РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гефест – друг Праметэя
 
Міфалагічная драма
Дзейныя асобы
        Г е ф е с т.
        П р а м е т э й.
        З е ў с.
        Г е р м е с.
        Д ы я н і с.
        А ф р а д ы т а.
        Б р ы а р э й.
        Ф е м і д а.
        А к і я н і д ы.
        В я с т у н.
        Багі, вакханкі, сатыры, людзі, прыслужнікі, ахоўнікі.
        
        Пакуль глядач настройваецца на тэатральную хвалю, пакуль патухае святло і рассоўваецца заслона (яна на гэты раз рассоўваецца вельмі марудна), гучыць дыялог: пытанне — адказ, пытанне — адказ… Пытаецца наш час, пытаюцца сучаснікі, мы самі, і пытанні гучаць недзе тут, па гэты бок рампы. Адказвае мінулае, і адказы гучаць недзе там, у глыбіні сцэны.
        
— Ваша імя Праметэй?
— Так, Праметэй.
— Вы здабылі агонь для людзей?
— Агонь для людзей…
— Нацыянальнасць — міфічны грэк?
— Міфічны грэк.
— Час нараджэння — антычны век?
— Антычны век.
— Вы па паходжанні тытан?
— Так, тытан.
— Вашым ворагам быў тыран?
— Так, тыран.
— Ён прыкаваў вас да скалы?
— Так, да скалы.
— I вашу печань ірвалі арлы?
— Ірвалі арлы.
— Вы абліваліся крывёй?
— Так, крывёй.
— Вы пакрываліся карой?
— Так, карой.
— А дзе былі людзі,
                                    дзеля якіх?..
— Дзеля якіх…
— Не памаглі ні грэк, ні скіф?
— Ні грэк, ні скіф.
— Ды вы ж не былі адзін як перст?
— Не быў як перст.
— У вас быў добры друг Гефест?
— Быў друг Гефест.
— Што ён зрабіў, ваш добры друг?
— …Мой добры друг.
— Можа, каваўдля вас ланцуг?
— Каваў ланцуг.
— Каваў ланцуг
                             з жалеза таго?..
— З жалеза таго…
—…Што здабылі вы для яго?
— Здабыў для яго.
— I ў кузні той,
                          дзе разам з ім?..
— Дзе разам з ім…
— Кавалі вы шмат лет і зім?
— Шмат лет і зім.
— I сам Гефест,
                              ніхто другі?..
— Ніхто другі…
— Надзеў вам тыя ланцугі?
—…Мне ланцугі.
        
        
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
        
Карціна першая
        
        Невялікая пляцоўка на схіле гары, перад уваходам у пячору. Гэта і ёсць тая славутая пячора, дзе жыве Гефест і дзе знаходзіцца яго кузня. Жыллё Гефеста размяшчаецца як бы паміж небам і зямлёй, бо калі глядзець з пляцоўкі ўгору — можна бачыць беласнежныя вяршыні Алімпа, дзе пануюць небажыхары, гэта значыць багі, на чале з эгідадзяржаўным Зеўсам, а калі глядзець уніз — позірк вядзе да насельнікаў Зямлі да людзей, якія туляцца недзе ля падножжа гары. Самога Гефеста мы не бачым, але, мяркуючы па тым, што ў пячоры ўспыхваюць водсветы горна, што там чуваць удары молата, звон металу, глухое кавальскае «гэ-эх», — Гефест працуе.
        На авансцэну выходзіць В я с т у н.
        
        В я с т у н (аглянуўшыся ў бок пячоры, прыслухаўшыся). Гефест працуе. (Да залы.) Вы толькі што чулі голас Праметэя. Ён прагучаў з глыбіні вякоў, напомніўшы нам пра велічны подзвіг, пра вялікія пакуты і вялікае самаахвяраванне ў імя шчасця людзей, у імя вашага шчасця. Праметэй, як вы маглі адзначыць, ні аб чым не шкадуе і не скардзіцца на свой лёс. Ён не прамяняў бы яго на нейкі іншы, ён мог бы паўтарыць усё спачатку. Але ў яго прызнаннях прагучала і нотка, за якой тоіцца глыбокая рана. Няцяжка зразумець, чаго каштуе для Праметэя такое прызнанне. I сапраўды, ён жа не быў адзін як перст, у яго быў, як ён сам пацвярджае, добры друг Гефест. Чаму ж тады, узнікае пытанне, тытан у гадзіну выпрабавання застаецца адзін? Чаму яго друг стаў раптам яго катам? Што адбылося, як усё было? Зрэшты, я тут забягаю наперад, зараз пачнецца спектакль, і вы ўсё ўбачыце самі. Я хачу сказаць толькі некалькі слоў аб тым, чаго на сцэне не будзе.
        Хто такі Праметэй, ведае кожны з нас са школьнай парты. Пра Гефеста мы ведаем мала. Нават калі мы не забылі старажытныя міфы, мы толькі і ведаем, што быў на Алімпе такі кульгавы, дзівакаваты бог агню і кавальскай справы, рабіў у сваёй кузні для багоў розныя дзівосныя рэчы, выкаваў нейкаму герою, ці то Гектару, ці то Ахілесу, шчыт… Ну вось, бадай, і ўсе нашы звесткі пра Гефеста. Нешта больш істотнае мы пакідаем чамусьці без увагі. Мы не цікавімся, напрыклад, як Гефест, які быў скінуты ў дзяцінстве з Алімпа, зноў апынуўся там і стаў богам. Мы амаль не цікавімся — што зусім недаравальна — самой дружбай Гефеста і Праметэя, хаця нас, здавалася б, павінна цікавіць усё, што датычыцца жыцця і подзвігу гераічнага тытана.
        Мы ўжо чулі, як скончылася дружба іх. А як яна пачалася? Што здружыла Гефеста з Праметэем?
        На гэтае пытанне няцяжка адказаць, калі зноў-такі прыгадаць тое, што расказваюць міфы. Гефеста скідаюць з Алімпа, і ён, адрынуты, бездапаможны калека, гібее на зямлі, пакуль не вырасце і не возьмецца за кавальскую справу. Ён адзінокі. Адзін застаўся і Праметэй. Ён разышоўся са сваімі суродзічамі — тытанамі. Не паладзіў ён і з Зеўсам, бо не можа мірыцца з яго тыраніяй, з яго жорсткім самаўладствам. Агульнасць лёсу аб’ядноўвае. Сустрэліся двое адзінокіх, непрыкаяных. Магчыма, што гэта адбылося вось тут, на гэтай пляцоўцы, каля гэтай пячоры… Гефест выйшаў з пячоры адпачыць пасля працы. Тут яго і ўбачыў Праметэй, які ўзнімаўся па схіле гары, вяртаючыся ад людзей. Убачыў ён Гефеста, убачылі яны адзін аднаго, адзін аднаму ўсміхнуліся, зразумелі, што яны не ворагі, і пасябравалі. I потым — тут я падыходжу да галоўнага — якраз Гефест дапамог Праметэю здабыць агонь. Але тут я зноў, прабачце, забягаю наперад, вы самі хутка ўбачыце… (Гледзячы на пячору.) Гефест працуе. Сёння ён куе моўчкі. Звычайна ж ён працуе, спяваючы сваю любімую песню: «Высока мой молат узлятае. Гэ-эх! Мой горан шугае…» А сёння ён маўчыць. Гэта значыць, што ён даўно ўжо не бачыў Праметэя і сумуе без яго. (Азірнуўшыся ў бок кулісы.) А вось, здаецца, ідзе і Праметэй… Я знікаю.
        
        В я с т у н пакідае сцэну. З’яўляецца П р а м е т э й. Ён цяжкай, стомленай хадой — відаць, прайшоў немалы шлях — падыходзіць да пячоры. Тут жа з пячоры паказваецца спацелы, чарнамазы твар Г е ф е с т а.
        
        Г е ф е с т (шырока, радасна ўсміхаючыся). Ты, Праметэй! Вітанне і слава таму, хто прыходзіць!
        П р а м е т э й (таксама радуючыся сустрэчы). Слава і гонар таму, хто сустракае! (Абдымае Гефеста.) Ну, як жывеш-куеш? Бачу, без справы ты не сядзіш, наш вечны працаўнік?
        Г е ф е с т. Без працы не сяджу. Але нешта без цябе не куецца, а плешчацца… Доўга ж цябе не было, Праметэй. Я ўжо думаў, што ты назаўсёды застаўся там, на зямлі, са сваімі людзьмі. Ведаеш, ты яшчэ быў далёка, яшчэ ўзнімаўся па схіле, а я пачуў ужо тваю хаду. Чую: нехта туп-туп-туп. Прыслухаўся і пазнаў: Праметэй ідзе. Пачакаў крыху, выглянуў з пячоры, а ты ўжо тут… Доўга цябе не было, Праметэй! Што-небудзь здарылася?
        П р а м е т э й (усміхаецца ў адказ на шчырыя словы Гефеста, потым хмурнее). Яны мяне не адпускалі, Гефест, ды і я сам усё не мог пайсці, пакінуць іх. Ты нават не ўяўляеш, што робіцца там, унізе. Людзі гібеюць. Асабліва цяжка ім стала пасля таго, як Зеўс пазбавіў іх агню. Пагаслі ачагі ў пячорах, патухлі кастры ля буданоў і халуп, адзін халодны попел у горнах. Я бачыў, як людзі рвуць зубамі сырое мяса, як яны курчацца ад холаду. Яны звярэюць, але да жывёльнага жыцця зусім не прыстасаваны. У іх не тыя зубы і кіпцюры, у іх няма цёплай скуры, каб бараніцца ад холаду. Але ўсё гэта было б паўбяды, калі б не іх жывёльны страх перад Зеўсам. Яны настолькі запалоханы, настолькі страцілі прысутнасць духу, што пачынаюць ўжо хадзіць на карачках, пачынаюць поўзаць. (З адчаем.) Людзі, Гефест, на краі гібелі! Трэба нешта рабіць!
        Г е ф е с т (спагадліва). Я разумею цябе, Праметэй. У цябе добрае, вялікае сэрца, ты так іх шкадуеш… Толькі што ты можаш зрабіць? Чым я табе магу памагчы?
        П р а м е т э й (пасля паўзы, рашуча і ў той жа час даверліва). Ведаеш, Гефест, я сёння канчаткова пераканаўся, што людзей можа выратаваць толькі агонь, і прыняў рашэнне — любой цаной здабыць яго ў Зеўса і вярнуць людзям.
        Г е ф е с т. А гэта магчыма, Праметэй? Я ведаю: ты ўсё можаш. Але гэта ж трэба ісці супраць… супраць самога Зеўса. Ці магчыма гэта?
        П р а м е т э й. Так, магчыма. Калі толькі не баяцца. I калі яшчэ быць упэўненым, што на тваім баку праўда.
        Г е ф е с т. Ты смелы, Праметэй! I ты ведаеш, што трэба рабіць. (На хвіліну задумаўшыся.) I я вось што хачу сказаць табе. Што б ты ні задумаў, на што б ты ні рашыўся — помні: у цябе ёсць верны сябар каваль Гефест. А ў яго не толькі дужыя мускулы, але і моцная памяць. I ён добра помніць, хто дапамагаў яму, хто падтрымліваў яго, калі ён, адрынуты, пакрыўджаны, бездапаможны калека, апынуўся на чужой яму зямлі. Ён добра помніць, хто ратаваў яго, хто лячыў яго зламаныя ногі, хто вучыў яго кавальскаму рамяству. Ён усё добра помніць, і ён удзячны табе за ўсё, што ты для яго зрабіў і робіш цяпер, і гатовы быць заўсёды з табой, гатовы нават даць клятву… паклясціся водамі свяшчэннай ракі…
        П р а м е т э й. Ты хочаш паклясціся водамі свяшчэннай ракі? А ты ведаеш, якая гэта клятва? Нікому не дадзена яе парушаць — ні смяротным, ні бессмяротным…
        Г е ф е с т (рашуча). Я ведаю, Праметэй, якая гэта клятва, таму я і хачу паклясціся водамі свяшчэннай ракі, што заўсёды і ва ўсім буду разам з табой!
        П р а м е т э й (радуючыся за сябра). Падумай яшчэ раз, Гефест, раней чым даваць клятву. Бо калі ты яе дасі, ты звяжаш сябе на ўсё жыццё, ты не зможаш выбіраць, не зможаш мяняць свой шлях.
        Г е ф е с т. Я ўжо выбраў свой шлях, Праметэй. Ты дапамог мне ў гэтым. I я ніколі не падумаю мяняць яго, я хачу заўсёды ісці разам з табой, рабіць тое, што робіш ты… Давай паклянёмся, Праметэй!
        П р а м е т э й. Давай паклянёмся, Гефест! (Падыходзіць да Гефеста, абдымае яго за плечы.) Давай паклянёмся!
        Г е ф е с т, П р а м е т э й (разам). Мы, Гефест і Праметэй, каваль і тытан, клянёмся водамі свяшчэннай ракі Стыкс, што зробім усё, каб даць людзям агонь, што будзем верна і вечна служыць добрай справе. Клянёмся! Клянёмся! Клянёмся!
        
        Бліскае маланка, грыміць гром. Праметэй і Гефест узнімаюць угору твары. Зноў бліскае і грыміць. Гефест спалохана ўгінае галаву ў плечы, потым запытальна глядзіць на Праметэя.
        
        Г е ф е с т. Гэта ён… Зеўс?!
        Пр а м е т э й (спакойна). Можа, ён, а можа, і не. Павер, не ўсё ад яго залежыць.
        Г е ф е с т. Гэта ён, без яго ж грому не бывае. Пачуў нас, відаць, і загрымеў.
        П р а м е т э й. Не бойся, Гефест. Гром бывае і без Зеўса, а Зеўс, бывае, застаецца без грому. Не такі ўжо ён і ўсемагутны, як нам часам здаецца… Асабліва калі мы не адзінокія і калі мы падтрымліваем адзін аднаго. Я пайшоў, Гефест. Трэба дзейнічаць. Дзякуй табе за ўсё! Смеласць і брацтва!
        Г е ф е с т. Табе, Праметэй, дзякуй! Брацтва і смеласць!
        П р а м е т э й пакідае сцэну. Гефест нейкі час глядзіць яму ўслед.
        
