РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Слухаю сэрца
 
Вершы і паэма
 
 
1

 
 
*** Мой дзень, мой клопат...
 
Вечнае юнацтва
 
Сьвітаньне ў парку імя Янкі Купалы
 
Мікрапаэма трох дажджоў
 
Калінавік
 
Той ганак
 
Зімовы эцюд
 
Вясёлка
 
*** Не давайце мне думаць пра лета...
 
Начлег
 
*** Вось і стала я разлучніцай...
 
*** – Ой, адкуль ты, дзеўка, родам?..
 
*** Я бялізну мыла, потым паласкала...
 
Шлях-Пушча
 
*** Зіма, зіма, сыпні калючым сьнегам...
 
Восеньскае
 
*** Імчыць цягнік...
 
Я памятаю...
 
Разьвітальная песьня
 
*** Сына кучаравая галоўка...
 
У час прагулкі з бацькам
 
Партызанская Мадонна
 
Вясёлая зіма ў Лошыцы
 
Мак
 
Чырвонае кафэ
 
Партызанскае вясельле
 
Ля карціны Міхаіла Эльвіра Андрыолі «Гусьляр»
 
З сэрыі «Беларускія малюнкі»
 
У лесе
 
*** Вяртаюцца з далёкіх паплавоў...
 
*** Натальля, Наталі, Наташа...
 
Бярозы Айчыны
 
*** Жнівень адплывае на вясёлцы...
 
Русалчына кветка
 
Плошча Якуба Колacа
 
Восень на Палесьсі. 1974
 
Да ластаўкі
 
Салаўі
 
Нідзе не растрывожу так душу
 
Леся
 
Памяць
 
*** Лета бабіна – у пазалоце!..
 
2

 
 
*** Белая ластаўка, чорны раяль...
 
*** Імжыстай восені разводзьдзе...
 
*** Забродскі шлях. Нябёсаў просінь...
 
*** Я сёньня не прысела да стала...
 
Ля чыгуначнага пераезда
 
Вэрлібр, напісаны пад раніцу
 
*** Наша вуліца каруселіцца...
 
*** Якая справа да пары...
 
Апошняя сустрэча
 
Пры знаёмстве
 
*** Выпадкова машыну спыніла...
 
Восеньскі сад
 
Барыня-сударыня. Дыялёг з народнага
 
*** З-за саду выглянуў прамень...
 
*** Павер, каханы, я – ў даўгу!..
 
*** Той дождж у памяці...
 
*** А на душы і сьветла, і шчымліва...
 
*** Стракатасьць выставачнай залы...
 
*** Я толькі пагляджу...
 
*** У цябе, любы мой, – карабель...
 
Пасьля дажджу
 
Зорка палявая
 
Нечаканыя госьці
 
*** Гронак рабінавых медзь...
 
*** Вось цяпер я, напэўна, забуду...
 
*** Выпадкова, бяз пэўнай прычыны...
 
*** Ня тое гора, што гарчыць...
 
*** З табой даўно не гаманілі...
 
*** Я лепей музыцы паверу...
 
*** Прастора спазнаецца ў руху...
 
Рабінавая ноч
 
3

 
 
Двое на Зямлі. Паэма
1
*  *  *
Мой дзень, мой клопат –
                                          пачынайся зь песьні,
дзе словы,
                  як свавольны вецер весьні,
ірвуць ня струны звонкае гітары,
а сэрца шматгалосую струну.
 
 
 
 
Вечнае юнацтва
400
Уладзімеру Мартынавічу Азіну прысьвячаю

 
Не шкадуе час сваіх пячатак.
Расьцьвітае бэз усьцяж вясною.
Ён – юнацтва нашага пачатак,
а яно, далёкае, са мною.
 
Вёрсты і з баямі пераходы,
ды вясною бачыў я наяве –
па Дзьвіне далёкай параходы
праплывалі у бэзавай аправе.
 
Хай ляжу цяпер пад Перакопам,
а юнацтва вечнае са мною,
конь мой праз гады імчыць галопам
i цьвіце вянкамі бэз вясною.
 
 
 
 
Сьвітаньне ў парку імя Янкі Купалы
Галінка трапяткая ўпала,
як недапісаньі радок.
Сад верасьнёвы і Купала,
лісьця зжаўцелага грудок.
 
І ля фантана, што за сьцежкай,
таксама восеньскі агонь,
русалка пырсьне там ня ўсьмешкай,
а плачам тоненькім на скронь.
 
Забаваў летніх шчабятуха,
як многа сьлёз яшчэ пралье!
Паблізу незнаёма глуха
аб камень Сьвіслач хваляй б’е!
 
І я прыцішваю дыханьне...
Там, дзе лісьця ляжыць грудок,
Купала шэпча на сьвітаньні
свой недапісаны радок.
 
 
 
 
Мікрапаэма трох дажджоў
Напачатку толькі прадчуваньне –
мроі летуценнае крыло,
І яшчэ далёка да расстаньня.
І яшчэ сустрэчы не было.
Першы дождж надзвычай баязьліва
лакіруе дахі i слупы,
ён, як хлопчык, радасна шчасьлівы,
і, як поўня досьвіткам, сьляпы.
 
А пасьля прыходзіць адзінота,
шчасьця ненадзейнага вянок,
як ратуе ў час такі работа
i адзіны клопат мой – сынок!
Дождж другі багаты, сакавіты,
падстаўляй далоні, пі нагбом,
толькі прарывае ўсе арбіты
сэрца неспатоленага гром.
 
У люстэрка глянеш – пашкадуеш!
Ах, якія ўспомніш ты гады!
Нечакана з болем прыраўнуеш
некага да слова «малады».
Трэці дождж абложысты, пануры,
вечнасьці загадкавы прамень.
Ён як песьня, песьня на хаўтурах,
ён як доўгі, неадступны цень.
 
 
 
 
Калінавік
Хаду калінавіка чую,
ідзе з барвянай галавой.
Пад небам зорным заначуе
зь сяброўкай вернай палявой.
 
Адчуе млосьць у дужым целе,
у кроў ударыць буйны хмель.
Каліна белая расьсьцеле
яму гарачую пасьцель.
 
Халодным вокам поўня гляне,
пачуе ў полі лёгкі ўздых,
то не трава ў жалобе вяне,
то шэпт каханкаў маладых.
 
Азьвецца ноч шалёным звонам,
струной напятай загудзе,
з каліны белая карона
у травы сьпелыя ўпадзе.
 
Калі ж прачнуцца на дасьвецьці,
зноў пойдзе ён сваёй хадой,
усьлед яму заб’ецца вецьце
каліны горкай, маладой.
 
 
 
 
Той ганак
Той ганак у засені квецені,
з трох яблынь маленькі садок,
той дворык старанна падмецены,
жыцьця майго першы выток.
Адтуль у сукенцы баціставай
па модзе вясковых майстрых
пайшла я дарогай імглістаю,
стрымаўшы расстаньня уздых.
 
Удача мне зоркай сьвяціла,
калі ж наплывала імгла:
мяло, падмінала, круціла,
а я – усё роўна жыла!
Мне мара хусьцінкай махала,
а песьні нашэптваў аер,
я шчасьце сваё майстравала
алоўкам на стосе папер.
 
