РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дом з драўлянымi львамi
        Яны прыйшлі якраз на праваслаўнае Вадохрышча, калі зорны Вознік спыніў сваю калясніцу над цёмным сілуэтам капліцы. Яе добра было відаць з вокнаў сядзібы, чый ганак вартавалі два драўляныя львы, замеценыя снегам аж па разяўленыя пашчы.
        Гэта была ненадзейная ахова. Адзін маленькі, але жывы сабачка быў бы карысней за тыя вялікія, нязграбныя, па-шчапаныя часам і непагаддзю страшыдлы. І адзін з нечаканых гасцей пастукаў у шыбу...
        Іх было трое. Два – зусім юнакі, са змучанымі інтэлігентнымі тварамі, апранутыя ў, відаць, нязвыклае для іх сялянскае адзенне. Трэці, гадоў пад трыццаць, бялявы і светлавокі, быў у салдацкім шынялі, з кішэні якога тырчэў стары пісталет. Бялявы час ад часу браўся за яго неўсвядомленым рухам. «Нібыта састарэлая паненка за пудраніцу з люстэркавай накрыўкай», – з недарэчнай іроніяй падумалася гаспадару сядзібы. Сам гаспадар, сівы хударлявы старэча ў выцертым на локцях, але акуратным старасвецкім пінжаку, стаяў, абапершыся на кульбачку, пасярод вітальні, асветленай чырванаватым агеньчыкам газоўкі, і спакойна глядзеў на прыхадняў крыху выцвілымі сінімі вачыма.
        – Вы адчынілі нам, – старэйшы госць намагаўся гаварыць гэтак жа спакойна. – Вы адчынілі, хаця ведалі, што нас шукаюць. Гэта добра, што вы не змусілі нас да гвалту. Ходзяць чуткі, што калісьці вы гэтаксама былі выгнаннікам. Нам трэба толькі трохі ежы і пару гадзін адпачынку... Цёплай парою нас хаваў бы і карміў лес. А цяпер...
        Гаспадар схіліў сівую, як снег, галаву.
        – На гэтай зямлі ўвесьчасна нехта ўцякае ад пагоні, а нехта даганяе... Калі б іх сляды заставаліся на паверхні зямлі вечна, наш край нагадваў бы вычварныя карункі з незлічонымі абарванымі ніткамі-лёсамі. Я адпусціў пакаёўку на святы да яе сваякоў. Ніхто старонні вас не ўбачыць і не пачуе... Так што можаце нават пераначаваць. Распранайцеся і пой-дзем у гасцёўню.
        ...У каміне скакалі чырвоныя Вогнікі ў вастраверхіх капялюшыках. Здавалася, што яны зацята будуюць маленькі гатычны сабор з многімі вежамі. Але іх будоўля рассыпалася іскрамі-цаглінкамі на чорныя вуглі... І праз імгненне адбудоўвалася ізноў.
        ...Дзіўны гэта быў дом. Нават таму, што меўся камін, хаця сапраўдныя цяпло і карысць несумненна давала вялікая грубка ў правым ад дзвярэй куце. Мусіць, нехта з ранейшых уладальнікаў сядзібы знаходзіўся пад уплывам рамантызму. А чаго толькі не было на сценах, на паліцах высокіх этажэрак, на каржакаватых камодах! Гравюры на біблейскія тэмы з наіўным сярэднявечным маралізатарствам і прадметным бачаннем надсвядомага. Тыя мастакі дакладна ведалі, як выглядае Меланхолія, Боль, Пошасць, Смерць... А таго, чыё аблічча вядомае да драбніц – чаго ж баяцца? На парцэлянавым посудзе лёталі сінія райскія птушкі, драўляныя грубаватыя скульптуры мясцовай работы, падобныя да львоў ля ганка, суседнічалі з вытанчанымі бронзавымі статуэткамі. З высокай шафы мармуровы Гамер пазіраў невідушчымі вачыма на жахлівую афрыканскую маску. Але галоўнымі ў доме былі кнігі. Паветра гэтак насыцілася папяровым пылам, што здавалася, яго можна было гартаць. Адразу казытала ў носе...
        Госці сядзелі перад камінам у плеценых з лазы фатэлях. Юнакі не маглі стрымаць цікаўнасці і крадма кідалі позіркі па баках... Крадма, бо ім зусім не хацелася выглядаць менш годна за свайго бялявага правадыра. А той піў сваю гарбату з гэткім цудоўным суровым выглядам, і інкруставаны пісталет, старасвецкі дуэльны пісталет без пары, ляжаў на ягоных каленях.