        Потым ідзе ў пячору і пачынае працаваць, спяваючы:
        
        Высока мой молат ўзлятае: гэ-эх!
        Мой горан шугае.
        Толькі ўздыхае стары мой мех.
        Сумна ўздыхае. Як
        быццам вядома меху таму нешта такое,
        што не дае мне і яму
        сёння спакою.
        Як быццам прадбачыць
        бяду адну,
        што наплывае.
        Як быццам сваю і маю віну
        ён прадчувае.
        
        Зноў грукоча гром. Гефест змаўкае, выглядвае з пячоры.
I ў гэты час нечакана, з нейкай птушынай лёгкасцю з’яўляецца пасланец
Зеўса Г е р м е с.
        
        Г е р м е с. Слава кавалю Гефесту і яго кузні! Ты што — ці не спалохаўся грому? Правініўся, можа? Нічога, бывае. Ведаю сам. Іншы раз як загрыміць, дык аж паджылкі трасуцца. З Зеўсам жарты дрэнныя, асабліва калі не дагодзіш яму. Ну ды табе можна яго ўжо не баяцца. Ведаеш, з якой навіной да цябе?
        Г е ф е с т (панура). Не ведаю… Нешта ты разлятаўся ў апошні час.
        Г е р м е с. Служу цару багоў і людзей, грамавержцу Зеўсу. Усе мы пад ім ходзім і лятаем… Дык вось слухай. (З асцярогай аглядваецца наўкруг.) Праметэя паблізу няма? Зеўс хоча вярнуць цябе на Алімп.
        Г е ф е с т (не адразу асэнсаваўшы навіну). Зеўс хоча вярнуць мяне на Алімп?
        Г е р м е с. Так. Айца нашага даймае апошні час бяссонніца. I сёння ўночы ён падслухаў, як спявалі багіні лёсу і нешта прадказалі яму. Вось раніцай ён паклікаў Геру і раіўся з ёй наконт таго, каб вярнуць цябе на Алімп.
        Г е ф е с т (пасля паўзы, усё яшчэ не ведаючы, як яму цяпер быць). Але я ўжо там быў аднойчы, і мяне…
        Г е р м е с. На тое была боская воля. А цяпер Зеўс хоча, каб ты зноў быў там (паказвае ўгору).
        Г е ф е с т (працягвае, настойліва). …I мяне скінулі адтуль, як чумнага пацука. Узялі грэбліва за нагу ці за нешта яшчэ, — не помню за што, бо быў зусім малы, — і шпурнулі. Чмякнуўся так, што ўстаць не мог, бо былі паламаны ногі. Таму яны і цяпер у мяне такія. (Глядзіць на ногі.) Не, я там ужо быў…
        Г е р м е с. Але калі гэта было і кім ты тады быў? Ты быў нічым, нейкім выпладкам. А цяпер ты будзеш богам!
        Г е ф е с т. Богам?
        Г е р м е с. Так, богам. А для чаго ж, ты думаеш, Зеўс вяртае цябе на Алімп? Для таго, каб зрабіць цябе богам. (Глядзіць, якое ўражанне зрабіў на Гефеста.) Богам агню і кавальскай справы. Так што віншую цябе і выказваю сваю пашану заўтрашняму богу! Заўваж на ўсякі выпадак: раблю гэта першы… Чакай, ды ты, я гляджу, нешта не вельмі рады.
        Г е ф е с т. А чаму я павінен радавацца? Мне добра і тут, у маёй пячоры, у маёй кузні…
        Г е р м е с (перабіваючы). Ха-ха-ха! Яму добра ў яго пячоры, у яго кузні. Вечнае глупства тых, хто нічога лепшага, апрача працы, не бачыць. Ну, што ты тут бачыш, апрача поту і мазалёў?
        Г е ф е с т. Як што? Бачу плён сваёй працы і радуюся. Вось і сёння зрабіў бранзалет. Ты паглядзеў бы, які ён атрымаўся.
        Г е р м е с. Праца… плён працы… Вось дзівак. Ха-ха-ха! Ну, а што ты яшчэ маеш?
        Ге ф е с т. А што я буду мець на Алімпе?
        Г е р м е с. Ты будзеш мець уладу. Ты будзеш прыбліжаным Зеўса і разам з ім будзеш вяршыць лёс усяго свету.
        Г е ф е с т. А што значыць — мець уладу, вяршыць лёс свету?
        Г е р м е с. Што гэта значыць?.. Як табе сказаць. Ну вось ты хочаш, каб табе падпарадкоўваўся ў тваёй кузні кавалак жалеза, каб ён быў пакорны і мяккі і ты мог зрабіць з яго, што толькі пажадаеш. Хочаш ты гэтага ці не?
        Г е ф е с т. Так… Хачу…
        Г е р м е с. Вось бачыш. I калі ты будзеш мець уладу, табе будуць падпарадкоўвацца тыя, хто ўлады не мае, ты можаш распараджацца імі, рабіць з іх усё, што захочаш, і яны не будуць пярэчыць. Ну, а калі хто не паслухаецца — ты зможаш яго пакараць, бо ў цябе будзе ўлада.
        Г е ф е с т (пасля паўзы). Не, гэта не па мне. Навошта мне ўладарыць над людзьмі. Мне падабаецца быць кавалём, падабаецца раздзьмухваць горан, напальваць дачырвана метал і рабіць з яго такія, як мне хочацца, рэчы. У сваёй кузні, над сваім кавадлам, я адчуваю сябе і гаспадаром, і ўладаром, і нават богам.
        Г е р м е с. I нават богам? Ха-ха-ха! Вось дае, вось выступае вечны маўчун! Адразу відаць, што ты ніколі не меў улады, не ведаеш яе смаку. Ды ты хоць на міг уяві, галава садовая, што такое быць богам на самай справе. Ты будзеш панаваць разам з самім Зеўсам, побач з іншымі алімпійцамі.
        Г е ф е с т. Я буду панаваць разам з самім Зеўсам?
        Г е р м е с. Так. I кожнае тваё жаданне будзе тут жа выконвацца.
        Г е ф е с т. Кожнае маё жаданне будзе тут жа выконвацца?
        Г е р м е с. Так. I ты зменіш гэту сваю хламіду (дакранаецца грэбліва да простага хітона Гефеста) на беласнежную туніку і залататканы плашч.
        Г е ф е с т (аглядваючы сваё адзенне так, як быццам упершыню яго бачыць). На беласнежную туніку і залататканы плашч?
        Г е р м е с. Так. I будзеш кожны дзень ласавацца амброзіяй і смакаваць нектар. Ты ведаеш, што гэта такое — амброзія і нектар?
        Г е ф е с т. Не, не ведаю. А што — яны вельмі смачныя?
        Г е р м е с. Дзіва што! Не параўнаеш з тваімі праснакамі.
        Г е ф е с т. Мне падабаюцца мае праснакі, і мой сыр, і маё малако.
        Г е р м е с. Ха-ха-ха! Вечная памылка тых, хто нічога, апрача ячменных праснакоў і казінага малака, не бачыў у вочы. Дык вось слухай, што такое — нектар і амброзія. Па-першае, гэта найвялікшая асалода. Я не ведаю большага задавальнення, чым іх піць і есці. А па-другое, яны вылечваюць ад усялякіх хвароб і выродлівасці.
        Г е фе с т. Пазбаўляюць ад хвароб і выродлівасці? (Аглядаючы сябе, свае ногі.) Гэта праўда?
        Г е р м е с. Вядома, праўда. Ты бачыў хоць аднаго бога хваравітага ці кульгавага, як ты? Не бачыў і не мог бачыць… Але гэта яшчэ не ўсё. Амброзія і нектар робяць чалавека вечна маладым і прыгожым.
        Г е ф е с т. Вечна маладым і прыгожым?
        Г е р м е с. Так… Паглядзі на мяне. Чым не юнак, чым не прыгажун? Дык гэта я ў Зеўса на пабягушках і харчуюся, можна сказаць, аб’едкамі з яго стала. А калі б я быў паўнапраўным богам…
        Г е ф е с т (летуценна). Вечна маладым і прыгожым?
        Ге р м е с. Так… I цябе будзе кахаць адна з багінь прыгажосці, чароўная Харыта.
        Г е ф е с т. Мяне будзе кахаць адна з багінь прыгажосці?
        Г е р м е с. Скажам, пекная Талія або грацыёзная Аглая… А калі пашанцуе, дружа, то і сама Афрадыта ўдастоіць сваёй прыхільнасці… Ну дык ты цяпер зразумеў, што такое быць богам?
        Г е ф е с т (пасля паўзы, задуменна). Ці зразумеў я, што такое быць богам? Не ведаю. Але Праметэй гаворыць…
        Г е р м е с (рэзка перабіваючы). Пры чым тут Праметэй! Здорава, гляджу я, задурыў ён табе галаву, гэты чалавекалюб. Не слухай ты яго! А яшчэ лепш — не знайся з ім зусім. Занадта многа ўжо ён хоча. Зеўс з ім лічыўся, ставіў яго вышэй за любога са сваіх багоў. Ён мог жыць прыпяваючы. Дык не, яму, бачыце, не спадабалася, як Зеўс абыходзіцца з людзьмі. Зеўс, бачыце, не спытаўся ў яго, як яму кіраваць, каго мілаваць, а каго караць. Ён стаў, бачыце, любіць людзей больш, чым Зеўса… Ну ды не пра яго гутарка. Гутарка ідзе пра цябе. Я зайздрошчу табе, Гефест. Калі б мне сказалі, што я заўтра стану багароўным, я б загадаў на алтары спаліць у гонар Зеўса цэлы статак быкоў, а сам бы скакаў і куляўся ад радасці вакол алтара. Я быў бы самым шчаслівым алімпійцам. (Паглядзеўшы ўгору.) Няхай не падумае айцец, што я нешчаслівы цяпер, што я скарджуся на свой лёс. Я шчаслівы, я ганаруся тым, што я ў яго на пасылках і што ён часам б’е мяне сваім боскім жэзлам і дае мне час ад часу выспятка сваёй золатаабутай нагой. Для мяне гэта вялікі гонар і я ўдзячны айцу. Я не хачу прыпадабняцца розным там Праметэям, якія дазваляюць сабе быць нязгоднымі з Зеўсам, выказваць незадавальненне. Я задаволены, я шчаслівы. А калі б яшчэ айцец зрабіў мяне паўнапраўным, жэзланосным богам… Ды што тут казаць! Радуйся, Гефест, і маліся з удзячнасцю цару багоў і людзей!
        Г е ф е с т (думаючы пра сваё). Але ж я… мы з Праметэем…
        Г е р м е с. Зноў Праметэй! Ды ты, я гляджу, жыць без яго не можаш. Не ведае, мабыць, пра гэта Зеўс. Ён бы не пагладзіў цябе па галоўцы за такую дружбу.
        Г е ф е с т. Я хачу сказаць, што мы разам… што я… даў клятву.
        Г е р м е с. Даў клятву? А хто іх не дае? Адны па наіўнасці, другія па хітрасці. А потым і тыя, і другія парушаюць іх. I нічога, сыходзіць.
        Г е ф е с т. Я пакляўся разам з Праметэем свяшчэннай ракой…
        Г е р м е с (спалохана). Ты пакляўся свяшчэннай ракой?
        Г е ф е с т. Так. Я пакляўся свяшчэннай ракой, што заўсёды і ва ўсім буду разам з Праметэем.
        Г е р м е с (пасля паўзы, здзіўлена). Ну і ну! Пацягнуў жа цябе нячысцік за язык даваць такую клятву. Гэта ўсё твая дружба з гэтым святататнікам Праметэем. З кім павядзешся — ад таго набярэшся… Не ведаю нават, што табе сказаць. Выблытвайся, брат, сам. А маё правіла — далей ад граху.
        
        Г е р м е с знікае. Гефест стаіць збянтэжаны, разгублены.
        
        
Карціна другая
        
        Шматверхі, беласнежны, завоблачны, які там яшчэ? — Алімп. Палац Зеўса. З е ў с усаджваецца на троне. Спрабуе прыняць адпаведную для цара багоў і людзей паставу, але гэта яму чамусьці не ўдаецца, нешта перашкаджае. Ага, відаць, ён нечага асцерагаецца, бо неспакойна аглядваецца наўкол, пільна прыслухоўваецца. Потым злазіць з прастола, абыходзіць яго з усіх бакоў, заглядвае ва ўсе куткі палаца, нарэшце лезе пад трон, спалохана адскоквае і крычыць.
        
        З е ў с. Гэй, вы! Сюды!
        
        Убягаюць п р ы с л у ж н і к і.
        
        З е ў с (Паказваючы пад трон.) Там!.. Там нешта… Там нехта… Змова… Падкоп.
        
        Адзін з прыслужнікаў лезе пад троннае крэсла і выцягвае адтуль вялікія гантэлі.
        
        П р ы с л у ж н і к. Мой бог, гэта гантэлі… Вашы гантэлі.
        З е ў с (грозна). Якія яшчэ гантэлі? Вакол змовы, смута, непакора. Праметэй падрывае асновы, падкопваецца пад трон, а ты мне гантэлі. Ну, адыдзі! (Падыходзіць да гантэляў, асцярожна разглядае, дакранаецца канцом жэзла. Да прыслужнікаў.) Чаго раты параскрывалі? Пайшлі вон! (Стукае жэзлам аб падлогу.) Брыарэй!
        
