіраваны на ўсход, быў некалі закапаны жыўцом певень – няшчасны сонечны вястун...
        Пан паручнік грэбліва крывіць вусны. Чужое... Але ж усё навокал можа ў будучым належаць яму, вернападданаму рускаму двараніну...
        Апошняе восеньскае сонца шчодра залоціць Паўночна-Заходні край імперыі. Над дарогай самкнуліся шаты соснаў, карункавыя мігатлівыя цені ляглі пад ногі коней. І гэты шум – быццам хвалі... Крыху ўяўлення – і поўнае адчуванне, што едзеш па дне ракі з празрыстай, працятай сонцам вадою...
        Вось, напэўна, і мяжа маёнтка. Двое мужыкоў у маленькіх ваўняных шапках – здаецца, яны называюцца магеркі – паварочваюць бервяно, што перагарадзіла дарогу, на дзвюх падпорках-рагулях... Напэўна, і самі гэтыя Варгуны – звычайны недагледжаны старасвецкі дом, крыху лепшы за хату заможнага селяніна... А ўладальнік – неадменна тыповы засцянковы шляхцюк, чыя пыха большая за дзіркі, што праела моль у яго век не вытрасаных прадзедаўскіх кілімах...
        Сосны падступаюць, здаецца, да самых сцен дома... Але можна разгледзець, што будыніна вялікая, на тры паверхі, з урачыстай каланадай пры ўваходзе. Хаця, вядома, крыху запушчаная... Конь паручніка ўпарціцца, падымаючы цэлы фантан гразі капытамі, і дрыжыць... Што за морак напаў на коней? А тут яшчэ жудаснае сабачае скавытанне аднекуль з гаспадарчых прыбудоў сядзібы...
        У вокнах вялікага пакоя для гасцей гасне чырвонае сонца (няўжо такі позні час?). Ля сцен нязграбная, аздобленая разьбою мэбля чорнага колеру, у якой нешта ёсць ад труны. І гэтая дружная завядзёнка мясцовых жыхароў ставіць печку ў бліжэйшым да ўвахода куце... Паручнік касавурыцца на абкладзеную бліскучай зеленаватай кафляй печку, і яму здаецца, што пузатыя голенькія херувімчыкі з куфлямі піва з кожнай кафлі пазіраюць на яго, павярнуўшы хітраватыя тлустыя тварыкі, і падміргваюць самым ганебным чынам. Паручнік чуе, як жандары за яго спінаю ўголас захапляюцца звярынымі галовамі, якія ўпрыгожваюць пакой. Зубры, туры, алені, ласі, мядзведзі, дзікі шчэрацца са сцен, пабліскваюць амаль жывымі, налітымі крывёю вачыма, здаецца, нават пагойдваюць вялізнымі рагамі...
        Вяртаецца слуга – у сурдуце, з бакенбардамі і абразлівай важнасцю:
        – Пан Леанард просіць прабачэння ў вельмішаноўнага панства, што па прычыне кепскага здароўя не можа спусціцца, каб сустрэць вас асабіста. Пан чакае вельмішаноўнае панства ў бібліятэцы...
        Паручнік хмыкае: гаспадар, відавочна, перапалохаўся. Нічога. Падымемся самі, не цяжка...
        Паручнік і трое жандараў ідуць за слугою наверх па драўлянай адпаліраванай лесвіцы. З двара далятае абрыдлае сабачае выццё і спалоханае ржанне коней.
        
        
        У вальтэр’янскім утульным крэсле сядзіць вытанчаны, з кранутымі сівізною скронямі пан. На ім пунсовы аксамітны халат, аблямаваны цёмна-фіялетавай тафцяной палоскай, на нагах – турэцкія расшытыя пантофлі з задранымі насамі. Далікатная, у пярсцёнках рука адкладае пухльны томік... А казалі, што знакаміты паляўнічы...
        – Даруйце, шаноўныя, што не ўстаю – раматуз.
        Ад гэтага ветліва-раўнадушнага голасу і цвёрдага позірку шэрых насмешлівых вачэй чырвань кідаецца ў твар паручніку. Праклятыя напышлівыя шляхцюкі... Але пачакай, даражэнькі, паслухай імператарскі загад: «За садзейнічанне мяцежнікам... Неданясенне на змоўшчыкаў... Падлягае арышту... Вобыск... Канфіскацыя маёмасці...»
        Пан Леанард задумліва перабірае пышны чырвоны кутас на канцы свайго пояса... Што ж, госці прыехалі дакладна ў час...
        – Мой дом і я ў вашым распараджэнні... Дазвольце толькі хвораму чалавеку застацца ў крэсле...
        Тонкая рука зноў бярэ кніжку. Паручнік крыкліва аддае загады – аж голас зрываецца на хлапечы дыскант ад неўсвядомленай злосці на вытанчанага арыстакрата, які ўсё жыццё піў вунь з тых пераліўчатых парцэлянавых кубкаў – паручнік бачыў такія толькі ў тых сямействах, дзе на яго ніколі не глядзелі як на магчымага жаніха... Кволая на выгляд рука ў пярсцёнках сціскала гэтую стрэльбу з цудоўнай срэбнай гравіроўкай, і каралеўская здабыча – зубр – падыхала ля ног, што цяпер грэюцца ў расшытых сапраўднымі перлiнамі пантофлях... Такі і на вісельню пойдзе з лёгкай пагардлівай усмешкай... На хвілю афіцэр адчувае сябе бездапаможным, загубленым разам з купкаю жаўнераў у чужых лясах і балотах, адкуль цэлы дзень хуткай язды да бліжэйшага мястэчка.
        «Усё будзе маё!»– з’яўляецца з падсвядомасці радасная думка, і паручнік зноў набывае ранейшую ўпэўненасць і, пакінуўшы жандараў сцерагчы арыштаванага, ідзе камандаваць дзеяннямі астатняй часткі атрада.
        У бібліятэку разам з сабачым скавытаннем пачынае далятаць гук разбітага посуду і жаночы віск.
        