Гады незаўважна міналі,
жыцьцё разматала клубок!
З далёкай вясны выплывалі
той ганак, той двор, той садок.
О, сэрца, як часта шчымела!
І бачу я зноў, як тады,
мне мара хусьцінкаю белай
махае праз дні i гады.
 
 
 
 
Зімовы эцюд
Зіма мінаецца, чаму ж
на сэрцы боязна-трывожна,
па белым сьнезе асьцярожна
бяжыш ад холаду і сьцюж?
Пачую хутка капяжы...
А мне мілей за ўсё сумёты,
і ціша ранішняй дрымоты,
і лёгкі смутак на душы.
Нібы падбелены садок...
Зірні ў акно і схамяніся,
капрызна просіць: «Пасьміхніся!»
Там сына тоненькі сьлядок.
Зьляціць усьмешка, і крылом
заб’ецца ў шыбу птушка сонна.
Як непаўторна і будзённа
зямля глядзіцца пад ільдом.
Пагляд да строгасьці прывык,
i завывае вецер глуха...
А ты душу сваю паслухай,
там пра вясну пяе кулік.
 
 
 
 
Вясёлка
Як вартаўнік, што дбае ўвішна
пра свой будзённы, сьціплы пост,
у садзе, над маёю вішняй,
дугой узьняўся цуда-мост.
Па небу разьлягаўся спора,
абманваў зьзяньнем мурагі,
нібы шукаў сабе апору,
нібы выгледжваў берагі.
Ён разрастаўся ў паднябесьсі
усё выразьней і ярчэй,
так набірае сілу песьня,
з уздыхам новым – гарачэй!
Яшчэ з акна была я рада
яго зьяўленьне прасачыць,
а ён ужо ля далягляду
гірляндай квеценнай зырчыць.
Ён на вачах яднае пырскі
у пералівістую ніць,
нібыта хоча кедр сібірскі
з маёю вішняй парадніць.
Зьвязаць аднолькавым настроем,
злучыць у пошуме адным
дзьве супрацьлегласьці ў прасторы
спрабуе мост перакідны.
Але, відаць, ня так і проста
дзьве супрацьлегласьці зьяднаць,
дадаўшы вішні тонкай росту, –
у кедра велічы адняць.
Бо праз імгненьне зь пералівам
ён бліскавіцай дагарэў...
А вішня ў сьне стаіць шчасьлівым
і чуе побач кедра сьпеў.
 
 
 
 
*  *  *
Не давайце мне думаць пра лета,
затрымайце гадзіньніка ход!
Меркавала, што сонцам сагрэта, –
абярнуўся завеяю год!
 
З тых, шчасьлівых, ён самы няўдалы,
ды па днях я яго разьбяру,
хоць пакінуў мне сьнег падталы
толькі леташнюю кару.
 
Я прайдуся забытаю сьцежкай,
кожны міг перажыты ўяўлю
i рассыплю па дрэвах усьмешкі,
нібы зерне сухое ў ральлю.
 
Я забуду пра вершы, пра песьні,
пра вясёлага месяца рог!
Хто сказаў вам, што сьвет гэты цесны,
маю волю ніхто не запрог!
 
Вось ляціць яна зоркаю ў ночы,
не злавіць, не схапіць, не дагнаць!
І пралесак ліловыя вочы
наўздагон ёй зайздросна глядзяць.
 
 
 
 
Начлег
Прытаміўся стрыножаны конь
і прылёг адпачыць на узгорак.
Разгараецца ў небе агонь –
залачонае вогнішча зорак.
 
Адзінокі, суровы пастух,
нібы прывід маўклівы паўстане.
Вось апошні агеньчык патух
у сяле, што ляжыць за туманам.
 
Ды чуваць ля пясчанай касы,
нібы хвалі далёкія ў моры,
невядомыя мне галасы
у нябачным вызвоньваюць хоры.
 
І ляжаць нерухома камлі,
не шуміць растрывожаны колас,
толькі ўпэўнена я, што зь зямлі
мне чуцён той пранізьлівы голас.
 
Вырываецца з самых глыбінь
неабдымнага, мёртвага мора,
i хвалюе бязьмежнасьць вышынь,
i нябачным вызвоньвае хорам.
 
 
 
 
*  *  *
Вось і стала я разлучніцай.
Сорам вочанькі заслаў.
Лепш пайшла б ужо за ключніка,
за замкамі каб трымаў,
 
за варотамі дубовымі,
на ігрышча не пускаў,
кулакамі каб пудовым i
раз у тыдзень перазаў.
 
Мо тады б і не глядзела
на суседа Кудзелю.
 
 
 
 
*  *  *
– Ой, адкуль ты, дзеўка, родам?
– Папытай у таткі.
Не пайду з табою бродам,
бо няма там кладкі.
 
– Гавары са мной, ня грэбуй.
– Я не гаваркая.
Не пайду з табою грэбляй,
сьцежка там крутая.
 
– Як адна ўжывешся з доляй?
– Можна i бяз ласкі.
Не пайду з табою полем,
там пясочак гразкі.
 
– A ў мяне ж i конь агнявы...
– Адчапіся, хлопча!
Бо даўно такі ж чарнявы
долю маю топча.
 
 
 
 
*  *  *
Я бялізну мыла, потым паласкала,
зь ветрам размаўляла:
– Ой, ляці, мой ветрык, можа, ўбачыш сына,
дык скажы: сьняданак год каторы стыне...
 
Я бялізну мыла, потым паласкала,
сьлёзаньку пускала.
– Ой, каціся, сьлёзка, па густой травіцы,
можа, недзе сын мой прыпадзе напіцца?..
 
Я бялізну мыла, потым паласкала,
долю ушчувала.
– Ой, каціся, рэха, па зялёным гаю,
мо пачуе сын мой, як яго гукаю?..
 
 
 
 
Шлях-Пушча
Ён і араў, і паляваў,
быў рослы, дужы і відушчы,
той чалавек, які назваў
мясьціну гэтую Шлях-Пушчай.
Зьявіўся тут упершыню,
палюючы за дзікім зьверам,
упадабаў ён цішыню
і пушчы векавой паверыў.
Паставіў хату, і ўзяло
пачатак свой зь сівых стагодзьдзяў
Палесься мілага сяло
у харастве лясных разводзьдзяў.
Сюды ідуць на вадапой
вышыняў срэбных далягляды,
і дрэвы дораць на распой
свой сок бярозавым паглядам.
А паспрабуй яго, глыні,
і назаўжды ўтрымае памяць
Шлях-Пушчы мілае агні
і далі верасовай замець.
Азьвецца крыкам дзікі птах
на дахах, змочаных расою...
Пабачу ў небе Млечны Шлях,
скажу: «Шлях-Пушча прада мною!»
 
 
 
 
*  *  *
Зіма, зіма, сыпні калючым сьнегам
на сон маўклівых ледзяных галін.
Рассыпся па палях зьінелым сьмехам,
азораная сьветласцю хвілін
тых самых першых, ясных на дасьвецьці
у эпіцэнтры смутку i глушы...
Мне цяжка зразумець, чаму на сьвеце
так мала адзіноты для душы.
 
