РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ценi забытага карнавалу
        Пазалочаная фольга склейвалася кепска, і ад гэтага латы здаваліся бязлітасна пасечанымі варожым мячом. Аднак Анцік не хацеў і чуць пра іншы карнавальны касцюм. Ён будзе толькі срэбным рыцарам! Такім жа, як на іхнім гербе. Старэйшая сястра, шэравокая Настасся, ужо зусім зазлавала, перапэцканая клеем, аблепленая срэбнымі ашмёткамі, – вось выдумкі малечы!
        Але ў сям’і Карвароў Каляды святкаваліся з асаблівым размахам. Нават бацька, такі звычайна заклапочаны і сур’ёзны, не лічыў ганебным упрыгожваць ялінку, дапамагаць у прыдумцы карнавальных жартаў і гульняў.
        На гэтыя Каляды таксама чакалася шмат сюрпрызаў. Дарослыя блукалі па доме з таямнічым выглядам. Калматая котка Заіра, матчына ўлюбёнка, уцякала з віскам з кутняга пакойчыка, дзе адбываліся рэпетыцыі. І, вядома, па шафках і шуфлядках хаваліся скрыначкі і пакуначкі з падарункамі. У іхняй сям’і быў звычай, акрамя куплёнага, дарыць адно аднаму нешта, зробленае сваімі рукамі. Ну хаця б аксамітны вацок, вышыты незабудкамі, або выразанага з ліпавай драўніны конніка, нехлямяжага, але вельмі баявітага.
        Анцік, прадстаўнік найноўшага, прагматычнага, пакалення, вырашыў пытанне вельмі проста: склаў спіс таго, што б ён жадаў атрымаць ад кожнага з сямейнікаў. Не дзіўна – усё, пра што ён марыў, тычылася доследаў у прыродазнаўчых навуках, а набываць у якасці каляднага падарунка кварту фармаліну, далібог, нікому б і ў галаву не прыйшло. Хаця Анцікава калекцыя заспіртаваных апалонікаў, жабак, яшчарак ды іншых малапрывабных істот карысталася вялікім поспехам у Настассіных сябровак – Анцік спецыяльна завабліваў неспрактыкаваных дзяўчатак у свой пакой, каб пачуць прыемнае хлапечаму вуху верашчанне. Акуратныя шэрагі расстаўленых па паліцах слоікаў, у якіх плавала ўсялякае страхоцце, рабілі ўражанне не толькі на гімназістак. Адзіны, у кім калекцыя выклікае замілаванне, – сусед Стась. Ён ужо вучыцца на першым курсе медыцынскага універсітэта, адрасціў доўгія валасы і нават спрабуе адпусціць бараду, хаця пакуль яна не вельмі самавітая і, сказаць па праўдзе, на званне барады нават не цягне.
        Стасік вельмі разумны і смелы. І пазнаёміліся яны з ім, калі тры гады таму чарнавокі сарамлівы падлетак даў нырца ў страшны Баламутаў вір, каб дастаць Настассін саламяны капялюшык. Гувернантка-францужанка тады ад жаху самлела, і давялося пырскаць ёй у твар вадою і пасля доўга ўпрошваць, каб не расказвала нікому пра неразумны ўчынак «сэра Ланцэлота» – так мадэмуазель Алін празвала Стася. Анціку было ўсяго восем год, але новы знаёмца размаўляў з ім, як з дарослым, і пра вельмі сур’ёзныя рэчы – напрыклад, як зладжана дыхальная сістэма жабы, або пра жывёльны магнетызм, ці тэорыю эвалюцыі Дарвіна.
        Анцік шчыра дзівіўся, чаму яны раней ніколі не бачыліся са Стасікам? Маёнткі ж побач – Залессе, адкуль родам Стась, і іхнія Рэчыцы, і ў доме Карвароў заўсёды любілі гасцей. Прынамсі, пасля таго выпадку над вірам Стасік пачаў заходзіць падчас кожных вакацый. Пра Стасевых бацькоў Анцік не ведаў нічога, акрамя таго, што залескі пан – палкоўнік у адстаўцы і мае сувязі ў Санкт-Пецярбурзе, адкуль і прыехаў. Ніякіх спробаў зблізіцца з кімсьці з суседзяў зале-скія паны не рабілі. Ды якое гэта мела значэнне, калі са Стасевай лёгкай рукі калекцыі птушыных пёраў і яек і шмат чаго іншага папаўняліся, а жывёльны свет маёнтка Рэчыцы ўзбагаціўся дзвюма парамі дзівосных галубоў – белых, як малако, і пухнатых, быццам растрапаліся , прадзіраючыся скрозь аблокі.