        Гаспадар адкінуўся на высокую спінку крэсла, абабітага чорнай скурай.
        – Як мне ўсё-ткі да вас звяртацца?
        Бялявы кінуў папераджальны позірк на таварышаў:
        – Можаце зваць мяне Сцяпанам... Вядома, гэта не сапраўднае імя.
        Маладзён з кароткімі цёмнымі валасамі, трохі хвалістымі, і ледзь заўважнымі вусікамі, чымсьці вельмі падобны да месяцатварых юнакоў з карцін Караваджа, прадставіўся Кастусём. Другі, танклявы і, відаць, ад прыроды ціхмяны, са змрочнай задзірыстасцю назваўся Робертам.
        «Роберт-д’ябал»... Та-та-та–ці-та-та... Рамантыкі, хале-ра. Гэтай зямлі шанцуе на рамантыкаў... Мусіць, рамантычны светапогляд спараджаецца менавіта безнадзейнасцю?»
        – Я не буду ні пра што распытваць, не хвалюйцеся... Давайце лепш сам нешта распавяду, раз вы сталіся наведнікамі майго хатняга музея.
        Гаспадар, цяжка абапёршыся на кавеньку, устаў і падышоў да паліц. Ён здымаў адну за адной старыя кнігі, гартаў і тлумачыў, што напісаныя яны на старабеларускай мове. А яшчэ называлася яна літоўскай, хаця цяпер тую назву звязваюць зусім з іншай мовай... А Літвой калісьці называўся ўвесь гэты край. І на мове, на якой цяпер тут гаворыць толькі просты люд, размаўлялі князі і каралі і пісаліся дзяржаўныя дакументы. І паслы вялікіх дзяржаў вучылі гэтую мову, таму што тут таксама была вялікая дзяржава.. Са сваiмі філосафамі і паэтамі, блюзнерамі і святымі пакутнікамі, палкаводцамі і чароўнымі дамамі...
        – Дык што, назад, да «залатога веку»? – Вочы Сцяпана гарэлі незразумелай гаспадару пагардай. – Можна падумаць, тады не існавала прыгоннага права, не прыпадабнялася людское жыццё нікчэмнай сцяблінцы... Не пасыпалі вашы ўлюбёныя князі дарогі соллю, у той час як іх падданыя мерлі з голаду... І не палілі вашых улюбёных філосафаў на вогнішчах інквізіцыі... Мінулае трэба хаваць разам з тыранамі, якія ў ім ўладарылі.
        Гаспадар крыху разгубіўся ад запалу гэтых слоў.
        – Гісторыя ў кожнай нацыі крывавая. Веліч і злачынства заўсёды побач... І злачынства заўсёды больш... Але трэба ведаць сваю гісторыю, менавіта сваю, і ганарыцца ёю. Паважаць самога сябе, сваю культуру, сваю мову...
        Сцяпан паблажліва ўсміхнуўся:
        – Прыгожыя словы. Народу патрэбная справядлівасць. Галодны і непісьменны не можа ганарыцца тым, што нейкі князь, які колісь лупцаваў ягонага прадзеда, перамог другога князя, які лупцаваў гэткага ж раба...
        – Толькі той, хто паважае гісторыю і мову свайго народа, мае гонар чалавека. І ён ніколі не стане рабом.
        Сцяпан нязграбна сунуў пісталет у кішэню сурдута, усхапіўся з крэсла, ірвануў з рук танклявага Роберта важ-кі том і шпурнуў на падлогу – ажно вылецела некалькі пажаўцелых старонак, нібыта лісты да памерлага адра-сата.
        – Вось ваша «гісторыя»! Парахно, якое рассыпаецца на вачах. Вы занадта былі знітаваныя з ім. Таму ваша справа не перамагла. А наша – пераможа! Бо мы абтрасём гэтае парахно са сваіх ног. У свеце справядлівасці і роўнасці, які мы збудуем, ва ўсіх будзе адна гісторыя – без войнаў і тыранаў, і адна мова – бо знікнуць межы і варажнеча...
        Гаспадар сумна глядзеў на кінутую кнігу.
        – Тыя, што гоняцца за вамі, таксама сцвярджаюць, што ўвесь свет мусіць размаўляць на адной мове... Праўда, яны дакладна ведаюць, на якой – на мове іх імперыі...
        Чарнявы юнак, які назваўся Кастусём, пакрыўдзіўся:
        – Вы, напэўна, з тых, што за плакальшчыкам Дастаеўскім паўтараюць наконт слязінкі дзіцяці, гвалту баяцца... Што, па-вашаму, усе мы мусім сядзець, як вы, уткнуўшы насы ў старыя кнігі?
