РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сонечны гараскоп Чурлёніса
        Чурлёніс… Аднойчы пачутае гэта імя ўжо назаўсёды застаецца, як дзіўны акорд, у вашай свядомасці.
        Назаўсёды застаюцца ў вашай свядомасці аднойчы ўбачаныя творы Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса, яго «Ісціна» і «Спакой», яго «Дружба», «Смутак» і «Рэкс». Запамінаюцца, застаюцца назаўсёды – як пачутыя ў дзяцінстве казкі ці як убачаныя аднойчы незвычайныя з’явы прыроды: шаравая маланка, паўночнае ззянне, сонечнае зацьменне.
        Аднойчы, будучы на поўдні, я назіраў адвячоркам, пад ціхі плёскат мора, як у выніку ўзаемадзеяння промняў заходзячага сонца і аблок на небасхіле ўзнікла цэлая казачная краіна – з гарамі і далінамі, з дамамі і вежамі, з шырокай звілістай дарогай і адыходзячымі ад яе ва ўсе бакі сцяжынамі-атожылкамі. Зачараваны, захоплены, я не мог адарваць вачэй ад відовішча. Было такое адчуванне, быццам я падарожнічаю ў нейкай незямной, шматмернай прасторы і адкрываю для сябе антысвет, двайніка нашай зямной цывілізацыі.
        Я потым доўга знаходзіўся пад уражаннем ад свайго незвычайнага «падарожжа». Яно запомнілася мне назаўсёды.
        Нешта падобнае зведваеш і пры знаёмстве з Чурлёнісам. Яго карціны – своеасаблівае запрашэнне да падарожжа ў нейкі іншы, нетутэйшы, ахутаны вялікай тайнай свет, на іншы, супрацьлеглы бераг. У гэтым перш за ўсё іх незвычайнасць, гэтым перш за ўсё, мабыць, вытлумачваецца сіла іх уздзеяння.
        Ды вось што – неабходна адразу агаварыцца – характэрна: як бы высока ні ўзлятала муза Чурлёніса, як бы ні лунала яна, яна, – сведчыць пераважная большасць яго карцін, – не парывае з родным гняздоўем, з зямной глебай. Свет Чурлёніса, пры ўсёй яго незвычайнасці і непараўнанасці, не халодны, не чужы для нас, а, наадварот, ён дыхае жыццём, прываблівае, абнадзейвае. Яно і зразумела. Яго вялікі дар чуйны і жыватворчы.
        
С природою одною он жизнью дышал:
Ручья разумел лепетанье,
И говор древесных листов понимал,
И чувствовал трав прозябанье.
Была ему звёздная книга ясна…
        
        Гэта радкі з вядомага верша Баратынскага «На смерць Гётэ». Але іх можна цалкам аднесці і да Чурлёніса, у якім імкненне чытаць «зорную кнігу», слухаць зоры («Чуеш? Як ціха перагаворваюцца зоркі») гарманічна спалучалася з надзвычай абвостраным успрыманнем навакольнай прыроды («Жыта не шамаціць, а звініць як звон»).
        У роздуме над «загадкай» Чурлёніса прыходзіш і да наступнай высновы. Ёсць нямала вызначэнняў генія і геніяльнасці. Зыходным крытэрыем тут можа быць і мера задаволенасці светам, адпаведна з якой геніяў можна падзяліць умоўна на два тыпы. Адны а іх, накшталт таго ж Гётэ, у асноўным задаволены светам і бачаць сваю задачу, сваё прызначэнне ў тым, каб яго далей абжываць, удасканальваць, рабіць лепшым. Другія, напрыклад, Леанарда да Вінчы, Ван Гог, Леў Талстой, больш крытычныя ў сваім стаўленні да свету і па-максімалісцку парываюцца ператварыць яго на свой лад, па сваім вобразе і падабенстве. Вывяраючы свой ідэал, яны звяртаюць позірк да новых вымярэнняў, да зорак, да космасу. Да апошніх трэба аднесці і Чурлёніса. У гэтым сэнсе сімптаматычная яго няздзейсненая да канца задума стварыць са ста карцін цыкл на тэму «Стварэнне свету». Паказальная ў гэтым сэнсе ўся яго творчасць. Як і належыць дэміургу, Чурлёніс творыць смела і мэтанакіравана, крута «замешвае», сінтэзуе ў якасці «будаўнічага матэрыялу» ўсё – ніз і верх, фарбу і гук, колер і штрых, рэальнасць і фантасмагорыю, мікракосм і макракосм. Універсальнасць – вызначальная асаблівасць творчага генія Чурлёніса.
