РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ёсць закон гасціннасці
        Хігмант Геранчар, загадчык аддзела савецкіх літаратур выдавецтва «Еўропа» (Венгрыя), з усмешкай глядзеў на мяне і гаварыў: «Проста не верыцца… Вы першы беларускі паэт, якога я бачу». Ён расказаў, што выдавецтва цікавіцца нацыянальнымі літаратурамі нашай краіны, у тым ліку і беларускай, што хутка выйдзе ў калектыўным зборніку новая аповесць Васіля Быкава «Сотнікаў», што ён сам перакладаў адно апавяданне гэтага аўтара… Наша знаёмства адбылося літаральна на калідоры, першая размова была мімаходзь. Назаўтра яна была прадоўжана ў кабінеце галоўнага рэдактара выдавецтва. Сам галоўны быў у адпачынку, і я гаварыў з яго намеснікам паэтам Ласла Лотарам, рэдактарам выдавецтва паэтэсай Дзіт Пор, з маім новым знаёмым Хігмантам Геранчарам і ўжо, можна сказаць, старой знаёмай, добрым другам нашай літаратуры Шарай Карыг. Гады два таму назад Ш. Карыг, перакладчыца са славянскіх моў і рэдактар выдавецтва, прыехала ў Мінск і прывезла добрую навіну: выдавецтва «Еўропа» плануе ў серыі «Люстра», якая знаёміць з літаратурамі народаў свету, выданне анталогіі-хрэстаматыі беларускай літаратуры. Карыг была, такім чынам, той першай ластаўкай, якая прадвяшчае вясну, на гэты раз – цёплы павеў у нашых сувязях з венгерскай літаратурай.
        Як нельга было аб’яднаць у адзін выдатны горад Буду і Пешт без мостабудаўнікоў, так нельга ўявіць міжнацыянальныя літаратурныя сувязі без людзей-энтузіястаў накшталт Карыг. Да гэтага яна шмат рабіла для папулярызацыі ў сваёй краіне ўкраінскай і балгарскай літаратур. Потым звярнула ўвагу на нашу літаратуру, стала ініцыятарам выдання анталогіі. Зараз яна ўжо нядрэнна чытае і разумее па-беларуску, абклалася нашымі кнігамі, слоўнікамі, даведнікамі, «вярбуе» сяброў беларускай літаратуры.
        А сябры ў нас тут ёсць. Напрыклад, літаратуразнаўца Эндрэ Бойтара. Ён быў неяк праездам у Мінску, мы з ім тады пазнаёміліся. У Будапешце сустрэліся зноў. Эндрэ Бойтар даследуе авангардысцкую паэзію дваццатых гадоў, зацікавіўся ён і нашай паэзіяй гэтага часу, у прыватнасці творчасцю Александровіча, Дубоўкі, Пушчы, Хадыкі, Чарота. Каб чытаць нашых паэтаў у арыгінале, ён таксама вывучае беларускую мову.
        Шмат увагі і гасціннасці аддаў мне і перакладчык Дзёрдзь Рада. Ён быў у Беларусі, перакладаў на венгерскую мову Францішка Багушэвіча, дапамагаў Міколу Хведаровічу ў падрыхтоўцы да выдання на беларускай мове выбранай лірыкі Шандара Пецёфі1 і напісаў прадмову да яе.
        Наогул, як я пераканаўся, кола сяброў нашай літаратуры ў Венгрыі мае тэндэнцыю пашырацца. Шара Карыг паказала мне сціпла выдадзеную яшчэ ў пасляваенны адразу час кнігу перакладаў аднаго з вядомых венгерскіх паэтаў Гезы Кепеша. (У Венгрыі, дарэчы, амаль усе паэты з’яўляюцца сталымі перакладчыкамі і выдавецтвы, як правіла, вельмі шмат друкуюць перакладной літаратуры.) У гэтай кнізе побач з творамі рускай класічнай і савецкай паэзіі змешчаны і пераклады з беларускай – вершы «А хто там ідзе?» Янкі Купалы і «Ручэй» Якуба Коласа. А ў час маёй сустрэчы з супрацоўнікамі часопіса «Надзьвілаг» (літаральна – «Цэлы свет», а ў больш шырокім сэнсе – «Сусветная літаратура») рэдактар аддзела Янаш Эльберт папрасіў прынесці мне адзін нумар свайго часопіса за 1964 год, дзе надрукаваны вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча. Пераклады зрабілі прызнаныя венгерскія паэты і перакладчыкі Імрэ Чанадзі, Андраш Мезеі, Магда Секеі і Юдзіт Тот. «На жаль, гэта адзіная публікацыя, якой мы можам пахваліцца, – гаварыў у выбачальным тоне Янаш Эльберт. – Мы яшчэ мала ведаем беларускую літаратуру, яе сучасную паэзію і прозу». Я з свайго боку вымушан быў прызнавацца, што і ў нас яшчэ недастаткова ведаюць венгерскую літаратуру. Пагаджаліся на тым, што трэба бліжэй знаёміцца адзін з другімі, трэба больш праяўляць узаемнай увагі і ініцыятывы.