        Як з-пад зямлі з’яўляецца Б р ы а р э й. Паводле міфа — гэта пачварны волат з пяццюдзесяццю галовамі і ста рукамі. У нас ён, пільны ахоўнік трона Зеўса, выглядае больш звычайна. Але яго рост, яго голас і асабліва яго вялікія кулакі, якія ён увесь час ускідвае пагражальна ўгору, павінны ўсё ж наводзіць страх. Словам, з’яўляецца Брыарэй.
        
        З е ў с (паказваючы на гантэлі). Як ты думаеш, гэта што — гантэлі?
        Б р ы а р э й. Гантэлі, мой цар.
        З е ў с. Ці гэта нешта іншае? Ці гэта падкоп пад трон?
        Б р ы а р э й (з радаснай гатоўнасцю). Падкоп пад трон!
        Змова! (Узнімае ўгору кулакі і пагражальна трасе імі.) У-у,
        гэтыя падкопшчыкі, гэтыя змоўшчыкі!
        З е ў с (іранічна ўсміхаючыся). А ты не перабольшваеш?
        Можа, гэта ўсё-такі сапраўды гантэлі? Здаецца, я некалі займаўся
        з імі гімнастыкай. Ану, паспрабую выціснуць, як некалі ў
        маладосці. (Нахіляецца над гантэлямі і спрабуе іх узняць, але
        не можа.) Вось табе і ўсемагутны, вось табе і вечна малады.
        (Да Брыарэя, грозна.) Ты што глядзіш? Ты нічога не чуў і не
        бачыў! Ясна?!
        Б р ы а р э й (спалохана). Ясна, мой цар.
        З е ў с (паказваючы на гантэлі). Прыняць!
        П р ы с л у ж н і к і па знаку Брыарэя выносяць гантэлі.
        (Садзіцца на трон, Брыарэю). Сядзь побач.
        Брыарэй садзіцца побач з Зеўсам, на сваё звычайнае, відаць, месца.
        (Прыхільна гледзячы на Брыарэя.) Ну вось так лепш… Калі
        ты побач са мной, я адчуваю сябе спакайней. Ты адзіны тут,
        на Алімпе, на каго я магу спадзявацца, каму магу даверыцца.
        (Паўза, другім тонам.) Я магу давярацца табе? Ты да канца
        адданы мне?.. Га? Ці ты таксама разам са змоўшчыкамі?
        Б р ы а р э й (узнімаючы кулакі). У-у, гэтыя змоўшчыкі! Ды
        я іх, мой цар…
        З е ў с (супакойваючыся, прымірэнча). Ну, ладна, ладна…
        Цаню тваю адданасць. Нахіліся бліжэй.
        Брыарэй нахіляецца да Зеўса, ён увесь адданасць і ўвага.
        Дрэнь справы, Брыарэй. Сну няма. Ты ж ведаеш, як я спаў ра-
        ней. Такога храпака даваў, што аж увесь Алімп ходырам хадзіў,
        каменні падалі ўніз, на зямлю. А цяпер то кашмары сняцца, то
        зусім не сплю. Сёння зноў слухаў усю ноч, як спяваюць багіні
        лёсу. Нешта прадказваюць наконт трона. Як быццам бы гэты
        стары, на якім я сяджу, трэба замяніць новым, залатым. I зрабіць
        гэта павінен як быццам бы каваль Гефест…
        Б р ы а р э й. У-у, гэты каваль Гефест!
        З е ў с. Таму я рашыў узяць Гефеста на Алімп і прызначыць
        богам… (Паўза). I яшчэ сніўся кашмарны сон, як быццам бы
        аднекуль з’явіўся Праметэй з паходняй у руках…
        Б р ы а р э й. У-у, гэты Праметэй! Ды я б яго!..
        З е ў с. Не перабівай, дай даказаць… Значыць, паказвае мне
        паходню, смяецца задзірліва, а ў яго за спіной, бачу, тоўпяцца
        людзі, і таксама з паходнямі, і таксама нахабна смяюцца…
        Б р ы а р э й. У-у, гэтыя людзі! Ды я б іх!..
        З е ў с (не звяртаючы ўвагі). Я вось думаю: чаму яны
        прысніліся мне з паходнямі? Адкуль у іх мог з’явіцца агонь?
        Што б гэта ўсё магло значыць? Зеўсу сны проста так не сняцца,
        у Зеўса ўсе сны прарочыя…
        
        З’яўляецца Г е р м е с.
        
        Г е р м е с. Служу цару багоў і людзей! Адна нага тут, другая там.
        З е ў с. Ты выканаў мой загад?
        Г е р м е с. Так, ойча, толькі што быў у Гефеста.
        З е ў с. Ты паведаміў яму аб маёй волі?
        Г е р м е с. Так, ойча.
        З е ў с. Ну і што Гефест? Ён рады? Ён удзячны мне?
        Г е р м е с. Так, ойча. (Запінаецца.) Толькі…
        З е ў с. Якое тут можа быць «толькі»?!
        Г е р м е с. Толькі ён не ведае, як быць з клятвай.
        З е ў с. З якой яшчэ клятвай? З клятвай служыць Зеўсу?
        Г е р м е с. Калі б, ойча… А то ён пакляўся разам з Праметэем…
        Б р ы а р э й. У-у, гэты Праметэй!
        З е ў с. Пакляўся разам з Праметэем?
        Г е р м е с. Так, ойча. Пакляўся разам з Праметэем водамі свяшчэннай ракі…
        З е ў с (гнеўна стукае жэзлам). Водамі свяшчэннай ракі?!
        Г е р м е с. Так, ойча… што ён з ім разам будзе верна і вечна служыць добрай справе, гэта значыць людзям.
        З е ў с (гневаецца яшчэ больш). Што будзе верна і вечна служыць людзям?!
        Г е р м е с. Так, ойча.
        
        Паўза.
        
        З е ў с (разгневаны, з хвіліну моўчкі глядзіць перад сабой застыглым
        позіркам, крыху супакоіўшыся). Та-ак… Зеўсу сны дарэмна не
        сняцца. Значыць, дайшло ўжо да клятвы. Зрэшты, ад Праметэя
        можна было чакаць усяго. А вось ад гэтага ціхага вырадка Гефе-
        ста я такога не чакаў. (Да Гермеса.) Ён што? Трапіў пад уплыў
        Праметэя? Перайшоў у яго веру?
        Г е р м е с. Так, ойча. Гефест проста моліцца на Праметэя.
        З е ў с. Не на мяне, а на Праметэя? Яны што — захацелі
        абодва ў тартар?
        Б р ы а р э й (радасна). У тартар іх! У тартар!
        З е ў с (глядзіць у роздуме на Брыарэя). У тартар? Але ж Ге-
        фест мне патрэбен, багіні лёсу мне пра яго напяваюць… Можа,
        лепш так: каго ў тартар, а каму нектар? Га?.. (Да Гермеса.)
        Значыць, Гефест рады, што я вяртаю яго на Алімп, але баіцца
        парушыць клятву.
        Г е р м е с. Так, ойча.
        З е ў с. А ты не мог растлумачыць яму, што толькі той верна
        служыць людзям, хто верна служыць Зеўсу?
        Г е р м е с. Я не падумаў, ойча.
        З е ў с. Не падумаў? Праметэй думае, а ты не падумаў!
        Г е р м е с. Я думаў, ойча, што…
        З е ў с (злуючыся). Ён думаў… Яшчэ адзін мысліцель
        знайшоўся! Хопіць з мяне Праметэя. (Паўза). Дык вось ты так
        і скажы Гефесту, што толькі аднаму Зеўсу вядома, што трэба
        людзям, і толькі той, хто служыць мне, той служыць людзям.
        Зразумела?
        Г е р м е с. Так, ойча. Зразумела.
        З е ў с. I зрабі так, каб Гефест неадкладна паспытаў нектару
        і амброзіі. Табе тут дапаможа Дыяніс. Дыяніс!
        З’яўляецца Д ы я н і с.
        Д ы я н і с (весела). Слаўся і пануй, вялікі Зеўс!
        З е ў с. Паную і слаўлюся, а ты чым займаешся? Падыдзі
        бліжэй.
        
        Дыяніс падыходзіць да Зеўса.
        
        Дыхні… Та-ак. Ты паспеў ужо набрацца? З раніцы, як мага
        раней.
        Д ы я н і с (асабліва не бянтэжачыся, справа звычайная).
        Служу цару багоў і людзей! Дэгусціраваў новы напітак. Нешта
        сярэдняе паміж віном і нектарам.
        З е ў с (заінтрыгаваны). Ну і як? (Нахіляючыся з трона, ціха,
        па-змоўніцку.) Які букет?
        Д ы я н і с. Букецік яшчэ той, ойча! Выпіў кубак і не ведаю,
        дзе я, — на Алімпе, ці на сёмым небе.
        З е ў с. Ну-ну! Пі, але справу рабі.
        Драматургія 229
        Д ы я н і с (усё ў тым жа гулліва-вясёлым тоне). Служу цару
        багоў і людзей!
        З е ў с. Ведаеш што? Пачастуеш сёння разам з Гермесам
        каваля Гефеста. Можаш нават новым напіткам.
        Д ы я н і с. Гатовы служыць цару багоў і людзей, але ж не-
        ктар — напітак багоў, а Гефест…
        З е ў с. Нічога, я дазваляю. Гефест хутка будзе богам, раней,
        чым ты працверазееш. I вось ты пакажы яму, як і што п’юць-
        ядуць багі. Хай параўнае са сваімі праснакамі.
        Д ы я н і с. Будзе зроблена, ойча. Па першаму разраду.
        З е ў с (да Дыяніса і Гермеса). Ну, а пасля пачастунку адве-
        зяце яго на Алімп, хай паглядзіць палац, алімпійскую кузню…
        Зразумелі?
        Г е р м е с і Д ы я н і с (разам). Зразумелі.
        Д ы я н і с. Служу цару багоў і людзей!
        Г е р м е с. Адна нага тут, другая там.
        Г е р м е с і Д ы я н і с выходзяць.
        З е ў с (задаволены, як мудра ён вырашае). Афрадыта!
        З’яўляецца багіня кахання, чароўная А ф р а д ы т а.
        Б р ы а р э й. У-у, гэтая красуня!
        З е ў с. А-а, цудоўнейшая з маіх багінь! Ёсць размова, Аф-
        радыта… Адоніса аплакала, з Эротам разабралася, з Апалонам
        нацешылася, ці не так? Пара канчаць гэтыя гулі, пара выходзіць
        замуж за станоўчага чалавека… прабач, бога! Чуеш мяне, Аф-
        радыта?
        А ф р а д ы т а. Чую, мой уладар… Але толькі дзе ён, гэты
        станоўчы чалавек… прабач, бог?
        З е ў с. Ён ёсць, дачка мая. Зеўс ведае, што кажа. Ты выйдзеш
        замуж за каваля Гефеста.
        А ф р а д ы т а (збянтэжаная ад нечаканасці). За каваля…
        за Гефеста?.. Так… але я… я ж багіня…
        З е ў с. Усё ў маёй уладзе. Заўтра Гефест стане алімпійскім
        богам, і ты з’явішся да яго ва ўсёй сваёй красе… Разумееш?
        А ф р а д ы т а. Разумею, ойча. Толькі вось… Я ж багіня
        кахання, свабоднага кахання, а не шлюбу… Як мне тут быць,
        мой уладар?
        З е ў с. Разважаць будзеш потым. Зеўс ведае, што кажа і што робіць. Паўтараю, заўтра ты павінна выйсці замуж за Гефеста, ці жаніць яго на сабе, паглядзі, што ў цябе лепш атрымаецца.
        А ф р а д ы т а. Ясна, ойча.
        
        Афрадыта выходзіць.
        
        З е ў с (да Брыарэя). Вось так, мой верны вартавы. Што ты побач — гэта добра. Твае кулакі мяне супакойваюць.
        Б р ы а р э й (ускідваючы ўгору кулакі). У-у!
        З е ў с (працягваючы). Але сняцца трывожныя сны, настаюць новыя часы, і тут адных кулакоў мала. Трэба яшчэ варушыць і гэтым… (Тыкае пальцам у скронь.) Патрэбна яшчэ і хітрасць, патрэбна сякая-такая стратэгія, трэба глядзець: каму прыгразіць кулаком, а каго павабіць пальчыкам, каго ў тартар, а каму нектар.
        Б р ы а р э й (больш ахвотна акцэнтуючы на першай частцы). Каго ў тартар… каго ў тартар, а каму нектар!
        
        
Карціна трэцяя
        
        Тая ж пляцоўка ля ўвахода ў пячору. Г е ф е с т увіхаецца — мы бачым яго
час ад часу ў праёме — у сваёй кузні. Ён, працуючы, спявае: «Высока мой
молат ўзлятае: гэ-эх! Мой горан шугае…» і г. д.
Лёгка, ціха, каб не пачуў Гефест — тс-с-с, — убягаюць А к і я н і д ы,
гуллівыя, вясёлыя, светлыя ў сваіх блакітных уборах. Пераглядваюцца,
прыслухоўваюцца да песні. Потым пачынаюць падпяваць: «Высока мой
молат ўзлятае: гэ-эх!..» Гефест выглядвае з пячоры, усміхаецца.
        