        Натуральна, што яго мастацтва вытрымала і працягвае годна вытрымліваць выпрабаванне часам, што яго прарочыя касмічныя фантазіі захоўваюць сваю мастацкую каштоўнасць, гэтак жа як колішнія «мроіаб зямліінебе» Цыялкоўскага захоўваюць на сённяшні дзень сваю каштоўнасць тэарэтычную.
        Прыгадваю – для мяне самога гэта павучальна, – як я паступова, прыступка за прыступкай, адкрываў для сябе Чурлёніса.
        Прыступка першая. Літоўскія сябры падарылі мне альбом з яго «Знакамі задыяка». Дванаццаць знакаў, дванаццаць карцін. «Сонца ўступае ў знак Блізнят… Сонца ўступае ў знак Дзевы… Сонца ўступае ў знак Вагаў…» Не вельмі ўспрымальны, прызнацца, да жывапісу, тут я быў заінтрыгаваны, зацікавіўся. І не столькі знешнім, астралагічным характарам цыкла, не столькі каларытам і кампазіцыйнымі асаблівасцямі твораў, колькі іх агульнай задумай, сапраўды наватарскім імкненнем аўтара пераасэнсаваць па-свойму векавы міф, паказаць сродкамі жывапісу ва ўзаемасувязі зямны лёс чалавека і векавечны рух сузор’яў. Прыгадваецца, што «Знакі задыяка» Чурлёніса асацыіраваліся не столькі з містычнымі табліцамі старажытных зоркагадальнікаў, олькі з «воляй сусвету» Цыялкоўскага і «ноосферай» Вярнадскага.
        Прыступка другая. Наведанне мастацкай галерэі М. К. Ч урлёніса ў Каўнасе. Другая сустрэча – ужо як са старымі знаёмымі – са «Знакамі задыяка». Але тут, у кантэксце ўсёй жывапіснай спадчыны мастака, яны ўжо ўспрымаюцца крыху інакш. Тым больш, што астральныя матывы складаюць змест і іншых карцін. І яшчэ адзначаеш, што ў «гараскопе» Чурлёніса, у яго алегорыях пераважае светлы, сонечны тон, за якім выразна прачытваецца вера аўтара ў добры, разумны пачатак жыцця, яго імкненне «быць патрэбным людзям і адчуваць святло ў сваіх далонях». Гэты жыццесцвярджальны, сонечны пачатак асабліва моцна дае знаць у так званым «музычным жывапісе», у прыватнасці, у «Санаце вясны» і «Санаце сонца».
        У каўнаскім музеі я яшчэ падумаў, помню, аб тым, што калі асобныя цыклы Чурлёніса называюць музычнымі (для такой назвы ёсць падставы), то ўсе яго карціны ў сукупнасці можна смела называць жывапісам паэтычным. За гэта гаворыць ужо той факт, што некаторыя з іх можна смела інтэрпрэтаваць асобнымі вершамі ранняга Купалы («Крыжы», «Чорны бог», «К зорам» і інш.), што ў другіх выпадках, у якасці тлумачальнага тэксту, прыходзілі на памяць вершы Блока, у прыватнасці, вось гэтыя радкі, што ўразілі некалі ў далёкім юнацтве:
        
Ветер принёс издалёка
Песни весенней намёк.
Где-то светло и глубоко
Неба открылся клочок.
В этой бездонной лазури,
В сумерках дальней весны
Плакали зимние бури,
Реяли звёздные сны.
        
        Сны зямныя пераходзілі ў карцінах Чурлёніса ў «сны зорныя», карціны многа гаварылі на сваёй нялёгкай мове розуму і сэрцу.
        Прыступка трэцяя. Знаёмства з яшчэ адной музай Чурлёніса – з яго літаратурнымі творамі, перакладзенымі на беларускую мову А. Разанавым да 110-годдзя мастака. Твораў гэтых нямнога, некаторыя з іх, падобна, незавершаны, але яны цікавыя і значныя ў тым сэнсе, што адкрываюць яшчэ адну грань творчай асобы вялікага літоўца, праліваюць у нейкай меры святло на прыроду яго маральных і эстэтычных шуканняў, на яго сімвал веры. У адным з гэтых паэтычных іншасказанняў як бы расшыфроўваюцца сонечная сімволіка мастака, яго метафара «сонца ў далонях». «Святло трэба мець з сабою, у сабе, – піша Чурлёніс, – каб свяціць у цемры ўсім, хто стаіць на дарозе, каб, азораныя святлом, яны змаглі адшукаць яго і ў сабе таксама і пайсці сваёй дарогай».