        Размова аб неабходнасці пашыраць і ўмацоўваць нашы сувязі заходзіла і ў другім будапешцкім часопісе «Картарж» («Сучаснік»), і ў рэдакцыі часопіса «Ійенкор» («Новае жыццё), які выдаецца ў горадзе Печ, і ў час сустрэчы з венгерскімі паэтамі ў клубе Саюза пісьменнікаў на вуліцы Байзы. Гаспадары пыталіся ў мяне часта, што ўяўляе сабой беларуская мова, цікавіліся народнымі звычаямі, нашымі літаратурнымі справамі. Мне задавалі пытанні, і я адчуваў, што за імі – самае шчырае жаданне лепш ведаць нас і нашую літаратуру, і пераконваўся, што для паспяховага супрацоўніцтва патрэбны вось такія жывыя кантакты, непасрэдныя знаёмствы і гутаркі.
        Прывяду такі прыклад. Аднойчы Шара Карыг павезла мяне ў госці да вядомага паэта Шандара Вераша і яго жонкі – таксама паэтэсы – Амі Караі. Яны цёпла сустрэлі нас, частавалі віном, Шандар Вераш чытаў свае новыя вершы. Ішла размова аб паэзіі, аб перакладах, аб літаратурнай працы. Вераш сказаў, што рыхтуе да друку зборнік сваіх новых перакладаў і тут жа выказаў гатоўнасць перакласці для гэтай кнігі некалькі твораў беларускай паэзіі. Трэба ведаць, якое месца займае сёння Шандар Вераш у венгерскай і ўсёй еўрапейскай паэзіі, каб ацаніць па вартасці значэнне гэтага факта.
        Але, як вядома, павага і любоў бываюць трывалымі і плённымі толькі тады, калі яны ўзаемныя. Колькасць сяброў нашай літаратуры ў Венгрыі залежыць прама прапарцыянальна ад колькасці сяброў венгерскай літаратуры ў Беларусі. Мы выдалі зборнік вершаў Пецёфі. Гэта добра. У апошнім зборніку «Дня паэзіі» надрукаваны іншыя пераклады з класічнай венгерскай паэзіі. Гэта таксама добра, пра гэты факт я таксама з вялікім задавальненнем паведамляў сваім венгерскім калегам. Як і пра тое, што ў адным з нумароў «Полымя» за 1969 год было надрукавана некалькі венгерскіх навел. Але гэта толькі першыя спробы, першыя крокі, гэтага мала. Дзёрдзь Рада меў рацыю, калі ў адной з размоў зазначыў з дакорам, што ў час нядаўняга фестывалю венгерскай драматургіі, які адбыўся ў пашай краіне, толькі ў Беларусі нічога венгерскага не было пастаўлена на сцэне. Наспела, безумоўна, пытанне аб выданні ў нас хаця б невялікай, на першы час, анталогіі сучаснай венгерскай паэзіі.
        Павінен сказаць, што Венгрыя – краіна паэзіі, паэзія тут ледзь не ўзведзена ў культ. Гістарычна склалася так, што паэзія тут стала дамінуючым літаратурным жанрам і адыгрывае, асабліва ў апошні час, вялікую ролю ў грамадскім жыцці краіны. З артыкула Фарага Вілмаша, змешчанага ў паэтычным альманаху «Арыён», я даведаўся, што ў Венгрыі сем выдавецтваў выпускаюць вершаваныя зборнікі рэгулярна і чатыры – перыядычна. Штогод у краіне выходзіць у свет сто дваццаць зборнікаў вершаў агульным тыражом 800 000 экземпляраў, г. зн. сярэдні тыраж – каля 7000 экземпляраў. 75 з гэтых 120 кніг належаць венгерскім аўтарам, астатнія 45 – замежным. Штогод да Дня паэзіі, тыражом 30–40 тысяч экземпляраў выходзіць святочная паэтычная анталогія, якая змяшчае вершы 70–80 сучасных паэтаў. (Тыраж анталогіі 1968 года склаў 45 000 экземпляраў. Яна разыходзіцца, як правіла, на працягу некалькіх тыдняў. Цікавая дэталь: у час Дзён паэзіі анталогія прадаецца па зніжанай удвая цане.)
        Не выпадковы і той факт, што менавіта ў Будапешце адбылісянекалькі год назад міжнародныя Дні паэзіі. Такія Дні становяцца таксама традыцыяй у культурным жыцці краіны. У сувязі з імі стаў выходзіць спецыяльны паэтычны альманах «Арыён», у якім змяшчаюцца вершы на некалькіх мовах свету як венгерскіх, так і замежных аўтараў. Гэтыя свае кароткія нататкі я і хачу закончыць добрымі словамі з «Арыёна»: «Мы верым у сілу паэзіі. Не ў яе выключную і міфічную сілу, а толькі ў яе сілу чалавечую, якая, як мы верым, адна з самых цудоўных і магутных сіл чалавека. Мы верым у тое, што паэзія не завяршыла сваёй гістарычнай місіі. Бадай, яе сапраўдная місія яшчэ толькі пачынаецца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.