        Але паступова Анцік пачаў з прыкрасцю падазраваць, што заходзіць старэйшы сябар не столькі для таго, каб прынесці яму новую кніжку пра жывёл, а каб пабачыцца з капрызуляй Настассяй і завесці з ёй нецікавыя гаворкі пра нейкага Да-стаеўскага, Славацкага, Заля і ўвогуле пра незразумелыя Анціку рэчы, тыпу жаночай эмансіпацыі. Прычым яны заўсёды спрачаліся – Стасік паблажліва, захоўваючы мужчынскую годнасць, Наста – горача, аж да слёз. І яе шэрыя вочы так гарэлі, а голас гняўліва дрыжэў, што Анцік, напэўна, уцёк бы ад гэткай шалёнай. Нават мадэмуазель Алін, якая не раз была сведкай падобных звадак, не вытрымлівала і бегла па нюхацельную соль – для сябе, вядома. А Стась адно ўсміхаўся. І Анцік кожны раз думаў з патаемным задавальненнем, што цяпер яго сястрыца не захоча больш сустракацца з чарнавокім задзіракам. Але, калі госць сыходзіў, хлопчык са здзіўленнем заўважаў на твары Насты дзіўную мяккую ўсмешку, а позірк сястры пралятаў, не затрымліваючыся, праз нецікавыя прадметы інтэр’ера ў нейкія нетутэйшыя далячыні.
        З’явілася тая ўсмешка на ейных вуснах і цяпер, калі пакаёўка прыбегла з паведамленнем, што прыйшоў залескі паніч. Анцік кінуўся на лесвіцу, перавесіўся ўніз. Стась з’явіў-ся ў неверагодна шыкоўным выглядзе: паўзверх доўгай чорнай бравэркі – плед у краткі, на доўгіх валасах – капялюш з шырокімі брыламі, з якіх зараз страсаліся цэлыя снегавыя сумёты. А ў руках – два прыгожанькія пакуначкі!
        – А, наш юны сусед! Гэта ваш карнавальны касцюм?
        Бацька, пан Міхал Карвар, заўсёды чамусьці размаўляў са Стасікам жартаўліва. Але малады чалавек адказаў годна, з прыхаваным выклікам:
        – Так апранаюцца студэнты, пан Міхал.
        – Ну-ну... А як жа шынель, мундзір, фуражка з гербам, пальчаткі?
        – Мы пратэстуем супраць нашэння формы, – голас Стасеў гучаў урачыста. – Бяднейшыя студэнты не могуць яе набыць, таму ім пагражае выключэнне. Гэта дыскрымінацыя! Мы вырашылі ўсе хадзіць на заняткі ў цывільным!
        – Што ж, ухваляю, – бацька сказаў гэта ўжо сур’ёзна. – Але сённяшнім вечарам, юнача, жадаю вам толькі шчыра весяліцца.
        Гасцей, як заўсёды, было шмат. Прыехала пані Марыся, удава дзядзькі Анатоля, брата пана Міхала. Шмат гадоў пані Марысю бачылі толькі ў чорным, хаця сёння на ёй серабрыста-шэры раброн. З паняй Марысяй дочкі, смяшлівыя рудзенькія Ганка і Гапка. Вось пан Міхал сустракае сям’ю з маёнтка Гаркавічы: пан Вітольд, хударлявы, з каротка стрыжанымі сівымі валасамі і кавенькай, падобны на рымскага легіянера, таўсманная і дабрэнная пані Ядзвіга, іх сын Радусь, будучы юрыст, элегантны і ўраўнаважаны да сумоты. Вясёлая святочная мітусня напоўніла дом даверху, як рознакаляровыя каменьчыкі напаўняюць куфэрак прыгажуні.
        – Карнавал! Карнавал! Маскі, рыхтуйцеся!