        Г е ф е с т. А-а, гэта вы, гарэзы.
        А к і я н і д ы (разам). Гэта мы, Гефест!
        Г е ф е с т. Добра, што вы прыйшлі. У мяне для вас кольвечы-
        што знойдзецца. Хвілінку. (Знікае ў пячоры.)
        А к і я н і д ы (радуючыся, спяваюць і скачуць, узяўшыся за
        рукі).
        Добра, што мы прыйшлі,
        добра, што мы прыйшлі,
        добра, што мы прыйшлі,
        Гефест нам зрабіў падарункі.
        Гефест выходзіць з пячоры з аздобамі ў руках.
        Г е ф е с т. Ну вось, весялухі-скакухі… Хто прасіў зрабіць
        бранзалет?
        П е р ш а я А к і я н і д а. Я, Гефест! Вядома, я.
        Г е ф е с т. Вось ён. Калі ласка.
        Драматургія 231
        Першая Акіяніда падбягае да Гефеста, бярэ бранзалет, дзякуе, адышоўшы,
        разглядае і прымярае падарунак.
        А хто хацеў мець кліпсы?
        Д р у г а я А к і я н і д а. Я, Гефест! Кліпсы — мая мара!
        Г е ф е с т. Вось яны. Бяры і радуйся.
        Другая Акіяніда падбягае да Гефеста, бярэ кліпсы.
        А каму я абяцаў кулон?
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Мне, Гефест! Каму ж яшчэ! Ён мне
        сёння сніўся.
        Г е ф е с т. Вось ён. Насі на шчасце.
        Трэцяя Акіяніда падбягае да Гефеста, бярэ падарунак. Цяпер ужо ўсе
        Акіяніды разам радуюцца падарункам, разглядаюць іх, прымерваюць.
        Чуваць воклічы захаплення. Гефест задаволена ўсміхаецца, назіраючы ўсё
        гэта.
        П е р ш а я А к і я н і д а. Дзякуй, Гефест. Ты малайчына, ты
        ўмееш трымаць слова: сказаў, што зробіш, — і зрабіў.
        Д р у г а я А к і я н і д а. Дзякуй, Гефест. Ты слаўны, у цябе
        залатыя рукі!
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Дзякуй, Гефест. Ты сапраўдны друг.
        Мы любім цябе, Гефест!
        А к і я н і д ы (узяўшыся за рукі, кружацца вакол Гефеста і
        напяваюць):
        Дзякуй, Гефест,
        ты слаўны, Гефест,
        мы любім цябе, Гефест.
        Мы любім цябе,
        мы любім цябе,
        мы любім цябе, Гефест!
        Г е ф е с т (збянтэжана ўсміхаецца). Ну хопіць вам дзякаваць
        ды прызнавацца ў любві. Вы лепш скажыце, каго вы любіце
        больш за мяне і дзеля каго надзенеце свае новыя аздобы?
        П е р ш а я А к і я н і д а. Каго мы любім больш за цябе?
        Д р у г а я А к і я н і д а. Дзеля каго мы надзенем новыя
        аздобы?
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Каго?.. Дзеля каго?..
        Г е ф е с т. Ладна, я вам падкажу. Можа, Праметэя? Можа,
        дзеля яго?
        232 Анатоль Вярцінскі
        А к і я н і д ы (разам). Можа, Праметэя? Можа, дзеля яго?
        Г е ф е с т (смеючыся). Ну, вядома. Шкада толькі, што яго
        няма з намі. Ён быў тут нядаўна і пайшоў зноў да людзей.
        П е р ш а я А к і я н і д а. Ён быў тут нядаўна?
        Д р у г а я А к і я н і д а. I пайшоў зноў да людзей?
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Ён быў тут нядаўна і пайшоў зноў
        да людзей?
        Г е ф е с т. Так, пайшоў да людзей. Ён іх вельмі любіць і
        шкадуе.
        П е р ш а я А к і я н і д а (узрушана). Ён іх вельмі любіць
        і шкадуе? (З адчаем.) Гефест, дарагі, ён іх любіць больш, чым
        мяне… чым нас! Навошта яны яму, гэтыя людзі!
        Д р у г а я А к і я н і д а (тым жа голасам). Гефест, дарагі,
        ён любіць іх больш, чым мяне… чым нас!
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Навошта яны яму, гэтыя людзі!
        Г е ф е с т (уражаны словамі Акіянід). Не ведаю, навошта
        яму людзі, але вы, бадай, сказалі праўду: Праметэй любіць іх
        больш, чым вас, чым усіх нас, у тым ліку і мяне, свайго адзінага
        друга.
        П е р ш а я А к і я н і д а. Дык што ж ён робіць? Што ж гэта
        будзе?
        Д р у г а я А к і я н і д а. Дык што ж ён робіць?
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Што ж гэта будзе?
        А к і я н і д ы (разам). З намі ўсімі? З ім самім?
        Раптоўна з’яўляецца Г е р м е с.
        Г е р м е с. Я магу адказаць вам на вашы пытанні, нявінна-
        блакітныя стварэнні. Праметэй любіць людзей больш, чым сваіх
        Акіянід, — гэта яшчэ туды-сюды. Праметэй любіць людзей
        больш, чым свайго сябра, — гэта таксама цярпіма. Але вось тое,
        што Праметэй любіць людзей больш, чым самога Зеўса, гэтага
        Зеўс яму ніколі не даруе. Зеўс урэшце возьме яго за жабры.
        А к і я н і д ы (спалохана, адна за другой). Зеўс яму не даруе?
        Зеўс Праметэя?.. Возьме за жабры?
        Г е р м е с. А як жа вы думалі? Такі лёс усіх богазневажальнікаў…
        Ну, а што да Гефеста, то яму багі спрыяюць. Ён скора развітаецца
        са сваёй пячорай і ўзыдзе на Алімп. Ён вам пра гэта нічога не
        гаварыў?
        А к і я н і д ы (радасна-здзіўлена). Яму багі спрыяюць? Ён
        скора развітаецца з пячорай? I ўзыдзе на Алімп?
        Драматургія 233
        Г е р м е с. Уявіце сабе. Ну, а што да вас саміх, то вы будзеце,
        з аднаго боку, аплакваць горкі лёс свайго любімчыка Праметэя, а
        з другога — час ад часу цешыцца аздобамі, якія вам будзе рабіць
        па старой дружбе Гефест. А цешыцца будзе чым, бо аздобы гэтыя
        будуць зроблены не з якой-небудзь медзі, а з чыстага золата і
        серабра, і будуць зроблены не ў гэтай курнай, цёмнай пячоры,
        а ў раскошнай боскай кузні. Ясна, мае блакітнавокія рыбкі? Ну,
        ды гэта тое, што будзе заўтра. А зараз мы будзем весяліцца! За-
        раз тут будзе Дыяніс!
        А к і я н і д ы (у адзін голас). Сам Дыяніс?! Вось гэта здо-
        рава!
        З’яўляецца, верхам на асле, бог віна і весялосці Д ы я н і с, абвіты хмелем і
        вінаграднай лазой. За ім — яго нязменная світа: гуллівыя, поўныя жыцця
        в а к х а н к і, захмялелыя с а т ы р ы, м у з ы к а н т ы. Вакханкі кружацца
        ў тэмпераментным танцы, сатыры няўклюдна скачуць, крыўляюцца. Дыяніс
        сыходзіць з асла, ідзе да Гефеста.
        Д ы я н і с. Прымай гасцей, Гефест! Хопіць каваць-працаваць!
        Будзем нектар смакаваць! Будзем скакаць ды спяваць!
        С в і т а.
        Хопіць, Гефест, каваць-працаваць!
        Будзем, Гефест, нектар смакаваць!
        Будзем скакаць ды спяваць!
        Звіняць тымпаны, б’юць бубны, усе танцуюць, утварыўшы агульны круг, у
        які ўцягваюцца таксама Акіяніды і Гефест.
        Дайце спачын рукам,
        а сэрцу — віна, весялосці.
        Прыйшоў Дыяніс,
        прыйшоў бог вясёлы у госці.
        Прыйшоў Дыяніс,
        прыйшоў спадарожнік наш
        вечны.
        Прыйшоў Дыяніс,
        хмелем зялёным увенчаны.
        Прыйшоў Дыяніс,
        лазой вінаграднай абвіты.
        Прыйшоў Дыяніс
        з сваёю нязменнаю світай.
        Прыйшоў Дыяніс —
        яму давярайце ўсе тайны.
        234 Анатоль Вярцінскі
        Прыйшоў Дыяніс —
        яму задавайце пытанні.
        На вашы пытанні
        адкажа ён мудра і смела:
        «Піць трэба віно —
        і стане ўсё зразумела.
        Піць трэба віно —
        і вы натоліце прагу.
        Піць трэба віно —
        і вы адшукаеце праўду…»
        Прыйшоў Дыяніс,
        прыйшоў бог вясёлы у госці.
        Дайце спачын рукам,
        а сэрцу — віна, весялосці.
        Тымпаны і бубны сціхаюць, карагод спыняецца.
        Д ы я н і с. Віна! Нектара!
        Падносяць чашы з напіткам. Дыяніс бярэ адну і падае Гефесту. Той не
        рашаецца браць, бянтэжыцца: упершыню ж такое.
        Бяры, Гефест, бяры, Гефест, сам Дыяніс табе дае.
        Г е р м е с (ён таксама з чашай у руцэ). Бяры, Гефест, бяры,
        Гефест, сам Дыяніс табе дае.
        У с е. Бяры, Гефест, бяры, Гефест, сам Дыяніс табе дае.
        Гефест нясмела бярэ чашу.
        Д ы я н і с. Пі, Гефест, у тваіх руках напітак багоў!
        Г е р м е с. Пі, Гефест, у тваіх руках напітак багоў. Яго п’юць
        Зеўс і Гера, яго п’юць Апалон і Афрадыта, Арэс і Афіна, яго
        п’ём мы з Дыянісам. Яго п’юць толькі багі, і ніхто больш, апрача
        багоў. Зеўс выбраў аднаго цябе, акрамя багоў, толькі цябе так
        уганараваў — піць напітак багоў нектар… Пі, Гефест!
        У с е. Пі, Гефест, пі, Гефест, пі напітак багоў нектар!
        Гефест нарэшце рашыўся прыгубіць чашу. Цяжка сказаць, спадабаўся яму
        напітак ці не. Ён разгублена азіраецца: ці піць далей?
        У с е (яго дружна заахвочваюць). Пі, Гефест, пі, Гефест, пі
        напітак багоў нектар!
        Гефест апаражняе чашу, хмялее, на яго твары блукае незнаёмая нам да
        гэтага ўсмешка.
        Драматургія 235
        Г е р м е с. Ну як, Гефест? Спадабаўся табе напітак багоў
        нектар?
        Г е ф е с т (у яго ўжо крыху заплятаецца язык). Сп-
        падабаўся.
        Г е р м е с. Ну вось бачыш. А зараз мы пачастуем цябе
        амброзіяй.
        Д ы я н і с. Амброзіі! Амброзіі! Гефесту!
        Прыносяць чашу з амброзіяй. Дыяніс бярэ і падае Гефесту. Той, зноў-такі,
        не рашаецца спачатку браць.
        Бяры, Гефест, бяры, Гефест, сам Дыяніс табе дае!
        Г е р м е с. Бяры, Гефест, бяры, Гефест, сам Дыяніс табе
        дае!
        У с е. Бяры, Гефест, бяры, Гефест, сам Дыяніс табе дае!
        Гефест бярэ чашу з амброзіяй.
        Д ы я н і с. Еш, Гефест, у тваіх руках амброзія — ежа
        багоў!
        Г е р м е с. Еш, Гефест, у тваіх руках амброзія — ежа багоў.
        Яе ядуць толькі багі, і ніхто больш, апрача багоў. Зеўс выбраў
        аднаго цябе, акрамя багоў, толькі цябе так уганараваў — есці
        ежу багоў амброзію. Еш, Гефест!
        У с е. Еш, Гефест, еш, Гефест, еш амброзію — ежу багоў!
        Гефест спрабуе амброзію, відаць, яда падабаецца.
        Г е р м е с. Ну як? Смачна?
        Г е ф е с т (збянтэжана аблізваючыся). См-мачна.
        Г е р м е с. Ну вось, бачыш. А я табе што казаў? А калі ты
        станеш богам, будзеш кожны божы дзень піць нектар і есці
        амброзію. Праўда, Дыяніс?
        Д ы я н і с. Вядомая справа, а што ж яшчэ рабіць на Алімпе,
        як не есці і піць, не піць і есці… Эй! Віна! Нектару! Амброзіі!
        I піць будзем, і гуляць будзем!
        Г е ф е с т (ён яўна захмялеў). I піць будзем, і гуляць будзем.
        (Спахопліваецца.) Не, не будзем… Не буду… Не хачу… Не
        магу… У мяне ў пячоры ёсць свой абед… у мяне ёсць поўны
        жбан вады, і ёсць сыр і праснакі…
        Г е р м е с. Ха-ха-ха! Вы чуеце, што ён кажа! Яго сам Дыяніс
        частуе нектарам і амброзіяй, а ён пра ваду і праснакі… Ха-ха-
        ха!
        236 Анатоль Вярцінскі
        Усе смяюцца. Зноў прыносяць чашы з напіткам і ежай багоў.
        Д ы я н і с (падносячы чашу Гефесту і беручы другую сабе).
        Вып’ем, Гефест, за слодыч і радасць жыцця!
        Г ер м е с (таксама бярэ чашу). Вып’ем, Гефест, за слодыч і
        радасць жыцця! Новага жыцця твайго!
        У с е. Вып’ем, Гефест, вып’ем, Гефест, за слодыч і радасць
        жыцця!
        Выпіваюць. Гефест таксама. Зноў гучаць тымпаны і бубны, усе кружацца
        ў карагодзе, скачуць, спяваюць: «Прыйшоў Дыяніс…» Спявае і смешна
        скача на сваіх крывых нагах і Гефест. Пасля, па знаку Гермеса, яго
        садзяць на асла і вязуць на Алімп. Сцэна пусцее. Усталёўваецца нейкая
        незвычайная цішыня. I ў гэтай цішыні, недзе за сцэнай, чуваць голас
        Гефеста: «Праметэй!.. Праметэй!» У гэтым голасе і надзея на выратаванне, і
        развітальная туга.
        З’яўляецца П р а м е т э й.
        П р а м е т э й (устрывожана). Здаецца, мяне клікаў Гефест.
        Але дзе ты? Гефест, дзе ты? (Заглядвае ў пячору.) Гасне агонь
        у горне, абед стаіць некрануты… Што здарылася? Дзе ён можа
        быць? (Аглядвае пляцоўку, прынюхваецца.) Пахне Алімпам. Тут
        толькі што балявалі. Тут быў Дыяніс са сваёй кампаніяй… Але
        што яму тут трэба было? Навошта яму было сюды з’яўляцца?
        Што яшчэ задумаў Зеўс?.. (Пасля паўзы.) Так-так, здаецца,
        здагадваюся. Зеўсу для нечага спатрэбіўся Гефест, і яго павезлі
        на Алімп… Напаілі нектарам і павезлі. (Цяжка апускаецца
        на камень, які ляжыць ля ўвахода ў пячору, і ахоплівае рукамі
        галаву.)
        