        Гаспадар уздыхнуў:
        – Калісьці я таксама быў упэўнены ў сваёй праваце. Быў гатовы забіваць тых, хто абараняў няпраўду. Трыццаць гадоў таму... Свет, на жаль, не змяніўся... Але цяпер я ўпэўнены хаця б у тым, што ніхто не ведае дакладнага рэцэпта яго пераўтварэння.
        Усе трое гасцей паблажліва ўсміхнуліся. Стары дзівак! Бездапаможны і разгублены... Нават шкада яго і хочацца нешта патлумачыць. Але ці зразумее?
        Гаспадар узяў з камоды невялікі куфэрак з чырвонага дрэва, асцярожна, двума пальцамі, дастаў адтуль пяро незвычайнага сіняга колеру.
        – Усе палююць за сіняй птушкай шчасця... Агульнага шчасця, для ўсіх і для кожнага. І мала хто ведае, што сіняя птушка жыве ў сапраўднасці. Я калісьці знайшоў яе пяро. Сіняя птушка жыве высока ў гарах, яна падобная да нашага голуба. І на яе палююць зусім не алегарычна. Хутка гэты від зусім знікне. Калі чалавек не можа абараніць ад уласнай сквапнасці і жорсткасці гэтую кволую істоту, ці дасца яму ў рукі тая, міфічная?
        Шыбы заінелі. Але навокал было так ціха, што ў доме з драўлянымі львамі пачулі далёкі пошчак капытоў, прыглушаны снегам.
        Старэйшы госць зноў выхапіў пісталет і адрывіста спытаў гаспадара:
        – У вас ёсць зброя?
        Стары не азваўся на пытанне, сказаў цвёрда і хутка:
        – За камінам – хованка. Задняя сценка адчыняецца, калі націснуць на ручку там, справа, з унутранага боку па-ліцы... Вось так... Прыйдзецца скакаць цераз агонь. Як на Купалле... Скакалі, мусіць, з дзяўчатамі? Ці гэта ніжэй вашай рэвалюцыйнай годнасці? Вось так... Зачыніце дзверцы знутры...
        Вогнікі працягвалі будаваць свае гатычныя вежы, але, здавалася, у іх працы з’явіўся большы імпэт, бо яна сталася яшчэ больш значнай – ратавала чалавечыя жыцці.
        Нават пан жандарскі ротмістр, які працягнуў да чужога агменю азяблыя падчас доўгай пагоні рукі, працягнуў, не здымаючы пальчатак, ні на хвілю не западозрыў, што мэта яго доўгай вандроўкі аддзеленая ад яго ўсяго гэтай мігат-лівай завесай агню.
        Жандары не былі ўпэўненыя, што злачынцы хаваюцца менавіта ў гэтым доме. Завіруха старанна зраўняла сляды, змяшала з іншымі. Але верагоднасць была вялікая. Прынамсі, што злачынцы заходзілі сюды. Гаспадар дома з драўлянымі львамі лічыўся нядобранадзейным. Пан ротмістр так і нагадаў яму. І што за дзіўная звычка піць гарбату з некалькіх кубкаў?
        Тры кубкі з рэшткамі недапітай гарбаты, пакінутыя на маленькім століку пасярод пакоя, сапраўды глядзеліся недарэчы ў гэтым самотным доме.
        – Вы пойдзеце з намі, – змрочна сказаў ротмістр. Ён узвышаўся над прыгорбленай постаццю гаспадара, як цёмная Бабруйская крэпасць над ціхмянай рачулкай Бабруйкай. – Нават павага да вашага ўзросту (дарэчы, за такі час можна было б і паразумнець), не змусіць мяне адмовіцца ад выканання свайго доўгу. Мы знайшлі ў вас дастаткова заганнага...
        Там, дзе ля кніжных паліц, дружна чхаючы ад пылу, завіхаліся жандары, адчайна шаргаталі старонкі і глуха падалі на падлогу кнігі. Адна з іх, адшпурнутая асабліва злосна, упала пад ногі гаспадару, нібыта параненая птушка. На шмуцтытуле значылася: »Багагласьнік. Канты, псальмы, лацінскія гімны і пастаралькі для пачцівого і богаўгоднаго сьпевання і прадстаўленьня». Ротмістр грэбліва крануў кнігу наском бруднага бота.
        – Уніяцкая? Схізматыкаў? Ну-ну! Толькі шчырая дапамога следству можа прымусіць нас забыцца на гэтыя агідныя сапраўднаму хрысціяніну рэчы.
        Гаспадар глядзеў проста ў вочы жандару:
        – Я нічым не магу дапамагчы следству.