        Анцік кінуўся ў свой пакой. Латы выглядаюць як сапраўдныя... А меч – дык і ўвогуле сапраўдны: старажытны, ваярскі, вышчарблены ў многіх бойках – таму і дазволілі ўзяць, што страціў былую вастрыню. Вядома, не зусім рыцарскі – такі кароткі меч называўся «корд» і выкарыстоўваўся для бліжняга бою. Хлопчык не ўтрымаўся, каб не ўзмахнуць сваёй зброяй, направа, налева, рэзкі выпад – і цмок падыхае на рудой ад атрутнай крыві траве.
        У зале ўжо збіраліся маскі. Старэйшыя госці, што не бралі ўдзел у пераапрананні, уладкаваліся на крэслах ля сцен. Пані Ядвіга, вядома, пасунулася да століка з пачастункам – цукаты ў маёнтку Рэчыцы былі адметныя.
        Маці ў светла-зялёнай сукенцы, ветлая і прыгожая, з гэткімі ж вялізнымі шэрымі вачыма, як у Насты, падыходзіла то да аднаго, то да другога госця, і ад яе слоў, пагляда, усмешкі прасвятляліся твары – быццам сонечны прамень слізгаў па хвалях ручая.
        Наста зайздросціла матчынаму ўменню прымусіць самага сур’ёзнага чалавека усміхнуцца, прыадчыніць душу насустрач. Здавалася, пані Карвар правяла жыццё ў казачным свеце, дзе проста няма благіх людзей і вялікіх няшчасцяў, – такая яна была ўся светлая, даверлівая, ніколі не павышала голасу. Як сапраўдная фея.
        А вось мадэмуазель Алін, іх строгая, уражлівая мадэмуазель Алін нечакана апранула яркі ўбор гарэзлівай Каламбіны. Радусь захінаўся ў белы плашч з нашытым крыжам. Ганка і Гапка – у неверагоднай шырыні крыналінах і ў каронах, але якіх каралеў сёстры мусілі ўвасабляць – ведалі дакладна толькі яны самі. Сярод стракатага натоўпу вылучаўся Стасік у простым чорным пінжаку, з каўняром пад горла. Але ён прымаў такія гордыя позы, спрабуючы годна адказаць на жарты рудзенькіх сясцёр, што ягоны касцюм цал-кам мог сысці за карнавальны – рамантычны герой, высакародны змагар. А вось пан Міхал выйшаў у легкадумным строі тамбурмажора, у велізарным ківеры і з велізарным жа бліскучым жазлом, якім з усяе сілы стукнуў у падлогу.
        – Карнавал пачынаецца!
        Вусы ў пана Міхала былі пышныя свае, і ўсміхаўся ён у іх так весела, што ўсе засмяяліся у адказ, запляскалі ў ладкі. Але Гапка закрычала:
        – Пачакайце, яшчэ Настассі няма!
        Некалькі вясёлых галасоў гукнулi дзяўчыну. Раптам з галерэі другога паверха пачулася працяглая ўсходняя мелодыя дзівоснай прыгажосці. Нехта сыпануў блішчынкі, і над лесвіцай закружыўся фантастычны лёгкі снегапад. На верхняй прыступцы замерла прывідная фігура. На дзяўчыне, грацыёзнай, бы крынічны струменьчык, была смарагдавая, расшытая камянямі і залатой біццю доўгая шаўковая кашуля, падпяразаная шырокім залацістым пасам, з-пад кашулі выглядалі шальвары з белага атласу, з блякла-зялёнымі расліннымі ўзорамі. Ножкі – у залатых чаравіках з загнутымі насамі, на турбане з белага шоўку уздрыгваюць дзівосныя пёры, а твар прыкрывае празрысты вэлюм, быццам кавалак русалчынага сну. Нават Анцік не адразу пазнаў сястру – вось чаго яна так падоўгу зачынялася ў сваім пакоі і вось куды знікла матчына цюлевая палярына! Толькі вялізныя шэрыя вочы схаваць немагчыма – адразу пазнаеш.
        Дзяўчына павольна спускалася па лесвіцы, ступаючы ў такт пералівістай мелодыі. Праз вэлюм праглядвала ўсмешка. Нарэшце агульнае ашаламленне прайшло, усе зноў за-пляскалі, прыветна закрычалі. Да ўсходняй прынцэсы з двух бакоў кінуліся, прапаноўваючы руку, элегантны Радусь у белым касцюме паладзiна і Стась у чорным. Прынцэса крыху прамарудзіла, а пасля звонка рассмяялася і працягнула абедзве рукі палкім рыцарам.