        
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
        
Карціна чацвёртая
        
        Г е ф е с т прачынаецца раніцай у сваім новым жыллі, у алімпійскім
        палацы, куды яго прывезлі напярэдадні Гермес з Дыянісам. Узнімае галаву,
        здзіўлена азіраецца: што гэта — сон ці ява?
        Г е ф е с т (спахопліваючыся). Позна ўжо… Чаго гэта я
        разаспаўся сёння?
        З’яўляецца п р ы с л у ж н і к.
        П р ы с л у ж н і к. Служу богу Гефесту!
        Г е ф е с т (здзіўлена глядзіць на яго). Служыш? Каму слу-
        жыш? Дзе гэта я?
        П р ы с л у ж н і к. На Алімпе, у алімпійскім палацы. Якія
        будуць загады?
        Г е ф е с т. Загады?.. Якія загады?
        П р ы с л у ж н і к. Любыя… Розныя… Ну, можа, ёсць якія
        жаданні? Можа, бог Гефест чаго-небудзь хоча? (Пляскае ў
        далоні.) Нектара і амброзіі богу Гефесту.
        Прыносяць і ставяць перад Гефестам боскі сняданак.
        (Зноў пляскае ў далоні). Туніку і плашч!
        Прыносяць туніку і плашч, рабалепна кладуць іх.
        (Да Гефеста.) Якія яшчэ будуць загады? Што яшчэ трэба?
        Г е ф е с т (усё так жа няўцямна, здзіўлена). Загады? Мне
        трэба ў кузню, трэба распаліць горан…
        П р ы с л у ж н і к. Не турбуйся, бог Гефест. Ужо ўсё даўно
        гатова: горан распалены, метал падрыхтаваны, памочнікі на-
        гатове.
        Г е ф е с т. Усё даўно гатова?
        П р ы с л у ж н і к. Так, бог Гефест. Ты можаш пераканацца
        ў гэтым сам. Калі ласка.
        Прыслужнік ідзе да адных з дзвярэй, адчыняе іх, запрашае зайсці Гефеста.
        Той заходзіць. Мы самі не бачым, што там за боская кузня, але можам
        здагадвацца па ззянні, якое ідзе ад яе, па рэакцыі Гефеста, які выказвае
        захапленне ўсім, што ён там бачыць: «О-о! Вось гэта кузня! Які горан! Які
        238 Анатоль Вярцінскі
        молат! А колькі тут металу! О-о, ды гэта ж золата і серабро!»
        Гефест выходзіць з кузні ўражаны, яго твар ззяе ад захаплення.
        Усё ў парадку, бог Гефест?
        Г е ф е с т. Так, усё гатова. (Няўпэўнена.) Я магу тут ка-
        ваць?..
        П р ы с л у ж н і к. Так. Гэта твая кузня, бог Гефест. Усё тут
        належыць табе. Якія будуць яшчэ загады?
        Г е ф е с т (машынальна, уражаны ўбачаным). Ніякіх не
        будзе… няма ніякіх…
        П р ы с л у ж н і к знікае.
        (Адчыняе дзверы ў кузню.) Ён гаворыць, што тут усё маё. Няўжо
        гэта праўда? О, калі б я меў такую кузню! (Паўза, любуецца
        моўчкі.) Які горан! Як ззяе, як палае агонь! Чакайце, дык гэта ж і
        ёсць той самы Зеўсаў, той самы нязгасны, алімпійскі агонь! (Бе-
        гае па сцэне, узрушаны сваім адкрыццём.) Той самы чарадзейны
        агонь, пра які мне не раз казаў Праметэй і якога Зеўс пазбавіў
        людзей!.. Што рабіць? Калі б тут быў Праметэй… Праметэй!
        З’яўляецца П р а м е т э й, захутаны да вачэй у плашч.
        П р а м е т э й. Я тут, Гефест. Ты мяне клікаў?
        Г е ф е с т (радасна). Ты, Праметэй! Ты знайшоў мяне!
        П р а м е т э й. Я яшчэ на досвітку прабраўся ў палац… Калі
        ты клікаў мяне ўчора — я пачуў і адразу прыбег да пячоры.
        Але цябе ўжо не было. I я здагадаўся, што адбылося і дзе ты. Я
        пайшоў следам. I вось я тут.
        Г е ф е с т. Добра, што ты прыйшоў! Ты ведаеш, што там?
        (Паказвае на дзверы, якія вядуць у кузню.) Там кузня… Але не
        звычайная, не такая, як у нашай пячоры. I там, у горне, гарыць
        алімпійскі агонь. Той самы агонь, Праметэй, пра які ты даўно
        марыш. Глядзі! (Адчыняе дзверы ў кузню.) Бачыш!
        П р а м е т э й (пасля паўзы, усхвалявана). Бачу, Гефест. Бачу
        і вачам сваім не веру. Няўжо гэта праўда?
        Г е ф е с т. Праметэй, паслухай, ты ж хацеў мець такі
        агонь?
        П р а м е т э й. Так, Гефест. Гэта маё самае вялікае, самае за-
        паветнае жаданне. Я павінен даць людзям гэты агонь… Інакш
        яны загінуць.
        Г е ф е с т. Дык лічы, што тваё жаданне збываецца, што агонь
        у нашых руках.
        Драматургія 239
        П р а м е т э й (пільна глядзіць на Гефеста). Гэта праўда,
        Гефест?
        Г е ф е с т. Так, Праметэй. Мы ж з табой пакляліся… I мы
        зараз, пакуль тут нікога няма, возьмем агонь з горна, і ты можаш
        несці яго людзям.
        П р а м е т э й. Дзякуй, Гефест! Ты сапраўдны друг… Зна-
        чыць, за работу? (Заглядваючы ў кузню.) Толькі як узяць агонь?
        Што тут прыдумаць?
        Г е ф е с т. Не хвалюйся, зараз што-небудзь прыдумаем. (Не-
        шта шукае.) Хвілінку. Дзе ж гэта мая мыліца? Ага, вось яна,
        вось яна, мая трэцяя нага. (Узнімае нартэкавы кіёчак.) Лічы,
        што знайшлі выхад. Гэты кіёчак — якраз тое, што нам і трэба.
        Ён выручаў мяне не раз, калі я ўзбіраўся ў горы ці спускаўся
        ў даліну, я заўсёды мог смела на яго апірацца. Цяпер ён зноў
        паслужыць нам.
        П р а м е т э й. Як, якім чынам?
        Г е ф е с т. Ды вельмі проста. Ён жа, паглядзі, усярэдзіне
        парожні, я апушчу яго ў горан, асяродак загарыцца, і агонь будзе
        як бы схаваны ў футарале. Бяры і нясі, калі ласка.
        П р а м е т э й. Здорава прыдумана! Калі хто і сустрэнецца,
        дык нічога не западозрыць. Толькі, скажы, ці паспею я данесці
        агонь? Сам кіёк не загарыцца?
        Г е ф е с т. Паспееш. У нартэка тоўсты асяродак і гарыць
        вельмі доўга. Усё. Я іду па агонь, а ты тут пабудзь, папільнуй.
        (Ідзе ў кузню, адтуль чуваць яго голас.) О, Праметэй, з гэтым
        агнём жарты дрэнныя. Ён сваю справу ведае, ён ужо спапяляе
        сарцавіну, ён ужо там!.. (Выходзіць, асцярожна несучы ў дзвюх
        руках нартэк і радасна гледзячы на Праметэя.) На, трымай!
        Ён твой.
        П р а м е т э й (беручы кіёк і заглядваючы ўсярэдзіну). Гарыць!
        Сапраўды гарыць! У нас ёсць алімпійскі агонь! (З удзячнасцю
        і захапленнем глядзіць на Гефеста.) Гефест, друг мой, гэта сон
        ці сапраўднасць?
        Г е ф е с т (усміхаючыся). Сапраўднасць, Праметэй. Такая ж
        сапраўднасць, як тое, што мы з табой цяпер побач.
        П р а м е т э й. I гэты дар… (падшукваючы словы) гэты скарб
        ты аддаеш мне? Я магу ім як хачу распарадзіцца?
        Г е ф е с т. Так, Праметэй. Ты шмат для мяне зрабіў, і я рады
        табе аддзячыць, рады памагчы табе. Я разам з табой пакляўся
        служыць людзям, і я рады, што наша клятва здзяйсняецца.
        П р а м е т э й. Дзякуй, Гефест! У мяне сёння шчаслівы
        дзень. Я двойчы шчаслівы! Таму, што збываецца нарэшце мая
        240 Анатоль Вярцінскі
        мара. I яшчэ таму, што я пераканаўся канчаткова: у мяне ёсць
        сапраўдны друг. Гэта вельмі важна, што мы з табой разам. Калі
        адзін, калі табе няма каму ўсміхнуцца, любая радасць будзе для
        цябе палавінчатая. Поўная яна можа быць толькі тады, калі да
        яе мае дачыненне яшчэ нехта. (Паўза. Глядзіць на Гефеста.) Я
        шчаслівы, Гефест. Але непакоіць адна акалічнасць.
        Г е ф е с т. Якая, Праметэй?
        П р а м е т э й. Я быў бы дрэнным сябрам, калі б не сказаў
        табе цяпер, што нас чакаюць выпрабаванні. Ты ж сам разумееш,
        што Зеўс не даруе нам таго, што агонь трапіць да людзей. I вось
        я цяпер і радуюся і адначасова думаю: ці маю я права ставіць
        цябе пад небяспеку? Я баюся, каб не была занадта вялікай твая
        ахвяра на алтар нашай дружбы… За сябе я не баюся. Я ўжо
        даўно змагаюся з тыранам, я ведаю, на што іду, я гатовы да
        ўсяго. А вось ты…
        Г е ф е с т. Не бойся за мяне, Праметэй. Я таксама гатовы да
        ўсяго. I што б ні здарылася — я таксама не буду ні аб чым шка-
        даваць, я заўсёды буду верны нашай дружбе і нашай клятве.
        П р а м е т э й (глуха, з хваляваннем). Дзякуй, Гефест. Ты
        сапраўдны друг. I для мяне гэта вельмі дорага. I тым больш я не
        хацеў бы ставіць цябе пад удар. Давай мы дамовімся так: калі
        што здарыцца, то ўсю віну я вазьму на сябе, я скажу, што гэта я
        сам, без чыёй-небудзь дапамогі, выкраў агонь і аднёс яго людзям.
        Магло ж быць і такое, ці не праўда? Дамовіліся, Гефест?
        Г е ф е с т. Не, не трэба так, Праметэй. Мы ж пакляліся з
        табой.
        П р а м е т э й. Ладна, не будзем спрачацца, не будзем траціць
        час. (Заглядваючы ў нартэк.) Гарыць! Я іду. Людзі, я іду да
        вас! На гэты раз — са свяшчэнным агнём. Ён загарыцца зараз
        у вашых ачагах і горнах, ён запаліць надзею у вашых сэрцах!..