        Ротмістр з блазенскім здзіўленнем развёў рукамі.
        – Вы дзівак! Вам, мусіць, здаецца, што паўтараюцца падзеі вашай маладосці. Але, запэўніваю, тыя маладыя людзі, якіх вы абараняеце, зусім не ў вашым гусце. Тэрарысты, фанатыкі... Яны не лятуць з аголенай шабляй наперадзе мужнага атрада. Іх стыль – кінуць бомбу, стрэліць у спіну. Чулі пра забойства генерала Мяскова з сям’ёй? Іхняя справа. Паверце, ваша шляхецкая годнасць застанецца незаплямленай, калі вы падкажаце, у які бок рушылі злачынцы. Маўчанне вам задорага абыдзецца... І, паверце, экзатычнай вандроўкай па Афрыцы на гэты раз для вас не скончыцца.
        Стары паківаў галавою:
        – Я жыў цікава і доўга. Мабыць, больш доўга, чым спадзяваўся і чым заслужыў. Калісьці я здзіўляўся ўсяму і шмат чаму абураўся. Вастрыня пачуццяў, на жаль, з узростам прытупляецца. Магчыма, таму не магу падзяліць вашае абурэнне ці пашкадаваць сябе. Выбачайце.
        Ён стаяў, такі кволы, худы і прыгорблены, у сінім старым піджаку, зашпіленым на ўсе гузікі да горла, і чымсьці страшэнна нагадваў хворую птушку... Птушку на выбоіне скалы, якая ўсё роўна не дасца ў рукі паляўнічаму – хутчэй кіне саслабелае цела, якое больш не трымаюць крылы, у прорву.
        Ротмістр штурхнуў нагой кінутую кнігу. Жоўтыя старонкі разляцеліся па і без таго засмечаным пакоі. Жандарскі правадыр некалькі разоў запар чхнуў. Халера, ну і пылішча... Як гэты стары тут жыве? Не чалавек, а нейкі шашаль. Куды яго везці? Памрэ па дарозе.
        Нехта з жандараў, відаць, надзвычай дасціпная ў жандарскім асяроддзі асоба, на развітанне строс снег з галавы драўлянага льва і сунуў яму ў пашчу шматок сена. Пачвара адразу зрабілася нейкай жаласнай і камічна бяскрыўднай.
        Гаспадар моўчкі сядзеў у крэсле з высокай спінкай перад камінам, у якім дагаралі счарнелыя старонкі. Яны курчыліся на вуголлі, як жывыя. Вогнікі рупліва пераварочвалі іх, скакалі па іх, каб хутчэй рассыпаць на тло.
        Тыя, што хаваліся за агнём, ужо апранутыя, з невялікімі вузельчыкамі, рыхтаваліся сыходзіць.
        Светлавокі Сцяпан, у шынелі і шапцы-аблавушцы, вымавіў:
        – Дзякуем вам. Вы дапамаглі рэвалюцыйнай справе.
        – Я зрабіў тое, што мусіў зрабіць... – ціха прагаварыў стары.
        – Можа, і вы з намі пойдзеце? – выявіў недарэчны энтузіязм чарнявы Кастусь. І сумеўся пад з’едлівым позіркам Сцяпана.
        Стары мімаволі ўсміхнуўся:
        – Дзякуй, юнача, што так высока ацаніў мае магчымасці.... На жаль, я сапраўды стары. І нават каб меў сілы – у мяне няма ўпэўненасці, што ўдасца разблытаць карункі шляхоў... Калісьці я спрабаваў гэта зрабіць з вашым бацькам, Кастусь... Дакладней, калі не памыляюся, Вінцэнт... – Стары не заўважыў, як ад гэтых слоў тузануўся Сцяпан і сунуў руку ў кішэню. – Вы ўжо не крыўдуйце, што я трохі парушыў вашу канспірацыю. Вы так на яго падобны... Як цікава...Калісьці ён таксама хаваўся тут, за камінам. Мы і цяпер часам згадваем...
        Гаспадар відавочна расчуліўся. Напэўна, ён яшчэ доўжыў бы свае ўспаміны. Але Сцяпан зрабіў крок наперад. Голас яго гучаў цвёрда – як бой вежавага гадзінніка.
        – Нам час ісці. Мы сапраўды вам удзячныя. Мы згадаем вас у новай гісторыі, якую напішам. Гэтая гісторыя засведчыць нашую непахіснасць і вялікія ахвяры, якімі здабываецца воля.
