РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Штэйнер
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Самотная ў капелюшы на фоне саду
        САД, САМОТА, ЭЛЕГАНТНАСЦЬ, ДОЖДЖ — асноўныя ар¬хетыпы паэтычнага свету Раісы Баравіковай. Мажліва іх узнаўленне і не ў строга такім парадку, ды і саму колькасць лёсавызначальна-вектарных артэфактаў можна значна павялічыць, што, несумненна, і зробіць для сябе дапытліва-ўзрушаны чытач і ўзнёсла-раўнівы паэт-сучаснік-сапернік, бо кожны мае дзеля таго падставы ў поўнай адпаведнасці з уласным светабачаннем і светаўспрыняццем і іх дасканалым завяршэннем-увасабленнем у мастацкім слове. Ды і саму сутнасна-вартасную значнасць кож¬нага з іх можна проста ўдакладніць ці падвергнуць кардынальнай пераацэнцы, а сэнсаўтваральную і зместавую функцыі аддаць анталагічнай рэвізіі, але сілавое поле паэзіі застанецца канстан¬тным. Усё мяняецца (Mutantur tempora et nos mutantur in illis), аднак асноўнае, сутнаснае, лёсавызначальнае застаецца непад-уладным ні часу, ні абставінам.
        Лірычная гераіня паэзіі Раісы Баравіковай вылучаецца заўсёд-най элегантнасцю, выкшталцонасцю, сапраўднай жаноцкасцю, якую нельга з’імітаваць, набыць, з ёй можна толькі нарадзіцца і трохі яе ўдасканаліць, адшліфаваць. І гэты пачатак застаецца дамінуючым, вызначальным, апазнавальным, як прыгажосць ружы, як неперадавальна-нявыказаны пагляд лані, як колер і пах вясны.
        Сусветная паэзія, як і ўся культура зямной цывілізацыі, ад¬метная тым, што жанчына ва ўсе часы і эпохі глядзіць на свет і на сябе вачыма мужчыны і ў поўнай адпаведнасці з гэтым жыве, дзейнічае і творыць. Гісторыя захавала (бо і гісторыкі ў асноўным мужчыны) толькі некалькі імёнаў таленавітых жанчын, што кінулі выклік звыкламу modus vivendi і змагаліся за ўласнае «Я», за права застацца сабой у любых абставінах і перш за ўсё ў твор¬часці. У шэрагу знакамітых імёнаў, што пачынаюцца ад слаўных Сапфо і Аспазіі, і імя нашай зямлячкі, бо, усвядоміўшы свой пачатак, яна смела заяўляе: «Усё ж ткі я па плоці не з божых рук, а з рабра».
        Сапраўдная жанчына ніколі не мае дакладнага ўзросту, вы¬значыць які немагчыма, бо яна заўсёды нараджаецца з тыся¬чагадовым вопытам, а таму на сотні пакаленняў мудрэй самага мудрага мужчыны, бо на генетычным узроўні памятае ўсіх сваіх папярэдніц, уздымаючыся па лесвіцы эвалюцыйнай не толькі ў мінулае ХХ стагоддзе, у антычнасць, але і да прабабулі Евы і, канечне, да Эдэма, Раю, які аказаўся страчаным.
        Як сцвярджае «Библейская энциклопедия», «рай — это сло¬во персидскаго происхожденія и означаетъ садъ». Мара пра сад — гэта чарговая спроба стварэння ідэальнага свету ўзае¬маадносін чалавека з прыродай, аднаўлення раю на зямлі, які ўспрымаецца не як проста чароўна-захапляльнае бытаванне, не дэкор быцця, а ягоная філасофія, экзістэнцыя, эстэтычнае ўяўленне-ўспрыняцце глыбіннай сутнасці і маральнага імпера¬тыву, сугестыя ўзаемаадносін чалавека з людствам і акаляючай прыродай. Сады на зямлі ствараліся для роздуму, паэтычных медытацый, вучоных заняткаў, у Сярэднявеччы — для малітваў. Для паэтаў сад быў усім, бо іх можна было чытаць, у залежнасці ад настрою, як лірычную споведзь, узнёслую навелу, філасофскі раман, вострую драму ці крывавую трагедыю. Аднак ва ўсіх была глыбока схаваная адзіная патаемная мара-надзея, аб якой не прызнаешся нават самому сабе,— вярнуцца ў Эдэм, здабыць страчаны рай, шматмернасцю разумення якога можна вытлумачыць усё на зямлі.