        Бывай, Гефест!
        Рашучым крокам Праметэй пакідае сцэну, захінуўшы палой плашча нартэк з
        агнём. Гефест стаіць як укопаны. Потым раптам парываецца ўслед за ім.
        Г е ф е с т. Чакай, Праметэй!.. Чаму ты пакінуў тут мяне?
        Мне таксама трэба ісці… у сваю пячору… у сваю кузню… На-
        вошта мне іх нектар? Навошта мне іх туніка? Навошта мне іх
        кузня? Мне трэба ісці да сябе дамоў, і працаваць там, і чакаць
        там цябе.
        Драматургія 241
        Лёгка, бясшумна, нібы з паветра, з’яўляецца перад Гефестам
        А ф р а д ы т а.
        А ф р а д ы т а. А мяне ты не чакаў, Гефест?
        Г е ф е с т (уражаны такім цудам). Цябе?.. Хто ты?.. Ха-
        рыта?
        А ф р а д ы т а. Ну што ты, Гефест… Якая ж я Харыта! Перад
        табой багіня з багінь — Афрадыта.
        Г е ф е с т. Афрадыта?
        А ф р а д ы т а. Так, Гефест. I я прыйшла сказаць табе, што
        па волі Зеўса я павінна стаць тваёй жонкаю, каб цябе кахаць і
        нарадзіць табе дзяцей слаўных.
        Г е ф е с т (збянтэжана). Па волі Зеўса… стаць маёй жон-
        кай… каб мяне кахаць… і каб нарадзіць дзяцей…
        А ф р а д ы т а. Так, Гефест. Такая воля Зеўса.
        Г е ф е с т. Такая воля Зеўса? (Паўза.) А сама ты… сама ты
        зможаш… захочаш любіць мяне… такога (Аглядвае сябе, свае
        скалечаныя ногі.)
        А ф р а д ы т а (падыходзячы бліжэй да Гефеста). Я ўдзячна,
        Гефест, Зеўсу, што па яго волі суджаным стаў якраз ты. Бо калі
        я цябе ўбачыла, то пакахала адразу, з першага погляду.
        Г е ф е с т. Пакахала… з першага погляду?
        А ф р а д ы т а. Так, Гефест. (Пяшчотна дакранаецца рукой да
        яго пляча.) Якія ў цябе шырокія плечы! Якія ў цябе вялікія рукі!
        Якая моцная шыя! Які мужны і адкрыты твар! Ніхто на Алімпе
        не можа зраўняцца з табой, ні ў каго тут няма такіх плячэй і рук,
        такога твару. Павер мне…
        Г е ф е с т. I ты зусім не глядзіш на мае ногі? (Да залы.) Яна
        нават не глядзіць на мае ногі! Яна зусім не зважае на тое, што
        я кульгавы! (Да Афрадыты.) Мне ніколі ніхто так не гаварыў.
        Праўда, Акіяніды казалі, калі я дарыў ім аздобы, што яны мяне
        любяць, але яны казалі зусім не так, як ты… I яны глядзелі на
        мае ногі. (Нерашуча.) Ты сапраўды кахаеш мяне і хочаш стаць
        маёй жонкай?
        А ф р а д ы т а. Так, Гефест. А ты? Ты згодны ўзяць мяне ў
        жонкі?
        Г е ф е с т. Я згодны. Ты такая прыгожая і такая добрая. Ты
        зусім не зважаеш на мае ногі… Але я, Афрадыта, павінен вяр-
        нуцца ў сваю пячору.
        А ф р а д ы т а (спалохана). Ты павінен вярнуцца ў сваю
        пячору?
        242 Анатоль Вярцінскі
        Г е ф е с т. Так, Афрадыта. Мне трэба быць там. Там мая
        кузня, там маё ўсё. (Нясмела.) Вось калі б ты згадзілася пайсці
        са мной… Нам было б добра там. Я ўмею ўсё рабіць. Я б нарабіў
        табе такіх аздоб!.. Днём мы працавалі б, а вечарам мы сядзелі
        б каля пячоры на траве і слухалі б, як заліваюцца цыкады, як у
        даліне грае на сваёй жалейцы пастух. Ён так хораша грае кожны
        вечар!.. I да нас прыходзіў бы Праметэй. Ты б гатавала нам вя-
        чэру. I мы б разам вячэралі, гутарылі і слухалі, як іграе пастух,
        і глядзелі б, як заходзіць сонца…
        А ф р а д ы т а (смеючыся). Я б гатавала вячэру? Цікава, а
        што б мы там у цябе елі?
        Г е ф е с т. Мы б елі праснакі, сыр, алівы…
        А ф р а д ы т а. Праснакі… Упершыню чую пра такую яду…
        Гефест, дарагі! Я ж багіня, а багіня можа есці толькі амброзію і
        піць толькі нектар. Інакш я перастану быць маладой і прыгожай.
        I ты першы перастанеш мяне кахаць.
        Г е ф е с т. Не, Афрадыта, якой бы ты ні стала, я ўсё адно
        буду цябе кахаць… Хадзем са мной, Афрадыта! Нам будзе там
        добра…
        А ф р а д ы т а. Не, Гефест, гэта немагчыма. Я багіня, і я
        павінна жыць на Алімпе, піць нектар і есці амброзію. Ды і Зеўс
        не дазволіць мне быць тваёй жонкай, калі ты не станеш богам і
        не будзеш жыць на Алімпе… Ты ж становішся богам, Гефест?
        Г е ф е с т (пасля паўзы). Так… Але я даў клятву.
        А ф р а д ы т а. Ты даў клятву? Якую?
        Г е ф е с т. Я пакляўся свяшчэннай ракой…
        А ф р а д ы т а (спалохана). Ты пакляўся свяшчэннай ра-
        кой?..
        Г е ф е с т. …што буду разам з Праметэем верна і вечна
        служыць добрай справе, дапамагаць людзям. Я пакляўся і я
        павінен ісці…
        А ф р а д ы т а. Не, Гефест, ты зусім не павінен нікуды ісці.
        Хай ідзе твой Праметэй, а ты павінен заставацца тут. Такая воля
        Зеўса, а вышэй за яе нічога няма.
        Г е ф е с т. Але ж я не магу парушыць клятву.
        А ф р а д ы т а. А ты яе і не парушыш. Нічога не робіцца без
        вышэйшай волі Зеўса. I толькі той, хто выконвае яго волю, той
        можа рабіць дабро і дапамагаць людзям.
        Г е ф е с т. Толькі той, хто выконвае волю Зеўса, можа рабіць
        дабро? Гэта праўда?
        Драматургія 243
        А ф р а д ы т а. Так, Гефест, гэта праўда. Ты павінен быць
        удзячны Зеўсу за свой лёс, за наша з табой шчасце і павінен
        няўхільна выконваць яго волю, верна служыць яму. (Гулліва,
        какетліва.) Ну і, вядома, мне, сваёй багіні, сваёй суджанай, сваёй
        жонцы… Ці ведаеш ты, што такое — каханне? Не ведаеш. А тва-
        рыць дабро — гэта перш за ўсё кахаць… Не, Гефест, ты нікуды не
        пойдзеш, ты застанешся на Алімпе, са мной. Дзеля мяне, дзеля
        кахання. I мы будзем з табой шчаслівыя. Ну скажы мне, Гефест,
        што ты нікуды не пойдзеш, што ты застаешся тут.
        Г е ф е с т (вагаецца). Але ж я… мы з Праметэем…
        А ф р а д ы т а. Гефест, мой дарагі, мой багароўны! Наво-
        шта табе твой Праметэй? Ёсць мы з табой, ёсць ты ў мяне, а я ў
        цябе, і ніхто нам больш не патрэбны. (Зноў дакранаецца рукой
        да пляча Гефеста.) У цябе такія плечы, такія грудзі!..
        З’яўляецца Г е р м е с. Насмешліва глядзіць на Гефеста і Афрадыту.
        Г е р м е с (дэкламуе).
        Гэй, столь вышэй узнімайце, —
        о Гіменэй!
        Ідуць жаніх і нявеста, —
        о Гіменэй!
        А ф р а д ы т а. Мы цудоўна і без цябе абыходзіліся… Хто
        цябе прасіў з’яўляцца тут?
        Г е р м е с. Ты ж ведаеш, хто мяне пасылае. Зеўс хоча бачыць
        Гефеста.
        А ф р а д ы т а. А-а… Да пабачэння, Гефест (пакідае сцэ-
        ну).
        Г е р м е с (падмігвае Гефесту). А я што табе казаў? Брава,
        брава! Ты робіш поспехі. Сама Афрадыта завітала… Некаторым
        багам паказвала ад варот паварот. А з табой, гляджу, забуркавала,
        бы тая галубка.
        Г е ф е с т (з летуценна-шчаслівай усмешкай на твары). Такая
        прыгожая, такая незвычайная… I нават ні разу не паглядзела
        на мае ногі.
        Г е р м е с. Ну вось бачыш, што значыць з’явіцца на Алімпе…
        I гэта табе не твая чарнапятая пастушка і не нейкая там зем-
        наводная — ні рыба, ні мяса — Акіяніда… Гэта — падумай
        толькі — сама Афрадыта, сама багіня любві! Шчасліўчык ты,
        Гефест!.. Ну, а зараз збірайся, ідзем да Зеўса.
        Г е ф е с т. Да Зеўса? (Адступае спалохана назад.)
        244 Анатоль Вярцінскі
        Г е р м е с. Так. Цябе прымае сам цар багоў і людзей. Ён хоча
        ўрачыста прадставіць цябе як новага бога свайму Алімпу. Ну, а
        пасля, як тут заведзена, цябе, наваяўленага бога, успырскнуць.
        Прадбачу, браце, які будзе выпівон-закусон. Амброзію гатуе
        асабісты кухар Зеўса пад наглядам самой Геры. Дыяніс адчыніць
        новую бочку нектару. Марскі бог Пасейдон сам паляцеў па све-
        жую ікру і рыбу. (Змаўкае, прагна ўцягвае ноздрамі паветра.)
        Чуеш? Зеўсаў кухар прыступіў ужо да работы. Ды гэта ж толькі
        пачатак. А што будзе праз гадзіну-другую. Увесь боскі Алімп
        будзе глытаць слінку, пасля пачне піць ды есці. Ну і цябе, вядома,
        не абыдзе чаша гэта. Як віноўнік урачыстасці ты будзеш сядзець
        побач з Зеўсам, і ўжо табе дастанецца лепшы ласунак… Вось
        так. А ты задзёўб: Праметэй, людзі, клятва… Запомні, што калі
        ёсць сэнс каму служыць, дык толькі Зеўсу.
        Г е ф е с т. Яна… Афрадыта казала мне тое ж самае.
        Г е р м е с. Ну вось бачыш. (Пляскае ў далоні.)
        З’яўляюцца п р ы с л у ж н і к і.
        Памажыце богу Гефесту найлепш апрануцца — ён узнімаецца
        да Зеўса.
        