        Прыступка чацвёртая. Чытаю набытую некалі ў вільнюскай кнігарні кнігу «Успаміны пра М. К. Чурлёніса», напісаную яго роднай сястрой Ядвігай Чурлёнітэ. Раскіданыя на старонках кнігі згадкі і сведчанні высвятляюць яшчэ адзін, асобасна-чалавечы, аспект творчасці Чурлёніса. «Калі Чурлёніс быў з намі, усе былі лепшыя. Побач з ім не магло быць ні дрэннага чалавека, ні злых пачуццяў. Ён разліваў вакол сябе нейкае святло… Чурлёнісу быў зусім чужы сыты лад жыцця «забяспечанага грамадзяніна», ён ніколі не змог бы ім задаволіцца і адчуваць сябе шчаслівым… Брат не адносіўся да тых практычных людзей, якія проста і «паспяхова» вырашаюць бытавыя пытанні. Ён жыў у іншым свеце. У свеце, у якім панавалі любоў і дружба і яшчэ нешта вельмі важнае, без чаго нельга жыць…» І гэтак далей.
        Словам, старонкі кнігі пераканаўча сведчаць аб тым, што Чурлёніс-мастак, Чурлёніс-творца неаддзельны ад Чурлёнісачалавека, ад Чурлёніса-асобы. Яшчэ адзін доказ – ад зваротнага, – што геній і ліхадзей не могуць суіснаваць, быць сумяшчальнымі.
        «Зорнае неба над намі, а маральны закон унутры нас». Гэтыя крылатыя кантаўскія словы ў дачыненні да Чурлёніса можна вытлумачыць так: на тыя высокія вежы, з якіх ён бачыў зорнае неба, ён узнімаўся па загаду свайго вялікага, поўнага любві, чалавечнасці і тугі па лепшым жыцці, сэрца.
        Прыступка пятая. Заключная. Пасля кнігі Я. Чурлёнітэ я ўжо не мог адкладваць на далей здзяйсненне сваёй даўняй мары – наведаць Друскінінкай2 і пакланіцца родным мясцінам Чурлёніса, той хаціне, дзе ён жыў і пачынаў тварыць, з якой выйшаў у свет. І вось я тут у адзін з апошніх дзён залатой восені (гарадок быў літаральна заліты барвамі лістапада). Невялікі, прысадзісты домік, ашаляваны пафарбаванай дошкай і заценены садам. Пры ўваходзе – лазовы кош, куфэрак, вялікая бляшанка з-пад чаю з імем купца Высоцкага, на сцяне – гадзіннік, застылыя стрэлкі якога паказваюць… пачатак стагоддзя. У галоўным пакоі, злева, музычныя інструменты – старое рудаватае піяніна фірмы «Арнольд Фібігер», якое некалі юны музыкант Кастукас атрымаў у падарунак ад свайго мецэната, князя Агінскага, побач з піяніна – ззяе чорным лакам новы раяль, на якім кожнае лета выконваюцца творы Чурлёніса. У правым кутку пакоя – невялікая шафа, запоўненая старымі кнігамі ў пацямнелых пераплётах. У суседнім, праз некалькі крокаў, доміку (у адным жылі самі, другі дзеля грошай здавалі летам дачнікам) знаходжу той самы – малюсенькі, з адным акенцам – пакойчык, дзе Чурлёніс маляваў і дзе знаходзіцца самы каштоўны, відаць, экспанат мемарыяльнага музея – мальберт.