 
 
 
Восеньскае

Памяці Мікалая Рубцова

 
Трывожаць неба на сьвітаньні
кліны самотных журавоў,
а ты
      ня вер у адміраньне
лістоты шумнай ля ставоў.
 
У ценю грушавых прышчэпаў
бабуля з ношкаю ідзе,
за ёю восень неадчэпна,
нібыта цень яе,
                          брыдзе.
 
Але як доўга і ласкава
глядзіць старая з-пад рукі,
дзе асядае пыл гаркавы
на залатыя мурагі.
 
Глядзіць спаволеным паглядам
на журавоў, на ціхі плёс,
i восені, здаецца, рада,
удзячная за сьціплы лёс.
 
Хоць недзе побач час апошні,
хоць восень дыхае журбой,
яна ідзе пa колкай пожні
і бачыць сонца прад сабой.
 
Таму ня вер у адміраньне
лістоты шумнай ля ставоў,
праводзь бяз жалю на сьвітаньні
за далягляды журавоў.
 
 
 
 
*  *  *
Імчыць цягнік...
                          Вясна ў прасторы гулкай.
Ужо далёка Станцыя Сьнягоў.
Я ведала – адразу за чыгункай
кранецца лёд сумётных берагоў.
Ня трэба слоў, узьнёсласьці, пытаньняў,
зьдзіўляцца развучылася вясьне,
але чаму з усьмешак і жаданьняў
жанчына нараджаецца ўва мне?!
То трапяткім лістком яна заб’ецца,
то рэхам разьбяжыцца празь лясок,
то страпянецца пудкай птушкай сэрца,
то раптам сьлёзы, як бярозы сок.
Яна жыве, прасьцершы ў сьвет далоні,
ёй саступае далеч у красе,
і толькі жылка тонкая на скроні
адлічвае турботы пакрысе.
Ды што яны! Вясна ў прасторы гулкай,
ужо далёка Станцыя Сьнягоў.
Я ведала – адразу за чыгункай
кранецца лёд сумётных берагоў.
 
 
 
 
Я памятаю...
Я памятаю, там расьлі лілеі,
i дзьмухаўцы бухматыя штогод
сваёю легкавейнаю завеяй
на ранку сустракалі параход.
Ён праплываў...
                          Стаяў язьміну прысмак,
я не чакала пошты, ні гасьцей,
ды брала крыўда, злосьць за тую
                                                        прыстань,
і сэрца маё білася часьцей.
Чым растлумачыць прагу далячыні?
Той параход быў смуткам і бядой,
ён слаў гудок, i рэха ў сіняй стыні
кружыла доўга побач над вадой.
І я клялася...
                      Будучай вясною,
як сыдзе лёд, пакінуць назаўжды
і дзьмухаўцы, i прыстань за сабою,
каб толькі госьцем наязджаць туды...
 
Ільды сышлі.
                      Далёка тая прыстань,
а я плыву, вяртаюся ізноў
назад у лета, дзе язьміну прысмак,
у белую завею дзьмухаўцоў.
 
 
 
 
Разьвітальная песьня
Дажджы змываюць зь лісьця пазалоту,
барвовым дымам дрэвам не цьвісьці,
песьню разьвітальную, лістота,
прасьпявай і ў вырай адляці.
 
Шэрая зязюля не кувае,
ходзікі даўно спынілі ход,
і ўсё роўна лісьце ападае,
падае, ляціць за годам год.
 
Карабель касьмічны на арбіце
адлічыў бясконцасьці віток.
Дрэвы, раскажыце, падкажыце,
дзе жыцьця бясконцага выток?
 
Каб змагла я, вечна маладая,
з жалем не лічыць апалых год,
лісьце ападае, адлятае,
ходзікі наладжваюць свой ход.
 
Не шкадуйце, дрэвы, пазалоты,
надышла дажджлівая пара!
Песьня разьвітальная лістоты
рэхам увасобіцца ў барах.
 
 
 
 
*  *  *
Сына кучаравая галоўка
кожны раз нагадвае вясну,
ды чаму расчэсваю нялоўка
золата вясновае са сну.
 
Памяць варушыць, відаць,
                                            ня варта!
Пасмачкі бялявыя чашу,
а вясна настойліва i ўпарта
як калісьці просіцца ў душу.
 
 
 
 
У час прагулкі з бацькам
Калі зайграе марш вайсковы,
хаду супынім неўзнарок.
Мой бацька, быццам выпадкова,
кране нэрвова каўнярок.
Расшпіліць гузік, нібы цеснай
кашуля стала ў гэты міг.
Плыве мэлёдыя аркестра,
яе так многа на дваіх.
Яна сьвяточнасьцю абвее,
пасьля жалобаю дыхне
і з апантанасьцю завеі
галінку кволую сагне.
Ды вось ужо за паваротамі
нам чутны музыкі прыбой...
– Пад гэты марш калісьці рота
мая ішла ў свой першы бой!
З нас кожны думаў: давядзецца
дажыць да пераможных дат, –
прамовіць бацька, сьцепанецца,
нібыта ўбачыць тых салдат
ён у страі, за паваротам...
Далёка музыка гудзе,
а бацька бачыць сваю роту,
яна ў свой першы бой ідзе.
Ідзе ўсё тая ж, як калісьці,
ды не лягчэе на душы,
бо побач доўга кружыць лісьце
над абеліскам ля шашы.
 
 
 
 
Партызанская Мадонна
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Вясёлая зіма ў Лошыцы
Паляцелі сьнежныя арэлі...
Чуеце, то звон, то дробны сьмех.
Ён з галін зьлятае заінелых
бомамі душы маёй у сьнег.
 
Лошыцы знаёмыя карнізы
лебядзіным сьвецяцца крылом.
Ах, якія кветкі там, унізе,
расьцьвілі i б’юць здаля чалом.
 
А на дахах, верце, без падману,
мосьцяцца шкляныя галубкі.
Сучаць яны ніці, як з туману,
зматваюць у сьнежныя клубкі.
Паабапал вуліцы паселі
ледзянога царства кавалі,
выбіваюць з жамчуговай белі
пацеркі, маністы, мэдалі.
 
Павядзіце зьдзіўленым паглядам:
сьнегавік з жалейкай ля варот,
нездарма Сьнягурка сёньня рада
раскруціць вясельны калаўрот.
Сыпануць сьнягамі нам на ўцеху,
гэта ўжо адчула я сама –
пырснула на твар бадзёрым сьмехам
Лошыцы вясёлая зіма.
 
 
 
 
Мак
Нібыта ішла па вугольлі
цёмнаю ноччу жанчына.
Не лашчыла плечы гольле,
ног не калола шыпшына.
Прысела, каб рукі прыкласьці
да твару, што гнуткія лозы.
Мо прыгадала шчасьце?
Можа, схавала сьлёзы?
А сьлед яе ў золкім абшары
высьвечваў агністай дугою, –
мо сэрца гарэла пажарам?
Мо вусны пякло тугою?
Схілілася долу ўтрапёна,
як першай зары чараціна –
задыхала часта, натхнёна
жару жывога карціна.
 
Пытаньняў маіх прычына
ня мае цяпер значэньня...
Макам ірдзела жанчына,
а гэта вышэй тлумачэньня.
 