        – Танцы! – закрычаў пан Міхал на правах кіраўніка.
        І танцы пачаліся... І закруцілі галовы, і прымусілі сэрцы біцца шалёна, быццам ад знясільваючых уцёкаў ад прозы заўтрашняга дня. Вядома, з’явіліся калядоўшчыкі – з казою, мядзведзем, цыганом і цыбатым буслам, які страшна шчоўкаў драўлянай вострай дзюбай. А якія былі падарункі! Анцік асабліва ўзрушыўся атрыманым ад бацькі мікраскопам з дваццацікратным павелічэннем і Стасевым шыкоўным наборам для стварэння этымалагічнай калекцыі (бедныя будуць кузуркі ў наваколлі карвараўскага дома!)
        А ў давяршэнне – прагулка на санках.
        Вядома, беднага Анціка адправілі спаць.
        Які несправядлівы свет!
        
        
        Дзяўчына ў смарагдава-бела-залацістым пералівістым уборы ціха ішла па паўцёмных калідорах маёнтка, смех і гуд свята заціхалі недзе далёка. Урэшце, там, дзе канец калідора расшыраўся ў пакой эркера – круглую залу з вялікімі вок-намі, што выступала перад фасадам дома, быццам волатаў ліхтар, на фоне заснежанага акна ўбачылася нечая постаць.
        – Стась! Чаму ты ўцёк?
        Юнак змрочна сузіраў асветленыя дрыготкім агеньчыкам лампады яслі – васковы Хрыстос цягнецца ручкамі да схіленай над ім маці з васковым жа прыўкрасна-сумным тварам, авечачкі – як жывыя, пухнатыя, забаўныя, бычок, здаецца, так бы і замыкаў ад радасна-дурнаватага здзіўлення...
        – Ста-ась!
        У голасе дзяўчыны гучаў дакор, нібыта на адрас непаслухмянага дзіцяці. Сумотнік нарэшце прыўзняў галаву як мага больш ганарліва.
        – Не хвалюйцеся за мяне, спадарыня Настасся. Я прывык да адзіноты. Падумаць захацелася сам-насам, паразважаць.
        – Ды ты проста пакрыўдзіўся, што я з Радусем таньчу.
        Добра, што ў цемры не відаць, калі чырванееш. Стась з усіх сіл намагаўся зрабіць голас спакойным. Выглядаць смешным перад гэтым дзяўчом! Невыносна.
        – Я, прабачце, не заўважыў, з кім вы таньчылі, і лічу ваш выбар вашай жа асабістай справай. Мой настрой не залежыць ад... ад дзявочых капрызаў.
        Усё-ткі выдаў сябе, сказаўшы пра капрызы. Цяпер – толькі сысці... Змагар са сацыяльную справядлівасць, называецца... Бедны Вертэр...
        Пакуль юнак, утаропіўшыся ў кут, шчыра асыпаў сябе ў думках крыўднымі мянушкамі, Настасся ціха паклала руку яму на плячо.
        – Дурненькі... Радусь проста мой сябар дзяцінства, самаўпэўнены дэндзі. Мне такі спадабацца не можа. Ну, перастань дзьмуцца...
        Стась не вытрываў, павярнуўся да дзяўчыны, схапіў яе прахалодныя далонькі, як два пялёсткі, у свае рукі , прыпаў да іх гарачымі вуснамі.
        – Прабач... Я паводзіўся, як дзіцё...
        – А ты і ёсць дзіцё, – засмяялася Настасся, – хоць і лічыш сябе тургенеўскім Базаравым.
        – Але Тургенеў у многім меў рацыю, – Стась зноў пасумнеў. – Нават твае бацькі – якія б ні былі разумныя, прыстойныя людзі, застаюцца панамі, людзьмі свайго класа. Ім нікуды не падзецца ад віны перад простым народам. Паглядзі, колькі сёння страчана грошай на забавы – можна было б накарміць цэлую вёску! Дарэмнае, заганнае спальванне часу!