        Дуэльны пісталет пазбавіўся ад сваёй адзінай кулі. Вакол чорнай недарэчнай дзіркі ў лбе старога гаспадара амаль не паказалася крыві. Тонкі чырвоны струменьчык чамусьці выцек з кутка рота, калі цела нязграбна звесілася з крэсла набок.
        – Навошта?! Ён выратаваў нам жыццё! – танклявы Роберт аж тросся ад узрушэння.
        Кастусь-Вінцэнт аслупянела глядзеў перад сабой і нешта шаптаў.
        Сцяпан пастараўся надаць голасу важкасці.
        – Гэта было неабходна. Ён пазнаў Вінцэнта... А ён стары, слабы, даўно адышоў ад барацьбы і нічога не разумее. Нават калі б не выдаў нас жандарам, абавязкова распавёў бы Вінцэнтаваму бацьку... Пакаёўцы... Святару... У ягонай жа хованцы – памятаеце? – Біблія ляжала! Ды яшчэ з закладкамі. Мы не можам рызыкаваць. – Сцяпан спрытна зараджаў пісталет, любуючыся iм, нібы дзіця сваёй цацкай. Нават голас яго зрабіўся амаль ласкавы: – Ну што б гэты стары небарака рабіў у новым свеце? Ды і не дажыў бы да яго перамогі. Усё роўна скора памёр бы. Рушылі...
        Кастусь, стараючыся не глядзець на чорнае крэсла, павольна пасунуўся да дзвярэй. Сцяпан азірнуўся на таго, хто назваўся гаспадару Робертам.
        – Юраська, ачуняй! Наша справа слабых не церпіць.
        Танклявы юнак стаяў, апусціўшы вочы, з падціснутымі – аж збялелі – вуснамі.
        – Я не пайду з табой.
        Сцяпан ад нечаканасці тузануўся:
        – Такімі словамі не кідаюцца.
        – А я не жартую, – юнак падняў на правадыра вочы, спакойныя, глыбокія вочы...
        – Ты ведаеш, як мы абыходзімся са здраднікамі?– металёва прагаварыў Сцяпан і скіраваў пісталет на юнака.
        Роберт-Юрась не варухнуўся. Сцяпан кінуў хуткі позірк на Кастуся, які напяўся і сціснуў кулакі, і зразумеў, што рызыкуе згубіць і гэтага... Малакасосы праклятыя... Пісталет паволі апусціўся.
        – Баязлівец! Слюнцяй! Няўжо з-за смерці старога шашаля ты адрачэшся ад сваіх таварышаў?
        Юрась прагаварыў павольна:
        – Проста я таксама згубіў упэўненасць у тым, што ведаю правільны рэцэпт пераўтварэння свету.
        – Пашкадуеш...
        Дзверы злосна грукнулі, але ў цішы зімовай ночы іх злосць мела не большую сілу, чымсьці трэск палена ў грубцы.
        ...Зорны Вознік адвёз сваю калясніцу некуды за край кладоў. Драўляныя львы ля ганка старой сядзібы глядзелі проста перад сабой вырачанымі ад незразумелага гневу вачыма. А ў ка-міне апошнія вогнікі падскоквалі на чорных вуголлях. Іх пышны бліскучы сабор рассыпаўся дарэшты, і цаглінкі бездапаможна гублялі бляск. Юнак у сялянскім кажусе і студэнцкай фу-ражцы падняў з падлогі знявечаную кнігу, акуратна зраўняў адарваныя старонкі і паклаў яе у свой хатуль. Потым падышоў да камоды, адчыніў куфэрачак з чырвонага дрэва і дастаў ад-туль сіняе пяро. Паглядзеў скрозь яго на цьмяны агеньчык га-зоўкі, схаваў за пазухай. Ужо стоячы ў дзвярах, павярнуўся ў бок чорнага крэсла. Напэўна, трэба было б накрыць твар нябожчыка якой хусткай... Закрыць яму вочы... Але юнак баяў-ся зрабіць штосьці не так, не па звычаі, і яшчэ больш абра-зіць гэты дом. Таму проста перахрысціўся – а ён даўно гэтага не рабіў! – і здушаным ад хвалявання голасам вымавіў:
        – Даруйце... Даруйце, калі ласка...
        ...Ад ганка з драўлянымі львамі па бялюткім, бялюткім снезе цягнуліся тры ланцугі слядоў. Адзiн, напалову замецены, след ад цэлага коннага атрада кіраваўся на захад, да блі-жэйшага мястэчка. Другі ланцуг, намнога таннейшы – на поў-нач, у бок цёмнай крэпасці лесу. І адзін самотны след цягнуўся туды, дзе хутка мусіла ўзысці барвовае зімовае сонца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.