 
 
 
Чырвонае кафэ
Кафэ чырвонае, як барва,
на твары водбліск ад сьлязы.
Ты мне налі што-небудзь, бармэн,
як і ў мінулыя разы.
 
Я гэтым вечарам пярсьцёнкі
зьняла з рукі і без прыкрас
гляджу ў акно, і месяц тонкі
мне пасьміхаецца ў адказ.
 
Зазначу для сябе, што схожы
ён з чалавекам тым адным,
што стаў цяпер толькі прахожым,
навошта ж думаю аб ім?
 
Вось і цяпер уся ў чаканьні,
мо выпадкова ён сюды
са мною прыйдзе на спатканьне,
згадае даўнія гады?
 
За хмаркай месяц тонкі гіне,
знаёмых крокаў не чутно,
і падае барвяны іней
са сьцен у белае віно.
 
 
 
 
Партызанскае вясельле
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Ля карціны Міхаіла Эльвіра Андрыолі «Гусьляр»
Што ўсхвалявала цябе, рыцар,
чаму стаіш, нібы шкаляр,
ля рэчкі пад вярбою ніцай,
дзе хвалям жаліцца гусьляр?
 
Кране струну, пасля другую, –
пясок з-пад каменя сплыве.
Зь якою доляй ён вандруе,
якую долю ён заве?
 
Яму ты, рыцар, не таварыш!
Пра гэта ўздумаеш пасьля.
Цяпер стаіш, стаіш i марыш
пад сьпеў жалобны гусьляра.
 
Смугой заслаўся бераг вохкі.
Прыціх вады рачной абрус.
Які пранізьлівы i крохкі
твой позірк ясны, беларус!
 
Сплывае песьня з губ засьмяглых...
О, сьветлых дзён маіх зямля!
За што табе той стогн працяглы,
Той плач надрыўны гусьляра?
 
 
 
 
З сэрыі «Беларускія малюнкі»
370
А i вялікі жэ ж ты дурэнь, як пагляджу:
нічогочкі ты такого нясмысьліш!
– Ня йшча, нясмыслю...
#З надпісу на карціне

 
– Нясмыслю йшча... – i позірк долу
цнатліва хлопец апусьціў...
Хто ведае, магчыма, з поля
яна прыйшла, бо позірк цьвіў
рамонкай белаю i мятай,
духмянай мятай палявой,
яму ўцячы б, ды як падмяты
маланкай,
стаў ён перад ёй.
 
Яны ўдваіх стаяць ля студні.
Яна – нястрыманы парыў
(хоць дзень, здавалася б, i будні)
ён галаву сваю схіліў,
зацяўся стоенай спружынай...
Яна бярэцца за вядро,
і шчокі сьвецяцца ажынай,
і полымем гарыць нутро.
– Ды ты нічогочкі нясмысьліш..
i шэпт у роспачы аціх,
а ён падумаў: «Што за вішні
ля плота, пэўна, можна зь ix
йшча надавіць багата соку...»
І папярхнуўся, i зьнямеў...
Яна сьмяялася далёка.
Ён утрапёна палымнеў...
 
 
 
 
У лесе
Дажджом размыла каляіны,
i пад нагою «хлюп» ды «хлюп»...
Падпёр бухматыя яліны
паважны тэлеграфны слуп.
Глядзіцца ён інтэлігентам
у непрыбранасьці лясной;
схаваўся, нібы пад брызентам,
вясёлы рыжык пад сасной.
 
Расой высьвечваюць прагалы,
і дождж паблажліва аціх,
і я іду сабе памалу,
напружыўшы свой чуйны слых.
І, можа, толькі прыдалося
за павароткаю здаля –
нібыта воблака ўзьнялося
і закрахтала там зямля.
 
Я з асьцярогай крокі сьцішу,
вакол жа ў лесе – ні душы!
Хто ж елку сонную калыша
сярод прытоенай глушы?!
Заварушыўся i прыўзьняўся...
О, Божа, гэта ж лесавік!
А ён спакойна запытаўся:
– Ты мой не брала чаравік?!
 
 
 
 
*  *  *
Вяртаюцца з далёкіх паплавоў,
абуджаныя сонечнаю песьняй,
i вёска сустракае журавоў,
знаёмае «курлы» у паднябесьсі...
 
Б’юць па асфальту ў Менску капяжы,
выходжу на прагулку разам з сынам,
і ён, маленькі, просіць: «Пакажы
жураўліка жывога ў небе сінім».
 
Ён пазірае прагна ў вышыню,
далоньку сьцісну цёплую ў зьнямозе,
зманю свайму дзіцяці ўпершыню,
сказаўшы, што жураўлікі ў дарозе.
 
Няўжо мне весьці сына ў заасад?
На скронь ад гэткай думкі ляжа іней,
а ён крычыць упарта ля прысад:
«Жураўліка хачу я ў небе сінім».
 
І ўскрыкну нечакана: «Мой сынок! –
(Над намі самалёт як паратунак) –
Глядзі хутчэй, вунь белы бацянок
плыве над веснавым разводзьдзем вулак».
 
 
 
 
*  *  *
500
Н. В.

 
Натальля, Наталі, Наташа...
Я маршам лесьвічным імчу.
Як карабель, кватэра ваша
пад белым ветразем ўваччу!
 
Вятры яго не раз гайдалі,
i як жа ахалі «маржы»,
калі сьвятлелі раптам далі
ад сьветласьці тваёй душы.
 
Калі гарэзьлівы i жвавы
прамень зьяўляўся залаты
эмблемай велічнай дзяржавы,
якою уладарыш ты!
 
Дзяржавы, дзе спакой i шчасьце,
дзе проза одаю гучыць!
Дзе словы, як глыток прычасьця,
ў бясконца цяжкім – песьняй жыць!
 
 
 
 
Бярозы Айчыны
Сумёты сьнегу, смутак i мароз.
Ляжыць, як зьдзірвянелая, раўніна.
Каму прызнацца ў вернасьці павінна
я – памяці ці сьвятасьці бяроз?!
Сьляды, сьляды...
 
Па ўсёй маёй душы
i радасьці, i горычы пячаткі.
Бярозы, як свавольныя дзяўчаткі,
цалуюць прыдарожныя крыжы.
 
І нават той, хто шчодры лёс знайшоў
у час свайго вірлівага юнацтва,
адчуе непазьбежнае сваяцтва
з прыціхласьцю засмучаных крыжоў.
 
Надыдзе час, я памяць абуджу,
яе застаўлю круг рабіць за кругам.
Як гаспадар каня сьвітальным лугам,
яе па днях пражытых паімчу.
 
І кожны зноўку перажыты дзень,
паўтораная кожная хвіліна
беспамылкова да бяроз Айчыны,
нібы да згадкі сьветлай, прывядзе...
 
 
 
 
*  *  *
Жнівень адплывае на вясёлцы,
кепачкай махае залатой,
i брыдзе панура па прасёлцы
верасень з унучкаю слатой.
 
Мне пара ў дарогу гэтаксама,
там, куды ня поле перайсьці,
зраньня выглядае мяне мама
i чакае лодка на Друці.
 
Прытулю да сэрца я матулю,
буду бачыць лодку прад ваччу,
пасябрую з восеньскай зязюляй
i інакшай долі не схачу.
 
