РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
«Мы, народы аб’яднаных нацый…»
 
Раздзелы з кнігі «Нью-Йоркская сірэна»
Маўчанне і слова ў імя міру. Паднімаюцца новыя флагі
        
        Гэта ўжо стала традыцыяй у жыцці планеты: кожны трэці аўторак верасня месяца, з такой жа няўхільнасцю, з якой верасень змяняе жнівень, адкрываецца ў Нью-Йорку мінутай маўчання чарговая сесія Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У галоўнай зале небаскроба на Іст-Рывер, вядомага ўсяму свету «будынка з шасцю тысячамі вокан» (вунь як далёка павінна быць бачна адсюль!) устаюць як адзін пасланцы амаль усіх краін свету, прадстаўнікі ўсіх яго кантынентаў, рэгіёнаў, рас, сацыяльных сістэм, ідэалогій, устаюць мужчыны і жанчыны, белыя і чорныя, старыя і маладыя, вопытныя палітыкі і пачынаючыя дыпламаты, атэісты і веруючыя, аптымісты і скептыкі, — устаюць усе з рытуальнай урачыстасцю, каб на пачатку работы сесіі сумесна памаўчаць — у малітве або роздуме. Так, спачатку ўсё ж было маўчанне, слова было потым. Тыя, хто паклаў пачатак гэтай традыцыі, маюць безумоўна рацыю…
        Гэта ўжо стала традыцыяй.
        Гэта ўжо паўтараецца кожны год — пачынаючы з таго памятнага пасляваеннага сорак пятага.
        Гэта адбывалася і апоўдні 20 верасня — у аўторак, натуральна — 1977 года. Галоўная зала ААН — падковападобная па гарызанталі, з высокім купалам, на якім віднеецца ўмоўны відарыс зямных кантынентаў — запоўнена дэлегатамі, карэспандэнтамі, запрошанымі. Адкрывае сесію міністр замежных спраў Шры Ланкі Хамід (гэта тлумачыцца тым, што старшынёй папярэдняй сесіі быў прадстаўнік той жа краіны Гамільтон ІІІ. Амерасінгхе). «Прашу паважаных прадстаўнікоў захаваць мінуту маўчання, прысвечаную малітве або роздуму!» — звяртаецца ён да ўдзельнікаў форума. Зала аднадушна ўстае і пагружаецца ў бязмоўе.
        Фізічна нябачны і нячутны метраном напружана адлічвае секунды, якія, паколькі датычацца ўсіх, усім належаць, напоўнены асаблівым сэнсам і здаюцца цэлай вечнасцю. Абвостраным бакавым зрокам бачу: злёгку нахіліўшы наперад і ўправа галаву, моліцца сам сабе дэлегат маладой афрыканскай дзяржавы; глядзіць засяроджана перад сабой, звузіўшы вочы, балгарскі дыпламат; ціха варушыць губамі прадстаўнік адной заходнееўрапейскай краіны… Аб чым малітвы? Роздум аб чым? Трэба думаць — аб міры.
        Ёсць ёмістая слоўная формула, якая нарадзілася разам з гэтай міжнароднай арганізацыяй над свежымі яшчэ магіламі і руінамі мінулай вайны і якая, напэўна, можа найлепшым чынам выказаць агульны стан дэлегатаў Асамблеі, закліканай да мінуты маўчання. Вось яна:
        «МЫ, НАРОДЫ АБ’ЯДНАНЫХ НАЦЫЙ, ПОЎНЫЯ РАШУЧАСЦІ
        пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны, якая двойчы ў нашым жыцці прынесла чалавецтву невыказнае гора…
        зноў усталяваць веру ў асноўныя правы чалавека, у годнасць і каштоўнасць чалавечай асобы, у раўнапраўе мужчын і жанчын і ў роўнасць правоў вялікіх і малых нацый…
        І Ў ГЭТЫХ МЭТАХ
        праяўляць цярпімасць і жыць разам, у міры адзін з другім, як добрыя суседзі,
        і аб’яднаць нашы сілы для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі…»
        Чаканная, нібы высечаная на метале, формула тычыцца ўсіх. Маўчыць уся зала. Але для нас, для тых, хто перажыў жахі вайны на ўласным вопыце, гэтыя, прасякнутыя разумнай, добрай воляй, пачуццём высокай адказнасці словы — з прэамбулы Статута ААН — асабліва зразумелыя і значныя. Для нас, хто страціў у вайне сваіх родных і блізкіх, хто прынёс на алтар перамогі над фашызмам дваццаць мільёнаў чалавечых жыццяў, гэтая мінута маўчання мае не толькі сімвалічны, цырыманіяльны, але і канкрэтны духоўны сэнс — мы ўшаноўваем памяць паўшых. Мы ўшаноўваем памяць ахвяр вайны, і нашы думкі пра мір для жывых…
        Аддаўшы належнае традыцыйнаму рытуалу (своеасаблівы эквівалент самаблагаславення), Генеральная Асамблея прыступае да справы — прымае пастанову аб Камітэце па праверцы паўнамоцтваў (у склад камітэта выбіраецца 9 членаў, у тым ліку і СССР), потым пераходзіць да выбараў старшыні сесіі. Старшынёй аднагалосна выбіраецца прадстаўнік Югаславіі, вядомы югаслаўскі дыпламат і палітычны дзеяч Лазар Мойсаў. Яго запрашаюць заняць адпаведнае месца ў прэзідыуме (старшыня ў цэнтры, па правую руку ад яго — генеральны сакратар ААН, па левую — намеснік генсека па палітычных пытаннях і пытаннях Генеральнай Асамблеі).
        Новы старшыня — яшчэ не стары, моцна складзены чарнявы серб — выступае з заявай, гаворыць, што называецца, сваю «тронную» прамову. Адна з асноўных думак — аб неабходнасці павышаць эфектыўнасць ААН як важнага інструменту ў змаганні за мір і разрадку. Закранаецца пытанне і аб слабых баках галоўнай міжнароднай Арганізацыі, у прыватнасці аб тым, што ў ёй часам «назіраецца тэндэнцыя займацца вынікамі, а не прычынамі».
        