        Аглядаю экспазіцыю музея. Гутару з яго загадчыкам, мастаком па прафесіі Адэльбертасам Нядзельскісам. Частуюся яблыкамі з саду Чурлёніса (даведваюся, што першыя саджанцы яблынь і груш для свайго саду бацька Чурлёніса, мясцовы арганіст, прывёз з Гродна). Потым блукаю па вуліцах гарадка і яго ваколіцах, каля Нёмана, вакол возера Друсконіс, па лесе, які пачынаецца адразу за возерам. У гэтым маляўнічым, «райскім» кутку Літвы міжволі думаеш аб той ролі, якую, пэўна, адыграла – не магла не адыграць – прырода ў выспяванні шматбаковага таленту Чурлёніса, у станаўленні яго як асобы. Уяўляючы, як Мікалоюс Чурлёніс вяртаўся з лесу ці з возера дадому, узнімаюся на высокі бераг і зноў падыходжу да доміка-музея. Здаецца, яшчэ адзін крок, яшчэ адзін раптам заўважаны след, яшчэ адна падмечаная дэталь, яшчэ адно, нарэшце, намаганне – і разгадаецца феномен Чурлёніса, тайна з’яўлення вялікага мастака і музыканта, адкрывальніка новых кантынентаў і сузор’яўу сусвеце, імя якога Мастацтва. Калі б…
        У Друскінінкай я прыехаў поездам з Вільнюса, праз літоўскабеларускую станцыю Парэчча. Вяртаўся дамоў аўтобусам Друскінінкай–Мінск. Той самай гродзенскай дарогай, якою Чурлёнісы, бацька і сын, ездзілі ў Беларусь, у прыватнасці, на суседнюю Гродзеншчыну. У думках я развітваўся і вітаўся зноў з Чурлёнісам, які стаў мне цяпер яшчэ бліжэйшым (хоць і не менш загадкавым). І яшчэ мне чуліся, здавалася, як пажаданне на дарогу, словы героя прытчы Чурлёніса (ці, можа, самога аўтара) пра тое, што чалавек павінен быць заўсёды ў нястомным пошуку, у дарозе і што, каб ведаць дарогу, ён павінен «глядзець з высокіх вежаў» і верыць у гадзіну знямогі ў цудадзейную «лаўку для пасланцоў». На радзіме Чурлёніса мне адкрыўся глыбінны сэнс яго мудрай прытчы – аб «хрэсным шляху» чалавецтва, аб духоўнай сувязі часоў і вечнай эстафеце людскіх пакаленняў.
        P. S. Чытаючы ўспаміны сястры Чурлёніса, я не мог, канечне, не звярнуць увагу на наступнае сведчанне: «Вясной дом у Друскінінкаі апусцеў. Зосе паехала да сваіх сяброў у маёнтак Петраўшчызна (Мінскай губ.), дзе 30 мая нарадзілася дачка Кастукаса Данутэ…» І вось літаральна на другі дзень пасля майго вяртання з Друскінінкай я раптам даведваюся ў час тэлефоннай размовы ад літаратуразнаўцы Валянціны Гапавай, што яе знаёмыя, навуковы супрацоўнік Віталь Скалабан і рэдактар тэлебачання Уладзімір Содаль гэтымі днямі якраз – бываюць жа такія супадзенні! – шукалі на адной з ускраін Мінска, у гэтай самай Пятроўшчыне («Петраўшчызне» – на польскі лад) сляды былога маёнтка Чарноцкіх, сяброў жонкі Чурлёніса. Я пазваніў Віталю Скалабану ў выдавецтва «БелСЭ», дзе ён працуе. Так, пацвердзіў ён, пахадзілі, палазілі мы па былой Пятроўшчыне. Вёска зліваецца з горадам. Пабудавана вялікая бальніца, будуецца школа. Ды рэшткі колішняга двара захаваліся: старыя ліпы, алея глогу… Знайшлася яшчэ жанчына, якая працавала ў Чарноцкіх пакаёўкай. В. Скалабан паведаміў мне яшчэ, што чытаў пісьмы жонкі Чурлёніса Соф’і Кімантайтэ (Ядвіга Чурлёнітэ называе яе Зосяй. – А. В.), якія тая пісала з Пятроўшчыны. У адным з пісьмаў С. Кімантайтэ паведамляла, у прыватнасці, свайму адрасату, што Аўгусцін Чарноцкі і яго сёстры, Ядвіга і Зося, «вельмі добрыя, мілыя, культурныя, дэмакратычных поглядаў» людзі. І яшчэ адну цікавую рэч сказаў мне В. Скалабан: увесну 1911 года, літаральна за некальні дзён да смерці Чурлёніса, у Мінску адбылася мастацкая выстаўка, дзе сярод іншых работ экспанаваліся і творы Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса, першая і адзіная дачка якога нарадзілася на беларускай зямлі…

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.