Абрывае верасень лістоту,
гронкі перасьпелыя рабін,
ты кідай, стары, сваю работу,
мне лісьцьвяны водгалас пакінь.
 
Адкувае шэрая зязюля,
дык лісьцё адлічыць мне гады...
– Што ж ты плачаш поначы, матуля,
чуеш, як шумяць яшчэ сады?!
 
 
 
 
Русалчына кветка
Яшчэ няма яе, бялюткай...
Ёсьць толькі завязі штуршок.
А ўжо ляжыць на хвалі хуткай
Пялёсткаў тоненькі штрышок.
 
І калі зьявіцца гарлачык,
дальбог, пабачу я здалёк –
над ім з русалкаю у мячык
гуляе лёгкі матылёк.
 
 
 
 
Плошча Якуба Колacа
Вецер песьціць i палошча
кроны голыя галін,
сустракае мяне плошча
смуткам ранішніх хвілін.
Сакавік адліжна-хліпкі,
пад нагамі ледалом,
прыдалося – плача скрыпка
недзе побач, за вуглом.
Неба весьняга пялёстак,
нібы дотык мілых рук,
успамінам ля кіёска
працінае сэрца гук.
Страпянуся, нібы ліпка, –
месца колішніх сустрэч
апявае сёньня скрыпка
i імкліва гоніць прэч.
Толькі будуць успаміны
тлець вугольчыкам датла,
правіць скрыпка імяніны
прамільгнуўшага сьвятла.
Сьнег пад боцікамі ліпкі,
а іду, што па рацэ...
Кожны ранак плача скрыпка
у Сымонавай руцэ.
 
 
 
 
Восень на Палесьсі. 1974
Чацьвёрты тыдзень цешыцца залева,
няспынны дождж абрынуўся бядой.
Вады нагнала сёньня па калена,
а заўтра хаты счэзнуць пад вадой.
Рыхтуюць лодкі і плыты зьбіваюць
маўклівыя здавён палешукі,
а побач хвалі морскія гуляюць,
раўняюць з акіянам раўчукі.
 
Ды гоніць прэч, на выган ix залева,
ды коціць у бязьлітаснай красе,
куды ні глянь – вада! – булькоча зьлева
і справа хвалі шумныя нясе.
Зрывае, выкарчоўвае прысады
разьюшаны i злосны вадаспад,
плывуць стагі, плывуць за далягляды,
i немагчыма ix вярнуць назад.
 
Куды ж вы, рэк тутэйшых вартавыя,
паклон якім нясеце берагам? –
Слупы, як паралельныя прамыя,
плыты, нібы пункціры тэлеграм.
І ўсё часьцей у позірку нудота,
i ўсё мацьней няўсьцішны гоман хваль,
нібыта коціць мора Герадота
з глыбіняў часу свой дзевяты вал.
 
 
 
 
Да ластаўкі
Дзён маіх самотных шчабятуха,
ты былых мне песень не сьпявай.
Крылцамі ня біся ў шыбку глуха,
не заві ў спавіты жалем май.
 
Быць хачу шчасьліваю бязь меры,
дык ляці ў далёкія палі,
каб змагла я сёньня на паперы
песьню тваю ў словы пераліць.
 
Мілая, падслухай адвячоркам
i прышлі зь вятрамі мне здалёк
калыханку матчыну з падворку,
дзе цьвіце блакітам васілёк.
 
Любая, ня буду я ў дакоры
за тваю вясну, за весялосьць,
як узыдуць толькі хлебазоры,
ты вярні мне зь песьняй маладосьць.
 
Тую, што бяз жалю, без расстаньняў,
каб на днях вясёлых варажыць!
Вось хапіла б толькі мне дыханьня
маладосьць нанова перажыць!
 
 
 
 
Салаўі
Луг Зялёны, хто расквеціў
твае сцежкі на ўскраі?
Недаўмецца, – можа, вецер,
мо начныя салаўі
свой наладзілі гармонік,
заглушылі звон расы,
i варушыць вусам дворнік:
– Скуль такія галасы?
Мо вясны маёй сьвісьцёлкі,
можа, песьню хто завёў...
І мяце, мяце мяцёлкай,
закаханы ў салаўёў.
Можа, выйсьці мне на ганак
ці спыніцца ля дзьвярэй?
Не інакш – бунтуе ранак
салаўіны архірэй!
Ён мяне не растрывожьщь,
хоць на час пазбавіў сну,
хай жа дні мае памножыць
на яшчэ адну вясну!
Хай спачатку залагодзіць,
схмеліць знураны пагляд
чалавеку, што ня ходзіць
да мяне ажно з каляд.
Хай пасьля выводзіць сьмела,
пошчак зьнізвае з крыла, –
ці то сьнег зьлятае белы,
ці чаромха зацьвіла?!
 
 
 
 
Нідзе не растрывожу так душу
Выходжу за Маскоўскую шашу
з букетам сьціплых кветак у прыполе.
Нідзе не растрывожу так душу,
як тут, на гэтым васільковым полі.
 
Глытаю цішу высьпелых раўнін,
мне не спазнаць ніколі настальгіі,
пакуль вакол трава, як шоўк тканін,
і васількі, як неба, дарагія.
 
Я не патраплю ў сонечны зеніт,
але ўпаду ад шчасьця на калені.
Раскалвайся, і сэрца, і граніт,
на тысячы пялёсткавых праменьняў.
 
Апошняй песьняй кветкі абдыму,
жыцьцё мае няроўны сьлед пакіне.
Ніколі, поле, ты ня вер таму,
хто скажа – безь цябе я не загіну.
 
Бывае, што прызнаньнямі грашу,
разьвітваюся бяз жальбы i болю.
Нідзе не растрывожу так душу,
як тут, на гэтым васільковым полі.
 
 
 
 
Леся
Чаму не назвалі Алесяй?
Зайздрошчу дзяўчынцы Лесі.
Я ж родам з глыбінь Палесься,
зь вёсачкі сярод лесу.
 
Над Балтыкай восеньскі дожджык,
над Балтыкай хмары ў зеніце.
Мой дарагі спадарожнік,
Лесяй мяне завіце.
 
Пясок тут пад колер бурштыну,
як на Палесьсі ігліца.
Я край гэты хутка пакіну,
а Вам буду доўга сьніцца.
 
Залашчаць пяшчотаю словы,
радасьцю, болем прызнаньня,
i мне на латышскай мове
будзе нашэптваць раньне:
Леся... Алеся... Леся...
 
 
 
 
Памяць
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Лета бабіна – у пазалоце!
Ты ж пакліч мяне за ручай.
Дзве сасны там стаяць у самоце
і цьвіце трава іван-чай!
Не дзівіся маёй весялосьці,
гэты сьмех мой зьвініць да пары.
Над сьлядамі маёй маладосьці
недзе плачуць зязюлі ў бары.
I вось гэтая ўсьмешка ня тая,
што кладзецца на твары сьвятлом,
дзень трывожным лістком адлятае,
час няспынна махае вяслом.
Разьбягаюцца шумныя хвалі,
не сабраць іх у роўную плынь.
Там, дзе вёсны мае расьцьвіталі, –
раньняй восені горкі палын.
Штосьці я пераблытала у часе,
мне патрапіць бы ў іншы выток,
многа год яшчэ маю ў запасе,
ды яны, як кароткі глыток!
Вось яшчэ адно лета мінула...
Дык пакліч ты мяне за ручай,
не хачу я, каб толькі ў мінулым
расьцьвітала трава іван-чай.
 