Карціна пя тая
        
        З е ў с — на троне. Справа ад яго, на сваім пастаянным месцы,
        Б р ы а р э й, злева — Г е ф е с т, якога мы ледзьве пазнаём: настолькі яго
        змяніла алімпійская апратка. За круглым ці хутчэй за ўсё за прадаўгавата-
        авальным сталом — б а г і і б а г і н і. Пануе святочна-прыўзняты настрой,
        небажыхары смяюцца, жартуюць, весела перагаворваюцца адзін з адным, ну
        і, вядома, п’юць віно і нектар, ядуць амброзію. Д ы я н і с ледзьве паспявае
        абыходзіць круг і напаўняць чашы і кубкі. Не абыходзіцца і без гімна, бо
        сярод багоў прысутнічае вядомы ўсім нам А п а л о н. Чуваць галасы:
        «Апалон, давай гімн!», «Увага, Апалон прачытае гімн!», «Калі ласка, калі
        ласка, Апалон!», «Слухаем цябе, Апалон!», «Цар багоў і людзей чакае,
        Апалон!»
        А п а л о н (устаючы са свайго месца і звяртаючыся да
        Зеўса).
        Табе мая песня, цар багоў і людзей найвялікшы!
        Славіць муза цябе, славіць міласць і мудрасць
        тваю,
        Славіць муза вышэйшую волю, якою
        Драматургія 245
        Ты ўзвёў на Алімп слаўнага майстра Гефеста
        I зрабіў багароўным яго! Слава, Зеўс, табе, слава!
        Дыяніс напаўняе кубкі Зеўсу і Гефесту. Зеўс паблажліва чокаецца з
        Гефестам і п’е. Збянтэжаны Гефест не асмельваецца, ён адчувае сябе не ў
        сваёй талерцы.
        Д ы я н і с. Пі, Гефест, пі нектар! Сам ойча Зеўс табе пра-
        пануе!
        Б а г і (скандзіруюць, узняўшы кубкі). Пі, Гефест, пі нектар!
        Сам ойча Зеўс табе прапануе!
        Гефест выпівае нектар.
        А п а л о н (прыняўшы зноў адпаведную позу).
        Песняю слаўлю нектар, напітак салодкі і хмельны,
        Што сэрцу дае весялосць, а целу бадзёрасць і сілу.
        Багам яго дадзена піць —
        слаўлю багоў-алімпійцаў!
        Слаўлю таксама Гефеста, што ўпершыню
        на Алімпе
        П’е разам з багамі нектар, напітак дзівосны!
        Слаўлю цябе, Дыяніс, віначэрп наш нязменны,
        нястомны!
        А самая большая слава — вялікаму, шчодраму
        Зеўсу,
        Які дараваў нам нектар — напітак салодкі
        і хмельны!
        Б а г і (скандзіруюць нараспеў).
        А самая большая слава — вялікаму,
        шчодраму Зеўсу,
        Які дараваў нам нектар — напітак салодкі
        і хмельны.
        Б р ы а р э й (ускокваючы і сціскаючы ўзнятыя кулакі). Каму
        нектар, а каго ў тартар!
        Словы Брыарэя дзейнічаюць, як перасцерагальнае карканне.
        Вясёлая гамана сціхае. Агульнае замяшанне і збянтэжанасць. З’яўляецца
        п р ыс л у ж н і к са знаёмым ужо нам нартэкавым кіёчкам у руцэ, нешта
        трывожна шэпча Гермесу і аддае яму нартэк. Прыслужнік выходзіць, Гермес
        тут жа падыходзіць да Зеўса.
        246 Анатоль Вярцінскі
        Г е р м е с. Дазволь сказаць, цар багоў і людзей.
        З е ў с. Што-небудзь здарылася?
        Г е р м е с. Здарылася, ойча! Праметэй даў людзям свяш-
        чэнны агонь!
        Б р ы а р э й. У-у, гэты Праметэй!
        З е ў с (б’ючы аб падлогу жэзлам). Што-о-о-о!
        Г е р м е с. Так, мой ойча. Праметэй украў з Алімпа агонь і
        аднёс яго людзям. Яны самі сказалі. Яны там… (Робіць адпа-
        ведны жэст.)
        З е ў с. Людзі самі сказалі?
        Г е р м е с. Так, ойча. Некаторым з іх агонь не спадабаўся.
        У аднаго загарэлася халупа, другі апёк пальцы, трэці проста
        спалохаўся, відаць, і яны прыйшлі прасіць, каб ты забраў назад
        агонь і пакараў Праметэя.
        З е ў с. Вы чуеце, багі?! Гэты… гэты (задыхаецца ад гневу)
        ерэтык… гэты святататнік… гэты вар’ят замахнуўся на нашу
        святую прывілею, на наш свяшчэнны боскі агонь! Вы чулі,
        багі? Гэты чалавекалюб, гэты богазневажальнік даў людзям
        наш агонь!
        Г а л а с ы б а г о ў. Як ён мог?! Агонь — наша
        прывілея! Ён апаганіў свяшчэнны агонь! Ерэтык! Святататнік!
        Богазневажальнік! Вар’ят!
        З е ў с. Скончаны баль, паставім кубкі! Заклікаю да цвярозасці!
        Брыарэй, ты тут? Добра. Ты мне патрэбен. (Да Гермеса.) Якім
        чынам агонь быў вынесены з Алімпа? Праметэй гэта зрабіў
        адзін ці яму нехта памагаў? Ці гэта змова?
        Б р ы а р э й. У-у, гэтыя змовы!
        Г е р м е с. Людзі прынеслі з сабой вось гэты стволік. (Пра-
        цягвае Зеўсу нартэкавы кіёк.) Яны кажуць, што Праметэй у ім
        прынёс агонь.
        З е ў с (разглядаючы кіёк). А як Праметэй змог прабрацца да
        ачага? Хто яму дапамагаў? (Акідваючы ўсіх грозным позіркам.)
        Я пытаюся: якім чынам Праметэй змог узяць агонь? Маўчыцё?
        Ніхто не ведае? Ці нехта ведае, але маўчыць таму, што заадно
        са злачынцам? Брыарэй, Гермес, хто меў доступ да ачага? Хто
        быў сёння ў нашай кузні?
        Б р ы а р э й. У-у!
        Г е р м е с. Ніхто, ойча, апрача Гефеста.
        З е ў с (да Гефеста). Ты быў у сваёй новай кузні?
        Г е ф е с т. Быў.
        З е ў с. Ты бачыў у горне агонь?
        Драматургія 247
        Г е ф е с т (ціха, спалохана). Бачыў.
        З е ў с. Дык ты, можа, ведаеш, як Праметэй змог з дапамогай
        гэтага вось кіёчка выкрасці агонь? Ён гэта зрабіў адзін ці ты яму
        дапамагаў па старой дружбе?.. Кажуць, што вы з ім пакляліся
        водамі свяшчэннай ракі… Ты маўчыш?! Адказвай зараз жа, бог
        Гефест!
        Б р ы а р э й. Адказвай зараз жа, бог Гефест!
        Б а г і (басы, барытоны). Адказвай зараз жа, бог Гефест!
        Б а г і н і (віскліва). Адказвай зараз жа, бог Гефест!
        Небажыхары падступаюць да Гефеста з кулакамі, з перакошанымі ад
        лютасці тварамі. З’яўляецца П р а м е т э й. Нямая сцэна.
        П р а м е т э й. Не чапайце Гефеста! (Да Зеўса.) Гефест не
        вінаваты, цар багоў і людзей. Не вінаваты таксама ніхто другі.
        Я адзін выкраў агонь з твайго ачага і адзін, без чыёй-небудзь
        дапамогі, аднёс яго на зямлю.
        Г е ф е с т (спрабуе пратэставаць). Праметэй… мы разам…
        П р а м е т э й (ратуючы Гефеста). Так, мы разам з табой
        пакляліся служыць людзям. Але агонь я ўзяў адзін і гатовы адзін
        адказваць за гэта.
        З е ў с (злавесна). Значыць, адзін? Што ж, тым лепш… Тым
        горш для цябе. Ты аб’явіў мне вайну, ты адкрыта перайшоў на
        бок людзей, і я аб’яўляю цябе святататнікам і буду зараз судзіць!
        (Крычыць.) На калені!
        Праметэй не становіцца.
        На калені перад эгідадзяржаўным Зеўсам, царом багоў і людзей!
        Праметэй не становіцца на калені.
        Б р ы а р э й (трасучы кулакамі). На калені перад Зеўсам,
        царом багоў і людзей!
        Б а г і (басы, барытоны). На калені перад Зеўсам, царом
        багоў і людзей!
        Б а г і н і (віскліва). На калені перад Зеўсам, царом багоў і
        людзей!
        Г е ф е с т (са страхам і спачуваннем да Праметэя). Праме-
        тэй, стань на калені… перад Зеўсам… царом багоў і людзей…
        П р а м е т э й (да Гефеста). I ты тое ж?.. Не, Гефест, я не
        стану на калені. Дзеля людзей, дзеля дабра я гатовы на ўсё, але
        248 Анатоль Вярцінскі
        толькі не на гэта. Я магу стаць на калені толькі перад тым, каго
        я люблю і шаную, але не перад тым, каго я ненавіджу!
        З е ў с (тым жа злавесным тонам). Ну, што ж, тым лепш…
        Тым горш для цябе. (Грозна.) Багі, эгідадзяржаўны Зеўс вяршыць
        свой суд! Якую кару хто прапануе?!
        Г а л а с ы б а г о ў. У тартар яго! У тартар яго! У тартар! У
        тартар яго, святататніка! У тартар яго, здрадніка! У тартар яго,
        богазневажальніка! У тартар яго! Навечна ў тартар!
        Б р ы а р э й (як бы падсумоўваючы). У-у тартар яго! У-у
        тартар! Каму нектар, а каго ў тартар!
        Паўза. Усе чакаюць, што скажа Зеўс, які думае, утаропіўшы ў прастору
        позірк.
        З е ў с. Не, тартар на гэты раз не падыдзе. У тартары, як вы
        ведаеце, яго брат Атлант. I вось колькі ён ужо там стаіць, але я
        ні разу не пачуў ад яго ні скаргі, ні стогну. А гэтага (пагардлівы
        ківок у бок Праметэя) тым больш не зломіш тартарам. I нічым
        яго не зломіш — ні атлантавымі пакутамі, ні танталавай прагай,
        ні сізіфавай працай… З яго выцягнеш усе жылы, а ён будзе
        трымацца. Мне ж мала проста выцягнуць з яго жылы. Мне
        трэба выцягнуць з яго гэту самую яго душу, яго дух, — ці як ён
        там у яго называецца? — які робіць яго вось такім нязломным.
        (Паўза.) А можа, узяць ды падсмажыць яго на тым самым агні,
        які ён так адважна ўкраў у нас і так велікадушна падарыў людзям?
        Га, багі? Можа, сапраўды ўзяць ды і спаліць яго жывым
        на гэтым самым свяшчэнным агні? Каб ён зведаў да канца, што
        гэта такое — наш боскі агонь.
        Б р ы а р э й. Спаліць яго! Спаліць жывым!
        Б а г і. Спаліць! Спаліць!
        З е ў с. Не. Гэтым я таксама нічога не дасягну. Згарыць — і
        ўсё тут. I не пачуеш, зноў-такі, ні скаргі, ні стогну. А мне мала
        спаліць яго фізічна. Мне трэба выпаліць яго дух, трэба, каб ён
        выгараў, як стрыжань у гэтым нартэку (ён усё трымае разам
        з жэзлам нартэкавы кіёк). Тады ён сам апусціцца на калені.
        (Паўза.) Я, багі, ведаю, як яго пакараць.
        Б р ы а р э й (з радасным выглядам). Цар багоў і людзей
        ведае, як яго пакараць!
        З е ў с (да Праметэя). Значыць, не хочаш станавіцца на
        калені, хочаш стаяць горда на сваіх прамых? Ну што ж, стой
        тады. А каб табе было зручней стаяць, я загадаю прыкаваць цябе
        да скалы. Стой там, колькі табе захочацца! I яшчэ больш. Тры
        Драматургія 249
        тысячы, дзесяць тысяч, трыццаць тысяч гадоў. Зеўс вечны, у
        яго часу хопіць. Ён пачакае, пакуль ты палюбіш яго больш, чым
        людзей, або без любві прызнаеш яго ўладу і пакорна схілішся
        перад ім. (Да багоў.) Багі, я сказаў прыкаваць Праметэя да скалы
        на трыццаць тысяч гадоў!
        Б р ы а р э й. Прыкаваць яго! Прыкаваць!
        Б а г і і б а г і н і. Прыкаваць яго! Прыкаваць на трыццаць
        тысяч гадоў!
        З е ў с. Але гэта не ўсё. Зеўс не настолькі наіўны, каб проста
        замяніць тартар скалой і думаць, што ён знайшоў лепшую кару
        для такога багаборца, як гэты (ківок у бок Праметэя). Справа
        ж не толькі ў тым, як пакараць. Справа яшчэ ў тым, хто гэта
        зробіць, хто прывядзе ў выкананне мой прысуд.
        Г а л а с ы. Брыарэй! Брыарэй!
        Б р ы а р э й. Брыарэй!
        З е ў с. Не, мой прысуд выканае Гефест!
        В о к л і ч ы (у якіх гучыць здзіўленне). Гефест? Няўжо Ге-
        фест!
        З е ў с. Так, прыкуе Праметэя да скалы менавіта Гефест.
        Ніхто лепш за яго не зробіць гэта. Па-першае, яны сябравалі,
        разам давалі клятвы, і тут ужо Гефест пастараецца, я думаю, па
        старой дружбе. Па-другое, Гефест прызначаецца богам агню і
        кавальскай справы і таму павінен будзе зрабіць усё для таго,
        каб надалей ніхто, апрача яго і Зеўса, не мог валодаць і распараджацца
        агнём, каб нікому больш не было панадна замахвацца на
        нашу свяшчэнную прывілею. Але гэта не ўсё. (Да Праметэя.)
        Каб табе не сумна было стаяць аднаму ля пустыннай скалы, каб
        ты не вельмі тужыў па сваіх колішніх сябрах, бог Гефест будзе
        рэгулярна наведваць цябе і кожны раз нанава забіваць цвікі і
        прабіваць цябе наскрозь якраз там, дзе твая шчадралюбая пе-
        чань, жалезным кастылём. Праўда, потым мастацкая фантазія
        людзей выдумае арла, які прылятае штодзень дзяўбці печань
        Праметэя — людзі любяць такія прыгожыя, сентыментальныя
        паданні. Але на самай справе ніякага арла не будзе, а будзе
        прыходзіць да цябе са сваім молатам, сваімі цвікамі і кастылямі
        твой колішні друг, бог Гефест. (Да Гефеста.) Бог Гефест!
        Вярхоўны алімпіец, эгідадзяржаўны Зеўс даручае табе выканаць
        яго прысуд — прыкаваць злачынцу Праметэя да скалы!
        Паўза. Гефест няўцямна, разгублена, шукаючы дапамогі, азіраецца.
        250 Анатоль Вярцінскі
        Г е ф е с т. Я… Цар багоў і людзей… Мы сябравалі… Мы
        давалі клятву… Ён быў… Я хачу да сябе ў пячору… Я пайду ў
        сваю кузню…
        З е ў с (няўмольна, па-свойму тлумачачы апошнія словы Гефе-
        ста). Так, бог Гефест, ты зараз пойдзеш у сваю кузню, выкуеш
        ланцугі і прыкуеш яго (паказвае на Праметэя) да скалы. I глядзі
        зрабі ўсё як трэба — трывала, надоўга, на вякі! Зразумеў? (Пра-
        цягваючы Гефесту нартэк.) I вазьмі свой кіёк, будзеш хадзіць з
        ім да Праметэя. (Стукае жэзлам.) Усё! Дзе Феміда?
        Ф е м і д а. Я тут, ойча.
        З е ў с. Багіня правасуддзя, Зеўс справядліва вяршыў суд?
        Ф е м і д а. Справядліва, ойча.
        З е ў с. Ну, а раз так, дык аформі як след справу. Каб потым
        уніклівыя гісторыкі і законнікі не прыдзіраліся да нас з табой,
        не скажалі.
        Б р ы а р э й. У-у, гэтыя гісторыкі і законнікі!
        
        
Карціна шостая
        
        Тая ж, што ў першай карціне, пляцоўка на схіле гары, перад уваходам у пячору Гефеста. Па стуку молата і ляску металу здагадваемся, што Гефест працуе ў кузні. З’яўляецца П р а м е т э й. Цяжка апускаецца на камень і сядзіць, панурыўшы галаву. Выглядвае Г е ф е с т.
        
        Г е ф е с т. Вітанне і дружба таму, хто прыходзіць. (Спахапіўшыся). Ты прыйшоў, Праметэй?
        П р а м е т э й. Як бачыш, Гефест. Я ж табе патрэбен, ці не так? А я, калі ты помніш, заўсёды прыходзіў, калі быў табе патрэбен.
        Г е ф е с т. Так, Праметэй. Я заўсёды цябе чакаў. Ты заўсёды быў мне патрэбен. I цяпер таксама… Што я кажу! Зеўс мой, што гэта я сказаў! Ты цяпер патрэбен мне… ты цяпер прыйшоў для таго, каб я надзеў на твае рукі ланцугі і павёў цябе прыкоўваць… Гэта сон ці ява?
        П р а м е т э й. Ява, Гефест. Ты зрабіў ланцугі?
        Г е ф е с т. Зрабіў, Праметэй.
        П р а м е т э й. У цябе ўсё гатова?
        Г е ф е с т. Гатова, Праметэй.
        П р а м е т э й. Тады пачынай. Я таксама гатовы.
        Г е ф е с т (у роспачы). Але я не магу, Праметэй. Я цябе заўсёды чакаў… Ты заўсёды быў мне патрэбен… мы разам з табой давалі клятву… Не, я не магу!
        П р а м е т э й. Прыступай да работы, Гефест. Ты што — забыў пра загад Зеўса? Рабі, што табе сказалі. А то не станеш богам і не будзеш жыць на Алімпе.
        Г е ф е с т. Не стану богам?.. Не буду жыць на Алімпе?
        П р а м е т э й. Не будзеш, калі не выканаеш загад Зеўса.
        Г е ф е с т. Калі не выканаю загад…
        П р а м е т э й. Ну так. Бяры хутчэй ланцугі і прыступай да работы. I чым хутчэй ты яе зробіш, тым лепш будзе для нас абодвух.
        Г е ф е с т. Тым лепш будзе для нас абодвух?
        П р а м е т э й. Так. Ідзі!
        Г е ф е с т. Ну што ж… калі так… (Ідзе ў пячору і вяртаецца адтуль з молатам, ланцугамі і іншымі катаўскімі прыладамі.) Ну вось. (Глядзіць, вінавата-разгублена ўсміхаючыся, на Праметэя.)
        П р а м е т э й. Надзявай. (Працягвае рукі.)
        Г е ф е с т (надзяваючы на рукі і ногі Праметэя ланцугі). Праметэй, што я раблю?.. Гэта сон ці ява?.. Скажы, што гэта сон.
        П р а м е т э й. Не, Гефест, гэта не сон, гэта, на жаль, праўда.
        Г е ф е с т. Значыць, праўда?.. Так, такое прысніцца не можа. Мне заўсёды сніліся прыгожыя сны. Мне часта снілася, што я зусім не кульгавы, што я лёгка стаю на роўных нагах у сваёй кузні, а ў ёй светла-светла, яна ўся залатая — залатыя сцены, залатая столь, залатое кавадла. З горна ляцяць іскры, і яны таксама залатыя. Ты мяне клічаш, а я гляджу на гэтыя іскры і не магу адарвацца…
        П р а м е т э й. Сон спраўджваецца, Гефест. Табе сніўся Алімп, і ты на ім будзеш жыць і будзеш каваць з золата… Ну дык пайшлі? Зеўс не любіць, калі з пакараннем марудзяць. (Пачынае рухацца. Аглядваецца на пячору.) Бывайце, нашы мары і сны. Бывай, пячора. Бывай і ты, шэры камень. Нам тут было добра, але мы вас пакідаем, і тут усё парасце быллём.
        