        Паэтычны сад Раісы Баравіковай — унікальна-універсаль¬ная з’ява ў вербальным мастацтве радзімы, caputi mundi (цэнтр сусвету), які пад рукою майстра набывае самае разнастайнае ўвасабленне, дзе можна ўбачыць спалучэнне класічных і ўласна- нацыянальных традыцый:
        
Цудоўны сад ляжаў як на далоні.
І хваля недзе білася аб бераг.
А нехта невядомы струны кратаў,
І песня незямная там гучала.
        
        Над усім рамантычна-баладным светам паэзіі усіх часоў і на¬родаў гучыць эолава арфа, загадкава-таямнічы інструмент, якога ніхто не бачыць, бо ён размешчаны ў недаступных месцах (на вежах замкаў, у гротах, спецыяльна ўзведзеных шпілях), але ўсе трапляюць у палон чароўнай эфірнай музыкі. Так і рамантычная дзяўчынка шукае сваё шчасце, што ўвасоблена ў трызненнях- марах пра страчаную радасць, рэшткі якой, трапляючыся на шляху пошукаў, нагадваюць іх няспраўджанасць. Рэліквіі ж бы¬лой рэальнай субстанцыі можна сустрэць паўсюдна, бо цяжка зразумець — гэта анёл над намі лунае ці лёгенькі матыль? Памяць пастаянна і настойліва вяртае да тых начэй, у белы сад. Лірычная гераіня кліча за сабою і самага блізкага чалавека: «О, не цяпер. Хадзем у сад, // там сярод стоеных прысад // блукае поўня нібы лунь // і аксамітам вабіць рунь».
        Нешта падобнае, ва ўсякім разе інтанацыйна, заяўляла гераі¬ня «Найвышэйшай Песні Саламона». Там сапраўдны сад радасці 7
        незямной, бо ўсё пераліваецца колерамі вясёлкі, там цвітуць мальвы, лілеі, шыпшына, сам сад, урачысты і зялёны, стаіць за сіняй азярынай, там дрэвы грывастыя, расліны калючыя, рабіна гронкай распальвае світанак, былку будзіць чмель, лісце прымае ў свой шацёр салаўя, вясёлка пёркамі паўліна пад лёгкім мары¬вам гарыць, сцяжына губіцца між траў, крыніца — гэта расто¬чак пасярэбранай вады, спакойна спіць змяя ў траве ля дрэва, прамень заўсёды выглядае з-за саду, дзень праліваецца святлом толькі на сад. Усё самае светлае, чыстае, узнёслае ў гераіні звяза¬на толькі з садам. «Я адчайна чаромху ламала // ў салаўіных зялёных садах»; «высвістваў салаўіны сад»; «у садзе, над маёй вішняй, // дугой узняўся цуда мост». «І нават клёны мне бачацца садам, // якому красаваць, шумець, радзіць».
        Толькі тут і толькі пасля розных здарэнняў і здзяйсняецца яшчэ адзін, куды больш значны, цуд. Як з парыву ветру, што не¬прыкметна кранаецца струн арфы, злятае дзівосная песня, так і з усмешак і жаданняў, позіркаў і мар, расчараванняў і спадзяван¬няў, у гэтым зямным садзе — асколку былой велічы — нараджа¬ецца жанчына. І гэтыя працэсы роўнавяліка-неспазнальныя, бо нованароджаная жанчына жыве па ўласных законах:
        
То трапяткім лістком яна заб’ецца,
то рэхам разбяжыцца праз лясок,
то страпянецца пудкай птушкай сэрца,
то раптам слёзы, як бярозы сок.
Яна жыве, прасцёршы ў свет далоні,
Ёй саступае далеч у красе...
        
        Яна больш прыгожая, чым званцы на ўзмежку садоў, дзе сініца сцеражэ цішыні чабаровае лапік, вось чаму смела прапаноўвае каханаму на паляне за садам быць «майго бяссоння вартавым».