 
 
 
2
*  *  *
Белая ластаўка, чорны раяль,
блізкае восені граньне.
Нітка шаўковая, тонкі паркаль,
колер тужлівы расстаньня.
 
Белая ластаўка, чорны раяль,
сьвету таемныя гукі:
заўтра завеі лісьцьвянай баль,
сёньня – балююць рукі.
 
 
 
 
*  *  *
Імжыстай восені разводзьдзе.
Апошняй электрычкі сьвіст.
Павольна кружыць над Забродзьдзем
узьняты ветрам лёгкі ліст.
 
Сачу з падворка за палётам.
Вось ужо бачыцца здалёк,
аціхлы, стомлены над плотам,
нібыта жоўты матылёк.
 
Паверыць цяжка, што асядзе,
уб’ецца ў прыдарожны пыл,
a помніцца, нядаўна ў садзе
шумеў, як пара дужых крыл...
 
 
 
 
*  *  *
Забродскі шлях. Нябёсаў просінь.
На ўзгорак выбегла адчайна.
Мне дзень прыдаўся незвычайным,
хоць ведала, што хутка восень.
 
Трава пажухлая хрумсьцела,
а я вышуквала прычыны,
чаму ў акне няма мужчыны,
якога бачыць я хацела?
 
Над вёскай жураўлі кружылі,
быў сум прытоены ў прыродзе.
Каму з нас кветкі варажылі:
прыйшла пара забыць Забродзьдзе.
 
Я не хацела чуць пра гэта,
узгорак зь лёгкасьцю мінала.
Яшчэ жыла сьпякотай лета,
а можа, толькі ўспамінала.
 
 
 
 
*  *  *
Я сёньня не прысела да стала.
Усё яшчэ жыву ў тваім палоне.
Я не ў радок, я ў памяць узяла
ласкавае цяпло тваёй далоні.
 
Пакутліва трывожна б’ецца ў скронь
бяссоньніцы суровы непарадак,
мяне праз ноч вядзе твая далонь
ад ласкі да бяздоказных здагадак.
 
Каханьня растрывожаны агонь...
Лягчэй сьцярпець удар каванай
пражкай,
мяне празь дзень вядзе твая далонь,
у ноч вядзе, дзе нават дыхаць цяжка.
 
Дык будзь жа блаславёны за палон!
Скаруся бездакорна волі лесу.
Начэй забродскіх ярасны агонь
кране ўспамінам гольле вербалозу.
 
 
 
 
Ля чыгуначнага пераезда
Ах, як лёгка ляцелі лыжы!
Быў загадкавым пошум хвой.
Нечы шалік пушысты i рыжы
прыняла на імгненьне за твой.
 
Трапяталі спалохана вейкі,
хоць здаваўся раўнюткім адхон,
за якім прабягалі рэйкі
невядомай тузе наўздагон.
 
І з прыродаю сьнежнаю ў згодзе,
ледзь стрымаўшы кароткі уздых,
я ўявіла на момант Забродзьдзе
сярод схілаў таемна крутых.
 
 
 
 
Вэрлібр, напісаны пад раніцу
Алавяны салдацік з андэрсенаўскай казкі,
калі я спакойна спала вясноваю зорнай ноччу,
неспадзявана раптоўна стаў выбіваць чачотку,
і столік пад ім хістаўся, як палуба карабля.
Ён то сьмяяўся, то плакаў, той прыгажун
аднаногі,
рукамі хапаў паветра i некага клікаў тужліва,
i прачыналіся людзі, прачнуўся вялікі горад,
i месяц над ім гайдаўся, як на арэлях хлапчо.
I падалі, падалі зоры, ноч перастала быць ноччу,
распаўся пакой, як атам у вопыце П’ера Кюры,
а я ляжала спакойна ў ложку сваім вясновым
i зразумела раптам, што ты – мой каханы...
 
 
 
 
*  *  *
Наша вуліца каруселіцца,
плошча круглая – кола мар!
Сёньня вечарам тут паселіцца
Можа, Удовін сын, мо вядзьмар.
 
Я ж прыкрыюся хустай з кужалю,
пасаджу за стол месяц май,
калі Ўдовін сын, будзе суджаным,
калі іншы хто – не чапай.
 
А ў акно маё вецер ломіцца, –
сябра верны сьцюдзёных зім,
і крычыць палахлівая горліца:
– Удовін сын! Васіліса пры ім!
 
 
 
 
*  *  *
Якая справа да пары
замглёных шыбак на дасьвецьці,
дзе звонкім сьмехам лашчыць вецьце
Маленькі прынц Экзюперы?!
Якая справа мне да Вас?!
Не пазаву, не пашкадую!
Яшчэ хвіліна i... ўратую
душу сваю ў каторы раз.
 
Мне поруч з Вамі не ісьці,
бо не ўжываецца з паклонам
каханьне, што лягло праклёнам
на высьмяглым маім жыцьці.
Сам-насам з болем i бядой –
штукарства хітрага выснова,
не напішу Вам больш ні слова,
ідзіце ўпэўненай хадой.
 
Ніяк, ні зблізу, ні здаля,
Ваш голас больш я не ўспрымаю
i позіркам не абдымаю,
i не плыве з-пад ног зямля.
Адно: на Вашы ўсе гады
маладзіковаю каронай
у сэрца, нібы плач стазвона,
кідаю памяць назаўжды.
 
 
 
 
Апошняя сустрэча
Азвуцца хутка сьнегапады.
Пра іх ужо гамоняць ветры.
А мы з табой зіме ня рады
у гэты вечар непрыветны.
 
У час апошняе сустрэчы
засланы вочы ціхім жалем,
пакутліва накрыла плечы
я пры табе пуховым шалем.
 
Глядзіш адчужана, зласьліва –
я для цябе ужо чужая!
На санках сьнежаньскіх імкліва
да нас расстаньне пад’язджае.
 
Адводжу позірк свой маўкліва
i час зацягваю упарта!
З табою не была шчасьлівай,
а безь цябе i жыць ня варта!
 
Лягла на твар разлукі боязь,
ды пагляджу ніякавата...
I пакланюся нізка ў пояс,
нібыта ў нечым вінавата.
 
 
 
 
Пры знаёмстве
Мо ад таго, што ён твой цёзка,
рукі яму не падала.
А толькі паглядзела дзёрзка
i ганарліва адышла.
А ноччу плакала ў падушку,
дзень сустракаючы раўмя,
i ён упарта мне на вушка
зноў паўтараў тваё імя.
 
 
 
 
*  *  *
Выпадкова машыну спыніла...
І зірнула туды з-пад рукі,
дзе фіранка пад колер чарніла,
нібы вершаў маіх радкі.
Пад нагамі патрэсквае гравій,
поўня сьцеле сьцяжынку-бель...
Так, напэўна,
ў чужую гавань
заплывае чужы карабель.
Так, напэўна, сыходзіць на прыстань
з трапа знуджаны морам марак,
ды сьвятло за фіранкай празрыстай,
як падманна прызыўны маяк...
 