        Настасся паківала галавой:
        – Мне цяжка спрачацца з табой – вядома, ты больш за мяне ведаеш, ты старэйшы... Але хіба не варта траціцца проста для таго, каб чалавек парадаваўся? Хіба ты не бачыў, што сёння ў Рэчыцы прыходзілі сяляне і іх дзеці і таксама атрымалі свята – і падарункі, вядома. Людзі цягнуцца да прыгажосці. Гэты хлопец, што граў сёння на флейце... У дзяцінстве ў яго адбіралі дудачку і білі ёю па вуснах – каб не займаўся дарэмнай справай. А ён выразаў новую – і граў... Цяпер ён вучыцца ў кансерваторыі – наш бацька дапамог. А вось гэтыя яслі... Іх майстравалі не паны – пры-слуга. Паглядзі, з якой любоўю тут зроблена кожная дэталь. Людзей ніхто не змушаў, ніхто не загадваў гэта рабіць. Знішчы гэтую прыгажосць, калі можаш!
        – Мяшчанства...
        Стась нахіліўся, узяў у рукі маленькага Хрыста... Пальцы склаліся, каб шчоўкнуць у васковы лобік... Расціснуліся... Стась асцярожна паклаў ляльку на месца, нібыта жывое немаўля. Уздыхнуў... І загаварыў іншым тонам, мякка і даверліва:
        – Напэўна, твая праўда... Нават у тым свеце, які калі небудзь пабудуюць нашыя нашчадкі, не знікнуць прыгажосць і ка-ханне. Але... я не хачу, каб ты ператварылася ў спешчаную паненку, загубіла сваю жывую душу ў павятовым «свецкім жыцці». Вядома, твае бацькі не зразумеюць... Як не разумеюць мае, хаця яны таксама добрыя, сумленныя людзі, а бацька па-спеў і слаўна паваяваць. Дык вось... Пры нашым універсітэце адкрыліся курсы для жанчын... Табе спаўняецца васемнаццаць...
        – І мне давядзецца коратка пастрыгчыся? – рассмяялася Наста.
        – Чаму? – разгубіўся Стась.
        – Ну як жа, усе курсісткі – каротка стрыжаныя. А ў мяне – вунь якія косы... – Наста гарэзліва прыўзняла рукамі пышныя русыя пасмачкі, перавітыя тонкімі залатымі ніцямі з перлінамі.
        І Стась не вытрымаў, каб не дакрануцца – асцярожна-асцярожна, быццам баяўся пашкодзіць – да гэтага духмянага вадаспада.
        – Ну, я думаю, можна абысціся і без стрыжкі... Але... Ты згодная?!!
        – Хіба ты сумняваўся?
        – Дарагая... – Дзве постаці наблізіліся адна да адной, замерлі...
        Потым хлопец прашаптаў:
        – Я мог бы за цябе памерці... З радасцю.
        Яна закрыла яго вусны даланёй.
        – Нашто гаварыць пра смерць!
        Юнак шчасліва рассмяяўся:
        – Сапраўды... Перад намі – жыццё, дарога з балота – на шырокі прастор. Мы можам фіктыўна пажаніцца – і ты атрымаеш волю і зможаш сама распараджацца сваім лёсам. Так многія курсісткі зрабілі.
        – Фіктыўна? – Наста сказала гэта так холадна, з такой адчужанасцю і крыўдай, што Стась упаў на калені, адчуваючы сябе нягоднікам.
        – Любая! Я толькі хацеў сказаць, што ты – вольная і ад мяне. Я ніколі, чуеш – ніколі – не буду навязваць табе свае рашэнні. Ты – асоба, ты – чалавек, роўны мне...
        Настасся коратка ўздыхнула:
        – А хто табе сказаў, што я хачу быць вольнай ад цябе?
        – Мілая...
        Постаці зноў зліліся ў прывідным водблеску месячнага святла, што выпраменьваў снег за шырокімі вокнамі. Дзесьці пачуліся вясёлыя крыкі тых, хто выпраўляўся на санную прагулку. Звінелі, аддаляючыся, бомы... Раптам па калідоры паплыў агеньчык свечкі, пачуліся галасы.
        Хлопец і дзяўчына інстынктыўна прыціснулiся адно да аднаго, прыселі, стаіліся ў цёмным куце – як у гульні ў жмуркі. Галасы набліжаліся.
        – Навошта ты прымаеш у доме гэтага залескага паніча? – маці гаварыла не злосна, хутчэй горка-стомлена.
        – Дарагая, ён добры хлопчык... І ні ў чым не вінаваты, – гэта адказваў бацька.