        У класічнай беларускай традыцыі сад часцей за ўсё ўзрабляўся не толькі дзеля эстэтычнага ці любоўнага задавальнення, колькі з пазіцый варуна матэрыялістычнага. І хаця гераіня Раісы Бараві¬ковай са спагадай згадвае лёс блізкіх: «Згібеў Адам. Адгарава¬ла Ева. //Бабулі Марфе сніцца боскі сад... // У кожнага свае спакусы дрэва // і свой ва ўсе часы нядрэмны гад», яна такса¬ма лічыць, што сад набывае дасканала завершаны выгляд толькі тады, калі ў ім з’яўляюцца плады. І не так істотна, ад каго яны, ад ворага чалавечага («і спакушае жонак гад // пакаштаваць таемны яблык»), ад Афрадыты (кожная з зямлянак марыць прыняць удзел у двубоі з Аленай Прыўкраснай), ад Евы, рэаль¬на-зямны, бо самыя шчырыя размовы-развагі з самымі блізкімі людзьмі (братам і маці) таксама адбываюцца ў засені яблынь. «Турботны дзень пад яблыняй завершаны» і ўсё мяняецца ў гэтым сусвеце, бо «хутка зоркі лёгкія над садам // пачнуць збіваць салодкія плады», а сам ранак заглядвае «антонаўкай крамяною ў душу».8
        Яблык набывае выключную сімвалізацыю-фетышызацыю. І паступова з прылады спакусы пераўтвараецца ў плод з дрэва пазнання («калі ў руках трымаеш яблык спелы // не думаеш пра сад чужых зямель»), бо пад шум яблынь у нашым садзе яна спрабуе спавядацца самаму дарагому чалавеку — «Маме». І ўрок Евы (у тым, як разумее большасць люду паспалітага) адыходзіць на другі план («не прасі запаветнага слова, // я ўсё роўна цябе падману»), сутнасцю лірычнай гераіні становіцца вера і спадзяванні на вернасць.
        Якраз і ярка-канкрэтныя змены ў садзе і нагадваюць пра спрадвечную зменлівасць жыцця, дзе немагчыма затрымацца на¬заўсёды ў леце, не гаворачы пра вясну.
        «Мінала лета, чэзнуў сад» (А ў «Восеньскім садзе» гучыць зусім іншая музыка, не тая, якую так чакала не толькі наіўная дзяўчынка, але і маладая жанчына. Лета было сімвалам шчаслі¬вага саду — «тады там яблыні цвілі, // ды не патрэбны стаў садоўнік, // і немаведама калі // сад звёўся,— пусташ ды дзядоўнік»). І цяпер ужо не адпусціць душу ў рай. «Верас¬нёвы сад» не ўспыхне восеньскім нават агнём, бо і «русалка пырсне там не ўсмешкай, // а плачам тоненькім на скронь». Таму жаўцее «з трох яблынь маленькі садок», а душою валодае смутак, «нібы падбелены садок».
        Самота валадарыць сусветам, а яе дасканалым сімвалам ста¬новіцца зязюля шэрая, што можа зляцець з вышытага матчынага палатна, закуваць, агарнуць жалем, зрабіць сад жоўтым, змроч¬ным, вераснёвым. У хвіліны найбольшага шчасця прыходзяць дажджы, бо яно ходзіць у пары з самотай, тугой, тады якраз увесь свет задажджыць, туманам горад заімжыць. І прасі — не прасі, выганяе дождж адзінага з саду, нібы паганы вартаўнік (паэма «Двое на зямлі»), хаця і ён умее спяваць, але выразна па-свойму, па-дажджынаму. Ён нават становіцца героем «Мікрапаэмы трох дажджоў», дзе ў трох васьмірадкоўях ствараецца вобраз гэтай высокапаэтычнай і сімвалічнай з’явы прыроды, што з радасцю шчаслівага хлопчыка-гарэзы праз статус багатага і сакавітага ператвараецца ў трэці дождж — «абложысты, пануры, // веч¬насці загадкавы прамень. // Ён як песня, песня на хаўтурах, // ён як доўгі, неадступны цень».