        
        Цямнее. У маёнтку запальваюць свечкі. Паручнік, спяшаючыся, складае пратакол вобыску. Заўтра зноў гразкія вераснёўскія дарогі, тужлівыя крыкі балотных птушак і на кожнай развілцы – страшны драўляны Ісус, раскрыжаваны на пахіленым негабляваным крыжы... А сёння ёсць нарэшце магчымасць пераначаваць у людскіх умовах, на пуховай пярыне, у велізарным панскім ложку пад казачным балдахінам... Пан Леанард сказаў, што праседзіць да раніцы ў бібліятэцы – з улюбёнымі кніжкамі... інтэлігентны чалавек. Дастаткова аднаго вартавога перад дзвярыма і двух – пад вокнамі...
        Прынамсі, кухня тут вышэй ухвалы... Кухара ні ў якім разе не трэба звальняць.
        Пан Леанард сядзіць у сваім утульным крэсле. За вокнамі хістаюцца цёмныя постаці соснаў. Калі вецер узмацняецца, яны сутыкаюцца не толькі галлём, але і стваламі, і тады чуваць сухое пастукванне дрэва аб дрэва. Раптам да звыклага паху старых кніжак далучаюцца тысячы розных пахаў і іх адценняў, нібыта да аднаго нягучнага інструмента – цэлы аркестр. Пан Варгун улоўлівае нават горкі пах пажарышча на месцы суседняга маёнтка.
        Амаль адразу ж абвастраецца гукавое ўспрыняцце – мільёны гукаў – шоргаты, драпанні, стогны, шэпты, крокі – урываюцца ў адвыклы мозг, так што патрабуецца нейкі час, каб зноў авалодаць свядомасцю...
        Пара... Пан Леанард бязгучна ўстае і дзьме на свечкі, што гараць на круглым мармуровым століку. Запаноўвае цемра, але вочы набываюць нечаканую вастрыню зроку – усё навакольнае бачна зусім выразна, быццам у нейкай шэрай падсветцы. Цяпер пачынае страшэнна свярбець скура… Пан, спяшаючыся, развязвае пояс і скідае халат. Чырвоны колер аксаміту выклікае неадольнае раздражненне, і Варгун запіхвае скінутую адзежу ў ніжнюю шуфляду шафы.
        Цела працінаюць нябачныя струмені энергіі, якая, здаецца, зыходзіць з поўні, што зазірае ў акно. Уся істота чалавека вібрыруе, напаўняецца моцай і вясёлым шалам. Неадольна хочацца ўстаць на карачкі... Магутны звярыны рык ірвецца скрозь сціснутыя зубы – ці іклы? Шыбы акна ціха разыходзяцца, упускаючы ноч. Унізе, у зарасніку язміну, відаць дзве ненавісныя белыя фуражкі...
        З акна другога паверха маёнтка Варгуны на зямлю, укрытую кілімам першага лістабою, бязгучна саскоквае вялізны воўк з шэрымі вачыма, у цэнтры якіх гараць два жоўтыя агеньчыкі – як пялёсткі свечак...
        Жудасна выюць сабакі, на стайні рвуць аброці ўспененыя коні, дворныя людзі, не кажучы ні слова, устаюць з ложкаў, пазяхаючы, вешаюць на дзверы і вокны сваіх пакояў звязкі часнаку і чартапалоху – цяпер ні ведзьма, ні ваўкалак не ўвойдзе; жагнаюцца і зноў кладуцца спаць, забабонныя, цёмныя, спакойныя...
        На раніцу прыслуга доўга прыбірае дом, зусім не дзівячыся начному знікненню прыхадняў.
        
        У бібліятэцы, ва ўтульным вальтэр’янскім крэсле, сядзіць пан Леанард Варгун. Чырвоны аксамітны халат перавязаны поясам з вялікімі бухматымі кутасамі, вытанчаная рука ў пярсцёнках перагортвае старонкі томіка лацінскіх вершаў, а за акном хістаюцца, пагойдваюцца сосны, што ідуць да маёнтка і ніяк не наблізяцца да яго ўшчыльную...
        
        
        – Грынь, рыхтуй сабак! Сёння ідзём на паляванне!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.