        – А ў чым былі вінаватыя твае браты? Ты сам? У тым, што хацелі волі для свайго народу? Забывацца на пакуты тых, хто ахвяраваў сабою дзеля справядлівасці, – ганебна. – Маці была нечувана рэзкай. – Вось сёння... пад час карнавалу... Я проста не магла глядзець, як дзве няшчасныя сіраты – Ганулька і Агапка – жартуюць з сынам ката і забойцы іх бацькі. Твайго брата, між іншым.
        Бацька памаўчаў, чуваць былі толькі яго цяжкія крокі – пан Міхал меў звычку падчас цяжкіх роздумаў ха-дзіць...
        – Наўрад ці хлопец ведае пра справы дваццацігадовай даўнасці. Ён, як мне падаецца, чалавек сумленны і таксама хоча справядлівасці для народа...
        Маці горка рассмяялася:
        – Дараваць і забываць – гэта мы, беларусы, умеем. Ты ўжо забыўся, што Залессе належала тваім продкам на працягу пяці стагоддзяў? Ты забыўся, што трыццаць сем’яў з Залесся панам палкоўнікам, цяперашнім гаспадаром, былі высланыя ў Сібір, за дапамогу бунтаўшчыкам – былым іхнім панам? А мужчыны перад гэтым пакаштавалі бізуна. І ніхто з сасланых не вярнуўся. А цяпер на грошы, сабраныя з залескіх сялян, вучыцца гэты высакародны паніч. Які таксама збіраецца сялян вызваляць... Няхай бы вызваліў хоць аднаго з тых, сасланых ягоным бацькам!
        – Магда, ты несправядлівая... Дзеці мусяць быць вольныя ад жаху мінулага.
        – І ты дапусціш, каб твая дачка, а ў мяне ёсць такія падазрэнні, пакахала сына падлюгі і ката, чалавека, які колісь гнаіў цябе ў каменным лёху і загадваў карміць сялёдкай і не даваць вады, каб змусіць прадаць братоў? А табе было ўсяго васемнаццаць, і яны не мелі ніякіх доказаў, што ты быў інсургентам... І калі я дабілася спаткання, ты быў увесь спухлы і скусаны пацукамі і вошамі, і не мог трымацца на нагах... А калі цябе пацягнулі назад, я бачыла, як гэты... чалавек... ударыў цябе па твары, папярэдне надзеўшы скураную пальчатку. Як быццам выконваў непрыемную, але карысную і патрэбную працу. Я не магу гэтага забыць, Міхал...
        Жанчына заплакала. Бацька загаварыў нешта суцяшальнае, дзверы грукнулі, і галасы сціхлі.
        Дзве постаці засталіся ў прыцемку залы з вялікімі вокнамі. Цяпер яны ўжо не прыціскаліся адна да адной. Стаялі побач, але так нерухома, быццам між імі ўзнік нябачны архангел з вогненным мячом.
        Раптам адна постаць сарвалася з месца і пабегла.
        – Стась! – у Насты не было сіл нават закрычаць, з яе вуснаў вылецеў нейкі хрыплы шэпат.
        З вуліцы зноў даносіліся вясёлыя галасы, перагукваліся бомы, ляпалі дзверы – святочная ноч заканчвалася.
        
        
        Залескага паніча знайшлі пад вечар наступнага дня, на дарозе ў Залессе. Чаму ён пайшоў пешкі, у самую сцюжу, ды яшчэ не па бальшаку, а праз лес, дзе самыя сумёты?
        Пасля гэтага здарэння залескі маёнтак быў прададзены нейкаму немцу, які спакусіўся ўчасткам лесу з гонкімі карабельнымі соснамі, што прадаваўся разам з маёнткам. Хутка там застукалі сякеры, зашоргалі пілы, і Залессе ператварылася ў высечку, зарослую панылым асіннікам, пасярод якой цямнеў, як помнік былому жыццю, занядбаны дом з забітымі аканіцамі – новы гаспадар там не жыў.
        Настасся Карвар пасля заканчэння гімназіі паступіла на жаночыя курсы пры Санкт-Пецярбургскай медыцынскай акадэміі. Асабліва быў у захапленні ад гэтага яе малодшы брат Антон – цяпер сястра прывозіла яму ў падарунак новыя кнігі па біялогіі і заспіртаваных яшчарак.
        На Каляды ў маёнтку Рэчыцы больш не ладзіліся пышныя карнавалы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.