        «А я з дажджу»,— прызнаецца гераіня «Дзесяці васьмірад¬коўяў», дзе яе напарнікам становіцца слота, якая выконвае не толькі ролю фону трагедыі і чалавечага пачуцця, але і асноўнай дзеючай асобы, бо менавіта з дажджу вынікае ўсё наступнае дзейства. Менавіта ён надае мінорнасць усёй паэзіі, поруч з больш класічнымі вобразамі («трывожаць неба на світанні // кліны самотных журавоў»). «Дажджом размыла каляіны», «даж- джы змываюць з лісця пазалоту», «наляцелі дажджы,— // захлынуўся настрой мой узнёслы». Менавіта таму яны не забываюцца («Той дождж у памяці», бо ад іх застаецца «кропелька на вуснах, дажджынка на губах», а ўся прырода ў расінках, дзе адлюстроўваецца сусвет). Таму няхай «слаўся 9
        горыччу мокры быльнёг», «Сягоння дождж», «былі нядаўна дрэвы ўсе ў журбе», аўтарка нават піша верш у прозе «Ліст, нашаптаны дажджом»:
        «Тыдзень дажджоў. Гром заблытаўся ў вецці. Тысячы сказаў у слове адным... Пяшчотнае «Мой!» у раз’юшаным свеце, і ці сустрэнемся ў свеце тым?.. Дзе ні дамоў, ні слязлівага вока, якім пазірае праз шыбку ліхтар... Учора была непамерна далёкай, сён¬ня,— як лёсу ўдар!
        Будзе адчужанасць, будзе знямога ад спрэчак, папрокаў, нуд¬ных размоў... Гэта пасля! А зараз так многа: «Мой! —
        на працягласць дажджоў».
        Шумяць дажджы… а ліпень з ружай прыйдзе. То проста дож¬джык падае напэўна...
        «О жанчына! Імя табе — непастаянства». Раіса Баравікова цудоўна ведае класічнае выслоўе, менавіта таму падкрэслівае няў- стойлівасць жаночага светаразумення, зменлівасць ейнай натуры, што асабліва заўважна ў дождж, у змены пораў года. Вось чаму яна імкнецца спалучыць неспалучальнае, а ў паэтычных радках аб’ядноўваецца антытэза: сініца імкнецца апець, а найболей — аплакаць; кветка маляўнічая на кладзішчы; «жыццё саткана з мёду і крыві»; «прарочыца, распусніца, вясталка»; «я чака¬ла каханага ў госці, // з некаханым у лета ішла»; «паміра¬ла — жыццё ратавала»; «трэба ўволю паплакаць умець, каб умець // пасміхацца шчасліва»; «улюбёны, а ідзеш нібы на смерць»; «з радасці мроі ткуцца, // з будзённіц тчэцца жаль»; «адзін гаворыць мёд, другі — атрута, // і кожны выпіць хоча ўсё да дна».
        Хвіліны самоты яна, як спеў жаўранка цішыню, разбівае вы¬клічнікамі, у якіх чуецца непадробная радасць жыцця і чарговае захапленне прыгажосцю сусвету, які можа скараціцца да памераў пакойчыка, балкона з квеценю, нават ложка. Яна не баіцца быць незразумелай, таму смела выказвае схаваныя пачуцці:
        «О калі б гэтак…», «О як з пяшчотаю зняверы»; «за¬гадваю сэрцу: “Даволі!”»; «Заўтра ўсё! Патоп!»; «Навош¬та… Навошта… Навошта?!»
        Адзіны сродак вяртання ў былы Эдэм, адзіны ратунак ад сусветных Самоты, Суму, Тугі, Расчаравання, адзіныя надзея і збавенне з цянётаў надзённасці і марнасці быцця — велічнае КАХАННЕ, якое ў той жа час і з’явілася прычынай страты Раю, вытокам Смутку, vanitam vanitus. Аднак, нягледзячы на зман¬лівасць і прывіднасць пачуцця, на ягоны бляск і святло ляцяць мары ўсіх нашчадкаў слыннай прабабулі, што некалі існавалі на зямлі. Водарам кахання пранізаны ўвесь сусвет, яго немажліва пазбыцца, яно нагадвае пра сябе ўсім і заўсёды, зачараваўшы і прымусіўшы гнацца за пералёт-травою (Я. Баршчэўскі), якая і зводзіць людзей, нібы тая русалка-спакусніца, ад якой застаецца толькі далёка-далёкае лясное рэха.