Пад акном Вашым ясень танюткі
будзе поўню гайдаць у лісьці
i блакітныя кветкі анюткі
будуць сумам маім цьвісьці.
Будзе ясень сьпяваць калыханку
белай поўні пра бераг чужы,
аж пакуль не ўстрывожаць фіранку
гаманою сваёю стрыжы.
Вы адкрыйце яе, аднавесьце! –
Нібы з мора ўплыве халадок,
i пранізьлівы – Вашай нявесьце –
карабля разьвітальны гудок!
Непатрэбна чужая мне прыстань!
 
Не прымаю яе аніяк!
За сьвітальнаю дальлю агністай
мне міргае інакшы маяк.
Там, далёка, таксама танюткі
будзе ясень ля хаты расьці,
і зямлі беларускай анюткі
будуць Вам і штолета цьвісьці.
 
 
 
 
Восеньскі сад
Прытушыць дождж агеньчык пачуцьця,
у небе жораў крыкам адзавецца,
а я спытаю, – як табе жывецца,
ці вычакаў ты долю ад жыцьця?
 
Калыша вецер гэты ціхі сад,
паслухай толькі, музыка якая,
я не яе, каханы мой, чакала,
я думала, ты вернешся назад.
 
Калі ж аднойчы зьявішся сюды,
што адшукаеш тут, сярод лістоты,
ды не шукай цяпла маёй пяшчоты
там, дзе жалобы восеньскай сьляды.
 
 
 
 
Барыня-сударыня
Дыялёг з народнага
– Барыня-сударыня, што глядзіш трывожна,
чаму ходзіш, барыня, асьцярожна?
– Мая сукеначка дакладна скроена,
любому стрэчнаму толькі міргні!
Але якім пітвом душа напоена,
чаму гарыць яна, нібы ў агні?!
Ішла лужкамі я, ішла я сёламі,
ды толькі выпаў мне той шлях маной,
лепш i ня бачыла б яго, вясёлага,
бо ён з другой стаяў, а не ca мной!
 
– Барыня-сударыня, дзе знайсьці парады?
Падказаць бы, барыня, я табе i рада...
Толькі ж вочы журацца i мае тугою,
мой таксама стаяў не са мной –
з другою!
– Што ж рабіць нам, мілая, вечар набягае..
Вунь якой шчасьліваю зорка выглядае!
Хоць вазьмі ды зь першым жа стрэчным
павітайся?.
– Ох, сударыня-барыня, не пытайся.
 
 
 
 
*  *  *
З-за саду выглянуў прамень
і скача па падушцы.
Ах, прыйдзе, прыйдзе ясны дзень
на радасьць весялушцы!
 
А мне ні радасці, ні сну –
твой цень прыліпнуў калькай!
Мо ад таго іду ў вясну
я завадною лялькай.
 
Сьмяюся, плачу, шчабячу
на даўжыню завода...
I як пакутліва маўчу,
калі між намі згода.
 
 
 
 
*  *  *
Павер, каханы, я – ў даўгу!
Калі б яшчэ мацьней любіла,
мяне б ня так самота біла,
што нават плакаць не магу.
 
Ня маю права на дакор,
сваім каханьнем ахвярую,
i нават восені дарую
сьляпое зьзяньне стылых зор.
 
Бо не спазнаць ніколі ім
кароткага каханьня ўпотай,
цана якому – адзінота,
наканаваная дваім.
 
 
 
 
*  *  *
Той дождж у памяці...
Я зноў адчула,
як кропелька празрыстая на вуснах
дрыжыць,
а побач ты,
цяпло тваё і чуласьць,
і позірк твой прывабны і спакусны.
Масква плыла...
Маланкі зіхацелі,
стаялі мы пад ненадзейным дахам,
ты памятаеш, разам мы хацелі
на момант вырвацца з натоўпу
птахам.
Масква плыла...
I мы плылі за ёю,
упершыню была я паслухмянай,
ты памятаеш, пэўна, як маёю
рукой здымаў ты кропелькі з духмянай
варшаўкі...
Ад злых людзей, ад злых вачэй хаваю
той дождж далёкі, словы, рукі, вусны,
мінула многа год, а я не забываю
прывабны позірк, сьціплы i спакусны.
І тую раніцу...
Ужо сьвяціла сонца,
дзюймовачкай была ў тваіх далонях,
і вось плыву, плыву у ix калоне
я па ўспамінах аб табе бясконцых.
 
 
 
 
*  *  *
А на душы і сьветла, і шчымліва.
Разгубленасьць спакоем наталю.
І ціхае скажу табе: «Шчасьліва!»
За тое, што цябе не палюблю.
 
За свой спакой, за ветлівасьць пагляду,
за той агонь, што сэрца не апёк,
i буду ўдзячна, можа, нават рада
твой профіль тонкі прасачыць здалёк.
 
 
 
 
*  *  *
Стракатасьць выставачнай залы
i лесьвічны пралёт круты.
Там незнарок табе сказала
нязвыклае да зьдзіву: «Ты».
 
Калі суніме вечар сьпёку,
аблашчыць прыцемак кусты,
як лёгка вымаўляць здалёку
знаёмае да болю: «Ты».
 
А ноччу чуць, як чысьцяць пёркі
стрыжы пад сховай цемнаты...
Ня спаць, варочацца i горка
шаптаць да раньня зноўку: «Ты».
 
Выходзіць з дому, кутадь плечы,
зьбіваць расу з густой травы,
чакадь нязначнае сустрэчы,
каб вымавіць шматзначна: «Вы».
 
 
 
 
*  *  *
Я толькі пагляджу.
Я не скажу ні слова.
Ня ў сілах папракнуць,
маўкліва адыду,
той лес, які прыняць была гатова,
бяжыць на павуцінным паваду...
Шукаем вінаватых i ўздыхаем,
смакуем водар бесклапотных дзён,
адзін другога ў здрадзе папракаем
i адзіноту ведаем здавён.
Чакаем навальніцы,
ветру,
грому,
маланку просім вузел расьсячы,
вяртаемся дамоў –
халодна ў нашым доме,
мы апускаем вочы i маўчым.
 
 
 
 
*  *  *
У цябе, любы мой, – карабель,
у мяне – толькі лодачка.
У тваёй кішэні – рубель,
у маёй – капеечка-плотачка.
Ты ўзьнімаеш ветразі i плывеш,
я ж на беразе, разам з лодачкай,
ты з рублём сваім так жывеш,
што аж горка мне з маёй плотачкай.
Ты на палубе – каралём,
я на беразе – каралеваю,
не з табой стаю, а зь вяслом,
ўся прамоклая пад залеваю.
Жнівень кужаль тчэ, залаты сувой
ды вясельную нам іграе...
I таму цяжэй думаць нам з табой,
што вясельле мы не згуляем.
Бо ў цябе, любы мой, – карабель,
у мяне – толькі лодачка,
у тваёй кішэні – рубель,
у маёй – капеечка-плотачка.
 