        
        Наступны, адначасова і ўрачысты і дзелавы момант — прыняцце ў рады Арганізацыі Аб’яднаных Нацый новых дзяржаў. Старшыня нагадвае дэлегатам ранейшую працэдуру прыёму, і Генеральная Асамблея аднадушна, шляхам акламацыі (гэта значыць без галасавання, засвойваю тут новую для сябе мову: акламацыя, кансэнсус і г. д.) ухваляе праект рэзалюцыі аб прыёме ў склад ААН дзвюх краін — толькі што атрымаўшай незалежнасць Рэспублікі Джыбуці, былой заморскай тэрыторыі Францыі, і нядаўна адстаяўшай у смяротнай схватцы з імперыялістычным агрэсарам сваю нацыянальную незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам.
        — Прашу начальніка пратакола адвесці дэлегацыі на іх месцы ў зале! — распараджаецца намеснік генеральнага сакратара Уільям Буфум, той самы, што сядзіць злева ад старшыні.
        І вось начальнік пратакольнай службы — па-вайсковаму падцягнуты, важны (пасада абавязвае) — чынна вядзе праз залу спачатку адну, потым другую дэлегацыі і паказвае ім іх месцы. Калі з’явілася дэлегацыя В’етнама — выбухнулі воплескі і раздаліся разнамоўныя прывітальныя воклічы: з’ява ўжо зусім не прадугледжаная пратаколам, не частая, нават не прынятая ў гэтай зале. Крэслы в’етнамскіх прадстаўнікоў недалёка ад нашых, і ў мяне ёсць магчымасць назіраць іх у гэты гістарычны для іх момант, бачыць іх узрушана-гордыя твары.
        Наступны, другі па ліку дзень работы сесіі прадаўжае зробленае яго папярэднікам — пачынаецца з цырымоніі падняцця дзяржаўных флагаў В’етнама і Джыбуці. Урачыстасць адбываецца перад уваходам у будынак Генеральнай Асамблеі. Вальдхайм1 гаворыць некалькі прывітальных слоў у адрас «імяніннікаў», і два розныя, рознай расфарбоўкі і з рознымі эмблемамі на палотнішчах, сцягі паволі ўзнімаюцца па флагштоках угору. Вось яны ўжо, бачу, развяваюцца на непрывычным яшчэ для іх нью-йоркскім ветры ці, лепей сказаць, на ўсіх чатырох, нават на ўсіх сямі вятрах свету, калі мець на ўвазе палітычны сэнс цырымоніі. Азіраю твары прысутных і бачу: ззяюць позіркі ў пасланцоў Джыбуці, на вачах аднаго з членаў в’етнамскай дэлегацыі пабліскваюць слёзы. Прыходзіць думка, што калі людзям і патрэбны «свяшчэннадзействы», цырымоніі і рытуалы — дык менавіта вось такія, што ўзвышаюць чалавека ў духу праўды і справядлівасці, пацвярджаюць яго перамогу над нацыянальным і сацыяльным прыгнётам. […]

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.