        Гераіня Раісы Баравіковай — гэта і «юная цнатліўка, што жыве ў ружовым мроіве святла», і спелая жанчына, для якой 10
        мастакі распісваюць нябёсы, і вопытны чалавек, што глядзіць яшчэ васільковымі вачыма на пабелены (зусім не людзьмі) сад. Яна не мае нічога агульнага з так званай большасцю, бо ў той час, калі яе нібыта сяброўкі-сучасніцы абсталёўваюць кватэры, яна п’е расу ў лясах на досвітку і паважна, з выглядам гетэры, чыёсьці сэрца ў кошыку нясе. Яна ведае магутную сілу жанчыны, якая здольная нават у няволі зрабіць свайго ўяўнага гаспадара рабом свайго цела, яе ўменне нанесці ўдар (толькі жанчына параніць умее, // знікнуўшы назаўжды), ці адправіць яго нават на смерць (хай гіне за мяне каханак на дуэлі). Ня- гледзячы на пэўную сваю раскаванасць, яна хавае свае пачуцці, бо тыя здольны знесці ўсё на сваім шляху, нібы веснавыя воды плаціну (згадаем славуты верш «…Ля крыніцы бруістае вяне», які на пэўны час быў візітоўкай паэтэсы). Яна сцвердзіла магут¬насць жарсці славянкі, што толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў паказала цывілізаванай Еўропе украінская спявачка Руслана ў сваіх «Дзікіх танцах». Аднак традыцыйна славянка, тым болей беларуска, павінна хаваць свае пачуцці, быць нясмелай і выключ¬на сціплай. Менавіта таму яна не можа рашыцца сказаць пра сваё каханне, а будзе на адным уздыху праходзіць міма кватэры каханага і не зірне на ягоныя вокны; прасіць дазволу вярнуцца з лістападу, завеяў, дажджоў, каб прызнацца ў патаемным; нават пойдзе амаль што на багахульства, бо скажа смяротнаму: «Да свяціцца імя тваё», хаця не аднойчы загаворыць інтанацыяй вя¬лікай Кнігі: — «Я ложак свой лілеямі ўпрыгожу,— прыйдзі! Прыйдзі й тады…» Яна гатова свяціць агнём і святлом вачэй, здзьмухнуць месяц з небасхілу, прасіць стомленых працай людзей прачнуцца ад яго плачу і дапамагчы яму адшукаць ейны дом; можа нават паўночны вецер зрабіць лагодным; хоча стаць Папялушкай (хаця якая прынцэса ў 30 гадоў, тым болей што з усіх рыцараў застаўся толькі адзіны таршэр, які нагадвае Дон Кіхота).
        Ён вернецца, ён прыйдзе і ў адказ на ўсе заклінанні скажа сваё нястрыманае — люблю, бо без яго няма жыцця і святла — «то з мяне мяне вымаюць // вочы чорныя твае». Пра кахан¬не нельга пісаць, бо чуецца толькі «то смех, то шаптанне, то ўсхліп», хоць словы ткуцца з пяшчоты. Ды і невядома: гэта боскае насланнё ці д’ябальскі пасыл, а тайны жанчыны роўнавя¬лікія навальніцы. Каханне не можа быць шчаслівым (у драмы не бывае шчаслівы эпілог), яно жыве па сваіх законах, бо само жывое і налятае, як віхор, у яго свой адлік часу (мільёны дзён мяне кахаў). Таму дарэмна шукаюць рукі ласкі блізкіх рук, лірычная гераіня Р. Баравіковай пацерпіць паразу на полі зма¬гання, але ніколі не прызнае сябе пераможанай. Няхай і забытая, яна жыве ўспамінамі пра той чароўны час, калі была каханаю (яна добра ведае розніцу — ёсць каханка, а ёсць каханая), калі сусвет быў дзівосным і вясёлкавым, калі пакойчык уяўляў¬ся востравам у акіяне пачуццяў, ноч была бэзавай, поўні белай ладдзя ў светлы сум уплывала, калі жыццё жанчыны ўспры- малася зараснікам шыпшыны, усё патанала ў пялёсткавых 11
        завеях, вёў птах лясны самотны свой матыў. Яна не раўнуе да цяпе- рашняй саперніцы: «Я не зайздрошчу Вашай палавіне // — жанчына, што пры Вас не знае Вас». Як называць цяпер Яго? Яна блытаецца ў тэрмінах ТЫ, ВЫ, МЫ (згадаем пушкін¬скае — «пустое Вы сердечным ты она, обмолвясь, замени¬ла»). Услед за М. Цвятаевай падзячыць, што «больна не Вами». Але заўсёды прызнаецца, што страла Амура яшчэ ляціць. «Бо... нас маладосць адорвае каханнем, // каханне нас вяртае ў маладосць». Многія выказванні паэтэсы становяцца крыла¬тымі: «хто знаў каханне — пакахае зноў»; «знаходзіць той, // хто знаў няволю страты»; «Я страчвала зімою той каханне, // на справе — толькі пачынала жыць»; «Мы дзелім рэха таго, // што песняй быць магло».