        Гефест усё не асмельваецца зрабіць першы крок. Моўчкі глядзіць на Праметэя. Потым нагінаецца, ускідвае на плечы ўсе свае прылады, якія вынес з пячоры, і ідзе пакорна ўслед за Праметэем. Рух на эшафот, на галгофу, на ўсякае іншае «лобнае» месца заўсёды чамусьці марудны. Можа, таму, што ён асацыіруецца са смерцю і з пахавальным шэсцем… Такі рух і тут. Праметэй і Гефест — Праметэй наперадзе, Гефест крыху ззаду і збоку — павольна (перашкаджаюць ланцугі) рухаюцца ў бок правай кулісы — калі глядзець з залы. Гаротна-жалобны іх рух, звіняць ланцугі па целе Праметэя, бразгаюць прылады на плячы ў Гефеста.
        
        Г е ф е с т. Праметэй…
        
        Праметэй аглядваецца і моўчкі ідзе далей.
        
        Г е ф е с т. Я чуў, як ты развітваўся з пячорай.
        П р а м е т э й. А-а, так. Я ёй за многае ўдзячны і я развітаўся з ёй. За нас абодвух. Мы ж абодва не вернемся больш сюды.
        Г е ф е с т. Мы не вернемся больш сюды?.. Гэта праўда, Праметэй?
        
        Адказу Праметэя мы не чуем, бо ён знікае за кулісай, каб потым зноў з’явіцца з другога боку сцэны. На сцэну выбягаюць А к і я н і д ы. Падбягаюць да пячоры, прыслухоўваюцца.
        
        П е р ш а я А к і я н і д а. У пячоры нікога няма! Дзе ж Гефест?
        Д р у г а я А к і я н і д а. У пячоры нікога няма!
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Дзе ж Гефест?
        П е р ш а я А к і я н і д а. Дзіўна, Гефест заўсёды быў у пячоры!
        Д р у г а я А к і я н і д а. Дзіўна!
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Гефест заўсёды быў у пячоры.
        П е р ш а я А к і я н і д а. Куды ён мог пайсці? Можа, ён пайшоў куды з Праметэем?
        Д р у г а я А к і я н і д а. Куды ён мог пайсці?
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Можа, ён пайшоў куды з Праметэем?
        З-за левай на гэты раз кулісы паказваюцца Праметэй з Гефестам і ідуць уздоўж авансцэны.
        П е р ш а я А к і я н і д а. Куды гэта яны так ідуць? Што з імі?
        Д р у г а я А к і я н і д а. Куды гэта яны так ідуць?
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Што з імі?
        
        Гефест з Праметэем на пярэднім плане працягваюць сваю невясёлую размову, якую Акіяніды слухаюць моўчкі, са здзіўленнем.
        
        Г е ф е с т. Потым яны частавалі мяне нектарам і амброзіяй і адвезлі на Алімп.
        П р а м е т э й (адчужана-тужліва). Ведаю.
        Г е ф е с т. Потым яны паказалі мне алімпійскую кузню, сказалі, што яна мая.
        П р а м е т э й. Ведаю.
        Г е ф е с т. Потым мы з табой узялі з горна агонь, і ты панёс яго людзям.
        П р а м е т э й (тым жа тонам). Так, было. I я шчаслівы, я аб гэтым не шкадую.
        Г е ф е с т. І я хацеў пайсці ўслед за табой, хацеў вярнуцца ў сваю пячору.
        П р а м е т э й. Ведаю.
        Г е ф е с т. Але з’явілася Афрадыта…
        П р а м е т э й. Ведаю.
        Г е ф е с т. Яна сказала, што я павінен астацца на Алімпе і што тады яна зможа стаць маёй жонкай і мы будзем з ёй шчаслівыя.
        П р а м е т э й. Так яно і будзе. I я рад за цябе.
        Г е ф е с т. Праўда, Праметэй? Так яно і будзе? Мы будзем шчаслівыя? (Вяртаючыся да рэальнасці.) Чакай, што я гавару! Як жа так! (З пачуццём роспачы.) Мы будзем шчаслівыя, а ты… ты будзеш стаяць у ланцугах, прыкаваны да скалы, прабіты наскрозь гэтым прутам… з тваёй печані будзе ліцца кроў… твая кроў, Праметэй! Зеўс мой! (Паўза.) Паслухай, Праметэй, скажы мне, чаму ты так пакорна ідзеш са мной туды? Чаму ты сам прыйшоў да мяне, дазволіў надзець ланцугі і цяпер вось так ідзеш? Чаму, скажы? Ты ж быў заўсёды іншы.
        П р а м е т э й. Чаму я сам прыйшоў да пячоры? Мы ж пра гэта ўжо гаварылі. Ты ж мяне чакаў, я табе быў патрэбен, вось я і прыйшоў. Чаму я дазволіў надзець на сябе ланцугі? Каму-небудзь другому я б не дазволіў, я б так проста не даўся. А табе… Гэтыя ж ланцугі зроблены з той самай руды, якую мы з табой разам — памятаеш? — здабывалі, выкаваны ў той кузні, якую мы разам абстаўлялі, дзе не раз кавалі разам. Як тут я мог не дазволіць табе надзець гэтыя ланцугі. (Углядаючыся ўдаль.) Мы падыходзім ужо, вунь, здаецца, і тая скала. У мяне да цябе апошняя просьба, Гефест, — помні хоць крыху пра нашу клятву і не крыўдзі разам з іншымі багамі людзей. Зеўс будзе зараз помсціць ім, асабліва жорсткім ён будзе да тых, што пайшлі за мной і паверылі ў агонь. Ён будзе загадваць і табе рабіць тое ж. Дык ты ўжо асабліва не крыўдзі іх, старайся, па магчымасці, змякчаць удары. (Паўза. З пачуццём.) Будзь богам, радуйся свайму шчасцю з прыгажуняй Афрадытай, пі нектар і еш амброзію, але толькі не крыўдзі людзей! У цябе добрая душа, і пастарайся там, на Алімпе, захаваць яе і не крыўдзіць тых, хто ўнізе.
        Г е ф е с т. О, Праметэй, ты і цяпер помніш пра іх, пра гэтых сваіх людзей! Ты іх любіў больш, чым Акіянід, больш, чым мяне, больш, чым самога Зеўса… Ты столькі для іх рабіў! Ты дзеля іх быў гатовы на ўсё! Ты прымаеш з-за іх такую кару, такія пакуты. А яны?.. Яны тут жа прыйшлі і данеслі на цябе Зеўсу. Няхай яны будуць праклятыя!
        П р а м е т э й. Гефест, апомніся! Мне балюча чуць ад цябе такое. Ты ж разам са мной пакляўся водамі свяшчэннай ракі…
        Г е ф е с т (спалохана). Я парушыў клятву? (Больш спакойна.)
        Але мне казалі, што толькі той служыць людзям, хто служыць
        Зеўсу, што…
        П р а м е т э й. Служы свайму Зеўсу, будзь богам, але не
        крыўдзі людзей. Вось мая апошняя да цябе просьба… А што да
        няўдзячнасці, то я вось што табе скажу. Так, няўдзячнасць —
        гэта нешта вельмі сумнае і незразумелае. Але ўзнагародай таму,
        хто імкнецца рабіць дабро, — яго ж усведамленне, што ён робіць
        як след, згодна са сваім сумленнем, і яшчэ яго вера, што свет
        будзе лепшы, што яго намаганні не прападуць дарэмна. З такой
        верай я і нёс людзям агонь. (Падыходзячы да кулісы.) Мы на-
        рэшце прыйшлі. Прашу цябе: зрабі гэта ўсё як мага хутчэй. Так
        будзе лепш для нас абодвух.
        Г е ф е с т. Зрабіць як мага хутчэй?.. Праметэй, друг мой
        добры…
        Гефест і Праметэй хаваюцца, працягу размовы мы ўжо не чуем. Акіяніды
        няўцямна пераглядаюцца, парываюцца пабегчы ўслед.
        П е р ш а я А к і я н і д а. Пра што яны гаварылі? Куды яны
        пайшлі?
        Д р у г а я А к і я н і д а. Пра што яны гаварылі?
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Куды яны пайшлі?
        Грыміць гром.
        Г о л а с (зверху, гэта значыць з Алімпа, зычна). За непакор-
        насць Зеўсу, за выкраданне агню з алімпійскага ачага тытан
        Праметэй, сын тытана Іяпета, прыкоўваецца на трыццаць тысяч
        гадоў да скалы на краі свету! Прысуд прыводзіць у выкананне
        былы каваль, бог агню і кавальскай справы Гефест!
        Тут жа за сцэнай чуваць удары молата — адзін, другі, трэці. Чуваць
        стрыманыя стогны Праметэя.
        Драматургія 255
        П е р ш а я А к і я н і д а (са страхам і жалем). Ойча Зеўс,
        што ж гэта робіцца? Гефест прыкоўвае Праметэя, а Праметэй
        стогне!
        Д р у г а я А к і я н і д а. Ойча Зеўс, што ж гэта робіцца?
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Гефест прыкоўвае Праметэя, а
        Праметэй стогне!
        Чуваць апошні ўдар молата. Зноў грыміць гром.
        Г о л а с (зверху, гэта значыць з Алімпа, грамавы). Слухайце,
        слухайце! Перадаём алімпійскую хроніку! Важнае паведамлен-
        не! Воляй эгідадзяржаўнага Зеўса каваль Гефест прызначаецца
        богам агню і кавальскай справы з наступнымі правамі: а) жыць
        у пакоях залатога палаца на паўднёвым схіле Алімпа, б) быць
        жанатым на багіні, в) удзельнічаць ва ўсіх пасяджэннях і балях
        багоў, г) у неабмежаванай колькасці есці амброзію і піць не-
        ктар, д) мець доступ да свяшчэннага агню. Слава богу агню і
        кавальскай справы Гефесту! Найвышэйшая слава цару багоў і
        людзей эгідадзяржаўнаму Зеўсу!
        П е р ш а я А к і я н і д а (радасна). Гефест прызначаецца
        богам. Вось здорава! Ён будзе рабіць для нас боскія аздобы!
        Д р у г а я А к і я н і д а. Гефест прызначаецца богам! Вось
        здорава!
        Т р э ц я я А к і я н і д а. Ён будзе рабіць для нас боскія
        аздобы!
        А к і я н і д ы (разам, кружачыся, напяваюць, узяўшыся за рукі).
        Ён будзе рабіць для нас,
        ён будзе рабіць для нас,
        ён будзе рабіць для нас
        боскія аздобы!
        
        Знікаюць са сваёй няхітрай песенькай А к і я н і д ы. Аднекуль з-за сцэны
зноў даносяцца прыглушаныя, ціхія стогны Праметэя. Паволі засоўвацца заслона.
        
        П р а м е т э й (голас за сцэнай, пранікнёна-палкі і мужны).
        
Не страшны мне, Гефест, багоў пагрозы.
Страшней мне друга даўняга згубіць.
I ў тым сакрэт маёй метамарфозы,
што з нейкае пары я стаў любіць.
Калі сышоў аднойчы на зямлю —
256 Анатоль Вярцінскі
адчуў я раптам, што зямлю люблю…
Люблю зямлю, люблю я ўсё зямное,
люблю я ўсё, усё жывое,
і мой агонь — агонь любві маёй,
не ведаю, нябеснай ці зямной.
Глядзеў на свет я новымі вачыма,
Не ведаючы, як далей мне быць.
Ды ведаў: не любіць больш немагчыма,
магчыма толькі ўжо адно — любіць.
Любіць…
Нязвыклым быў мне новы стан.
Па-новаму душа была сагрэта.
Сказаў я: «Праметэй, сын Іяпета,
тытана сын і сам тытан!
Даволі без любові жыць! Любі!
I імем той любові ўсё рабі!»
Стаў іншым я ў сваім змаганні.
Па-іншаму я гавару з багамі.
Зеўс хоча пасварыць мяне з табою,
уводзіць у душу мне: ненавідзь!
А я ў адказ яму: «Буду любіць!
Любоўю даражыць цаной любою!»
Зеўс пагражае гнеўна: «Пагублю!
Я да скалы прыб’ю на краі свету!»
А я ў адказ яму на гэта:
«А я край свету палюблю!
Люблю я, Праметэй, сын Іяпета,
I дзеля той любові ўсё сцярплю!»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.