 
 
 
Пасьля дажджу
А на стале маім ляўкоі,
і лёгка мне ўдыхаць азон.
Дарма казаў ты, што ніколі
ня вернешся пад мой балькон.
У міг адзін раскрыю дзьверы,
зірну на мокры парапет,
туман разрэджаны над скверам
нібы дымок ад цыгарэт...
Як памяць сэрца заказыча!
Кране тугой вільготнасьць дрэў..
 
Замест цябе з прысад пакліча
самоты квят – ільвіны зеў.
 
 
 
 
Зорка палявая
Ах, не трывожце, сэрцу так балюча!
Ах, не прыходзьце прывідам у сны!
Я пабягу дарогаю гаючай
бяз Вас у далеч бэзавай вясны.
 
Я пабягу, шукаючы прытулак
нязьдзейсьненым жаданьням у гai,
ад мітусьні, ад звону шумных вулак,
туды, дзе ноч калышуць салаўі.
 
Калі ж узыдзе поўня караваем, –
пазбавіць сэрца смутку i нуды!
У ім пакіне зорка палявая
свайго сьвятла гарачыя сьляды.
 
Ласкава буду зваць яе сястрыцай,
ў начное неба кіньце свой пагляд...
Магчыма, зорка весьняя іскрыцца,
а можа, я плыву за далягляд!
 
 
 
 
Нечаканыя госьці
Завіталі апоўначы з шумам, са сьмехам.
Ты шапнуў мне з пapoгa вінавата: «Прабач!»
Для цябе гэта ноч, не інакш, як пацеха,
Для мяне – разьвітаньня нябачны трубач.
Ён іграе, іграе... Студзяць гукі далоні,
і адводзіш ты позірк, не глядзіш на мяне,
толькі госьця адна ў палахлівым палоне
з-пад брывоў сваіх тонкіх асьцярожна зірне.
Ды хіба ёй магчыма гэтым часам ня раньнім
разгадаць нашу тайну, зазірнуць у душу,
супыніся, трубач, не іграй разьвітаньне,
а сыграй нам сустрэчу, я вельмі прашу.
Весяліцеся, госьці, памяць шчодра частуе,
i пласьцінка, як здрада, чорным кругам мільгне.
Ну, няўжо мяне ўсьмешка мая не ўратуе,
ну, няўжо мае сэрца мацьней за мяне?!
Весяліцеся, госьці, ў гэтым доме ня плачуць,
тут з пласьцінкі сыходзяць весялосьці кругі...
Я хвіліну расстаньня гэтай ноччу адзначу
самай звонкаю песьняй бязь ценю тугі...
 
 
 
 
*  *  *
Гронак рабінавых медзь
разлуку сыграла мне.
Плюшам падбіты мядзьведзь,
быццам жывы, уздыхне:
 
– Ты супакойся, ня плач...
Суму ня варты твой госьць,
вер мне, ягоны плашч
заменіць табе мая поўсьць.
Рыжы ўскудлачаны плюш
намнога цяплей за балонь,
а хочаш, куплю капялюш –
i буду зусім як ён.
Мне ты ня скажаш: «Прыедзь!»
Буду я побач заўжды,
плюшам падбіты мядзьведзь,
цябе ахіляць ад бяды.
Буду зімой частаваць
мёдам з запасаў сваіх,
будзем з табою сьпяваць
добрыя песьні ўдваіх...
 
 
 
 
*  *  *
Вось цяпер я, напэўна, забуду
заімшэлы разбураны млын.
І гульлівую ў пене запруду,
і някошаны горкі палын.
 
Нехта скажа: кароткая памяць,
дамагалася ж як у жыцьця!..
Не судзіце аціхлую замець
перайшоўшага ў боль пачуцьця.
 
 
 
 
*  *  *
Выпадкова, бяз пэўнай прычыны,
спачувальна i не бяз ласкі,
мне сказала твая жанчына:
– Вы, як ліска зь японскай казкі.
Муж чытаў мне яе нясьпешна,
надта ж простая тая навука:
за празьмерна салодкай усьмешкай
не інакш як сардэчная мука.
 
Я нічога ў адказ не сказала,
ды тужэй зацягнула пасак...
Там, табою забыты ў зале,
ляжыць томік японскіх казак.
 
 
 
 
*  *  *
Ня тое гора, што гарчыць.
Бяда зь нягодамі сплывае.
З гадамі вывучуся жыць,
бо сталасьць роздум набывае.
 
Вяртаньняў болей не хачу!
У адзіноце – кожны горды!
Дык хай жа ёю заплачу
за гэты крык, застраглы ў горле.
За гэты згустак крыўд i здрад,
за боль, якому ў сэрцы цесна,
за першай ночы зарапад
i вір бяссоньніцы балеснай.
 
Сьпяшайся безь мяне ў вясну.
Зрывай з рабін вясёлых гронкі.
Я асьцярожна загарну
табой пачатыя старонкі.
 
 
 
 
*  *  *
З табой даўно не гаманілі,
а рэха голасу плыло
зь велікарускае раўніны
у беларускае сяло.
 
То адзывалася праклёнам,
то пераходзіла ва ўсхліп,
перагаворвалася з клёнам
i аціхала ў ценю ліп.
 
А я ваколіцу мінала
на схіле гаманкога дня,
сунічнай брагай сустракала
мяне шчасьлівая радня.
 
Пасьля гарэла, як трохкутнік,
сузор’е пад акном маім,
i штось ласкавае трыпутнік
шаптаў мне голасам тваім.
 
 
 
 
*  *  *
Я лепей музыцы паверу,
верш пра расстаньне напішу
і незнаёмаму даверу
сваю мяцежную душу.
Зязюляй шэрай закуваю,
зьбягу ў дрымучы лес густы
і там уголас засьпяваю
аб тым, як моцна любіш ты!
 
Я лепей ветразем заб’юся,
маланкай неба расьсяку,
ракой шырокай разальюся,
вясёлым зернем па таку.
Я нават, любы, не заплачу,
ліста табе не адашлю...
 
Любоў мая так мала значыць,
супроць таго, як я люблю.
 
 
 
 
*  *  *
Прастора спазнаецца ў руху...
А як спазнаць цябе цяпер,
калі пакінуў толькі скруху,
і сэрцу, і душы – зьнявер!
 
Няўжо замкнёна моцна кола?
Я ж ганарліваю была...
Сьляды, твае сьляды наўкола,
завея іх не замяла.
 
А ты прыйдзі, яшчэ ня позна,
ты перадумай, пазвані!
О, як натхнёна і высозна
гараць надзей маіх агні.
 
 
 
 
Рабінавая ноч
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Зьліваліся рукі ў бязьсільлі,
выразьней ня знойдзеш здымкаў!
А як жа вусны прасілі
мацьнейшага з моцных абдымкаў.
А як жа вусны шапталі,
такое гавораць аднойчы,
мы ў бераг мокры ўтапталі
юначай цнатлівасьці вочы.
І білася хваля аб хвалю,
пакуль зіхацелі зоры,
і пругкія грудзі хавалі
тых пацалункаў узоры.
Два целы ў салодкай стоме
болем акропваў золак,
выглянуў першы промень, –
здавалася, безьліч іголак
рассыпала полымя страсьці...
Такое бывае аднойчы,
а мне яшчэ б раз упасьці
у жвір той гарачай ночы.
 
 
 
 
3
Двое на Зямлі
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.