        Яна імкнецца да афарыстычнасці сусветнай класікі, узорам для яе становяцца любоўныя санеты Шэкспіра:
        
Казаў мудрэц: Яно і нараканне,
І сонца, і пякучай цемры сплаў...
«Якія вочы мне дало каханне!»
Але… спярша душу яму аддаў.
        
        Глыбіня філасофскага пачатку, афарыстычнасць радка свед¬чаць пра тое, што паэзію Р. Баравіковай нельга абмежаваць рам¬камі «соловьизмов» (І. Северанін). У садах яе творчасці лётаюць не толькі птушачкі — песняры кахання, але і зязюлі — сімвал смутку, а ў далёкіх шатрах схавана птушка мудрасці — сава. Пеўчая птушка паэзіі спявае заўсёды, але тон яе песні можа мя¬няцца, і прытым выразна-кардынальна.
        Лірычная гераіня Р. Баравіковай можа лётаць у аблоках, як гераіня народных балад, прасіць пёркі ў птушак і з імі ляцець да каханага, аднак не заўсёды яна з радасцю пазбаўляецца свайго цялеснага пачатку, бо і душа, і ўсе яе праяўленні, ува¬собленыя ў танчэйшых зрухах, абумоўлены ў пэўнай ступені і матэрыяльна-фізічным. Яна бачыць пэўную небяспеку ў тым, калі хто-небудзь хоча адысці ад сацыяльнай нормы, як і ў тым, што зямное прыцягненне паступова змяншае лёгкасць палёту ў марах і наяве.
        Менавіта гэтаму і вучыць гісторыя чалавецтва, дзе жан¬чыне было надзвычай цяжка ва ўсе часы і эпохі, бо яе жыццё ў значна большай ступені залежыць ад цела. І не дай Божа нарадзіцца непрыгожай альбо непараўнальнай прыгажуняй, першага яна не даруе сама сабе, у другім выпадку — гэтага ёй не даруюць людзі. (Як у Горкага, каханне суседнічае нават з гібеллю і смерцю.)
        Раіса Баравікова адчувае выразную неабходнасць, місію га¬варыць ад усіх жанчын сусвету. Вось чаму ў яе лірыцы натураль¬нымі ўяўляюцца словы і інтанацыі гераіні самай паэтычнай паэ¬мы Вялікай Кнігі, што шукае каханага, прысутнічаюць вобразы
        слаўных жанчын рускай культуры, адметных прадстаўніц уласнай гісторыі.
        Лірычны цыкл «Саламея» вядзе не толькі да Саламеі Піль¬штыновай, але і Саламеі эпохі Ірада, таму яшчэ і яшчэ раз хочац¬ца задумацца аб уплыве жанчыны на мужчыну і праз гэта — на развіццё цывілізацыі. Беларуская шляхцянка таксама паўстае як неардынарная жанчына, што здольная выпутацца з сілкоў кахан¬ня, калі яно не дазваляе раскрыцца ёй як асобе:
        
Каханне, ты — прывабная быліна,
Дзе з двух герояў нехта вечны раб.
        
        Кожная з гераінь Р. Баравіковай — складаная натура, дваіс¬тая, у якой змагаецца вельмі часта неспалучальнае: узнёслае і прыземленае, светлае і цёмнае, каханне і нянавісць. Такой жа ўяўляецца і Барбара Радзівіл, у якой спалучаюцца незвычайная прыгажосць і распуста, з дапамогай якіх яна становіцца жон¬кай караля. Але якраз сваёй непадобнасцю да іншых, выразнай страснасцю, нераўнадушнасцю, разуменнем свету і цікавыя ге¬раіні яе твораў.
        Паэзія Раісы Баравіковай — гэта сад, у якім ёсць і дрэва для райскай птушкі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.